публикация №1290779886, версия для печати

ЗГАДКІ ПРА МІКАЛАЯ УЛАШЧЫКА (ПА АПАВЯДАННІ ГАРДЗЕЕЎ МАКСІМА)


Дата публикации: 26 ноября 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1290779886)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://library.by


Мікалай Мікалаевіч Улашчык у маім жыцці ўзнік даволі позна, верагодна, у канцы 60-х г. І гэта нягледзячы на тое, што Мікалай Мікалаевіч вярнуўся ў інстытут* пасля рэабіліта цыі ўжо 15 кастрычніка 1955 г. Яго залічэнню папярэднічалі складаныя перамовы загадчыка сектара публікацыі крыніц А.Навасельскага з акадэмікам М.Дружыніным. У выніку ўзнікла прашэнне ў дырэкцыю, у якім першы з іх сцвярджаў, што Улашчык „можа з вялікай карысцю працаваць па падрыхтоў цы публікацыі па гісторыі сялянскіх рухаў XIX ст. Акадэмік М.Дружынін таксама пагадзіўся з тым, што тав. М. Улашчык будзе безумоўна карысны ў працы па падрыхтоўцы названай серыі публікацый гістарычных крыніц"1 . У акадэміка былі ўсе падставы, каб гэта сцвярджаць. Яшчэ 1 траўня 1948 г. ён пісаў пра поспехі М.Улашчыка ў падрыхтоўцы дысертацыі („энергічны і здольны навуковы супрацоўнік, які з вялікай цікавасцю займаўся даследаваннямі" 2), што — на жаль — была абароненая толькі 17 кастрычніка 1964 г.

У 1955 г. усе гэтыя дыпламатычныя перамовы мне, аспірантцы першага года навучання, былі зусім невядомыя. М. Улашчык працаваў у іншым сектары і займаўся „новай" гісторыяй, тым перыядам, што быў далёкі ад Сярэднявечча. Ён трымаўся, як уяўлялася, крыху асабняком. У маіх вачах ён быў легендарнай асобай, хоць ніякіх падрабязнасцяў пра яго лёс добра не было вядома. Уражвала тая пашана, з якой ставіліся да яго старэйшыя супрацоўнікі інстытута.

І толькі калі М.Улашчык перайшоў у групу па выданні летапісаў у 1962 г., якой кіраваў М.Ціхаміраў, толькі тады я стала чуць пра яго больш. М.Ціхаміраў не толькі вусна, але і пісьмова характарызаваў Улашчыка як „сур'ёзнага даследчыка" 3. Ён бачыў у М. Улашчыку „ўзор удумлівага навуковага супрацоўніка і актыўнага члена калектыву, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай супрацоўнікаў Інстытута гісторыі. Навуковыя даследаванні М. Улашчыка, — пісаў Ціхаміраў у 1961 г., верагодна, у сувязі з пераводам М. Улашчыка ў старшыя навуковыя супрацоўнікі, — уносяць сур'ёзны ўклад у вывучэнне гісторыі народаў Савецкага Саюза"4.

Сапраўднае знаёмства з М.Улашчыкам адбылося дзякуючы А.Зіміну, які шанаваў Улашчыка і шчыра яго любіў. Менавіта ў Зіміных на той самай вуліцы Дз.Ульянава, дзе размешчаны быў і інстытут, выгнаны з Валхонкі, я і сустракала яго ў нефармальных абставінах. Яго надзвычайная сціпласць і добразычлівасць, мяккае пачуццё гумару зрабілі і мяне паклонніцай Мікалая Мікалаевіча.

Выхад у свет „Хронікі Быхаўца" спачатку асобным выданнем, а потым і ў 32 т. Поўнага збору летапісаў зблізіў нас і „навукова", тым больш што на той час я займалася больш блізкім Мікалаю Мікалаевічу сюжэтам — публікацыяй полацкіх грамат. На жаль, ён не ўдзельнічаў у абмеркаванні рукапісу гэтага выдання, а шкада. Было б менш памылак...

Ужо ў 80-я г. ён ахвотна кансультаваў В.Мянжынскага, праўда, калі я прывяла яго да Мікалая Мікалаевіча, той спытаўся, ці не сваяк Валеры Станіслававіч сумна вядомаму цёзку па прозвішчы.

Акрамя Беларусі, у нас была і яшчэ адна агульная прыхільнасць — Польшча і польскія калегі. Крыху паланізаванай была, здаецца, і мяккая гаворка Улашчыка з свісцячымі шыпячымі. Мікалай Мікалаевіч працаваў у Польшчы ў 1972 г. і знайшоў там верных і добрых сяброў. Ён заўсёды вельмі цікавіўся ўсім, што адбывалася ў Польшчы. І калі ў снежні 1981 г. мы — В.Пашута, М.Бычкова і я вярнуліся з Варшавы, ён аказаўся адзіным чалавекам (А.Зіміна ўжо не было ў жывых), каму можна, трэба і не проста трэба, а жыццёва неабходна было даведацца ўсё пра „Салідарнасць", пра стан і настрой грамадства, пра становішча калегаў. Ён распытваў пра найдрабнейшыя дэталі, я аддала яму ўсе газеты, улёткі і аркушыкі, якія купляла, збірала на вуліцах і — няхай даруюць мне польскія сябры — адрывала з сценаў у двары ля ўвахода ў Варшаўскі універсітэт.

Мікалаю Мікалаевічу я абавязана двума ўрокамі маральнасці. Адзін урок — „побытавы". Года не памятаю, але ўжо адгрымелі бітвы з-за „Слова", ужо кожнаму было зразумела, што ўяўляе сабою Б. Рыбакоў, а я двойчы паказала слабінку. У зборніку 1968 г. у яго гонар выйшаў мой артыкул пра халопаў (за гэта мне дасталося і неаднаразова даставалася ад А. Зіміна). А другі раз — схапіла стос кніг, якія купіў Рыбакоў, і пацягнула з першага паверха, дзе быў кіёск, на другі — у Інстытут археалогіі. Не буду апраўдвацца, што рухалі мною „чалавекалюбівыя пачуцці", але погляд Мікалая Мікалаевіча, які апынуіся побач, не забудуся ніколі...

А другі ўрок звязаны з маёй не зробленай своечасова рэцэнзіяй на яго кнігу „Нарысы археаграфіі Беларусі". Захопленая „дыпламатыкай" С. Каштанава, я папракнула Улашчыка за няўвагу да гэтай тэмы, на што ён слушна адказаў, што ў яго планы займацца дыпламатыкай зусім не ўваходзіла. І ён меў рацыю. Сёння я магу ацаніць гэтую кнігу зусім інакш, чым у 1973 г.5. Гэта была першая ў савецкай гістарыяграфіі кніга, дзе гутарка ішла не пра „шрубкі", у якія так старанна ператваралі ўсіх „грамадзян" савецкія ідэолагі, а пра людзей, пра грамадства і грамадствы, а не толькі пра публікацыі і пра законы. Кніга, аўтар якой чалавечай мовай гаварыў з сваімі сучаснікамі і тлумачыў ім трагедыі адных продкаў і даволі празаічна пісаў пра подласць другіх. Кніга пра людзей і для людзей — роўнай якой на той час не было...

Кошка, якая ў 1973 г. прабегла між намі, не змагла надоўга сапсаваць адносінаў з Мікалаем Мікалаевічам. На наступны год ён пагадзіўся быць апанентам на абароне доктарскай дысертацыі 6, і я бясконца ўдзячна яму за гэтае. Прыроджаная прыстойнасць ніколі не пакідала яго. І заўсёды ўражвала тое, што чалавек, які не аднойчы выносіў невыноснае, не зламаўся, не азлобіўся, не страціў чалавечай годнасці. Можа быць, яму дапамагалі яго сялянскія карані, годныя таго дуба, які яны сілкавалі і трымалі. І не выпадкова, што яго апошняя кніга была прысвечана роднаму паселішчу і яго людзям. Прыкра толькі, што затрымкі з выданнем гэтага апошняга твора азмрочвалі некалькі гадоў яго і без таго нялёгкага жыцця. Ён скардзіўся на гэта неаднаразова. Хоць, напэўна, слова „скардзіўся" не падыходзіць да такога мужнага і трывалага чалавека.

Другім і вечным яго болем было тое, што ён не мог пераехаць у Мінск. „Мяне там не хочуць", — гаварыў ён. Ён расказваў, што прэзідэнт АН СССР вылучаў персанальную стаўку і нават, здаецца, кватэру, але непрыняцце свабодамыснага беларуса на яго радзіме было трывалым і ўпартым, ды бясконца абражальным для сапраўднага патрыёта Беларусі.

Мікалай Мікалаевіч належаў да пакалення, на долю якога выпалі незлічоныя пакуты, але ён змог вытрымаць... І ў гэтым галоўны ўрок яго жыцця. Для ўсіх, хто ведаў яго, ён застанецца ўзорам прыстойнасці і сумленнасці — у жыцці і навуцы...

12 красавіка 1999 г.

Ганна Харашкевіч

1 Архіў ИРИ РАН. Ф. 350, 1, арк. 37.
2 Тамсама, арк. 16.
3 Тамсама, арк. 27. 26 студзеня 1960 г.
4 Тамсама, арк. 19.
5 Тым не менш, думаецца, у рэцэнзіі былі закранутыя некаторыя балючыя пытанні, якія і сёння застаюцца такімі. Таму яе публікацыя нават праз чвэрць стагоддзя ўяўляе не толькі гістарыяграфічны інтарэс. Увесь тэкст рэцэнзіі за выняткам злашчаснай заўвагі наконт Каштанава быў вядомы Мікалаю Мікалаевічу, які ўважліва прачытаў яе і зрабіў некаторыя выпраўленні.
6 На жаль, я не знайшла ў сваім архіве водгукаў апанентаў, у тым ліку і М.Улашчыка.
* Тады Інстытут гісторыі АН СССР, цяпер гэта Інстытут расійскай гісторыі РАН — Рэд.

Опубликовано 26 ноября 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1290779886 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ ЗГАДКІ ПРА МІКАЛАЯ УЛАШЧЫКА (ПА АПАВЯДАННІ ГАРДЗЕЕЎ МАКСІМА)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network