Насланнё

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Насланнё. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2012-02-06
Источник: http://portalus.ru

Валянціна Кадзетава

НАСЛАННЁ
Апавяданне

«Стральцам заўтрашні вечар абяцае рамантычную сустрэчу, якая можа перарасці ў каханне».
Аляксей скептычна ўсміхнуўся і выключыў тэлевізар. Цікава, а калі Стральцу гадоў гэтак пад дзевяноста? Ці абяцае яму заўтрашні вечар «рамантычную сустрэчу, якая можа перарасці ў каханне»?
Праўда, Аляксею да дзевяноста яшчэ далекавата, але ён даўно зняверыўся ўжо нават у звычайнай чалавечай прыстойнасці, не тое што ў каханні. 3 яго хопіць рамантыкі. Дзіўны час настаў. Столькі развялося прарокаў, чараўнікоў, цуда-лекараў, Божых пасланнікаў, што іншым разам страшнавата робіцца: ці не масавы псіхоз гэта? Яно ад цяперашняга жыцця чалавек ува што хочаш паверыць. Тапелец і за саломінку хапаецца. Вось наваяўленыя месіі і кідаюць тапельцам саломінкі. Ды і не за проста так, а за добрыя грошы. А друк і тэлебачанне (таксама за грошы) ім дапамагаюць. Вунь на століку газета ляжыць, не абы-якая, а некалі паважаная, сур'езная газета. Добрая палова яе — рэклама. Чаго вартыя хоць бы такія радкі: «Прапануецца універсальны сродак ад сурокаў».
Урэшце наш народ ва ўсе вякі рахманы ды даверлівы быў: хто запрагае, таго і вязе, не задумваючыся нават, з якога права хтосьці запрагае яго.
Але разважаннямі нічога не паправіш. Адно галава балець будзе. Жыві, працуй, дзякуй Богу, што дзень прайшоў, і ўсе тут. Сённяшні дзень, шэры і нецікавы, лічы, што прайшоў. На заўтрашні вечар у яго запрашэнне. Стоп! Можа, там і адбудзецца рамантычная сустрэча, якую абяцаў Стральцам астролаг? Аляксей нават засердаваў: «Бач, і ты паверыў! Няхай не зусім каб паверыў, але ж...»
Такая ўжо чалавечая натура. Што зробіш, калі ў ей пастаянна ўзнікаюць пярэчанні паміж розумам і пачуццямі, несучы з сабою такія пакуты, якія не суджана зведаць, бадай, ніводнай жывой істоце. Возьмуць верх пачуцці, і ты ўжо на небяспечнай мяжы да жывёльнасці. Пераможа розум — таксама няма чалавека, застаецца нейкі бяздушны механізм, якому невядомыя ні сумненні, ні душэўны боль, ні дабрыня, ні пяшчота. Менавіта гэта перашкаджае нармальнаму чалавеку нават у самы, здавалася б, бязвоблачны час адчуць сябе шчаслівым. Ды і ці ёсць яно, шчасце?
Недзе апоўдні Аляксей прайшоўся па магазінах, спадзеючыся купіць падарунак, але нічога, вартага ўвагі, не трапілася, ды ён і не вельмі давяраў свайму густу ў такой справе, як выбар падарунка для жанчыны. Тады ён вырашыў, што самае лепшае — пакласці на стол імянінніцы канверт, не, не з “драўлянымі”, а з зялёненькімі паперкамі. А яна ўжо сама няхай вырашае, што ёй прыдбаць. Толькі вось кветкі купіць, і ўсё.
Пад вечар, апрануўшыся як трэба, з букетам чырвоных руж у руках Аляксей ішоў да тралейбуснага прыпынку. У яго была ўласная машына, зусім новенькія яшчэ «Жыгулі», але, па-першае, у гасцях хочаш не хочаш, а да чаркі прыкладзешся, па-другое, тут ужо не так і далёка. Можна было б і пехатой, але адвык.
Вось і дзевятнаццаты нумар тралейбуса. I людзей няшмат. Нават сесці можна. Ён выбраў месца насупраць дзвярэй. На наступным прыпынку, засунуўшы пад сядзенне дарожную сумку, побач з Аляксеем уладкавалася жанчына ў чорным берэце. Яна схіліла галаву і пачала гартаць часопіс. Аляк¬сей міжволі зірнуў на жанчыну. 3 выгляду гадоў трыццаці — трыццаці пяці. Светлая пасмачка валасоў выбілася з-пад берэта. Профіль не класічны, але даволі прыемны. Жанчына як жанчына, нічым не адметная, як і дзесяткі іншых.
Але не прайшло і хвіліны, як Аляксею зноў захацелася паглядзець на суседку. Потым яшчэ адзін раз. I яшчэ. Вось ужо і прыпынак, дзе яму трэба выходзіць, а ён не кранаецца з месца. Жанчына ж па-ранейшаму гартае часопіс і зусім не заўважае, што робіцца з яе спадарожнікам.
Аляксей тым часам пакутліва шукаў прычыну, каб загаварыць з жанчынай, але прычыны не знаходзілася. Так моўчкі і даехаў ён по¬бач з незнаёмкаю да апошняга прыпынку — чыгуначнага вакзала. Жанчына пачала выцягваць з-пад сядзення даволі ёмістую сумку. Тут Аляксей ледзьве не падскочыў ад радасці, нібы хлапчук:
— Дазвольце вам дапамагчы!
— Калі ласка,— прыязна ўсміхнулася незнаёмка і ўзняла на яго вялікія шэрыя вочы, аблямаваныя густымі шаўкавістымі вейкамі.
Яны выйшлі на прывакзальную плошчу.
— Вам далёка ехаць?
— Я на гомельскі цягнік, а што? — зноў усміхнулася незнаёмка.
— Ну то ж трэба! Такое супадзенне? Мне так¬сама на Гомель! — нечакана для сябе выпаліў Аляксей.— Вы білет ужо купілі?
— Так.
— У вас які вагон?
— Пяты.
Слухайце! Дык у мяне ж таксама пяты! — са штучным здзіўленнем прамовіў Аляксей, ліхаманкава думаючы, ці ўдасца яму ўвогуле ўзяць білет хоць бы ў які вагон і як, каб незнаёмка ні пра што не здагадалася, падысці да касы. Праўда, тут ён знайшоў выйсце даволі хутка:
Калі ласка, пасядзіце хвілін колькі ў чакальнай зале, а я збегаю патэлефаную родзічам, што выязджаю. Час у нас яшчэ ёсць.
Чарга ля кас была невялікая, і білеты меліся, але толькі не ў пяты вагон.
Даражэнькая, прашу вас, - звярнуўся ён да касіркі,— пашукайце, можа, якраз і знойдзецца адно месцейка ў пятым.
Нў дзе я вам буду шукаць тое месцей¬ка? — раздражнёна выгукнула касірка.— Бярыце во ў шосты, а там памяняецеся з кім-небудзь, калі вам так ужо прыпякло.
Тут Аляксей успомніў пра букет, якога, вядома ж, не дачакаецца сёння імянінніца і які ён усё яшчэ трымаў у руцэ. Ён нахіліўся да акенца, паклаў перад здзіўленай касіркай шыкоўныя чырвоныя ружы і зусім ціхім голасам, амаль шэптам, папрасіў:
— А вы ўсё ж пашукайце. Касірка пачала шукаць. I знайшла.
- А дзе ж вашы кветкі? — спыталася незнаёмка, калі задаволены Аляксей увайшоў у чакальную залу.
- Ой, ды гэта ж я іх, відаць, у тэлефоннай кабіне пакінуў!
- Дык схадзіце, гляньце. Шкада ж. Такія прыгожыя! Вы ж некаму везлі іх.
- Анічога. У Гомелі другія куплю. Ды і пасад¬ку ўжо аб'явілі. Пойдзем. Дарэчы, як вы думаеце, ці не час нам пазнаёміцца? Я — Аляксей.
- Валянціна.
- Вельмі прыемна.
- Дзякуй. Мне таксама.
Праз доўгі, цьмяна асветлены тунель яны пайшлі да цягніка. На нейкае імгненне ў галаве Аляксея прамільгнула думка пра недарэчнасць таго, што ён робіць: нанач, немаведама з якой прычыны, едзе ў незнаёмы горад з-за незнаёмай, зусім звычайнай, якіх сотні ці нават тысячы ў ягоным горадзе, жанчыны. Але штосьці іншае, мацнейшае за развагу, патушыла гэтую імгненную ўспышку.
Ён даўно жыў ужо адзін і думаў, што з жанчынамі ен разабраўся. Гэтыя ілжывыя, істэрычныя стварэнні не заслугоўваюць таго, каб думаць пра іх усур'ёз. Вядома, прырода патрабавала свайго, і ён час ад часу тэлефанаваў каму-небудзь са сваіх шматлікіх знаёмых і запрашаў на «кубачак кавы». Некаторыя не адмаўляліся, хоць ведалі, што азначае той «кубачак кавы». Прыязджалі. I адзінокія, і замужнія. Аднолькавыя яны ўсе, драпежніцы, гатовыя на любое дзеля салодкага кавалка ды замежнай «шмоткі». Аднолькавыя, хоць адны імкнуліся граць нейкую ўзвышаную ролю, каб такім чынам падаць сябе лепш, іншыя, як кажуць, «ішлі напрасткі». I першымі, і другімі ён карыстаўся, як рэчамі, потым адкідваў убок і на няпэўны час забываўся пра іх.
А тут, ідучы побач з гэтай звычайнай жанчынай, ён раптам адчуў, што ў сэрцы ягоным прарастае нешта кволае, трапяткое, даўно забытае. Яму захацелася пяшчотна дакрануцца да светлай пасмачкі, якая выбівалася з-пад чорнага берэта, і ён ледзьве ўстрымаўся ад свайго недарэчнага жадання.
Аляксей дапамог Валянціне ўладкавацца, прысеў побач. Ён маўчаў, баючыся якім-небудзь неасцярожным словам разбурыць тое кволае і трапяткое, што нечакана пасялілася ў ягоным, здавалася, счарсцвелым сэрцы.
Была ўжо адзінаццатая гадзіна, пасажыры пачалі класціся спаць. Пажадаўшы Валянціне добрай ночы, Аляксей пайшоў у свае купэ.
Перад тым як заснуць, ён некалькі разоў паўтарыў: «Стральцам заўтрашні вечар абяцае рамантычную сустрэчу, якая можа перарасці ў каханне... Ды што ж гэта? Насланнё нейкае...»
Гавораць, што імя, дадзенае чалавеку пры нараджэнні, вызначае ягоны лес і характар. Відаць, нешта і сапраўды ёсць такое. Вось хоць бы Надзея, лепшая Валянцініна сяброўка. Што б ні здаралася ў яе жыцці, яна ніколі не губляла аптымізму. I ў той раз Валянціна ведала, што сустрэча з сяброўкай дапаможа ёй калі не адшукаць выйсце, то хоць бы супакоіцца, апамятацца, перастаць пакутаваць, як пакутуе яна.
Надзея, выслухаўшы доўгую споведзь сяброўкі, устала з канапы, выйшла ў суседні пакой, праз хвіліну вярнулася і са словамі: «А ці не паспрабаваць табе весь гэта?» — працягнула ей газету з абведзеным чырвоным алоўкам артыкулам.
Валянціна спачатку абыякава, а потым усе больш і больш зацікаўлена прабегла вачыма газет¬ныя радкі:
«Зусім нядаўна газеты паведамілі, што доктар Курт Пастэр сінтэзаваў унікальнае рэчыва. Яго пах валодае дзіўнымі ўласцівасцямі: прыцягвае супрацьлеглы пол. Наш спецыяльны карэспандэнт наведаў знакамітага вучонага і пагутарыў з ім. Вось пра што ён даведаўся. Рэчыва складаецца з асаблі¬вых малекул, якія выпраменьваюць спецыфічны пах. Гэтае рэчыва зробіць вас прыцягальнымі, нягледзячы на вашы мінулыя няўдачы ў каханні, а таксама дапаможа ва ўзнаўленні адносін паміж му¬жам і жонкаго. Кожны знойдзе свае новае «я», калі будзе карыстацца гэтым рэчывам, якое носіць назву «Афрадыта».
Калі Валянціна скончыла чытаць, Надзея запытальна паглядзела на яе:
- Ну дык як? Паспрабуем узнавіць твае шлюбнае жыццё з дапамогай «Афрадыты»?
Ой, нешта не верыцца мне ў гэта! Вельмі ж проста ўсё.
Проста? Ты, відаць, няўважліва чытала. Па-першае, звярні ўвагу на кошт «Афрадыты». Па-другое, «Афрадыты» ў продажы няма нідзе, апрача аднаго нашага сталічнага магазіна. Ну, за цаною, я думаю, мы не пастаім. Агульнымі намаганнямі адолеем. Застаецца толькі даведацца, ці не расхапілі ўжо «Афрадыту» такія бядотніцы, як ты. З'ездзім?
— Далёка?
— Трэцім трамваем да апошняга прыпынку. Можам хоць зараз. Магазін працуе кругласутачна.
У магазіне іх чакала расчараванне: «Афрадыты» у продажы не было.
- Ну вось табе і маеш! — расхвалявалася Валянціна.— Што ж цяпер рабіць?
- Прыходзьце праз тыдзень. Абяцалі падвезці,— супакоіла іх маладзенькая, пякельна прыгожая прадаўшчыца.
Увесь наступны тыдзень Валянціна штодня тэлефанавала Надзеі. Адзіным яе пытаннем было: «Ці купіла?» Толькі ў суботу яна нарэшце пачула доўгачаканае:
- Купіла. Высылаць?
- Не. Заутра прыеду сама.
I вось Валянціна трымае ў руках запаветны флакончык. Малюсенькі зусім. Але колькі спадзяванняў звязана ў яе з гэтым набыткам!
— Ты хоць бы пераначавала, а раніцай ужо і паехала б,— дарэмна ўпрошвала яе Надзея.— Чэрці не схопяць твайго ненагляднага.
Перад тым як сесці ў тралейбус, Валянціна не стрымалася, дастала з сумачкі «Афрадыту» і пырснула з флакончыка на шыю і валасы.
Агледзеўшы пасажыраў, яна заўважыла даволі сімпатычнага мужчыну з букетам чырвоных руж, прысела з ім побач і зрабіла выгляд, што ўважліва чытае часопіс.
I вось цяпер, ноччу, яна сядзіць ля акна вагона і думае: што ж здарылася? Выпадковасць? Ці ўсе ж «Афрадыта»? Няхай бы апошняе. Тады яна верне свайго Анатоля. Ёй жа ніхто ў свеце, акрамя яго, не патрэбен.
А трэцяй гадзіне ночы поезд быў у Жлобіне. Валянціна пайшла да выхаду. Праз некалькі хвілін, сціскаючы ў руках сумачку, дзе ляжала «нагаворнае зелле», яна падыходзіла да свайго дома.
Аляксей у гэты час соладка спаў. Яму снілася светлая пасмачка валасоў, вялікія шэрыя вочы, аблямаваныя густымі шаўкавістымі вейкамі, і на твары яго блукала шчаслівая, пяшчотная ўсмешка.

Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Насланнё

© Кадетова Валентина () Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.