публикация №1290695285, версия для печати

Паскарэнне гуманітарнага развіцця ў Беларусі ў 90-я гады


Дата публикации: 25 ноября 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1290695285)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ


Абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі выклікала сапраўдны пераварот у духоўным жыцці грамадства. Нацыянальная культура перастала быць часткай "агульнай культуры савецкага народа", яна самавызначылася як культура беларускага народа і дзяржавы. Статус дзяржаўнай быў нададзены беларускай мове, на ёй гаварылі ў парламенце, урадзе. Ідэямі дзяржаўнасці насычаліся навука, мастацтва, іншыя сферы інтэлектуальнай творчасці.

З мэтай стварэння спрыяльных умоў для далейшага развіцця нацыянальнай адукацыі і культуры ў 1991 г. былі прыняты Закон аб адукацыі і Закон аб культуры, якімі былі гарантаваны свабода творчай дзейнасці, стварэнне ўмоваў дзеля ўсебаковага развіцця асобы, задавальненне адукацыйных запатрабаванняў кожнага чалавека, плюралізм напрамкаў і стыляў, абарона інтэлектуальнай уласнасці, гуманістычная накіраванасць, арыентацыя на агульначалавечыя каштоўнасці.

На працягу 90-х гг. былі зроблены захады па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы адукацыі. З 1998 г. пачалася рэформа 4,5 тыс. агульнаадукацыйных школ. Яе асноўнымі рысамі сталі: дэмакратызацыя сістэмы адукацыі, арыентацыя яе на агульначалавечыя каштоўнасці, стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы, павышэнне якасці і эфектыўнасці адукацыі. Пачаўся пераход школ на 12-гадовае навучанне, у т. л. абавязковае 10-гадовае. Узніклі новыя формы навучальных устаноў, з'явілася больш за 120 "элітарных" гімназій, ліцэяў, каледжаў.

У 90-я гг. пашырылася сетка вышэйшых навучальных устаноў. Сістэма дзяржаўнай вышэйшай адукацыі Беларусі аб'яднала 44 універсітэты, акадэміі. Побач з імі ўзніклі 20 недзяржаўных навучальных устаноў, навучанне ў якіх платнае. Выпрабаванне часам з іх вытрымалі толькі 12, аднак альтэрнатыўнасць формаў ВНУ стала фактам. За дзесяцігоддзе колькасць студэнтаў узрасла з 190 тыс. да 300 тыс. чалавек. У 2001 г. студэнтам стаў кожны другі выпускнік сярэдняй школы. Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 000 насельніцтва Беларусь выйшла на сярэднееўрапейскі ўзровень (300 чалавек), што з'яўляецца найбольшым паказчыкам у гісторыі нашай краіны.

У 90-я гады складаныя працэсы адбываліся ў навуковай сферы. Тэмпы развіцця навуковага патэнцыялу знізіліся. Колькасць супрацоўнікаў, занятых у навуцы, паменшылася ў два разы, а фінансаванне з дзяржбюджэту - у 4 разы. Аднак і ў гэтых умовах у структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з'явіліся новыя навуковыя ўстановы: інстытуты праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, радыебіялогіі, сацыялогіі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў і інш. У 1993 г. Інстытут ядзернай энергетыкі пераўтвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс "Сосны", у склад якога ўвайшлі Інстытут праблем энергетыкі, Інстытут радыяцыйных фізіка-хімічных праблем і Інстытут радыяэкалагічных праблем.

Роля вядучай навуковай установы нададзена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у сценах якой сканцэнтравана каля 70% фундаментальных даследаванняў краіны. У 1993 г. быў прыняты Закон "Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі", які ўсклаў на Акадэмію навук адказнасць за развіццё ў краіне фундаментальных навуковых даследаванняў.

У 90-я гады скарбніца беларускай культуры папоўнілася значнымі творамі літаратуры, мастацтва. Гучны рэзананс у культурным жыцці атрымала пастаноўка ў 1995 г. балета "Страсці" ("Рагнеда") А. Мдзівані і В. Елізар'ева. Аўтары пастаноўкі атрымалі Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (1996) і прэмію Міжнароднай асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА (1996). Рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь узбагацілі оперы "Князь Наваградскі", "Майстар і Маргарыта", "Візіт дамы" і інш. Да мастацкага асэнсавання рэальных гістарычных падзей былі скіраваны сучасныя пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы "Князь Вітаўт", "Звон - не малітва", "Страсці па Аў-дзею", "Тутэйшыя" і інш.


Традыцыйным стала правядзенне музычных фестываляў "Музычнае Палессе", "Музы Нясвіжа", Міжнародны фестываль арганнай музыкі ў Полацку, "Мінская вясна", "Беларуская сакавіца", беларускай песні і паэзіі ў Мала-дзечне і інш. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца міжнародны фестываль "Славянскі базар" у Віцебску.

У беларускай літаратуры 90-х гадоў прыкметна праявіліся спробы адысці ад празмерна ідэалагізаванага мастацтва і ўзрасла цікавасць да мінулых літаратурных эпох, мадэрнізму і постмадэрнізму. Новае пакаленне літаратараў ахвотна выкарыстоўвае ў сваёй творчасці разнастайныя жанравыя і стылёвыя формы замежнай літаратуры, і не толькі еўрапейскай.

Літаратура вызначылася велізарным попытам на новыя этычныя і эстэтычныя каштоўнасці. Павышанай увагай да сацыяльнага боку рэчаіснасці, імкненнем выкрываць маральныя язвы грамадства вылучаюцца многія творы сучаснай тэматыкі. Адкрыта заяўленая грамадзянская пазіцыя, высокае гуманістычнае гучанне характэрна для шматлікіх твораў В. Быкава, Я. Брыля, П. Панчанкі, І. Пташнікава, А. Разанава, А. Дударава і інш.

У выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. Адкрыліся недзяржаўныя галерэі "Арт-творчасць", "Віта-нова", "Жыльбел", "Верхні горад" і інш. З'явіліся неафіцыйныя творчыя аб'яднанні. Традыцыйна высокім прафесіяналізмам вызначаецца беларуская школа графікі, у тым ліку работы В. Шаранговіча, Ю. Герасіменкі-Жызнеўскага і інш.

У маі 1993 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны". Помнікі культурнай спадчыны сканцэнтраваны ў 138 музеях і іх філіялах - гістарычных, краязнаўчых, гісторыка-археалагічных, літаратурна-мемарыяльных, мастацкіх. Іх фонды папоўніліся асабістымі архівамі шматлікіх вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва. Прадоўжылася рэстаўрацыя гістарычнай забудовы Верхняга горада ў Мінску, Мірскага замка, які на сесіі адпаведнага камітэта ЮНЕСКА быў уключаны ў спіс сусветнай культурнай спадчыны. Пашыраны рэстаўрацыйныя работы ў Гродне, Нясвіжы, Брэсце і інш.

Апошнім часам адраджаецца і актыўна развіваецца каля 40 відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзейнічае больш 50 клубаў і дамоў рамёстваў, творчых майстэрняў народных майстроў.

Духоўны патэнцыял нацыі ўзбагаціўся шляхам далучэння да яго сіл і творчасці прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Яскравы прыклад - дзейнасць лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ж. Алфёрава, які падтрымлівае сувязі з навукай і грамадскім жыццём Беларусі.


Сталае месца ў нацыянальнай культуры ў 90-я гг. займаюць высокатэхналагічныя сучасныя сродкі камунікацыі: кабельнае і спадарожнікавае тэлебачанне, вытворчасць аўдыё- і відэапрадукцыі, якія якасна змянілі рынак тавараў і паслуг культурнага прызначэння. Іх цесная сувязь з галіной электронікі прывяла да пашыранага разумення культурнай сферы. Сфера культуры цяпер нярэдка разглядаецца не толькі як вытворца і захавальнік культурных каштоўнасцяў, але і як важны сектар эканомікі, які забяспечвае развіццё навукаёмкіх галін.

Такім чынам, час эканамічных і сацыяльна-палітычных перамен у грамадстве быў цесна звязаны з пошукамі і здабыткамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры краіны, нацыянальна-культурным адраджэннем.

Опубликовано 25 ноября 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1290695285 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Паскарэнне гуманітарнага развіцця ў Беларусі ў 90-я гады

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network