Пасадзіў не адно дрэва, напісаў не адну кнігу…

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Пасадзіў не адно дрэва, напісаў не адну кнігу…. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2018-01-10

 

 

Пасадзіў не адно дрэва, напісаў не адну кнігу…

 

У кожнага чалавека свой, непаўторны лёс, які наканавана прайсці менавіта яму. Галоўнае — жыць так, каб пакінуць аб сябе добрую памяць, каб людзі ўспаміналі добрым словам. Прыкладам для ўсіх нас з’яўляецца жыццёвы шлях ветэрана педагагічнай працы Анатоля Станіслававіча Кашэвіча з вёскі Чырвонабярэжжа. Сёння ў нашага земляка свята: ён адзначае юбілей. Анатоль Кашэвіч за восем дзясяткаў гадоў зрабіў тое, што патрэбна ў жыцці кожнаму: пабудаваў дабротны дом, выхаваў з жонкай, Ганнай Пятроўнай, траіх дзяцей, якія падарылі шасцёра ўнукаў, пасадзіў не адно дрэва, напісаў не адну кнігу…

Нарадзіўся Анатоль Станіслававіч Кашэвіч 28 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна. Да вайны яго бацька, Станіслаў Людвігавіч, працаваў у калгасе кавалём, а маці, Людміла Мікалаеўна, — пры школьнай гаспадарцы. Мірнае жыццё скасавала Вялікая Айчынная вайна. Бацьку адразу прызвалі на фронт. Ён прайшоў амаль усю вайну, але дадому не вярнуўся: загінуў у сорак чацвёртым годзе. Маці разам са сваім бацькам, дзедам Міколікам, як маглі, выратоўвалі чатырох маленькіх дзяцей, але гадавалая сястрычка ўсё ж памерла, не здолела перанесці хваробу і цяжар ваеннага ліхалецця. Хаваючыся ад фашыстаў, даводзілася жыць у лясных куранях, спазнаць і голад, і холад, і здзекі, — хапіла ўсяго…

Анатоль Станіслававіч расказвае: «У снежні сорак першага немцы спалілі нашу вёску. Мы жылі ў лесе, у куранях, наспех збудаваных з жэрдак і сасновых ялінак. Мала хто з нас, дзяцей, ведаў пах хлеба. Калі ў каго-небудзь быў нейкі запас жыта, збожжа перамолвалі ў самаробных прыстасаваннях, а крупяную муку варылі. Атрымлівалася для таго часу вельмі смачная зацірка. Прыгатаваная такім чынам страва была проста дэлікатэсам. Тады людзі адзін з другім дзяліліся апошнім, таму так трымаліся, выжывалі. Трохі лягчэй было летам, калі ў лесе з’яўляліся ягады, грыбы. А вось ад хлеба мы, дзеці вайны, зусім адвыклі, забылі яго смак. Першы кавалак хлеба я ўбачыў вясной сорак трэцяга, калі мы з лесу перабраліся жыць у вёску, пабудаваўшы зямлянкі. Жылі ў іх па дзве-тры сямі. Вясной мы, малыя, вылезлі з зямлянак на сонца. На вуліцы ўбачылі немцаў, якія абедалі. Забыўшы аб небяспецы, мы падыйшлі да салдат бліжэй, і тады адзін з іх кінуў у наш бок хлебныя скарынкі. Мы наляцелі на кавалкі хлеба. Кожны стараўся ўхапіць хоць адзін. Немцы смяяліся, крычалі і нават стралялі з аўтамата. Кавалак хлеба апынуўся ў маёй руцэ. Пясок, які сыпануў нам у вочы ад куль аўтамата, рэзаў. Але я бег, нюхаў хлеб, не звяртаў ні на што ўвагі. У зямлянцы сваю здабычу падзяліў пароўну. І гэтыя кавалачкі хлеба не столькі елі, колькі нюхалі…».

Пасля гэтай вайны, жорсткай, бесчалавечнай, жыццё працягвалася. Анатоль скончыў мясцовую сямігодку, далей — Асавецкую сярэднюю школу.

Потым чатыры гады праслужыў на караблях Чарнаморскага флоту радыётэлеграфістам. Вельмі запала ў душу юнака прыгажосць марскіх краявідаў, але ўсё ж для Анатоля прыгажэйшымі за родныя мясціны яны не сталі. Вабіла душу свая, далёкая старонка, — там засталося яго сэрца.

А тут, на караблі, зявіліся новыя сябры, якіх зяднала няпростая, але такая адказная служба. Акрамя іх, быў у Анатоля яшчэ адзін сябра — гімалайскі мішка, які жыў у іх на караблі. Юнаку вельмі даспадобы быў гэты вялізны, але такі кемлівы і лагодны звер. Ён нават напісаў пра яго верш, які потым з’явіўся разам з фотаздымкам у Севастопальскай ваенна-марской газеце.

Заўсёды вабіла Анатоля Кашэвіча прафесія настаўніка, таму пасля службы ён паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, які паспяхова скончыў. Працаваў настаўнікам Слабадской васьмігодкі, потым — дырэктарам Данілевіцкай школы, больш за 20 гадоў узначальваў калектыў Чырвонабярэжскай школы. Анатоль Кашэвіч прысвяціў педагагічнай дзейнасці больш за сорак гадоў свайго жыцця, большую палову з іх быў дырэктарам школы. Плённая праца Анатоля Станіслававіча адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Педагогу прысвоена ганаровае званне «Выдатнік адукацыі СССР», «Выдатнік адукацыі БССР».

Літаратурнай дзейнасцю Анатоль Кашэвіч пачаў займацца яшчэ ў школьныя гады: пісаў невялічкія замалёўкі, вершы, нататкі ў Петрыкаўскую раённую газету, потым друкаваўся і ў Севастопальскай ваенна-марской газеце «Агні маяка».

Больш рупліва аддаўся літаратурнай творчасці, калі ў пачатку шасцідзесятых працаваў настаўнікам у вёсцы Іванава Слабада. На старонках раённай газеты «Светлае жыццё» пачалі друкавацца яго апавяданні, нарысы, разнастайныя замалёўкі. Яго больш сталыя творы друкаваліся ў рэспубліканскіх літаратурных газетах, калі пасля Іванавай Слабады ён працаваў ужо дырэктарам Данілевіцкай васьмігодкі.

У 2011 годзе асобнай кнігай выйшла з друку яго дакументальная аповесць «На куранях», прысвечаная ўспамінам пра жудасную мінулую вайну: аўтар адлюстраваў тое, што ўрэзалася ў яго дзіцячую памяць.

У 2012 годзе была надрукавана яго дакументальная аповесць «Прызванне — ратаўнік», дзе аўтар апавядае аб выпадках, калі ўдалося яму вярнуць да жыцця тых, хто ледзь не стаў ахвярай воднай стыхіі. Анатоль Кашэвіч выратаваў больш за дзесяць чалавек. Яму Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР ад 2 ліпеня 1987 года ўручана медаль «За выратаванне ўтапаючых». Але даражэй за ўзнагароды — сардэчная ўдзячнасць людзей свайму выратавальніку, гэтаму мужнаму чалавеку, які падараваў ім другое жыццё. І па цяперашні час яны тэлефануюць, пішуць Анатолю Станіслававічу, бо няма нічога даражэй неабыякавасці да лёсу іншых. Гэтая аповесць вучыць ніколі не праходзіць міма чужога гора, бяды, заўсёды дапамагаць людзям у цяжкую хвіліну. А добрае заўсёды адгукнецца дабрынёй. Такі закон жыцця.

Пазней былі напісаны аповесці «Выбух снарада», «Дзед Міколік», «Залатое вяселле». У 2013 годзе выйшла з друку аповесць аўтабіяграфічнага характару «Прыліў памяці», у якой Анатоль Кашэвіч расказаў аб жыцці сваіх і жонкіных продкаў, аб сумесным іх жыцці больш як за паўстагоддзя, аб сваіх дзецях і ўнуках, спадзяючыся, што ў будучым гісторыю рода прадоўжаць яны, не забываючы ні на хвіліну таго, як трэба берагчы і шанаваць памяць продкаў. Тым больш, што гісторыя рода пачынаецца з генеалагічнага сямейнага дрэва жыцця аж сёмага пакалення продкаў, кніга ілюстравана шматлікімі фотаздымкамі, таму яе можна лічыць сямейнай рэліквіяй.

У 2015 годзе надрукавана кніга «Новенькая», у якой пісьменнік расказаў пра жыццё жыхароў аддаленай ад райцэнтра вёскі Данілевічы, дзе ён быў тры гады дырэктарам васьмігодкі. Значную частку аповесці аўтар адводзіць замалёўцы хараства прыроды, якая агортвае ўсё наваколле гэтай палескай вёскі, ён апісвае прыгажыя мясціны вакол славутага Цар-дуба, які часта дастае сваім верхавым галлём нізкія шэрыя хмары…

У 2016 годзе з’явілася яго чарговая дакументальная аповесць «Смалакурня», дзе аўтар, спасылаючыся на ўспаміны старажылаў вёскі, якія ён занатаваў яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя, на шэраг архіўных дакументаў, расказаў аб жыцці прыўбарцкіх палешукоў у мінулым — аб тым, як да пачатку ХХ стагоддзя праз Убарць хадзіў паром, як займаліся палешукі сплавам лесу па Убарці да Петрыкава, як працавала ў вёсцы смалакурня пана Ермаловіча і многім іншым. Расказаў і аб тым, што на месцы, дзе была смалакурня пана, пабудаваў ён свой дом, у якім пражывае і цяпер. Шкада, што гэтая кніга маецца ўсяго ў нязначнай колькасці экзэмпляраў і не кожны з чытачоў зможа даведацца пра жыццё продкаў, якія насялялі абшырныя прасторы нашага Палесся.

Многія чытачы ўдзячны Анатолю Кашэвічу, што ў сваёй кнізе «Смалакурня» ён адкрыў дзівосны свет жыцця далёкага мінулага, пра якое яны мала што і ведалі, што ён так прыгожа апавядае пра чароўнае хараство прыроды нашага палескага краю. Бо прачытаць гэтую кнігу, перажыць разам з героямі розныя моманты іх жыцця, адчуць асалоду ад цудоўных замалёвак прыроды, гонар за свой родны край, такі прыгожы і лагодны, за сваю малую радзіму, вельмі патрэбна дзеля таго, каб уявіць, на якой зямлі ты жывеш. А менавіта так, з вялікай любоўю і пяшчотаю, адносіцца да свайго роднага куточка наш зямляк, пісьменнік Анатоль Кашэвіч.

Дажыць да такога саліднага ўзросту, заслужыць любоў і павагу людзей дадзена не кожнаму, а толькі тым, хто жыве сумленна, прыстойна, з Богам у душы — так, як Анатоль Станіслававіч. Сіла характару Анатоля Кашэвіча ў яго трывалай маральнай аснове, цвёрдай прынцыповасці, справядлівасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Ва ўтульным двары Кашэвічаў, утапаючым у кветках і зеляніне, ёсць цудоўнае месца. Менавіта там, у цяньку пад дрэвамі, збярэцца разам уся вялікая і дружная сям’я, каб павіншаваць з 80-годдзем дарагога чалавека, старэйшыну свайго рода, на якім трымаюцца жыццёвыя асновы гэтай сям’і. Калектыў нашай рэдакцыі (са “Светлым жыццём” Анатоль Станіслававіч супрацоўнічае больш за 50 гадоў!) таксама далучаецца да ўсіх віншаванняў і жадае паважанаму юбіляру перш за ўсё моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, сямейнага шчасця і дабрабыту, творчага ўздыму і натхнення.

Святлана ЛІПСКАЯ.

 

 


Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Пасадзіў не адно дрэва, напісаў не адну кнігу…

© Анатолий Кашевич ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.