публикация №1160397039, версия для печати

З гісторыі Менскага кальвінскага збору


Дата публикации: 09 октября 2006
Автор: Людміла Іванова
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1160397039)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ РЕЛИГИИ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://belreform.org/mienskizbor.php


З гісторыі Менскага кальвінскага збору

Людміла Іванова


Імклівае распаўсюджанне Рэфармацыі на землях Вялікага Княства Літоўскага з сярэдзіны ХVІ ст. прывяло да стварэння ў гарадах, мястэчках і маёнтках рэфармацкіх збораў (тэрмінам «збор» мы вызначаем і рэфармацыйны храм, і суполку пратэстантаў). Асноўная частка збораў існавала пад патранатам магнатэрыі й шляхты, якая далучылася да Рэфармацыі. У дзейнасці гарадскіх рэфармацкіх суполак (Вільня, Берасце, Менск, Віцебск, Полацк) пэўную ролю адыгрывала мяшчанства. Пры зборах будаваліся храмы, школы, шпіталі (прытулкі для бедных старых), друкарні.

Найбольшае распаўсюджанне ў Вялікім Княстве Літоўскім атрымаў кальвінізм. У канцы ХVІ ст. склалася арганізацыйна-тэрытарыяльная структура кальвінісцкай царквы. Галоўным кіруючым органам быў Сінод, які штогод збіраўся ў Вільні. Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага была падзелена на 6 дыстрыктаў (Віленскі, Наваградскі, Падляшскі, Рускі, Завілейскі й Жмудскі), на чале якіх стаялі суперінтэданты. З ліку свецкіх асобаў (шляхты, гараджанаў) выбіраліся сеньёры, якія прымалі актыўны ўдзел у жыцці збораў.

Менск уваходзіў у Рускі (пазней - Беларускі) дыстрыкт. Старэйшым вядомым нам дакументам па гісторыі Менскага збору з’яўляецца наданне яму ў 1596 г. рэчыцкім старастам, князем Ярашам Іванавічам Жыжэмскім, зямельных уладанняў і дому ў Менску: «...дом свой уласны ў месце Менскім лежачы, які маю купным вечыстым правам ад нябожчыка Міхаіла Шышкі залатара...»1. Як вядома, Рэфармацыю прынялі не толькі каталікі, але й асобныя прадстаўнікі спрадвечна праваслаўных родаў - Валовічаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Жыжэмскіх і інш. Цікава, што збяднелыя арыстакраты Жыжэмскія праз сваіх жанчын парадніліся з вядомымі дзеячамі Рэфармацыі: Соф’я Данілаўна Жыжэмская была жонкай Васіля Цяпінскага, выдаўца знакамітага «Евангелля», паплечніка Сымона Буднага; сястра Яраша Іванавіча Жыжэмскага - Міласлава - жонкай Андрэя Волана2, выдатнага кальвінісцкага тэолага, філосафа, пісьменніка-палеміста.

Дом з пляцам і рознымі гаспадарчымі пабудовамі знаходзіўся на вул. Юр’еўскай (частка цяперашняй вул. Інтэрнацыянальнай каля Кастрычніцкай плошчы), агарод прасціраўся аж да ракі Свіслач. Збору надаваліся таксама сенажаць за ракой Свіслач ля Буркалаўскага броду і пяць ніў: каля Свіслацкага шляху з Менску ў Слуцк; каля дарогі на Уборкі (раён сучасных вуліц - Маскоўскай, Талстога, Фабрыцыўса)3; за Боркаўскай дарогай; на Уборках паміж дарог, што вялі ад Менску да Лошыцы; нарэшце - каля балотца пры Боркаўскай дарозе4.

Гэты дом на вуліцы Юр’еўскай нейкі час меў ва ўтрыманні менскі мешчанін Ціхан Васілевіч, а па ягонай смерці - менская харужавая пані Дарота Нявельская Фёдарава Шалушыная, якая не згаджалася вяртаць дом збору. З гэтае нагоды сын фундатара, мазырскі войскі Яраш (Іеранім) Жыжэмскі, і мяшчане, сеньёры Менскага збору Станіслаў Рудковіч і Захарыяш Тамашэвіч, звярнуліся ў менскі ратушны суд. У жніўні 1606 г. суд прыняў рашэнне на карысць збору5.

Менскі збор атрымліваў і іншыя дараванні. Дом на вул. Збаровай (частка сучаснай вул. Інтэрнацыянальнай ад пл. Волі да вул. Урыцкага) для пратэстанцкага святара (казнадзея) запісала пані Салагубавая6, дом на «збаровым пляцы» - пан Ян Пратасовіч з жонкай, 200 коп завяшчаў збору ў сваім тастамэнце пан Ян Яноўскі7. У 1653 г. менскія зямяне пад патранатам віленскага ваяводы Януша Радзівіла дазволілі выдзеліць 10 коп грошай на збаровы шпіталь8.

На партыкулярным Сінодзе Беларускага дыстрыкту, які праходзіў у Койданаве 23 кастрычніка 1627 г., абмяркоўвалася пытанне аб пабудове новага будынку Менскага збору (на жаль, невядома, што сталася са старым будынкам). Паколькі дзейнічала забарона на будаванне новых збораў у каралеўскіх гарадах (дазвалялася толькі аднаўляць тыя, якія ўжо дзейнічалі), менская абшчына была заклапочана не толькі пошукамі матэрыяльных сродкаў, але й зборам дакументаў, якія б пацвердзілі яе правы на дамы й зямельныя ўладанні ў горадзе9.

Дарэчы, сур’ёзная справа па аднаўленні збаровага будынку не перашкодзіла абмеркаванню на гэтым жа Сінодзе правіннасці аднаго з чальцоў абшчыны - Станіслава, менскага злотніка, які пралюбадзейнічаў з жонкай нейкага Кандрата Курчэвіча.

Збор у Менску, як і мноства іншых збораў, быў не багаты, ён не меў пастаяннага ўплывовага патрона. У 1617 г. духоўныя асобы былі вымушаны звярнуцца да патронаў з просьбай забяспечыць менскі збор і ягоных святароў належным утрыманнем. Сярод тых, хто ахвяраваў сродкі на збор, былі Януш Радзівіл, Мікалай Тальваш, Яраш (Іеранім) Жыжэмскі, Астафі Храпавіцкі й ягоная маці10. На Віленскім сінодзе ў 1616 г. меркавалася перадаць частку грошай, завешчаных князем Стафанам Горскім віленскаму збору, на патрэбы збору ў Менску - куплю фальфарку, з даходаў якога можна было б падрыхтаваць святара й настаўніка («міністра і бакалаўра»)11. Сінод 1628 г. прапанаваў прадаць вёскі, якія належалі збору, але не прыносілі даходу. За фінансавымі справамі Менскага збору было даручана наглядаць Мікалаю Немсту й Яну Цадроўскаму12.

Справы Менскага збору шматкроць абмяркоўваліся на Віленскім сінодзе. Найбольшую агалоску атрымаў канфлікт паміж менскім падкаморым Янохам Кавячынскім і мужам ягонае дачкі Барбары, князем Самуйлам Горскім. Кавячынскі й ягоныя сыны Крыштаф і Аляксандр абвінавацілі князя ў нязгодзе шлюбнага жыцця13. У сваю чаргу, князь Горскі ў лісце ад 30.ІХ.1623 г. з Менску да Крыштафа Радзівіла, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, пісаў, што Янох Кавячынскі замешаны ў справе ўцёкаў ксяндза з касцельным посудам, а раней запляміў рукі крывёй невінаватых людзей14. На Сінодзе 1624 г. Кавячынскія прасілі прабачэння за «прафанацыю» Менскага збору.

Паміж пратэстанцкай абшчынай і мясцовымі ўладамі, насельніцтвам час ад часу ўспыхвалі канфлікты. У 1601 г. Менскі магістрат, мяшчане й «усё паспольства» выказвалі незадаволенасць тым, што абшчына, «невядома па якому праву», заняла некалькі пляцаў на рагу рынку, збудавала там сваю царкву (збор) і пасяліла ў дамах каля збору «розных рамеснікаў», але не несла з гэтай маёмасці ніякіх павіннасцей «да скарбу нашага»15.

Збор таксама цярпеў ад нападаў. У 1648 г. менскі казнадзей Павел Лазаровіч скардзіўся на мяшчанаў з уліцы Збаровай, якія нападалі на збор і фальварак, збівалі людзей, забіралі хатнюю жывёлу16. Крыўды, якія цярпеў Менскі збор, разглядаліся нават на Віленскім сінодзе: у 1652 г. адзначалася, што пан Храптовіч заворвае дарогі каля збору, забірае сенажаці і пашы17.

У час войнаў сярэдзіны ХVІІ ст. збор быў зруйнаваны. Як сведчаць матэрыялы рэвізіі збораў Беларускага дыстрыкту ў 1669 г.18, у гэты час менская кальвінісцкая абшчына не мела ні храма, ні звона, ні памяшкання для святара, толькі невялікую каплічку з дзіравым дахам. Каб паправіць яе фінансавае становішча, трэба было прадаць зямельныя палеткі, падараваныя князем Жыжэмскім - тыя пяць ніў, на якіх можна было «пасеяць 10 бочак, калі б усе з канца ў канец засеяць» і «сенажаць на вазоў дзесятак». У матэрыялах той жа рэвізіі выказваецца заклапочанасць з тае нагоды, што перастала існаваць кальвінісцкая школа ў Койданаве, і акалічная шляхта, нават паны Цадроўскія (вядомая на Меншчыне кальвінісцкая сям’я, з якой выйшаў знакаміты мемуарыст ХVІІ ст. Ян Цадроўскі), аддаюць сваіх дзяцей вучыцца ў Менск да езуітаў19. Дарэчы, Цадроўскія былі патронамі Менскага збору ў сярэдзіне ХVІІ ст.

На збаровай сесіі ў Менску ў 1670 г. разглядалася пытанне аб спаленні Менскага збору (верагодна, у гады вайны) і фінансавых сродках, неабходных дзеля ягонага аднаўлення20. У 1714 г. Віленскі сінод вырашыў прадаць юрыдыку, якая належала Менскаму збору. Аднак, як сведчаць актавыя кнігі Менскага земскага суда й магістрату, гэтае пытанне вырашалася яшчэ і ў канцы ХVІІІ ст.21 Менская кальвінісцкая абшчына, відаць, праіснавала да сярэдзіны ХVІІІ ст. Ёсць звесткі пра нейкае падараванне збору менскім чашнікам Багуславам Цадроўскім ў 1746 г.22, але ў спісе збораў усяго Вялікага Княства Літоўскага ў 1748 г. ён не згадваецца.

Заняпад збору ў Менску абумоўлены тымі ж прычынамі, што і ва ўсім ВКЛ - наступам контррэфармацыі, адыходам багатых і ўплывовых пратэктараў ад Рэфармацыі, спусташальнымі войнамі сярэдзіны ХVІІ ст.


________________________________________________________


ЗАЎВАГІ


1 Аддзел рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Літвы імя М.Мажвідаса (далей - АР НБ Літвы), ф. 93, адз. зах. 831.

2 J. Wolff. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. - Warszawa, 1895. - S. 627.

3 Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. - Мн., 1991. - С. 70.

4 АР НБ Літвы, ф. 93, адз. зах. 833.

5 Тамcама, адз. зах. 832.

6 Аддзел рукапісаў Навуковай бібліятэкі АН Літвы (далей - АР НБАН Літвы), ф. 40, адз. зах. 232, арк. 13.

7 АР НБ Літвы, ф. 93, адз. зах. 837.

8 АР НБАН Літвы, ф. 40, адз. зах. 125, арк. 16.

9 Тамсама, адз. зах. 408.

10 АР НБ Літвы, ф. 93, адз. зах. 835.

11 Akta synodow prowincjalnych Jednoty Litewskiej 1611-1625. - Wilno, 1915. - S. 36.

12 AGAD, AR VIII. 713, kan. 15.

13 Akta synodow... 1624 г. Канон 3, c. 85.

14 Augustyniak U. Dwor i klientela Krzysztofa Radziwilla. - Warszawa, 2001. - S. 205.

15 АР НБАН Літвы, ф. 40, адз. зах. 232, арк. 14.

16 Тамсама, арк. 7-8.

17 Тамсама, адз. зах. 125, арк. 7.

18 St. Tworek. Materialy do dziejow kalwinizmu w Wielkim Ksiestwie Litewskim w XVII wieku // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 14, 1969 r. S. 209-210.

19 Тамсама. S. 211.

20 АР НБ Літвы, ф. 93, адз. зах. 93.

21 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф. 1769, воп. 1, адз. зах. 19, с. 446-452, 1788 г.; ф. 149, воп. 5, адз. зах. 3, с. 145-147, 1799 год.

22 АР НБАН Літвы, ф. 40, адз. зах. 175.


Паводле: Людміла Іванова. З гісторыі Менскага кальвінскага збору //Спадчына, 2003, № 1.

Опубликовано 09 октября 2006 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1160397039 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ З гісторыі Менскага кальвінскага збору

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network