Вільгельм Кубэ не адмаўляўся ад ідэі пдатрымкі беларускага нацыяналізму. Па хадайніцтве гаўляйтэра Берлін даў дазвол на стварэнне Саюза Беларускай моладзі (СБМ), першай арганізацыі такога тыпу на ўсходніх акупаваных землях. Урачыстае абвяшчэнне гэтай падзеі адбылося 22 чэрвеня 1943 г. у Менскім гарадскім тэатры. Кубэ тады ўпершыню паабяцаў беларусам незалежную дзяржаву пад апекай нацысцкага рэйха. Навучанне кадраў для будучай арганізацыі даверылі заўзятаму прыхільніку ідэі супрацоўніцтва з Нямеччынай Фабіяну Акінчыцу. Былі адкрыты два падрыхтоўчых цэнтры – для дзяўчат у Драздах блізу Менска, а для хлопцаў у Альбярціне ля Слоніма. Лідэр СБМ Міхась Ганько быў падначалены генеральнаму камісару Вільгельму Кубэ, яму падпарадкоўваліся акруговыя кіраўнікі, а тым у сваю чаргу – раённыя. Паводле статута, мэтай СБМ была падрыхтоўка маладога пакалення беларусаў да выканання нацыянальнай місіі. Арганізацыя выдавала свой часопіс “Жыве Беларусь”. Моладзь прываблівалі патрыятычныя лозунгі, прыгожая блакітная форма, экскурсіі ў Берлін. Адной з мэтаў СБМ між іншым было вынішчэння ў моладзі Беларусі псіхалогіі непаўнавартасці. Аднак гэтая ж арганізацыя пашырала сярод маладых людзей ідэі нацызму і антысемітызму. Пры канцы 1943 г. у ёй налічвалася 40 тысяч сяброў. Такую вялікую колькасць можна растлумачыць тым што СБМ у асноўным аб’ядноўвала гарадскую і местачковую моладзь – кола, для знішчэння якога ў савецкіх партызан меліся абмежаваныя магчымасці.
Вільгельм Кубэ не пакідаў ідэі беларускага самакіравання. 27 чэрвеня 1943 г. ён стварыў з беларусаў Раду даверу пры Генеральным камісарыяце. Яна складалася з 16 членаў. Старшынстваваў Менскі бургамістр Вацлаў Іваноўскі, яго намеснікам быў новапрызначаны кіраўнік БНС Юрый Сабалеўскі. Рада не мела ніякай рэальнай улады, але была патрэбная Кубэ для гуртавання беларускіх сілаў. Меркавалася, што ў зручны момант яна возьме на сябе адміністрацыйную функцыю кіравання краем. 23 жніўня на сваёй нарадзе ў Генеральным камісарыяце БРД выступіла з патрабаваннем да нямецкіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць нявінных людзей і даць гарантыю бяспекі тым, хто вяртаўся з лесу. Вайсковыя афіцэры абураліся, але Кубэ ўзяў радцаў пад абарону і потым даказваў Берліну немэтазгоднасць карных аперацый супраць мірных жыхароў. Абвастрыўся канфлікт паміж гаўляйтэрам і СС. Гэта дае падставу меркаваць, што нямецкія вайсковыя ўлады пасадзейнічалі партызанам Алене Мазанік і Марыі Осіпавай у забойстве В. Кубэ ў ноч з 21 на 22 верасня. Як бы там не было, але гэты учынак даў гестапаўцам зачэпку для расстрэлу ў знак помсты чатырох тысячаў ні ў чым не вінаватых людзей, арыштаваных у Менску.
Опубликовано 21 ноября 2010 года