публикация №1290344028, версия для печати

Беларуская цэнтральная рада. Беларуская краёвая абарона.


Дата публикации: 21 ноября 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1290344028)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ


Пасля забойства Вільгельма Кубэ абавязкі генеральнага камісара выконваў групенфюрэр войскаў СС Курт фон Готберг. Яго паўнамоцтвы пашырыліся на ўсходнія і паўднёвыя землі Беларусі, якія раней знаходзіліся ў падапарадкаванні кіраўніцтва групы арміяў “Цэнтр” і рэйхскамісарыята Украіны. Новы гаўляйтэр узмацніў рабаванне беларускіх земляў. На беларускае сялянства узвальваліся невыносныя падаткі і бязлітасныя рэквізіцыі жывёлы. У Нямеччыну вывозіліся прамысловыя прадпрыемствы. Галоўныя аб’кты Менску былі загадзя замініраваны.
Курт фон Готберг пачаў ігнараваць Раду даверу і падазраваў яе старшыню Вацлава Іваноўскага. Адданаму эсэсаўцу не спадабалася, што дэлегацыя Рады на чале з Іваноўскім брала ўдзел у пахаванні Кубэ ў Берліне і выкарыстала гэта, каб перадаць у Міністэрства ўсходніх зямель праект аб прызнанні аўтаноміі Беларусі і ўз’яднанні яе тэрыторыяў. 6 снежня 1943 года. Вацлава Іваноўскага застрэлілі, калі ён вяртаўся ў адкрытай брычцы з гарадской управы дадому. Готберг паступова вызваляўся ад людзей Кубэ і складаў сваю каманду беларускіх нацыяналістаў. Новым лідэрам беларусаў, якія супрацоўнічалі з немцамі, становіцца Радаслаў Астроўскі.
21 снежня 1943 г. ў Менску сабраўся ўрачысты сход, дзе Курт фон Готберг абвясціў пра стварэнне Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і прызначыў Радаслава Астроўскага яе прэзідэнтам. БЦР была дарадчым органам пры Генеральным камісарыяце, але ў галіне сацыяльнай апекі, культуры і асветы мела права на самастойныя рашэнні. Ставілася мэта мабілізацыі ўсіх нацыянальных сілаў на барацьбу з бальшавізмам. У склад БЦР уваходзілі 12 чалавек. Намеснікам Астроўскага сталі Мікалай Шкялёнак і Юры Сабалеўскі. Сярод дарадцаў значыўся і лідэр падпольнай Бларускай незалежнай партыі Усевалад Родзька.
БЦР атрымала вялікія сродкі для грамадскай апекі, падтрымкі культуры і на прапаганду. Астроўскі часта звяртаўся да грамадзян з адозвамі, заклікаў партызанаў здавацца і абяцаў ім амністыю. Нямецкая прапаганда паказвала яго, як правадыра беларускага народа, які змагаецца за вызваленне радзімы з-пад маскоўскага бальшавізму.
23 лютага 1944 г. Курт фон Готберг па прапанове Радаслава Астроўскага выдаў загад на сварэнне Беларускай краёвай абароны (БКА) і даручыў БЦР правесці мабілізацыю. За адмову ад службы сям’і прызыўніка пагражала смерць. Але частка моладзі заходняй Беларусі пад уздзеяннем прапаганд успрымала БКА як апошні шанец адбудаваць незалежную Айчыну пад нямецкай апекай і запісвалася ў беларускае войска добраахвотна. На прызыўныя пункты прыйшло каля 40 тысячаў чалавек. Столькі гітлераўскім акупантам і патрабавалася. Больш за палову акруговыя камісары забракавалі і адправілі дамоў. Усяго з улікам далучаных паліцэйскіх батальёнаў у БКА было набрана каля 25 тысячаў чалавек. Вярхоўным камандуючым стаў Францішак Кушаль. БКА спрабавалі выкарыстоўваць у барацьбе з партызанамі, але найбольш прыдатнымі былі яе злучэнні толькі для аховы складоў і ваеннапалонных.

ПРЫСЯГА БКА
Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму беларускаму народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.
Я прысягаю, што не выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг беларускага народу.
Я прысягаю, што хутчэй аддам сваё жыцьцё, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры і ўвесь беларускі народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.
Калі-ж з сваей слабасьці ці злога намеру я парушу гэту прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і бацькаўшчыны.

ШТОДЗЁННАЯ «МАЛІТВА»
жаўнера Беларускай Краёвай Абароны,
урачыста сьпяваная раніцай перад пад'ёмам сьцягу:
Беларусь, наша маці краіна,
Ты з нас моцных зрабіла людзей -
Не загінулі мы і не згінем
Пакуль ты нас наперад вядзеш.
Прысягаем табе мы сягоньня:
Што пакуль хоць адзін з нас жыве,
Нашай слаўнай літоўскай Пагоні
Мы не зганьбім, мы ўславім яе!

МАРШ БКА
Ідуць жаўнеры Беларусы
Праз вёскі, сёлы, гарады,
Пераламаць усе прымусы,
Што ім нясьлі вякі, гады.
Няхай больш ворагі ня сьмеюць
Сваю нам волю накідаць -
Сьцягі Пагоні ўжо ясьнеюць,
Іх рукі моцныя дзяржаць!
Ідуць жаўнеры і сьпяваюць,
Дзяўчатам сэрцы бьюць мацней.
Праменьні сонца ў зброі зьзяюць,
Калёны ідуць далей, далей...
А песьня льецца над палямі:
Вон, гадаўё, з нашай зямлі,
Вы нашу кроў пілі вякамі,
Сьмерць вам, вы век свой аджылі!
З іх не адзін у вёсцы роднай
Пакінуў мілую сваю,
Яе пагляд у начы халоднай
Яму прыпомніцца ў баю.
Як птушка думка ў даль нясецца:
Дзе хата родная... Дзе плуг...
І ён бязстрашна ў перад рвецца
Каб біць бандытаў-валацуг.
Ідуць жаўнеры Беларусы
Праз вёскі, сёлы, гарады,
Пераламаць усе прымусы,
Што ім нясьлі вякі, гады.
Сьцяг бел-чырвона-белы вольны
У сэрцы кожнага із іх -
Жаўнер Краёвай Абароны
На варце стаў правоў сваіх!

СІСТЭМА РАНГАЎ БКА
адпаведна iнструкцыi БКА ад 18 Сакавiка 1944:
жаўнер
стралец
старшэйшы стралец
дружыновы
зьвязовы
старшыня
лейтэнант
обэр-лейтэнант
капiтан
маер
падпалкоўнiк
палкоўнiк

Напярэдадні заняцця Чырвонай арміяй Менску немцы далі дазвол на скліканне Другога Усебеларускага Кангрэса. Ён прайшоў 27 чэрвеня 1944 года. У зале сталічнага тэатра. Сабралося 1039 прадстаўнікоў з акупаванай Беларусі, а таксама Польшчы, Літвы, Латвіі, Вены, Кёнігсберга, Прагі і Берліна. Кангрэс адмовіў БССР у праве называцца беларускай нацыянальнай дзяржавай, скасаваў усе польска-савецкія пагадненні аб Беларусі і абвясціў яе незалежнасць. Адзіным законным прадстаўніком беларускага народа абвяшчалася Беларуская цэнтральная рада на чале з прэзідэнтам Радаславам Астроўскім. Па яго прапанове кангрэс паслаў тэлеграму Адолфу Гітлеру, у якой заўпэўніваў, што беларускі народ будзе разам з нямецкім змагацца супраць агульнага ворага – бальшавізму. Савецкі міф аб сувярэннай БССР замяняўся міфам нацысцкім аб незалежнай Беларусі ў складзе германскага рэйха. Спекулюючы на нацыянальных пачуццях, нацысты нахабна ашуквалі беларускую моладзь і выкарыстоўвалі яе ў сваіх інтарэсах.
Радаслаў Астроўскі ўжо у лістападзе 1942 г. засумняваўся ў перамозе гітлераўцаў і таму ўступіў у перамовы з польскай арміяй краёвай. Ён спадзяваўся на вайну заходніх дзяржаў з СССР пасля перамогі над Германіяй і асаблівую ўвагу надаваў саюзу народаў былой Рэчы Паспалітай у гэтай вайне. Астроўскі згаджаўся на федэрацыю Беларусі і Польшчы і на аб’яднанне БКА з АК.
Рада БЦР ад сярэдзіны ліпеня 1944 г. працягвала сваю дзейнасць у Берліне, дзе немцы хацелі выкарыстаць яе для ўздзеяння на некалькі тысяч беларусаў, вывезеных на прымусовыя работы ў Нямеччыну, актывістаў СБМ, некалькі дзесяткаў тысячаў уцекачоў, якія баяліся рэпрэсій з боку савецкай улады.

Заключэнне.

Вайна зноў выявіла імкненне беларусаў да незалежнасці. Для народа, які стагоддзямі цярпеў нацыянальны прыгнёт і не меў нацыянальнай дзяржавы, супрацоўніцтва з немцамі стала адзіным шанцам ратавання і мацавання сваёй адметнасці. Гэта быў жэст адчаю, які абумоўліваўся папярэднім расійскім і польскім шавінізмам. Гэта было супрацоўніцтва са сцятымі зубамі. Прыходзілася ісці на знявагі і прыніжэнні. Згодна з міжнародным правам такое супрацоўніцтва не лічыцца злачынствам, бо яно не скіроўвалася супраць уласнага народа. Беларускіх нацыяналістаў няма падставаў лічыць калабарацыяністамі, гэта значыць аднадумцамі нацыстаў. Сапраўднымі калабарацыяністамі былі толькі сябры партыі Фабіяна Акінчыца. Паводле меркаванняў шэрагу замежных даследчыкаў другой сусветнай вайны, супрацоўніцтва савецкага насельніцтва з акупантамі трэба разглядаць як рух супраць сталінізма і за ўсталяванне нацыянальных дзяржаў (Я. Гофман, С. Фроліх, В. штрык-Штрыкфельд, Я. Малецкі, Ю. Туронак). У 1941-1944 гг. выходзіла каля 50 беларускіх газетаў, часопісаў, ккалендароў і розных бюлнтэняў. У перыядычных выданнях выкрываліся сталінскія злачынствы, друкаваліся гістарычныя і этнаграфічныя матэрыялы. За гады акупацыі было напісана каля 60 новых музычных твораў (Аляксей Туранкоў, Мікола Куліковіч-шчаглоў, Мікола Равенскі), дзесяткі вершаў (Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў). Беларускай інтэлігенцыі ўдалося выхаваць цэлы пласт нацыянальна свядомай моладзі, большасць якой была выштурхнутая вайной у замежжа. На доўгія гады бальшавіцкай дыктатуры ваенная эміграцыя стала адзіным асяродкам мэтанакіраванага захавання нацыянальных каштоўнасцей, якія сёння ўключаюцца ў агульнанацыянальны скарб. У Францыі і Грэцыі з немцамі супрацоўнічалі каля 10 % насельніцтва. Не меншым быў гэты паказчык і ў Беларус. Супрацоўніцтва беларусаў з нацыстамі можна разумець толькі як адну з праяваў трагедыі народа.

Опубликовано 21 ноября 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1290344028 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Беларуская цэнтральная рада. Беларуская краёвая абарона.

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network