Я ёй не дарую

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Я ёй не дарую. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2012-02-06
Источник: http://portalus.ru

Я ЁЙ НЕ ДАРУЮ
Апавяданне
У яе — «алергія» на блакітны колер. Нават, як яна сказала, «супералергія». Таму ў нашай кватэры днем з агнём не знайсці ніводнай рэчы блакітнага колеру. Толькі мая балоневая куртка. Вось я і апрану сваю блакітную балоневую кур¬тку. Цяпер жонка мне не забароніць. I зашпіляцца не буду. Каб грудзіна наросхрыст. Гэта для яе — нібы тая чырвоная ануча для быка. Болыш можа раззлаваць яе хіба няголены твар. I тут парадак. Увесь мінулы тыдзень я «гудзеў», таму было не да галення.
Усё. Выходжу. Божухна! Якая ж ты брудная і шэрая, некалі светлая і вясёлая вуліца Перамогі! Гандляры ператварылі цябе ў суцэльную дзікую барахолку. Шматкі паперы, кавалкі кардону, бутэлечныя асколкі. Але ніхто, здаецца, не звяртае ўвагі на гэта.
Прыпыняюся каля дзвюх кабет. Гледзячы на іхнія дзябёлыя постаці і ружовашчокія твары, неяк міжвольна пачынаеш сумнявацца ў тым, што той-сёй недаядае альбо зведвае голад.
Я прашу ружовашчокіх кабет крыху пасунуцца і ўладкоўваюся паміж імі. Відаць, мае суседства вялікага захаплення ім не прыносіць, бо жанчыны нешта пабуркваюць, касавурацца, але на большае не адважваюцца: ува мне росту каля ста васьмідзесяці пяці, не кажучы ўжо пра шырыню плячэй. А смуглявы твар і бліскучыя чорныя валасы (усе кажуць, што ў мяне вельмі прыгожыя і густыя ва¬ласы) наводзяць іх на думку, што я з поўдня.
Увогуле я даволі сімпатычны з выгляду мужчына. Прырода, здаецца, нічога не пашкадавала. Пакрыўдзіла жыццё. Хоць і жыццё было як жыц¬цё, каб не яна. Гэта ўсе яна. Я ей не дарую. Ніколі не дарую. Я буду помсціць. Кожны дзень. Пакуль жывы. I тое, што я зараз раблю,— таксама мая помста ёй.
Я разгортваю газету проста на асфальце, саджуся і выпростваю ногі. Нагамі я называю іх па даўняй звычцы. Цяпер гэта не зусім ногі. Hoгі засталіся да каленяў, а ніжэй — пратэзы з залаціста-жоўтай скуры з металічнымі палоскамі па баках і з мноствам раменьчыкаў. Я і выпростваю свае ногі-пратэзы разам з раменьчыкамі. Ну вось. Цяпер застаецца толькі дастаць з адтапыранай кішэні спрадвечную чорную кепку з гузікам наверсе і пакласці побач.
Адчуванне брыдкае. Апускаю вочы долу, уяўляю, як шамацяць, падаючы ў кепку, грошы, і спрабую штосьці мармытаць пра Афганістан. Хоць мае калецтва з такім жа поспехам можна лічыць калецтвам на Грунвальдскай бітве. Але не магу я кожнаму тлумачыць, што без ног застаўся праз яе, якая яшчэ зусім нядаўна звалася маёю жонкай.
Не, каб адважыцца сесці на вуліцы з кепкай у руках, трэба было выпіць не столькі, колькі я выпіў. Хоць сёння і сербануў нямала, але ўсё роўна не хапіла нейкіх ста пяцідзесяці — двухсот грамаў. І неабавязкова гарэлкі. Я не арыстакрат. Магу і так чаго-небудзь. Адэкалону, напрыклад. Толькі б пазбавіцца брыдкага адчування, асмеліцца да¬стаць з кішэні чорную кепку і ўбачыць, як злятаюцца ў яе рознакаляровыя паперкі. I каб яна ўбачыла.
Я ўжо ведаю: яна кожны дзень ходзіць гэтаю дарогай на працу. Ходзіць як міленькая. Думала, што, за ім жывучы, працаваць не будзе. Не бачыла яна яшчэ савы смаленай. Будзе яму ў ложак каву падаваць, калі ўжо цяпер не падае. Гэта ж ей не дурны Славік. На каленях поўзаў, а ўсё рабіў: і гатаваў, і бялізну мыў, і малога глядзеў. Стараўся-стараўся, а не дагадзіў.
Яно і праўда, каму такі «кастыль» патрэбен з мізэрнай пенсіяй? Я пра адно толькі думаю: чаму яна адразу мяне не кінула, яшчэ дзесяць гадоў таму, калі я страціў ногі? Кідаюць жа іншыя.
Са мною ў палаце мужчына ляжаў. Пад трактар трапіў і пашкодзіў пазваночнік. Дык жонка ягоная, як даведалася, што ён калекам застанецца, адразу ў бальніцу хадзіць перастала. Яна і маёй штосьці нашэптвала. Няхай бы і мне, як таму мужчыну, усё адразу: і цялесны, і душэўны боль. Ды не ж. Яна працягвала граць ролю адданай жонкі. Восем месяцаў у бальніцу ездзіла. Дзімку ўсяго два тыдні было, як такое са мною здарылася.
Памятаю, маці некалі казала, што парадзіха шэсць тыдняў адной нагой у магіле стаіць. А яна ездзіла за паўтары сотні кіламетраў. Мы тады яшчэ ў вёсцы жылі. Дык яна з Дзімкам ездзіла. Сум¬ку пялюшак набярэ з сабою і сядзіць увесь дзень у па¬лаце. Бальнічныя мае суседзі зайздросцілі: жонка твая, маўляў, сапраўдная дзекабрыстка. Нават прозвішча ей прыдумалі: княгіня Валконская. Яна і праўда нечым тую княгіню нагадвала.
Дзекабрыстка! Распусніца — вось хто яна. Ця¬пер я гэта добра ведаю. А тады думаў, што і сапраўды кахае мяне. Як-ніяк столькі гадоў пражылі.
Спачатку яна ўсё раджаць не хацела, усё ўмову ставіла: «Пакуль піць не кінеш, дзяцей у нас не будзе!» А хто цяпер не п'е? А я што — белая варона? Адно галава падводзіць пачала: мазгі адключаліся раней, чым ногі. Галава ўжо даўно перастае варыць, а ногі ўсе носяць. I дзе носяць, і навошта — назаўтра, хоць забі, не памятаю. Вось і ў той раз... Як я апынуўся ў Гомелі? I чаму ў дэпо? Якога чорта мне трэба было ў дэпо?
Атрымалі ў той дзень грошы, выпілі крыху з хлопцамі. Ну, за сына майго выпілі. I дадому ісці ўжо не хацелася: ведаў, што жонка зноў накінецца. А, думаю, што за сто грамаў нараканні слухаць, што за кілаграм! Яшчэ выпілі. I яшчэ. А потым...
Вы ўяўляеце, як гэта страшна: ляжаць паміж рэйкамі і бачыць, як над табою паўзе бясконцы цягнік. Прыціскаць да тулава рукі, кожную хвіліну чакаць смерці і яшчэ не ведаць, чаму так страшэнна баляць ногі?! Hoгі, якіх ужо няма...
Разумееце, няма ног у дваццаць дзевяць гадоў? I якая розніца, дзе ты іх страціў, у Афганістане ці пад коламі цягніка? Баліць аднолькава. Таму я ледзьве не шалею, калі чытаю дзе-небудзь у вагоне: «Месцы для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны». А для ўсіх іншых інвалідаў, выходзіць, няма месца? Навошта ж так? Мы самі сябе на ўсё жыцце пакаралі, хопіць і гэтага.
Вось столькі гадоў, а яны, ногі мае, усё баляць. Асабліва пальцы. Доктар гаварыў, што гэта фан¬томны боль і нібыта пройдзе праз некалькі гадоў. Не праходзіць. Mo толькі калі нап'юся так, што не памятаю нічога, дык і не баліць. Але ж хіба да яе даходзіць гэта? «Алкаш», «сінька», «помпа» — інакш мая любая жонка мяне апошнім часам і не называла.
Ну цяпер у яе ўжо не алкаш. Ведаю я іх, такіх вось, у капелюшах ды пры гальштуках. Толькі страх за ўтульнае службовае крэсла ўтрымлівае. А так кожны дзень да парасячага віску насмоктваліся б. А мне траціць няма чаго. Пралетарый я. Пенсіянер, калі дакладней. Праўда, да мінулай вясны працаваў. 3-за яе працаваў, бо, ведаю, папракала б, што корміць ды апранае. Ну я і ўладкаваўся на фабрыку мастацкай інкрустацыі. Работа так сабе. Сумнавата гэта — цэлы дзень крукам сядзець ды саломку на дошчачкі клеіць. Затое, калі і выпіўшы прыйдзеш, Таццяна (брыгадзір наша) толькі галавою пахітае ды дадому адправіць, каб праспаўся. Там можна было сто гадоў працаваць, калі б я глупства не ўчыніў: на добрым падпітку ўздумаў да дырэктара ў кабінет зайсці. Валюту прасіў на пратэзаванне,
Таццяна потым гаварыла, што і лаяў я Васіля Пятровіча, і біцца кідаўся, і паваліўся ля стала. Я не вельмі даваў ёй веры. Хутчэй за ўсё стаў я ахвяраю. Рыхтавалі скарачэнне штатаў, а тут такі шанец: ад мяне лёгенька пазбавіцца. Ды хацелі яшчэ па сорак сёмай звольніць. Я ж казаў ужо: «кастылі» нікому не патрэбныя.
У мяне вось братоў трое. Думаеце, хоць адзін калі парог маёй кватэры пераступіў? Ніхто і ніколі. Нібы бязродны я. Крыўдна іншым разам. Раней лічыў, што гэта праз яе яны так. Яна ж, калі зойдзе хто, век бутэлькі на стол не паставіць. А каб мне дома калі выпіць дазволіла? Крый божа! Дурніца! Чаго яна гэтым дабілася? А таго, што я скалечыўся. Чаго б мне было бадзяцца ды хавацца, калі б дома можна было спакойна выпіць?
Падумаеш, дык смешна: разоў колькі нават у туалеце даводзілася. Аднойчы ўзяў «бомбу». Толькі ўладкаваўся на кухні, у акно зірнуў, бачу: яна шпарыць дадому. Што рабіць было? Я ж яе звычку ведаю: умомант любое пітво ў ракавіну вылье. I рука не задрыжыць. Ну, я бягом у туалет. «Бомбу» выжлукціў і ваду з бачка спусціў. Толькі яна ўсё роўна здагадалася. Праўда, тут вялікай кемлівасці не трэба мець, бо я бутэльку за ўнітазам пакінуў.

* * *
3 невясёлых успамінаў мяне выводзіць нечы пільны позірк. Яна! Відаць, яна! Не ўздымаючы галавы, выхопліваю з кішэні чорную кепку, але на плячо мне кладзецца рука з пажаўцелымі ад тытуню пальцамі і татуіроўкай на запясці. Блыха. Лёш¬ка Блыха. Перада мною ягоны схілены твар. Я (які ўжо раз) думаю, што прымаўка пра тое, нібыта вочы — люстэрка душы, гэта не пра Блыху. Вочы ў яго вялікія, блакітныя, а позірк па-дзіцячаму наіўны і чысты. А між тым ён у свае трыццаць восем мае чатыры «ходкі», сярод якіх адна за не-наўмыснае забойства. Блыха неаднойчы рабіў на¬мёк наконт таго, што тое «ненаўмыснае» зусім не ненаўмыснае, і было відаць, што ён ганарыцца гэ¬тым.
— Чым гандлюеш, Грузін? Ці не галаўнымі ўборамі? — ківае ён на чорную кепку і шчэрыць зубы з «залатымі» каронкамі, лоўка зробленымі турэмнымі ўмельцамі. Потым дапамагае мне ўстаць і са спачуваннем у голасе працягвае: — Чуў я пра тваю. Гаварылі хлопцы, што згулялася. Ці праўда?
Я не люблю Блыху. Я ўвогуле не люблю ўсю гэтую блатнечу, якая заўседы імкнецца граць рамантычную ролю, што асабліва прынаджвае дурнаватую моладзь. Я не люблю іх, але чамусьці дружкуюся менавіта з імі. I перастаю ўжо думаць, што мяне прымушае рабіць гэта, што ў мяне агульнага з Блыхой і ягонымі сябрукамі.
— Ну, чаго ты маўчыш? — не адстае Блы¬ха.— Зусім расклеіўся. Было б з-за чаго, а то з-за бабы. Не так трэба. Трэба з тым казлом пагаманіць. Хочаш, арганізую? У мяне такія хлопцы есць, што і...— Блыха робіць выразны жэст.
— Трэба будзе, сам разбяруся. Ты б лепей што іншае арганізаваў,— таксама раблю выразны жэст.
— Ну з гэтым сёння не вельмі,— хмурнее Блыха.— Сам во бачыш, як шкельца. Хоць... калі не баішся правесці чарговы вопыт...
«Праводзіць вопыт» — азначае зноў піць «гэ¬та». Так мы называем усё свае пітво, акрамя гарэлкі і віна. Піць «гэта» — заўжды рызыка. Для некалькіх нашых з Блыхой знаёмых адзін з такіх вопытаў стаў апошнім. А Мішка Чырык з «гэтага» нядаўна аслеп. I хто яго ведае, што страшней.
Некалькі хвілін я тапчуся на месцы, збіраюся нават адмовіцца, але адчуваю, што зноў перамагае тая цёмная сіла, якая гняздзіцца ўнутры і ўсё больш уладарыць нада мною. Галоўнае — найхутчэй акунуцца ў салодкую стыхію бязмежнай свабоды, адчуць сябе вольным ад усяго: ад цялеснага і душэўнага болю, ад клопатаў пра заўтрашні дзень, ад кантролю над словамі, жэстамі, учынкамі і паверыць, што ты не нікчэмнасць, не пылінка. а цэнтр Сусвету.
Дык няўжо дзеля гэтага нельга рызыкнуць? I я ўсміхаюся Блысе. Ледзьве прыкметна накульгваючы, цягнуся за ім. За дзесяць гадоў інваліднага «стажу» я навучыўся прыстойна хадзіць на сваіх «нагах». Калі хто не ведае, на чым я іду, падумае толькі, што высокаму чорнавалосаму мужчыну не то ціснуць чаравікі, не то ён крыху дзесьці пашкодзіў нагу. Вось толькі кіёк у маіх руках. Але яго я бяру звычайна толькі тады, калі хачу не схаваць, а, наадварот, падкрэсліць сваё бядотнае становішча. А так навошта мне кій? Усё роўна ні з ім, ні без яго не пабяжыш. Гэта толькі ў кіно ды ў кнігах бязногія ледзьве не навыперадкі са здаровымі бегаюць ды польку танчаць. Я толькі пасміхаюся, калі ў кіно бачу ці чытаю такое. Не, братка, не станцуеш і не пабяжыш. Нават пад пісталетам. Ад-бегаўся і адтанцаваўся.
— Пойдзем да мяне?! — не то пытаецца, не то загадвае Блыха.
Праз некалькі хвілін я сядзеў у прасторным пакоі на рыпучым табурэце. Пакой здаваўся яшчэ большым па той прычыне, што мэбліроўка яго пачыналася і заканчвалася тым самым рыпучым табурэтам. Мяне цяжка здзівіць чым-небудзь: усяго нагледзеўся. Але я тут міжволі пачаў круціць галавою і, пакуль Блыха корпаўся недзе ў калідоры, нават устаў, каб зазірнуць у суседні пакой. Ён так¬сама не асляпіў мяне раскошай. Каля ацяпляльнай батарэі пад акном ляжала падушка без наўлечкі і дзве зашмальцаваныя ватоўкі — пасцеля. I ўсё.
— Ну вось,— Блыха ставіць побач яшчэ адзін табурэт і хуценька сервіруе «стол»: бутэлька з фіялетава-карычневай вадкасцю, некалькі кавалачкаў хлеба і дзве памутнелыя гранёныя шклянкі.
— А ласты мы не склеім ад гэтай амброзіі? — нявесела жартую я, беручы ў рукі напалову налітую шклянку.— Ну, давай за тое, каб не склеілі.
Колькі доўжыўся наш з Лешкам «баль», дакладна сказаць не магу. Некалькі разоў засынаў, потым прачынаўся. Зноў аднекуль з'яўляўся Блыха, і зноў мы нешта пілі, пра нешта спрачаліся, потым спрабавалі спяваць.
Калі я ачомаўся канчаткова, то першае, што ўбачыў, быў цёмнаскуры твар з вылупленымі сінімі вачыма. Негр? Ну, усё. Прыехаў. Інакш ка¬жучы, «сеў на каня». Бо як яшчэ растлумачыць з'яўленне негра тут, у Лёшкавай кватэры?
«Негр» тым часам пачынае гучна рагатаць, і я раптам разумею, што ніякі гэта не негр, а Лёшка Блыха. Толькі чаму і твар, і рукі ягоныя такога дзіўнага колеру? Кідаю позірк на ўласныя рукі, і ўсё становіцца ясна: Блыха частаваў мяне марылкай — настойкай для прамочвання дрэва. Ну, каб афарбаваць яго. I мы, відаць, выпілі добрую порцыю марылкі. А гэта азначае, што з тыдзень, калі не болей, мы з Блыхой будзем мець такі вось экза-тычны выгляд. Каб ён праваліўся, гэты Блыха! I я, пень прыдарожны! Не здагадаўся, што п'ю. Працаваў жа некалі ў сталярні. Пах жа знаёмы!
Ну, што цяпер рабіць? 3 такім «фасадам» — цяпер на «пятак» не пакажашся. «Сінявочкі» і тыя смяяцца будуць. Хоць навошта мне «пятак»? Кажуць, разганяць там пачалі нашых. На мянтоў находзіць раз-пораз такі імпэт — пужнуць з «пята¬ка» браткоў-сіняносікаў і сястрычак-сінявочак. Вельмі баліць галава і ныюць «агрызкі». Колькі ча¬су не здымаў пратэзаў?
Цяпер, як казала мая шаноўная, на адмочку. Перш-наперш выспацца па-людску. На ложку з коўдрай. Потым ужо вымыцца і саскрэбці шчацінне. Але спачатку выспацца. Толькі б хапіла здароўя дапаўзці да сваёй кватэры, скінуць ненавісныя кандалы, якімі зноў да крыві пазразаў «агрызкі», і паваліцца на ложак.
Адчуваю, як цела пачынае гарэць агнём. Адхадняк. Гэта сутак на двое. А зараз навакольны свет шэры і такі непрыгожы, што ніколечкі не шкада назусім развітацца з ім.
Але ж не! Не дачакаецца яна! I каб я руку з чорнай кепкай на вуліцы працягнуў, таксама не дачакаецца! Хто я ёй цяпер, каб саромецца за мя¬не? Ну ўбачыць. Падыдзе і тысячу ў кепку кіне. Не, мы што-небудзь іншае прыдумаем. Але потым.

* * *
Тры дні не выходзіў з дому. Памыў падлогу, брудны посуд, якога даволі назбіралася за час майго «гудзення». Чытаў. Думаў. I пра гэтую са¬мую сілу, што неўпрыкмет пачала станавіцца мацнейшай за мяне. Так, сабе я магу ў тым прызнацца. Ад сябе не ўцячэш. Так казала і яна.
Сам не хочучы таго, падыходжу да пісьмовага стала, пакінутага ёю. Здаецца, навошта чарговы раз вярэдзіць збалелую рану, навошта чытаць зноў яе развітальнае пісьмо? Ды я і ведаю яго амаль на памяць. Але ўсё ж высоўваю ніжнюю шуфляду і дастаю некалькі пацёртых ужо лістоў са школьнага сшытка. Прабягаю вачыма па радках, напісаных яе прыгожым роўным пбчыркам.
«Славік!
Нарэшце прыйшла хвілінка, пра якую я так доўга маліла Усявышняга і ў той жа час баялася, што ён пачуе маю малітву і зробіць так, як я прашу: адверне маю душу ад цябе, заб'е маё каханне.
Не, у мяне няма да цябе ні нянавісці, ні нават крыўды. Нічога няма ў маім сэрцы. Хіба толькі шкадаванне за дарэмна страчаныя намаганні, няспраўджаныя надзеі і чаканне.
Я вырасла ў сям'і, дзе нікому: ні дзядам, ні бацькам не была вядома гэтая страшная хвароба. Так, цяпер ведаю, што гэта — хвароба і што жахлівейшай хваробы не бывае. Любая іншая, на¬ват тая, назву якой не вымаўляюць услых, разбурае цела, а потым ужо, на самым сконе, душу. Твая ж — наадварот. Нават калі я розумам адчула, што надзеі ужо няма, у душы маёй усе яшчэ гарэў, а потым толькі тлеў агеньчык: а можа, адолею, можа, зраблю тое, што не ўдавалася амаль нікому, і выратую цябе. Няўжо дарэмна столькі гадоў змагалася, каб адваяваць цябе ў п'янага дур¬ману? Вытрымала ж і твае неаднаразовае лячэнне, адкуль ты вяртаўся такі ж самы, і ЛПП, і той, дзесяцігадовай даўніны, твой візіт у раддом да мяне.
Памятаеш, як ты хацеў сына? Вельмі хацеў сына. Гаварыў: «Каб быў у мяне сын, я б забыўся не толькі пра гарэлку, але і пра піва». Я вельмі баялася: а што, калі народзіцца якое-небудзь пачварнае стварэнне? Але пайшла і на гэта. Дзеля твайго выратавання рызыкавала лёсам нашага яшчэ не народжанага дзіцяці. Бог быў міласцівы да мяне: нарадзіўся маленькі, жвавенькі, чарнавокі наш Дзімка.
Нас было ў палаце чацвёра. Да траіх прымчаліся шчаслівыя мужы, прынеслі кветкі, радасныя ўсмешкі і па-мужчынску няўдала выбраныя гасцінцы. Не прыйшоў толькі ты. Hi на першы, ні на другі, ні на трэці дзень. Я ўсё зразумела і хацела, каб ты не прыходзіў зусім. Але на чацверты дзень ты з'явіўся пад акном. Пакуль ніхто не ўба-чыў, у якім ты стане, я подбегам (хаця яшчэ кружылася галава) кінулася да калідорных дзвярэй. Ты ўжо стаяў там, счарнелы, няголены, брудны.
«Ну, жонка,— былі твае першыя словы,— ты ду¬маеш дадому вяртацца са свайго курорту ці не? Разляглася тут, а дома і супу няма каму зварыць». Я паспрабавала вывесці цябе з п'янай апантанасці: «Славік, ты што? У нас жа сын! Хочаш, пакажу та¬бе сына?!» — «На чорта мне твой сын! Ідзі дадому, я есці хачу».Я ўсё яшчэ гаварыла здранцвелымі вуснамі, хоць ужо бачыла, што ты зусім страціў розум і ўжо сам не ведаў, што крычаў, ды так моцна, што прыбегла санітарка, а потым і медсястра. Калі яны пачалі ўгаворваць цябе, ты разышоўся яшчэ больш і з усяе сілы стукнуў па шкляных бальнічных дзвярах. Асколкі дажджом пасыпаліся ў твар жанчычнам. Адна з іх кінулася да тэлефона, каб выклікаць міліцыю, а я павалілася перад ёю на калені і дзяцьмі заклінала не рабіць гэтага. Я ўпрасіла, заплаціўшы не толькі сваім прыніжэннем, але, як магла, і грашыма. А потым два дні ляжала ў непрытомнасці і ўвесь астатні час саромелася зірнуць у вочы суседкам па палаце.
3 раддома нас з Дзімкам забралі сястра і маці, бо ў цябе пачалося... Як пачалося, так і не скончылася, пакуль ты не трапіў пад цягнік. Ці магла я адрачыся ад цябе, калі здарылася такое гора? I я задушыла ў сабе сваю, як мне тады ўжо здавалася, маленькую крыўду...
А памятаеш, як мы радаваліся, калі ты змог зрабіць першы крок на сваіх новых «нагах»? Хістаўся, з усяе моцы імкнучыся захаваць раўнавагу, і нарэшце пайшоў. Сам! Без мыліц! А назаўтра, нібы хочучы падтрымаць цябе, пайшоў на сваіх маленькіх ножках і наш Дзімка.
Вы пачалі хадзіць разам, бацька і сын, падобныя адзін на аднаго не толькі знешнасцю, але і сваёй бездапаможнасцю.
Толькі не вельмі доўгай была мая радасць... Хай будзе яно на вякі праклятае, брыдкае, страшнае, гэта пітво, што скалечыла і тваё, і маё жыццё, адабрала мае да цябе каханне. Яно было. Цяпер няма ўжо. Таму бывай. Я іду не «ў белы свет». Мне ёсць куды пайсці. Я ведаю, што ты яшчэ доўга будзеш чакаць мяне, бо не зможаш адразу паверыць, што твая «дзекабрыстка» аказалася не такой моцнай, як ты думаў, што яна стамілася і што ёй захацелася адчуць сябе не каменнай апорай, а звычайнай слабой жанчынаю.
Вось і ўсё. Бывай назаўсёды і будзь шчаслівы, калі зможаш.
Алёна».
«Бывай назаўсёды»? Дзівачка! Ды хіба ж, калі развітваюцца назаўсёды, пішуць такія доўгія лісты? Калі, як яна гаворыць, не засталося нічога-нічога, то ці пішуць што-небудзь увогуле? Ды нічога тады не пішуць! Ні-чо-га!
Я ведаю яе лепей, чым яна сама сябе. Не зможа яна быць «слабою жанчынай». ЁЙ абавязкова трэба мітусіцца, нечага дабівацца, адваёўваць, пераадольваць цяжкасці, адчуваць сябе пакрыўджанай, няшчаснай, але незаменнай. Навошта? Каб уладарыць, караць і мілаваць. А ён? Ён сам звык уладарыць. Ён будзе глядзець на яе як на стварэнне, ніжэйшае за сябе: маўляў, ведай свае месца, жанчына! Яна такое вытрымае? Не, кожнаму дадзена сваё. Ёй наканавана быць каменнай апорай. Яна яшчэ, відаць, не здагадваецца, як пакарала сябе сама. Здагадаецца — вернецца. Да мяне, п'янюгі. Так, я такі і, відаць, памру такім. Вы што думаеце, я нічога не разумею? Я разумею многае. I многае ўмею. Не магу толькі адолець гэтую цёмную сілу, якая ўзяла мяне ў палон і, я лічу, ніколі ўжо не выпусціць на волю.
А яна... Хоць яна і ведае, што я прапашчы, яна ўсё роўна прыйдзе. Не захоча ягонага свецкага (на людзях) абыходжання. Яна будзе са мной. Але... Якое будзе наша жыццё пасля ўсяго гэтага? Ці змагу я дараваць ёй?




Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Я ёй не дарую

© Кадетова Валентина () Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.