1.1. Сталенне, настаўніцкая дзейнасць, першая вандроўка за мяжу.
Першы перыяд жыцця М. Догеля вывучаны даволі слаба і павярхоўна.
М. Догель нарадзіўся 6 жніўня 1715 года ў вёсцы Гембулы Лідскага павету ў дробнашляхецкай сям’і гербу Тромбы (альбо Дзялоша (6)). Скончыў піярскую школу ў Шчучыне. Кожная піярская школа складалася з сямі класаў, дзе выкладаліся Закон Божы, лацінская і польская мовы, логіка, геаметрыя, метафізіка і іншыя прадметы. У цэлым праграма піярскіх школаў набліжалася да праграмы езуіцкіх калегій (7). Скончыўшы шчучынскую школу, Догель 14 лютага 1730 г. уступае ў каталіцкі ордэн піяраў і прымае манаскае імя Дамінік. А з 1732 г. пачынае сваю настаўніцкую дзейнасць. На пасады настаўніка ў піяраў прызначаліся асобы, якія скончылі класы філасофіі і рыторыкі (8). Верагодна, што ў гэты час ён пазнаёміўся з Ст. Канарскім і мог ужо з яго дазволу аглядаць Volumina Legum (9).
Надворны маршалак лідскі стараста ВКЛ Язэп Сцыпіён дэ Кампа, які быў уладальнікам мястэчка Шчучын, пазнаўшы ў Догелю чалавека высокаінтэлектуальнага, даручыў яму выхаванне свайго сына. Паміж Сцыпіёнамі і Догелем склаліся добрыя адносіны. Калі стараста паміраў, то папрасіў Мацея закончыць адукацыю сына. Малады Ігнацы Сцыпіён ужо прайшоў першы этап хатняй адукацыі і быў гатовы удасканаліць свае веды ў замежных універсітэтах. Адбылося гэта ў 1744 г. пасля смерці бацькі. Спадарожнічаў Сцыпіёну ў яго вандроўках і Догель. І вучань, і настаўнік, як піша Машынскі, з вялікім запалам аддаліся навуцы. Слухалі лекцыі спярша ў Ліпскім універсітэце (Польшча), а потым у Ляйпцыгскім і Парыжскім універсітэтах. Матэматыка, навука права і філасофія займалі Догеля, а Сцыпіён дасканаліўся ў розных мовах, праве і красамоўстве. У парыжскіх бібліятэках Догель пазнаёміўся з выданнямі збораў дыпламатычных актаў француза Дзюмоманта і англічаніна Рымэра.
1.2. Дзейнасць у піярскім ордэне.
Вярнуўшыся дадому (прыблізна каля 1747 г.) М. Догель падзяліў свой час на справы ў піярскім ордэне і падрыхтоўку да выдання дыпламатычнага Кодэксу.
Асноўная дзейнасць у ордэне была накіравана на ажыццяўленне рэформы адукацыі ў піярскіх школах і калегіях, распачатай Ст. Канарскім у пачатку 40-х гадоў. У 1740 г. Канарскі заснаваў калегіюм у Варшаве, які павінен быў стаць узорным для астатніх піярскіх калегіюмаў (11). Ён хацеў бачыць такі самы калегіюм і ў Вільні і з гэтай мэтай пісаў тамтэйшаму рэктару калегіюму Тымінскаму і нават сам прыехаў у Вільню. Але справы шлі марудна (12). Догель быў знаёмы з Канарскім і таму, калі ён вярнуўся дамоў, то адразу з асістэнта літоўскай правінцыі робіцца рэктарам віленскага калегіюму. Справы пайшлі хутчэй, калі яму пачалі дапамагаць кароль Аўгуст ІІІ і канцлер ВКЛ Міхал Чартарыйскі. М. Догель заклаў за ўласны кошт друкарню, якая тады лічылася найлепшай ў Літве (каралеўскі прывілей на друкарню выданы 6 лістапада 1754 г.). Для таго ж набыў калегіюму вялікую бібліятэку з рознымі рэдкімі кнігамі. У 1756 г. заснаваў канвікт для шляхецкай моладзі на ўзор варшаўскага, які сам на ўласныя вочы пабачыў. У апублікаваным “Паведамленні” пра адкрыццё гэтага канвікта, Догель падкрэсліваў вялікую ролю асветы ў справе маральнага удасканалення народа (13). Да таго ж заклаў да 1757 года новы піярскі касцёл. Як піша Машынскі, усё гэта стала магчымым дзякуючы моцнаму і нязломнаму характару М. Догеля.
Былі ў Догеля і ворагі. Прычым з асяроддзя піярскага ордэну, якому ён аддаў шмат сілаў і ўсё рабіў для ягонай славы. Многім у ордэне не спадаба-лася яго рэфармацыйная дзейнасць і тое, што такі малады чалавек стаяў вышэй за іх (і па пасадзе, і па інтэлекту). Асабліва цяжка яму давялося ў 1759 г. на сесіі ў Любяшове, дзе аспрэчвалася яго законнасць знаходжання на капітуле.
І ўсё ж на сяброў і прыяцеляў Догелю шэнціла больш. Знакамітыя людзі Рэчы Паспалітай за гонар лічылі знаёмства з ім, дапамагалі яму ў яго дзейнасці. Юзаф Залускі мянуе яго сваім прыяцелем, а кароль і канцлер ВКЛ апекавалі яго.
1.3. Падрыхтоўка да выдання дыпламатычнага Кодэксу.
Пасля свавёй першай вандроўкі за мяжу Догель задумаў выдаць збор дыпламатычных актаў на ўзор збору Рымэра. Але раней падобны збор задумаў выдаць Ю. Залускі, біскуп кіеўскі і чарнігаўскі, які ў сваёй праграме (programma litterarium), надрукаванай 2 студзеня 1732 г., казаў, што кожнаму народу належыць мець свой Кодэкс старажытных актаў (па прыкладу Сомэрсбэрга), звярнуў увагу на шматлікія дакументы, якія знаходзяцца ў архівах дзяржаўных і прыватных, акадэмій і кляштароў, іншых месцах, і якія б трэба захаваць ад розных выпадкаў (пажары і г.д.), апублікаваўшы іх. Ён прапанаваў выдаць збор актаў пад назвай “Codex Polaniae et adijectarum, subjectarum-que provinciarum diplomaticus etc”. Але гэты праект па невядомых прычынах не здзейсніўся (14).
Амаль што адразу па вяртанні дадому, Догель склаў план выдання Кодэксу, і ў 1748 г. паехаў з ім у Варшаву да караля Аўгуста ІІІ, які ўхваліў яго намер. Кароль надаў Догелю статус пасла Рэчы Паспалітай, які мог яму дапамагчы ў пошуках дакументаў ў замежных архівах. З гэтым статусам, а таксама з рэкамендацыямі розных вядомых асоб, Догель выправіўся ў сваё другое падарожжа за мяжу. Працаваў ў архівах і бібліятэках Германіі, Францыі і Галандыі. Дзесьці ў 1750 г. ён вярнуўся і працаваў з каронным і літоўскім архівамі. Але ў 1754 г., калі Догель жыў у Варшаве, у яго доме ўсчыніўся вялізны пажар, які знішчыў усе яго рукапісы, што былі ім зроблены ў каронным і літоўскім архівах. “Гэта балючая страта, - пісаў Догель у Праспекце 1-га тома Кодэксу. – Скарб той вялікай колькасці, з такой руплівасцю сабраны, так хутка і недарэчна страчаны” (15). Але М. Чартарыйскі і падканцлер каронны М. Вадзіцкі не далі загінуць справе выдання Кодэксу. Дапамаглі таксама Ю.Залускі сваёй бібліятэкай і біскуп куяўскі Дэмбоўскі, які аддаў Догелю свае выпісы з іспанскіх, аўстрыйскіх, непалітанскіх і валашскіх архіваў. 10 снежня 1754 г. атрымаў ад караля прывілей на выключнае права публікацыі дыпламатычнага Кодэксу, а ў 1755 г. 23 траўня атрымаў ад рады Сената, дзякуючы намаганням канцлера кароннага Малахоўскага і падскарбія Сядліцкага, права доступу да найтайнейшай часці Кароннага архіва пры скарбе на Вавелі.
Дапушчальна, што потым М. Догель выправіўся ў яшчэ адно падарожжа за мяжу, бо пісаў 20 лютага 1757 г. у лісце да М. Радзівіла, які яму дазволіў карыстацца нясвіжскім архівам, што: “comme je suis quitte a present des mes voyage” (16) (на дадзены момант я кінуў свае паездкі).
14 лістапада 1758 г. Догель меў аўдыенцыю ў караля Аўгуста ІІІ і прадставіў яму першы том Кодэксу, які выйшаў з друку. У гэтым жа годзе выйшаў том межавых актаў “Limires Regni Polaniae et Magni Ducatus Lithuaniae”, а ў 1759 г. выйшаў пяты том Кодэксу. У лютым 1760 г. Догель пасля хваробы, выправіўся да Варшавы, каб падарыць гэты пяты том князю курляндскаму. Напэўна, што гэтая вандроўка, а да таго ж дрэнныя адносіны з некаторымі піярамі фатальна адбіліся на здароўі: 24 лютага 1760 г. у самым росквіце сілаў, М.Догель памёр (магчыма яму ў гэтым дапамаглі).
Спасылкі
1. Moszynski A.Maciej Dogiel. Wizerunki i roztrzasania maukowe. T.2, Wilno, 1838.
2. Polski slownik biograficzny. T.5, Krakow, 1939.
3. Moszynski A. Op. Cit. S. 77.
4. Baranowski J. Udzial Augusta III i Jego otoczenia w przygotowaniu Kodeksu dyp. Polski. Przeglad hist.t.12, z.2, W., 1934; Estrejchier K. Bibliografia Polska. T.15, 1897; WI. Stanislaw Konarski. Warszawa, 1926.
5. Бирало А. А. Общественная и философская мысль в Белоруссии и Литве к. 17 – с.18вв. Мн., 1971.
6. Moszynski A. Op. Cit.S.78.
7. Вайцяховіч З. Піярскія школы. Студэнцкая думка. 1999 – 5, С.15.
8. Тамсама. С.15.
9. PSB. S.280.
10. Тамсама. S. 280.
11. Вайцяховіч З. Піярскія школы. Студэнцкая думка. 1999 – 5, С.15.
12. Moszynski A. Op. Cit. S. 83.
13. Асветнікі і мысліцелі Беларусі. Мн., 1995, С.211.
14. Moszynski A. Op. Cit. S. 91.
15. Тамсама. S. 94.
16. PSB. S. 281.
17. Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток-Вільня-Менск., 1993, С.2 13.
18. Бирало А. А. С.122.
19. Moszynski A. Op. Cit.S.110-111.
20. Тамсама. S. 106-107.
21. Бирало А. А. С.124.
22. Катюлис А. Первые публикации документов ЛМ (Литовская Метрика). Вильнюс, 1988, С.55.
23. Бирало А.А. С. 123.
24. Улащик Н.Н. Очерки по историографии и источниковедению истории Белоруссии феодал. периода. Мн., 1975, С.35; Козлов В.П. Колумбы российских древностей. М., 1985, С.74.
25. Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы… Вильно, 1858, С. 6.
26. Бирало А. А. С. 124.
27. Катюлис А. С. 54.
28. Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы… Вильно, 1858, С. 5.
Опубликовано 25 ноября 2010 года