публикация №1045354170, версия для печати

"Краёвасць" у беларускай i лiтоўскай гiсторыi. 1905-1940 г.


Дата публикации: 16 февраля 2003
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1045354170)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ДОКУМЕНТЫ


"Краёвасць" у беларускай i лiтоўскай гiсторыi. 1905-1940 г. Алесь Смалянчук Краёвасць як феномен грамадска-палiтычнага жыцця Беларусi i Лiтвы* з'явiлася ў часы рэвалюцыi 1905-1907 г. Сутнасцю яе iдэалогii было сцвярджэнне прыярытэту агульна-краёвых iнтарэсаў перад iнтарэсамi асобных этнасаў i сацыяльных груп. Апошнiя праявы краёвасцi адносяцца да 1939-1940 г. Першымi зацiкавiлiся тэмай краёўцаў польскiя даследчыкi. Уладзiслаў Вяльгорскi, Юлiуш Бардах, Крыстына Гамулка i iнш. звычайна разглядаюць краёўцаў у рэчышчы дзейнасцi польскай грамадскасцi Беларусi i Лiтвы. Пры гэтым заўсёды падкрэслiваецца своеасаблiвасць iх самасвядомасцi. Ю.Бардах ахарактарызаваў яе наступным чынам: "Яны былi палякамi з пункту погляду культурнай арыентацыi. Аднак, разважаючы над iх нацыянальнасцю, трэба адзначыць, што заўсёды пераважала пачуццё краёвай прыналежнасцi. Яны падпарадкоўвалi польскiя iнтарэсы агульным iнтарэсам краю"1. Гiзберт-Студнiцкi прапанаваў нават увесцi для краёўцаў спецыяльны тэрмiн - "лiцвiн-паляк"2. Лiтоўскi гiсторык Рымантас Мiкныс лiчыць краёўцаў лiцвiнамi ў гiстарычным (палiтычным) сэнсе i разглядае iх па-за межамi этнiчных рухаў3. Беларускi гiсторык i публiцыст Янка Запруднiк у асобах такiх краёўцаў як Раман Скiрмунт, Эдвард Роп, Геранiм Друцкi-Любецкi i iншых дэпутатаў I Дзяржаўнай Думы ад Беларусi i Лiтвы, што ўвайшлi ў т.з. "Тэрытарыяльнае кола", убачыў беларускае дваранства4. Аўтар гэтых радкоў у сваiм дысертацыйным даследаваннi (1995) прыйшоў да высновы, хоць i з пэўнымi агаворкамi, што ў перыяд рэвалюцыi краёўцы з'яўлялiся дамiнуючым кiрункам польскага руху на Беларусi i Лiтве5. Даследчая праца апошняга часу ў архiвах i бiблiятэках Польшчы дазволiла прааналiзаваць шэраг раней недаступных крынiц. Сярод iх пераважалi ўспамiны i дзённiкавыя запiсы грамадскiх i культурных дзеячаў Беларусi, Польшчы i Лiтвы пачатку ХХ ст. Выкарыстанне фактычна новай (для аўтара) групы крынiц, больш грунтоўнае азнаямленне з польскай гiстарыяграфiяй прымусiла ўнесцi пэўныя карэктывы ў высновы 1995 г. Краёвасць як феномен грамадска-палiтычнага жыцця нарадзiлася ў асяроддзi палякаў беларускага i лiтоўскага паходжання. Выпрацоўка асноўных палажэнняў краёвай iдэалогii закончылася ўвесну 1906 г. Галоўную ролю ў гэтым адыгралi Раман Скiрмунт, Баляслаў Ялавецкi, Мiхал Ромэр i Канстанцыя Скiрмунт. Р.Скiрмунт першым сфармуляваў стрыжнявую iдэю краёвай iдэалогii: усе жыхары беларуска-лiтоўскага краю незалежна ад этнiчнай прыналежнасцi i сацыяльнага паходжання павiнны аб'яднацца ў сумеснай працы на карысць усяго краю i ўсiх яго народаў. Звяртаючыся да мясцовай заможнай шляхты, Р.Скiрмунт пiсаў: "Мы павiнны працаваць для дабра ўсяго краю разам з нашым лiтоўскiм або рускiм* народам, з якiм мы ўтвараем адзiную нацыю"6. У канцы 1905 г. у Вiльнi быў надрукаваны "Нацыянальны катэхiзiс Лiтвы". Яго аўтар Б.Ялавецкi сфармуляваў асновы краёвай iдэалогii ў выглядзе пытанняў i адказаў. Ужо адказ на першае пытанне: "Чым з'яўляецца Лiтва?" звяртаў на сябе ўвагу: " Лiтва - гэта край, якi спрадвеку насяляюць лiцвiны, палякi i беларусы, а ў Iнфлянтах яшчэ i латышы. Усе яны адной крывi i ўтвараюць адзiную лiтоўскую нацыю"7. М.Ромэр вызначыў галоўную мэту дзейнасцi: "Задачай блiжэйшай будучынi з'яўляецца арганiзацыя сумеснага жыцця розных культурна-этнiчных элементаў у краi i ў Вiльнi на падмурку агульнага грамадзянства"8. У краёвай iдэалогii тэрмiн "нацыя" выйшаў за межы этнiчнага разумення i набыў палiтычны змест. Галоўнай прыкметай нацыi стала агульнае грамадзянства. Да "нацыi лiцвiнаў" адносiлi палякаў, лiтоўцаў, беларусаў i iнш., т.зв. "карэнныя" этнасы краю. Рускiя ўспрымалiся як народ чужы i варожы. Канстанцыя Скiрмунт да чужых адносiла i яўрэяў9. Але такi погляд быў выключэннем. Звычайна яўрэяў уключалi ў склад нацыi. Iдэалогiя краёвасцi мела грунтоўны гiстарычны падмурак. Краёўцы пастаянна звярталiся да мiнуўшчыны беларуска-лiтоўскага краю, апелявалi да гiстарычнай памяцi i, больш за тое, самi iмкнулiся фармаваць гэтую памяць. У шматлiкiх публiкацыях i выступленнях яны падкрэслiвалi агульнасць гiстарычнага лёсу ўсiх карэнных этнасаў Беларусi i Лiтвы10. Гiстарычная свядомасць адыграла адну з галоўных роляў у складваннi краёвай iдэалогii. Палiтыка русiфiкацыi беларуска-лiтоўскага краю пасля разгрому паўстання 1863 г. стрымлiвала развiццё этнiчнай свядомасцi. У гэтых умовах на пярэднi план выйшла гiстарычная памяць11. Менавiта яна сталася падмуркам той своеасаблiвай свядомасцi шляхты былога Вялiкага Княства Лiтоўскага, якая вызначалася формулай: "Лiцвiн (або русiн) па паходжанню, паляк па нацыянальнасцi". У палiтычнай дзейнасцi шляхты з канца XVIII i на працягу ўсяго ХIХ ст. гэтая своеасаблiвасць знаходзiла адбiтак у т.зв. "лiтоў-скiм сепаратызме", якi прысутнiчаў ва ўсiх паўстаннях гэтага перыяду i вызначаў сутнасць праекту аднаўлення Вялiкага Княства Лiтоўскага (1811). Аўтарам гэтага праекту быў Мiхал Клеафас Агiнскi. Уяўленне прыналежнасцi адначасова да двух цi нават да трох народаў было характэрна для такiх дзеячаў культуры беларуска-лiтоўскага краю ў ХIХ ст., як Адам Мiцкевiч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскi, Уладзiслаў Сыракомля, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч i iнш. Аднак вытокi краёвасцi не толькi ў гэтым. Шляхта Беларусi i Лiтвы (i не толькi дробная) значную частку свайго жыцця праводзiла ў маёнтках. Яна размаўляла з сялянамi на iх роднай мове, разбiралася ў асаблiвасцях псiхалогii i менталiтэту вёскi i нармальна ўспрымала "тутэйшасць" сялянскай свядомасцi. Магчыма, гэтая сялянская "тутэйшасць" таксама стрымлiвала працэсы этнiчнай iдэнтыфiкацыi сярод вярхоў грамадства. "Тутэйшасць" часцей трактуецца як нiжэйшая ступень этнiчнай iдэнтыфiкацыi, як прымiтыўнасць. Аднак такi погляд досыць павярхоўны. Можна цалкам пагадзiцца з Ю.Бардахам, якi сцвярджаў: "У вёсцы, перш за ўсё беларускай, там, дзе су-стракалiся розныя мовы, веравызнаннi, уплывы розных культур, "тутэйшасць" азначала форму адмовы ад пэўнага выбару, нежаданне прызнаць сваю прыналежнасць да таго цi iншага народу. Была асцярога, што такi выбар парушыць традыцыйныя формы сумеснага жыцця i прывядзе да канфлiктаў"12. Невыпадкова Канстанцыя Скiрмунт абараняла паняцце "тутэйшасцi" ад насмешак: "Тутэйшасць - гэта сувязь з роднай зямлёй, гэта патрыятызм"13. У пэўным сэнсе тутэйшасць была краёвасцю "маўклiвай большасцi" (па вызначэнню А.Гурэвiча) грамадства Беларусi i Лiтвы. Краёвасць вырасла з тутэйшасцi, якая спалучалася з гiстарычнай свядомасцю прыналежнасцi да шляхты былога Вялiкага Княства Лiтоўскага. Да пачатку ХХ ст. яна асаблiва не афiшавалася. З'яўленне краёвасцi ў грамадска-палiтычным жыццi было выклiкана абвастрэннем этнiчных i сацыяльных адносiн. Аднак гэтыя ж самыя працэсы стрымлiвалi яе пашырэнне. Галоўнай перашкодай было перапляценне сацыяльнага падзелу грамадства Беларусi i Лiтвы з падзелам этнiчным. Па вынiках перапiсу 1897 г. 47,1% патомнага дваранства, 24% асабiстага дваранства, 8,7% мяшчанства, а г.з. значная частка памешчыкаў, чыноўнiкаў сярэдняга i нiжэйшага рангу, iнтэлiгенцыi шасцi беларуска-лiтоўскiх губерняў складалася з мясцовых палякаў, або, дакладней, тых, хто лiчыў сваёй роднай мовай польскую. У той жа час 87,4% сялян краю прызнавалi сваёй роднай мовай беларускую або лiтоўскую. Задачы лiтоўскага i беларускага рухаў былi цесна звязаны з праблемамi i патрабаваннямi вёскi. Гэтыя рухi непазбежна былi накiраваны не толькi супраць панавання расiйскiх чыноўнiкаў, але i супраць польскiх землеўладальнiкаў, якiя валодалi прыблiзна паловай (50-55%) усiх прыватнаўласнiцкiх зямель краю14. Пэўную антыпольскую афарбоўку лiтоўскага руху падтрымлiвала i iмкнулася ўмацаваць расiйская адмiнiстрацыя. Патэнцыял антыпольскасцi ўтрымлiваўся i ў дзейнасцi беларускiх арганiзацый. Усё гэта моцна ўплывала на працэс афармлення краёвага руху. Спробы стварэння Краёвай партыi Беларусi i Лiтвы, звязаныя з дзейнасцю Рамана Скiрмунта, Эдварда Ропа, Аляксандра Ляднiцкага, Канстанцыi Скiрмунт закончылiся няўдачай. Перспектыва арганiзацыi нацыянальнага (у палiтычным сэнсе) руху разбiлася аб сацыяльныя супярэчнасцi, якiя набывалi этнiчную афарбоўку i ператваралiся ў этнiчныя канфлiкты. Iх абвастрэнню спрыялi расiйскiя ўлады. У вынiку краёўцаў аб'ядноўвала толькi iдэалогiя. Адсутнасць арганiзацыйных формаў рабiла краёвы рух ва ўмовах абвастрэння этнiчных адносiн досыць няўстойлiвым аб'яднаннем. Перыяд рэвалюцыi 1905-1907 г. на Беларусi i Лiтве - гэта час хуткага развiцця лiтоўскага i беларускага рухаў, актывiзацыi Партыi польскiх нацыянальных дэмакратаў, стварэння расiйскiх чарнасоценных арганiзацый, узнiкнення сiянiсцкiх партый i iх фiлiялаў. Побач з афармленнем краёвай iдэалогii ўзмацнялася пачуццё прыналежнасцi да пэўнага этнасу. Сярод мясцовых палякаў пашыралася адчуванне польскасцi. Многiя з iх прымалi краёвую iдэалогiю як iдэалогiю польскага руху, як сродак умацавання польскiх пазiцый у краi. Публiцыст А.Тупальскi шчыра заявiў на старонках друку, што толькi пашырэнне краёвай iдэалогii дазволiць палякам захаваць дамiнуючыя пазiцыi ў культурным i эканамiчным жыццi краю ва ўмовах дэмакратычнай i дэцэнтралiзаванай Расii15. Менавiта таму нельга цалкам адрываць краёўцаў ад польскага руху. Пазiцыя iдэолагаў (Р.Скiрмунт, М.Ромэр i iнш.) часта ўспрымалася шырокiмi коламi польскай грамадскасцi iнакш, чым яны самi таго жадалi. Гiсторыкi звычайна адзначаюць падзел краёўцаў на кансерватыўны i дэмакратычны (або лiберальна-дэмакратычны) кiрункi. Да кансерватараў, якiя не прымалi патрабаванняў радыкальнай аграрнай рэформы, не пагаджалiся з iдэяй усеагульнага выбарчага права i г.д., адносяць Iпалiта Корвiн-Мiлеўскага, Эдварда Вайнiловiча, Аляксандра Мейштовiча, Аляксандра Хамiньскага, Чэслава Янкоўскага, Рамана Скiрмунта, Канстанцыю Скiрмунт i iнш. У перыяд рэвалюцыi iдэйным цэнтрам краёўцаў-кансерватараў быў "Kurier Litewski", а найбольш уплывовымi арганiзацыямi - дэпутацкiя фракцыi ў I i II Думах i ў Дзяржаўным Савеце. Сярод дэмакратаў, якiя былi гатовы пайсцi насустрач па-трабаванням беларускага i лiтоўскага сялянства, вылучаюцца постацi Мiхала Ромэра, Людвiка Абрамовiча, Тадэвуша Урублеўскага, Аляксандра Ляднiцкага, Бранiслава Крыжаноўскага i iнш. Такi падзел з пункту погляду палiтычнай арыентацыi, безумоўна, справядлiвы. Хоць не менш важнымi для спробы пэўнай класiфiкацыi краёўцаў застаюцца iх адносiны да этнiчных рухаў. Ужо ў перыяд рэвалюцыi можна заўважыць, што пазiцыя большасцi краёўцаў-кансерватараў эвалюцыянавала ў кiрунку польскасцi. Супрацьстаялi гэтай тэндэнцыi Раман Скiрмунт, Эдвард Вайнiловiч, Баляслаў Ялавецкi, Канстанцыя Скiрмунт i некаторыя iнш. Iх палiтычныя перакананнi ў гэтым выпадку адыходзiлi на другi план. Так, Б.Ялавецкi фiнансаваў выданне ў Пецярбургу лiтоўскай газеты "Lietuviskas lajkrastis"16. Р.Скiрмунт, як паведамляюць С.Выслаух i К.Гамулка, фiнансава падтрымлiваў "Нашу Нiву"17 i г.д. Гэта iх зблiжала з краёўцамi-дэмакратамi, якiя прызнавалi права беларусаў i лiтоўцаў на самастойнае культурнае i палiтычнае жыццё. Красамоўна выглядаюць амаль сяброўскiя адносiны памiж А.Ляднiцкiм, якi адыгрываў прыкметную ролю ў кiраўнiцтве партыi кадэтаў, i Р.Скiрмунтам. Падставай гэтай узаемнай павагi было аднолькавае разуменне нацыянальнай праблемы ў беларуска-лiтоўскiм краi. Краёўцы дэмакратычнага кiрунку падтрымлiвалi сувязi з дзеячамi лiтоўскага i беларускага рухаў, абаранялi беларусаў i лiтоўцаў ад шавiнiстычных выпадаў з боку прадстаўнiкоў Партыi нацыянальных дэмакратаў Р.Дмоўскага. Iх iдэйным i арганiзацыйным цэнтрам у перыяд рэвалюцыi была "Gazeta Wilenska", якая выдавалася ад студзеня да лiпеня 1906 г. Трэццечэрвеньскi дзяржаўны пераварот нарадзiў новую палiтычную сiтуацыю. Знiклi надзеi на дэмакратызацыю грамадскага i палiтычнага жыцця, на ўвядзенне мясцовага самакiравання i iнш. Галоўнай задачай станавiлася абарона тых правоў, якiя ўжо былi дасягнуты. Сярод краёўцаў-кансерватараў у гэты час узмацнiлiся пазiцыi тых, хто трактаваў краёвасць толькi як сродак умацавання польскiх пазiцый. Пачуццё Радзiмы ў гэтых людзей звузiлася да межаў уласнага маёнтку. Гэта засведчыла i чарговая няўдача Р.Скiрмунта з утварэннем Краёвай партыi. Р.Скiрмунт распрацаваў праект свайго роду мiжнацыянальнага партыйнага саюзу, якi павiнен быў складацца з лiтоўскай, беларускай i польскай самастойных партыйных арганiзацый18. У стварэннi Краёвай партыi ён па-спрабаваў абаперцiся на вярхi польскай грамадскасцi. Сумесна з Ч.Янкоўскiм яны правялi ў чэрвенi 1907 г. у Вiльнi з'езд землеўладальнiкаў краёвай арыентацыi. На з'езд прыехала ўсяго каля 30 чалавек. Дэлегаты не прынялi iдэi Р.Скiрмунта. Яны ўтварылi Краёвую партыю, але гэта была партыя польскiх землеўладальнiкаў. Галоўнымi пунктамi праграмы было ўвядзенне самакiравання ў краi, роўнасць усiх народаў, пачатковая адукацыя на роднай мове i недатыкальнасць памешчыцкага землеўладання19. Апошняе азначала фактычную адмову ад пошукаў узаемаразумення i шляхоў супрацоўнiцтва з дзеячамi лiтоўскага i беларускага рухаў. Прадстаўнiкi Ковенскай i Вiцебскай губ., а разам з iмi i Р.Скiрмунт адмовiлiся ўвахо-дзiць у склад гэтай партыi. Затое яе праграму падпiсалi такiя вядомыя краёўцы, як Э.Вайнiловiч (старшыня партыi), I.Корвiн-Мiлеўскi, Д.Карыбут-Дашкевiч, А.Хамiньскi, С.Ваньковiч, Ч.Янкоўскi i iнш. Усяго 23 чалавекi20. Партыя не знайшла шырокай падтрымкi. На пачатку 1908 г. Р.Скiрмунт паспрабаваў правесцi яе рэарганiзацыю ў адпаведнасцi з першапачатковым праектам, але нi палякаў, нi беларусаў, нi лiтоўцаў ягоныя намаганнi не зацiкавiлi. Перамены ў пазiцыi многiх вiленскiх краёўцаў-кансерватараў адбiлiся i на польскiм вiленскiм друку. "Наша Нiва" ў 1911 г. адзначала: "Kurier Litewski" iдзе тым жа шляхам, што i "Белорусская жизнь"21. I зноў жа трэба падкрэслiць, што гэтая эвалюцыя не датычыла ўсiх краёўцаў-кансерватараў. К.Скiрмунт у 1910 г. пiсала: "Лiцвiнкай i толькi лiцвiнкай з ласкi Божай я была, ёсць i да апошняга дыхання буду"22. Краёўцы-дэмакраты па-ранейшаму прапагандавалi краёвую iдэю. Яны iмкнулiся знайсцi новых яе прыхiльнiкаў сярод дзеячаў польскага, лiтоўскага, беларускага i яўрэйскага рухаў. I дасягнулi пэўных поспехаў. М.Ромэр з 1906 да 1914 г. дзейнiчаў у кантакце з Ёнасам Вiлейшысам, Мiколасам Слежэвiчусам, Мiколасам Бiржышкам, Казiмiрам Акулiчам, Вацлавам Студнiцкiм, Мечыславам Недзялкоўскiм, Аляксандрам Заштоўтам, Вацлавам Ластоўскiм, Вацлавам Iваноўскiм, Iванам ды Антонам Луцкевiчамi, Ежы Ромам, Шабадам i iнш.23. Прыкладам кантактаў можа служыць супрацоўнiцтва М. Ромэра i рэдакцыi "Нашай Нiвы" ў справе вывучэння становiшча сялянаў. Галоўным метадам вывучэння было анкетаванне. З перапiскi М.Ромэра з вядомым археолагам i этнографам Вандалiнам Шукевiчам вiдаць, што ў вераснi 1908 г. анкетаванне адбылося ў Ковенскай, Вiленскай, Менскай, Магiлёўскай i Гарадзенскай губ.24 Кантактам спрыяла i дзейнасць масонскiх ложаў - "Адзiн-ства" (з 1910 г.), "Лiтва" (з 1911 г.), "Беларусь" (з 1914 г.)25. Масонскiя ложы адыгралi прыкметную ролю ў пашырэннi краёвай iдэi. Ва ўмовах "сталыпiнскай" i "постсталыпiнскай" Расii масонскiя арганiзацыi на Беларусi i Лiтве былi формай iснавання нелегальных дэмакратычных таварыстваў краёвага накiрунку. Як адзначаў пазней Мiхал Ромэр, уласна масонскай дзейнасцi фактычна не было. Затое ложы спрыялi ўкараненню ў свядомасцi "братоў" краёвай iдэалогii26. Першыя ложы iснавалi пад фармальным патранатам масонскiх арганiзацый Масквы i Пецярбурга, якiя ўзнiклi ў 1906-1907 г. З пачаткам першай сусветнай вайны ложы Беларусi i Лiтвы аб'ядналiся ў "Вялiкi Усход Лiтвы" i ўжо афiцыйна сталi самастойнымi. Аналiз дзейнасцi масонаў дазваляе заўважыць прыкметна ўклад беларусаў у краёвы рух. Як паказалi даследаваннi Збiгнева Соляка, заснаваныя пераважна на аналiзе дзённiкавых запiсаў М. Ромэра, аднымi з iнiцыятараў утварэння першай масонскай ложы былi браты Луцкевiчы. Узначалiў ложу дзеяч яўрэйскага руху Ежы Ром. Акрамя iх "братамi" ложы былi Iван Краскоўскi, якi ў 1917 г. будзе сябрам Беларускага Нацыянальнага Камiтэту, Зыгмунт Нагродскi, Бранiслаў Крыжаноўскi, Вiтольд Абрамовiч, Iван Прозараў, Мiколас Слежэвiчус, Элiаш Ром, Бромсан i Данатас Малiноўскас. У сакавiку 1911 г. у ложу быў прыняты Мiхал Ромэр. Афiцыйнае запрашэнне да ўступлення ён атрымаў ад Iвана Луцкевiча27. Даволi хутка М.Ромэр стаўся адным з кiраўнiкоў масонаў. Ён узначальваў ложу "Лiтва", якая была ўтворана ў 1911 г. Гэты краёвец разумеў мэты масонскай дзейнасцi: "Нашыя прынцыпы - братэрства, любоў i свабода чалавечага духа. Мы гуманiсты ў самым высакародным i дзейным значэннi гэтага слова. Мы iмкнемся, каб гэтыя прыгожыя словы... сталi рэальнасцю сумлення, дзеянняў i чалавечых адносiн"28. У 1912 г. у ложу "Лiтва" ўступiў Вацлаў Ластоўскi29. Пасля ўзнiкнення "Адзiнства" i "Лiтвы" многiя пытаннi дзейнасцi краёўцаў абмяркоўвалiся на масонскiх сходах. Магчыма, што менавiта так у 1912 г. вырашалася праблема органа друку краёўцаў. Тагачасны орган "Przeglad Wilenski" (1911-1915), рэдактарам якога быў Людвiк Абрамовiч, выклiкаў незадавальненне. М.Ромэр характарызаваў газету як орган краёвай польскай грамадскасцi i лiчыў пазiцыю рэдактара шавiнiстычнай па сваёй сутнасцi, хаця i апранутай у дэмакратычную вопратку30. Было прынята рашэнне арганiзаваць новае краёвае выданне. У 1912 г. выйшаў першы нумар "Kuriera Krajowego". Актыўную ролю ў рэдкалегii адыгрывалi браты Луцкевiчы i В.Ластоў-скi31. Р.Мiкныс, якi ў сваiх даследаваннях таксама абапiраецца на Дзённiк М.Ромэра, лiчыць беларусаў фактычнымi кiраўнiкамi польскамоўнага выдання32. Выданне "Kuriera" было разлiчана на пашырэнне краёвай iдэi сярод польскай грамадскасцi краю, значная частка якой складалася з нашчадкаў паланiзаваных беларусаў i лiтоў-цаў. У рэдакцыйным артыкуле першага нумара газеты (8 лiстапада 1912 г.) галоўнай бядой краю абвяшчаўся шавiнiзм. Газета звярталася да польскай iнтэлiгенцыi як "найбольш культурнай i свядомай часткi грамадства, якая павiнна абараняць не толькi свае правы, але i весцi выхаваўчую працу сярод абу-джаючагася шматмiльённага народу." "Kurier Krajowy" лiтаральна патрабаваў ад польскай iнтэлiгенцыi дапамагаць культурнаму адраджэнню беларусаў i лiтоўцаў33. Шмат увагi газета аддавала беларускаму руху, падкрэслiваючы характэрныя для яго дэмакратызм i талеранцыю34. Антон Луцкевiч у красавiку 1914 г. ахарактарызаваў пазiцыю кiраўнiкоў беларускага руху як "дэмакратычна-краёвую". На думку беларускага палiтыка, толькi такая пазiцыя дазволiць зменшыць "нацыянальныя сваркi, каторыя што болей развiваюцца ў нашай старонцы, марнуючы безкарысна падчас найлепшыя сiлы народу". А.Луцкевiч запрашаў да сумеснай культурна-нацыянальнай працы дзеля iнтарэсаў усяго краю, "дзеля ўмацавання нашага грамадзянства"35. Адначасова з "Kurierem Krajowym" браты Луцкевiчы арганiзавалi выданне ў Вiльнi рускамоўнай "Вечерней газеты". Яна была разлiчана на зрусiфiкаваных беларусаў. Iван ды Антон Луцкевiчы iмкнулiся адарваць iх ад уплываў расiйскага чарнасоценнага друку, якi часта апранаўся ў "беларускую вопратку", i зрабiць прыхiльнiкамi краёвай iдэi36. У кастрычнiку 1914 г. узнiкла ложа "Беларусь". У яе склад увайшлi А.Луцкевiч, А.Булёта, П.Бугайлiшкiс, М.Бiржышка, I.Краскоўскi, А.Заштоўт i К.Астахевiч37. Сходы гэтай ложы праходзiлi разам са сходамi "Лiтвы". Поўнае арганiзацыйнае афармленне планавалася на восень 1915 г. Аднак вайна ўнесла свае карэктывы. Этнiчныя адносiны ў краi абвастрылiся. Усё часцей гэта адчувалася ў дзейнасцi этнiчна мешаных масонскiх арганiзацый. Урэшце яны спынiлi сваё iснаванне. Аднак краёвая iдэя была яшчэ досыць моцнай. Вельмi актыўна прапагандавалi яе менавiта беларусы. У снежнi 1915 г. яны былi аднымi з iнiцыятараў утварэння грамадскай арганiзацыi "Канфедэрацыя Вялiкага Княства Лiтоўскага"38. Канфедэрацыя аб'яднала кiраўнiкоў польскага, лiтоўскага, беларускага i яўрэйскага рухаў вакол iдэi незалежнай Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы. Яна абвясцiла пра сваё iснаванне Унiверсалам, надрукаваным на чатырох мовах.39 У лютым 1916 г. была апублiкаваная праграма Канфедэрацыi. Яе галоўным пунктам было ўтварэнне Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы з сеймам у Вiльнi. Сейм фармаваўся на падставе агульных, простых, тайных i роўных выбараў i станавiўся гарантам прававой роўнасцi ўсiх этнасаў краю. Праграма канчалася заклiкам яднання: "Кiньма сваркi i звадкi, ад каторых церпiць весь Край. Падумайма разам ды шчыра аб долi гэтага Краю, бо ж усе мы, апрача жменi прыблуд, сыны нашай зямлi - нашай Лiтвы i Беларусi... Стойма, грамадзяне, моцна, цвёрда i ў згодзе, без рожнiцы станаў, нацый i веры, пры штандары нашай вольнай Бацькаўшчыны - Лiтвы i Беларусi"40. Краёвая Канфэдэрацыя, як i краёвая iдэя наогул, не вытрымала выпрабавання часам. Этнiчныя каштоўнасцi i iдэя ўласнай этнiчнай дзяржавы аказалiся больш прыцягальнымi ў першую чаргу для лiтоўцаў i палякаў. Да распаду Канфедэрацыi прычынiлася i палiтыка германскiх акупантаў, якая вызначалася традыцыйнай для захопнiкаў формулай: "Па-дзяляй i пануй!". Па меры адраджэння Польшчы як самастойнай дзяржавы пераважная частка польскай грамадскасцi Беларусi i Лiтвы паступова перайшла на пазiцыi Партыi польскiх нацыянальных дэмакратаў i пачала выступаць за далучэнне беларуска-лiтоўскага краю да Польшчы. Сярод гэтых дзеячаў былi i былыя краёўцы. Ч.Янкоўскi ў сваiм дзённiку 21 снежня 1915 г. зрабiў запiс, што Вiльняй павiнна кiраваць чыста польская арганiзацыя. Ён нават прыдумаў назву - "Нацыянальны польскi сенат для Лiтвы i Беларусi"41. Дзеячы беларускага руху пратэставалi. 14 сакавiка 1917 г. А.Луцкевiч напiсаў лiст да Вiльгельма II, у якiм адвяргаў прэтэнзii Часовага польскага ўраду на беларуска-лiтоўскi край. Ён адстойваў iдэю Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы, адзначаючы, што "падаўляючая большасць насельнiцтва Беларусi i Лiтвы здаўна iмкнецца да незалежнасцi"42. Краёвая iдэя не знiкла. Беларускiя дзеячы абапiралiся на яе ў сваiх спробах выпрацоўкi ўласнай геапалiтыкi. У 1918 г. урад БНР прапанаваў утварэнне канфедэрацыi Беларусi, Польшчы, прыбалтыйскiх дзяржаў i Украiны. Беларусаў падтрымалi вiленскiя краёўцы-дэмакраты. М.Ромэр у 1919 г. выказаў iдэю ўтварэння "Балтыйскага саюза" як федэрацыi Лiтвы, Беларусi, Польшчы, Латвii i Эстонii.34. Ад краёвай iдэалогii не адмовiўся i Р.Скiрмунт, якi адыгрываў прыкметную ролю ў беларускiм палiтычным жыццi 1917-1918 г. Спадзяваннi краёўцаў былi канчаткова перакрэслены вынiкамi Рыжскiх перамоваў i захопам Вiльнi дывiзiяй генерала Люцыяна Жэлiгоўскага. Эдвард Вайнiловiч ацанiў Рыжскi дагавор як "новы чацвёрты падзел краю, iнiцыяваны самой Польшчай"44. Рыжскi трактат пазбавiў Э.Вайнiловiча i многiх iншых краёўцаў не толькi ўласнасцi, яны страцiлi Радзi-му, i тым самым згубiлi сэнс усялякай грамадскай дзейнасцi. Апошнiя гады свайго жыцця Э.Вайнiловiч правёў у правiнцыйнай Быдгашчы. Ён амаль не займаўся грамадска-палiтычнай дзейнасцю. Жыццё Р.Скiрмунта доўгi час было напоўнена пераважна гаспадарчымi клопатамi i... лiтаратурнымi да-следаваннямi. У 1926 г. убачыла свет ягоная кнiга, прысвечаная творчасцi Ю.Славацкага45. Да палiтычнай дзейнасцi Р.Скiрмунт вярнуўся ў 1930 г., калi быў выбраны ў склад Сенату. Ён уваходзiў у Беспартыйны блок супрацоўнiцтва з урадам (BBWR). Гэты блок, мiж iншым, выступаў супраць палiтыкi асiмiляцыi этнiчных меншасцяў II Рэчы Паспалiтай. Трагiчна склаўся лёс А.Ляднiцкага, якi пакончыў жыццё самагубствам. Ягоная трагедыя, на думку аднаго з бiёграфаў, заключалася ў неабходнасцi свядомага змяншэння ўласнага iнтэлектуальнага патэнцыялу46. Мiхал Ромэр i Станiслаў Нарутовiч, пратэстуючы супраць захопу польскiмi войскамi Вiльнi i ўтварэння т.з. "Litwy Srodkowej", выехалi ў Коўна i пачалi дзейнiчаць як лiтоўскiя палiтыкi. Праўда, М.Ромэр i пры гэтым заставаўся краёўцам. У лiсце да рэктара Ягелонскага ўнiверсiтэту В. Сэмковiча ад 4 сакавiка 1930 г. ён, закрануўшы польска-лiтоўскi канфлiкт, адзначыў: "Застаючыся настолькi ж лiцвiнам, наколькi i палякам, я асаблiва востра ўспрымаю гэты канфлiкт. Горача кахаючы Лiтву, я не магу ненавiдзець Польшчу. Наадварот, я кахаю i яе. Я, а такiх шмат, з'яўляюся эпiгонам таго тыпу людзей нашага краю, якi цяпер ужо вымiрае. Iдэальным узорам чалавека гэтага тыпу быў Адам Мiцкевiч, якi злучаў дзве нацыянальныя душы. Ён быў столькi ж палякам, колькi i лiцвiнам, але нiколi не быў толькi палякам або толькi лiцвiнам"47. Тадэвуш Урублеўскi застаўся ў Вiльнi. Ён займаўся адвакацкай дзейнасцю, працягваў збiраць бiблiятэку, якую потым перадаў гораду Вiльнi. Т.Урублеўскi па-ранейшаму адстойваў краёвыя iдэалы, абараняючы на судовых працэсах дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Да самай смерцi (лiпень 1925 г.) ён лiчыў сябе грамадзянiнам Вялiкага Княства Лiтоўскага. У некралогу адзначалася: "Паляк сёння кахае польскую нацыянальную iдэю, лiцвiн - лiтоўскую, беларус - беларускую. Урублеўскi ж кахаў перш за ўсё наш край з усiмi яго жыхарамi, незалежна ад той мовы, на якой яны размаўлялi. Ён кахаў край з усiм яго багатым мiнулым ад славутых паходаў Вiтаўта да баёў Калiноўскага ў гродзенскiх лясах. ... У сучаснай нацыяналiстычнай Польшчы Тадэвуш Урублеўскi не мог знайсцi сабе месца. ... Сучаснай Польшчы Урублеўскi не мог зразумець"48. У Вiльнi застаўся i Людвiг Абрамовiч. "Przeglad Wilenski", якi ён рэдагаваў, захаваў свае ранейшыя пазiцыi. Затое ягоны брат Вiтольд Абрамовiч адмовiўся ад краёвасцi i стаў нават адным з кiраўнiкоў "Litwy Srodkowej", якая ўяўляла сабой польскую марыянеткавую дзяржаву. У 1922 г. яна была далучана да Польшчы. У 20-30-ыя г. краёвасць сустракалася часцей як прыватная справа людзей, якiя насуперак гiстарычным рэалiям не жадалi губляць свой "Край" i адчувалi сябе грамадзянамi былога Вялiкага Княства Лiтоўскага (Тадэвуш Урублеўскi, Мар'ян Здзехоўскi i некаторыя iнш.). Радзей краёвасць выкарыстоўвалася правячымi коламi Польшчы як сродак змяншэння беларускiх пратэстаў супраць палiтыкi асiмiляцыi. Як паказалi даследаваннi К.Гамулкi, якраз так можна тлумачыць iснаванне ў 1920-1921 г. т.з. "Краёвага саюза", якi ўзначальвалi Павел Аляксюк i Вячаслаў Адамовiч (сын). Даследчыца сцвярджала, што "Саюз" iснаваў толькi дзякуючы фiнансавай падтрымцы польскага ўрада49. Апошнiя праявы краёвасцi назiралiся ў 1939-1940 г. Яны былi звязаны з перадачай Вiльнi Лiтоўскай дзяржаве. Зыгмунт Юндзiл, Бранiслаў Крыжаноўскi, Юзаф Мацкевiч i iншыя спрабавалi ўлагодзiць польска-лiтоўскiя адносiны i дасягнуць нацыянальнай згоды на падставе адраджэння традыцый "Гiстарычнай Лiтвы". Яны iмкнулiся ператварыць Вiльню ў месца паяднання i паразумення ўсiх народаў, якiя насялялi Вiленшчыну. Аднак нацыяналiстычныя настроi былi мацнейшымi. М.Ромэр, якi выдатна арыентаваўся ў палiтычных рэалiях, ацанiў гэтую спробу як "рамантычнае донкiхоцтва"50. Дзейнасць краёўцаў - гэта спроба ва ўмовах абвастрэння сацыяльных i этнiчных канфлiктаў распаўсюдзiць i абаранiць iдэю палiтычнай нацыi. Аднак на Беларусi i Лiтве, як i амаль ва ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропе (ад Прыбалтыкi да Балкан) перамагла iдэя культурнай (этнiчнай) нацыi. Сярод галоў-ных прычын паражэння iдэi палiтычнай нацыi на тэрыторыi Беларусi i Лiтвы трэба адзначыць наступствы палiтыкi русiфiкацыi, кiраўнiкi якой прыкладалi на пачатку ХХ ст. вялiкiя намаганнi па стварэнню ў краi мiжэтнiчнай напружанасцi. Сiтуацыя ўскладнялася i тым, што этнiчны падзел у значнай меры супадаў з падзелам сацыяльным. Да таго ж iдэя палiтычнай нацыi ўжо не ўпiсвалася ў кантэкст еўрапейскай гiсторыi. На пачатку ХХ ст., калi актывiзавалiся культурна-этнiчныя рухi, яна выглядала пэўным анахранiзмам. Краёвасць як феномен грамадска-палiтычнага жыцця знiкла ў 1920-1921 г. Яна была перакрэслена ўмовамi Рыжскага мiру i ўтварэннем "Litwy Srodkowej". Большасць краёўцаў ператварылася ў "крэсоўцаў". Некаторыя далучылiся да лiтоўскага руху. Iншыя адышлi ад грамадскай дзейнасцi. I толькi адзiнкi - М.Ромэр, Л.Абрамовiч, Т.Урублеўскi, М.Здзехоўскi i некаторыя iншыя захавалi вернасць краёвай iдэi. Краёўцы ўнеслi значны ўклад ва ўлагоджванне этнiчных i сацыяльных канфлiктаў у беларуска-лiтоўскiм краi. Яны закладвалi традыцыi барацьбы супраць iдэалогii этнiчнага шавiнiзму. Сённяшняя досыць прыкметная цiкавасць гiсторыкаў (асаблiва польскiх i лiтоўскiх) да гэтай праблемы сведчыць пра жыццёвасць многiх аспектаў краёвай iдэалогii. Паражэнне iдэi палiтычнай нацыi на пачатку ХХ ст. было паражэннем не толькi краёўцаў. Гэта было паражэнне народаў Беларусi, Лiтвы i Польшчы. Канфрантацыя памiж iмi аблегчыла панаванне на нашай зямлi iмперыялiстаў розных краiн i розных iдэалогiй. Аўтар выказвае падзяку прафесару Юлiушу Бардаху i доктару Рымантасу Мiкнысу за прапанаваныя матэрыялы з уласных архiваў. Таксама шчыра ўдзячны кiраўнiцтву Касы iм. Юзафа Мяноўскага (Варшава), якое фiнансава падтрымала працу аўтара ў бiблiятэках i архiвах Польшчы. * Беларусь i Лiтва разглядаюцца ў межах Вiленскай, Вiцебскай, Гродзенскай, Ковенскай, Магiлёўскай i Мiнскай губ. ДАДАТАК: 1 Bardach J. O dawniej i niedawniej Litwie.Poznan, 1988. S.217-218 2 Gizbert-Studnicki W. Mickiewicz i jego kraj.Chicago, 1955. S.7 3 Miknys R. Stosunki polsko-litewskie w wizji politycznej krajowcow. // Zeszyty historyczne. Paryz, 1993, №104. S.123-124 4 Запруднiк Я. Дваранства i беларуская мова // Беларусiка. Кн.2. Мiнск, 1992. C.33 * Пад "рускiм народам" аўтар разумеў беларусаў. З пачатку 1906 г. Р.Скiрмунт пачаў ужываць больш адпаведную тэрмiналогiю. 5 Смалянчук А. Польскi нацыянальны рух на Беларусi i Лiтве напярэдаднi i ў перыяд рэвалюцыi 1905-1907 г. Аўтарэферат канд. дысертацыi. Мiнск, 1995. 6 Romunt. (R.Skirmunt). Glos przeszlosci i potrzeba chwili. Lwow, 1905. S.38 7 J...i B.Litwa i jej potrzeby. Narodowy katechizm Litwy. Wilno, 1905. S.1 8 Romer M. Stosunki etnograficzno-kulturalne na Litwie. Krakow, 1906. S.15-16 9 Futurus (Konstancja Skirmunt). Kartki krajowe. Wilno, 1913. S.84 10 Смалянчук А. Гiстарычная сьвядомасьць i iдэалёгiя палякаў Беларусi i Лiтвы. БГА. Т.2. Сш.1. C.32-40 11 Bardach J. Wieloszczeblowa swiadomosc narodowa na ziemiach litewsko-ruskich Rzeczypospolitej w XVII-XX w. // Pamietnik XV powszechnego zjazdu historykow polskich. T.1, cz.1. Gdansk-Torun, 1995. S.31 12 Bardach J. Polacy litewscy a inne narody Litwy historycznej. Proba analizy systemowej // Belarus. Lithuania. Poland. Ukraine. Lublin-Rome. 1994. S.366 13 Kurier Litewski. 1906, №214 14 Смалянчук А. Польскi нацыянальны рух на Беларусi i Лiтве. C.17 15 Kurier Litewski. 1906, №189 16 Нацыянальная бiблiятэка Польшчы. Аддз.рук. Akc.10592/z.5. S.72 17 Gomulka K. Miedzy Polska a Rosja. Warszawa, 1994. S.14; Wyslouch S. Bialorusini na ziemi Wilenskiej. Wilno, 1930. S.3 18 Jankowski Cz. W ciagu dwoch lat... Warszawa, 1908. S.137 19 Kurier Litewski. 1907, №135 20 Тамсама. 21 Наша Нiва. 1911, №27 22 Futurus (Skirmunt K.). Kartki krajowe. Wilno, 1913. S.48 23 Пра гэта паведамляе ў сваiм дзённiку М.Ромэр (т.3, с.62, 66). Дзённiк захоўваецца ў Бiблiятэцы АН Лiтвы. Аўтар выкарыстаў матэрыялы з архiва Р.Мiкныса. 24 Нацыянальная Бiблiятэка Польшчы. Аддз.рук. rkp.2946, s.46-47. 25 Дзённiк М.Ромэра. Т.4, с.404 (З арх. Р.Мiкныса); Solak S. Michal Romer i masoneria wilenska (1911-1915) // Lietuviu Atgimimo istorijos studijos. Vilnius, 1996, t.13. P.35-40 26 З арт.: Solak Z. Michal Romer... s.39 27 З арт.: Solak S. Odrodzenie masonerii wilenskiej w latach 1910-1915 w Dzienniku Michala Romera. // Niepodleglosc. 1996, t.28, s.89. У арт. на с.85-94 змешчаны дзённiкавыя запiсы М.Ромэра за 3(16) i 4(17) сакавiка 1915 г. 28 Solak Z. Odrodzenie... s.86 29 Тамcама. S.93 30 Тамсама. S.83-84 31 Solak Z. Michal Romer...s.39; Jurkiewicz J.Polska mysl polityczna na Litwie i Bialorusi w latach 1905-1922. Poznan, 1983. S.76-77 32 Дзённiк М.Ромэра. Т.1. C.82; т.3. C.174, 323, 329. (З арх.Р.Мiкныса). 33 Kurier Krajowy. 1913, №98 34 Тамсама. 1913, №№ 12, 129 35 А.Навiна (А.Луцкевiч). Краёвае становiшчэ // Спадчына, 1996, №1, с.53 36 Romer M. Litwa wobec wojny. // Zeszyty historyczne. T.17. Paryz, 1970, s.116 37 Solak Z. Michal Romer... S.40 38 Вiтан-Дубейкоўская Ю. Мае ўспамiны. Вiльня, 1994, с. 45 39 Abramowicz L. Litwa podczas wojny: zbior dokumentow, uchwal, odezw i t.p. Warszawa, 1918 40 Лiтаратура i мастацтва. 23 лiстапада 1990 г. 41 Jankowski Cz. Z dnia na dzien. Warszawa. 1914-1915. Wilno, 1923. S.402 42 Бiблiятэка АН Лiтвы. Аддз.рук. F21-277, s.5 43 Нацыянальная бiблiятэка Польшчы. Аддз.рук. Akc.IV. 6486/II. S.7 44 Ro...munt (Skirmunt R.) Blichtr i blask. Z rozmyslan o Slowackim. Wilno, 1926. 45 Lednicki W. Pamietniki. T.2.Londyn, 1967, s.696 46 Miknys R. Stosunki polsko-litewskie... S.128 47 Бiблiятэка Ягелонскага ўнiверсiтэту (РП). Аддз.рук. 9538 III, k.38-39 (з асабiстага арх. Ю.Бардаха). 48 Kurier Wilenski. 7 лiпеня 1925 г. 49 Gomulka K. Bialorusini w II Rzeczypospolitej. Gdansk, 1992 50 Бiблiятэка АН Лiтвы. Дзённiк М.Ромэра. Т.37. S.219

Опубликовано 16 февраля 2003 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1045354170 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ "Краёвасць" у беларускай i лiтоўскай гiсторыi. 1905-1940 г.

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network