Падручнікі для школ і ВНУ пытанняў этнічнай характарыстыкі ВКЛ не закраналі. Яны, у бальшыні сваёй, абмяжоўваліся сцвярджэннямі пра «далучэнне » беларускіх і ўкраінскіх земляў, панаванне «расійскай» мовы, пра тое, што «асноўнай вайсковай сілай Княства было ўкраінскае (і беларускае) баярства» — іншымі словамі, дэманстравалі гістарыяграфічны традыцыяналізм, які ў пэўным сэнсе адпавядае тэзе Робіна Колінгвуда (ён сцвярджаў, што ідэя, якая прабіваецца ўрэшце на старонкі падручнікаў, часта бывае ўжо абвергнутая наступнымі даследаваннямі).
Аднак асобныя навучальныя дапаможнікі асвятляюць гісторыю ВКЛ ужо з новых пазіцыяў. У падручніку «Етнографія Украіни» пад рэдакцыяй С.А.Макарчука (1994) адзначаецца, што пашыраная ў выданнях савецкага часу тэза, згодна з якой у ВКЛ «украінская народнасць была пазбаўленая магчымасці стварыць сваю дзяржаўнасць» , навукова некарэктная з той прычыны, што атаясамлівае «чужынскі прыгнёт» з сацыяльным уціскам22 . У кнізе падаюцца матэрыялы дыскусіі, што адбылася ў 1998 г. у Менску, на якой А.Залескі даводзіў, што ВКЛ у XVI—XVII ст. з'яўлялася федэрацыяй, у якой «Беларусь была раўнапраўнай часткай», а М.Ермаловіч сцвярджаў, што «ВКЛ склалася перадусім як беларуская дзяржава »23. У падручніку, праўда, адзначаецца, што апошняя канцэпцыя ёсць перабольшаннем, аднак само тое, што і такі пункт гледжання быў згаданы, заслугоўвае ўвагі.
О.Русіна, адна з укладальнікаў кнігі «Історія Украіни. Нове бачення» (1995), у раздзеле, прысвечаным гісторыі ўкраінскіх земляў у складзе Літвы і Польшчы, сцвярджае, што «ад самага пачатку Літоўская дзяржава не была этнічна аднароднай» 24, аднак далей гэтай думкі не разгортвае. Цікава, што сучасная даследчыца фактычна кажа тое самае, што і А.Яфіменка на пачатку XX ст., сцвярджаючы, што ў нашай свядомасці «паміж нашэсцем Батыя і казацкімі войнамі ўтварыўся дзіўны правал»25 .
Магчыма, менавіта гэтай ментальнай спецыфікай у нейкай меры абумоўленая маргінальнасць праблемы гісторыі ВКЛ у дачыненні да сінтэтычных працаў па гісторыі Украіны.
Варта адзначыць, што праблематыка этнічнае гісторыі беларусаў хоць і недастаткова, але распрацоўваецца ў сучаснай украінскай гістарыяграфіі. На думку Яраслава Ісаевіча, да сярэдзіны XVII ст. сувязі паміж украінцамі і беларусамі заставаліся настолькі цеснымі, што шмат у якіх аспектах іх культуры былі непадзельнымі, прычым спачатку ва ўкраінска -беларускім культурным феномене дамінавала Беларусь (Скарына, культурныя цэнтры ў Вільні, Наваградку і г.д.), а пасля ініцыятыву перахопліваюць украінскія асветныя асяродкі ў Астрозе, Львове, Кіеве. Распрацоўваючы гэтую думку, навуковец прыходзіць да высновы, што фактарамі адасаблення дзвюх культураў стаўся пераход Украіны са складу ВКЛ да Польскай Кароны і з'яўленне ўкраінскага казацтва 26. Заслугоўвае ўвагі думка Я.Ісаевіча, што дыферэнцыяцыя на ўзроўні народнае культуры заўважаецца нашмат раней, чым у культуры элітарнай і прафесійнай 27. Закрануў навуковец і пытанне «рускай» мовы — на яго думку, у канцылярскай мове ВКЛ на пачатковым этапе пераважалі ўкраінскія рысы, а з сярэдзіны XV, і асабліва ў XVI ст. — беларускія 28. Высновы Я.Ісаевіча, як і іншыя распрацоўкі сучасных навукоўцаў, яшчэ не паспелі патрапіць на старонкі падручнікаў.
Значнай падзеяй у навуковым свеце сталася з'яўленне «Нарису історіі Украіни» Наталлі Якавенкі (1997) — спробы якасна новага канцэптуальнага пераасэнсавання ўкраінскай гісторыі, пазбаўленага ідэалагічных штампаў мінулых часоў. «Нарис» Н.Якавенкі вылучаецца сярод сінтэтычных працаў украінскіх навукоўцаў большай увагай да гісторыі ВКЛ і ўлікам даробку беларускай гістарыяграфіі. Паводле словаў даследчыцы, у XIII-XIV ст. узнікла новае дзяржаўнае ўтварэнне, самай характэрнай рысай якога была двуэтнічнасць, бо «стваральнікі ў новай дзяржавы ад самага пачатку былі два — балты, насельнікі сучаснай Літвы, і іх суседзі — славяне, жыхары сённяшняй Беларусі »29.
Такім чынам, хоць бы ў адной сінтэтычнай працы па гісторыі Украіны (бо акрамя «Нарису» Н.Якавенкі гэтае сцвярджэнне нікуды больш не патрапіла) ВКЛ вызнаецца літоўска-беларускай дзяржавай — чаго не скажаш пра польскія падручнікі 30.
На заканчэнне варта адзначыць, што пытанні гісторыі ВКЛ прысутнічаюць ва ўсіх сінтэтычных працах па гісторыі Украіны, бо ўкраінскія землі ўваходзілі ў склад гэтай дзяржавы. Аднак пераважная бальшыня згаданых даследаванняў абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра велізарную ролю «рускага» элементу, пазбягаючы глыбокага аналізу этнічных аспектаў гісторыі ВКЛ. Канцэптуальная нявызначанасць выяўляецца і ў тэрміналагічнай блытаніне, калі аўтары асобных папулярных нарысаў атаясамліваюць «рускае» з «украінскім». Але гэта не тычыцца бальшыні навучальных выданняў. І ўвогуле, плён найноўшых навуковых даследаванняў вельмі павольна трапляе на старонкі падручнікаў. Трывалыя стэрэатыпы і догмы найбольш паслядоўна і рашуча пераасэнсоўвае Н.Якавенка ў сваім «Нарісі», які на агульным гістарыяграфіч ным фоне нагадвае хутчэй збочанне, чым асноўны кірунак у сучаснай украіністыцы.
Опубликовано 25 ноября 2010 года