Рэфармацыя ў Беларусі: сэнс, вынікі, лёс
Сямён Падокшын
Адраджэнне і Рэфармацыя. Адраджэнне як радыкальная перабудова еўрапейскай культуры і свядомасці істотна закранула Вялікае Княства Літоўскае і ў прыватнасці Беларусь. Яно было абумоўлена крызісам традыцыйнага, сярэднявечна-феадальнага грамадства, якаснымі зменамі ў эканамічным і сацыяльна-палітычным стане краін, развіццём гарадоў, зараджэннем элементаў буржуазных дачыненняў, фармаваннем нацыянальных дзяржаваў, секулярызацыяй грамадскага і духоўнага жыцця і г. д. Аплотам новай культуры становяцца гарады, а таксама двары і маёнткі адукаваных свецкіх і духоўных феадалаў (у ВКЛ - Радзівілаў, Алелькавічаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў, Заслаўскіх, Гедройцаў і інш.), а яе выразнікамі - прадстаўнікі інтэлігенцыі, якая нараджалася: пісьменнікі, настаўнікі, кнігавыдаўцы, мастакі, вучоныя, высокаадукаваныя святары, дзяржаўнае чынавенства і інш. У іх асяродку фармуецца адметны ад традыцыйна сярэднявечнага рэнесансава-гуманістычны светапогляд, які адлюстроўваў істотныя змены ў стаўленні да Бога, свету, прыроды, грамадства, царквы, чалавека і г. д. У перыяд Адраджэння адбываецца інтэнсіўнае станаўленне нацыянальнай свядомасці і на гэтым грунце - нацыянальнай культуры і мовы(1).
Рэфармацыя як моцны грамадскі рух за аднаўленне рэлігійна-царкоўнага і сацыяльна-культурнага жыцця народаў Еўропы - заканамерны вынік Адраджэння. Гэта тычыцца і Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім (2), якую неабходна разглядаць у трох сэнсах: светапоглядным або рэлігійна-філасофскім; грамадска-палітычным; нацыянальна-культурным.
Светапоглядны або рэлігійна-філасофскі сэнс Рэфармацыі. Распачатая Лютэрам, Цвінглі, Кальвінам і іншымі пратэстанцкімі тэолагамі рэформа хрысціянскага веравызнання сталася своеасаблівым гуманістычным пераваротам у рэлігійнай свядомасці еўрапейскага грамадства. У адрозненне ад каталіцтва і праваслаўя ў пратэстанцтве значэнне царкоўнасці, духоўнай іерархіі, вонкавага аўтарытэту зведзена да мінімуму. Галоўнае ў справе выратавання - індывідуальная вера , якая грунтуецца на асабістым стаўленні чалавека да Бога. Прычым выратаванне не заслугоўваецца, а адвольна надаецца Богам як акт міласэрнасці, ласкі, таму ніхто не можа ведаць, выратуецца ён ці не. Малітвы, пакланенне іконам, ушанаванне святых і іншыя атрыбуты знешняга царкоўнага рытуалу - марныя, бескарысныя дзеянні. Толькі вера (sola fides) у збаўную ахвяру і ўваскрашэнне Ісуса Хрыста Сына Божага, браць прыклад з ягонага жыцця, высокамаральныя паводзіны, актыўная дзейнасць на прафесійнай і грамадскай ніве - шлях і надзея на выратаванне. Сведчаннем абранасці ёсць поспех у мірскіх справах, прафесіі, кар’еры, сямейным жыцці. Крыніцай веры, рэлігійнай ісціны, на думку ідэолагаў пратэстантызму, - Святое Пісанне, і толькі яно. У інтэрпрэтацыі Бібліі аўтарытэт Святых Айцоў, багасловаў, царкоўных іерархаў, святароў і нават самога папы раўназначны аўтарытэту кожнага міраніна. У пратэстантызме, такім чынам, ураўноўваюцца міране з духоўнымі.
З гледзішча светапогляднага пратэстантызм сцвярджаў аўтарытэт індывіда, асобы. Даследнікамі гэты важны момант рэфармацыйнай дактрыны трактуецца як духоўная рэвалюцыя. Гэта адыграла вялікую ролю ў станаўленні светапогляду новага часу, раннебуржуазнай свядомасці. Адным з стваральнікаў і выразнікаў канцэпцыі пазітыўнага індывідуалізму, духоўнай свабоды з’яўляўся вялікі палачанін Францыск Скарына. У сваіх прадмовах да Бібліі ён сцвярджаў рэфармацыйна-гуманістычны прынцып асабістага, пазацаркоўнага стаўлення да Бога і веры. Менавіта з гэтай мэтай ён пераклаў Святое Пісанне «для люда простого, посполитого», г. зн. аддаў яго на суд індывідуальнага розуму простага чалавека, дэмакратычнага беларускага чытача. У сваіх шматлікіх прадмовах Скарына ў сутнасці заклікаў адукаваных беларусаў самастойна вывучаць Біблію і свабодна абмяркоўваць яе змест. Больш за тое, Скарына сцвярджаў не толькі свабодную, пазацаркоўную рэлігійнасць, але і мараль, падставай якой павінна быць Біблія, а таксама розум і сумленне чалавека.
Рэфармацыйна-гуманістычны светапогляд набыў больш канкрэтныя і радыкальныя формы ў творах выдатных дзеячоў айчыннай Рэфармацыі - Сымона Буднага, Лаўрэнція Крышкоўскага, Пятра з Ганендза, Марціна Чаховіца, Якуба з Калінаўкі, Васіля Цяпінскага, Андрэя Волана і інш. Паступова, асабліва ў творчасці сацыніянаў, айчынная пратэстанцкая дактрына набыла яскрава выяўленчыя філасофскія рысы, аказаўшы пэўны ўплыў на фармаванне новаеўрапейскага рацыяналізму і этыкі(3).
Грамадска-палітычны сэнс Рэфармацыі ў ВКЛ. Ініцыятарамі рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім былі ў асноўным буйныя беларускія і літоўскія феадалы - Радзівілы, Валовічы, Сапегі, Кішкі, Хадкевічы, Гарнастаі, Пацы, Глябовічы, Дарагастайскія і інш. Галоўная прычына дадзенай акалічнасці ў тым, што беларуска-літоўскае панства звязвала царкоўную незалежнасць з незалежнасцю дзяржаўнай. Значную ролю ў рэфарматарскіх інтэнцыях магнатаў і шляхты адыгрывалі духоўна-культурныя фактары. Многія з іх мелі універсітэцкую адукацыю, доўга жылі ў Італіі, Францыі, Нямеччыне, Швейцарыі, Ангельшчыне, падарожнічалі па Еўропе, з энтузіязмам успрымалі ідэі гуманізму і Рэфармацыі, што не магло не адбіцца на іх светапоглядзе, у тым ліку і на палітычным. Нельга не ўлічваць і эканамічных інтарэсаў, якімі таксама была абумоўлена энергічная рэфармацыйная дзейнасць беларуска-літоўскай арыстакратыі.
Пратэстанцкая дактрына аказала выключнае ўздзеянне на далейшае грамадскае развіццё еўрапейскіх краін, у тым ліку і Беларусі. Як адзначалася, ідэолагі пратэстантызму нацэльвалі чалавека не на глабальныя метафізічныя праблемы, а на свецкія зямныя рэаліі - працу, сям’ю, побыт, самаўдасканаленне і г. д. У пратэстантызме складваўся новы тып чалавека - чалавека, які ўсведамляе адказнасць за сваю справу, даражыць сваёй прафесійнай рэпутацыяй, чалавека разважлівага, памяркоўнага, талерантнага, сумленнага, карацей кажучы, той тып асобы, які адпавядаў новаму буржуазнаму грамадству, якое нараджалася. На думку Макса Вебера, аўтара вядомай працы «Пратэстанцкая этыка», канцэпцыя свецкага прадвызначэння чалавека з’яўлялася адной з самых значных ідэй, створаных Рэфармацыяй. Пратэстанцкая этыка, меркаваў Вебер, сфарміравала ў чалавеку «дух капіталізму», г. зн. спецыфічны псіхічны склад, для якога характэрныя працалюбства, ашчаднасць, памяркоўнасць, прафесійная добрасумленнасць і г. д. Засвоеныя пры дапамозе выхавання гэтыя маральныя якасці спрыялі станаўленню тыпу асобы новага часу, эпохі рынкавай эканомікі і свабоднага прадпрымальніцтва. У Беларусі асноўныя падставы этыкі пратэстантызму былі выкладзены ў «Катэхізісе» (1562), які быў надрукаваны ў Нясвіжы за аўтарствам Сымона Буднага, Лаўрэнція Крышкоўскага і Мацея Кавячынскага(4).
Што тычыцца пратэстанцкай канцэпцыі царквы як інстытута, грамадства і дзяржавы, то трэба адзначыць наступнае. Царква трактавалася як хаўрус вернікаў, аб’яднаных евангельскім вучэннем і таінствамі хрышчэння і прычашчэння. Служкі царквы, святары ў пратэстантызме не з’яўляліся адметным, прывілеяваным станам, а былі роўныя з міранамі. Апроч таго, у выпадку неадпаведнасці сваёй пасадзе, яны здымаліся міранамі. У гэтым акце закладзены пэўныя элементы будучага буржуазнага рэспубліканізму. Раннія рэфарматары былі прыхільнікамі лаяльнасці і неўмяшальніцтва царквы ў дзяржаўныя справы. Менавіта такой канцэпцыі прытрымліваўся канцлер Леў Сапега, былы пратэстант, пра што ён паісаў у сваім знакамітым лісце да Ясафата Кунцэвіча. Тым не менш кальвінісцкая дактрына, у тым ліку і дактрына кальвіністаў, або евангелікаў-рэфарматараў ВКЛ, давала права прад’яўляць дзяржаве пэўныя прэтэнзіі і нават у асобных выпадках не падпарадкоўвацца ўладзе, калі яе дзеянні ідуць “супраць слова Божага”. Аднак гэтая акалічнасць не ёсць выявай тэакратыі, а наадварот, дэмакратыі, паколькі ў разуменні пратэстантаў царква - гэта збор міран, або народ. І дзяржава павінна залежаць ад гэтага народу. Такім чынам, у пратэстантызме нарадзілася раннебуржуазная ідэя народнага суверэнітэту. Ва ўлонні пратэстантызму сфармавалася ліберальная ідэя вяршэнства закону, пад уплывам якой аказалася палітычная думка Беларусі другой паловы ХVІ ст. і якая зафіксавана ў Статуце ВКЛ 1588 г.
Нацыянальна-культурны сэнс беларускай Рэфармацыі. Вельмі значная роля айчыннай Рэфармацыі ў развіцці культуры наогул і нацыянальнай беларускай культуры у прыватнасці. З пратэстантызмам звязана развіццё ў Беларусі адукацыі, кнігадрукавання, рэлігійна-філасофскай і грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, першых школьных падручнікаў і г. д.
Менавіта інтарэсы распаўсюджання рэфармацыйных ідэяў выклікалі ўзнікненне першых твораў на народнай беларускай мове - “Катэхізісу”, “Апраўдання грэшнага чалавека перад Богам”, “Евангелля” Васіля Цяпінскага і інш. Дзякуючы настойлівасці беларускіх паноў-пратэстантаў другі і трэці Статуты ВКЛ былі выдадзены не на лацінскай, а на беларускай мове. Пратэстантызм стымуляваў развіццё агульнай адукаванасці грамадства: кожны галава сям’і мусіў умець чытаць Біблію і тлумачыць яе сваім блізкім. Першыя прафесійныя школы ў Беларусі таксама засноўвалі пратэстанты (5).
З Рэфармацыяй знітавана фармаванне нацыянальнай свядомасці. Яна разбурыла адзіную касмапалітычную сістэму каталіцтва і стварыла перадумовы для ўзнікнення нацыянальнай царквы з пропаведдзю і навучаннем на роднай мове. Рэфарматары, як вядома, першымі перакладалі Біблію на родную мову (Уікліф - у Англіі, Гус - у Чэхіі, Лютэр - у Германіі, Скарына - у Беларусі), што адыграла вялікую ролю ў развіцці нацыянальнай культуры і самасвядомасці. У сваіх прадмовах да Бібліі Скарына свядома і настойліва падкрэсліваў нацыянальна-патрыятычную накіраванасць сваёй дзейнасці: “наболей с тое прычыны, иже мя милостивы Бог с того языка на свет пустил”. Сюжэт пра Юдзіф у скарынаўскім тэксце таксама носіць яскрава выяўлены нацыянальна-патрыятычны характар. Менавіта з нагоды гэтага сюжэту Скарына фармулюе сваё знакамітае выказванне «Понеже от прирожения...». Пратэстанцкі «Катэхізіс», убачыўшы свет у 1562 г. у Нясвіжы, заклікаў беларускае панства і шляхту, каб яны «не тольки в чужоземских языцех кохали, але бы ся тэж и того славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачили».
Калі ў сувязі з Контррэфармацыяй і іншымі абставінамі нацыянальная беларуская культура апынулася ў небяспецы, на яе абарону першым выступіў шляхціч-пратэстант Васіль Цяпінскі, які кінуў у твар беларускаму панству абвінавачанне ў “занядбанні своего славного езыка”.
Нягледзячы на тое, што ўрэшце Контррэфармацыя перамагла, эканамічныя, сацыяльна-палітычныя і духоўна-культурныя вынікі Адраджэння і Рэфармацыі так або інакш захаваліся ў грамадскім жыцці і менталітэце беларускага народу, што пацвердзіла эпоха Асветніцтва і наогул наступная гісторыя. Гэта - ідэя эфектыўнай гаспадаркі, свабоды, добрасумленнай працы, сваёй зямлі, верацярпімасці, вяршэнства законаў, правоў і годнасці чалавека, каштоўнасці адукацыі, культуры, рознай мовы, ведаў, філасофіі, сінтэзу Усходу і Захаду і г. д. Ідэі гэтыя натхнялі і натхняюць беларускіх адраджэнцаў ХІХ і ХХ стст. нашага часу.
_____________________________________
Літаратура:
1. Падокшын С. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990; Яго ж. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мн., 2003; Старостенко В. Общественно-философская мысль и национальное самосознание белорусов ХVI-ХVII вв. Могилев, 1999.
2. Подокшин С. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970; Иванова Л. Источники по истории Реформации в Белоруссии // Белороссика: книговедение, источники, библиография. Мн., 1980. Рэфармацыя і залаты век Беларусі. Мн., 2002; Философия эпохи ранних буржуазных революций. М., 1983; Языкович В. Протестантизм как феномен современной культуры // Духовная культура и современное общество. Мн., 2003; Kosman M. Reformacja i Kontrreformacja w Wielkim Ksiкstwie Litewskim w њwiecie propagandy wyznaniowej. Wrocіaw etc., 1973.
3. Больш падрабязна пра гэта ў: Падокшын С. Філасофская думка Беларусі эпохі Адраджэння...; Яго ж. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры.
4. Раннепротестантская этика в Беларуси // Падокшын С. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. С. 182-223.
5. Падокшын С., Мялешка В. Асвета ў Беларусі ў ХVІ і першай палавіне ХVІІ стагоддзя // Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. - Мн., 1968. - С. 15-36.
Паводле: Сямён Падокшын. Рэфармацыя ў Беларусі: сэнс, вынікі, лёс //Спадчына, 2003, № 1.
Опубликовано 06 октября 2006 года