LIBRARY.BY → БЕЛАРУСЬ → Адстойванне дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай → Версия для печати
Дата публикации: 05 октября 2023
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1696506571)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ
Источник: (c) Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас. / В. А. Белазаровіч, С. А. Кудраўцава, А. У. Любы; пад рэд. В. А. Белазаровіча. — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2020.
Рэч Паспалітая ўяўляла сабой саюз дзвюх дзяржаў. Асобнымі ў ВКЛ і Польшчы захоўваліся адміністрацыя, заканадаўства, суд, войска, афіцыйныя назвы дзяржаў, дзяржаўная пячатка, мова справаводства, грашовая эмісія.
Самастойнасць Княства захоўваў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый (1576—1586), які лічыў, што Польшча і ВКЛ з’яўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі. Ён імкнуўся не прызначаць палякаў гетманамі ВКЛ, склікаць агульныя соймы па чарзе то ў Кароне, то ў Княстве.
У часы Стафана Баторыя ў Вялікім Княстве Літоўскім быў зацверджаны Галоўны Трыбунал ВКЛ (1581 г.), які з’яўляўся вышэйшай судовай установай краіны. Гэта быў выбарны суд: ён складаўся з прадстаўнікоў павятовай шляхты, якія выбіраліся на адзін год. Збіраўся Трыбунал два разы на год у розных гарадах Княства. Пасяджэнні маглі праходзіць або ў Вільні, або ў Менску, або ў Новагародку.
Пасля смерці Баторыя новы кандыдат на трон Рэчы Паспалітай шведскі прынц Жыгімонт Ваза, каб заручыцца падтрымкай ВКЛ, пагадзіўся на прыняцце ІІІ Статута ВКЛ.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. замацоўваў і юрыдычна афармляў незалежнасць Княства. Ён абавязваў манарха вярнуць адлучаныя ад ВКЛ землі, забараняў прызначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і замежнікаў», у тым ліку палякаў, захоўваў адасобленасць дзяржавы.
Сведчаннем самастойнасці ВКЛ было тое, што і пасля Люблінскай уніі ў Княстве працягвалі рэгулярна збірацца вальныя соймы. У 1673 г. было прынята рашэнне, згодна з якім кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай павінен быў праходзіць у Гародні.
Опубликовано 05 октября 2023 года