Сшытак у чорнай вокладцы

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Сшытак у чорнай вокладцы. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2012-02-11
Источник: http://portalus.ru

Сыты круглатвары месяц бесцырымонна зазірае ў маё акно, і мне здаецца, што я чую яго самазадаволена-насмешлівы голас: “ А вось і я! Падзівіся, які прыгажун: аніводнай шчарбіначкі! Поўня, спадарыня, зноў поўня!”
Ой, дарэмна ты цешышся, месячык ясны, калі думаеш, быццам я, падуладная тваім загадкавым чарам няшчасніца, буду па-ранейшаму бязмэтна сноўдацца па прыціхлай кватэры ці лічыць віртуальных вярблюдаў- -сланоў-авечак ды глытаць так званыя транквілізатары.
Я асцярожна падыходжу да дзвярэй спальні, з хвіліну прыслухоўваюся, потым зазіраю ў суседні пакой, які мы з мужам усё яшчэ называем дзіцячым, хоць “ дзіцяці” нашаму ( рост -187, вага – 90) нядаўна пайшоў семнаццаты гадок.
Заснулі. Абое: і муж, і сын. Ну, цяпер я вольная рабіць што заўгодна, нават спяваць і танцаваць, бо сон у маіх хлопцаў – дай Бог кожнаму. Не ведаю, ці адразу б іх разбудзіў гарматны стрэл, але калі аднойчы ў падвале нашага дома сярод ночы ўзнік пажар і ўсе насельнікі кінуліся яго тушыць, я ці не з паўгадзіны бегала ад сына да мужа, пакуль яны нарэшце мелі ласку прачнуцца. Баялася ўжо, што давядзецца людзей клікаць, каб дапамаглі не маёмасць, а хаця б “ спуноў” маіх на вуліцу павыносіць: кватэра ж наша якраз над тым самым падвалам.
На кухні я падбадзёраваю сябе кубачкам моцнай да гаркаты кавы, вяртаюся ў залу, запальваю лямпу пад старамодным жоўтым, у ярка-чырвоныя кветкі абажурам, уладкоўваюся за сталом і на імгненне заміраю ў прадчуванні вострай, амаль фізічнай асалоды, з якой зараз парушу некранутую чысціню старонкі першым, у пакутах народжаным і трапятліва выпеставаным радком.
Рука мая імкліва бяжыць па белай глянцавай паперы: толькі б паспець, толькі б не даць капрызлівай думцы слізгануць назад, у сутонне свядомасці, перш чым хаця б цьмяны яе адбітак (“мысль изречённая есть ложь“!) увасобіцца ў даступную зрокаваму ўспрыманню форму, імя якой – Слова! Можа, мне пашанцуе, і я нарэшце адолею гэтую “ліхую бяду” бадай што любой справы – яе пачатак?
Не, рука паступова запавольвае свой рух, прыпыняецца і вось ужо распластаная, нібы падбітая птушка, бездапаможна ляжыць на стале. Не тое! Зноў не тое! Кінуць усё, адступіцца? Я адсоўваю ў бок свой няўдалы рукапіс, застаю з палічкі тоўсты сшытак у чорнай шорсткай вокладцы – маўклівы мне дакор – і мо ў соты раз перагортваю яго.
“ Я амаль згубіў надзею, што калі–небудзь даведаюся, хто я, дзе мая радзіма і якое маё сапраўднае прозвішча ( не магло ж быць сапраўдным прозвішча Пяцігодкін) ? Невыразна, як у сне, я памятаў, што ў мяне былі маці, бацька, два браты.
Вось бацька ўзнімае мяне на руках так высока, што я дастаю галавою да столі. Потым ён моцна абдымае мяне, а я вырываюся, бо вельмі ж колюць мне шыю і шчокі яго цёмныя вусы. Твар маці бачыцца размытай светлай плямаю.Успамінаецца толькі сіняя, у белыя кветачкі кофта і бліскучыя паўмесяцы завушніц. Яшчэ я памятаў, што каля нашага дома раслі чатыры бярозы, а паміж імі стаяла лаўка са спінкаю. Дзе падзеліся мае бацькі і браты, чаму я апынуўся ў дзіцячым доме я не ведаў і , відаць, ніколі не ўведаў бы, калі б не тая сустрэча ў цягніку і калі б я не быў “ ну, як дзве кроплі вады” падобны на свайго бацьку.
Васіль Шамехін – так зваўся мой выпадковы спадарожнік і, як высветлілася, аднавясковец і нават колішні наш сусед – расказаў мне “ усё як было” і запрасіў да сябе ў госці.
Прыехаў у Андрэеўку я недзе праз год. У дарогу мяне паклікала не толькі і не столькі жаданне ўбачыць куточак зямлі, дзе выпала мне нарадзіцца. Я хацеў адпомсціць тым дваім, з-за каго страціў самае дарагое ў жыцці – сваіх родных. Гэта яны, Міхась Мінчанка і Цімох Задора, напісалі паклёпніцкі данос на нашу сям’ю ...
Але я спазніўся: адзін з маіх ворагаў памёр з паўгода таму, другі, - за некалькі дзён да майго прыезду. Такім чынам, мне не было чаго рабіць у Андрэеўцы. Гасцяваць ні ў Васіля Шамехіна, ні ў сваіх родзічаў, якіх я ўпершыню ў жыцці ўбачыў, мне было неяк няёмка.Трэба было вяртацца назад, у Магнітагорск.
Разам са мною пачаў збірацца і сын Васіля Шамехіна – Мікола: “Хоць крыху там у вас на шахтах, грошай падзараблю”.
А перад самым маім ад’ездам у хату да Шамехіных зайшла тоненькая, як пруток, светлавалосая і сінявокая дзяўчына. Гэта была Каця...”
... Колькі ж часу прайшло з таго дня, як мой тата, зусім не стары яшчэ, але знясілены хваробай з нязвыклай для тутэйшага вуха назваю “сілікоз”, у прадчуванні хуткага свайго скону сказаў мне: “ Вазьмі, дачушка, гэты сшытак. Сам не ведаю навошта, а вось пісаў. Не мог не пісаць: нібы нейкая патаемная сіла мяне штурхала. Тут і пра маё жыццё, і пра Андрээеўку нашу, пра яе людзей. Можа, табе ці дзецям тваім пачытаць будзе цікава. А можа, калі – небудзь кніжку рабіць будзеш, дык і маю пісаніну скарыстаеш. Я сам думаў пра кніжку, але не атрымалася: ці то адукацыі не хапіла, ці то здольнасцяў .
А ў цябе яны ёсць: вунь якія вершы ды апавяданні пішаш!”
Тады я і сама лічыла, што пішу “вунь як”: нездарма ж ў раённай газеце друкуюся! Я хадзіла па вёсцы з задзёртым носам, і слова “пісацілька”, што кідалі мне ўслед хто паважліва, хто са з’едлівасцю, гучала для мяне, як музыка. Ну, канешне ж, я стану пісьменніцай! Толькі героямі маіх твораў будуць не звычайныя, затлумленыя дробязнымі паўсядзённымі клопатамі вяскоўцы, а цікавыя і прыгожыя людзі. Так што бацькавы запісы наўрад ці спатрэбяцца мне. Прачытаць сшытак, вядома, я прачытаю, але крыху пазней. А цяпер няма ніводнай вольнай хвіліны: трэба рыхтавацца да ўступных экзаменаў ва ўніверсітэт, ды і не ў наш, Гомельскі, а ў сталічны, бо што такое абласны горад у параўнанні з Мінскам? Праўда, і ў Гомелі ёсць на што паглядзець. Адзін парк чаго варты! Такога, відаць, і ў Мінску няма: з мноствам рэдкіх парод дрэў, з белымі лебедзямі ў невялічкай затоцы, ён раскінуўся на высокім беразе Сожа. І парк, і прыгожыя будынкі- палацы ў ім некалі належалі спачатку графу Румянцаву, а потым князю Паскевічу. А насупраць парка, на плошчы – драмтэатр. І ўсё ж гэта не сталіца!
Словам, як ні адгаворвалі мяне дома ехаць “ у такую далячынь”, я цвёрда стаяла на сваім: толькі ў Мінск!
А праз тры месяцы я, сталічная студэнтка ўжо, атрымала тэлеграму:
“ Памёр бацька”.
Што можа параўнацца з першай у жыцці стратаю? Раней я нават уявіць сабе не магла, як гэта балюча – страціць блізкага чалавека. Хоць паміж намі ў апошнія гады зніклі знешнія праявы ўзаемнай прывязанасці, але ж тата быў бадай што адзіным чалавекам, які па- сапраўднаму разумеў і верыў у мяне. А я? Я яго разумела? Чым ён жыў, пра што думаў? Нічога я не ведала пра яго, апрача таго, што ён мой бацька, які заўжды быў штосьці нам павінен!
Ў дзяцінстве мы з братам слухалі прыдуманыя татам казкі пра Івана–палкоўніка, хлопчыка Небаяку, дзядка Баравіка.Усе героі яго казак былі дужымі, смелымі і добрымі, апрача хіба пачварнага Саракапуда–страхалюда з гумавым горлам. Але Саракапуда мы не баяліся, бо ў сваё гумавае горла ён пхаў толькі дрэнных і непаслухмяных дзяцей, а мы з братам, вядома ж, былі самыя лепшыя ў свеце.
Бацька вадзіў нас у лес, дзе мы ласаваліся ягадамі, духмянымі сакавітымі сцяблінамі “смалянак”, назіралі за нястомнымі мурашамі і смешнымі малюсенькімі казюркамі, запаміналі назвы раслін, дрэў, грыбоў, птушак і кожны раз “выпадкова” знаходзілі на ўскрайку лесу цуда-дрэва – альховы ці арэхавы куст, на якім раслі цукеркі ў яркіх абгортках. Бацька здзіўляўся разам з намі і дапамагаўм збіраць з “цуда-дрэва” незвычайныя плады. Ён вучыў нас чытаць і пісаць, а з кожнай сваёй паездкі прывозіў “ад зайчыка” кніжкі, шакаладкі і нават дэфіцытныя па тым часе апельсіны.
Недзе ў трэцім ці чацвёртым класе я прыйшла ў школу з шыкоўным чырвоным партфелем, і калі мая сяброўка Тамара, якая насіла падручнікі ў паркалёвай торбачцы, сказала: “ Добра, што ў цябе такі бацька”, я здзівілася: “Які такі? Бацька ды ўсё”. “Ага ж, вось каб ён напіўся гарэлкі, абмацюкаў вас ды павыганяў на вуліцу, дык ты б ведала”, – прамовіла Тамара, і вочы яе павільгатнелі. Я паспрабавала ўявіць сабе п’янага і “мацюжнага” майго тату і засмяялася. Тамара, відаць, падумала, што я смяюся з яе, бо раптам пакрыўдзілася: “Не задавайся! Мой бацька, як цвярозы бывае, таксама мяне шкадуе. І мянушка ў яго прыгожая – Ераплан. А твайго Манахам дражняць. Вось так табе!” За “манаха” я надавала Тамары добрых кухталёў, і мы на нейкі час перасталі сябраваць.
Ішлі гады, я падрастала і ўсё больш аддалялася ад бацькі. Мне ўжо непатрэбнымі сталі казкі нанач, верыць у цуда-дрэва і зайчыка я даўно перастала, ды бацька ўжо нікуды і не ездзіў, бо яму прызначылі пенсію па інваліднасці, і ён паціху корпаўся дома: рабіў цяпліцу, прышчапаў саджанцы, а па вечарах зрэдку нешта пісаў. Тады маці забараняла мне ўключаць тэлевізар і шэптам сварылася на мяне за тое, што я хаджу па хаце, “як танк”. У лес я цяпер бегала з сяброўкамі, а на бацькавы пытынні пра мае справы заўжды адказвала аднолькава коратка: “Усё нармальна”.
І вось яго не стала, а я нічога не ведаю пра яго... Я плакала, гартала альбом з сямейнымі фотаздымкамі, давала сабе клятву напісаць не адну, а многа-многа кніг і ўсе іх прысвяціць памяці дарагога мне чалавека.
Пра сшытак у чорнай вокладцы я чамусьці тады не ўспомніла.
У першыя гады свайго студэнцтва я і сапраўды шмат пісала: вершы, замалёўкі, апавяданні. Хадзіла на сустрэчы з пісьменнікамі, разносіла і рассылала свае творы па рэдакцыях. Вершы, усе без выключэння, мне вярталі з парадаю “чытаць класікаў” і пажаданнямі “творчых поспехаў”. Гэта вельмі засмучала мяне: няўжо я такая бяздарная? І толькі калі ў газетах адна за адною пачалі з’яўляцца мае замалёўкі, а два апавяданні надрукаваў вельмі сур’ёзны часопіс, я ажыла душою: значыць, магу! Значыць, буду пісьменніцай! Я ўжо ўяўляла, як я, знакамітая і паважаная, раздаю сваім чытачам аўтографы, як мяне пазнаюць на вуліцы... Але тут са мною здарылася тое, што Тургенеў назваў псіхічнай хваробаю: я пакахала. Так, гэта была хвароба, прычым, у мяне яна, відаць, працякала ў абвостранай форме – нічым іншым нельга растлумачыць імгненнае мае “перараджэнне”.
Мае інтарэсы, сувязі, планы на будучае зрабіліся нічым другасным, неістотным, а то і ўвогуле непатрэбным. Я перастала ездзіць дадому, не адказвала маці на яе лісты, амаль ніколі не ўспамінала пра бацьку. Цэнтрам Сусвету цяпер для мяне быў Ён, адзіны, непаўторны, амаль незямны. Кожную хвіліну быць побач з Ім, выконваць кожнае Яго жаданне, маліцца на Яго – вось найвялікшае шчасце ў свеце! Дзеля гэтага шчасця я гатовая была ахвяраваць усім, што нядаўна яшчэ лічыла сэнсам свайго жыцця. І ахвяравала. Спачатку вучобай. Праўда, універсітэт, хоць і завочна, хоць і з акадэмічнымі водпускамі, я ўсё ж неяк ухітрылася скончыць. Потым службовай кар’ераю, (з універсітэцкім дыпломам я працую лабаранткай у школе), грамадскімі і нават грамадзянскімі абавязкамі. Што ж да творчасці, то “тварыла” я цяпер толькі на кухні і і аж расцвітала, калі бачыла , што Яму даспадобы быў мой чарговы “твор” у выглядзе якіх-небудзь варэнікаў, салаты ці рагу. Я мыла, прыбірала, прасавала з пачуццем вялікай важнасці сваёй працы: усё ж для Яго! Калі ў нас нарадзіўся сын, клопатаў прыбавілася. Толькі гэта былі радасныя клопаты!
Так прайшло больш за дзесяць гадоў. Але нішто не доўжыцца бясконца. Не, не падумайце, што я зараз пачну адвечнае жаночае ныццё пра “іхнюю няўдзячнасць”, загубленную маладосць і ўспомню якога-небудзь паўміфічнага Пецю ці Мішу ды буду шкадаваць, што абрала не яго.
Маё сямейнае жыццё склалася належным чынам. У мяне цвярозы, клапатлівы муж, неблагі сын, добрая кватэра і не зусім абрыдлая праца. Проста неяк непрыкметна ува мне чамусьці пачало прачынацца неакрэсленае, хісткае пачуццё ўнутранага дыскамфорту, уласнай непаўнацэннасці. Я стала дрэнна спаць не толькі ў поўню, а нават у самыя цёмныя і спакойныя ночы.
У адну з такіх начэй я падышла да люстэрка. З яго разгублена зірнула на мяне далёка не юная асоба з тварам хатняй гаспадыні. Мне зрабілася прыкра, балюча і... сорамна. Ногі самі паднеслі мяне да шафы, дзе на антрэсолях стаяла кардонная скрынка з рознымі “непатрэбнымі” паперамі.
Праз хвіліну я сядзела на падлозе і перабірала пажоўклыя газеты, пісьмы і рукапісы маіх пачатых ды так і не скончаных апавяданняў. На самым дне скрынкі ляжаў сшытак у чорнай, шорсткай на вобмацак вокладцы. Дрыготкімі рукамі я разгарнула яго, і раптам усё тое хісткае і неакрэсленае, што колькі часу ўжо каламуціла маю душу, выразна акрэслілася ў неаднойчы чутую, але толькі цяпер усвядомленую ісціну: нельга да канца, без астатку, растварацца ў іншым чалавеку, асабліва калі маці-прырода адшкадавала табе часцінку свяшчэннага агню – “божую іскарку”, бо рана ці позна тая ж прырода спытаецца ў цябе, як ты распарадзіўся бязцэнным яе дарам.

* * *
Я асцярожна, нібыта штосьці крохкае, кладу побач з сабою сшытак у чорнай вокладцы, зноў схіляюся над рукапісам і – вось жа дзіва! – зусім яшчэ нядаўна няўрымслівыя і ўпартыя словы паслухмяна выстройваюцца ў раўнюткія радкі.
Усё ў мяне атрымаецца! Аднойчы ноччу, а хутчэй за ўсё на світанні, калі лямпа з жоўтым абажурам стане амаль непатрэбнай, я скончу сваю першую аповесць – запозненае пакаянне перад звычайным чалавекам незвычайнай душы. Я назаву яе вельмі проста: “Аповесць пра бацьку”.
__________

Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Сшытак у чорнай вокладцы

Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.