публикация №1142176623, версия для печати

З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ Ў ЛІТВЕ


Дата публикации: 12 марта 2006
Автор: Тихомиров А.В.
Публикатор: Тихомиров Александр Валентинович (номер депонирования: BY-1142176623)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://portalus.ru


З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ Ў ЛІТВЕ Сувязі паміж беларускім і літоўскім народамі пачалі развівацца з часоў прыходу славянскіх плямён на землі па Віллі і Нёману і іх змешвання з балцкімі плямёнамі, якія раней за славян рассяліліся на гэтых землях. Пытанне аб мяжы паміж месцамі пражывання балтаў і славянаў дагэтуль з’яўляецца прадметам дыскусіі беларускіх вучоных. Напрыклад, паводле думкі В.Насевіча, этнічная мяжа паміж Літвой і заходнімі землямі Русі праходзіла прыкладна па лініі Браслаў – Паставы – Смаргонь − Ліда . А.Краўцэвіч лічыць, што на час ўтварэння Кіеўскай дзяржавы балта-славянская мяжа праходзіла прыблізна па лініі воз.Асвейскае – Дзісна – Пліса – Будслаў – Заслаўе – Рубяжэвічы – Дзераўная – Беліца – Слонім − Ваўкавыск . Аднак практычна ўсе даследчыкі пагаджаюцца з тым, што адпаведная лінія не была падобная на сучасныя кардоны і з лёгкасцю перасякалася як балтамі, так і славянамі. Між іншым, сама назва «Літва» замацавалася дзякуючы славянскай каланізацыі. Менавіта так балцкія землі, што межавалі з Руссю, называлі старажытнарускія летапісцы (упершыню назва «Літва» з’явілася ў летапісах у 1009 г.). Самі літоўскія князі вызначалі Літву як «Аукштайцію» ці «Аукштоту» . У другой палове ХІІІ – пачатку XIV ст. заходнія княствы Русі і землі, дзе пражывалі літоўскія плямёны, склалі ядро новага дзяржаўнага ўтварэння – Вялікага княства Літоўскага. У гэтым выпадку назва-этнонім «Літва» была перанесена і на славянскія землі, але параўнальна высокі ўзровень славянскай культуры дазваляў ёй рабіць станоўчы ўплыў на духоўнае развіццё ўсіх народаў, што ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, не выключаючы жамойтаў (жмудзі, жэмайтаў) і аўкштайтаў, якія пазней склалі аснову сучаснай літоўскай нацыі. Як слушна заўважыў беларускі даследчык Л.Лыч: «Калі гісторыя часоў Вялікага Княства Літоўскага дала шмат прыкладаў барацьбы за палітычную ўладу паміж літоўскімі і беларускімі князямі і магнатамі, прычым часам тут адбывалася свядомае, з мэтай дасягнення пэўных палітычных і сацыяльных задач, перамяшчэнне гэтых высокіх асоб з адной этнічнай групы ў другую, дык у адносінах культуры двух народаў адной дзяржавы стала назіралася ў аснове сваёй мірнае суіснаванне, што толькі спрыяла іх развіццю на аснове ўзаемаўплыву. Адчувалася яно на самых розных дзялянках духоўнага жыцця. Словам, адносна высокі ўзровень беларускай культуры перыяду Вялікага Княства Літоўскага дазваляў ёй рабіць станоўчы ўплыў на духоўнае развіццё ўсіх без выключэння народаў, што ўваходзілі ў яго склад, не выключаючы жамойтаў (жмудзі, жэмайтаў) і аўкштайтаў, на базе якіх пазней утварылася сучасная літоўская нацыя» . На працягу некалькіх стагоддзяў палітычным і духоўным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага з’яўлялася Вільня, якая з 1324 г. набыла статус сталіцы беларуска-літоўскай дзяржавы, а ў 1413 г. стала яшчэ і цэнтрам Віленскага ваяводства (у склад ваяводства ўваходзілі заходнія, цэнтральныя і усходнія землі Беларусі і паўночна-усходнія землі Літвы з гарадамі Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Браслаў, Быхаў, Глуск, Крычаў, Ліда, Магілёў, Мінск, Нясвіж, Прапойск, Рэчыца, Сіслач на Бярэзіне, Узда, Чачэрск, Шацк, Вількамір, Уцяна, Біржы, Кернаў, Свянцяны). Менавіта тут знаходзіліся кіраўнічыя органы Вялікага княства Літоўскага і яго дзяржаўны архіў (Мэтрыка). Вільня была не толькі палітычным, але і духоўным цэнтрам зямель Беларусі і Літвы. Ужо ў 1397 г. у Вільні з’явілася першая школа для дзяцей гараджан, якая дзейнічала пры кафедральным саборы. Невялічкія школы існавалі і пры манастырах горада. У XV – XVI стст. у Вільні панавала атмасфера этна-рэлігійнай талерантнасці, якая прыцягвала еўрапейскіх даследчыкаў і філосафаў. У 1522 г. першадрукар з Полацку Францыск Скарына надрукаваў у Вільні “Малую падарожную кніжыцу”, а ў 1525 г. – “Апостал”. У 1569 г. паслядоўнік Скарыны беларускі друкар Пётр Мсіславец заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным тэкстам. У 1588 г. у віленскай друкарні братоў Мамонічаў быў надрукаваны “Статут Вялікага княства Літоўскага”. Пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1569 г. у друкарні Мамонічаў друкаваліся ўніяцкія кнігі. У 1570 г. езуіты заснавалі ў Вільні калегіум, які ў 1578 г. быў пераўтвораны ў акадэмію на падставе загада караля Стэфана Баторыя (першым рэктарам акадэміі стаў П.Скарга). У 1781 г. на базе акадэміі была створана Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага – вышэйшая адукацыйная ўстанова новага тыпу. У 1545 г. у сталіцы Вялікага княства Літоўскага адкрыліся першая карцінная галерэя і бібліятэка, якая налічвала больш за 1 тыс. кніг (пазней бібліятэку перадалі Віленскай акадэміі). Ва ўмовах падзелаў Рэчы Паспалітай, створанай на падставе аб’яднання Вялікага княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім у 1569 г., беларускія і літоўскія землі былі далучаны да Расійскай імперыі. 19 снежня 1795 г. расійская імператрыца Екацярына ІІ падпісала ўказ, у якім абвясціла аб далучэнні Вялікага княства Літоўскага да Расійскай імперыі “на вечные времена”. Аднак нават ва ўмовах страты дзяржаўнасці Вільня захавала значнасць у якасці адміністрацыйнага і духоўнага цэнтра беларускага і літоўскага народаў. У горадзе працягвала дзейнасць Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага, якая ў 1796 г. атрымала назву Галоўнай Віленскай школы, а ў 1803 г. была рэарганізавана ва ўніверсітэт. У першай чвэрці ХІХ ст. адукацыя, атрыманая ўраджэнцамі Беларусі і Літвы ва універсітэце, не саступала адукацыі, якую можна было атрымаць у лепшых тагачасных універсітэтах Заходняй Еўропы. У 1797 г. у Вільні адкрылася школа прыгожых мастацтваў (у 1803 г. яе перайменавалі ў факультэт жывапісу, скульптуры і гравюры), выхаванцы якой (І. Аляшкевіч, Г. Бароўскі, К. Бахматовіч, В. Ваньковіч, Я. Дамель, В. Дмахоўскі, Ю. Карчэўскі, М. Кулеша, М. Арда, К. Русецкі, К. Рыпінскі і інш.) пакінулі прыкметны след у развіцці беларускай, літоўскай і польскай культуры. У 1832 г. Віленскі ўніверсітэт быў закрыты на падставе загада расійскага імператара Мікалая І, але развіццё беларускай культуры на Віленшчыне працягвалася. У 1855 г. у Вільні быў створаны музей старажытнасці з археалагічнай камісіяй пры ім. З 1864 г. пачала сваю дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, у 1865 г. адкрылася першая публічная бібліятэка. У 1872—1876 гг. быў створаны агульны архіў Віленскіх дзяржаўных устаноў. У ХІХ ст. у Вільні жылі і працавалі такія славутыя дзеячы беларускай культуры як А. Міцкевіч, У. Сыракомля, В. Дунін-Марцінкевіч, Я. Чачот, Т. Зан, Ст. Манюшка, А. Кіркор. У 1840-х гг. на Віленшчыне ў маёнтку Гервяты нарадзіўся «бацька беларускага адраджэння» Ф. Багушэвіч, жыццё і творчасць якога таксама былі цесна звязаны з «горадам Гедыміна». Знаходжанне ў адзінай палітычнай, эканамічнай і культурнай прасторы спрыяла сумеснай барацьбе беларускага і літоўскага народаў за нацыянальнае вызваленне. Прадстаўнікі патрыятычнай моладзі Беларусі і Літвы уваходзілі ў склад гурткоў шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых» у 1810-х – 1820-х гг., змагаліся супраць расійскага самадзяржаўя ў часы паўстанняў 1830—1831 гг. і 1863—1864 гг. (падчас паўстання 1863—1864 гг. у Вільні знаходіўся Выканаўчы аддзел Літвы, дзейнасцю якога кіраваў К. Каліноўскі). У апошняй чвэрці ХІХ ст. Віленская цэнтральная група народнікаў кіравала гурткамі ў Вільні, Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску. У 1903 г. у Вільні адбыўся ўстаноўчы сход першай беларускай нацыянальнай партыі – Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У 1906 г. Ковенская і Віленская арганізацыі РСДРП аб'ядналіся ў абласны саюз РСДРП Літвы і Беларусі, які праіснаваў да 1908 г. У пачатку ХХ ст. беларускае нацыянальнае жыццё ў Вільні стала вельмі актыўным. У 1906 у Вільні пачалося выданне беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва” (першая з іх у тым жа годзе спыніла свае існаванне, другая выдавалася аж да 1915 г., даўшы назву цэламу перыяду ў гісторыі беларускай культуры). Таксама ў Вільні выдаваліся часопіс “Саха”, працавалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецтва “Нашай нівы”, выдавецкае таварыства “Наша хата”, тыпаграфія Марціна Кухты, Беларускі музычна-драматычны гурток. Разам з тым Вільня была і адным з вядучых цэнтраў літоўскай культуры (напрыклад, да пачатку Першай сусветнай вайны тут дзейнічалі Літоўскае аб’яднанне настаўнікаў, Літоўскае навуковае таварыства, літоўскае музычнае таварыства “Віленскія гуслі”). Першапачаткова беларусы і літоўцы мірна суіснавалі адзін з адным, але ўздым нацыянальных пачуццяў, які ва ўмовах Першай сусветнай вайны набыў выразны выгляд імкнення да адбудавання нацыянальнай дзяржаўнасці, абумовіў узнікненне калізіі беларускіх і літоўскіх інтарэсаў. Абодва народы лічылі Вільню “сваім” горадам і імкнуліся зрабіць яе сталіцай сваіх дзяржаў. Фармальна больш падстаў прэтэндаваць на Віленшчыну мелі беларусы. Перапіс насельніцтва, які быў у 1897 г. праведзены ў Расійскай імперыі, засведчыў, што беларусы складалі больш за 56% ад агульнай колькасці жыхароў Віленскай губерні, якая складалася з Віленскага, Дзісненскага, Лідскага, Ашмянскага, Свянцянскага, Троцкага і Вілейскага паветаў (агульная колькасць беларусаў у Віленскай губерні складала каля 1,6 млн. чалавек). Пры тым у Віленскім павеце беларусы складалі 42% насельніцтва (87,7 тыс. чал.), у Свянцянскім – 47,6% (82 тыс. чал.), у Троцкім – 15,8% (32,1 тыс. чал.), непасрэдна ў Вільні – 4,2% (6,5 тыс. чал.) . У гады Першай сусветнай вайны, асабліва пасля таго як у 1915 г. Вільню занялі немцы, беларускае нацыянальнае жыццё ў горадзе працягвалася. У 1916-1918 гг. у Вільні дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы беларускіх настаўнікаў, Беларускі клуб, Беларускае выдавецкае таварыства, Беларускі тэатр, Беларускі музей, са студзеня 1916 г. двойчы на тыдзень стала выдавацца беларускамоўная газета “Гоман”. У студзені 1918 г. у Вільні было заснавана Беларускае навуковае таварыства. Актыўны ўдзел ў яго працы прынялі Ул.Талочка, В.Святаполк-Мірскі, К.Шафнагель, Луцкевічы, Ю.Мэнке, В.Залескі, В.Ластоўскі. Згодна со статутам таварыства мела намер праводзіць у абшары “Віленскага мястовага вокругу” рознабаковую працу дзеля рэалізацыі навуковых доследаў і пашырэння ведаў аб сваім краі. З гэтай мэтай БНТ арганізоўвала музеі, бібліятэкі, навуковыя мерапрыемствы, праводзіла з’езды, арганізоўвала выпуск перыядычных выданняў, вяло выдавецкую працу . Ужо ў кастрычніку 1915 г. у Вільні з’явілася першая пачатковая школа з беларускай мовай навучання, у пачатку 1917 г. такіх школ у горадзе было ўжо 6, а яшчэ праз год на Віленшчыне дзейнічалі каля 29—30 беларускамоўных школ . У 1916−1918 гг. у Вільні дзейнічалі грамадскія арганізацыі беларусаў – Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада. Літоўцаў на Віленшчыне пражывала меней, чым беларусаў. Паводле перапісу 1897 г. яны пераважалі толькі ў Троцкім павеце (там яны складалі 58% ад агульнай колькасці насельніцтва). У Віленскім павеце літоўцы складалі 35% насельніцтва (73,1 тыс. чал.), у Свянцянскім павеце – 33,8% (58,2 тыс. чал.), у Вільні – 2% (3,1 тыс. чал.) . Літоўскія палітыкі разумелі, што іх памкненні на Вільню і Віленшчыну з’яўляюца хісткімі і таму рабілі націск на свае “гістарычныя правы”, сцвярджаючы, што Вялікае княства Літоўскае было выключна дзяржавай літоўскага народа. У спрэчкі паміж беларусамі і літоўцамі ўмяшалася вялікая палітыка. У 1918 г. літоўцаў падтрымала Германія, якая жадала мець у выглядзе літоўскай дзяржавы буфер, які б аддзяліў Усходнюю Прусію ад Расіі. У 1919−1920 гг. тое ж зрабілі дзяржавы Антанты (найперш Вялікабрытанія), якія разглядалі Літву як бар’ер паміж Еўропай і Савецкай Расіяй. Нарэшце, у 1920 г. прызнаць правы Літвы на Віленшчыну пагадзілася Савецкая Расія, якая жадала такім чынам справакаваць канфлікт паміж Літвой і Польшчай (палякі вельмі актыўна імкнуліся далучыць Вільню да сваёй дзяржавы, бо Віленшчына была “малай” радзімай польскага кіраўніка Ю. Пілсудскага). 12 ліпеня 1920 г. РСФСР падпісала з Літвой мірны дагавор, паводле якога ў склад літоўскай дзяржавы трапіла пэўная колькасць этнічна беларускіх зямель разам з Вільняй. У жніўні 1920 г. адпаведныя тэрыторыі былі перададзены літоўцам, але валодалі яны імі нядоўга. У кастрычніку 1920 г. Віленшчына стала ядром знешне незалежнай дзяржавы Сярэдняя Літва, якую стварыў польскі генерал (ураджэнец Ашмянаў) Л. Жалігоўскі (апрача Віленшчыны ў склад Сярэдняй Літвы былі ўключаны Троцкі, Свянцянскі, Лідскі, Ашмянскі і Браслаўскі паветы). Фактычна Жалігоўскі выступіў па загаду кіраўніка Польшчы Ю.Пілсудскага, які на сустрэчы з генералам у канцы верасня 1920 г. заўважыў: “Калі цяпер мы не здабудзем Вільні, гісторыя нам не даруе. І не толькі Вільні. Мусім адбудаваць Літву. Зрабіць гэта можа толькі само насельніцтва — яе сыны з Літоўска-Беларускай дывізіі. Трэба, каб хтосьці ўзяў на сябе гэтую справу” . Выціснуўшы літоўцаў з Вільні, Жалігоўскі прапанаваў літоўцам і беларусам накіраваць ва ўрад Сярэдняй Літвы сваіх прадстаўнікоў. Літоўцы гэтую прапанову адхілілі, беларусы пагадзіліся накіраваць ва ўрад сваіх прадстаўнікоў (ад імя беларускіх арганізацый ва ўрад Сярэдняй Літвы ўвайшоў В.Іваноўскі, які атрымаў пасаду кіраўніка дэпартамента грамадскага забеспячэння), але пазней адносіны паміж палякамі і беларусамі пагоршыліся. У канцы 1921 г. беларусы разам з літоўцамі байкатавалі выбары ў сейм Сярэдняй Літвы і, такім чынам, у яго складзе пераважалі палякі. Трэба заўважыць, што жаданне літоўцаў авалодаць Вільняй беларусам не спадабалася. У 1917 г. у Вільні была створана арганізацыя “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, сябры якой сцвярджалі, што Віленшчына з’яўляецца неад’емнай часткай Беларусі. У студзені 1918 г. была створана Віленская беларуская рада, якая каардынавала дзейнасць беларускіх арганізацый і прадстаўляла інтарэсы беларускага насельніцтва на акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі (кіраўніком рады стаў А.Луцкевіч). У лютым 1918 г. Віленская беларуская рада заявіла, што Тарыба не можа выступаць на міжнароднай арэне ад імя былога Вялікага княства Літоўскага . У дакуменце, які быў складзены Радай і Народным сакратарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі ўлетку 1918 г., гаварылася, што мяжа Беларусі з Літвой “пачынаецца каля Друскенік, накіроўваецца на поўдзень ад г.Араны да Воранава, якое знаходзіцца на 30 вёрстаў на поўнач ад Ліды, адгэтуль шырокаю дугою, ахопліваючы гарады Вільня і Новыя Трокі, празь вёскі: Альпенічы, Клечы, Высокі Двор, Кейтавішкі, Мусьнікі, Шырвінты і Дубнікі, − падыходзіць да горада Сьвенцяны, адкуль цераз ст.Гадуцішкі, г.Відзы і возера Дрысьвяты, − працягваецца да мястэчка Турмонты Нова-Александраўскага павету Ковенскай губ., які зьяўляецца пунктам зыходжаньня межаў Літвы, Беларусі і Курляндыі” . Адмоўна аднесліся прыхільнікі незалежнасці Беларусі і да мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР. Напрыклад, газета «Беларусь», якая выдавалася ў Мінску, яшчэ да завяршэння савецка-літоўскіх мірных перагавораў заўважыла: «Беларускi народ нiколi не згадзiцца i не дазволiць, каб дзевяць дзясятых тарыбаўскай дзяржавы складалася з беларускiх зямель, каб Вiльня — наш культурны цэнтр, ваколiцы якога заселены толькi беларусамi, зрабiлася сталiцай чужой дзяржавы. Беларускаму народу застаецца толькi рабiць сваю справу: будаваць Беларуска-Лiтоўскую рэспублiку са сталiцай у Вiльнi. Няхай iснуюць пакуль што адначасна дзве Лiтвы. Гэта нас не павiнна пужаць. Мы ўпэўнены, што здаровыя i дзяржаўна разважаючыя элементы лiтоўскага народа будуць з намi. Бо яны зразумеюць, да чаго давядзе палiтыка тарыбаўцаў» . 22 ліпеня 1920 г. В.Ластоўскі — кіраўнік урада, які сфарміравала ў снежні 1919 г. Народная рада БНР, у звароце да ўрадаў РСФСР, Літвы, Мірнай канферэнцыі ў Парыжы, да ўсіх дзяржаў і культурных народаў свету падкрэсліў, што савецка-літоўскі мірны дагавор парушае “самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народа”, бо заключаны коштам гістарычных і этнаграфічных беларускіх зямель. Зыходзячы з гэтага, ён патрабаваў пераглядзець умовы дагавора з улікам жадання беларускага народа мець суверэнную і незалежную беларускую дзяржаву ў этнаграфічных межах, а супярэчнасці паміж Беларуссю і Літвой вырашаць шляхам правядзення плебісцыту ў спрэчных раёнах . Аднак у кастрычніку 1920 г., калі прыхільнікі БНР зразумелі, што Беларусь усё роўна будзе падзелена (гэта вынікала з умоў дагавора аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, які 12 кастрычніка 1920 г. падпісалі ў Рызе Польшча, РСФСР і Украінская ССР), яны пагадзіліся падтрымаць барацьбу Літвы за Віленшчыну. Адпаведная дамоўленасць была зафіксавана ў дагаворы паміж урадамі Літвы і БНР, які быў падпісаны ў Коўне 11 лістапада 1920 г. У выпадку далучэння Віленшчыны пад кантроль Літвы урад БНР абавязаўся спрыяць “стрымліванню беларускага насельніцтва гэтай вобласці ад варожых да Літоўскай Рэспублікі дзеянняў” . У сваю чаргу, літоўцы абяцалі, што землі Віленшчыны і Гродзеншчыны абавязкова атрымаюць у складзе Літвы аўтаномію і будуць знаходзіцца ў складзе Літоўскай дзяржавы “толькі на аснове федэрацыі” . 16 снежня 1920 г. В.Ластоўскі і Я.Ладноў, які ва ўрадзе Ластоўскага займаў пасаду міністра замежных спраў, накіравалі ў Лігу Нацый мемарандум, дзе адзначалася: “...Пастанова Лігі Народау скарыстаць плебісцыт для вырашэньня пытаньня аб будучай прыналежнасьці Віленшчыны да Літвы чы да Польшчы зьяуляецца нечаканай і не можэ быць інакш вытлумачана, як захватнае імкненьне палякоу. Вільня не можэ адыйсьці да палякоу — гэта горад літвіноу і беларусоу — гэта іх спадчына, іх святыня. Калі ж не лічучыся з усімі даннымі гісторыі і этнаграфіі Ліга Народау знойдзе магчымым не прыняць пад увагу гэтых даных — і рашыць правясьці плебісцыт, то простая справядлівасьць патрэбуе, каб плебісцытная формула была пераменена і збудована згодна данным гісторыі і этнаграфіі, г.зн. каб пытаньне рашалася аб будучай прыналежнасьці Віленшчыны чы да Літвы і Беларусі з аднаго боку, чы-ж да Польшчы — з другога боку. У карысьць прыналежнасьці горада Вільні да Літвы і Беларусі — галасы павінны складацца ў адну суму” . 18 снежня 1920 г. дзеячы БНР канкрэтызавалі свае прапановы адносна правядзення плебісцыту на Віленшчыне. У прыватнасці, яны настойвалі на тым, каб плебісцыт праводзіўся толькі на тэрыторыі паміж “лініяй Керзана” (лінія часовай мяжы Польшчы на Ўсходзе, вызначаная на Парыжскай мірнай канферэнцыі 8 снежня 1919 г. – аўт.) і рэкамі Буг і Нараў, каб картачкі для галасавання складаліся на чатырох мова (беларускай, польскай, літоўскай і яўрэйскай), каб у картачках абавязкова адзначалася, што галасаванне праводзіцца за Літву і Беларусь, а не толькі за Літву. Таксама ўрад БНР настойваў на тым, каб тэрыторыя на ўсход ад “лініі Керзана” да мяжы “накрэсьленай польска-расейскай умовай 12 кастрычніка і літоуска-расейскай умовай 12 ліпеня 1920 г.” была перададзена пад кантроль ўрада БНР ці часова, на падставе спецыяльнай дамоўленасці, пастаўлена пад кіраванне Літвы . У красавіку 1921 г. у Бруселі пры пасрэдніцтве Лігі Нацый пачаліся перагаворы паміж Польшчай і Літвой адносна вызначэння лёсу Віленшчыны. 30 мая 1921 г. урад БНР накіраваў зварот да кіраўніка падкамісіі Лігі Нацый, якая займалася польска-літоўскімі справамі, П.Гіманса. У звароце гаварылася: “Урад Беларускай Народнай Рэспублікі лічыць сваім абавязкам зазначыць, што Беларусь ні ў якім здарэньні не адмовіцца ад сваіх дзяржаўных правоў на этнаграфічна-беларускія землі Віленшчыны і Гродзеншчыны і ніякіх актаў аб дзяржаўнай прыналежнасьці гэтых зямель, заключаных трэцьцімі асобамі паміж сабой без учасьця прадстаўнікоў ядына сувэврэннага на гэтых землях народу Беларускага, не прызнае. Разам з тым на аснове неаднаразовых сваіх заяў[…] Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выпадку, калі на Літ.-пол. канфэрэнцыі ў Бруселі будзе запрапанавана Літве перадача беларускай зямлі да лініі Рыжскай пол.-рас. умовы (так званы другі “польскі” калідор), дае сваю згоду на прыём Літвой гэтых зямель пад варункам, што этнаграфічна-беларускія землі будуць выдзелены ў самастойную палітычную адзінку, зьвязаную з Літвой асобнай дзеля гэтай справы умовай, заключанай паміж Урадам Літоўскай Рэспублікі і Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі” . Аднак спробы Лігі Нацый прымірыць палякаў і літоўцаў былі беспаспяховымі. У рэшце рэшт падкамісія Гіманса фактычна прызнала правы Польшчы на Віленшчыну, парэкамендаваўшы Польшчы і Літве аб’яднацца на аснове ўніі (у гэтым выпадку Віленшчына магла б атрымаць аўтаномію). 21 верасня 1921 г. Ліга Нацый афіцыйна адмовілася разглядаць польска-літоўскае пытанне. У пачатку 1922 г. сейм Сярэдняй Літвы звярнуўся да польскага ўрада з просьбай аб далучэнні Сярэдняй Літвы да польскай дзяржавы. 6 красавіка 1922 г. польскі ўрад прыняў рашэнне аб стварэнні ў складзе польскай дзяржавы Віленскай зямлі на правах ваяводства. 22 сакавіка 1925 г. Віленская зямля спыніла свае існаванне ў якасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі; большая яе частка склала аснову Віленскага ваяводства, асобныя тэрыторыі былі далучаны да Навагрудскага і Беластоцкага ваяводстваў. У 1923 г. факт далучэння Віленшчыны да Польшчы прызналі вядучыя дзяржавы свету. У перыяд ад пачатку 20-х да канца 30-х гадоў ХХ ст. Вільня згубіла статус адзінага культурнага цэнтра беларусаў, але заставалася адным з вядучых цэнтраў развіцця беларускага руху і культуры. У 1919 г. у горадзе пачала сваю дзейнасць Беларуская гімназія, якая заклала аснову нацыянальнай сістэмы адукацыі ў Заходняй Беларусі. У 1921 г. у Вільні былі заснаваны Таварыства беларускай школы і Беларускі музей, у 1926 г. – Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Таксама ў Вільні ў 20-х гадах ХХ ст. дзейнічалі Беларуская драматургічная майстэрня, Беларускі народны дом, Беларускае выдавецкае таварыства і тыпаграфіі, дзе выдаваліся кнігі, брашуры, часопісы і газеты (“Беларуская крыніца”, “Шлях моладзі”, “Калосься”, “Заранка”, “Маланка”, “Новае жыцьцё”, “Беларуская борць” і інш.). У горадзе жылі і працавалі кампазітары А. Грыневіч, К. Галкоўскі, Р. Шырма, мастакі Я. Драздовіч, П. Сергіевіч, літаратары і публіцысты С. Рак-Міхайлоўскі, А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, З. Верас, У. Самойла (Суліма). Дзейнічалі ў гэты час на Віленшчыне і грамадска-палітычныя арганізацыі беларусаў – Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская сялянска-работніцкая грамада і інш. Аднак у канцы 30-х гадоў ХХ ст. беларускае нацыянальнае жыццё на Віленшчыне затухла, практычна ўсе беларускія арганізацыі і ўстановы спынілі свае існаванне альбо былі ліквідаваны польскімі ўладамі. У адрозненне ад беларусаў Віленшчыны беларусы, што пражывалі ў межах літоўскай дзяржавы ў перыяд паміж 1920 і 1939 гг., уяўлялі сабой класічную дыяспару, бо знаходзіліся на этнічна літоўскіх тэрыторыях. Паводле перапісу, які быў праведзены ў Літве ў 1923 г., беларусамі запісаліся толькі 4400 асоб (0,2% насельніцтва) . Галоўным чынам беларускае насельніцтва канцэнтравалася ў ваколіцах Нова-Аляксандраўшчыны і Еўя . Галоўным цэнтрам дзейнасці беларусаў ў Літве стаў Каунас (Коўна). Першая беларуская арганізацыя - Беларуская грамада – была створана тут яшчэ ў 1917 г. У 1919-1920 гг. у Каўнасе дзейнічалі міністэрства беларускіх спраў у Літве, выдавецкае таварыства імя Ф. Скарыны. У горадзе выдаваліся беларускія кніжкі і брашуры (творы В. Ластоўскага, К. Езавітава, Я. Варонкі, падручнікі па фізіялогіі ў анатоміі Н. Малышава, батаніцы В. Зяленскага і інш.), газета “Варта Бацькаўшчыны”, штомесячнік “Часопісь”, часопіс “Наша зямля”. Тут жа фарміраваліся беларускія вайсковыя адзінкі, якія падпарадкоўваліся літоўскаму камандаванню і ўлетку 1920 г. удзельнічалі ў літоўскім паходзе на Вільню. У красавіку 1921 г. у Каўнасе было створана Беларускае таварыства Чырвонага крыжа, мэтамі якога аб’яўляліся аказанне матэрыяльнай і маральнай дапамогі беларускім грамадзянам (незалежна ад іх нацыянальнасці і веры), што пацярпелі ад вайны, недародаў, эпідэмій, знаходзіліся ў палоне, турмах, на эміграцыі, шырокая арганізацыя дапамогі дзецям. Таварыства мела прадстаўніцтвы ў Германіі, Чэхаславакіі, Латвіі, ЗША, на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Сродкі на аказанне матэрыяльнай падтрымкі збіраліся шляхам ахвяраванняў, грашовых пазык і іншых збораў, правядзення канцэртаў, лекцый, відовішчаў. У 1921 г. арганізацыя выпусціла тры маркі серыі “Беларусь. Пошта”. Аднак у другой палове 1922 г. таварыства спыніла сваю дзейнасць. У 1920-1923 г. у Каўнасе размяшчаліся Рада і ўрад БНР. Такім чынам, сталіца Літвы адыгрывала ролю палітычнага цэнтру беларускай эміграцыі. Аднак у 1923 г. літоўскі ўрад згубіў цікавасць да супрацоўніцтва з беларусамі і адмовіўся фінансаваць дзейнасць міністэрства па беларускіх справах, што прывяло да яго закрыцця. У гэты ж час былі ліквідаваны асобныя беларускія вайсковыя часці ў складзе літоўскай арміі. 1 лістапада 1923 г. прэзідыум Рады БНР і ўрад БНР пакінулі Каўнас і пераехалі ў Прагу. У кастрычніку 1925 г. удзельнікі ІІ Усебеларускай канферэнцыі, якая адбылася ў Берліне, прынялі рэзалюцыю, дзе гаварылася: “Нарада сьцверджаець, што адносіны Літвы да беларускай справы як былі, так і застаюцца ня шчырымі. Літоуская палітыка увесь час імкнулася і надалей імкнецца разглядаць беларусау толькі як службовую сабе сілу у спрэчцы з Польшчай з-за Вільні. Літоуская палітыка імкнецца паставіць беларускую старану у гэтай спрэчцы у гэткае становішча, пры якім беларускія інтэрэсы у Віленшчыне і Горадзеншчыне ня былі б нічым забяспечаны. Нарада пратэстуець супроць падобных спэкулятыуных комбінацый літоускай палітыкі і сьцьвярджаець: Вільня і увесь абшар, атрыманы Літвой на умове 12 ліпеня 1920 году, ляжыць у этнаграфічна-пераважна беларускай граніцы. Дзеля гэтага лес Вільні павінен быць вырашан не шляхам дыплематычных комбінацый, ці гандлю паміж Літвой і Польшчай, а шляхам вольнага усенароднага рэфэрэндума. Ня лічачы разам з беларускімі краевымі арганізацыямі Літву за значны фактар у беларускай вызвольнай барадзьбе, нарада ганьбіць тых беларусау, якіе пад знакам культурнічэства годзяцца служыць мэтам вузка шовіністычнай палітыцы і лічаць магчымым дзеля гэтага працаваць пад фальшывымі вывескамі, кшталтам міністэрства беларускіх спрау у Коуне” . Толькі невялікая частка беларускіх палітыкаў лічыла неабходным захаванне саюза з Літвой. З адпаведных пазіцый, напрыклад, выступаў В.Ластоўскі. У верасні 1924 г. у прамове на V Асамблеі Лігі Нацый ён падкрэсліў: “Літва, якая большасць сваёй гісторыі пражыла з беларускім народам, павінна падаць беларусам руку помачы ў іхнім цяперашнім змаганні. У вольнай Беларусі Літва, як і ў гістарычнай мінуўшчыне, будзе мець прыязную дзяржаву, з якой лучаць нас і гісторыя, і эканоміка, і аднастайны сялянскі склад жыхарства” . За супрацоўніцтва з Літвой выступаў і К.Дуж-Душэўскі, які да канца 1923 г. працаваў у міністэрстве беларускіх спраў пры ўрадзе Літвы, а пасля яго ліквідацыі – у міністэрстве замежных спраў Літвы (да канца 1930 г.). Нягледзячы на выезд кіруючых органаў БНР з Літвы, Каўнас застаўся адным з галоўных цэнтраў беларускай культуры. У красавіку 1923 г. у сталіцы Літвы быў заснаваны Беларускі цэнтр, галоўнымі задачамі якога абвяшчаліся выдавецкая беларуская дзейнасць з Літвы для абслугоўвання Заходняй Беларусі, падтрыманне сувязей з грамадскімі беларускімі арганізацыямі ў Заходняй Беларусі, выступленне на міжнароднай арэне ў абарону беларускіх і літоўскіх нацыянальных інтарэсаў . Кіраўніком цэнтра стаў В.Ластоўскі, у актыў арганізацыі ўваходзілі К.Дуж-Душэўскі, А.Матач, В.Барысовіч. Таксама ў прэзідыум Беларускага цэнтра ўваходзілі і літоўцы – В.Біржышка, З.Жэмайціс, Вайленіс. Сябры цэнтра выдавалі кнігі і перыядычныя выданні, прачыталі звыш 150 дакладаў і лекцый, выступалі па літоўскім радыё, спрабавалі аказваць матэрыяльную дапамогу беларусам у Літве, падтрымлівалі сувязі з беларусамі Вільні і іншых частак Заходняй Беларусі (хаця трывалым гэта супрацоўніцтва не стала). Дзейнасці цэнтра спрыяла тое, што на працягу пэўнага часу (асабліва ў першай палове 20-х гадоў) яго фінансавалі дзяржаўныя органы Літвы, бо літоўцы разлічвалі на беларускую падтрымку ў справе вяртання Вільні. У 20-х гадах ХХ ст. ў Каўнасе выдаваліся часопісы “Беларускі сьцяг” (выдаваўся ў красавіку – верасні 1922 г. К. Дуж-Душэўскім) і “Крывіч” (выдаваўся ў 1923-1926 гг. В. Ластоўскім), якія працягнулі традыцыі выданняў беларускіх адраджэнцаў пачатку ХХ ст. Галоўнымі мэтамі часопісаў былі абарона незалежнай беларускай дзяржаўнасці і павышэнне грамадскай свядомасці шляхам асвятлення ўсіх бакоў беларускага жыцця. Напрыклад, у першым нумары часопіса “Крывіч” гаварылася, што часопіс мае намер “не толькі абслужыць у роднай мове духовыя вымаганьні сярэдняга беларускага інтэлігента, але і прылажыць усіх высілкаў да адшуканьня шляхоў к самавызначэньню Беларусі ў сферы духовасьці” . Апрача агляду палітычных падзей, што непасрэдна закраналі Беларусь, на старонках выданняў размяшчаліся артыкулы гісторыка-філасофскага і навукова-крытычнага зместу, бібліяграфічныя агляды, водгукі на літаратурныя творы і самі літаратурныя творы (аповесці, вершы і г.п.), успаміны ўдзельнікаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Аўтары спрабавалі далучыць беларусаў да скарбніцаў сусветнай культуры, перакладаючы творы замежных аўтараў (Ю. Ахо, В. Бонзельса, Г. Гаўптмана, С. Інгмана, Р. Кіплінга, Б. Мэёна, Р. Тагора, Э. Сетан-Томпсана, А. Талстога, А. Уайльда, А. Франса і інш.) на беларускую мову. У 1924 г. В. Ластоўскі выдаў у Каўнасе “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”, а ў 1926 г. – фундаментальны твор “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, дзе разглядалася развіццё беларускай літаратуры ад Х да ХІХ ст. У 20-х гг. ХХ ст. беларусы спрабавалі стварыць у Літве нацыянальную сістэму адукацыі. Крокам да такой сістэмы стала адкрыццё ўвесну 1923 г. у Каўнасе курсаў беларусазнаўства пад кіраўніцтвам К. Дуж-Душэўскага. Аднак на працягу 20-х гг. ХХ ст. колькасць вучняў у беларускіх школах у Літве заставалася невялікай: у 1921 г. адпаведны паказальнік склаў 105 чалавек, у 1922 г. – 115, у 1923 г. – 58, у 1924 г. – 36, у 1925 г. – 34, у 1926 г. – 0, у 1927 і 1928 гг. – па 32 . У 1929 г. на ўсю Літву існавала толькі адна беларуская пачатковая школа . У другой палове 20-х гадоў ХХ ст. становішча беларусаў на землях Літвы пагоршылася. Найперш гэта стала наступствам палітыкі, якую праводзілі ў адносінах да беларусаў літоўскія ўлады. Напрыклад, урад Літвы прыняў закон, паводле якога асобы, што праз зямельны банк набылі землю ў Літве, былі пазбаўлены сваёй уласнасці і высланы з Літвы як “варожыя элементы”. Не падтрымлівалі літоўскія ўлады і сістэму беларускага школьніцтва на тэрыторыях з кампактным пражываннем беларусаў. У 1926 г. літоўцы перавялі Беларускі цэнтр у памяшканне, якое было менш прыдатнае для эфектыўнай працы . У канцы 20-х гадоў ХХ ст. у магчымасці наладзіць плённае супрацоўніцтва з уладамі Літвы расчараваліся нават самыя стойкія прыхільнікі адпаведнай ідэі. У 1927 г. В. Ластоўскі пакінуў Каўнас і пераехаў у БССР. К. Дуж-Душэўскі хаця і застаўся ў Літве, але адышоў ад актыўных спраў і нават заклікаў беларусаў байкатаваць выбары ў літоўскі парламент . У пачатку 30-х гадоў ХХ ст. дзейнасць беларусаў у Літве зноў ажывілася. У 1932 г. у Коўне было створана Беларускае культурна-асветнае таварыства (БКАТ). Галоўнымі задачамі таварыства лічыла “арганізацыю беларускай меншасці і працу над узаемным беларуска-літоўскім культурным яднаннем”. У статуце арганізацыі абвяшчалася, што яна будзе імкнуцца да згуртавання беларускай меншасці Коўна і ўсёй Літвы на падставах культурна-нацыянальнай працы, сяброўскага збліжэння з літоўскімі дзеячамі дзеля выхавання моладзі ў духу дзяржаўнасці і любві да літоўскай культуры, пашырэння ў асяродзі беларусаў нацыянальнай культуры, выхавання культурна-грамадскіх дзеячоў, фізічнага выхавання беларускай моладзі . Старшынёй праўлення арганізацыі стаў С. Якавюк. Таксама ў актыў таварыства ўваходзілі В. Барысовіч, А. Белавусаў, С. Дзядзевіч, М. Гардзейчык, К. Герасімчык, М. Езайціс, Я. Казун, А. Матач, С. Матач, К. Плескачэўская, Г. Радзюк, Я. Ясінскі і інш. У 1933 г. Беларускае культурна-асветнае таварыства налічвала больш за 1 тыс. чалавек. Яно мела Бразельскае, Гялвойскае, Вількамірскае, Мярэцкае, Аліцкае аддзяленні, Тракайскае і Дзарасайскае прадстаўніцтвы, жаночы аддзел у Каўнасе . Каардынацыйным цэнтрам арганізацыі стала “Беларуская хатка” ў Каўнасе. Сябры арганізацыі працавалі ў Беларускім народным універсітэце, наведвалі са згоды міністэрства асветы Літвы мясцовасці з перавагай беларускага насельніцтва, дзе выступалі з лекцыямі па беларусазнаўству. Пры БКАТ працаваў Беларускі народны тэатр са сталай тэатральнай студыяй (студыяй кіравалі К. Плекачэўская і С. Матач), які ў 1932—1933 гг. ажыццявіў каля 30 пастановак у Коўне і 10 у правінцыі. Апрача таго таварыства мела хоры ў Коўне і пры Бразельскім аддзяленні . Ковенскі хор у сакавіку 1933 г. са згоды літоўскіх улад нават выступіў па гарадскім радыё з нагоды 15-х угодкаў БНР. У 1933 г. пры БКАТ былі створаны дзіцячы садок (яго наведвалі 15 дзяцей), і бібліятэка-чытальня. У адрозненне ад Беларускага цэнтра БКАТ не атрымлівала дапамогі ад літоўскага ўрада і існавала на складкі сяброў і даходы ад тэатральных пастановак. У лютым 1933 г. у каўнаскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага стварылася Аб’яднанне студэнтаў-беларусаў, якое налічвала 15 чалавек і ставіла сваімі мэтамі задавальненне патрэб акадэмічнага жыцця, а таксама навуковых, культурных і эканамічных інтарэсаў сваіх сяброў . У праўленне арганізацыі ўваходзілі А. Вус, А. Зэйгліш, Л. Раманенка, Д. Рудзь, Г. Чаркас. Сябры аб’яднання праводзілі чытанні і дыспуты па праблемах беларусазнаўства, ладзілі вечарыны для збліжэння са студэнтамі-літоўцамі. У лютым 1933 г. пры падтрымцы БКАТ была створана арганізацыя Нацыянальная сувязь беларусаў Літвы, якая выказвала намер “бараніць, падтрымліваць і прадстаўляць духоўныя, палітычныя і эканамічныя патрэбы беларускай меншасці ў Літве” . 20 ліпеня 1933 г. БКАТ, Аб’яднанне студэнтаў-беларусаў і Нацыянальная сувязь беларусаў Літвы апублікавалі зварот “Да ўсіх старон свету”, у якім прапанавалі стварыць вярхоўны орган для ўсіх арганізацый у Беларусі і за яе межамі. Складальнікі звароту лічылі, што адпаведны орган мог бы мець назву Міжнародная асацыяцыя беларускіх арганізацый ці Камітэт вызвалення беларускага народу . Аднак спробы аб’яднаць беларусаў свету не прынеслі поспеху. Больш за тое, нават самі беларусы Літвы не змаглі паразумецца між сабой. Альтэрнатывай БКАТ стаў Беларускі цэнтр, які аднавіў сваю дзейнасць у сталіцы Літвы 23 лютага 1933 г. Старшынёй цэнтра стаў К. Дуж-Душэўскі, сакратаром – В. Барысовіч. У актыў арганізацыі ўвайшлі Ясінская, Карняк, Т. Іваноўскі, М. Спірыдовіч. Галоўнай мэтай Беларускі цэнтр лічыў аб’яднанне і каардынацыю дзейнасці асобных беларусаў і беларускіх арганізацый Каўнаса і ўсёй Літвы. Таксама актывісты арганізацыі дэкларавалі намер спрыяць узаемнаму пазнанню і таварыскаму збліжэнню літоўскага і беларускага грамадства, выхаваць павагу да дзяржаўнасці Літвы ў беларускім асяроддзі, аказваць юрыдычную і маральную падтрымку сябрам. Беларускі цэнтр атрымаў падтрымку з боку МЗС Літвы, але галоўнай крыніцай яго фінансавання былі складкі сяброў. У 1933 г. Беларускі цэнтр пачаў выдаваць часопіс “Беларускі асяродак”. Кіраўнікі БКАТ негатыўна ацэньвалі дзейнасць Беларускага цэнтра і адмовіліся ўвесці К. Дуж-Душэўскага ў склад праўлення сваёй арганізацыі. У сваю чаргу, актывісты Беларускага цэнтра не падтрымалі ініцыятыву БКАТ па аб’яднанню беларусаў свету і сталі рыхтавацца да правядзення альтэрнатыўнай Беларуска-балтыйскай канферэнцыі, запланаваўшы яе на сакавік 1934 г. Аднак і гэта акцыя не прынесла істотных вынікаў. Сваркі паміж рознымі арганізацыямі знізілі эфектыўнасць дзейнасці беларускай дыяспары ў Літве. У 1935—1936 гг. практычна ўсе беларускія арганізацыі ў Літве спынілі свае існаванне з прычыны арганізацыйных і фінансавых цяжкасцей. 1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Гэта нападзенне паклала пачатак Другой сусветнай вайне, якая крута змяніла гістарычны лёс беларусаў. 17 верасня 1939 г. ваенныя дзеянні супраць Польшчы пачаў Савецкі Саюз. Праз тыдзень савецкія войскі занялі Віленшчыну. Першапачаткова кіраўніцтва СССР планавала далучыць Віленшчыну разам з іншымі заходнебеларускімі землямі да БССР. З 22 верасня 1939 г. у Вільні пачала выдавацца штодзённая беларускамоўная газета “Віленская праўда”, на старонках якой змяшчаліся прапгандысцкія матэрыялы аб гістарычным праве беларускага народа на Вільню і Віленскі край . У гарадскім тэатры праходзілі беларускія пастаноўкі. У непазбежнасці ўваходжання Віленшчыны ў склад БССР быў упэўнены нават першы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка Беларускае насельніцтва Віленшчыны аднеслася да прыходу савецкіх войск станоўча. Нават беларуская інтэлігенцыя, якая не надта сімпатызавала Савецкай уладзе, вітала прадстаўнікоў СССР. У прыватнасці, на сходзе беларускай грамадскасці, які адбыўся ў будынку віленскай Беларускай гімназіі 24 верасня 1939 г. (на сходзе прысутнічалі і прадстаўнікі савецкай адміністрацыі), А.Луцкевіч, заснавальнік Беларускай Сацыялістычнай Грамады, шматгадовы галоўны рэдактар “Нашай нівы”, былы старшыня ўрада БНР і кіраўнік Віленскага БНК, падкрэсліў: “Сёння цяжар польскага прыгнечаньня і нацыянальнага ўціску скінуты назаўсёды. Беларусь зноўстала адзінай. Ніякія граніцы не будуць падзяляць адзіную беларускую зямлю. Працоўныя беларусы будуць жыць у сяброўстве. Вялікая праца перад намі, праца дзеля адбудовы ўсяго таго, штогадамі падміналася і нішчылася польскімі панамі. Трэба нанава аднавіць загнанае ў падпольле беларускае мастацтва, мову і культуры. Шмат давядзецца папрацаваць інтэлігентам-беларусам. Мы павінны ўключыцца ў работу такім чынам, каб ужо ў бліжэйшы час зрабіць выразны крок наперад у асвеце як у горадзе, так і на вёсцы. Утварэньне адзінай вольнай Савецкай Беларусі адчыняе для беларускай культуры шлях для хуткага развіцьця наперад. Ніколі ўжо працоўнаму беларусу не будуць пагражаць астрогам і нялюдскім здзекам” . У асяроддзі беларускай інтэлігенцыі ў Вільні ў верасні 1939 г. хадзілі чуткі аб хуткім перанясенні сюды з Мінска сталіцы БССР . Аднак вельмі хутка планы кіраўнікоў СССР змяніліся. Ва ўмовах ліквідацыі польскай дзяржавы літоўскі ўрад паставіў перад кіраўніцтвам Савецкага Саюза пытанне аб вяртанні Віленшчыны ў склад Літвы, спаслаўшыся на дагавор 1920 г. Просьба літоўцаў была задаволена, бо савецкае кіраўніцтва палічыла, што такі крок узмацніць уплыў СССР у Прыбалтыцы. У верасні 1939 г. паміж Літвой і СССР пачаліся перагаворы аб размяшчэнні на літоўскай тэрыторыі савецкага воінскага кантынгенту і адначасова аб перадачы Вільні ў склад літоўскай дзяржавы. 10 кастрычніка 1939 г. у Маскве быў падпісаны дагавор “Аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы г.Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж СССР і Літвой”, на падставе якога кіраўніцтва СССР перадала Літве “у мэтах замацавання дружбы” Вільню і Віленшчыну (трэба заўважыць, што пасля 1920 г. Савецкі Саюз фармальна не прызнаваў правы Польшчы на Віленшчыну і неаднаразова падкрэсліваў, што разглядае адпаведную тэрыторыю выключна як літоўскую). 27 кастрычніка 1939 г. СССР і Літва падпісалі дадатковы пратакол, які дакладна вызначаў лінію савецка-літоўскай мяжы . Пры перадачы Вільні літоўцам савецкія спецорганы правялі маштабную “зачыстку” горада ад “сацыяльна небяспечных” элементаў, якая пачалася 2 кастрычніка 1939 г. Галоўны ўдар быў нанесены па беларускай інтэлігенцыі. У ліку іншых былі арыштаваны А.Луцкевіч, былы сенатар польскага Сейма В.Багдановіч, адзін з лідэраў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Я.Пазьняк, М.Касцевіч, А.Трэпка, В.Грышкевіч, С.Бусел, А.Лекант, Р.Радзюк, У.Суліма-Самойла, А.Уласаў . Рэпрэсіі на доўгія гады затрымалі развіццё пачуцця нацыянальнай свядомасці ў мясцовага беларускага насельніцтва. 28 кастрычніка 1939 г. Вільня трапіла пад кантроль літоўцаў, якія адразу ж пачалі яе “літванізацыю”. Беларусаў прымушалі мяняць прозвішчы на літоўскі манер (з дабаўленнем заканчэнняў “-ас”, “-іс” і г.п.), рабіліся перашкоды выданню газет на беларускай мове (выдавалася толькі газета адноўленая “Крыніца”). Даўшы дазвол на дзейнасць у Вільні беларускай прагімназіі і пачатковай школы пры ёй, літоўскія ўлады перашкаджалі адкрыццю беларускіх школ у іншых месцах (пры тым палякам яны мець свае школы дазвалялі). Не дазволілі яны развівацца і беларускай кааперацыі . Аднак і ў гэты час беларусы працягвалі дзейнасць па адраджэнню нацыянальнай свядомасці, згуртаваўшыся каля Беларускага навуковага таварыства і Беларускага цэнтра ў Вільні . Улетку 1940 г. пасля ваеннага паражэння Францыі кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне аб далучэнні Літвы, Латвіі і Эстоніі да Савецкага Саюза. У чэрвені 1940 г. у Літву былі ўведзены дадатковыя кантынгенты савецкіх войск. У тым жа месяцы ўлада ў Літве перайшла да камуністаў. Яны абвясцілі Літву савецкай рэспублікай і звярнуліся да Масквы з просьбай аб далучэнні да СССР. У жніўні 1940 г. Літва была ўключана ў склад СССР на правах саюзнай рэспублікі. Адначасова з уваходжаннем у склад Савецкага Саюза Літоўская ССР атрымала ў якасці сваеасаблівага сталінскага падарунка Свянцянскі раён і частку тэрыторыі “з перавагай літоўскага насельніцтва Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага, Радунскага раёнаў Беларускай ССР” . Выглядала быццам бы адпаведныя тэрыторыі БССР перадала Літоўскай ССР дабраахвотна, але на самой справе рашэнне аб далучэнні беларускіх зямель да Савецкай Літвы было прынята на сустрэчы І. В. Сталіна з літоўскімі камуністамі і толькі потым было даведзена да ведама кіраўніцтва Беларускай ССР. Зразумела, сталінскае пажаданне адмоўнай рэакцыі ў кіраўнікоў Савецкай Беларусі не выклікала і хутка было зацверджана Вярхоўным Саветам БССР. Такім чынам, у склад Літвы трапілі землі, заселеныя аўтахтонным беларускім насельніцтвам, прычым сапраўднае жаданне гэтага насельніцтва адносна сваёй адміністрацыйна-тэрытарыяльнай прыналежнасці не высвятлялася. Першапачаткова савецкія ўлады не перашкаджалі дзейнасці беларускіх адукацыйных устаноў (беларуская гімназія ў Вільні працягвала свае існаванне ў якасці няпоўнай сярэдняй школы) і нават дазволілі стварыць на Віленшчыне некалькі беларускіх пачатковых школ. Беларусы выступалі па мясцовым радыё. Аднак выпуск старых беларускіх перыядычных выданняў быў спынены (замест іх у Вільні пачалі друкаваць газеты камуністычнага зместу – “Свабодная Беларусь” і “За свабоднае жыццё”). 22 чэрвеня 1941 г. Германія напала на СССР. Вельмі хутка тэрыторыя Прыбалтыкі і Беларусі была захоплена нямецкімі войскамі. Акупіраваныя землі Прыбалтыкі і Беларусі былі ўключаны ў склад адміністрацыйнай адзінкі – рэйхскамісарыята “Остланд”, які дзяліўся на 4 генеральныя акругі: Эстонскую, Латвійскую, Літоўскую і Беларускую. У склад Літоўскай генеральнай акругі былі ўключаны тэрыторыя былой Літоўскай ССР і Вілейская вобласць БССР (цэнтрам акругі стаў Каўнас) . У 1942 г. да Літоўскай генеральнай акругі былі далучаны Крэва, Ашмяны, Свір і Смаргонь . Сканцэнтраваўшы рэальную ўладу ў сваіх руках, нямецкая акупацыйная адміністрацыя дазволіла беларусам на землях, што трапілі ў склад Літоўскай генеральнай акругі, утварыць свае нацыянальныя арганізацыі. Ужо ў чэрвені 1941 г. у Вільні быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт. Сябры Віленскага БНК падтрымлівалі сувязь з беларусамі, што пражывалі за межамі Літоўскай генеральнай акругі (пераважна ў Беларускай і Латвійскай генеральных акругах), вырашалі пытанні культурна-асветнай работы, спрабавалі аблегчыць становішча ваеннапалонных-беларусаў, што трапілі ў нямецкія канцлагеры на пачатковым этапе Вялікай Айчыннай вайны. Са згоды нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Вільні аднавілі дзейнасць беларуская гімназія (па загаду немцаў яна была пераўтворана ў беларуска-рускую гімназію) і настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, працавала беларуская кнігарня “Пагоня”, дзе можна было набыць беларускія кнігі даваенных выданняў. У 1942—1944 гг. у Вільні выдавалася на беларускай мове газета “Беларускі голас” (рэдактарам газеты стаў Ф. Аляхновіч), якая распаўсюджвалася не толькі на Віленшчыне, але і на беларускіх землях, якія не ўваходзілі ў склад Літоўскай генеральнай акругі. Становішча беларусаў у Літве было складаным. Немцы неаднаразова падэкрэслівалі, што менавіта яны з’яўляюцца рэальнымі гаспадарамі ў Літоўскай генеральнай акрузе і не заўсёды прыязна ставіліся да беларусаў. Часам беларускія нацыянальныя дзеячы станавіліся ахвярамі гестапа як асобы, што спачувалі бальшавікам ці хавалі жыдоў (напрыклад, немцы арыштавалі і памясцілі ў канцлагер К.Дуж-Душэўскага, У.Калодку, забілі кампазітара П.Родзевіча, выслалі ў Беларускую генеральную акругу Я.Малецкага). Супраць беларускай калабарацыі на Віленшчыне праводзілі спецаперацыі савецкія партызаны і падпольшчыкі (у 1944 г. савецкія падпольшчыкі забілі Ф.Аляхновіча) і польская Армія Краёвая, якая падпарадкоўвалася польскаму ўраду на эміграцыі (у Лондане) і змагалася за аднаўленне Польскай дзяржавы ў межах, у якіх яна існавала да пачатку Другой сусветнай вайны. Непрыязна ставіліся да дзейнасці беларусаў на Віленшчыне і літоўцы, якія спрабавалі перашкодзіць дзейнасці беларускіх устаноў у Літоўскай генеральнай акрузе. У сакавіку 1943 г. пасля забойства партызанамі каля Свянцянаў намесніка камісара Вільні, гаспадарчага кіраўніка Літоўскай генеральнай акругі і высокапастаўленага прадстаўніка апарату нацыстскай партыі літоўскія узброеныя атрады па загаду немцаў правялі карную акцыю супраць мясцовага насельніцтва, падчас якой было забіта 1200 сялян-беларусаў з 7 вёсак, што прылягалі да месца забойства . Зразумела, не ўсе беларусы Літоўскай генеральнай акругі выступалі ў якасці калабарантаў. Былі сярод іх і тыя, хто змагаўся супраць гітлераўцаў і іх памагатых са зброяй у руках, далучыўшыся да атрадаў савецкіх партызан. 13 ліпеня 1944 г. Вільня была вызвалена з-пад нямецкай акупацыі. Пасля выгнання гітлераўцаў урад СССР вырашыў аднавіць Літоўскую ССР у межах, у якіх яна існавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У 1944—1946 гг. частка насельніцтва Віленшчыны і іншых беларускіх тэрыторый, што трапілі ў склад Літоўскай ССР, пераехала ў Польшчу на падставе пагаднння аб абмене насельніцтвам, якое было падпісана паміж урадам Літоўскай ССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення 22 верасня 1944 г. Да 10 жніўня 1946 г. запісаліся палякамі і праз Вільню выехалі ў Польшчу 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней – яшчэ каля 24 тыс. Выехаўшых замянялі этнічныя літоўцы-сяляне. Такім чынам, у другой палове 40-х гадоў ХХ ст. этнічны склад мясцовага насельніцтва пачаў змяняцца на карысць літоўцаў. Між іншым, пасля завяршэння Другой сусветнай вайны літоўскія ўлады пачалі праводзіць больш жорсткую палітыку ў адносінах да беларусаў, чым яны рабілі гэта падчас самой вайны. Беларуская гімназія і настаўніцкая семінарыя былі закрыты. Спыніў свае існаванне і Беларускі музей імя І. Луцкевіча (фонды музея часткова былі вывезены ў Кёнігсберг падчас эвакуацыі немцаў з Вільні, а тое, што засталося, было перададзена розным музеям і навуковым установам Літвы; невялікая частка экспанатаў і рукапісаў была перавезена ў БССР). Беларусам не дазвалялася друкаваць кнігі, газеты, часопісы, мець навучальныя ўстановы. Тыя беларусы, што адмаўляліся лічыць сябе літоўцамі, пераводзіліся ў катэгорыю “палякаў” . Становішча беларусаў ускладняла і тое, што яны не атрымлівалі з боку БССР ніякай (нават маральнай) падтрымкі. Менавіта з гэтага часу беларуская Вільня стала паступова перарабляцца ў літоўскі горад Вільнюс. У 50-х – 80-х гадах ХХ ст. у Літоўскую ССР сталі перасяляцца беларусы з БССР, якіх звычайна накіроўвалі на новабудоўлі ці прамысловыя прадпрыемствы Савецкай Літвы (напрыклад, беларусы працавалі на хімзаводах Йонавы і Кейдайняя, Мажэйкяйскім нафтаперапрацоўчым заводзе, Ігналінскай АЭС, у Клайпедскім порце). Прыток беларускіх работнікаў прывёў да павялічэння колькасці беларусаў ў Літве. Па даных агульнасаюзных перапісаў насельніцтва, у 1959 г. у Літоўскай ССР пражывала 30 тыс. беларусаў, у 1979 г. – 58 тыс., у 1989 г. – 63 тыс. Аднак павялічэнне колькасці беларускага насельніцтва ў Літоўскай ССР не прыводзіла да ажыўлення беларускага нацыянальнага жыцця ў рэспубліцы. Нешматлікая група беларускай інтэлігенцыі, што пражывала ў Вільнюсе (мастакі П. Сергіевіч і Х.Балаховіч, пісьменніца Зоська Верас (Л. Сіліцкая), літаратары Я. Шутовіч, Л. Луцкевіч, Л. Кароль, спевак Л. Мурашка і інш.), магла падтрымліваць толькі асабістыя кантакты. Сувязі паміж віленскім асяродкам беларускай інтэлігенцыі і тымі, хто пераехаў у Літоўскую ССР з БССР з мэтаю заробку, не склаліся. Працэсы лібералізацыі, што праходзілі ў СССР у другой палове 80-х гадоў ХХ ст., наклалі адбітак і на становішча літоўскіх беларусаў. У 1988 г. у Вільнюсе ўзніклі беларуская нацыянальна-асветная арганізацыя – таварыства “Сябрына” – і хор “Сябрына”. У 1989 г. у літоўскай сталіцы была створана яшчэ адна беларуская арганізацыя – Таварыства беларускай культуры ў Літве. Мэтамі ТБК абвяшчаліся адраджэнне беларускай грамадскай дзейнасці ў Літве, арганізацыя вячэраў, народных і царкоўных святаў, сустрэч з беларускімі дзеячамі . У тым жа годзе віленскія беларусы перазахавалі на могілках Роса прах Ф. Аляхновіча. У 1989 г. на літоўскім радыё пачала выходзіць беларускамоўная перадача “Навіны для беларусаў”, а на літоўскім тэлебачанні з’явілася перадача “Віленскі сшытак”. У 1990 г. у эфір стала выходзіць перадача з назвай “Беларускае слова на хвалях літоўскага радыё”. Аднак карэнным чынам становішча беларусаў Літвы змянілася ў 1991 г. ва ўмовах разбурэння СССР. Аднаўленне незалежнасці літоўскай дзяржавы ў сакавіку 1990 г. і яе выхад са складу СССР у верасні 1991 г. прывёў да аддзялення беларусаў Літвы ад сваёй этнічнай метраполіі (Рэспублікі Беларусь). Прычым гэта аддзяленне было даволі радыкальным, бо адміністрацыйная мяжа паміж былымі савецкімі рэспублікамі стала ператварацца ў паўнавартасную мяжу паміж незалежнымі дзяржавамі.

Опубликовано 12 марта 2006 года


Главное изображение:

КЛЮЧЕВЫЕ СЛОВА (нажмите для поиска): Беларусь, Литва, диаспора


Полная версия публикации №1142176623 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ Ў ЛІТВЕ

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network