Лiда
i Лiдчына
у "Жывапiснай
Расеi" А.Кiркора
Папулярнае
шматтомнае выданьне “Жывапіснай Расеі” (т.1-12
СПБ., 1881-1901) было задумана і зьдзейснена адным з
буйнейшых расейскіх географаў, падарожнікам
Пятром Пятровічам Сямёнавым-Цянь-Шаньскім
(1827-1914). Трэці том гэтага выданьня “Літоўскае
Палесьсе” і “Беларускае Палесьсе” практычна
поўнасьцю напісаны вядомым беларускім
этнографам і гісторыкам Адамам Кіркорам. Выйшаў
том у 1882 годзе і цалкам прысьвечаны апісаньню
гісторыі і прыроды беларускіх і летувіскіх
зямель, матэрыяльнай і духоўнай культуры
тутэйшага насельніцтва, у тым ліку насельніцтва
Ліды і Лідчыны.
“Ліда – сталіца
ўдзельнага княства, зараз уездны горад з 3856
жыхарамі, вельмі старажытнае паселішча, на мяжы
ўласнай Літвы і славянскіх зямель, чарнарусаў і
дайноўцаў, іграла значную ролю ў гістарычных
лёсах Літвы. Няма сумніву, што тут магло існаваць
са старажытных часоў моцнае ўмацаваньне, Гедымін
жа пабудаваў замак, разваліны якога ўцалелі да
нашых дзён. Архітэктура замка мае шмат агульнага
з медніцкім і іншымі гэтага роду ўмацаваньнямі ў
Літве. На насыпной гары, да 4 сажаняў вышынёю,
акружанай з трох бакоў вадою, а з чацвёртага
глыбокім ірвом, узведзены ў квадрат чатыры
замкавыя сьцяны, кожная даўжынёю ў 32 сажані,
таўшчынёю над фундаментам каля 2 сажаняў, вышынёй
у 5 сажаняў 2 аршыны. Уцалелі таксама разваліны
дзьвюх вежаў, адна насупраць другой
разьмешчаных. У замку, унутры двара, былі
драўляныя будынкі.
Ліда была
ўдзелам Альгерда, Ягайлы, Вітаўта, Вітаўт,
прыняўшы пад сваю апеку Тахтамыша, прызначыў для
яго месцазнаходжаньнем Ліду (1396-1399гг.)
Хан жыў ў асобным
доме, захаваўшым надоўга назву Тахтамышавага
двара, дзе зараз прыходзкі дом
рымска-каталіцкага сьвятара. Потым хаджы-Гірэй,
хан Кіпчацкай арды, з 1434 па 1443г. быў лідзкім
старастам, пакуль пры садзейнічаньні вялікага
князя Казіміра не вярнуўся на ханскі пасад. У
часы Казіміра Ліда лічылася значным горадам.
Насельніцтва яе дасягала 15 тысяч чалавек
хрысьціян і 160 габрэяў. Праваслаўная царква
знаходзілася ў самым замку, але ў 1533 годзе
пабудавана новая царква ўнутры горада. Пад час
вайны 1655г., калі Хаванскі ўзяў замак, горад быў
разрабаваны і спалены. Потым, у пачатку XVII ст., пад
час шведзкай вайны Ліда патрапіла пад новае
разбурэньне. У гэты час стваражытны архіў,
уключаўшы шмат важных грамат, быў узяты з замка і
перавезены ў Смаленск, дзе згарэў у 1812г. За 5 вёрст
ад Ліды, на ўсход, у маёнтку Дуброўкі (Дуброўня
С.С.) паказваюць месца і каменныя фундаменты
палаца Вайдалы, любімца Ягайлы, жанатага на
сястры яго Марыі і пакаранага сьмерцю Кейстутам
у 1381 г. як вінаватага ў варожасьці яго зь Ягайлам.
Ліда, як мы ўжо
сказалі, ляжыць амаль на мяжы двух плямён, что
насяляюць Лідзкі ўезд, літоўцаў і чарнарусаў,
аддзеляных адно ад другога рэчкаю Дзітвою,
упадаючы ў Нёман. Найстаражытнейшая сталіца
дайноўцаў, Дайнова, у 15 вярстах ад Ліды, зараз
невялікая вёска. Дайноўскае княства існавала
яшчэ ў пачатку ХІІІ стагоддзя. Яно межавала з
Гарадзенскім княствам па р.Котры, з сёняшнімі
ўездамі Ваўкавыскім, Наваградзкім і Ашмянскім. У
Дайнове захаваўся вялікі камень, які народ
называе “кабылкаю”, бо, паводле паданьня, на ім
каралі злачынцаў.
У літоўскай
палове асабліва адметныя тры мясцовасьці:
Дубічы, з развалінамі замка на выспе, абмываемай
водамі возера Пелясы і рэчкі Котры. Захаваліся
яшчэ фундаменты замка з валам і глыбокім ірвом, а
таксама падземным ходам. У Дубічах часта жыў
Вялікі князь Вітаўт. Вядомы дзьве граматы яго,
падпісаныя ў Дубічах, адна 6 сакавіка 1415 года да
вялікага магістра Эбельгарда наконт абмену
палонных, другая 25 ліпеня 1421 года наконт гадавога
замірэньня з крыжакамі. На могілках у Дубічах
спачываюць парэшткі славутага ліцьвінскага
гісторыка Тодара Яўхімавіча Нарбута. Эйшышкі і
Радунь нязначныя мястэчкі, прыкметныя
гарадзішчамі, да нашых часоў выдатна
захаваўшыміся. Эйшышкаўскае гарадзішча займае
шэсць тысяч квадратных метраў, абкружана валам і
ірвом. Радуньскае некалькі меншае: тут вышыня
вала 40 метраў, шырыня 108 метраў. Вартая ўвагі
таксама мясцовасьць, што называецца Шайбак-поле
паблізу мястэчка Васілішак, дзе адбывалася
крывавая бітва літоўска-рускіх князёў з
Шайбаком, палкаводцам Батыя, у 1242г., і дзе загінуў
апошні.
У Лідзкім
уезьдзе прыкметна яшчэ так званая ваколіца
Трабушкі, за 20 вёрст ад Эйшышак, на поўнач. У гэтым
паселішчы, у доме дробнага шляхціца Льва
Ільіцэвіча, на працягу трох дзён, з 28 па 30 жніўня
(1705г. С.С.) жыў Пётр Вялікі з князямі Меншыкавы,
Шафаравым і прыхільнікам караля Аўгуста ІІІ,
князем Рыгорам Агінскім. Значныя войскі
накіраваліся тады зь Вільні радуньскім трактам,
праз Эйшышкі і Радунь у Горадню. Пётр Вялікі быў
вельмі задаволены Ільцэвічам і ад’яжджаючы
пакінуў яму ахоўны аркуш”.
У Адама Кіркора
ёсьць тут недакладнасьці. Магіла Тэадора Нарбута
знайходзіцца ў Нарачы, зараз Воранаўскі раён. А
пад Дубічамі загінуў і быў пахаваны ў Дубічах сын
Тэадора, кіраўнік паўстаньня 1863 года на Лідчыне,
Людвік Нарбут. Магчыма ёсьць яшчэ
недакладнасьці, але мы мусім дараваць Кіркору.
Так ён апісаў кожны больш-менш значны горад
Беларусі, а гэта настолькі грандыёзны аб’ём
інфармацыі, што пазьбегнуць памылак было проста
немагчыма. |