публикация №1045354995, версия для печати

Будучыня гiсторыi


Дата публикации: 16 февраля 2003
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1045354995)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ДОКУМЕНТЫ


Будучыня гiсторыi* Лорэнс Стоўн Пятнаццаць гадоў таму, у 1978 г. П'ер Нора, супрацоўнiк Вышэйшай школы сацыяльных даследаванняў у Парыжы, прапанаваў наступную характарыстыку стану сучаснай гiстарычнай навукi: "Мы жывем у перыяд выбуху Гiсторыi. Новыя праблемы, аплодненыя сумежнымi дысцыплiнамi, i пашырэнне на ўвесь свет гiстарычнай свядомасцi, доўга ўласцiвай адной Еўропе, неверагодна ўзбагацiлi спектр пытанняў, якiя гiсторыкi адрасавалi мiнуламу. Гiсторыя, да нядаўняга часу прысвечаная аповеду пра тыя падзеi, якiя ўражвалi сучаснiкаў, бiяграфiям вялiкiх людзей i палiтычным лёсам нацыяў, змянiла свае метады, структуру i мэты. Аналiз эканомiкi i грамадстваў дапоўнены сёння вывучэннем матэрыяльных культур, цывiлiзацыяў i менталiтэту. Палiтычная гiсторыя пашырыла свае гарызонты i стала займацца праблемамi механiзмаў улады. Больш надзейную аснову для развiцця дэмаграфiчных, эканамiчных i культурных перспектываў даюць колькасныя метады. Тэкст ужо не кароль: непiсаныя сведчаннi (археалагiчныя знаходкi, вобразы, фальклор) пашыраюць дамен гiсторыi. Увесь чалавек, яго цела, ежа, мова, уяўленнi, тэхнiчныя i разумовыя iнструменты, якiя змяняюцца больш менш хутка - увесь гэты матэрыял, на якi раней не звярталi ўвагi, стаў хлебам гiсторыка. У той жа час, паскарэнне гiстарычнага працэсу прыцягнула ўвагу да су-працьлеглага, стымулюючы больш дэталёвае даследаванне пастаяннага i нязменнага ў калектыўнай гiсторыi"1. Гэта было справядлiва тады, калi пiсалася. Выбух сацыяльнай i пазней культурнай гiсторыi пасля другой сусветнай вайны стаў сапраўды велiзарным дасягненнем гiстарычнай навукi. Дзякуючы яму з'явiлiся некаторыя з найвялiкшых працаў па гiсторыi, многiя з iх прадукты школы аналаў у Парыжы, гэтага магутнага рухавiка гiстарычнай iнавацыi. Я вельмi шчаслiвы, што быў якраз у адпаведным узросце, каб спрычынiцца да яе. Нядаўна, аднак, сацыяльная i культурная гiсторыi, якiя цягам пяцiдзесяцi гадоў iнтэлектуальна, калi не колькасна, дамiнавалi ў нашай прафесii, досыць нечакана зазналi цяжкiя часы. Iх самаўпэўненыя патрабаваннi верхавенства ў дысцыплiне цяпер рашуча аспрэчваюцца i ў моду зноў уваходзяць палiтычная гiсторыя i наратыў. Цяпер я прааналiзую спачатку мiнулае - што менавiта было не ў парадку з сацыяльнай гiсторыяй. Потым звярнуся да цяперашняга - што не так у сённяшнiх плынях. I ўрэшце скончу выкладаннем прычынаў веры ў светлую будучыню для гiсторыi ў наступныя дзесяцiгоддзi. I. Мiнулае: сацыяльныя гiсторыкi Яшчэ да пачатку 1980-х г. стала зразумелым, што ўнутры сацыяльнай i культурнай гiсторыi маёй генерацыi iснуюць пэў-ныя хiбы. За некалькi апошнiх гадоў у гэтым гiстарычным напрамку выявiлiся вiдавочныя адзнакi крызiсу: прыкметы як узнясення да фанабэрыстага канструявання ў паднябессi, так i ўпадання ў трывiяльнасць, нудоту i недарэчнасць. Структуралiсцкая гiсторыя, магчыма, дасягнула апагею звышнаватарства ў кнiгах Фуко пра вар'яцтва, сэксуальнасць i турмы. Фуко справядлiва крытыкаваў Дэрыду за ўхiленне ад пытання ўлады, але сам у вывучэннi ўсiх грамадскiх i iндывiдуальных адносiнаў надаваў абсалютнае значэнне панаванню i падпарадкаванню. Гэтую догму я лiчу псiхалагiчна неадэкватнай. На час, аднак, Фуко змянiў наша бачанне свету, чым часова разбурыў маральныя падпоркi Асветнiцтва XVIII ст. На маю думку, гэта не тое, чым можна ганарыцца. Квантыфiкацыя як навуковы iнструмент гiсторыi дасягнула свайго супернаватарства ў спробе прафесараў Фогеля i Энгермана са Злучаных Штатаў вырашыць большасць праблемаў рабства ў Амерыцы пры дапамозе клiаметрыi, г.зн. прымяненнем у гiсторыi статыстычных метадаў. Пры асцярожным выкарыстаннi квантыфiкацыя з'яўляецца найвыдатнейшым навуковым iнструментам для высвятлення няпэўнай думкi, асаблiва ў эканомiцы i дэмаграфii. Са-праўды, колькасная гiсторыя ў дачыненнi да дэмаграфii дасягнула трыумфальнага поспеху ва ўстанаўленнi фактаў, хоць яна значна менш плённая пры выпрацоўцы праўдападобных тлумачэнняў2. Першай памылкай было перакананне, што клiаметрыя з'яўляецца чамусьцi навуковай, у той час як на самой справе яна надзейная ўсяго настолькi, наколькi надзейныя дадзеныя, на якiх яна абапiраецца i якiм не заўсёды можна давяраць. Другой памылкай было дапушчэнне, што важныя гiстарычныя праблемы яна можа рашыць найлепшым чынам. У сапраўднасцi ж сферы яе ўсёмагутнасцi, такiя як эканамiчная i дэмаграфiчная гiсторыя, вiдавочна абмежаваныя. Трэцяй памылкай была ўпэўненасць, што кнiгi, насычаныя лiчбамi i ўраўненнямi, але цалкам пазбаўленыя чалавечых iндывiдуальнасцяў, могуць паслужыць хоць бы пачаткам разумення складанасцяў i супярэчнасцяў гiстарычнага працэсу - а яны нашмат менш прыцягваюць зацiкаўленага чытача. Клiаметрысты забылiся, калi ўвогуле ведалi, правiлы выкарыстання статыстыкi, прапанаваныя вялiкiм ангельскiм палiтэканомам Т.Г.Маршалам у 1906 г.3: 1. Выкарыстоўвайце матэматыку як стэнаграфiю, а не як рухавiк даследавання; 2. Перакладзiце яе на ангельскую мову; 3. Падмацуйце прыкладамi з рэальнага жыцця; 4. Выкiньце матэматыку." Але калi адзiнкi найлепшых сацыяльных гiсторыкаў iмкнулiся да зорак (i часам падалi з неба, падобна iкару), пераважная большасць другарадных патаналi ў антыкварнай трывiяльнасцi ў абраных для даследавання тэмах, а таксама ў апантанай пагонi за найноўшай модай. Прычыны заняпаду, напэўна, трэба шукаць у памылках майго пакалення, i я прымаю сваю долю адказнасцi за гэтыя памылкi: 1. Адны канцэнтравалi ўвагу ўсё больш на збяднелых маргiнальных групах, а не на асноўнай плынi, рамантызавалi iх, таму што яны былi бедныя i маргiнальныя; 2. Iншыя сталi ахвярамi тыранii фактаў, узмоцненай квантыфiкацыяй. Але "вiну за безразважны эмпiрызм не трэба звальваць на статыстыку; мы павiнны разабрацца менавiта з няўдачай у выкарыстаннi гэтых i iншых метадаў даследавання, каб адказаць на важныя пытаннi"4. 3. Мы ўсе моцна грашым, не звяртаючы нiякай увагi на пытаннi ўтварэння дзяржавы i дзяржаўнай ўлады ў палiтычным цi вайсковым аспекце i на палiтыку як працэс. Вось канкрэтны прыклад. У сваёй велiзарнай кнiзе пра Crisis of the Aristocracy ("Крызiс арыстакратыi") у Англii канца XVI ст. я не згадваў пра змену палiтычнай ролi палаты лордаў. Вызначэнне сацыяльнай гiсторыi, дадзенае ў 1944 г. Дж.М.Трэвэльянам, як "гiсторыi народа без палiтыкi" стала прароцтвам, так фактычна i здарылася"5. 4. Такое iгнараванне дзяржаўнай палiтыкi спалучалася з аднолькава пагардлiвым стаўленннем да рэлiгii, прынятым па розных прычынах усiмi асноўнымi галiнамi новай сацыяльнай гiсторыi. I гэта пасля таго, як Макс Вэбэр надаў рэлiгii такую грандыёзную гiстарычную вагу. Напрыклад, наўрад цi знойдзецца слова пра рэлiгiю ў вялiзнай i плённай кнiзе Брадэля пра Мiжземнамор'е ў часы Фiлiпа II, нягледзячы на той факт, што якраз тады барацьба памiж вялiкiмi рэлiгiйнымi iнстытутамi каталiцкага хрысцiянства i iслама за кантроль над Мiжземнаморскiм басейнам дасягнула кульмiнацыi6. Такое ж грэбаванне iдэалогiяй, рэлiгiяй i культурай можна ўбачыць таксама ў трохтомным даследаваннi Брадэля матэрыяльнай цывiлiзацыi Захаду7. Але рэлiгiя несумненна адыгрывала вырашальную ролю ў жыццi мужчын i жанчын у перыяд памiж рэфармацыяй XVI ст. i ўздымам секулярызму ў ХIХ ст., i наўмыснае iгнараванне гэтай тэмы большасцю сацыяльных гiсторыкаў было адным з найбольш вiдавочных i сур'ёзных грахоў. 5. У аснове сучаснай сацыяльнай гiсторыi была адна вельмi спрэчная перадумова. Гэта дапушчэнне, што пры даследаваннi масавых паводзiнаў, народнай культуры цi нацыянальнай палiтыкi асобныя iндывiды цi групы можна праўдападобна разглядаць як нешта цалкам рацыянальнае. Гiсторыя сведчыць, што людзi, прынамсi часта, а можа i часцей за ўсё, змагаюцца i памiраюць за iдэю, прынцып, рэлiгiю, расавыя цi племянныя прымхi, чым за матэрыяльны эканамiчны iнтарэс. Яны будуць змагацца за iнтарэс, нават забiваць за яго, але звычайна, калi гэта ў iх магчымасцi, не памiраюць за яго. Аднак, калi прынцып i iнтарэс супадаюць, няма межаў, да якiх людзi гатовыя iсцi, што нядаўна было прадэманстравана ў Боснii. Напрыклад, усе мы трапiлi пад уплыў погляду Джорджа Рудэ i Чарльза Тылi аб надзвычайнай рацыянальнасцi i выбарачнасцi даiндустрыяльнага паўстання натоўпу, цалкам процiлеглага ранейшай iрацыянальнай мадэлi Ле Бона. Iх мадэль па агульным прызнаннi, знаходзiць пэўнае пацверджанне ў рэчаiснасцi, але наўрад цi падыходзiць да нашага сённяшняга досведу, напрыклад, да рэлiгiйных паўстанняў у Iндыi i _ране, расавых хваляванняў 1960-х г. у Амерыцы цi футбольных бясчынстваў 1970-х i 1980-х г. у Англii. У вынiку гэтай рацыяналiстычнай мадэлi мы, гiсторыкi ранняга Новага часу, згубiлi сон, дзiвячыся, з якой гэта нагоды ў 1668 г. натоўп лонданскiх маракоў i чаляднiкаў учынiў пагром публiчных дамоў, не пакiдаючы пярынаў. Урэшце мы нагадваем Карла II, якi тады спытаў у недаўменнi: "Яны карысталiся iмi, цi не так?". Не выклiкае нiякiх сур'ёзных сумненняў тое, што дзеяннi i паводзiны людзей грунтуюцца не на рэалiстычным аналiзе ўласнага сацыяльнага становiшча, але на iх суб'ектыўных уяўленнях пра гэтую рэчаiснасць. 6. Наступнай нашай, сацыяльных гiсторыкаў, вялiкай памылкай было тое, што мы iгнаравалi, па-першае, выпадковасць i асобу ў гiсторыi i, па-другое, значэнне чыстага выпадку. Мы былi вымушаныя заплюшчваць вочы на гэтыя фактары, зневажаючы храналагiчны наратыў i высокую палiтыку. Гэта змушала нас прынiжаць ролю асобы i адвольнага прыняцця рашэнняў, якiя ўплывалi на хаду вялiкiх падзей, накшталт французскай рэвалюцыi. У гэтым вялiкая сiла Citizens ("Грамадзяне") Сiмона Шамы, ягонай хронiкi французскай рэвалюцыi. Яна блiскуча працуе ў выяўленнi крытычнай значнасцi гэтых уплываў. Але на жаль, з вадой яна выплёсквае дзiця, паколькi iгнаруе большыя неперсанiфiкаваныя сiлы iмкненняў да змены сярод буржуазii, лiберальнай арыстакратыi i сялянства, i структурныя слабасцi ancien rйgime (старога рэжыму), вайсковую, фiнансавую, бюракратычную i маральную, а таксама вялiкую эмацыйную сiлу словаў, накшталт свабода, роўнасць i братэрства. Даўным-даўно сэр Гэрбэрт Батэрфiльд казаў гэта ў дачыненнi да значнасцi свабоднай волi iндывiда ў гiсторыi: "Поле выбару iндывiдаў падобнае да маленькага сегменту вялiкага круга неабходнасцi. Калi даецца хоць нейкае такое поле, яго дастаткова, каб змянiць характар усёй гiсторыi". З iншага боку, ён сцвярджаў, што "нiхто не стане аспрэчваць прыналежнасць значнай часткi чалавечага жыцця да сферы закона i неабходнасцi". Працуючы з 1955 г., сэр Батэрфiльд не прадбачыў з'яўлення эмпiрычных намiналiстаў"8. Такiм чынам, Шама меў рацыю, калi вяртаў iндывiду важкую ролю ў вялiкай драме, але памыляўся, калi не прызнаваў, што, прынамсi ў нейкай ступенi, кожны iндывiд сацыяльна i культурна сфармаваны i, такiм чынам, ёсць прадуктам свайго асяроддзя. Маркс амаль слушна ўстанавiў сувязi: "Людзi робяць сваю гiсторыю, але яны не робяць яе так, як хочуць; яны робяць яе не пры абставiнах, выбраных iмi самымi, але пры абставiнах, з якiмi нечакана сутыкаюцца, атрыманых i перададзеных з мiнулага" 9. З iншага боку, дакладна, што з-за прысутнасцi выпадковасцi ў паводзiнах чалавека не iснуе навуковых законаў гiсторыi, i няма для гiсторыкаў магчымасцi паспяхова прадказваць будучыню, апроч як у самым агульным выглядзе. Нават антраполаг-структуралiст Левi-Строс сказаў тое самае, толькi ў iншы час: "На маю думку, блiжэйшая цi аддаленая будучыня залежыць ад выпадковасцi, i я не магу абмяркоўваць яе". 7. Наступная праблема маральнага плану. Некаторыя антраполагi-культуролагi даўным-даўно сцвярджаюць, што для таго, каб адрачыся ад этнацэнтрызму, мы павiнны прыняць, што любая культурная практыка цi палiтычная арганiзацыя, якая б жорсткая i дзiкая яна нi была (у тым лiку i лiтарыдыктамiя ва Усходняй Афрыцы цi самагенацыд у Камбоджы), вартая павагi, як i любая iншая. Праблема этыкi ў гiсторыi ўзнiкла ў сувязi з неразуменнем палемiчнай, але блiскучай кнiгi сэра Гэрбэрта Батэрфiльда, Whig interpretation of History ("Вiгаўская iнтэрпрэтацыя гiсторыi"). У яе апошнiм разделе рэзка крытыкуецца лорд Эктан, якiм, як высвятляецца пазней, аўтар вельмi захапляўся. Эктан сцвярджаў, што абавязак гiсторыка не толькi растлумачыць i зразумець, але i даць ацэнку мiнуламу. Менавiта гэтаму дапушчэнню боскiх сiлаў пярэчыў Батэрфiльд, перакананы метадыст. Пазней высветлiлася, што Батэрфiльд быў адданы традыцыi вiгаў, не пярэчыў, калi яго называлi новым вiгам, лiчыў iндывiдаў у гiсторыi безумоўна строга адказнымi за iх дзеяннi i напiсаў дзве самыя "вiгаўскiя" кнiгi па гiсторыi ў свеце: The Englishman and his History ("Ангелец i яго гiсторыя",1944) i The Origins of Modern Science ("Пахо-джанне сучаснай навукi",1949)10. 8. Апошняя праблема сацыяльнай i культурнай гiсторыi - яе аморфнасць. Часткова гэта выклiкана адмаўленнем ад высокай палiтыкi i дзяржаўных структураў, у вынiку чаго гiстарычныя даследаваннi пазбавiлiся цэнтру прыцягнення; часткова тым, што тэматычны спектр дасягнуў незвычайных маштабаў i разнастайнасцi i стаў некiруемым. У вынiку сацыяльная i культурная гiсторыя сёння прапануе неверагодна багаты дыяпазон самых розных аспектаў даследавання жыцця чалавека, з якога гiсторык выбiрае сабе тэму выпадкова, а не сыходзячы з нейкага лагiчнага прынцыпу. Напрыклад, французы нядаўна распрацавалi шырокамаштабныя гiсторыi сэксуальнасцi, пахаў i чыстаплотнасцi. Але як звязаць гiсторыю пахаў цi чыстаплотнасцi з гiсторыяй палiтыкi11? Гэтага не ведае нiхто. Мы ўсе ўсведамляем тую глабальную пераарыентацыю, якая нядаўна адбылася ў сацыяльнай гiсторыi. Надзвычай уражвае адыход у апошнiя 10-15 гадоў ад вывучэння чыста матэрыяльных сiлаў ды сацыяльных i эканамiчных структур, шырока заснаванага на выкарыстаннi статыстыкi. Вызначылася тэндэнцыя да новай культурнай гiсторыi, г.зн. гiсторыi mentalitй (менталiтэту) i даследавання на аснове антрапалагiчнай метадалогii высокай i нiзкай культуры, асаблiва iх выяўленне ў канкрэтных рытуалах i публiчных вiдовiшчах як сiмвалах значэння. Клiфард Джырц, Мэары Дуглас, Вiктар Цёрнэр i Эванз Прычард сталi нашымi ментарамi. Даследаваннi такiх разумных i тонкiх асобаў, як Эмануэль Ля Руа Ладуры, Франсўа Фурэ i Мона Озуф у Парыжы, Карла Гiнзбург у Балоньi, Кэйт Томас у Оксфардзе, Наталi Дэйвiз i Робэрт Дарнтан у Прынстане, Грэг Дэнiнг, Iнга Кледзiнэн i Рыс Iсаак у Мельбурне (Аўстралiя) могуць даць блiскучыя i сенсацыйныя вынiкi. Напрыклад, вельмi проста пагадзiцца з важнай, але не вызначальнай, роляй публiчнага рытуала i публiчнай рыторыкi ў французскай рэвалюцыi. Але тут ёсць дзве агаворкi. Першае, вывучэнне сiмвалiчнага значэння можа лёгка зайсцi занадта далёка. Заўсёды праблематычна вырашыць, калi даследчык прыпiсвае дзеячам iдэi, якiх не было ў сапраўднасцi i пра якiя тыя нават не здагадвалiся. Так, у мяне ёсць сумненнi наконт таго, што Вялiкая катовая разня для парыжскiх чаляднiкаў XVIII ст., якiя яе ажыццявiлi, на самой справе азначала тое, што кажа пра яе мой сябар Робэрт Дарнтан12. Па-другое, сёння, здаецца, больш прыкладаецца намаганняў для вывучэння сiмвалiзму, вобразаў i рыторыкi таго, што адбылося ў мiнулым, чым аб'ектыўнай рэальнасцi. У рэшце рэшт, улада i палiтыка ёсць нечым большым, чым проста рытуалы, сiмвалы i словы, хоць i яны несумненна важныя ў стварэннi гегемонii i падтрыманнi кансэнсуса i падпарадкавання. Як пiсаў Мао Цзэ Дун у сваёй грубай манеры: "Улада гля-дзiць з дула пiсталета". Гэта паўпраўда, на якую мы, гiсторыкi, нiколi не павiнны забывацца, асаблiва тут, на Захадзе, якi заваяваў свет дзякуючы больш высокай вайсковай тэхналогii. Дзяржавы не толькi рыхтуюць распрацаваныя тэатральныя вiдовiшчы накшталт рытуальнага спальвання жанок. Яны таксама ваююць, падвышаюць падаткi, караюць смерцю крымiнальнiкаў i вызначаюць закон. Не ўспрымайце сказанае як прамову на хаўтурах сацыяльнай i асаблiва культурнай гiсторыi. На працягу пяцiдзесяцi гадоў спачатку сацыяльная, потым культурная гiсторыя былi самымi наватарскiмi i займальнымi. Яны перавярнулi гiсторыю ўверх нагамi. А пазней, у 1980-х г., часткi iх пачалi падаць ахвярамi iх уласных поспехаў. Але нават у такiм стане ў гэтых сферах сацыяльнай i культурнай гiсторыi iдзе вялiкая праца высокай якасцi. Неабходна толькi адмовiцца ад скрайнiх пазiцыяў i змагацца за аднаўленне пачуцця плюралiстычнага адзiнства ў агульнай справе. Пра гэта яшчэ будзе размова ў канцы артыкула. II. Сучаснасць Прааналiзаваўшы слабасцi старэйшай сацыяльнай i маладзейшай культурнай гiсторыi розных тыпаў, пяройдзем да разбору не менш сур'ёзных недахопаў мыслення "сярдзiтых маладых людзей" - цяпер ужо не такiх маладых - галоўных яе крытыкаў. Устаноўкi, метадалогiя i высновы сацыяльных гiсторыкаў узору 1950-х i 1960-х г. сёння падвяргаюцца сумненню з боку працiўнiкаў, якiх можна падзялiць на дзве вельмi розныя групы. Першых я назаву эмпiрыкамi-намiналiстамi. Iх пярэчаннi найбольш яскрава выяўляюцца ў цяперашняй дыскусii наконт ангельскай рэвалюцыi XVII ст., але iх iдэi распаўсюджваюцца амаль на ўсе сферы Заходняй гiсторыi, у тым лiку на амерыканскую i французскую рэвалюцыi. Нягледзячы на тое, што яны нiякiм чынам не з'яўляюцца маналiтнай групай, iх усё ж лучаць пэўныя падставовыя пазiцыi. Яны прытрымлiваюцца мадэлi пераменаў, якая прадухiляе колькасныя скачкi, адмаўляе доўгатэрмiновыя прычынныя змены, вышэй за ўсё ставiць прыняцце рашэнняў i выяўляе моцную прыхiльнасць да "histoire immobile" (нерухомай гiсторыi) - паняцце, што стагоддзямi нiчога асаблiва не змяняецца. Адзiн з эмпiрыкаў-намiналiстаў сказаў: "Вялiкiя падзеi не маюць вялiкiх прычынаў, хоць гiсторыку ўласцiва шукаць iх". Але яшчэ ў XVIII ст. лорд Боўлiнгброўк заўважыў, што "голых фактаў без прычынаў, якiя спарадзiлi iх ... недастаткова для характарыстыкi дзеянняў цi рашэнняў"13. Iншы, Конрад Расэл, параўнаў грамадзянскiя войны i рэвалюцыi з "дарожнымi здарэннямi", вiдавочна маючы на ўвазе, што яны ёсць падзеямi, якiя з'яўляюцца проста вынiкам нейкiх непрадбачаных памылак з боку аднаго цi болей кiроўцаў. Французскую, ангельскую i амерыканскую рэвалюцыi сёння многiя лiчаць проста выпадкамi - i да таго ж няшчаснымi. Мы, такiм чынам, сустракаемся з агульнай iнтэрпрэтацыяй таго, як працуе гiсторыя, якая амаль цалкам адмаўляе шырокiя плынi гiстарычнай прычыннасцi, таму што яны нябачныя ў гатовым выглядзе ў тэкстах, чытаных эмпiрыкамi-намiналiстамi. Такая iнтэрпрэтацыя звужае выбар i формы разумення, а не адкрывае новыя. Яна адхiляе доўгатэрмiновыя ўплывы эканомiкi, сацыяльных зменаў, iдэалагiчных перакананняў, фiласофскiх i юрыдычных iдэй на штодзённую рэальнасць высокай палiтыкi i прыдворныя звадкi; прынiжае ролю iдэй i прынцыпаў у паводзiнах людзей; iгнаруе ўздзеянне народных пачуццяў i дзеянняў на палiтыку, якую праводзiць элiта. Гэтае звужэнне гiстарычнага фокуса, часткова абумоўленае iдэалогiяй, часткова метадалогiяй, цяпер адбiваецца на аналiзе i наступстваў, i прычынаў. Напрыклад, ангельскую прамысловую рэвалюцыю зводзяць да статыстыкi вытворчасцi бавоўны, фабрычных рабочых i г.д. Пры гэтым губляецца ўсё тое, што адбывалася з розумамi, ладам жыцця, мараллю i паводзiнамi, па меры павольнай эвалюцыi Англii, па агульным прызнаннi, вельмi павольнай i без бачных скачкоў, у бок самага урбанiзаванага i iндустрыялiзаванага грамадства ў свеце. Калi вы няправiльна ставiце пытанне, вы, верагодна, атрымаеце няправiльны адказ, а менавiта - не было нiякай прамысловай рэвалюцыi. Наступная лагiчная памылка эмпiрыкаў-намiналiстаў у тым, што яны блытаюць прызнанне значнасцi доўгатэрмiновых прычынаў змены ў гiсторыi з верай у гiстарычную непазбежнасць. Так, я заўсёды быў перакананы ў важнасцi як доўгатэрмiновых, так i кароткатэрмiновых прычынаў у гiсторыi, але я не магу згадаць нiякай вялiкай падзеi, якую б я лiчыў непазбежнай. Напрыклад, я не ведаю выпадку, каб хоць адзiн прафесiйны гiсторык, цi то марксiст, цi то вiг, калi-небудзь ясна i адназначна прызнаўся ў прыхiльнасцi дактрыне непазбежнасцi грамадзянскай вайны ў Англii ў 1642 г. Вялiкая мiшэнь для абразаў - "шырокая дарога да грамадзянскай вайны" - нават не горная сцежка, пратаптаная козамi. Яе нiколi не iснавала. Эмпiрыкi-намiналiсты скардзяцца, што гiсторыкаў часта больш цiкавяць падзеi, што маюць доўгатэрмiновае значэнне, чым тыя, якiя, як высвятляецца, такога не маюць. Менавiта так i ёсць. Але чаму не? Як адзначыў Дройзэн амаль стагоддзе таму, не ўсё, што адбылося ў мiнулым, аднолькава вартае вывучэння, i наш выбар павiнен быць прадыктаваны неабходнасцю паглыбiць разуменне таго, як мiнулае паўплывала на цяперашняе14. Вось чаму мы вывучаем у дробных дэталях гiсторыю ранняга хрысцiянства, а культам Мiтры толькi цiкавiмся, нягледзячы на тое, што апошнi ў той час быў больш распаў-сюджаны. Адзiн эмпiрык сцвярджаў, што "ў навуцы, як i ўсюды, калi клапацiцца пра пенс, фунты паклапоцяцца самi пра сябе"15. Але гэта якраз тое, чаго не адбываецца нi ў якой iнтэлектуальнай дзейнасцi. Трэба пачынаць з праблемы, i кожная гiпотэза павiнна быць праверана. Як заўважыў нядаўна доктар Тэадор Зэлдзiн, "уяўленне настолькi ж неабходнае гiсторыкам, як i новыя дакументы. Новыя дакументы - лёгкi шлях стварыць iлюзiю арыгiнальнасцi"16. Свядомае адмаўленне ўяўлення вядзе проста да калекцыявання антыкварыяту, гэтаксама, як i да падсвядомай прывязанасцi да iдэалогii, не заснаванай на тэкстах. 2. Другая група гiсторыкаў, яшчэ невялiкая, але вельмi шумная, выказвае пагрозы самым падмуркам нашай дысцыплiны. Гэта новая хваля тых, каго я называю фактаграфiчнымi рэлятывiстамi. Ужо двойчы ў гэтым стагоддзi мы бачым з'яўленне скрайнiх формаў гiстарычнага рэлятывiзму. Першы раз ён быў сцiсла выкладзены ва ўражваючым звароце Карла Бэкэра, калi той заступаў на пост прэзiдэнта Амерыканскай гiстарычнай асацыяцыi ў 1931 г., названым "Кожны сам сабе гiсторык". Сёння мы жывем ў эпоху пост-мадэрнiзму, пост-структуралiзму, дэканструктывiзму, новага гiстарыцызму i новага лiтаратуразнаўства. Сёння выходзяць кнiгi, якiя з'яўляюцца ўзорам таго, што трапна названа "навукай, слепа захопленай салiпсiсцкiмi дэканструкцыямi, забруджанай жаргонам i крытычнымi догмамi, i пазбаўленай здаровага сэнсу i здольнасцi да эстэтычнага ўспрыняцця"17. Многiя лiтаратуразнаўцы нашага часу, здаецца, рашуча ненавiдзяць лiтаратуру. Рыторыка гiсторыi мiтуслiва iмкнецца напаказ укленчыць перад за-гадкавымi творамi паўбагоў18. Сёння пералiчэнне iмёнаў такiх вучоных прысутнiчае шмат у якiх артыкулах i кнiгах, быццам само згадванне iх надае арэол i значнасць таму, што аўтары даволi пампезна любяць называць цяпер сваiм "дыскурсам". Смяцiць iмёнамi - амаль гэтак жа модна сярод гiсторыкаў на Захадзе сёння, як было ў Расii пры Сталiне. Напрыклад, на некалькiх старонках аднаго з нядаўнiх артыкулаў у ангельскiм гiстарычным часопiсе аўтар умудрыўся пералiчыць наступнае: Сасюр, Барт, Лiотар, Дэрыда, Альтусэр i Лакан з Францыi; Нiцшэ i Гайдэгер з Нямеччыны; Стэнлей Фiш, Гэйдэн Ўайт i Ля Кэпра з Амерыкi19. Дэканструктывiсты сцвярджаюць, што словы могуць вольна мяняць значэннi, незалежна ад намеру таго, хто iх выкарыстоўвае. Так, Дэрыда абвяшчае: "Не iснуе нiчога па-за тэкстам", г.зн., што няма эмпiрычнай рэальнасцi па-за iм, няма вопыту жывых людзей у мiнулым, якi мы, гiсторыкi, здольны праз стараннае вывучэнне гiстарычнага кантэксту зразумець i апiсаць. Няма, настойвае ён, нiякага лагiчнага супадпарадкавання памiж прычынай i наступствам. У вынiку ён пытае - зразумела, чакаючы станоўчага адказу, - цi "ёсць iсцiны выдумкамi, чыя фiктыўнасць забытая"20. Калi б усё было так, гэта азначала б канец усiх гiстарычных спрэчкаў, паколькi не было б фактаў для падтрымкi аргументаў. Гэта выклiк сведчанню iснавання - хоць i затуманены - рэальнага свету. "Адзiн з галоўных правалаў мадэрнiзму, - напiсаў Дональд МакКлоскэй, - у тым, што ён уводзiць донкiхоцкi стандарт сапраўднага значэння, якi, калi яго строга прытрымлiвацца, прывядзе нас усiх да нявольнага памяшання". Тым часам амерыканскi даследчык Дамэнiк Ля Кэпра нядаўна заявiў, што "i ў тэксце няма нiчога"21. На шчасце, чуткi пра смерць гiсторыi моцна перабольшаныя, як нас нядаўна запэўнiлi Джойс Эплбай i Габрыэль Шпiгэль у гiсторыi i Стэнлей Фiш у лiтаратуразнаўстве. Прафесар Эплбай сцвярджае, што тэкст ёсць проста пасiўным матэрыялам у руках яго аўтара. Менавiта людзi гуляюць словамi, словы не гуляюць самi сабой. Для таго, каб устанавiць iх значэнне, нам, гiсторыкам, такiм чынам, трэба шукаць намер аўтара, вывучаць сацыяльны i палiтычны кантэкст, якi стварыў сучасную форму мовы, апусцiцца з галавой ў традыцыi культуры. Гэтымi гiстарычнымi сродкамi мы здолеем зноў схапiць папярэднюю iсцiну, прынамсi, дастаткова верагодную, каб з ёй пагадзiлася большасць добра iнфармаваных чытачоў22. Нават гуру лiтаратуразнаўства Стэнлей Фiш нядаўна прызнаў-ся, што згодны са сцверджаннем, што "спрэчкi па гiсторыi ў рэшце рэшт носяць не эпiстэмалагiчны характар, а эмпiрычны, у тым лiку i дыспуты наконт зместу ведаў, гiстарычных сведчанняў i iх значнасцi"23. Мадыфiкаваным рэлятывiстам бадай можна зрабiць дзве саступкi. Першая, што аўтары, якiя пiшуць i ў галiне гiсторыi, i ў мастацкай лiтаратуры, залежаць ад працы ўяўлення, паколькi i тое, i другое ёсць канструкцыямi чалавечага розуму. Але iснуе прынцыповая рознiца ў сферах, у якiх можна законна карыстацца ўяўленнем. Раманiст цi той, хто пiша гiстарычную белетрыстыку, карыстаецца сваiм уяўленнем для стварэння падставовага матэрыялу - персанажаў, дзеянняў, дыялогаў i сюжэтаў. Але для гiсторыка найменшае ўмяшанне ў фiксаваныя архiўныя дадзеныя - адзiн з недаравальных грахоў, грэх супраць Святога Духа нашай прафесii. Нам няма патрэбы адмаўляцца ад старых стандартаў i метадаў ацэнкi гiстарычных сведчанняў, выпрацаваных намаганнямi цэлага стагоддзя. Дзякуючы iм, гiстарычныя "веды могуць мець папярэднi характар, але яны не адвольныя"24. Сам раманiст, Джон Ле Карэ прыйшоў да высновы, што "Iсцiна ёсць нечым уяўным, далiкатнай сумессю таго, што можна прадэманстраваць i таго, што немагчыма абвергнуць"25. Наш час, безумоўна, не адзiны перыяд нядоўгага росквiту скрайняга скептычнага рэлятывiзму. У пачатку XVIII ст. лорд Боўлiнгброўк пiсаў: "Гэтаксама, як чалавеку ўласцiва даводзiць свае меркаваннi да скрайнасцяў, так i некаторыя гатовы настойваць, што гiсторыя - мiф i, у лепшым выпадку, праўдападобная казка, па-майстэрску складзеная i пераканаўча расказаная, у якой праўду не адрознiш ад вымыслу ... Але тут адбываецца тое, што здараецца часта: пасылкi правiльныя, а выснова памылковая"26. Мы таксама можам пагадзiцца, незалежна ад таго, хто мы, "жорсткiя" вучоныя-прыродазнаўцы, цi "мяккiя" гуманiтарыi, што да кожнай праблемы падыходзiм са сваiмi ўяўленнямi пра яе i прымхамi. Найлепшая засцярога ад памылкi - паслядоўная вера ў лiберальны прынцып, што мы можам памыляцца. У канцы XVII ст. Лок дэкляраваў гатоўнасць "адмовiцца ад любой сваёй думкi цi ад таго, што напiсана, пры першым сведчаннi нейкай памылкi ў iм"27. Паўстагоддзя таму Фэргюсан адзначыў, што "калi гiсторык увогуле бярэцца iнтэрпрэтаваць мiнулае, ён павiнен мець сваю пазiцыю, але найблiжэй ён можа падысцi да аб'ектыўнасцi, калi толькi ўсведамляе яе наяўнасць i не абсалютызуе яе"28. Падобным чынам, палеантолаг С.Дж.Гуд неяк заўважыў, што "аб'ектыўнасць палягае на гатоўнасцi адмовiцца ад выпешчанай тэорыi, калi мяркуемы вынiк нельга пацвердзiць ... Не раскiдаючы сетку тэорыi дастаткова шырока, не ўбачыш, што ляжыць перад табой"29. Безумоўна, выкарыстоўваць гiсторыю ў якасцi зброi для дасягнення кан'юнктурных iдэалагiчных мэтаў, цi гэта агрэсiўны шавiнiзм, цi вульгарны марксiзм, небяспечна. Праграма жаночых даследаванняў стала велiзарным даробкам у навуку апошнiх пятнаццацi гадоў: былi прасочаны ўплыў i дзейнасць жанчын у часе - тэмы, якiя мужчыны раней цалкам iгнаравалi. Але менавiта маючы на ўвазе фемiнiсцкую iдэалогiю, антраполаг Юдыт Шапiра нядаўна засцерагала ад "занадта цеснай сувязi навукi з сацыяльным рэфарматарствам", засцярога, праiлюстраваная сумнай гiсторыяй марксiсцкай гiстарыяграфii апошнiх пяцiдзесяцi гадоў. У звязку з гэтым, я дапушчаю, што мараторый на ўжыванне словаў накшталт "фалацэнтрычны", "фалакратыя" i г.д. дапамог бы ачысцiць мову даследчыкаў ад пэўнага флёру моднага жаргону, а таксама аднавiць справядлiвасць у дачыненнi да тых з нас, хто меў няшчасце нарадзiцца з гэтымi дадаткамi30. Больш за тое, можна даказаць, што жаночая гiсторыя церпiць ад "перавытворчасцi". Прафесар Лiнда Колей - сама жанчына - падкрэслiла, што ў 1983 г. выйшла 231 кнiга i артыкул па гiсторыi жанчын у Брытанii XVIII ст. i ўсяго 10 - па вайсковай гiсторыi. Здаецца, баланс парушаны31. III. Будучае Гэты разгорнуты аналiз таго, што я лiчу памылковым у некаторых модных плынях сучаснай гiсторыi, не азначае, што я змрочна гляджу на перспектывы нашай прафесii. Наадварот, пад усёй гэтай пенай вядзецца сур'ёзная праца каласальнага аб'ёму. Калi пэўныя тэндэнцыi захаваюцца, то ў будучыню можна глядзець са сцiплым аптымiзмам. Што ў рэальнасцi прынясе будучыня, нiхто не ведае, гiсторыкi - не прарокi, але ўсе мы вольныя паразважаць над тым, як бы нам хацелася, каб iшлi справы ў наступныя гадоў дваццаць. Найперш, мы не павiнны рабiць некаторых рэчаў. Не збiрайце фактаў без папярэдняй гiпотэзы. Як заўважыў Стэфан Джэй Гуд, гаворачы пра навуку: "Новыя факты, сабраныя старымi метадамi, паводле старых тэорыяў, рэдка вядуць да нейкага сур'ёзнага перагляду канцэпцыi. Факты не гавораць за сябе: яны чытаюцца ў святле тэорыi"32. Не слухайце тых, хто настойлiва раiць вам пiсаць гiсторыю, не азiраючыся на мiнулы вопыт, бо тады марна губляецца iстотная частка iнфармацыi33. Не звяртайце ўвагi на тых, хто настойлiва раiць вам адмовiцца ад паняццяў, невядомых сучаснiкам: без абстрактных нэалагiзмаў накшталт "феадалiзм" цi "капiталiзм" мы не здолеем зразумець мiнулае. Не звяртайце ўвагi на тых, хто сцвярджае, што гiсторык па сваiм прызваннi абавязаны займаць пазiцыю маральнага нейтралiтэту, абыякавасцi i да свабоды, i да тыранii, старанна пазбягаючы якасных ацэнак. Каля стагоддзя таму Дройзэн з пагардай гаварыў пра тых, хто прапаведуе "аб'ектыўнасць еўнуха". Ён цвёрда верыў, што гiсторыкi не павiнны трубiць пра свае асабiстыя погляды, але заклiкаў iх прызнаць, што "быць чалавекам - значыць мець прыхiльнасцi"34. Таксама пазбягайце тых, хто падбухторвае вас зламаць мост, упершыню ўзведзены Эдвардам Гiбонам у XVIII ст., памiж фiлосафамi i эрудытамi, маралiстамi i даследчыкамi. Iгнаруйце тых, хто змушае вас надзець на гiсторыю жорсткую аброць дэтэрмiнiзму, цi гэта будзе вульгарны марксiст, цi структурны функцыяналiст, цi радыкальны фемiнiст. Не слухайце тых, хто кажа вам, што ваша праца - проста артэфакт вашага розуму, а таму яе не адрознiць ад казкi. Ваша праца - сапраўды артэфакт, iнтэлектуальная канструкцыя, але яе кампаненты iстотна адрознiваюцца ад кампанентаў лiтаратурнага твора. Iгнаруйце тых, хто цвердзiць вам, што гiсторык не абавязаны спрабаваць растлумачыць нешта. Нам трэба супрацьстаяць, наколькi магчыма, "гетаiзацыi", разгароджванню комплекснага прадмету гiсторыi на эканамiчную, культурную гiсторыi, гiсторыю рэлiгii, гiсторыю жанчын i г.д. Цягам стагоддзяў палова чалавецтва, а менавiта жанчыны, былi фактычна выключаны з сур'ёзных гiстарычных прац. Гэта было i ганебна, i неразумна, i дзеля таго, каб выправiць сiтуацыю, вылучэнне жаночых даследаванняў у асобную галiну гiсторыi, што характэрна для Амерыкi, было цалкам апраўдана. Гэта дало плён - адбыўся вялiкi зрух наперад у нашым разуменнi роляў жанчын у гiсторыi. Але ў далёкай перспектыве вывучэнне гiсторыi жанчын без мужчын стане, верагодна, такiм жа неадэкватным, як i вывучэнне гiсторыi мужчын без жанчын. Перадусiм мы павiнны пазбягаць дзвюх рэчаў. Першае, трымайцеся далей ад вузкай спецыялiзацыi i дробных тэмаў - што мой сябар сэр Морыс Боўра звычайна называў "Вязаннем манашкi ў паўднёвым Лiнкальншыры памiж 1351 г. i 1364 г.". Другое, пазбягайце таго, што iншы сябар, Джэк Гэкстэр, называе "тунэльнай гiсторыяй", формай зашоранай гiсторыi, якая канцэнтруецца выключна на адзiным аспекце шматбаковай праблемы. У гiсторыi вельмi неразумна давярацца монакаўзальным тлумачэнням. Мы павiнны рашуча адкiнуць рэлятывiзм у стаўленнi да iсцiны, але быць плюралiстычнымi ў пошуку гэтай самай няўлоўнай з усiх узнагарод. Толькi так мы атрымаем шанец зразумець мiнулае i зможам пераадолець разрыў памiж так званымi дзвюма культурамi35. Якi б метад нi быў прыняты, аналiтычны цi наратыўны, прынцыпова важна вярнуцца да аднаго з кампанентаў таго, што да нядаўняга часу лiчылася добрай гiстарычнай працай, значыць iмкнуцца да яснасцi мовы i мыслення. Гэтая каштоўнасць сёння вiдавочна мае нiзкi аўтарытэт у культуры, якая абдорвае ўхваламi i суперзаробкамi цэлую свiту неразборлiвых гуру. Непралазны зараснiк прозы цяпер стаў справай гонару. Як неяк заў-важыў адзiн раздражнёны амерыканскi аглядальнiк: "Пiсаць проста прозу, ясную i даступную разуменню, азначае страцiць свой твар. Вы не станеце вядомым, пакуль не дадасце нечага да возера жаргону, чые воды (разлiваныя на экспарт у Злучаныя Штаты) лiюцца патокам памiж Нант'ерам i Сарбонай, i да чыiх багнiстых берагоў кожную ноч прыходзяць на вадапой статкi бляючых постструктуралiстаў". Апроч чыста эстэтычнага, асноўнае пярэчанне пiсанню кепскай i змрочнай прозы даўно добра сфармулявана Джорджам Орўэлам: "Калi вы спросцiце сваю ангельскую мову, то вызвалiцеся ад найгоршага глупства артадоксii ... Калi вы зробiце тупую заўвагу, тупасць будзе вiдавочная нават вам самым". У скептычнага чытача стварэнне незразумелых новых тэрмiнаў выклiкае падазронасць, што за дымавой завесай жаргону можа, як звычайна, хавацца адсутнасць сур'ёзнага iнтэлектуальнага зместу. Мы, гiсторыкi, сёння, такiм чынам, апынулiся ва ўнiкальным становiшчы - мы аточаныя прадстаўнiкамi дзвюх новых моваў, якiя шмат хто з нас проста не разумее: па-першае, дэгуманiзаваныя, матэматычныя i алгебраiчныя формулы клiаметрыстаў, па-другое, туманны жаргон крытычнай тэорыi i постмадэрнiзму. Калi мы вернемся да канкрэтных меркаванняў наконт будучынi, па-мойму, ёсць сведчанне, што ўсе тыя плынi, якiя б хацелася бачыць у развiццi, ужо фактычна iснуюць. У апошняе дзесяцiгоддзе некалькi першакласных прац ужо з'явiлася ў накiрунках, пра якiя я збiраюся пагаварыць. Разам з тым, аднолькава першакласныя працы ствараюцца ў такiх традыцыйных галiнах, як гiсторыя палiтычнай думкi, навукi, рэлiгii, заканадаўства, а таксама ў новых вобласцях - крымiнальнай гiсторыi i гiсторыi полаў. Амерыка мае выгоднае становiшча, каб быць лiдарам, паколькi ўжо валодае не менш як паўтузiнам найвялiкшых у свеце даследчыцкiх унiверсiтэтаў i бiблiятэк. Навука ў Амерыцы, такiм чынам, арганiзацыйна разсяроджана, пазбаўлена канцэнтрацыi ўсiх талентаў у адным месцы, як здарылася ў Парыжы. Да таго ж, большасць элiтарных установаў тут да гэтага часу спраўлялася з фiнансавымi цяжкасцямi 1990-х г. нашмат лепш, чым iх еўрапейскiя канкурэнты. Першая вялiкая задача гiсторыкаў у наступным дзесяцiгоддзi ў тым, каб даць больш пераканаўчае тлумачэнне гiстарычным пераменам у часе. Мэты можна дасягнуць толькi выканаўшы дзве рэчы. Першае, звязаць сацыяльную i эканамiчную гiсторыю з гiсторыяй культуры. I народная i высокая культура вывучалiся i вывучаюцца цяпер надзвычай дэталёва, хоць у вялiкай ступенi iзалявана адна ад адной i ад iншых фактараў. Але, як адзначыў Пiтэр Бёрк, культурная гiсторыя нядаўна атрымала новае жыццё, павярнуўшыся ад сацыяльнай гiсторыi культуры да культурнай гiсторыi грамадства. Атрымаўшы стымул ад правалу святкавання ў 1992 г. першага кантакту Еўропы з Амерыкай, гiсторыкi культуры цяпер займаюцца iншымi прыкладамi сутыкненняў культураў, часта з пункту гле-джання пераможаных, а не толькi пераможцаў. Наступная неабходная ўмова, калi мы хочам узяцца за праблему змены ў часе, - каб у сацыяльную i культурную гiсторыю, а таксама ў аналiз глыбокiх структур увесцi даследаванне бядотаў вайны i зменлiвасць палiтычнай улады i высокай палiтыкi, устанавiўшы сувязь памiж iмi, якая ганебна iгнаравалася двума пакаленнямi. Урэшце, менавiта сам Марк Блош неяк пратэставаў: "Шмат што трэба сказаць пра слова "палiтычны". Чаму яго заўсёды лiчаць сiнонiмам павярхоўнасцi36?" Вырашэнне пытання - у тым, каб трактаваць палiтыку як арэну сацыяльнага, культурнага i эканамiчнага канфлiкту. На шчасце, пачатак гэтым кiрункам ужо пакладзены гiсторыкамi многiх краiн. Я думаю, напрыклад, пра нядаўнюю кнiгу майго калегi Шона Ўiленца, якая спрабуе навесцi такiя масты ў гiсторыi рабочага класу Нью-Ёрка ХIХ ст.: або праца Джона Бруэра пра Англiю XVIII ст.; або П'ера Губэра i Данiэля Роша пра Францыю XVIII ст., цi Iнгi Клендынен пра ацтэкаў. Трэцяе, рэлiгii трэба вярнуць цэнтральнае месца як незалежнай, пераменнай гiстарычных зменаў. Асаблiва гэта iстотна для ранняга Новага часу, калi Захад перажываў перыяд такiх iнтэнсiўных рэлiгiйных жарсцяў i нянавiсцi, што яны разрывалi Еўропу на шматкi. Важна таксама пакiнуць месца ў тлумачальных схемах проста выпадку i ролi выключнай асобы - i тое i другое было выцiснутае на ўзбочыну ў пошуках псеўданавуковых законаў гiсторыi. Выдатны прыклад адноўленай увагi да асобы i выпадку знаходзiм у кнiзе Дж.Г.Элiата Richelieu and Olivares ("Рышэлье i Алiварэс"). Гэтую задачу можна ажыццявiць у даследаваннях любога ўзроўню: агульнага, лакальнага, мiкракасмiчнага, але заўсёды з ясна пастаўленай мэтай -- растлумачыць змены. Параўнальны метад асаблiва плённы пры вывучэннi цалкам адасобленых культурных выспаў, напрыклад Гiшпанii цi Англii. Гэта адзiны шлях вызначыць, што сапраўды адрознага i што фактычна агульнага было ў iх з iншымi еўрапейскiмi краiнамi ў адзiн i той жа перыяд. Гэты метад гiстарычнага даследавання, канешне, рызыкоўны, цяжкi i ў многiм занядбаны, але патэнцыйна вельмi плённы. Апрача даследавання пераменаў у часе, другая задача гiсторыка - быць гiсторыкам-этнографам, даследчыкам мiкра-гiсторыi асобы цi асобаў або месца, найперш для таго, каб уваскрасiць iмгненне мiнулага i потым прааналiзаваць, iнтэрпрэтаваць i растлумачыць яго. Я думаю, напрыклад, пра працы Ле Руа Ладур'е Montaillou: The Promissed Land of Error ("Монталу: Абяцаная зямля памылкi") (1978), Карлы Гiнзбурга The Cheese and Worms ("Сыр i чэрвi") (1980), Наталi Дэйвiз The Return of Martin Guerre ("Вяртанне Марцiна Гера") (1984). Тлумачэнне ўключае рэканструкцыю дзяржаўнага ладу, грамадства, эканомiкi, звычаяў, законаў, маралi i культуры, як яны ўплывалi на мысленне групы цi iндывiда. Iснуе шмат спосабаў ухапiць i ажывiць мiнулае, калi аўтар стаiць па слушны бок мяжы, што аддзяляе паказальны прыклад ад анекдатычнай трывiяльнасцi. Але так цi iначай, жывых людзей ва ўсёй iх супярэчлiвай складанасцi трэба вярнуць у гiсторыю, з якой iх выцягнулi вульгарны марксiзм, структуралiзм i квантыфiкацыя. Нарэшце мы можам i абавязаны зноў вярнуцца да нявырашаных пытанняў наконт эвалюцыi сучаснай Заходняй цывiлiзацыi, упершыню пастаўленых Марксам i Максам Вэбэрам, пазней гiсторыкамi-вiгамi, i зусiм нядаўна амерыканскiмi тэарэтыкамi мадэрнiзацыi. Каб дамагчыся поспеху, гiсторыкi павiнны перастаць дзялiцца на ўсё меншыя i меншыя групы, кожная са сваiм спецыяльным часопiсам i iмпрэзамi, а замест гэтага мусяць прыкласцi свядомыя намаганнi i пераадолець гэтыя растучыя штучныя бар'еры. Калi нам не ўдасца пераадолець гэтую раздзеленасць, дык нас, як i нашых палiтычных гiстарычных папярэднiкаў пяцьдзесят гадоў таму, чакае лёс усё больш вузкай спецыялiзацыi i, такiм чынам, трывiялiзацыi. Мы апынемся тады ў смяротнай небяспецы весцi размовы з самымi сабой на тэмы, якiя на самой справе больш нiкога не цiкавяць. У кантэксце зместу даследаванняў аднаго з найвялiкшых прабелаў у гiстарыяграфii любой Заходняй краiны, якi толькi цяпер пачынае запаўняцца, з'яўляецца сярэднi клас, сярэдняе звяно, буржуазiя. Здарылася так, што элiта, асаблiва зямельная арыстакратыя, якая карысталася да нядаўняга часу най-большай уладай, прэстыжам i багаццем у грамадстве, была мецэнатам мастацтва, высока адукаваная, i якая пакiнула пра сябе масы дакументаў, заўсёды знаходзiлася ў цэнтры ўвагi гiсторыка. На працягу апошнiх трыццацi гадоў тэндэнцыя да вывучэння "гiсторыi знiзу" выявiла велiзарную колькасць новай iнфармацыi пра сялянаў, гарадскi пралетарыят i бедных, а ўвага да жаночай гiсторыi ўжо прынесла масу новай iнфармацыi пра жанчын. Аднак, хоць сярэднiя класы, пачынаючы з Арыстоцеля, уважалiся за "сховiшча ўсiх дабрачыннасцяў", за вялiкi рухавiк эканамiчнай i сацыяльнай змены, iх да гэтага часу, можна сказаць, iгнаравалi. Другая нераскрытая тэма, як вызначыў яе Пiтэр Бёрк, гэта параметры, межы i наступствы культурнага канфлiкту i абмену. Запазычаючы ад iншых дысцiплiн, што канешне трэба рабiць, мы павiнны заняць гнуткую i ўзважаную пазiцыю: культываваць гатоўнасць выкарыстоўваць любыя дадзеныя, выкарыстоўваць любы метад, прымяняць любую мадэль i ўзiрацца пад ногi, шукаючы найменшага намёка на нешта новае, што паходзiць з сумежных дысцыплiнаў. Калi мы будзем прытрымлiвацца таго, што я прапанаваў, i развiваць тэндэнцыi, якiя ўжо маюць месца, мы, гiсторыкi, будзем больш здольныя выконваць нашу двайную функцыю - усё тую ж, якую прапанавалi i якой прытрымлiвалiся больш двух тысячагоддзяў таму Фукiдзiд i Герадот. Па-першае, развiваць больш складаныя i пераканаўчыя шматкаўзальныя тлумачэннi таго, як мы прыйшлi адтуль сюды. Па-другое, зноў ухапiць дух, адчуванне i тэкстуру таго, як нашыя продкi жылi ў традыцыйным свеце, страчаным для нас. Мы павiнны таксама неяк пранiкнуць у iх галовы, каб зразумець i растлумачыць iх сiстэму перакананняў i лад мыслення. Калi мы дасягнем поспеху ў гэтых дзвюх мэтах, то зможам сказаць, што наша дзейнасць i iснаванне граюць важную ролю ў культурным жыццi грамадства, у якiм мы жывем. Бо толькi дэманструючы палiтыкам i грамадскасцi, што ў нас ёсць што сказаць важнага i цiкавага, мы, прафесiйныя гiсторыкi, зможам квiтнець у грамадстве, якое ўсё больш паварочваецца да тэхнiкi ў пошуках хуткага вырашэння ўсiх праблемаў i да хлуслiвых мiфатворцаў злева i справа, каб тыя далi яму веру i надзею. Пераклала Iрэна Ганецкая * Stone L. The future of history//Historia a debate. Tomo 1. P. 177-189. 1 Le Goff J., Nora P. Making History. Paris, 1971, уступ (гэтай спасылкай я абавязаны доктару Лусэту Валенсi). 2 Scott Smith D. The Troubled Issue of Agency in History: British Historical Demography since 1750 // Journal of British Studies. 26 (1987). P.26-7. 3 Маршал Боўлею, 27 лютага 1906 г., у Contributions to Political Economy, уступ. 4 Calhoun C.J., у: Social History. 3 (1978). P.371. 5 Trevelyan G.M. The Social History of England. 6 Braudel F. The Mediterranean and the Mediterranean World in the Age of Philip II. 7 Braudel F. Civilization materiйlle, Йconomie et Capitalisme, XVe-XVIIIe Siиcles. Paris, 1979. 8 McIyre C.T., ed., Herbert Butterfield, Writings on Christianity and History. Oxford, 1979. P.30-34. 9 Marx K. The Eighteenth Brumaire. New York, 1963. P.15. 10 McIntyre, op. cit. P.30-34. 11 Vigarello G. Concepts of Cleanliness: Changing Attitudes in France since the Middle Ages. Cambridge, 1988. 12 Darnton R. The Great Cat Massacre and other episodes in French Cultural History. New York, 1984. Крытыку гл. у: Chartier P.R. Texts, symbols and Frenchness // Journal of Modern History. 57 (1985). 13 Bolingbroke, lord // Historical Writings. Ed. I.Kramnick. Chicago, 1972. P.9. 14 Gilbert F. The New Edition of Johann Gustav Droysen's Historik // Journal of the History of Ideas. 44 (1983). P.335. 15 Morrill J. Proceeding Moderately // Times Literary Supplement. (24 October, 1980); гл. таксама: Elton G.R. The History of England. Cambridge, 1984. 16 Zeldin T. Personal History and the History of the Emotions // Journal of Social History. 15 (1982). P.341. 17 New York Times. (Oct. 21, 1992, C21), (рэц. M.Kakutani на The Madonna Connection: Representational Politics, Subcultural Identities and Cultural Theory. Ed. Schichtenberg C. New York, 1992. 18 Cацыялагiчны аналiз фенаменальнага поспеху Дэрыды ў Злучаных Штатах гл.: Lamont M. How to become a prominent French Philosopher: the case of Jacques Derrida // American Journal of Sociology. 93 (1987). 19 Easthope A. Romancing the Stone: History writing and Rhetoric // Social History. 18(2) (1993). 20 Culler J. On Deconstruction (1984). P.181. 21 McCloskey D. The Rhetoric of Economics // Journal of Economic History. 21 (1983). P.488. 22 Appleby J. One good turn deserves another: Moving beyond the Linguistic: A response to David Harlan // AHR 94 (50 Dec. 1989). 23 Fish S. The New Historicism. Ed. Veeser H.A. New York, 1989. P.13. 24 Rosenberg C. Medicine and Community in Victorian Britain // Journal of Interdisciplinary History. 11 (1981). P.684. 25 New York Times Magazine. (May 4, 1993). 26 Kramnick, op. cit. P. 51. 27 Цытуецца Д.Вутанам: Locke, John. Ed. Political Writings. London, 1993. P.IX. 28 Ferguson W.K. The Renaissance in Historical Thought. Boston, 1948. P.388. 29 Gould, Stephen J. Natural History. 102.№ 8 (August 1993). P.4. 30 Напрыклад, Keuls E.C. The Reign of the Phallus: Sexual Politics in Ancient Athenes. New York, 1980. 31 Colley L. The Politics of Eighteenth Century British History // Journal of British Studies. 25(4) (1986). P.361. 32 Gould S.H. Eversince Darvin, Reflections in Natural History. New York, 1977. P.161. Сэр Пiтэр Мiдавор сцвярджаў, што ўсе дасягненнi ў навуковым даследaваннi пачынаюцца з "уяўлення таго, што можа быць iсцiнай" (Medawar P. Plato's Republic. Oxford, 1982). 33 Cannon J. The Historian at Work. P.9-11. 34 Gilbert F. P.332-333. 35 Гл.: Gould S.J. у: Natural History (July 1990). 36 Цытуецца Ле Гофам у: Historical Studies Today. Ed. Gilbert F. and Graubard S. New York, 1971. P.341.

Опубликовано 16 февраля 2003 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1045354995 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Будучыня гiсторыi

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network