публикация №1141337326, версия для печати

Беларуска-украінскія адносіны ў 1917-1920 гг.


Дата публикации: 03 марта 2006
Автор: Тихомиров А.В.
Публикатор: Тихомиров Александр Валентинович (номер депонирования: BY-1141337326)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ
Источник: (c) http://portalus.ru


Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін ў 1917-1920 гг.

Сувязі паміж беларусамі і украінцамі здаўна вызначаліся спецыфічнымі рысамі. Сумеснае знаходжанне абодвух народаў у складзе Кіеўскай Русі, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі выклікала падабенства ў іх традыцыях, культуры, мове. Геаграфічная блізкасць Беларусі і Украіны спрыяла пашырэнню кантактаў у сферах эканомікі і культуры. У ХІХ — пачатку ХХ ст. украінскі нацыянальна-вызваленчы рух быў прыкладам для беларусаў як рух больш сталы.
У гады Першай сусветнай вайны ў асяроддзі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі пачала распаўсюджвацца думка аб магчымасці і неабходнасці палітычнага супрацоўніцтва з украінцамі ў справе барацьбы за нацыянальнае вызваленне. Адпаведную ідэю, у прыватнасці, сфармулявалі ў 1916 г. браты Іван і Антон Луцкевічы, якія прапанавалі стварыць Балтыйска-Чарнаморскі саюз. Цікава, што паралельна і незалежна ад Луцкевічаў падобную ідэю выказаў у гэты ж час адзін з вядомых дзеячаў украінскага нацыянальнага руху — М.С.Грушэўскі.
Новы этап у гісторыі белоруска-украінскіх узаемадачыненняў пачаўся ў 1917 г., калі ва ўмовах распаду Расійскай імперыі стварыліся рэальныя ўмовы для развіцця сувязей паміж украінцамі і беларусамі на новай аснове, у якасці суверэнных, незалежных дзяржаў.
17 сакавіка 1917 г. у Кіеве была створана Украінская Цэнтральная Рада. 23 чэрвеня 1917 г. УЦР абвясціла аўтаномію Украіны ў межах Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Палтаўскай і Чарнігаўскай губерні і стварыла выканаўчы орган - Генеральны сакратарыят, які 3 ліпеня 1917 г. атрымаў прызнанне з боку расійскага Часовага ўрада як краёвы орган кіравання. 20 лістапада 1917 г. УЦР абвясціла Украіну Народнай Рэспублікай на правах федэратыўнай адзінкі ў складзе Расіі. Чарговым крокам на шляху стварэння дзяржаўнасці стала выданне УЦР 24 студзеня 1918 г. IV Універсала, дзе Украінская Народная Рэспубліка была абвешчана цалкам незалежнай ад Расіі.
Беларусы віталі працэс самавызначэння ўкраінцаў. Газета “Вольная Беларусь”, якая ў 1917 г. выдавалася ў Мінску, назвала дзень абвяшчэння аўтаноміі Украіны “вялікім днём” . “Ад гэтага часу доля і лёс Украіны ў руках самой Украіны. Чым дружней стане працаваць на карысць роднага краю, тым спарней будзе праца яе; чым менш будзе звяртаць увагі на гвалт вуліцы і лямант з маскоўскага боку, тым хутчэй увойдзе ў жыццё тое, пра вошта гаворыцца ў Універсале, тым скарэй складуцца новыя, лепшыя парадкі. Чым згаданей і мацней будзе трымацца яна свайго ўласнага грунту, тым здальней павядзе кірунак у справе творчасці свайго вялікага цвітучага краю.
Вялікі час перажывае Украіна. Няхай жа дзяржаўная мудрасць народу яе дапаможа ёй з хвалой і пашанай выйсці на вольны шлях аўтаномнага істнення! Яшчэ кволая ад нечуванага здзеку, уціску і паняверкі, цяжка змарнаваная самадзяржаўным панаваннем, Беларусь наша, радасна ўзіраючыся ў светлую будучыню, весела вітае дужэйшую сястру сваю і голасна кажа:
- Няхай жыве Вольная Украіна!”, — пісаў у артыкуле, размешчаным у “Вольнай Беларусі” за 24 чэрвеня 1917 г., Я.Лёсік .
У сваю чаргу, украінцы са спачуваннем ставіліся да нацыянальнага самавызначэння беларусаў. Напрыклад, у звароце вайскоўцаў-украінцаў да Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. падкрэслівалася: “Ваша гора было нашым горам, і ваша шчасце — наша шчасце” .
У працэсе рэалізацыі права на нацыянальнае самавызначэнне беларусы і украінцы стваралі нацыянальныя арганізацыі, прычым не абмяжоўвалі гэты працэс этнічнымі тэрыторыямі. Так, у Мінску ў красавіку 1917 г. вайскоўцы-украінцы стварылі Украінскую раду на Заходнім фронце, якая восенню 1917 г. падтрымала УЦР. У лістападзе 1917 г. пры правядзенні выбраў дэлегатаў агульнарасійскага Ўстаноўчага сходу на Заходнім фронце за спіс украінскіх эсэраў і меншавікоў прагаласавала 56818 чалавек, у выніку чаго 1 дэлегат ад адпаведнага спісу атрымаў мандат дэлегата сходу .
Ствараліся беларускія арганізацыі і на Украіне. У прыватнасці, у Кіеве быў заснаваны беларускі гурток “Зорка”, які ўлетку 1917 г. аб’яднаў каля 150 сяброў . У снежні 1917 г. у Кіеве адбыўся з’езд вайскоўцаў-беларусаў Паўднёва-заходняга фронта. Дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю, дзе патрабавалі дапусціць на мірную канферэнцыю ў Бресце-Літоўскім прадстаўніка Беларусі “дзеля абароны праў Беларусі, яе нізалежнасьці і цэласьці” . У гэты ж час на з’ездзе вайскоўцаў-беларусаў Румынскага фронта быў створаны Камітэт па нацыянальных беларускіх справах. Увогуле, на Румынскім фронце працэс арганізацыі беларусаў праходзіў даволі актыўна. Беларусы цалкам выдзеліліся ад іншых нацыянальнасцей, стварыўшы ўласныя вайсковыя адзінкі: 4-ы армейскі і Шаўрогінскі конны карпусы. Для папаўнення беларускіх вайсковых часцей у Адэсе утварыўся Беларускі этапны канцэнтрацыйны пункт.
У канцы 1917 г. прадстаўнікі беларускіх і украінскіх нацыянальных арганізацый апынуліся ў апазіцыі да бальшавікоў, якія лічылі адпаведныя арганізацыі небяспечнымі канкурэнтамі ў барацьбе за ўладу. СНК Заходняй вобласці і фронта забараніў дзейнасць беларускіх і украінскіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі, абвясціўшы ўдзельнікаў такіх арганізацый па-за законам.
Разам з тым, менавіта ў канцы 1917 г. палітычныя шляхі Украіны і Беларусі пачалі разыходзіцца. Значны ўплыў на характар беларуска-украінскіх сувязей аказала жаданне Германіі і яе саюзнікаў атрымаць у выглядзе фармальна незалежнай Украіны базу, багатую на паліва і сыравіну. Са згоды немцаў 3 студзеня 1918 г. дэлегацыя УНР на чале са статс-сакратаром па замежных справах В.А.Галубовічам прыбыла ў Брэст-Літоўскі, дзе праходзілі мірныя перагаворы паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі Чацвертнага саюза (Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Асманскай імперыяй). 10 студзеня дзяржавы Чацвертнага саюза прызналі паўнамоцтвы ўкраінскай дэлегацыі і прымусілі савецкіх прадстаўнікоў зрабіць тое ж самае.
1 лютага 1918 г. дзяржавы Чацвертнага саюза прызналі незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі. 9 лютага 1918 г. дэлегацыя УНР у Брэсце-Літоўскім падпісала мірны дагавор з дзяржавамі Чацвертнага саюза. Па ўмовах дагавора, паўночная граніца УНР павінна была прайсці па пунктах Тарнаград — Белаграй — Шэбрэшын — Краснастаў — Пугачоў — Радзін — Мельнік — Высока-Літоўск — Камянец-Літоўскі — Пружаны — Выганаўское возера . Трохі пазней у якасці кампенсацыі за адмову ад Холмшчыны на карысць Аўстра-Венгрыі да Украіны былі далучаны 3 павета Мінскай губерні (Пінскі, Мазырскі і Рэчыцкі) і Гомельскі павет Магілёўскай губерні .
Улетку 1918 г. на перагаворах паміж РСФСР і УНР вызначылася далейшая лінія паўночнай граніцы Украіны. Прадугледжавалася, што яна пройдзе па пунктах Выганаўскае возера — р.Шчара — Любашава — Круговічы — Локтышы — Чэпель — Пагост — Пасека — Слуцк — Баравая — Новы стэп — р.Днепр (прыкладна на адлегласці 4 вёрст вышэй за Жлобін) — Рачын — Шепятовічы — р.Сож — р.Бесядзь — Свяцк і далей па адміністрацыйнай мяжы Чарнігаўскай губерні (Савецкая Расія прыняла прапанаваную украінцамі граніцу, бо фактычна не кантралявала адаведныя раёны — увесну 1918 г. яны былі заняты нямецкімі войскамі) . Такім чынам, Украіна атрымала шэраг паветаў Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў (практычна ўсё Палессе, Сярэдняе Падняпроўе і Ніжняе Пасожжа з Гомелем).
17 сакавіка 1918 г. УЦР ратыфікавала Брэст-Літоўскі дагавор. У канцы сакавіка адбылася афіцыйная перадача ў склад УНР вызначаных тэрыторый. Выгляд паўночнай украінскай мяжы не задаволіў беларускіх дзеячаў. Ужо ў лістападзе 1917 г. Я.Лёсік у газеце “Вольная Беларусь” выказаўся супраць перадачы ў склад Украіны Старадубскага, Суражскага, Новазыбкаўскага, Мглінскага паветаў, а таксама Ноўгарад-Северска, Гародні і ўсёй паўночнай столкі Чарнігаўшчыны як тэрыторый, заселеных беларускім народам. “Нас заўсёды звязвала з Украінай асаблівае цёплае брацкае пачуццё, але святая павіннасць перад родным краем і кроўны інтарэс нашага народу прымушае нас заўважыць, што дзе-хто з украінскага грамадзянства сапраўды ўзіраецца на нашае, адвечна беларускае, сквапным вокам імперыяліста”, — заўважыў ён . У 3-й Устаўнай грамаце, якую Рада БНР прыняла 25 сакавіка 1918 г., гаварылася, што Беларусь павінна існаваць у граніцах, якія б уключалі ўсю Мінскую, Магілёўскую і Гродзенскую губерні ў адміністрацыйных межах, якія склаліся ў Расійскай імперыі.
Пратэсты БНР падтрымлівалі і беларускія арганізацыі на Украіне. Напрыклад, 30 сакавіка 1918 г. Рада Беларускіх Арганізацый на Украіне разглядзела пытанне аб далучэнні да УНР Рэчыцкага і Мазырскага паветаў і прыняла пастанову, у якой выказвалася думка аб неабходнасці правядзення перагавораў з украінскім урадам адносна лёсу спрэчных тэрыторый . Таксама Рада Беларускіх Арганізацый выказала намер хадатайнічаць перад украінскім урадам аб адкрыцці на перадаваемых тэрыторыях аднаго ці двух універсітэтаў і паставіла пытанне аб скліканні ўсеукраінскага з’езда беларусаў і складанні нацыянальнага спісу кандыдатаў ва Украінскі Устаноўчы сход .
На падобных пазіцыях знаходзіліся і беларусы Адэсы. У рэзалюцыі, прынятай 21 красавіка 1918 г. на агульным сходзе беларусаў г.Адэсы і яе ваколіц, гаварылася: “Мы, беларусы, г.Адэсы і ваколіц, сабраўшыся на агульны сход 21 красавіка г/г і абмеркаваўшы ўсебакова ўнікшае становішча на Беларусі самастойнай Народнай Рэспублікі і знаходзячы: 1) што беларускі народ уяўляе сабою асобную нацыю, якая хоць і паходзіць з аднаго агульнаславянскага кораня разам з вялікаросамі і ўкранцамі, але рэзка аддзяляецца ад іх сваімі побытавымі і эканамічнымі ўмовамі, мовай, 2) што гэты народ мае сваё гістарычнае мінулае як асобная народнасць, запрыгоненая толькі больш як 3 стагоддзі таму назад, і сваё геаграфічнае становішча, 3) што разняволеннем народаў, якое адбылося ў выніку рускай рэвалюцыі, мае ўсе падставы пакарыстацца і беларускі народ, 4) што неажыццяўленне раней беларускім народам свайго права на самавызначэнне павяло да абумоўленага паводле Брэст-Літоўскага дагавора падзелу Беларусі, 5) што выратаванне беларускага народа на свабоднае існаванне на зямным шары як нацыі магчыма толькі ў яго адзінстве і 6) што абвяшчэнне Беларусі самастойнай Рэспублікай дасць магчымасць устанавіць у краі парадак, адпаведна мясцовым умовам Беларусі і асаблівасцям беларускага народа, пастанаўляе:
Вітаць утварэнне Беларускай Нацыянальнай Рэспублікі і ўсімі сіламі падтрымаць Беларускі народны ўрад, цвёрда верачы, што ён пры падтрымцы ўсіх беларусаў выканае ўскладзеныя на яго цяжкія і адказныя задачы і выведзе беларускі народ непадзельным на шлях шырокага культурна-творчага і эканамічнага будаўніцтва. Няхай жыве Вольная Беларусь!”
Разам з тым, частка беларускіх палітыкаў лічыла, што з украінцамі неабходна шукаць кампраміс. Напрыклад, вядомы палітычны дзеяч БНР С.Рак-Міхайлоўскі пісаў: “Каб нам утрымаць у сябе Гомельскі павет, Мозырскі, Рэчыцкі, Пінскі і іншыя паветы Чарнігаўшчыны, ня трэба пакуль што ў гэтых паветах крэпка гнуць лінію беларускага шовінізму. На гэтым мы можам выйграць” . Да стрыманасці ў адносінах з Украінай заклікаў і Я.Лёсік, які тлумачыў далучэнне этнаграфічна беларускіх зямель да УНР абставінамі часу. “Мы павінны дасведчыцца і цвёрда ўпэўніцца, што калі гістарычны лёс судзіў паўднёвым часткам зямлі беларускай быць далучанымі да суседкі-прыяцелькі, то станецца гэта часова і беларушчына будзе там забяспечана, як належыцца. Так мусіць быць, калі мы шануем добрасуседскія адносіны! Бо хто мае вушы слухаць, той чуе, як нарастаюць варожыя пачуцці ў беларускага насельніка да таго, што да гэтага часу разглядаў ён як як нешта роднае, блізкае і спагадаючае”, — пісаў ён у артыкуле “Беларусь і Украіна”, які “Вольная Беларусь” размясціла ў нумары за 28 красавіка 1918 г.
У канцы сакавіка 1918 г. Народны Сакратарыят БНР накіраваў у Кіеў дыпламатычную місію БНР з даручэннямі афіцыйна азнаёміць Украінскую Народную Рэспубліку з фактам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, абмяняцца з УНР дыпламатычнымі місіямі, азнаёміць пры дапамозе сродкаў сувязі Украіны сусветную грамадскасць аб абвяшчэнні БНР, дабівацца допуску беларускай дэлегацыі на мірныя перагаворы паміж УНР і РСФСР, правядзення граніц з Украінай і Расіяй па этнаграфічнаму прынцыпу і дапамогі з боку УНР у справе вызначэння расійска-беларускай граніцы, звярнуць увагу украінцаў на тое, што дагаворы паміж БНР і УНР падлягаюць абавязковай ратыфікацыі з боку Рады БНР, прасіць урад УНР аб грашовай пазыке, высвятліць пытанне аб аднаўленні абмену таварамі паміж Беларуссю і Украінай, прыцягнуць да працы экспертаў з правам дарадчага голасу, устанавіць прамую сувязь паміж Кіевам і Мінскам .
Спецыяльна для членаў дэлегацыі быў складзены дакумент пад назвай “Межы БНР”, у якім вызначалася прыкладная лінія граніцы паміж БНР і яе суседзямі. У адносінах да Украіны складальнікі дакумента вызначалі лінію граніцы наступным чынам: “Мяжа з Украінай пачынаецца каля перасячэньня ракі Дзясны зь мяжою Чарнігаўскай губ., потым мяжа Беларусі спускаецца па Дзясне на 10 вёрстаў, паварочвае на захад і, адразаючы паўночную частку Чарнігаўскай губ., накіроўваецца да р.Дняпро, зь якім сустракаецца на 30 вёрстаў ніжэй упадзеньня ў яго ракі Сож, каля сяла Любяч і Лушыва па Дняпры даходзіць да сустрэчы зь мяжою Кіеўскай губ., ідзе па ёй, дасягае мяжы Валынскай губ., дасягае мяжы Валынскай губ, ідзе па гэтай мяжы да стыку яе зь мяжою Горадзенскай губ., і па мяжы гэтай губерні накіроўваецца да горада Ўладава, пункту зыходжаньня межаў Беларусі, Польшчы і Ўкраіны” .
1 красавіка 1918 г. у Кіеў прыбылі А.Цвікевіч і С.Рак-Міхайлоўскі. Адразу ж пасля прыезду яны сустрэліся з прадстаўнікамі Рады Беларускіх Арганізацый на Украіне. На сустрэчы было прынята рашэнне аб выданні ў Кіеве з 30 мая 1918 г. газеты “Белорусское эхо” (на рускай мове) . Пазней пры дапамозе дэлегацыі БНР у Кіеве былі заснаваны “Белорусское бюро по товарообмену”, “Таварыства украінска-беларускага збліжэння”, “Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны” . Увогуле, па словах беларускага грамадскага і культурнага дзеяча — М.В.Доўнар-Запольскага, які непасрэдна знаходзіўся ў гэты час на тэрыторыі Украінцы і супрацоўнічаў з дыпламатычнай місіяй БНР, у 1918 г. Кіеў стаў буйным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху . Там праходзілі шматлікія мітынгі беларусаў, чыталіся лекцыі-даклады па беларускіх нацыянальных пытаннях, выдаваліся газеты “Белорусское эхо” і “Белорусское слово”, было выдадзена некалькі брашур па палітычных пытаннях (у т.л. “Кароткі нарыс узнікнення Беларускай Народнай Рэспублікі” А.Цвікевіча), кніга Леўшчанкі “Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства”.
Першапачаткова прадстаўнікі дэлегацыі БНР лічылі мэтазгодным пачынаць перагаворы з украінцамі толькі пасля афіцыйнага прызнання імі незалежнасці Беларусі . Урад М.Грушэўскага прызнаваў Беларусь дэ-факта, але адмовіўся прызнаць яе дэ-юрэ, спасылаючыся на ўмовы Брэст-Літоўскага мірнага дагавора .
Беларусы былі вымушаны прымірыцца з пазіцыяй украінцаў. 5 красавіка 1918 г. А.Цвікевіч сустрэўся з кіраўніком Украінскай Цэнтральнай Рады Грушэўскім, міністрам ваенных спраў УНР Жукоўскім і міністрам замежных спраў УНР Любінскім. На наступны дзень кіраўнік дэлегацыі БНР меў сустрэчу з міністрам унутраных спраў УНР Ткачэнкай. Як пазней адзначаў А.Цвікевіч, кіраўнікі Украіны “выказалі ў гутарцэ прыхільнасьць да Беларускае Справы, а Міністр Унутр. Справау п.Ткачэнко зазначыў, што сярод Украінскага Ураду істнуе думка заснаваць па сусецтву з Украінай Нэйтральную Дзяржаву, да чаго Беларусь найбольш прыдатна. П.п. Грушэўскі і Любінскі прасілі у афіцыяльнай візыце даць ім дакладные запіскі аб становішчы на Беларусі” . Больш за тое, міністр ваенных спраў УНР даў прынцыповую згоду на стварэнне на тэыторыі Украіны беларускіх войск. Зыходзячы з гэтага, члены дэлегацыі пастанавілі: “Прызнаць прынцыпова ніабходным фармаванне Беларускіх вайсковых часьцін на Украіне, 2) дзеля праводзін гэтага ў жыцце даручыць асобнай камісіі выпрацаваць праект спосабау на арганізацыю Беларускіх Вайсковых часьцін на Украіне і зрабіць аб гэтым даклад Дэлегацыі, 3) камісію злажыць з ваеннае камісіі Беларускае Нацыянальнае Арганізацыі у Кіеве з уключэннем у яе кампэтэнтных асобаў” .
14 красавіка 1918 г. дэлегацыя БНР разглядзела пытанне аб прызначэнні беларускіх камісараў у Мазырскі, Пінскі і Гомельскі паветы і пастанавіла: “Прынцыпова прызнаць што: 1) назначэнне беларускіх камісарау ніабходна, 2) што назначаемые Камісары павінны быць матэрыяльна забэзпечаны беларускім Урадам, 3) што пэрсанальнасьць назначваемых Камісараў павінна быць вядомай беларускаму Ураду, 4) што пры назначванні Камісараў ніабходна будзе зьвярнуцца да п.Міністра Унутраных Справау У.Н.Р. з просьбаю, каб Украінскім Камісарам былі даны інструкціі вясьці сваю працу у кантакце з беларускімі Камісарамі, якіе будуць зьяуляцца Прэдстаунікамі Беларускага Ураду, 5) што назначэнне Камісарау павінна быць зроблена пасьля зносін з Народным Сэкрэтарыятам” .
Павышаную ўвагу члены дэлегацыі надавалі пытаннню аб вызначэнні дакладнай граніцы паміж Беларуссю і Украінай. 15 красавіка 1918 г. А.Цвікевіч перадаў міністру замежных спраў УНР заяву, дзе звярнуў увагу на неабходнасць неадкладнага стварэння камісіі для вызначэння беларуска-украінскай граніцы .
У той жа дзень А.Цвікевіч атрымаў адказ з украінскага боку. Украінцы адмаўляліся наладзіць прамую сувязь з Мінскам, спаслаўшыся на тэхнічныя цяжкасці, але далі згоду на стварэнне пагранічнай камісіі .
18 красавіка 1918 г. дэлегацыя БНР накіравала міністру замежных спраў УНР радыёграму, дзе, у прыватнасці, гаварылася: “Па даручэнні Рады БНР маем гонар давесці да Вашага ведама, што невызначанасць дакладнай пагранічнай лініі паміж Украінскай і Беларускай Народнымі Рэспублікамі выклікае на месцах шмат непаразуменняў як у адносінах да функцыянавання дзяржаўных і грамадскіх устаноў паміж сабою, так і ў звычайным жыцці насельніцтва. У сувязі з гэтым і ў мэтах найхутчэйшага ўстанаўлення нармальнага жыцця ў пагранічных мясцовасцях, просім прызначыць камісію ад падпарадкаванага Вам міністэрства сумесна з якой Дэлегацыя па справах знешніх перагавораў Б.Н.Р. магла б з дакладнасцю вызначыць і замацаваць у асобым дагаворы дзяржаўныя граніцы абедзвюх Рэспублік” .
Украінскі бок аператыўна адрэагаваў на зварот беларусаў. Першае пасяджэнне камісіі адбылося 19 красавіка 1918 г. З беларускага боку ў рабоце камісіі ўдзельнічалі А.Цвікевіч і С.Рак-Міхайлоўскі, з украінскага боку — А.Ліхнякевіч, М.Петрыўскі, М.Свідэрскі. Удзельнікі пасяджэння разглядзелі пытанні аб прынцыпе вызначэння граніцы, аб карце і аб адпраўных кропках вызначэння граніцы на захадзе і на ўсходзе і вырашылі прыняць за аснову вызначэння этнаграфічны прынцып. Беларусы выказалі намер карыстацца на перагаворах картай Я.Карскага, украінцы — нямецкай картай. Найбольш складаным аказалася пытанне аб адпраўных кропках. Беларуская дэлегацыя настойвала на сутоке р.Судасці з р.Дзясной у м.Грэмяч, украінцы лічылі, што граніцу трэба праводзіць праз Мглін, адтуль па паўночнай граніцы Чарнігаўшчыны на паўднёвы захад да Веткі, далей праз Горвань на Дняпры на Загор’е, Камаровічы, Морач, прама на захад да Выганаўскага возера, далей — па лініі, вызначанай у Брэсце-Літоўскім. Прыпяць і чыгунка Пінск — Гомель павінны былі застацца пад кантролем Украіны. Дыскусія была даволі гарачай. У каментарыях беларусы адзначалі: “Адчуваецца, што ўсё гэта дыктуюць ім (украінцам — аўт.) немцы і украінцы настойваюць на гэтым, каб засцерагчы сябе (стратэг. саабр.) ад небяспекі з поўначы, калі пры слабасці Беларускае Рэспублікі змогуць запанаваць там Вялікоросія ці Польшча. Мы даказваем, што адступіцца ад сваёй лініі мы не можам, бо адняцце ў нас басейна Прыпяці, багатага на лес, асудзіла б Беларусь на няшчаснае існаванне, што зусім не на карысць было б і самой Украйне” .
Тэрытарыяльныя патрабаванні украінцаў абуралі беларусаў. На пасяджэнні 20 красавіка 1918 г. члены дэлегацыі БНР пастанаваілі не задавальняць украінскія патрабаванні, зацягнуць перагаворы і звярнуцца за падтрымкай да Германіі (дапускалася магчымасць накіравання адпаведных зваротаў да дзяржаў Антанты і РСФСР) .
21 красавіка 1918 г. на чарговым пасяджэнні беларускай дэлегацыі было прынята рашэнне накіраваць нямецкаму дыпламатычнаму аташэ ў Кіеве мемарандум, дзе адзначыць, што страта Пінска, Мазыра, Рэчыцы і Гомеля цягне за сабою страту Гродзеншчыны. Таксама ўдзельнікі пасяджэння прызналі неабходным заявіць украінцам наступнае: “Лінія граніцы, што намячалася намі на адным з пасяджэнняў, насіла характар чыста асабістых нашых папярэдніх перагавораў, прычым пры вызначэнні мінімальнай граніцы мы павінны адзначыць, што Гродзеншчына з Брэстам, Драгічынам, Бельскам, Кобрынам і Пружанамі усімі беларусамі мысліцца не йначай як беларуская тэрыторыя. Увогуле, наколькі нам вядома меркаванне адказных беларускіх колаў, паўднёвая граніца Беларусі ідзе ў агульным па граніцы Мінскай і Гродзенскай губ., магчыма толькі за выключэннем невялічкага паўднёвага вугла Брэсцкага павета. Разам з тым у перагаворах аб граніцах для Беларусі, роўна як і для Украйны, мае істотнае значэнне устанаўленне нармальнай этнаграфічнай граніцы Беларусі на поўначы і ўсходзе і таму важна, каб Украіна ўсяляк дапамагала са свайго боку актыўнаму ўдзелу нашай дэлегацыі ў Курску. Мы ж са свайго боку паспрабуем усяляк паскорыць заканчэнне перагавораў аб граніцы з Украйнай” .
28 красавіка 1918 г. урад БНР вырашыў падпісаць з Украінай прэлімінарны дагавор аб граніцы на наступных умовах:
“1. Абодва бакі дамаўляюцца, што межы паміж Украінскай Народнай Рэспублікай і Беларускай Народнай Рэспублікай устанаўліваюцца толькі па ўзаемным пагадненні, без удзелу трэццяга боку.
2. Абодва бакі абавязуюцца на працягу месяца пасля міра з Вялікаросіяй дасягнуць ратыфікацыі дагавора аб украінска-беларускай граніцы.
3. Прымаючы да ведама ўсе заявы прадстаўнікоў Украінскага Урада аб граніцах паміж Украінай і Беларуссю, прадстаўнікі Беларускага Ўрада абавязуюцца знайсці шляхі да задавальнення надзённых патрэбаў Украіны ў справе вызначэння яе граніц.
4. У сваю чаргу, Урад Украінскай Народнай Рэспублікі абавязуецца аказаць сяброўскую падтрымку Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і ў справе правядзення беларуско-вялікарускай граніцы.
5. Гэты дагавор у выпадку аспрэчвання яго трэцім бокам павінен быць прадстаўлены суседнім дзяржавам — Вялікаросіі, Германіі і Польшчы”.
Урад БНР вырашыў зняць пытанне аб усходняй кропцы украінска-беларускай граніцы, адзначыўшы, што беларуская дэлегацыя павінна настойваць на абмяркаванні агульнай граніцы паміж Украінай і Беларуссю з аднаго боку і з Вялікаросіяй з другога боку, ахоўваючы з боку Беларусі лінію Болва — Бранск — Дзясна і працягваючы яе на поўдзень па згодзе з украінскай дэлегацыяй.
Пасля палітычнага перавароту на Украіне 29 красавіка 1918 г., у выніку якога да ўлады прыйшоў гетман П.Скарападскі, беларуска-украінскія перагаворы прыпыніліся, але ў маі 1918 г. аднавіліся.
У новых умовах прадстаўнікі БНР зноў паставілі пытаннне аб прызнанні Украінай незалежнасці Беларусі. У пачатку мая 1918 г. новы украінскі ўрад накіраваў у Мінск А.Квасніцкага ў якасці консула УНР. У сваю чаргу, беларуская дэлегацыя ў Кіеве 10 мая 1918 г. вырашыла накіраваць ураду БНР прапанову аб прызначэнні консула БНР у Кіеве, вылучыўшы кандыдытам на адпаведную пасаду П.Трамповіча. Таксама члены дэлегацыі звярнуліся да ўрада БНР з просьбай даць дазвол на заключэнне з Украінай паштовага, дарожнага і іншых пагадненняў.
У канцы мая 1918 г. палітычная камісія Украіны дапусціла магчымасць прызнання самастойнасці Беларусі, перадаўшы адпаведнае пытанне на разгляд урада УНР . Разам з тым украінскі міністр юстыцыі С.Шалухін прапанаваў стварыць беларуска-украінскую федэрацыю.
1 чэрвеня 1918 г. дэлегацыя БНР разглядзела пытанне аб магчымасці стварэння федэрацыі з Украіной. Частка членаў дэлегацыі выказалася за стварэнне федэрацыі, звярнуўшы ўвагу на тое, што ў гэтым выпадку Беларусь атрымае неабходныя прадукты харчавання і выхад да Чорнага мора. Таксама яны лічылі, што аб’яднанне з Украінай не прывядзе да страты беларусамі сваёй нацыянальна-культурнай адметнасці, бо “Украіна слабая ў культурных адносінах і недастаткова ўмацавалася як дзяржава” . Аднак канчатковага рашэння дэлегацыя прыняць не змагла.
Апрача спробаў дабіцца дыпламатычнага прызнання члены дэлегацыі БНР спрабавалі наладзіць эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і Украінай. У красавіку 1918 г. у Кіеве была створана Беларуская гандлёвая палата (яе кіраўніком стаў М.Доўнар-Запольскі). Супрацоўнікі палаты заключылі з украінскім міністэрствам гандлю і прамысловасці некалькі пагадненняў, атрымаўшы дазвол на адпраўку транспарту з цукрам і збожжам на Беларусь замест лясных тавараў. Акрамя афіцыйных дазволаў ёй удалося прапускаць тавары і неафіцыйна, з дапамогай падпольных беларускіх бальшавіцкіх арганізацый, якія мелі прытулак у Кіеве .
10 чэрвеня 1918 г. дыпламатычная місія БНР у Кіеве правяла апошняе пасяджэнне, пасля чаго ўрад БНР адклікаў А.Цвікевіча і С.Рак-Міхайлоўскага з Украіны. Новая беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй ўрада (адначасова ён узначальваў МЗС БНР) А.Луцкевічам прыбыла ў Кіеў толькі 22 верасня 1918 г.
Як і ў першай палове года, галоўным у беларуска-украінскіх адносінах заставалася пытанне аб форме узаемадачыненняў. У пачатку кастрычніка 1918 г. украінскі бок зноў прапанаваў беларусам аб’яднацца “на асновах супольнай мытнай граніцы, супольнай арганізацыі арміі (дзве тэрыторыальная арміі) і супольнай загранічнай палітыкі” . “Украінцы ахвотна пойдуць насустрэч умацаваньню беларускае дзяржаўнасьці і утварэньню аружнай сілы ў Беларусі, даючы помач грашмі, аружжам і т.п., паскольку на гэта будзе дадзена маўчлівая згода Нямеччыны. Украінскае міністэрства закардонных спраў зробіць належныя прадстаўленьні аб гэтым нямецкаму пасольству ў Кіеві і нямецкаму імперскаму ураду ў Бэрліне”, — заўважалі прадстаўнікі беларускай дэлегацыі ў каментарыях да справы перагавораў з украінцамі.
9 кастрычніка 1918 г. беларускую дэлегацыю прыняў П.Скарападскі. Украінскі гетман паабяцаў паскорыць прызнанне незалежнасці Беларусі дэ-юрэ, падкрэсліўшы, што Украіна прызнае Беларусь дэ-факта. Беларускія прадстаўнікі былі задаволены размовай і праз дзень звярнуліся да міністра замежных спраў Украіны з просьбай “унясьці на разгляд Рады Міністраў пытаньне аб офіцыальным прызнаньні Украінай дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі ў тэрміновым парадку”.
Аднак да пачатку лістапада 1918 г. Украіна не прызнала незалежнасць Беларусі дэ-юрэ. 5 лістапада 1918 г. дэлегацыя БНР накіравала ў міністэрства замежных спраў Украіны новую ноту, дзе гаварылася: “Дэлегацыя заяуляе, што кожны далейшы дзень зацяжкі, стауляючы Беларусь перад фактам окупацыі Савецкай Рэспублікай усе новых і новых абшараў Беларусі, абязцэнівае эвэнтуальную помач Беларусі са стараны Украінскае дзяржавы, каторая можа аказацца споьзненай, і адклад развязкі радай Міністрау пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці Беларусі і аб помачы ей можэ вытварыць палажэньне, роуна грознае як для Беларусі, так і для Украіны. Зьвертаючы на гэта увагу Украінскага Ураду, Дэлегацыя яшчэ раз просіць паскорыць разгляд Радай Міністрау закранутых дэлегацыяй пытаньняў і лічучы сваю далейшую бытнасьць у Кіеве да аканчацельнай разьвязкі справы бязплоднай, прыпыняе сваю работу і варочаецца у Менск дзеля справаздачы свайму Ураду і атрыманьня далейшых інструкцый”.
Новы зварот зноў застаўся без наступстваў, бо планы беларусаў атрымаць прызнанне з боку Украіны і з яе дапамогай дабіцца сусветнага прызнання парушылі рэвалюцыйныя падзеі ў Еўропе. 3 лістапада 1918 г. у Германіі пачалася рэвалюцыя. Пазбаўлены патрымкі з нямецкага боку гетманскі ўрад хутка паў пад націскам пятлюраўцаў і бальшавікоў. 14 снежня 1918 г. П.Скарападскі абвясціў аб сваёй адстаўцы і выехаў у Германію. Новай уладай у краі стала Дырэкторыя, якая складалася з прадстаўнікоў украінскіх сацыялістычных партый (першапачаткова кіраўніком Дырэкторыі стаў Віннічэнка, з лютага 1919 г. яго змяніў С.Пятлюра).
Кіраўнікі БНР спрабавалі наладзіць адносіны з пятлюраўцамі. 22 лістапада 1918 г. у Кіеў прыбыла беларуская дэлегацыя на чале з А.Цвікевічам, якой даручалася наладзіць сувязі з новым украінскім урадам і “прадухіліць тавараабменную катастрофу” . У снежні 1918 г. беларуская дэлегацыя ў Кіеве атрымала заданне атрымаць ад украінскага ўрада грашовую падтрымку для БНР. У сакавіку 1919 г. урад УНР пагадзіўся пазычыць беларусам 4 млн. карбованцаў. Частка пазыкі была выплачана наяўнымі грашыма, частка (каля 2 млн. марак) павінна была прайсці праз банкі Берліна і Вены . Аднак агульная нестабільнасць становішча на Беларусі і Украіне перашкодзіла пашырэнню кантактаў паміж УНР і БНР.
У канцы 1918 г. Чырвоная армія пачала займаць раёны Палесся. 20 снежня 1918 г. савецкія войскі занялі Гомель, але ўтрымлівалі горад нядоўга, пацярпеўшы паражэнне ад немцаў і пятлюраўцаў. 5 студзеня 1919 г. кіраўніцтва нямецкімі войскамі заключыла з прадстаўнікамі РСФСР дагавор, абавязаўшыся пакінуць горад на працягу 10 дзён. 14 студзеня 1919 г. Гомель зноў трапіў пад кантроль савецкіх войск . Падобная сітуацыя назіралася у Мазыры, Калінкавічах, Лунінцы. 12 студзеня 1919 г. савецкая ўлада была ўстаноўлена ў Рэчыцы, 25 студзеня – у Пінску.
Пасля замацавання савецкай улады на тэрыторыі Беларусі і Украіны паўстала пытанне аб граніцах паміж савецкімі рэспублікамі. Праблема вызначэння граніц паміж Беларуссю і Украінай у канцы 1918 — пачатку 1919 г. дасюль вывучана недастаткова з прычыны адсутнасці адпаведных дакументаў. Магчыма, першапачаткова кіраўніцтва РСФСР планавала стварыць Савецкую Украіну ў тых межах, у якіх існавала УНР. Межы Савецкай Беларусі былі вызначаны толькі ў канцы снежня 1918 г. У дакуменце, які прыняў І з’езд КП(б)Б, гаварылася, што ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі павінны ўвайсці цалкам Мінская і Магілёўская губерні, Пружанскі, Брэсцкі, Кобрынскі паветы Гродзенскай губерні, Суражскі, Мглінскі, Старадубскі паветы Чарнігаўскай губерні. Такім чынам, лінія граніцы БССР на беларуска-украінскім сумежжы амаль што цалкам супадала з лініяй этнаграфічнага рассялення беларусаў, але існавала ў такіх граніцах Савецкая Беларусь нядоўга. У другой палове студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы ўсходніх раёнаў БССР у склад РСФСР. На падставе адпаведнага рашэння ў красавіку 1919 г. да РСФСР была далучана Гомельшчына.
Зрэшты, праблема межаў у адносінах паміж Савецкай Беларуссю (пазней Літоўска-Беларускай ССР) і Савецкай Украінай істотных супярэчнасцей не выклікала, бо пераважная большасць украінскіх і беларускіх камуністаў лічыла яе неістотнай. Напрыклад, у пастанове Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў Украіны ад 7 сакавіка 1918 г. гаварылася, што адпаведны орган улады ніколі не разглядаў Украінскую Савецкую Рэспубліку як нацыянальную рэспубліку, а выключна як Савецкую рэспубліку на тэрыторыі Украіны, звязаную федэратыўнымі вузамі з РСФСР.
25 лютага 1919 г. украінскі савецкі ўрад падпісаў “Дагавор аб межах”, фактычна прызнаўшы дзяржаўнымі граніцамі Украіны адміністрацыйныя межы Кіеўскай, Херсонскай, Падольскай, Валынскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Екацярынаслаўскай і Таўрычаскай губерняў былой Расійскай імперыі.
Савецкая Беларусь і Савецкая Украіна дэкларавалі жаданне знаходзіцца ў федэратыўным саюзе з РСФСР і сумесна змагацца супраць знешніх і унутраных ворагаў. 28 студзеня 1919 г. Часовы Украінскі рабоча-сялянскі ўрад прапанаваў савецкім сацыялістычным урадам Расіі, Латвіі, Беларусі, Эстляндыі і Літвы заключыць “цесны абарончы саюз супраць усялякіх спроб звергнуць уладу рабочых і сялян, што ўстанавілася коштам такіх цяжкіх ахвяраў” . Пазней з адпаведнай прапановай выступіў ЦВК ССРУ. 31 мая 1919 г. Савет Абароны Літбела падтрымаў прапанову Украіны. 1 чэрвеня 1919 г. прадстаўнікі Літбела і Савецкай Украіны разам з прадстаўнікамі РСФСР, Савецкай Латвіі і Крыма юрыдычна аформілі на пасяджэнні Усерасійскага ЦВК ваенна-палітычны саюз савецкіх рэспублік.
У значнай меры Савецкая Украіна цікавіла Савецкую Беларусь у 1919 г. як эканамічны партнёр. У студзені — лютым 1919 г. на украінскай тэрыторыі дзейнічалі агенты камісарыята па харчаванню БССР. У Савецкую Беларусь з Украіны вывозіліся збожжа, мука, крупы, алей, цукар, тытунь. Узамен украінскі бок атрымліваў лён, паперу, драўніну, дровы, фанеру, посуд, скуру, абутак . У сакавіку 1919 г. абмен таварамі паміж рэспублікамі дасягнуў даволі значных памераў. Разам з тым, на характар эканамічных адносін паміж Савецкай Беларуссю і Савецкай Украінай істотны адбітак накладвала тое, што абедзьве рэспублікі знаходзіліся ў залежнасці ад Савецкай Расіі і будавалі сваю палітыку з улікам патрабаванняў, што прыходзілі з Масквы. Напрыклад, Старшыня Ўсерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Я.М.Свярдлоў 15 лютага 1919 г. забараніў камісару харчавання БССР М.Калмановічу ажыццяўляць самастойную нарыхтоўку збожжа на Украіне. Органы па нарыхтоўцы харчавання БССР павінны былі даводзіць да ведама Масквы інфармацыю аб патрэбнасцях рэспублікі ў збожжы і хлебе і забяспечвацца адпаведнымі прадуктамі на падставе гэтай інфармацыі.
Супрацоўніцтва паміж Савецкай Беларуссю і Савецкай Украінай прыпынілася ва ўмовах прасоўвання на ўсход польскіх войск, якія да канца 1919 г. занялі практычна ўсю тэрыторыю Беларусі, і поспехаў арміі генерала А.І.Дзянікіна, якая ўлетку 1919 г. авалодала большай часткай тэрыторыі Украіны.
У той час як Савецкая Беларусь і Савецкая Украіна змагаліся на франтах грамадзянскай вайны, іх палітычныя апаненты ў асобе БНР і УНР спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. У ліпені 1919 г. урад БНР зноў накіраваў на Украіну беларускую дыпламатычную місію на чале з А.Цвікевічам. Дэлегацыя выехала ў Камянец-Падольскі, дзе знаходзіўся ўрад УНР, але абставіны ваеннага часу не дазволілі яе членам дабрацца да месца прызначэння. У канцы ліпеня 1919 г. у Камянец-Падольскі трапіла толькі кур’ер БНР А.Алексючанака, якая перадала украінскаму ўраду мемарандум аб становішчы БНР. Мемарандум прыняў міністр замежных спраў УНР А.Лявіцкі, які выказаў спачуванне гаротнаму становішчу беларусаў і запэўніў, што УНР падтрымае беларусаў у барацьбе за незалежнасць . Таксама ўрад УНР дазволіў беларусам атрымаць у Вене пазыку ў памеры 3 млн. крон .
Цесна кантакты склаліся паміж беларусамі і ўкраінцамі на Парыжскай мірнай канферэнцыі. У чэрвені 1919 г. разам з прадстаўнікамі іншых эміграцыйных плыняў народаў былой Расійскай імперыі яны падпісалі зварот да кіраўнікоў канферэнцыі, дзе выступілі супраць намераў дзяржаў-пераможцаў прызнаць урад А.В.Калчака ў якасці правапераемніка ўрада былой Расіі. У жніўні 1919 г. у Парыжы быў падрыхтаваны сакрэтны дагавор аб палітычным саюзе паміж БНР і УНР. Асноўнымі мэтамі саюза абвяшчаліся “супольная абарона і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці абедзьвух рэспублік”. Абодва бакі абавязаліся “аказаць сабе ўзаемную помач у палітычнай рабоце за граніцай; устанавіць пастаянны кантакт паміж прадстаўнікамі БНР і УНР у сталіцы вялікай дзяржавы, утварыўшы там мешаныя беларуска-украінскія камісіі дзеля супольнай палітычнай работы; даваць сабе ўзаемна фінансавую і эканамічную помач; апрацаваць і прыняць на аснове задавальненьня абапольных інтарэсаў беларуска-украінскую тарговую конвэнцыю” .
У пачатку кастрычніка 1919 г. беларуская дэлегацыя на чале з А.Цвікевічам (у склад яе ўваходзілі А.Галавінскі і Ю.Камарынец) ўсё ж апынулася ў Камянцы-Падольскім, дзе сустрэлася з С.Пятлюрай, павітаўшы яго ад імя ўрада БНР . Таксама беларусы перадалі украінцам свае даверчыя граматы . Кіраўніцтва УНР прызнала паўнамоцтвы беларускіх прадстаўнікоў і прызначыла пасла да ўраду БНР (ім стаў Чаботарэнка, былы украінскі консул у Румыніі) . Са згоды А.Цвікевіча А.Галавінскі дамовіўся з ваенным міністрам УНР аб стварэнні на украінскай тэрыторыі беларускага вайсковага атрада .
Складанае становішча, у якім знаходзілася Украіна ўвосень 1919 г., перашкодзіла далейшаму развіццю кантактаў паміж БНР і УНР. Пасля 20 кастрычніка 1919 г. А.Цвікевіч выехаў у Варшаву. Вярнуцца ў Камянец-Падольскі ён не змог, бо ўрад УНР пераехаў у іншае месца пад ціскам дзянікінцаў. Члены дыпламатычнай місіі БНР былі вымушаны мяняць месцазнаходжанне разам з урадам УНР. У рэшце рэшт А.Галавінскі захварэў тыфам, пасля чаго кантакты з украінскім бокам зусім замерлі і аднавіліся толькі ў Варшаве, куды ўрад УНР пераехаў у снежні 1919 г.
21 красавіка 1920 г. С.Пятлюра падпісаў ў Варшаве дагавор з Начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Па ўмовах дагавора украінцы адмовіліся ад зямель, што размяшчаліся на захад ад рэк Зруч і Гарынь. У сваю чаргу, Польшча пызнала правы Украінскай дзяржавы на тэрыторыі ад вярхоўяў ракі Случ да ўпадзення яе ў Прыпяць і далей па Прыпяці да Дняпра . Таксама ўрад УНР прызнаў права Польшчы на землі Беларусі да межаў 1772 г., г.зн. да падзелаў Рэчы Паспалітай ў канцы XVIII ст. Дагавор быў сакрэтны, таму беларусы аб ім не ведалі і, такім чынам, не маглі адрэагаваць на яго ўмовы.
У чэрвені 1920 г. польскія войскі, з дапамогаю якіх С.Пятлюра спрабаваў умацаваць сваю ўладу на Украіне, пацярпелі паражэнне ад Чырвонай арміі. У жніўні 1920 г. у Мінску пачаліся мірныя перагаворы паміж РСФСР і Польшчай, якія ў верасні 1920 г. былі перанесены ў Рыгу. На перагаворах палякі прызналі паўнамоцтвы дэлегацыі Савецкай Украіны, але адмовілася зрабіць тое ж самае ў адносінах да Савецкай Беларусі, якая адрадзіла сваю дзяржаўнасць 31 ліпеня 1920 г. Пасля допуску на мірныя перагаворы украінская дэлегацыя абараняла галоўным чынам інтарэсы сваёй рэспублікі і не выступала ў падтрымку беларусаў, бо ўлады БССР даручылі рабіць гэта дэлегацыі РСФСР.
У канцы 1920 г. адносіны паміж Савецкай Беларуссю і Савецкай Украінай практычна не развіваліся, не праводзілася і тэрытарыяльнае размежаванне паміж імі, хаця ў дэкларацыі аб паўторным абвяшчэнні БССР ад 31 ліпеня 1920 г. выказвалася жаданне вызначыць граніцы з Украінай “свабодным выказваннем волі беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў” у поўнай згодзе з украінскім савецкім урадам . Але прыклад Украіны ў чарговы раз аказаў уплыў на працэс фарміравання беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Ён быў прыняты за аснову пры вызначэнні прававых адносін паміж БССР і РСФСР у канцы 1920 г. У прыватнасці, калегія Наркамата па замежных справах РСФСР на пасяджэнні 3 лістапада 1920 г. адзначыла: “З прычыны афіцыйнага прызнання намі па Рыжскім дагаворы незалежнасці Беларусі трэба прыступіць да арганізацыі ў ёй савецкага ўрада. Адносіны паміж Беларускай Савецкай Рэспублікай і РСФСР трэба будаваць па украінскаму прыкладу, г.зн. пакідаючы Беларускую Рэспубліку па-за РСФСР, але фактычна аб’ядноўваючы шэраг галін дзяржаўнай дзейнасці так, як гэта ўжо праведзена ў адносінах да Украінскага Саўнаркама. Увогуле нашы адносіны да Беларусі могуць быць дакладнай копіяй нашых адносін з Украінай. Трэба, аднак, падкрэсліваць і ў неабходных выпадках нагадваць нашай публіцы, што як Украіна, так і Беларусь не ўваходзяць у склад РСФСР. Для барацьбы супраць польскага буферызму гэтую сістэму трэба праводзіць з найвялікшай паслядоўнасцю, не дапускаючы ляпсусаў” . Адпаведная пазіцыя знайшла адлюстраванне ў дагаворы, які РСФСР і БССР падпісалі 21 сакавіка 1921 г.
Такім чынам, у 1917-1920 гг. Беларусь і Украіна ўпершыню пачалі будаваць свае адносіны з улікам суверэннага статуса, зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў, прычым найбольш дынамічна гэтыя адносіны развіваліся ў 1918 г., калі Украінская дзяржава атрымала прызнанне з боку іншых дзяржаў свету. Галоўным чынам кантакты развіваліся ў палітычнай, эканамічнай, культурнай і ваеннай сферах. Часам паміж беларусамі і украінцамі ўзнікалі супярэчнасці, але абодва бакі імкнуліся вырашаць іх шляхам перагавораў і не ператвараць у непрымірымы антаганізм. Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай, пачатак якому быў пакладзены ў 1917-1920 гг., стала асновай для далейшага развіцця беларуска-украінскіх узаемаадносін у ХХ стагоддзі.

Опубликовано 03 марта 2006 года


Главное изображение:

КЛЮЧЕВЫЕ СЛОВА (нажмите для поиска): Беларусь, Украина, международные отношения


Полная версия публикации №1141337326 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Беларуска-украінскія адносіны ў 1917-1920 гг.

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network