М Ы   П Р Е Д О С Т А В Л Я Е М   Т О Л Ь К О    К А Ч Е С Т В Е Н Н У Ю   И Н Ф О Р М А Ц И Ю

Минская коллекция рефератов (www.library.by/shpargalka) Основана в 1999 году

Телефон минского офиса: 8 (029) 777-57-90 (МТС)

ON/OFF:          

РЕФЕРАТЫ ЗДЕСЬ:

Белорусская история
Белорусская литература
Белорусский язык
Белорусская культура
Авиация
Астрономия
Автомобили
Английский язык
Архитектура
Биографии знаменитостей
Биология
Бухгалтерия и аудит
Военное дело
География
Дизайн
Иностранные языки
Интернет
Искусство
История
Компьютеры
Культурология
Лингвистика
Литература
Маркетинг и реклама
Математика
Медицина
Музыка
Немецкий язык
Образование и обучение
Политология
Право
Программирование
Психология
Разное
Религия
Сексология
Сельское хозяйство
Спорт
Технологии
Физика
Философия
Химия
Экология
Экономика
Начало
ПЛАТНЫЕ YСЛYГИ:

Заказать реферат\курсовую

"Шпаргалка" рекомендует...

ВОБРАЗ БЕЛАРУСІ І БЕЛАРУСАЎ У ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 1945-1991

ИСТОЧНИК: СЛУЖБА ИНФОРМАЦИИ BELSONET

КАЧЕСТВО РАБОТЫ: 823%





Юры Вашкевіч

Мемуарная літаратура сама па сабе не з'яўляецца аб'ектыўнаю крыніцай гістарычных доследаў і не можа даць поўнае праўды пра з'яву або краіну, бо ў ёй пераважаюць суб'ектыўныя ацэнкі. Тым не менш, паколькі гэтыя ацэнкі тычацца тэрыторыяў, з якіх паходзяць самі аўтары, і тамтэйшых людзей, — яны бясспрэчна служаць сведчаннем эпохі і адлюстроўваюць рэальныя малюнкі жыцця.

Бальшыня ўспамінаў і твораў мемуарнага характару, пра якія будзе гаворка, узніклі на эміграцыі. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо становішча аўтараў у Польшчы і на эміграцыі рознілася прынцыпова. У ПНР тэрыторыі, якія знаходзіліся ў межах Савецкага Саюзу, былі тэмаю забароненай, а паняцце «крэсы» знікла з афіцыйнае мовы. Штопраўды, пасля 1956 г. гэтая тэматыка пачала паступова вяртацца, з'яўляючыся галоўным чынам у літаратурных і публіцыстычных творах, але пазбаўленыя цэнзурнага ўціску варункі для ўздыму звязаных з крэсамі пытанняў узніклі толькі пасля 1989 г. Эмігранцкія аўтары былі ў зусім інакшым становішчы. Не кажучы пра адсутнасць якое-колечы цэнзуры, самыя ўмовы эміграцыі схілялі да падтрымання гістарычнае непарыўнасці, адлюстравання фактаў і праўдзівых падзеяў. Пасля другой сусветнай вайны там узнікла багата ўспамінаў. Сярод іх можна вылучыць корпус твораў, якія звязаныя з тэрыторыямі колішняга Вялікага Княства Літоўскага і ў якіх закранаюцца тамтэйшыя нацыянальныя і палітычныя праблемы (Вацлаў Лядніцкі, Францішак Марыян Віславух, Фларыян Чарнышэвіч, Юзэф Мацкевіч, Чэслаў Мілаш і інш.) Мемуарысты паходзілі пераважна са шляхты, таму не выпадкова тэматыка іхных успамінаў найчасцей зямянская, і ў іх прысутнічаюць развітыя матывы маёнткаў і свецкага жыцця. З жыццём маёнтка непарыўна звязаны народны матыў, які выступае ў выглядзе апісання адносінаў паміж зямянствам і мясцовым сялянствам. У літаратуры, пра якую ідзе гаворка, беларусы — жыхары гэтых земляў — з'яўляюцца толькі як эпізадычныя постаці, складаючы экзатычны фон, на якім адбываюцца падзеі.

Тэматычна можна вылучыць дзве праблемныя плыні. Першую, мемуарна-настальгічную, складаюць успаміны, якія можна залічыць да літаратуры факту. Другая — гэта мемуарная проза, якая адбівае літаратурна пераствораную рэчаіснасць і належыць хутчэй да катэгорыі наратыўнае прозы. Храналагічна гэтая літаратура абдымае перыяды: XIX—XX ст. да 1939 г. і 1939—40-я г.

Яніна Жултоўская з Путкамэраў (праўнучка Марыі Путкамэравай з Верашчакаў) дае ў сваіх успамінах абраз звычаёвага і інтэлектуальнага зямянскага жыцця перад першай сусветнай вайной на Віленшчыне, Палессі і ў Наваградчыне. У яе ўспамінах выяўляецца глыбокая прывязанасць да роднае зямлі і ў той жа час дзіўная неабазнанасць што да простых людзей, якія на гэтай зямлі жывуць. Яна, здаецца, не заўважае на гэтых землях іншае нацыянальнасці, апроч польскае: «Дзіўным напэўна падасца, што потым наш уласны польскі ўрад гэтых самых людзей празваў „беларусінамі" 1», робіць аўтарка выснову на падставе назіраняў над рэлігійным жыццём Віленшчыны.

Патрыятычнае стаўленне да зямлі продкаў, пазбаўленае ўсялякага ўтылітарызму, вызначае ўспаміны Вацлава Лядніцкага. Адна з галоўных тэмаў ягоных згадак — польскае зямянства на Віленшчыне, Віцебшчыне і Смаленшчыне. Аўтару, які з прафесійных меркаванняў большую частку году праводзіў у Маскве, прыезд на правы бераг Дняпра даваў «пачуццё духоўнага камфорту і адпачынку», бо «на Белай Русі мы кожны раз зазнавалі нешта накшталт магічнага ператварэння: там усё было падобна да нашага ўласнага жыцця, усё было польскае» 2. Пра беларусаў аўтар успамінае толькі ў сувязі з магчымымі інтрыгамі супраць расійцаў і ў адным кароткім апісанні жыхароў заходняй Смаленшчыны, выключна этнаграфічнага характару. Як піша Міхал Крыспін Паўлікоўскі (нараджэнец Меншчыны): «Маёнтак быў, як правіла, прыхільны да беларушчыны. З селянінам размаўлялі па-беларуску. Правільная і беглая беларуская гаворка была як бы своеасаблі вым стылем. Заахвочванне беларускае мовы, фальклору і звычаю і клопат пра іх лічыліся адзіным плённым, і прытым легальным, спосабам змагання з русіфікацыяй» 3. Якраз змаганне з русіфікацыяй, як вынікае з аўтаравага паведамлення, у вялікай меры вызначала «тутэйшую» ці «краёвую» арыентацыю шляхты, якая хацела згодна суіснаваць з беларусамі 4.

Зусім іншыя настроі пераважаюць ва ўспамінах перыяду другой сусветнай вайны. Стаўленне палякаў да беларусаў выглядае ў іх не так ідылічна, як, здаецца, відаць з аповедаў некаторых мемуарыстаў пра ранейшыя часы. Грандыёзны катаклізм змяніў звычайны парадак рэчаў. Горыч страты «малой айчыны», а разам з ёю і ўсяго зямянскага свету, часта вяла да скрайнасці ў ацэнках і выказваннях. Ва ўспамінах Яніны Кавальскай пра яе родныя мясціны мы знаходзім вельмі характэрныя закіды на адрас беларускага насельніцтва: «А хто спустошыў засаджаны намі перад высяленнем сад і вырваў усе чырвоныя кветкі, каб аздобіць браму для Краснай Арміі? Хто завербаваў нашую служанку Вэрцю, каб даносіла, як бацька вернецца дадому, бо хацелі з ім парахавацца? (…) А цяпер іх хоць да раны прыкладай. (…) Паразмаўляць яны могуць, але пра сардэчнасць няма гаворкі» 5. Як правіла, не браліся пад увагу ні беларускія нацыянальныя памкненні, ні змены, якія адбыліся ў гэтым грамадстве і былі ў вялікай меры абумоўленыя міжваеннаю палітыкаю польскіх уладаў.

Да гэтае палітыкі звяртаецца ў сваіх мемуарных развагах Чэслаў Мілаш, ацэньваючы яе як «метад цвёрдае рукі» ў стасунку да нацыянальных меншасцяў, непрыхавана «абсурдны» і «вар'яцкі» 6. «…Польскія ўлады вельмі атуплялі беларусаў. Эмансіпацыя беларускае моладзі сялянскага паходжання аўтаматычна азначала арыентацыю на Менск, дзе экспанавалася паказная беларушчына, і яны адразу рабіліся камуністамі. (…) Адгэтуль тыя няспынныя камуністычныя працэсы ў Вільні, што ладзіліся галоўным чынам супроць беларусаў, і ўся антыбеларуская палітычная кампанія» 7. Падобную ацэнку мы знаходзім і ва ўспамінах Гражыны Струмілы-Мілаш: «На працягу гэтых дваццаці гадоў у дачыненні да беларусаў з віны нашае дзяржаўнае адміністрацыі напэўна набралася багата несправядлівасцяў» 8.

Антыпатыя, а часам варожасць нацыянальных мяншыняў да міжваеннае польскае дзяржавы, якую распальвала блізкасць мяжы з камуністычным светам, надавала некаторым мемуарам рысы катастрафізму. Гэты матыў выступае не толькі ва ўспамінах пра трагічныя падзеі, якія ўжо адбыліся, але і ў мемуарнай прозе, якая тычыцца папярэдняга перыяду. Катастрафічныя настроі надзвычай яскрава адбіліся ў творчасці Чэслава Мілаша, які казаў пра вельмі выразнае моўнае і рэлігійнае напружанне на беларускіх абшарах II Рэчы Паспалітай 9. Аўтар успамінае пра амаль фізічна адчувальную варожасць тагачаснае беларускае вёскі, якая атаясамлівала ўсё польскае з «панскім» і «заходнім», што напаўняла нават менш уражлівых «страхам перад цёмнай стыхіяй» 10. Трагізм сітуацыі ўзмацняецца гіпатэтычным меркаваннем Мілаша пра тое, што скамунізаваная беларуская моладзь імкнулася адарваць ад Польшчы яе ўсходнія ваяводствы 11. Разважае пісьменнік і над асноўнымі прычынамі нацыянальных канфліктаў: «Уся польская культура — гэта культура спрадвек шляхецкая. (…) Туды, дзе гучыць польская мова, пранікаюць усе шляхецкія паняцці. Інакш кажучы, канфлікт паміж, скажам, палякамі і літоўцамі, альбо палякамі і беларусамі, палягаў не толькі ў мове, не толькі ў нацыянальнасці, а ў ідэале»12. Фрагменты ўспамінаў Яніны Жултоўскай з Путкамэраў пра беларусаў-палешукоў малююць абраз людзей, памяркоўных і лаяльных у мірным часе, якія, аднак, у перыяды грамадскіх катаклізмаў выяўляюць спантанную непрыязнасць і нават варожасць да двара і мясцовага зямянства. Пра нібыта натуральныя рэфлексы нянавісці сялян-беларусаў да палякаў — «прыгнятальн ікаў» і «крывасмокаў» — піша і Гражына Струміла-Мілаш.

Сярод мемуарыстаў пануе згодная ацэнка стану нацыянальнае свядомасці беларусаў. Яны адзначаюць цяжкасці з самаідэнтыфікацыяй, падкрэсліваюць нястачу нацыянальных цэнтраў крышталізацыі, якая абумоўлівала гатоўнасць прымаць гэтыя повязі звонку, «маючы на выбар паланізацыю або русіфікацыю» 13. Такі стан яскрава абмалёўвае Чэслаў Мілаш: «Сяляне ў доўгіх кажухах, якія прывозілі на рынак плады свае гаспадаркі, гаварылі на мове, якую найчасцей нялёгка было б вызначыць як польскую ці беларускую. На роспач іх больш свядомых братоў, яны не разумелі (відавочна за выключэннем літоўцаў, рэзка адгароджаных ад славян), што значыць нацыянальнасць, і калі пра яе ў іх пыталіся, яны звычайна адказвалі: „праваслаўны" або „каталік"» 14. Пытанне нацыяналь нае свядомасці беларусаў закранае і Марыя Чапская ў сваіх успамінах пра Меншчыну. Пра канторшчыкаў і слуг маёнтка ў Станькаве ў сувязі з урокамі, якія даваліся іх дзецям, яна піша: «Бацькі нашых вучняў вельмі дбалі пра польскую мову, хоць між сабою гаварылі па-беларуску і не мелі выразнае нацыянальнае свядомасці: на пытанне, ці палякі яны, адказвалі, што яны „тутэйшыя", усведамлялі сваю адметнасць, але каталіцтва і польскасць былі „панскія", і гэта іх вабіла. „Нашае мовы нам вучыцца не трэба — мы ж яе ведаем!" — тлумачылі яны»15.

Міхал К. Паўлікоўскі бачыць у замаруджанасці развіцця беларускага грамадства парадаксальную проціатруту ад паслядоўных метадаў русіфікацыі, якія ўжываліся царскімі ўладамі: «У вясковых школах вучылі толькі па-расейску. Беларуская мова, у літаратуры на якой тады (канец XIX — пачатак XX ст. — Ю. В.) толькі прарэзваліся зубкі, пераследавалася нароўні з польскаю. (…) Аднак, на шчасце для беларускага фальклору і мовы, працэс русіфікацыі ішоў вельмі павольна. Хлопец, які сканчаў вясковую школу (калі ўвогуле ў яе трапляў) і дзяцюк, які вяртаўся з войска, як правіла, вярталіся да ранейшае непісьменнасці і праз некалькі гадоў зноў паглыналіся беларускім асяроддзем. (…) Гісторыкі маглі б адзначыць цікавы парадокс: пачуццё нацыянальнае адметнасці ў цяперашніх беларусаў шмат чым абавязана цемнаце сялянскіх масаў часоў царскага панавання» 16. Адзначаюцца і паланізацыйныя працэсы, якія ад вякоў адбываліся ў беларускім грамадстве: «На працягу вякоў польскага лідэрства на Літве і Беларусі, — піша Марыя Чапская, — эліта народа, з вялікай для гэтага народа шкодай, польшчылася і адыходзіла ад сваёй глебы <…> паступова яна ўлучалася ў прыбылы польскі элемент, прымаючы мову, звычай і вызнанне каланізатараў, узбагачаючы сваімі адметнымі вартасцямі, сілай і ваяўнічасцю польскі элемент, замест таго каб тварыць эліту свайго народa»17.

Энцыклапедыяй зямянскага жыцця на Палессі і Меншчыне на мяжы XIX—XX ст. можна назваць успаміны, змешчаныя ў кніжцы Антоні Кяневіча «Над Прыпяццю даўным-даўно…»18. Гэтыя ўспаміны багатыя на падрабязнасці і адступленні, а ўключаныя ў іх апісанні мясцовасцяў, мястэчак і двароў — неацэнная гістарычная крыніца пра тыя часы. А. Кяневіч пісаў пра сваю малую айчыну і землі сваіх продкаў гэтак: «Хто ў тым краі нарадзіўся, той адчуваў сябе там заўжды шчаслівым, а кожны прыезджы заўсёды дзівіўся яму, пакідаў яго са смуткам і з найвялікшай радасцю вяртаўся да яго. <…> Сталы жыхар не можа не любіць Палесся, заўсёды чуецца шчаслівым…» 19.

Асобнае месца сярод разгледжаных намі кніжак займае мемуарны аповeд Францішка Віславуха, грунтаваны на асабістых уражаннях і ўласным досведзе 20. У ім аўтар звярнуўся да тэмы, якая складае любоў ягонага жыцця — да Палесся. У сваіх аўтабіяграфічных апавяданнях ён апісвае маляўнічыя вобразы гэтага рэгіёну і ягоных жыхароў з міжваеннага перыяду, рысы іх характару, побыт і звычаі. Асноўнымі рысамі палешукоў аўтар называе асцярожнасць, да якое змушае навакольная прырода, звязаны з ёю недавер і нелюбоў да зменаў, а таксама схільнасць замыкацца ў сабе. Шматвекавая барацьба за існаванне сярод пушчаў і дрыгвы выпрацавала ў гэтых людзей такія рысы характару, як кемлівасць, самадастатковасць, адвага. Трапнасцю вызначаюцца назіранні і апісанні Ф. Віславуха, якія тычацца земляробства на Палессі, стаўлення насельніцтва да ўладаў і чужых людзей, адносінаў да прыроды. У кніжцы «На сцежках Палесся» аўтар напісаў словы, якія могуць служыць дэвізам для тых, хто апісвае краіны і народы: «Трэба захапляцца гэтымі людзьмі і шанаваць іх. Трэба старацца і зразумець іх. Гэта не лёгкая рэч»21.

СНОСКІ:

1 Zoltowska J. Inni czasy inni ludzie. Londyn 1959. s. 83.
2 Lednicki W. Pamietniki. T. 1. Londyn, 1963. S. 24—25.
3 Pawlikowski M. K. Minszczyzna, Pamietnik Wilenski, Polska Fundacja Kulturalna. Londyn, 1972. S. 301.
4 Тамсама, с. 398.
5 Kowalska J. Moje uniwersytety. Londyn, 1971, S. 230. Перыяду акупацыі тычацца таксама партызанскія дзённікі Фанны Саломян–Лоц (Fanna Solomian–Loc, Getto i gwiazdy. Czytelnik, Warszawa, 1993). Знаходзячыся ў савецкім партызанскім аддзеле на беларускім Палессі, аўтарка назірае поўнае супярэчнасцяў і жорсткасці жыццё ў лесе. Яе бесстаронны аповeд разыходзіцца з ідылічнымі вобразамі справядлівых партызанаў–ідэалістаў, «беларускіх народных мсціўцаў», якія ствараліся савецкаю прапагандай.
6 Czeslawa Milosza autoportret przekorny. (Rozmowy przeprowadzil Aleksander Fiut), Krakow, 1988. S. 100; Milosz Cz., Rodzinna Europa. Warszawa, 1990. S. 61.
7 Czeslawa Milosza autoportret…, op. cit., s. 259, 275. Падобную думку Мілаш выказваў у «Kontynentach» (Paryz, 1958): «…што да беларусаў, пара іх гімназіяў, якія адміністрацыя ўвесь час зачыняла і пераследавала, выпускала змагароў, якія заглядаліся на Менск як на адзіны асяродак, дзе іх мова была прызнаная „мовай культуры“» (с. 262).
8 Strumillo–Milosz G., Znad Switezi w glab tajgi. Olsztyn, 1990. S. 23. Прычыны і паходжанне гэтае з’явы ілюструе Ежы Кірхмайер, спасылаючыся на ўласны жыццёвы вопыт: «Трэба было шукаць паразумення з літоўцамі, беларусамі, украінцамі (…), аднак пасяленне на Віленшчыне дзякуючы толькі хвіліннай збройнай перавазе я лічыў у найлепшым разе часовым. (…) Мы сутаргава трымаліся за нерэальнае землеўладальніцтва, якое аслабляла нас ад году да году. Доказам гэтага няхай будзе хоць бы варожае стаўленне да нас часткі беларускага насельніцтва ў верасні 1939 году ў супастаўленні з тым фактам, што, маючы сталыя дачыненні з беларускім рэкрутам пад час маёй службы ў Вільні, г. зн. у першае дзесяцігоддзе незалежнае Польшчы, я не заўважыў у яго нават найменшых прыкмет такое варожасці, а адзначаў пераважна толькі пасіўнасць, а ў шмат якіх выпадках вельмі багата добрай волі і зычлівасці». (Kirchmayer J., Pamietniki. Warszawa, 1962. S. 169).
9 Czeslawa Milosza autoportret…, op. cit., s. 286.
10 Milosz Cz., Ziemia Ulro. Paryz, 1980. S. 208. Гэтыя страхі былі тым больш абгрунтаваныя, што не сцерлася яшчэ памяць пра рэвалюцыйныя пагромы 1917—1918 г. Узрушальнае апісанне рабунку і знішчэння сямейнага гнязда Кяневічаў — Дзерашэвіч — прыводзіць у сваіх успамінах Антоні Кяневіч, адначасова дзівячыся і жахаючыся: «разгром учынілі не чужыя стыхіі, не бадзяжная салдатня, а людзі з найбліжэйшае вёскі Галубіцы. Людзі, з якімі мае дзяды, потым бацькі, а потым мы абое жылі ў найвялікшай згодзе. Людзі з вёскі, у якой мы ведалі па імені не толькі кожнага гаспадара, але і яго жонку і дзяцей. (…) І гэтая найбліжэйшая, свая вёска магла ўчыніць такую жахлівую рэч!» (Kieniewicz A., Nad Prypecia dawno temu… Wspomnienia zamierzchlej przeszlosci. Przygotowal do druku Stefan Kieniewicz. Zaklad Narodowy im. Ossolinskich. Wroclaw — Warszawa — Krakow i in., 1989).
11 Milosz Cz., Rodzinna Europa, op. cit., s. 62.
12 Czeslawa Milosza autoportret…, op. cit., s. 269.
13 Milosz Cz., Zniewolony umysl. Paryz, 1953. S. 223.
14 Milosz Cz., Rodzinna Europa, op. cit., s. 62. У іншым месцы Мілаш успамінае: «…калі ў сялян з ваколіц Вільні пыталіся пра нацыянальнасць, яны казалі: „Тутэйшыя“». (Czeslawa Milosza autoportret…, op. cit., s. 268). Яніна Жултоўская з Путкамэраў, апісваючы Віленшчыну і Наваградчыну канца XIX ст., успамінае: «У тыя часы просты чалавек, у якога пыталіся, хто ён, нясмела адказваў: „я каталік“, і гэта значыла, што ён колькі разоў бываў у касцёле, сяк–так умеў чытаць, маліўся з польскае кніжкі альбо спяваў польскія песні» (J. Zoltowska, op. cit., s. 83).
15 Czapska M., Europa w rodzinie. Warszawa 1989. S. 157. Гэтая кніжка (першае выданне — Une famille d’Europe centrale. Paris, 1972) — адначасова сямейная хроніка і мемуары, якія апісваюць гісторыю гэтай арыстакратычнае сям’і. Ахоплівае перыяд ад паловы XVIII ст. да першае сусветнае вайны.
16 Pawlikowski M. K., op. cit., S. 294.
17 Czapska M., Czas odmieniony. Paryz, 1978. S.42—43. Пра глыбокую спольшчанасць часткі беларускага насельніцтва піша і Вацлаў Лядніцкі (Lednicki W., op. cit., s. 24—25).
18 Гл. заўв. 10.
19 Kieniewicz A., op. cit., s. 204.
20 Wyslouch F., Na sciezkach Polesia. Londyn 1976; Echa Polesia. Londyn, 1979.
21 op. cit., s. 47.

РАБОТА ДОБАВЛЕНА В КОЛЛЕКЦИЮ: 13 СЕНТЯБРЯ 2001

Поиск по белорусским рефератам

Флаг Беларуси Поиск по крупнейшим коллекциям Беларуси: LIBRARY.BY, STUDENT.BY, BIBLIOTEKA.BY и прочие


Комментарии к работе:

Другой популярный контент:



 

МИНСКАЯ КОЛЛЕКЦИЯ РЕФЕРАТОВ ™ 1999-2011
Телефонная "горячая линия": +375 (29) 7777-***
Для жителей других стран: WWW.STUDENT.BY
Мы работаем с 10:00 до 20:00
 

HIT.BY на Youtube

Официальный канал на Ютуби проекта HIT.BY

Здесь собраны ТОЛЬКО видео хиты из Минска, Гомеля, Могилева, Бреста, Гродно и Витебска!

Ежедневные топ-видео из Беларуси

Любовь по-белорусски!

Проект KAHANNE.COM! Быстрые знакомства в Минске, Гомеле, Бресте, Могилеве, Витебске, Гродно! Только реальные люди. Мобильная версия. Около 112.000 анкет белорусов.

KAHANNE.COM

Что происходит? Скандалы и расследования


Минская коллекция рефератов (old version) - дочерний проект при библиотеки LIBRARY.BY, бесплатная и постоянно пополняемая пользователями коллекция белорусских рефератов, белорусских дипломных работ, белорусских курсовых работ, белорусских контрольных, белорусских докладов и белорусских эссе. Работает с 1999 года.