публикация №1160396885, версия для печати

“Уцёкі мазгоў” ці лёсы пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVII стагодзьдзя


Дата публикации: 09 октября 2006
Автор: Андрэй Катлярчук
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1160396885)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ РЕЛИГИИ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://belreform.org/katlarcuk.php


“Уцёкі мазгоў” ці лёсы пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVII стагодзьдзя

Андрэй Катлярчук

У час, калі ва Ўсходняй Еўропе пачаўся працэс фармаваньня сучасных этнічных культураў, Летува й Беларусь амаль страцілі нацыянальна сьвядомаю шляхту й месьцічаў – патэнцыйную эліту гэтага працэсу, таму што яна пачала атаясамляць сябе з Польшай. Адной з гістарычных прычынаў гэтага працэсу былі “уцёкі мазгоў” з краіны ў другой палове XVII стагодзьдзя. “Уцёкі мазгоў” зь ВКЛ мелі шэраг прычынаў. Сярод іх быў і посьпех Контррэфармацыі і супрацоўніцтва (“здрада”) пратэстанцкай шляхты са Швэцыяй. Мой артыкул – першая спроба прааналізаваць гэтую зьяву.


Пра Вялікае Княства Літоўскае
Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (поўная афіцыйная назва дзяржавы) зьяўлялася незалежнай дзяржавай ад XIII ст. да 1569 г., калі была створана фэдэрацыя з Польшай. У краіне жылі людзі розных этнічных групаў; большасьць насельніцтва складалі ўсходнія славяне (русіны) й балты (летувісы і жамойты)[1]. Таксама там жылі габрэі, палякі, літоўскія татары й немцы. У палітычную эліту, у асноўным, уваходзілі прадстаўнікі літоўскай (летувісы, і жамойты) і русінскай шляхты, хоць усе яны з XVI ст. былі вядомы як “ліцьвіны”. Гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў палітычным, а не этнічным значэньні. Паводле закона (Статута ВКЛ 1588 г.) толькі летувіская, русінская і жамойцкая шляхта магла займаць дзяржаўныя пасады[2]. Беларускія землі складалі найбольшую частку ВКЛ. Афіцыйнай мовай была згодна праву “руская” (старабеларуская)[3] . Гэта гаворыць пра тое, што гістарычная Літва адрозьніваецца ад сучаснай этнічнай Летувіскай Рэспублікі, што яна зьяўлялася, калі мы скарыстаем сучасную тэрміналёгію, літоўска-беларускай дзяржавай[4]. Швэдзкія навукоўцы раньняга сучаснага пэрыяду даволі добра разумелі шматэтнічны характар народу Вялікага Княства. Напрыклад, Ёхан Батвідыюс (Johan Botvidius), біскуп Лінч’ёпінга (Linkoping), пісаў у адной са сваіх працаў: “Славянская мова зьяўляецца агульнай для харватаў, багемцаў, далматцаў, палякаў, ліцьвінаў, маскавітаў, русінаў”[5].

У другой палове XVII ст. Вялікае Княства Літоўскае складалася з 24 паветаў. Кожны павет мелі уласны соймік (зьезд шляхты).


Летувіская і Жамойцкая этнічная тэрыторыя складалася з:

– Віленскага ваяводзтва (паветы Віленскі і Вількамірскі)

– Троцкае ваяводзтва (паветы Троцкі, Ковенскі і Ўпіцкі)

– Жамойць, якая была аўтаномным стараствам



Зьмешаная этнічная тэрыторыя складалася з:

– Віленскага ваяводзтва (Браслаўскі і Ашмянскі паветы);

– Наваградзкага ваяводзтва (Наваградзкі і Слонімскі паветы);

– Троцкае ваяводзтва (Гарадзенскі і Лідзкі паветы).



“Русінская” этнічная тэрыторыя складалася з:

– Менскага ваяводзтва (Менскі і Рэчыцкі паветы);

– Наваградзкае ваяводзтва (Ваўкавыскі павет);

– Полацкае ваяводзтва (Полацкі павет);

– Віцебскае ваяводзтва (Віцебскі і Аршанскі паветы);

– Берасьцейскае ваяводзтва (Берасьцейскі і Пінскі паветы);

– Мсьціслаўскае ваяводзтва (Мсьціслаўскі павет).


У той жа час тэрыторыя ВКЛ складалася з чатырох геаграфічных правінцыяў: Літва (Віленскае, Троцкае, Наваградзкае і Менскае ваяводзтвы), Жамойць, Беларусь (Полацкае, Віцебскае і Мсьціслаўскае ваяводзтвы) і Палесьсе (Берасьцейскае ваяводзтва). Сталіца Вільня Vilnius/Vilne/Wilno/Wilda была шматкультурным горадам[6]. Напрыклад, у 1596 годзе ў Вільні было 15 праваслаўных русінскіх цэркваў, 14 каталіцкіх, 1 лютаранская, 2 кальвінскія царквы і некалькі сынагогаў[7]. Вільня была цэнтрам беларускай, літоўскай, польскай, габрэйскай і нямецкай культур. У 1569 годзе ВКЛ і Польскае каралеўства аб'ядналіся ў новую дзяржаву – Рэч Паспалітую абодвух народаў, сёньня вядомую як польска-літоўская Рэч Паспалітая. Сувязі паміж дзяржавамі былі ня вельмі моцнымі: у Польшы і ВКЛ быў кароль, якога выбіралі разам, і супольны сойм. Астатнія ўстановы: войска, скарб, фінансавая сыстэма, суд дзейнічалі аўтаномна, гарантуючы незалежнасьць[8]. Таксама былі адрозненьні ў афіцыйнай мове (у ВКЛ была старабеларуская на кірылічным шрыфце) і законе (Статут 1588 г.). Але асноўным адрозненьнем была рэлігія палітычнай эліты. Праблема ўзмацнялася тым фактам, што якраз перад вуніяй, ВКЛ зрабілася пратэстанцкай краінай. Большасьць яе кіраўніцтва – “паноў-рады” – складалася з пратэстантаў. З 28 сяброў гэтага ўраду – 17 былі пратэстантамі, 9 – праваслаўнымі і 2 – каталікамі (біскупамі)[9]. У той час арыстакратыя ВКЛ мела вельмі моцную ўласную палітычную тоеснасьць у дачыненьні да польскай эліты. Адной з мэтаў Люблінскай вуніі 1569 г. было стварэньне палітычна адзінай нацыі, у якую б уваходзіла польская, літоўская, украінская і нямецкая інфлянцкая арыстакратыя.

Такім чынам, задача інтэграцыі ВКЛ у Польскую каталіцкую дзяржаву, была мэтай Контррэфармацыі, якая прадугледжвала паланізацыю краіны праз акаталічваньне пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ. Гэты працэс пачаўся пасьля 1569 г. Але на працягу першай паловы XVII ст. некаталіцкая арыстакратыя праяўляла вельмі моцныя антыпольскія настроі. У 1636 г. Януш Радзівіл сказаў у Варшаве: “Я ведаю, што прыйдзе час, калі мы выкінем усіх палякаў праз вокны”[10]. Гэта было своеасаблівае сплочваньне доўгу знакамітым Праскім падзеям 1618 г. (“праская дэманстрацыя”) калі пратэстанты Чэхіі выкінула з вокнаў нямецкіх габзбурскіх ваяводаў-каталікоў.


Дысыдэнты ў ВКЛ
Гістарычна, русіны з XI ст. адносілі сябе да праваслаўнай царквы бізантыйскага абраду, а летувісы з канца XIV ст. былі рыма-каталікамі. Такім чынам, з XV ст. існавала дзьве часткі палітычнай эліты: праваслаўныя і каталікі[11]. Шляхецкі сойм складаўся з гэтых дзьвюх частак. Падчас падрыхтоўкі Літоўскіх Статутаў 1529 г. і 1566 г. існаваў прынцып згодна з якім 50% сябраў заканатворчай камісіі павінны былі быць каталікамі, і 50% – праваслаўнымі. Згодна з законам у гарадах, якія разьмяшчаліся на землях са зьмешаным насельніцтвам, напрыклад Вільня, Гародня, 50% прадстаўнікоў цывільнай улады былі каталікамі і 50% – праваслаўнымі.

Рэлігійныя дысыдэнты, такія як багемскія браты (Геранім з Прагі) першы раз наведалі ВКЛ у 1420 г. З 1523 да 1546 г. дваццаць маладых магнатаў зь Вялікага Княства слухалі лекцыі Марціна Лютара ва ўнівэрсытэце Вітэнбэргу[12]. У 1553 г. князь Мікалай Радзівіл Чорны перайшоў з каталіцтва ў лютаранства й заснаваў адну зь першых лютаранскіх цэркваў у Берасьці. Пратэстанцтва зрабілася надзвычай папулярным сярод праваслаўнай шляхты Беларусі[13]. У той жа час шмат пратэстанцкіх цэркваў было заснавана ў каталіцкай Жамойці. У 1562 г. Сымон Будны, якога падтрымлівалі Радзівілы, выдаў у Нясьвіжы рэфармацкі Катэхізіс на старабеларускай мове. У 1563 г. у Берасьці пры фінансавай падтрымцы Радзівілаў была выдадзена пратэстанцкая Біблія на польскай мове. У 1572 г. у Нясьвіжы была выдадзена арыянская Біблія па-польску. У той жа час шляхціч-кальвініст Васіль Цяпінскі з Цяпіна выдае Новы Запавет (Эвангельлі) па-старабеларуску і царкоўнаславянску. У 1653 г. у Кедайнах быў надрукаваны першы кальвінскі Катэхізіс на летувіскай мове; Радзівілы таксама фінансава падтрымалі гэтае выданне[14].

Пратэстанцкая царква ў ВКЛ была арганізацыйна ўсталявана як “Яднота Літоўская” ў Вільні ў 1578 г. У яе ўваходзілі дзьве часткі: Вялікі Збор (кальвіністы) і Малы Збор (літоўскія браты, або арыяне). Таксама “Яднота Літоўская” падтрымлівала каля 15 лютаранскіх суполак ВКЛ. “Яднота Літоўская” складалася з 6 дыстрыктаў (рэгіёнаў): тры зь іх знаходзіліся на сучаснай летувіскай тэрыторыі, а тры – на беларускіх землях[15].

У 1563 г., пад ціскам з боку пратэстанцкіх магнатаў, кароль Жыгімонт Аўгуст падпісаў указ аб поўным раўнапраўі пратэстанцкай шляхты ў палітычных і іншых дачыненьнях з каталіцкай і праваслаўнай[16]. У 1588 г. выйшла новая рэдакцыя Статута ВКЛ. Разьдзел 3, артыкул 3: “Аб захаваньні ў супакоі ўсіх падданых нашых, абываталяў таго панства, з боку рознага разуменьня і ўжываньня хрысьціянскага набажэнства”[17] замацоўваў поўную роўнасьць і абарону ўсіх хрысьціянскіх веравызнаньняў. Сэнатары ўзгадвалі сумны досьвед рэлігійных войнаў у Заходняй Эўропе (напрыклад, ноч Сьв. Барталамея ў Францыі) і гарантавалі абарону для ўсіх дысыдэнтаў у ВКЛ паводле акту Варшаўскай канфэдэрацыі 1573 г.:

“У нашай краіне, у якой ёсьць вялікая розьніца ў разуменьні хрысьціянства, мы не жадаем мець аніякіх канфліктаў і войнаў, якія бачым у іншых краінах. Таму мы вырашылі заўсёды захоўваць мір у краіне і чалавечай крыві ў нашых цэрквах не праліваць”[18].

У 1569 г. была падпісана Люблінская вунія, у тым самым годзе ў ВКЛ зьявіліся езуіты з Польшчы і заснавалі свой першы калегіюм у Вільні. Толькі на беларускіх землях езуіты адкрылі: у 1585 г. калегіюм у Полацку, у 1586 г. – у Нясьвіжы, у 1616 г. – у Воршы, у 1623 г. – у Берасьці, у 1625 г. – у Гародні, у 1645 г. – у Менску, у 1648 г. – у Віцебску. Пачалася Контррэфармацыя. Галоўнай мэтай было акаталічваньне некаталіцкай часткі палітычнай эліты. Насьцярожаная масавым навярненьнем праваслаўнай шляхты ў пратэстанцтва герархія праваслаўнай царквы ўхваліла аб’яднаньне з рыма-каталіцкай царквой і ў 1596 г. у Берасьці была створана новая вуніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. Жыгімонт III Ваза, езуіты і каталіцкая эліта падтрымалі гэта. У выніку, пасьля страты біскупаў праваслаўная царква апынулася па-за законам. Усе праваслаўныя цэрквы павінны былі ператварыцца ў грэка-каталіцкія. Але пратэстанцкая і праваслаўная арыстакратыя былі супраць гэтых дзеяньняў Варшавы. Яны правялі альтэрнатыўны антывуніяцкі праваслаўную царкоўны сабор у Берасьці, на чале з арыянскім шляхцічам Дзям’янам Гулевічам у будынку, які належаў шляхцічу-кальвіністу Мальхеру Райскаму[19]. У 1599 г. у Вільні быў абвешчаны палітычны хаўрус паміж антывуніяцкай праваслаўнай і пратэстанцкай шляхтай[20]. Пратэстанцкая і праваслаўная эліта нават спрабавалі стварыць новае праваслаўна-пратэстанцкае задзіночаньне, але гэта было ня так лёгка[21]. У кожым выпадку, калі ў XVI ст. пратэстанты лічылі праваслаўе рэлігіяй ідалапаклоньнікаў, то ў XVII ст. іх погляд зьмяніўся і яны пачалі супрацоўнічаць з праваслаўнымі. З пункту гледжаньня пратэстантаў Вялікага Княства праваслаўе зрабілася раўнапраўнай верай, якая паказвала альтэрнатыўны шлях да Неба[22].

Рэакцыя каталікоў была наступнай: прапаганда супраць пратэстантаў і праваслаўных пачалася адразу пасьля 1596-1599 гг. Звычайны грэка-каталіцкі сьвятар ведаў, што “антыхрыст прыйдзе з герэтычных пратэстанцкіх краінаў”[23]. Нянавісьць да пратэстантаў з боку каталіцкай арыстакратыі і месьцічаў прывяла да нападаў на іх цэрквы: Вільня – 1574, 1611 г., Полацак – 1632 г., Наваградак – 1638 г.

У 1610 – 1620 гг. была зьнішчана значная колькасьць пратэстанцкіх і праваслаўных храмаў. У выніку пракаталіцкай палітыкі Жыгімонта III Вазы ўсе сэнатары ад ВКЛ былі каталікамі (1632 г.)[24]

Толькі належны супраціў пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты зрабіў магчымым зьмяненьне гэтай палітыкі. Новы кароль Уладзіслаў IV Ваза зноў легалізаваў праваслаўную царкву ў 1633 г., вярнуў некаторых магнатаў некаталікоў у сэнат і спыніў далейшыя нападкі на пратэстанцкія храмы.

У той час пратэстанцкая і праваслаўная эліта (апошнія сэнатары-некаталікі Рэчы Паспалітай) зрабіліся абаронцамі дысыдэнтаў. Кальвіністамі былі: Януш Радзівіл (1612 – 1655), вялікі гетман і ваявода віленскі; Багуслаў Радзівіл (1620 – 1669), князь слуцкі, Ян Сасноўскі (? – 1660), кашталян полацкі; Тамаш Касакоўскі (? – 1664), кашталян віцебскі.

Праваслаўнымі былі: Аляксандар Агінскі (1585 – 1667), ваявода менскі, потым кашталян троцкі; ягоны брат Самуэль Агінскі (1595 – 1657); Багдан Статкевіч (?-1651), кашталян мсьціслаўскі; ягоны брат Самуэль Статкевіч, кашталян наваградзкі. Пратэстанцкія і праваслаўныя магнаты, асабліва Радзівілы і Агінскія, мелі паміж сабой моцныя сувязі[25]. Сэнатары-некаталікі падтрымлівалі ўсе пратэстанцкія і праваслаўныя цэнтры ў Рэчы Паспалітай і заснавалі нават некалькі новых[26]. Русінская арыстакратыя й месьцічы былі актыўнымі ўдзельнікамі праваслаўных брацтваў у Вільні, Полацку, Магілёве, Слуцку й Воршы.

У XVII беларускія праваслаўныя цэнтры ў ВКЛ знаходзіліся ў наступных гарадах:

Вільня: манастыр Сьвятога Духа, брацтва, школа, друкарня; падтрымліваліся родамі Радзівілаў і Агінскіх.

Магілёў: рэзыдэнцыя біскупа, праваслаўная брацтва, школа, манастыр, друкарня; падтрымлівалі роды Агінскіх і Статкевічаў.

Ворша: праваслаўнае брацтва, школа, манастыр, друкарня; падтрымліваў род Статкевічаў.

Слуцак: праваслаўнае брацтва і школа, падтрымліваў Багуслаў Радзівіл.

Літоўскія пратэстанцкія цэнтры, якія падтрымліваў Януш Радзівіл, знаходзіліся ў наступных гарадах:

Вільня: пратэстанцкая школа, катэдра.

Кейданы: пратэстанцкая гімназія, друкарня, лютаранскі й кальвініскі зборы.

Біржы: пратэстанцкая школа, кальвініскі й лютаранскі зборы.

Цэнтрам дысыдэнцкага руху на беларускіх зямлях быў Слуцак. Гэты горад быў уласнасьцяй Багуслава Радзівіла. Гэта быў найбагацейшы прыватнаўласьніцкі горад, у якім жыло каля 7000 чалавек. У пэрыяд з 1596 да 1632 г., калі праваслаўная царква ў краіне была па-за законам, у Слуцку было 14 праваслаўных цэркваў, 2 кальвінскія, адна лютаранская і ніводнага каталіцкага касьцёлу.

У час ваяводзкага кіраваньня Януша Радзівіла, у сталічнай Вільні войтамі былі два дысыдэнты: нямецкі гандляр, лютаранін Якуб Гібель і русінскі гандляр Пракоп Дарафіевіч[27]. У той самы час войтам Слуцку быў праваслаўны гандляр Амяльян Тышэвіч, а камэндантам гораду быў кальвініст шкот (шатляндзец) Ўільям Патэрсан[28].

Пратэстанцкія і праваслаўныя магнаты вельмі шмат зрабілі для развіцьця старалетувіскай і старабеларускай культуры. Яны фундавалі культурныя цэнтры, апекаваліся над шматлікімі навукоўцамі дысыдэнтамі, фінансавалі выданьне кнігаў на беларускай і летувіскай мовах. На працягу першай паловы XVII ст. з падтрымкай у асноўным магнатаў-некаталікоў было выдадзена 120 старабеларускіх і каля 40 летувіскіх кніг. У гэты самы пэрыяд было выдадзена каля 400 кнігаў на польскай мове. Такім чынам, кнігі на старабеларускай і летувіскай мовах складалі 40% ад польскіх выданьняў. Мы бачым, што на працягу першай паловы XVII ст. умовы для адукаванай часткі дысідэнтаў былі больш-менш спрыяльнымі, і падставаў для эміграцыі не было. Але ў другой палове XVII ст. сытуацыя радыкальна зьмянілася. Пасьля таго, як усе магнаты зрабіліся каталікамі (1667 г.) на старабеларускай і летувіскай мовах разам было выдадзена толькі 20 кнігаў. З 1654 г. да 1691 г. не было ніводнага выданьня на старабеларускай мове. У 1687 г. каталіцкая царква дамаглася закрыцьця ў Слуцку апошняй пратэстанцкай друкарні. Нягледзячы на вайну, колькасьць польскіх выданьняў заставалася ранейшай (400). Такім чынам, кнігі на старабеларускай і летувіскай мовах складалі толькі 5% ад выданьняў па-польску[29]. У 1660-я – 1680-я гг. польская мова хутка выціснула старабеларускую з афіцыйнага справаводзтва [30].

З 1622 г. да 1710 г. Рэч Паспалітая абодвух народаў і Швэцыя маюць агульную мяжу, якая праходзіць праз тэрыторыю сучаснай паўднёвай Латвіі.

Калі Польшча мае ўласны марскі порт Гданьск/Данцыг, то ВКЛ мае адзіны наўпроставы гандлёвы шлях да Балтыкі і ў Заходнюю Эўропу. У той час гэты шлях праходзіў праз швэдзкую Рыгу. Рыга была найбуйнейшым горадам Швэдзкага каралеўства й мела вялікае значэньне для эканомікі Вялікага Княства. Гандляры з ВКЛ прывозілі па Дзьвіне ў Рыгу мёд, футра, скуры жывёлаў. Са Швэцыі прывозіліся мэталёвыя вырабы, медзь, фаянс і “швэдзкі мармур”. Бізнэс гандляроў і што яшчэ важней гандаль збожжам са шляхецкіх фальваркаў цалкам залежалі ад швэдзкага рынку. Такім чынам, падчас першай Паўночнай вайны (1600 – 1629) паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй кіроўныя колы ВКЛ падпісалі ў Бальдэнмойжы у 1627 г. сэпаратную дамову са Швэцыяй, накіраваную супраць замежнай палітыкі Польшчы[31].

Калі ў 1654 г. пачалася вайна паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй, пратэстанцкая арыстакратыя спрабавала наладзіць дачыненьні са Швэцыяй. Вялікі гетман Януш Радзівіл і ягоны стрыечны брат Багуслаў Радзівіл, якіх падтрымлівала пратэстанцкая арыстакратыя, папрасілі швэдзкага караля Караля X дапамагчы ВКЛ палітычна адасобіцца ад Польшчы. Швэдзкае войска акупавала заходнюю частку ВКЛ (сучасную Летуву і паўночна-заходнюю Беларусь). 20 кастрычніка 1655 г. была падпісана вунія ў Кейданах, паводле якой ВКЛ разрывала свае стасункі з Польшчай і аб’ядноўвалася з пратэстанцкай Швэцыяй у фэдэральную дзяржаву[32]. У той жа час найбуйнейшыя русінскія магнаты Самуэль Статкевіч, Ян Агінскі, Самуэль Агінскі і Сымон Агінскі[33] перайшлі пад расейскую пратэкцыю[34].

Не было выпадковым тое, што русінскія гандляры з Вільні (“ryska kopman av Vilna”) падтрымлівалі зьвяз ВКЛ і Швэцыі. У ліпені 1655 г. яны дапамаглі наладзіць стасункі, праз сваіх партнэраў з Рыгі, паміж губэрнатарам Лівоніі Магнусам дэ ля Гардам і Янушам Радзівілам[35]. Апроч гэтага праваслаўныя гандляры забясьпечвалі швэдзкага караля Караля X грашыма[36]; трое зь іх падпісалі вунію са Швэцыяй.

У сваю чаргу, з той найвышэйшай арыстакратыі, якая падпісала Кейданскую вунію, большасьць складалі дысыдэнты. Пратэстантамі былі: Януш Радзівіл, вялікі гетман ВКЛ; лівонец Мікалай Корф, кашталян вэндэнскі; Яўстах Кірдзей, кашталян жмудзкі; Ян Мяжынскі, маршалак шляхты Вількамірскага павету; Ян Дэспат-Зяновіч, маршалак шляхты Ашмянскага павету; Тэафіл Дунін-Раецкі, маршалак шляхты Лідзкага павету; Ян Храпавіцкі, пасол ад Віцебскага павету, Самуэль Пуцята маршалак шляхты Браслаўскага павету ды іншыя[37]. У 1655-1656 гг. з 16-ці мясцовых чальцоў Рады швэдзкай Літвы 11 былі пратэстантамі[38].

Войны Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй (1654 – 1667) сталі катастрофай для ВКЛ. Краіна страціла 48,4% свайго насельніцтва. Ва ўсходняй частцы Беларусі гэта лічба дасягнула 72%[39] . Тысячы людзей былі гвалтоўна вывезеныя ў Расею. Толькі ў Маскве ў другой палове XVII ст. каля 15% насельніцтва былі беларусамі[40]. Расейскае войска захапіла ўсе друкарні, якія выдавалі кнігі кірыліцай, і разбурыла некалькі рэлігійных і культурных цэнтраў пратэстантаў.

Акрамя таго, гэтыя войны паклалі канец уладзе пратэстанцкай і праваслаўнай эліты ў ВКЛ. Пратэстантаў і праваслаўных можна было абвінаваціць у супрацоўніцтве з двума галоўнымі ворагамі Польшчы – Швэцыяй і Расеяй. Пасьля гэтых войнаў пачалася моцная антыпратэстанцкая і антыправаслаўная прапагандысцкая кампанія. Каталіцкая і грэка-каталіцкая царква лічылі швэдзкае й расейскае нашэсьце Божай карай за дазвол пратэстантам і праваслаўным жыць у супакоі. Вобраз пратэстантаў Вялікага Княства ў польскай культуры XVII -XVIII ст. – гэта вобраз здраднікаў[41]. Урэшце рэшт большасьць пратэстанцкага і праваслаўнага магнацтва перайшла ў каталіцтва разам з парафіямі, якія былі на іхных землях, а таксама шмат з кім са сваіх васалаў.

Найбольш радыкальная частка пратэстантаў, арыяне, у 1658 г. былі вымушану альбо прыняць каталіцтва, альбо быць выгнанымі з краіны[42]. Найбольш актыўныя арыяне пераехалі ў Кралявец (Кёнігзбэрг), дзе Багуслаў Радзівіл зрабіўся генэральным губэрнатарам Усходняй Прусіі. Яшчэ адна частка зь іх пераехала ў Амстэрдам, дзе яны разам з польскімі братамі выдалі “Bibliotheca fratrum polonorum”, манумэнтальнае збор дакумэнтаў да гісторыі гэтага руху. Некаторыя зь іх пакінулі Галяндыю й пераехалі ў Амэрыку, дзе яны заснавалі вунітарыянскую царкву[43]. Напрыклад, у 1659 г. Аляксандар Караль Курцыюс (Alexander Carolius Curtius), гадаванец пратэстанцкай гімназіі ў Кейданах, быў прызначаны дырэктарам першай школы ў Нью-Ёрку[44].

Апошнія пратэстанцкія сэнатары Ян Сасноўскі і Тамаш Касакоўскі памерлі паміж 1660 і 1664 гг. У 1667 г. памёр праваслаўны сэнатар Аляксандар Агінскі. Ён быў апошнім сэнатарам некаталіком у гісторыі Рэчы Паспалітай. У 1669 г. апошні праваслаўны магнат Марцыян Агінскі быў вымушаны перайсьці ў каталіцтва. Ён мусіў выбіраць паміж рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай царквой. Гэта было абавязковым патрабаваньнем уладаў і галоўнай умовай для працягу ім палітычнай кар’еры[45]. Без апекуноў пратэстанцкія і праваслаўныя цэрквы зрабіліся аб’ектам атакі каталікоў. Напрыклад, больш за палову грамадаў кальвінскай царквы “Беларускага” дыстрыкту (Полацак, Віцебск, Магілёў, Шацк, Галоўчын, Сакольня й Сервеч) былі зьнішчаныя ў 1670-я гг.[46] Кульмінацыяй рэпрэсіяў было зьнішчэньне кальвінскага збору ў Вільні ў 1682 г.[47] Напрыканцы XVI ст. у ВКЛ было 150 кальвінскіх грамадаў, у 1655 – 110, у 1696 – толькі 46[48].

Больш за 10 год пачынаючы ад 1678 г. у адзінай праваслаўнай эпархіі ВКЛ нават не было біскупа[49]. На працягу другой паловы XVII ст. пратэстанцкае і праваслаўнае магнацтва й месьцічы паступова пераходзілі ў становішча нязначнай рэлігійнай меньшасьці. Контррэфармацыя ў ВКЛ скончылася пасьпяхова[50]. У той самы час каля 15 студэнтаў-кальвіністаў з ВКЛ навучаліся ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы: чацьвёра ў Ляйдэнскім унівэрсытэце, трое – у Марбурскім, двое ва ўнівэрсытэце Фракфурта-на-Одэры, двое – у Бэрлінскай Ёахімстальскай гімназіі. Большасьць зь іх ня мелі магчымасьці вярнуцца[51].

У такіх умовах для шматлікіх інтэлектуалаў-некаталікоў засталіся толькі два варыянты: перайсьці ў каталіцтва, або пакінуць краіну. Шмат хто зь іх абраў эміграцыю. Пратэстанты пераехалі на Захад, а праваслаўныя – у адзіную незалежнаю праваслаўную краіну Эўропы – Расею. Некаторыя русінскія пратэстанты таксама абралі Маскву.


Усходняя Прусія – Кралявец/Кёнігзбэрг/Калінінград
Буйная грамада пратэстантаў Вялікага Княства, утвораная ў сярэдзіне XVII ст. у Прусіі, існавала да 1767 г., калі ў Рэчы Паспалітай зноў была абвешчана свабода сумленьня і некаторыя пратэстанты вырашылі вярнуцца на гістарычную бацькаўшчыну. Увесь той час у Кёнігзбэргу быў кальвінскі збор, які належаў да Ядноты Літоўскай , вернікі карысталіся польскай мовай якая выконвала функцыі мовы міжнародных стасункаў, таксама там была друкарня[52]. У другой палове XVII ст. набольш вядомымі вернікамі грамады былі наступныя постаці:

Багуслаў Радзівіл, князь слуцкі, адзін з галоўных лідараў дысыдэнтаў Вялікага Княства. Ён быў ахрышчаны ў лютаранскай царкве й меў нямецкія, літоўскія і русінскія карані. Ягонай маці была Элізабэта Сафія Гагэнцолерн. Швэдзкі кароль Караль Х, вялікі электар Прусіі Фрыдрых Вільгельм і французкі кароль Люі ХІІІ былі ягонымі сваякамі. Але ў ВКЛ ён ня быў нават сэнатарам, таму што належаў да пратэстантаў. Як вынік, ён быў незадаволены кіраваньнем караля Яна Казімера Вазы і падтрымліваў швэдаў у 1655 – 1657 гг. Ад 1659 да 1669 г. ён знаходзіўся на службе ў свайго сваяка вялікага электара Фрыдрыха Вільгельма і быў генэральным губэрнатарам Усходняй Прусіі. Плён Радзівілавай палітыкі быў у тым, што Слуцак быў адзіным буйным горадам ВКЛ, які ня здолелі захапіць расейскія войскі падчас вайны 1654 – 1667 гг. Ён фінансава падтрымліваў слуцкую пратэстанцкую гімназію заснаваную ў 1617 г., якая лічылася найлепшай гімназіяй у Беларусі і праіснавала да 1914 г. Ён сабраў вялікую бібліятэку, у якой знаходзіўся ўнікальны рукапіс, адзін з найстаражытнейшых усходнеславянскіх летапісаў, гэтак званы “Радзівілаўскі летапіс”. Ягоны кнігазбор быў перададзены Кёнізбэрскаму ўнісэрсытэту. Б. Радзівіл быў выбітным палітычным дзеячом у гісторыі ВКЛ і Прусіі[53].

Самуэль Пшыпкоўскі (1592-1670), значная постаць сярод арыянаў. Ён быў палякам паводле паходжаньня. Навучаўся ў Галяндыі (Ляйдэнскі ўнівэрсытэт). У 1628 г. у Галяндыі выйшла ягоная кніга на лаціне “Роздум пра супакой і згоду ў Царкве”, якая тычылася магчымай еднасьці паміж арыянамі, кальвінамі й лютаранамі. Кніга была перакладзена на ангельскую мову Джонам Дз’юры, які быў службоўцам у Ангельскай Гандлёвай Кампаніі ў Эльблёнгу. Самуэль Пшыпкоўскі вярнуўся ў Польшчу ў 1630-я гг. Пасьля зьнішчэньня Ракава – польскага цэнтру радыкальнага пратэстанцтва – ён пераехаў у Вялікае Княства. У ВКЛ Пшыпкоўскі жыў ад 1638 да 1659 г. і супрацоўнічаў з Багуславам Радзівілам. Пасьля выгнаньня арыянаў ён мусіў пераехаць у Прусію, дзе зрабіўся сакратаром новага губэрнатара. У Прусіі ён працягваў падтрымліваць стасункі з арыянамі й галяндзкімі пратэстантамі. Шмат лістоў даслаў Самуэль Пшыпкоўскі з Кёнізбэргу ў Галяндыю, напрыклад пастару Джону Нэранусу (John Naeranus) і Яну ван дэр Нэеру (Jan van der Neer). Таксама ён выдаў апалёгію ў абарону Януша Радзівіла супраць абвінавачваньня яго ў дзяржаўнай здрадзе падчас Малой Паўночнай вайны са Швэцыяй, а пазьней ён напісаў апалёгію Багуслава Радзівіла[54]. Тэалягічныя працы Пшыпкоўскага якія належаць да залатой думкі эўрапейскай Рэфармацыі складаюць апошні том выданьня “Bibliotheca fratrum polonorum”, надрукаванага ў Амстэрдаме[55].

Язэп Нарановіч-Наронскі (? – 1678), знакаміты картограф Беларусі, Летувы й Прусіі, інжынэр і гісторык. Ён навучаўся ў кальвінскай гімназіі ў Кейданах, і, магчыма, у Галяндыі. З 1644 г. Нарановіч-Наронскі быў на службе ў Януша Радзівіла. У 1644 –1653 гг. ён зрабіў пляны радзівілаўскіх гарадоў Беларусі й Летувы[56]. У 1650-м г. Нарановіч-Наронскі напісаў “Мастацтва матэматычных навукаў”, прысьвечанае оптыцы, геамэтрыі й ваенным фартыфікацыям. Пасьля спачыну Януша Радзівіла Нарановіч-Наронскі быў вымушаны перахаць у Прусію да Багуслава Радзівіла. У Прусіі ён стварыў “Генэральную мапу Ўсходняй Прусіі”[57]. Нарановіч-Наронскі прыдумаў праект злучэньня рэкаў Нёману й Прэголі, які прадугледжваў наўпроставы гандлёвы шлях, што зьвязаў бы ВКЛ з Прусіяй ды іншымі балтыйскімі краінамі. У 1665 г. ён напісаў трактат “Мастацтва артылерыі”. У 1670 г. Нарановіч-Наронскі напісаў гісторыю Рэчы Паспалітай пад назвай “Праўдзівая гісторыя манархіі скіфаў і сарматаў”. На жаль большасьць ягоных працаў не захавалася. Памёр Нарановіч-Наронскі у Краляўцы ў 1678 г.[58]


Ангельшчына-Лёндан
Самуэль Багуслаў Хілінскі (1631-1668). Самуэль Хілінскі нарадзіўся ў Жамойці, у сям’і кальвінскага пастара. У 1653 г., ён паступіў у Кейданскую кальвінскую гімназію. У 1654 г. Самуэль Хілінскі атрымаў стыпэндыю на тэалягічную адукацыю за мяжой і пачаў навучаньне ў Франэкерскім унівэрсытэце. Ён ня меў магчымасьці вярнуцца дадому, таму што каталікі зруйнавалі кальвінскі збор у ягоным горадзе. Таму, ў 1657 г. ён зьехаў у Лёндан і распачаў навуку ў Оксфардзкім унівэрсытэце. У тым самым годзе (22 кастрычніка) ён распачаў перакладаць Біблію на летувіскую мову, карыстаючыся, у асноўным, галяндзкім перакладам. У 1659 г. Хілінскі скончыў пераклад. У 1660 г. ён пачаў друкаваць свой пераклад у Лёндане. У 1661 г. Хілінскі вярнуўся ў Літву й распавёў пра сваю працу кальвінскай грамадзе. Але ягоная праца была ацэнена адмоўна, і ў 1662 г. друкаваньне Бібліі было спынена. Памёр Хілінскі у галечы ў Лёндане. На сёньняшні дзень захаваліся толькі тры асобнікі ягонай няскончанай Бібліі (ад Кнігі Роду да 40-га Псальма). У 1958 г. гэты пераклад у рэшце рэшт быў выдадзены ў Польшчы[59].

Ян Краінскі (1625-1685), кальвінскі пастар і гісторык кальвінскае царквы ВКЛ. Ён быў сынам чэскага сьвятара Валента Грацыяна (Valent Gratian) – кальвініста, які эміграваў з Багеміі пасьля бітвы на Белай Гары ў 1620 г. Перад 1643 г. Краінскі зьмяніў імя па-бацьку на больш славянскае. Навучаўся Краінскі ў Галяндыі. З 1654 ён працаваў выкладчыкам у новай кальвінскай школе ў Заблудаве (Гарадзенскі павет). З 1658 г. быў асабістым сьвятаром Багуслава Радзівіла. З 1660 да 1666 г. Краінскі жыў у выгнаньні ў Лёндане. Ён атрымаў “рэкамэндацыйны ліст” ад Багуслава Радзівіла. У 1661 г. Краінскі сустракаўся з ангельскім каралём Чарльзам ІІ. Падчас гэтай сустрэчы Краінскі афіцыйна папрасіў у караля дазволу на збор грошай у Ангельшчыне дзеля дапамогі кальвінскай царкве Вялікага Княства. У выніку Краінскі атрымаў “прывілей” ад караля і пачаў зьбіраць грошы ў Ангельшчыне й Уэльсе[60]. У Лёндане Краінскі меў сутычку зь яшчэ адным літоўскім кальвіністам, Самуэлем Хілінскім, які хацеў, каб усе грошы сабраныя Краінскім, былі выкарыстаныя на друкаваньне Бібліі на летувіскай мове. Пасьля таго як скончылася вайна ў 1667 г., Краінскі вярнуўся дадому і пачаў служыць пастарам у беларускай Орлі ля Горадні (сучасная Польшча). Краінскі – аўтар унікальнага гістарычнага нарысу “Рэляцыя пра гаротны стан Царквы Хрыстовай, што вызнае Пратэстанцкую рэлігію ў Вялікім Княстве Літоўскім, пададзеная ўвазе ўсіх спачувальных Хрысьціянаў”[61].


Галяндыя-Амстэрдам
Фларыян Крыцкі (? – пасьля 1660) – найбольш выбітны пратэстанцкі філёзаф Рэчы Паспалітай XVII ст. Ён нарадзіўся ў Жамойці, адукацыю атрымаў у Кёнігзбэрскім унівэрсытэце. Пазьней, як ахвяра рэлігійнай нецярпімасьці, пераехаў з ВКЛ у лютаранскі Гданьск. У Гданьску працаваў лекарам. Аднак, згодна з рашэньнем рады Гданьску быў выгнаны з гораду як арыянін. Пра ягонае жыцьцё ёсьць мала зьвестак. У 1657 г. ён наведаў мараўскіх арыянаў у Вугоршчыне. У той самы час у Амстэрдам праз Курляндыю прыехала шмат пратэстантаў зь Вялікага Княства, сярод іх Ян Старкевіч (Starkius), які 24 гады быў рэкратам Кейданскай пратэстанцкай гімназіі. Магчыма, менавіта дзеля гэтага Фларыян Крыцкі пасьля 1657 г. прыехаў у Амстэрдам і рэшту свайго жыцьця пражыў у гэтым горадзе. Славуты чэх Ян Амос Каменскі, галоўная постаць у пратэстанцкіх інтэлектуальных колах Эўропы клапаціўся пра побыт Яна Старкевіча ды іншых пратэстантаў з Літвы ў Амстэрдаме[62]. Каменскі ведаў асабіста шмат каго з пратэстантаў Вялікага Княства таму дапамагаў ім пачаць новае жыцьцё на эміграцыі[63]. У Амстэрдаме Фларыян Крыцкі напісаў некалькі працаў, з філязофіі, астраноміі і матэматычных навук[64] .

Гальляш Капіевіч (1651-1714), найбуйнейшы выдавец славянскіх кнігаў у Заходняй Эўропе, перакладчык і аўтар сучаснай вэрсіі кірылічнага альфабэту. Капіевіч нарадзіўся ў кальвінскай сям’і русінскай шляхты. У 1660 г., у 9 год, ён быў захоплены ў палон расейскімі войскамі і вывезены ў Маскву, дзе ён авалодаў расейскай мовай (маскоўскім дыялектам). Пасьля заканчэньня вайны з Расеяй, Капіевіч вярнуўся на бацькаўшчыну. Але каталіцкая царква захапіла ягоную маёмасьць. Сам ён быў абвінавачаны ў калябарацыі з Расеяй. У 1667 г. Капіевіч эміграваў у Галяндыю. Ён навучаўся ў Амстэрдамскім унівэрсытэце, а пазьней ва ўнівэрсытэтэце Капэнгагэну. Каля 1682 г. ён зрабіўся пастарам у Амстэрдаме. У тым самым часе ягоны брат Багуслаў Капіевіч быў кальвінскім пастарам у беларускім Койданаве[65].

Выпадковая сустрэча з расейскім царом Пятром І у Амстэрдаме ў 1697 г. зьмяніла жыцьцё Капіевіча. Пётар І папрасіў яго як адмыслоўца ў лаціне, нямецкай, галяндзкай, польскай, беларускай і асабліва расейскай мовах заснаваць у Амстэрдаме друкарню, якая б выдавала навуковыя кнігі для Расеі. Капіевіч пакінуў пастарства й заснаваў выдавецтва кнігаў у Амстэрдаме ў друкарні Яна Тэсінга (Jan Tessing), а пазьней у сваіх уласных друкарнях у Амстэрдаме, Капэнгагэне й Бэрліне. Усяго, паміж 1698 – 1706 гг. Капіевіч падрыхтаваў і выдаў каля 20 кнігаў па астраноміі, матэматыцы, ваенным мастацтве й караблебудаваньні на расейскай і царкоўнаславянскай мовах. Гэта складала 30% ад усіх расейскіх кнігаў, выдадзеных у той пэрыяд. Капіевіч распрацаваў новы шрыфт для сваіх кнігаў, які пазьней атрымаў назву “гражданка”. Ён зьмяніў фармат кірылічнага шрыфту. Новы шрыфт быў прасьцейшы, ягоная форма была выразная, і істотна адрозьнівалася ад старога царкоўнаславянскага альфабэту, які выкарыстоўваўся раней. Альфабэт быў створаны на базе шрыфтоў беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Шрыфт Капіевіча сёньня выкарыстоўваецца ў Беларусі, Баўгарыі, Македоніі, Расеі, Сэрбіі-Чарнагорыі, Ўкраіне, Казахстане ды іншых краінах. Цікава, што Капіевіч ліставаўся з Готфрыдам Ляйбніцам. У часе Вялікай Паўночнай вайны Капіевіч прыняў расейскае падданства (1707 г.) і пераехаў у Маскву, дзе быў перакладчыкам на дзяржаўнай службе.


Расея-Масква
Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч, 1629-1680), выдатны беларускі й расейскі пісьменьнік. Заснавальнік сучаснай расейскай паэзіі. Ён паходзіў з Полацку, належаў да адной з найбагацейшых сем’яў гандляроў і пры народзінах быў ахрышчаны ў праваслаўе. З 1643 г. Полацкі вывучаў тэалёгію ў Кіеўскім калегіюме, адзінай праваслаўнай вышэйшай школе ў Рэчы Паспалітай. Каля 1650 г. паступіў у Віленскую езуіцкую акадэмію дзе яму давялося прыняць грэка-каталіцтва. Падчас літоўскага пэрыяду Полацкі пісаў па-старабеларуску, польску і на лаціне. У той час ён быў абсалютна верны Рэчы Паспалітай. Напрыклад, нядаўна быў адшуканы верш-эпітафія Полацкага ў якім ён нэгатыўна выказваецца пра расейскія войскі[66]. Сімяон Полацкі – аўтар дзьвюх “швэдзкіх паэмаў” пра Караля Х: “Кароль шукае швэдзкіх афіцэраў” і “Адчай швэдзкага караля” (1657 г.)

Калі выбухнула вайна з Расеяй Полацкі вярнуўся ў свой родны горад і зноў перайшоў у праваслаўе. У Полацку ў 1656 і 1660 г. ён арганізоўваў урачыстыя сустрэчы расейскага цара Аляксея Міхайлавіча. У 1664 г. Полацкі пераехаў у Маскву, дзе зрабіўся галоўным ідэолягам засяроджаньня ўсіх праваслаўных земляў пад уладай Расеі, і выкладчыкам лаціны й польскай мовы ў расейскай выведцы (“приказ тайных дел”). У 1667 г. ён зрабіўся настаўнікам дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча. У Расеі Полацкі пачаў пісаць на расейскай і царкоўнаславянскай мовах. Ён напісаў некалькі паэмаў і п’есаў для першага расейскага тэатру. У 1678 г. арганізаваў друкарню ў Крамлі. У 1680 г. стварыў праект заснаваньня першай вышэйшай навучальнай установы ў Расеі “Славяна-грэка-лацінскай акадэміі”. Полацкі зьяўляецца адной з галоўных постацяў расейскай і беларускай літаратуры XVII ст.[67]

Ян Мануэль Белабоцкі (калі 1650 – пасьля 1700), беларускі і расейскі пісьменьнік і літаратурны перакладчык канца XVII ст. Нарадзіўся ў Слуцку. Пасьля заканчэньня Слуцкай кальвінскай гімназіі ён навучаўся ў пратэстанцкай школе ў Торуні, пазьней у Францыі. Вярнуўся ў ВКЛ каля 1670 г. і пачаў працаваць пастарам у Слуцкім кальвінскім зборы. Сярод людзей ягоныя казані былі вельмі папулярныя. Вынікам гэтага быў перасьлед з боку езуітаў. Белабоцкі быў вымушаны зьехаць у Магілёў, цэнтар праваслаўя і месца рэзыдэнцыі адзінага праваслаўнага біскупа. У Магілёве ён хацеў заснаваць гімназію, але беспасьпяхова. Адтуль ён мусіў пераехаць у Смаленск, які ад 1667 г. належаў да Расеі. Аднак езуіты напісалі былому вялікакняскаму магнацтву ў расейскім Смаленску, каб тыя моцна асьцерагаліся сьвятара Яна Белабоцкага, таму што ён прагне заснаваць “герэтычную школу”[68].

У 1681 г. Ян Белабоцкі пераехаў у Маскву і перайшоў у праваслаўе, прыняў імя Андрэй і працаваў у міністэрстве замежных справаў (“посольский приказ”) у якасьці перакладчыка з лаціны, польскай і старабеларускай моваў. Пазьней ён беспасьпяхова імкнуўся зрабіцца выкладчыкам у першай вышэйшай школе, гэтак званай “Славяна-грэка-лацінскай акадэміі”, якую заснаваў другі эмігрант Сімяон Полацкі. У 1685 г. ён напісаў філязофскую працу “Кароткая дыскусія паміж Дабрынёй і Праўдай”. Таксама ён пераклаў на беларускую вэрсію царкоўнаславянскай мовы знакамітую працу Томаса Кэмпіса (Thomas Kempis) “De imitatione Christi”. У 1686 – 1690 гг. ён жыў у Кітаі як чалец расейскай дыпляматычнай місіі. У расейскай літаратуры ён вядомы як аўтар першай доўгай рэлігійнай паэмы, “Пэнталёгія, альбо пяць кароткіх гісторыяў пра чатыры галоўныя рэчы ў чалавечым жыцьці”. У 1698 – 1699 гг. ён перакладаў з лацінскай на царкоўнаславянскую сярэднявечную філязофскую, кабалістычную й альхімічную кнігу “Ars Magna” напісаную Раймундусам Люліюсам (Raimundus Lullius)[69]. Памёр у Маскве.

Сымон Гутоўскі (? – 1685), распрацоўнік першага расейскага друкарскага варштату для музычных кнігаў. Нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і. Верагодна быў вывезены расейцамі ці эміграваў з уласнай волі пасьля вайны 1654 – 1667 гг. Гуткоўскі быў першым у Маскве майстрам па арганах. Ён стварыў першы арган у Расеі. Сярод ягоных вырабаў былі арганы ў Крамлі і ў дамах “эўрапейскіх” баяраў Артамона Матвеева й Мікалая Раманава. Ён уваходзіў у склад расейскай амбасады ў Іране (1662 – 1664 гг.). Там ён ад імя расейскага цара Аляксея Міхайлавіча падараваў арган пэрсыдзкаму шаху Абасу ІІ. Гэта быў адзін зь першых арганаў у Азіі. У 1677 г. Гутоўскі рапрацаваў першы расейскі варштат музычных кнігаў. Абодва ягоныя сыны Іван і Самуіл, зрабіліся знакамітымі ў Расеі арганнымі майстрамі[70].

Лявон Тарасевіч (1650 – 1710), выбітны мастак і гравёр Беларусі, Летувы, Украіны й Расеі. Ён нарадзіўся ў беларускім мястэчку Глуск у праваслаўнай сям’і. Уладальнікам мястэчка быў князь Аляксандар Гіляры Палубінскі маршалак вялікі Літоўскі. Ягоны бацька русінскі магнат Аляксандар Палубінскі быў вядомым апекуном праваслаўнай царквы, аднак Аляксандар Гіляры з палітычных меркаваньняў перайшоў у каталіцтва. Нягледзячы на гэта ён пачаў апекавацца двума маладымі праваслаўнымі мастакамі, якія яму служылі – Лявонам і ягоным братам Аляксандрам. Палубінскі паслаў Тарасевіча ў Аўсбург у майстэрню братоў Кіліян (Cilian). Скончыўшы навуку Тарасевіч вярнуўся ў ВКЛ і працаваў у Вільні пад патранажам Палубінскага. Тут ён стварыў сэрыю партрэтаў магнатаў і біскупаў Вялікага Княства. У 1695 г. Тарасеві аформіў адну з апошніх кнігаў на старабеларускай мове “Служэбнік”, якая выйшла ў Вільні з партрэтам князя Караля Радзівіла. Пасьля сьмерці ў 1679 г. Аляксандра Палубінскага, Тарасевіч быў вымушаны пакінуць каталіцкую Літву і пераехаць у гетманскую Ўкраіну, а пазьней у Расею. Ад 1688 г. Тарасевіч жыў у Маскве, дзе стварыў шэраг партрэтаў расейскай арыстакратыі, сярод іх партрэт царыцы Соф’і (1688). Сёньня адзіная копія гэтага партрэта захоўваецца ў Амстэрдаме, таму што пасьля прыходу да ўлады Пятра І, усе копіі гэтага партрэта былі зьнішчаныя. Памёр Тарасевіч у Маскве[71].

Апроч вышэйзгаданых асобаў у Маскве ў другой палове XVII ст. жыло некалькі адукаваных эмігрантаў зь Беларусі: выдатны кампазытар і заснавальнік сучасных расейскіх царкоўных сьпеваў Мікалай Дылецкі; музыкі Ян Кокля й Казімер Васілеўскі; скульптар Клім Міхаловіч; стваральнік першага расейскага тэатру Іван Падборскі; заснавальнік першай у Расеі мануфактуры па вытворчасьці каляровай пліткі Ігнат Максімовіч ды інш.

Высновы

“Уцёкі мазгоў” з Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVII ст. мелі шэраг прычынаў. Першачарговай сярод іх быў посьпех Контррэфармацыі, і як наступства гэтай зьявы, палітычная й фінансавая крыза пратэстанцкай і праваслаўнай цэркваў; адсутнасьць фундатараў і ўплывовых апекуноў; вайна 1654 – 1667 гг. Лёс эмігрантаў склаўся па-рознаму. Некаторыя зь іх такія як Сімяон Полацкі пасьпяхова асіміляваліся ў новым асяродзьдзі; іншыя, як Самуэль Хілінскі ўсё жыцьцё спрабавалі падтрымліваць кантакт з роднай зямлёй. Эміграцыя з краіны вялікай колькасьці выбітных людзей была вялікай стратай для мясцовых культураў таго часу. Контрэфармацыя завяршылася посьпехам. Каталіцтва зрабілася сымбалем вернасьці Рэчы Паспалітай. Крок за крокам арыстакратыя і верхнія пласты месьцічаў прымалі польскую культурную і палітычную тоеснасьць. У 1696 г. польская была абвешчана афіцыйнай мовай ВКЛ. У XVIII ст. Вялікае Княства Літоўскае зрабілася ўсяго толькі літоўскай правінцыяй вялізнай польскай дзяржавы. З гэтага часу мы можам казаць, у зьвязку з утварэньнем новай польскай тоеснасьці шматэтнічнай шляхты Вялікага Княства, формула якой выглядала наступным чынам “паходжаньня летувіскага/беларускага, нацыі польскай”[72]. Гэта добра ўсьведамлялі палякі. Напрыкалад адзін зь вядомых польскіх пісьменьнікаў пачатку 19 ст. Генрык Жэвускі адкрыта пісаў “ Жыгімонт Ваза і ягоны сын стварылі Польшчу на Русі...калі каталіцкая рэлігія запанавала ў ВКЛ то ўсе іншыя праявы польскага жыцьця ўкараніліся самі па сабе...імя русіна стала агідным”[73]. З аднаго боку, у выніку гэтага працэсу большасьць летувіскай, русінскай і жамойцкай арыстакратыі парабіліся “чужымі людзьмі” для сялянаў і нацыянальных дзеячоў ХІХ – пачатку ХХ ст. З другога ж боку, страта патэнцыйнай часткі эліты напрыканцы XVII ст. была адной са шматлікіх прычынаў запозьненасьці нацыянальных рухаў беларусаў і летувісаў, што разгарнуліся толькі ў другой палове ХІХ ст.

_________________________________________



1. Цягам ХІХ – пачатку ХХ ст. абодва сучасныя нацыянальныя праекты (беларускі й летувіскі) былі створаныя на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага. Вельмі малы лік прадстаўнікоў гістарычнай шляхты Вялікага Княства ўзялі ўдзел у гэтых рухах.

2. Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 г. (разьдзел 3, артыкул 12), гл: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Mінск. 1989, с. 118.

3. Сучасныя летувіскія гісторыкі лічаць “рускую” або “беларускую” мову (апошні тэрмін пачаў ужывацца ў XVII ст.) “мёртвай славянскай канцылярскай мовай”. Паводле лінгвістаў “руская мова” была жывая і падобная да дыялектаў і літаратурнай сучаснай беларускай мовы. Яна была lingua franca для шматэтнічнай шляхты ВКЛ, роднай мовай беларускай шляхты, галоўнай мовай даўняй беларускай літаратуры і афіцыйнай мовай ВКЛ паводле Статуту 1588 г. (разьдзел 4, артыкул 1). Гл. падраб.: Лазутка, Станисловас.Гудавичус, Эдвардас. 1983. Первый Литовский Статут. Палеографический и текстографический анализ списков. Том. 1. Вильнюс, с. 181; Lazutka, Stanislovas. 1997. Jezyk Statutow Litewskich i Metryki Litewskiej. Lithuania, 1-2 (22-23), p. 26-33; Свяжынскі, Уладзімір. 2001. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага княства Літоўскага. Metriciana. Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. Том 1. Mінск. Даступны празь Сеціва: http://starbel.narod.ru/metr1/metr1_sviaz.htm

4. Гл. падраб.: Краўцэвіч, Аляксандр. 2000. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Жэшаў; вядучая праца на гэтую тэму па-ангельску: Snyder Timothy. 2003. The reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569-1999. New Haven - London, p. 13-102.

5. Bothvidi, Johannes Gothos. 1620. Theses de qvaestione utrum Muschovitae sint Christiani. Holmiae (Stockholm), p. 3.

6. У арыгінальнай ангельскай версіі гэтага артыкула я выкарыстоўваю сучасныя летувіскія й беларускія геаграфічныя назвы (нпр. Vilnius). Аднак я карыстаюся прынцыпам аўтэнтычнасьці пры напісаньні імёнаў і прозьвішчаў дзеячоў Вялікага Княства, варыянт які адрозьніваецца ад сучаснага летувіскага й беларускага правапісу. У той час імя і прозьвішча кожнай асобы было вядома прынамсі ў трох варыянтах: польскім, беларускім (кірылічным) і лацінскім. Тут я аддаю перавагу польскай вэрсіі.

7. У беларускім перакладзе ўсе назвы і імёны падаваліся ў адпаведнасьці з сучаснай беларускай гістарыяграфіяй – пер.

8. Котлярчук, Андрей. 1998. Православная церковь в Великом княжестве Литовском. Вестник Белорусского православного экзархата. Т.1. Mинск, с. 7-25.

9. Kiaupiene, Jurate. 1997. The Grand Duchy of Lithuania in East Central Europe or once again about the Lithuanian-Polish Union. Lithuanian Historical Studies. V. 2. Vilnius, p. 68.

10. Іванова, Людміла. 1997. Рэфармацыйны рух на Беларусі. Беларускі гістарычны часопіс. № 2., с. 58.

11. Kotlubaj, Edward. 1859. Zycie Janusza Radziwilla s. Panstwa Rzymskiego Xiazecia na Birzach i Dubinkach. Wilno –Witebsk, p. 49.

12. Гл.: Варонін, Васіль. 1998. Палітычная сыстэма Полацкага ваяводзтва ў першай паловеXVII ст. Беларускі гістарычны агляд. Т.5. Сшытак 1 (8). Менск, с. 27-66.

13. Mallek, Jerzy. 1996. Polscy i litewscy studenci na uniwersytecie Krolewieckim. Polska i jej wschodni sasiedzi od sredniowiecza po wspolczesnosc. Torun, p. 179.

14. Liedke, Marzena. 2002. Szlachta ruska Wielkiego Ksiestwa Litewskiego a Reformacja. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 18. Даступны празь Сеціва: http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/bzh/index.htm.

15. Больш падрабязна пра выкарыстаньне летувіскай мовы літоўскім рэфармацыйным рухам гл.: Luksaite, Inga. 1970. Apie lietuvisku reformatu knygu plitima Lietuvoje XVII a. Vilnius.

16. Luksaite, Inga. 1999. Reformacija Lietuvos Didziojoje Kunigaikstysteje ir Mazojoje Lietuvoje. Vilnius; Kriegseisen, Wojciech. 1996. Ewangelicy Polscy i Litewscy w Epoce Saskiej. Warszawa, p.100-101.

17. Monumenta Reformationis Polonicae et Lithuanicae. Wilno, 1911. No 4.

18. Пераклад паводле: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (пераклад на бел. мову А. Шагуна). Мінск, 2002, с. 42.

19. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Mінск. 1989, с. 112-113.

20. “Літоўская Метрыка”. Кніга 73, с. 508-509. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 18. Вопіс 1. Справа 73.

21. Тэкст пагадненьня гл.: Уния в документах. Mинск, 1997. № 106, с. 300-307.

22. Degiel, Rafal. 2000. Protestanci i Prawoslawni. Patronat wyznaniowy Radziwillow birzanskich nad Cerkwia prawoslawna w ksiestwie Sluckim w XVII w. Warszawa, p. 19.

23. Ibid., p.151.

24. Weingart, Milos. 1926. Manualnik Grigorija Kujbedy z roku 1652. Bratislava, p.14.

25. Lulewicz, Henrik 1977. Sklad wyznaniowy senatorow swieckich Wielkiego Ksiestwa Litewskiego za panowania Wazow. Przeglad Historyczny. T. LXVIII, Z. 3. p. 425-445.

26. Ледке, Мажэна. 2001. Сувязі Агінскіх з пратэстанцтвам у першай палове XVII ст. Гістарычны Альманах. Том 5. Гродна, с. 105-112.

27. Wisner, Henrik. 2000. Janusz Radziwill 1612-1655. Wojewoda wilenski. Hetman wielki litewski. Warszawa.

28. Kosman, Marceli. 1978. Protestanci i Kontrreformacja. Z dziejow tolerancji w Rzeczypospolitej XVI-XVIII wieku. Wroclaw, p. 84.

29. Diegel, op. cit., p. 126; Lauda albo uchwala do obrony porzadku y ozdoby miasta Slucka przez pana JMC Patersona Wilhelma obmyslone: Przyczynek do dziejow Slucka (1654-1660 r.). Przeglad bibliograficzno-archeologiczny. 1881. V.2, p.137-149.

30. Кніга Беларусі. Зводны каталог. 1517-1917. Mінск, 1986; Knygos Lietuviu Kalba. T.1. 1547-1861. Vilnius, 1969; Ivanovic, Maria. 1998. XVII a. Lietuvos lenkiskos knygos. Kontrolinis sarasas. Vilnius.

31. Фактычна, гэты працэс пачаўся адразу пасьля Люблінскай вуніі. Аднак, у першай палове XVII ст. па-старабеларуску вялося прыкладна 30% запісаў дзяржаўнага архіву ВКЛ (“Літоўскай Мэтрыкі”).

32. Wisner, Henrik. 2001. Rozejm w Baldenmojzie (1627). Lietuva ir jos kaimynai. Nuo normanu iki Napoleono: straipsniu rinkinys. Vilnius, p. 266–277.

33. Sapoka, Adolfas. 1990 (1938) 1655 metu Kedainiu sutartis arba svedai Lietuvoje 1655-1656 metais. Vilnius; Wasilewski, Tadeusz. 1973. Zdrada Janusza Radziwilla w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy. Odrodzenie i Reformacja w Polsce. Volume 18. Warszawa, p.125-147; Englund, Peter. 2000. Den oovervinnerlige. Om den svenska stormaktstiden och en man i dess mitt. Stockholm, p. 200-223.

34. Праваслаўны Сымон Агінскі навучаўся ў Галяндыі; ягоная жонка Е. Стаакман (T. Staakman) паводле паходжаньня была галяндзкай пратэстанткай.

35. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Mінск, 1993, с. 33.

36. Ліста Магнуса Габрыэля дэ ля Гарда да Караля X, 22.07.1655. Riga. In: Riksarkivet. Livonica II. Generalguvernor Livland till Kungliga Majestat 1655-1656. A.2 - A.3 opp.

37. НГАБ. Ф. 1823. Т. 1. С. 1. а. 466-466.

38. Konopczynski, Wladyslaw, Lepszy, Kazimierz. 1935. Akta Ugody Kiedanskiej 1655 roku. Ateneum Wilenskie, R.10, Wilno, p. 173-224; Gronski, Paul. 1928. Le traite Lituano-Suedois de Keidany (18 aout 1655). Revue historique. V.159, p.291-304.

39. Riksarkivet. Militaria. Vol. 1304.

40. Morzy, Jozef. 1965. Kryzys demograficzny na Litwie i Bialorusi w II polowie XVII wieku. Poznan, Table 23.

41. Грыцкевіч, Валянцін. 1993. Беларуска-рускія перасяленьні ў XIV-XVIII ст. Спадчына. № 3., с. 31-38.

42. Libiszowska, Zofia. 1957. Antyszwedzka literatura propagandowa z czasow “Potopu”. Polska w okresie drugiej wojny polnocnej 1655-1660. Warszawa, p.481-527.

43. Prawa, Konstytucye y Przywileie Krolewstwa Polskiego, Wielkiego Xiestwo Litewskiego y wszystkich prowincyi nalezacych. Volumen Quartum (4). Ab anno 1641 ad annum 1668. 1859. St. Petersburg, p. 238-239.

44. Tazbir, Janusz. 1977. Bracia polscy na wygnaniu. Studia z dziejow emigracji arianskiej. Warszawa.

45. Eriksonas, Linas. 2000. The lost Colony of Scots: Unravelling overseas connections in a Lithuanian town. Ships, Guns and Bibles in the North Sea and the Baltic States c. 1350-c. 1700. East Lothian, p. 180.

46. Lulewicz, op. cit., p. 443

47. Kriegseisen, op. cit., p. 109.

48. Zwolski, Boleslaw. 1937. Zburzenie zboru ewangelicko-reformawanego w Wilnie w 1682. Ateneum Wilenskie, V.XII. s. 482-514.

49. Сагановіч, Генадзь. 2002. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мінск, с. 94; Kriegseisen, op. cit., p. 100-101; Luksaite, Inga. 1999. Reformacija. Lietuvos Didziojoje Kunigaikstysteje ir Mazojoje Lietuvoje. Vilnius, p. 583-591.

50. Сагановіч, 2002., p. 291-292.

51. Mironowicz, Antoni. 1997. Prawoslawie i unia za panowania Jana Kazimierza. Bialystok; Можна сказаць, што пасьля 1687 г. у Беларусі застаўся фактычна толькі адзін пратэстанцкі цэнтар. Гэта быў Слуцак, якім валодаў эмігрант Багуслаў Радзівіл (да 1669) і ягоная дачка Людзьвіка Шарлота Радзівіл (1667 – 1695), якая жыла ў Прусіі, і нарэшце яе муж Караль Філіп Нойбург.

52. Lukaszewicz, Jozef. 1843. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. T.2. Poznan, p.171-173.

53. Kriegseisen, op. cit., p. 107.

54. Radziwill, Boguslaw. 1979. Autobiografia. Warszawa; Jacoby, Jorg. 1959. Boguslaus Radziwill: der Statthalter des Grosseen Kurfursten in Ostpressen. Marburg - Lahn.

55. Przypkowski, Samuel. Apologia pro illustrissimo ac celsissimo principe Janussio duce Radivilio, Vilnae, b.r (1655?); Przypkowski, Samuel. 1665. Zywot Jasnie Oswieconego Ksiazecia Imci Boguslawa Radziwilla. Нацыянальная бібліятэка Польшчы, мікрафільм 3490.

56. Przipoovii, Samuelis. (Przypkowski, Samuel ). 1692. Cogitationes sacrae ad initium Evangelii Matthaei et omnes Epistolas apostolicas. Bibliotheca fratrum polonorum. Volume 10. Eleutheropoli (Amsterdam); гл. таксама: Williams, George. 1980. The Polish Brethren. Scholars Press. Part 1., 287-313. Part 2., 659-669.

57. Гл.: Ragauskiene, Raimonda, Karvelis, Deimantas.1997. 1645 m. Juzefo Naronoviciaus-Naronskio Birzu kunigaikstystes zemelapis : Radvilu valdos istorija ir kartografija. Vilnius.

58. Szeliga, Jan. 1997. Rekopismienne mapy Prus Ksiazecych Jozefa Naronowicza-Naronskiego z drugiej polowy XVII wieku. Warszawa.

59. Lietz, Zygmunt. 1969. Naronowicz-Naronski kartograf Prus Ksiazecych. Komunikaty Mazursko-Warminskie. 1 (103).

60. Kot, Stanislaw. 1958. Geneza, tlo historyczne Biblii Litewskiej Chylinskiego. У: Biblia Litewska Chylinskiego. Nowy Testament. Wyd. C. Kudzinowski, J. Otrebski. Poznan; Kavaliunaite, Gina. The Lithuanian Bible translation modelled after Dutch example. Windmill Herald, February 7, 1996.

61. Letters Patent granted by Charles the Second, the king of England, Scotland, France and Ireland to John de Kraino Krainsky, minister of Gods Word, deputy of the National Synod of the Protestants Churches in the Great Dukedom of Lithuania. 12, July 1661. London. Printed by John Bill and Christopher Barker.

62. Гл. апошнюю публікацыю ў беларускім перакладзе: Краінскі, Ян 1993. Рэляцыя пра гаротны стан Царквы Хрыстовай, што вызнае Пратэстанцкую рэлігію ў Вялікім Княстве Літоўскім. Спадчына. № 1., с. 98-103.

63. Ліст Яна Каменскага да да Самуэля Гартліба (Samuel Hartlib). 3 August 1657, Amsterdam. У: The Hartlib Papers Electronic Edition, Disc 2 (CD ROM). University of Sheffield. Bell and Howell, 1995. Translation from Latin to English 7/61/11A-B.

64. Напрыклад сакратаром Каменскага доўгі час працаваў русін Амброзі Кахлеўскі сын вядомага дзеяча Рэфармацыі старасты берасьцейскага Пятра Кахлеўскага. Гл.: Skutil, Jan. 1993. Jan Komensky mezi Stockholmem a Lesnem v letech 1642-1650. Acta Musei Moraviae. LXXVIII. p. 195-203.

65. Wilbur, Earl. 1947. A History of Unitarianism. Socinianism and its antecedents. Cambridge, Massachusetts. Harvard University Press, p. 509-510.

66. Багуслаў Капіевіч быў духовым лідарам беларускіх кальвіністаў. У 1706 г. ён выязджаў у Шатляндыю з мэтай збору грошай дзеля падтрымкі пратэстанцтва ў ВКЛ і адкрыцьця стыпэндыяў у Эдынбурскім унівэрсытэце для студэнтаў-кальвіністаў з ВКЛ.

67. Марзалюк, Ігар. 2001. Невядомая спадчына Сімяона Полацкага. Край. Магілёў, с. 65-71.

68. Гл.: Полоцкий, Симеон. 1990. Вирши. Mинск.

69. Николаев, Николай. 1998. Был ли прав в своём доносе Павел Негребетский. Белорусский сборник. Выпуск 1. Санкт Петербург, с. 101-106.

70. Горфункель, Александр. 1962. Андрей Белоботский – поэт и философ конца XVII- начала XVIII веков. Труды Отдела древнерусской литературы. Т. 18. Москва-Ленинград.

71. Волман, Борис. 1953. О начале нотопечатания в России. Советская музыка. № 5.

72. Степовік, Дмитро. 1986. Лєонтій Тарасевич i українське містецтво барокко. Київ.

73. Bumblauskas, Alfredas. 2002. The heritage of the Grand Duchy of Lithuania: perspectives of historical consciousness. The peoples of the Grand Duchy of Lithuania. Vilnius, p. 24 (7-44).

74. Жэвускі, Генрык. 2005. Успаміны Сапліцы. Мінск, с. 38-39.




Пераклад з ангельскай,
з ласкавай згоды аўтара зрабіла Вольга Сямёнава

ПЕРВОИСТОЧНИК: http://belreform.org/katlarcuk.php

Опубликовано 09 октября 2006 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1160396885 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ “Уцёкі мазгоў” ці лёсы пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVII стагодзьдзя

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network