І гэта яшчэ не ўсё...

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему І гэта яшчэ не ўсё.... Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2012-02-11
Источник: http://portalus.ru

Таццяна ляжала на канапе і невідушчым позіркам глядзела ў столь. Ніякага толку: ні таблеткі не дапамагалі, ні ўколы, ні кропельніцы. Правая палавіна цела – нібы чужая. Тыдзень таму пляменніца забрала яе з бальніцы. А ўчора Таццяна паспрабавала выйсці і ўпала з ганка. Добра, што Вольга Лакуніха зайшла ды зацягла ў хату, лекамі напхала, а то, можа, і сканала б там, на радасць сваім непрыяцелям. А іх у Таццяны хапае. Нядобрыя людзі ў іхняй Нізкаўцы – зайздрослівыя, крывадушныя. Як здаровая была, дык ці не паўвёскі да яе бегала: хто грошай пазычыць, хто гарэлкі, хто адзежыну якую апрануць “у людзі”. А цяпер, як гора паваліла яе, дык толькі Вольга наведвае ды Варка Ціткова. А пляменніца, што клялася-бажылася яе даглядаць, нагі не накладае.
Няўжо прыйшоў яе час? Страшна! А нядаўна ж зусім, як Максіма, старэшага свайго, пахавала, сама сабе смерці прасіла. Вось, кажуць, для маці ўсе дзеці роўныя: “Які палец ні парэж – аднолькава баліць”. А ў яе да Максіма больш, чым да каго з сыноў, заўжды сэрца гарнулася.
Хлопцы яе быццам і неблагія раслі: не лайдакі, не хуліганы. А пажаніліся – “утапіліся”. Ніводнаму на жонку не пашанцавала. Пабраліся з лахудрамі ды няўдаліцамі. Праўда, хутка зразумелі, куды паўлазілі. Але ж не, каб за розум узяцца, піць пачалі ды глупствы чыніць. Васіль хоць не так даўся, як Міця. Ён, як з тою змяюкаю разводзіўся, дык кватэру размяняў. А Міця, дурань, голы-босы застаўся. Хай бы дзеці ў яго былі, а то ж хахалям Тамарчыным нажытае падараваў. А саму вёску да маці вярнуўся. Ну і намучылася ж з ім Таццяна! І пенсію адбіраў, і біў, і на вуліцу выганяў. Толькі на Максіма ў яе надзея была: ёсць каму дагледзець маці ў старасці. Яна ж яму і жанчыну добрую знайшла. А ён… Усіх гарэлка звяла.
Адна ў свеце. Хворая, бездапаможная. А паміраць не хочацца. А можа, адпусціць яе праклятая хвароба? Бога прасіць трэба, маліцца яму. Толькі і язык калодаю ў роце ляжыць, не слухаецца. Але маліцца і ў думках можна. “Ангел Хрыстоў, абаронца мой і заступнік душы і цела майго, даруй мне грахі сённяшняга дня і пазбаў мяне ад каварства ворага майго…”
Бразнула фортка. Мабыць, Варка ці Вольга. А можа, тая, усмешлівая, з сельсавета? У багадзельню Таццяну аддаць хочуць, у Дуянаўку. Не, тады ўжо лепш памерці!
– Дзень добры, Таццяна Міхайлаўна!
Таццяна ўзняла галаву і не паверыла сваім вачам: Алёна?! Ці не мроіцца?
– Гэта я! – прамовіла Алёна (так, Алёна!) і паставіла побач з канапаю напакаваную сумку. – Прыйшла вось адведаць. Не чакалі?
“Што табе трэба? Ідзі адсюль!” – хацела крыкнуць Таццяна, але з вуснаў яе зляталі толькі асобныя гукі:
– Шт… тб… тб… ддз-і!
– Ды мы, здаецца, спужаліся! Няўжо я такая страшная? Я ж проста пагаварыць хачу са сваёй дарагой свякрухаю, хоць і былой. Нам жа ёсць пра што пагаварыць, ці не праўда?
Яна вышмаргнула з-пад стала табурэтку і пачала даставаць з сумкі пакункі і слоікі. За акном пачуліся крокі, мільганула белая ў пунсовыя кветкі “гаруска”, і ў хату зайшла Ціткова Варка.
– Вой, гэта ты, Алёна?! – прытворна здзівілася яна (ну, бачыла ж, як Алёна заходзіла ў Таццянін двор, таму і прылапацела!). – От, малайчына! Як кажуць, хто старое памяне… Цяпер і табе, Таццяна, весялей будзе, і нам з Вольгаю клопату паменее.
– Так, я цяпер штодня наведваца буду, – сказала Алёна.
Таццяна заенчыла і памкнулася ўстаць.
– Ты чаго? – занепакоілася Верка. – Табе баліць? Таблетку даць?
– Не, – пахітала галавою Алёна, – ёй, відаць, ну… па патрэбе. Так, мама?
– Н-ны! – выціснула з сябе Таццяна, спапяляючы Алёну позіркам пачырванелых вачэй. – Д-дзі!
Алёна паціснула плячыма:
– Відаць, не хоча пры мне… Я ж першы раз тут. Вы, цётачка, дагледзьце яе, а я пазней зайду.
Яна нетаропкай хадою перайшла на другі бок вуліцы і схавалася ў малінніку ля закінутай хаты Мальцавых. Калі Варка сышла, Алёна зноў скіравалася да Таццянінага двара.

***
– Ой, бабанькі! – Варка Ціткова аж захлёбвалася словамі – спяшалася паведаміць незвычайную вестку кабетам, што купкаю стаялі ля магазіна ў чаканні “хлебнай” машыны. – То ж пайшла я Таццяну Мацюшыху адведаць, а там Алёна Мінчанка сядзіць. І смакоцця ёй рознага нанесла, і пітва!
– Ну і дурніца твая Алёна! – азвалася Моця Лобікава. – На яе месцы я гэтай нягодніцы і шклянкі вады не падала б!
Старая Мяфодзіха дакорліва пахітала галавою:
– Ты ж верніца, Моця! Біблію чытаеш. А ў Бібліі што напісана? “Любіце ворагаў сваіх”. А Таццяна ж Святланцы Алёнінай як-ніяк бабуля родная!
– Ото ж яно і ёсць! – з’едліва ўсміхнулася Моця. – Як памрэ Таццяна, дык Святланцы ўсё застанецца. А там і хата добрая, і грошыкі ёсць. Таццяна ж усё жыццё самагонкаю гандлявала. І мак мяхамі ў Гомель вазіла. А калі Таццяна возьме ды чужому каму маёмасць адпіша? Вось пра што падумала Алёна. Таму і прыйшла.
– Ды як тая Таццяна адпіша? – запярэчыла Варка. – Яе ж спаралізавала. І мову адняло. Так, мармыча нешта, а разабраць цяжка. Проста Алёне, відаць, шкада старую стала. Жаласлівая яна, Алёна.

***

Напраўду Таццяна скалечыла Алёнін лёс. З-за яе, толькі з-за яе ўведала Алёна, што такое нянавісць. Адчайная і пякучая ад неспатоленай прагі помсты, нянавісць тая піяўкаю прысмакталася да Алёнінага сэрца і азмрочвала самыя радасныя хвіліны жыцця. Толькі тады, калі ў старой Таццяны здаралася якая-небудзь бяда, Алёна ажывала: святлела тварам, усміхалася і ад усёй душы жадала, каб гэтая бяда прывяла за сабой другую, яшчэ большую. Здавалася, нейкая чорная сіла падслухоўвала Алёніны думкі і старанна, нават празмерна старанна выконвала тыя пажаданні. Спачатку ад старой (у тыя гады!) сышоў да другой жанчыны муж, потым адзін за адным памерлі тры сыны. Апошні з трох, Максім – муж і бацька Алёнінай Святланкі.
Алёна ўзіралася ў нядаўна ружовашчокі, а цяпер змарнелы, бледны Таццянін твар і не знаходзіла ў душы ні літасці, ні спагады. Прага помсты жыла ў ёй. І да наталення той прагі цяпер не было ніякіх перашкод!
– Ну, што, “мамачка”? – пачала яна. – Салодка табе цяпер? А як ты думала: дарма табе ўсе твае паскудствы пройдуць? Не, даражэнькая, жыццё кожнаму аддае па заслугах! Ты не крывіся, ты слухай. Памятаеш, як ты брыдоту розную пра мяне выдумляла, калі мы з Максімам сустракацца пачалі? Добра было мне такое слухаць? Ты ж у палюбоўнікі мне нават Колю Тарасава прыпісала. Брата майго стрыечнага! Гэта ж якой гадаўкаю трэба быць, каб да такога дадумацца! Колькі я слёз праліла з-за языка твайго паганага! Паспрабуй цяпер што-небудзь сплявузгаць! А-а-а, не можаш? А раней адно дзяўбла: “Касцьмі лягу, а разлучу!” Тады ў цябе не атрымалася. Можа, у першы і апошні раз Максім пайшоў супроць тваёй волі. На вяселле ніхто з вашых не прыйшоў. Крыўдна было, але ж я спадзявалася, што з часам наладзіцца ўсё. Мы ж з Максімам кахалі адно аднаго. Не магла ж ты сыну роднаму зла жадаць! Толькі дарэмна я спадзявалася. Нават калі Святланка нарадзілася, ты парог наш не пераступіла. Мала таго, Максіму юдзіць пачала, што Святланка як дзве кроплі вады на Віталя-заатэхніка падобная.
Таццяна на ложку застагнала і заплюшчыла вочы.
– Што, не падабаецца? – працягвала Алёна. – Цярпі. Гэта яшчэ не ўсё, далёка не ўсё!Мне цяпер на працу ісці трэба. Але не радуйся. Да хуткай сустрэчы!
Назаўтра Алёна прыйшла да Таццяны з самай раніцы. На ганку яна сутыкнулася з Лапуновай Вольгаю. “Ну, вось, учора адна прывалаклася, сёння другая, – адказваючы на прывітанне, незадаволена падумала Алёна. – Яшчэ здагадаюцца, з чым я хаджу сюды”.
– Гэта ж, Алёначка, я малачка свежага Таццяне занесла ды прыбрала за ёю, – сказала Вольга. – Варка гаварыла, што Таццяна цябе саромеецца. А жывы ж чалавек, ды яшчэ і хворы, сама разумееш. Горачка, ды і ўсё.
Таццяна, абкладзеная з бакоў падушкамі, сядзела на канапе і трымала ў левай, здаровай руцэ, кубачак з малаком. Побач, на тумбачцы, засланай ручніком, стаяла талерка з аладкамі.
– Смачна есці! – выгукнула Алёна.
Таццяна здрыганулася і ўпусціла кубак. Малако вылілася на коўдру, у якую былі захутаны яе ногі.
– Ну, навошта ж так хвалявацца? – зрабіўшы заклапочаны выгляд, прамовіла Алёна. – Нервы трэба берагчы. Памятаеш, як ты людзей кляла з-за кожнай дробязі? “Сто гадоў табе жыць і сто гадоў ракам поўзаць!” А табе што гаварылі? “Кляні ды сабе бяры!” Вось ты і ўзяла. Васілёву сям’ю хто разбурыў? А Міцеву? Хто часцей дыхання ў Гомель поўзаў ды тыднямі там у іх сядзеў? Усе тры нявесткі ў цябе нягодныя былі, усе сыноў тваіх нявартыя. А ты ім вартых шукала. Дашукалася?
Алёна прайшлася па хаце.
– Не перажывай, сынок, выпі вось – лягчэй будзе, – перадражніла старую. – А потым сама не радая была, так? Толькі позна спахапілася. Ды цябе забіць мала! А што? Падушку на твар пакладу, а сама зверху сяду.
– Ы-ы-ы! – загаласіла Таццяна і скацілася на падлогу.
Алёна ўсцягнула Таццяну на канапу, лагодна прамовіла:
– Перастань! Я аб цябе рукі паскудзіць не буду. А заўтра прыйду. І паслязаўтра. Я да цябе да самай тваёй смерці хадзіць буду. А пакуль жыві!
Вечарам да Алёны прыбегла Варка Ціткова:
– Алёна, штосьці не тое са свякрухай тваёй робіцца. Зсім зблажэда. Ляжыць, стогне. А як пра цябе гаварыць пачнеш – галосіць, трымціць уся, рукою махае. І нічога з таго, што ты прыносіла, не есць. Не хоча яна, відаць, каб ты хадзіла.
Праз некалькі дзён Алёна пачула, што Таццяну адвезлі ў дом-інтэрнат для састарэлых і быццам Таццяна, радавалася, калі яе забіралі.
“Гэта яшчэ не ўсё… – суцешыла сябе Алёна. – І да Дуянаўкі аўтобусы ходзяць…”
__________

Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: І гэта яшчэ не ўсё...

© Кадетова Валентина () Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.