Калі б не плётка

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Калі б не плётка. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2012-02-04
Источник: http://portalus.ru

Калі б не плётка

Апавяданне

Усе, хто добра ведае Веру, называюць яе лесаголікам. Вера не крыўдуе. І сапраўды, лес яна любіць да фанатызму. З раніцы да вечара, ні на хвілінку не прысеўшы (“тармазок” свой і то на хаду з’ядае), можа з аднолькавай светлай радасцю блукаць і па бярозавым гаі, і ўдыхаць гаркава-салодкі водар старога бору, і нават (праўда, перад тым абачліва насунуўшы нізка на лоб цёмна-карычневую вязаную шапачку) прабірацца праз, здавалася б, непралазны гушчар лазняку.
А вось людзей сустракаць у лесе Вера не любіць. Не, яна не баіцца. Яна… раўнуе. Раўнуе “свой” лес, прыгожы, задуменны, спагадлівы да сваіх непрыгожых і зусім неспагадлівых аднавяскоўцаў. Мабыць, таму Вера і ў чарніцы амаль не ходзіць, бо там, у Вёдзерцы, дзе яны растуць, заўжды людна.
Ларыса ж, як толькі прыедзе, так і пачынае: “Пойдзем у чарніцы!” Вось і цяпер, яшчэ з вечара: “Ну, як там сёлета чарніцы? Ці ўрадзілі?” Як толькі не старалася Вера запэўніць Ларысу, што ў Андрэеўскім лесе іх чакае “самае грыбное ў свеце месцейка!” Ларыса толькі вусны крывіла.
* * *
Народу ў Вёдзерцы, як заўжды ў такую пару, процьма. Спачатку Вера спрабавала знайсці якую-небудзь “дзікую выспачку”. І ў адзін бок паімкнулася, і ў другі – дарэмна. Паўсюль бялеюць хусткі, бразгаюць бітончыкі і вёдры, чуецца гамонка.
Ларыса ўжо злаваць пачала:
– Мо перастанем бегаць?! Зірні, колькі ягад! Усім хопіць.
Яна спрытна, абедзьвюма рукамі сашморгвала буйныя шызавата-чорныя ягады і паспела ўжо падфарбаваць чарнічным сокам вусны і зубы.
Вера пакорліва ўздыхнула і прысела ля Ларысы. Побач, за вялікім альховым кустом, шчыравалі дзве кабеты з аднолькавымі ярка-жоўтымі пластмасавымі вёдрамі. Вера прыўзнялася, каб зазірнуць у вёдры. Не, даўгавата ім прыйдзецца суседнічаць: ягад у вёдрах яшчэ зусім мала.
– Іва-а-ан! Іва-а-ан! – данеслася з алешніку.
“Ну, вось яшчэ адна!” – незадаволена падумала Вера, убачыўшы таўстуху ў сінім трыко (дзе толькі памер такі дастала?), якая вылазіла з кустоў. Таўстуха агледзела паляну і залямантавала пранізлівым голасам:
– Іва-а-ан! Ды дзе ж ты?!
Ларыса падміргнула Веры і, зрабіўшы сур’ёзны твар, сказала:
– Дарэмна вы крычыцё, жанчына! Няма ўжо вашага Івана.
Таўстуха разгублена залыпала маленькімі чорнымі вочкамі:
– Што вы кажаце? Як гэта – няма?
– А так, – яшчэ больш пасур’ёзнела Ларыса. – Вы ж самі бачыце, колькі тут жанчын. А Іван ваш ці не адзіны мужчына ў лесе. Ну вось і не вытрымаў спакусы. Ажаніўся ён тут, ваш Іван (дарэчы, не ваш ужо).
Разгубленасць імгненна спаўзла з твару таўстухі, і яна, палымнеючы пульхнымі шчокамі, здзекліва засмяялася:
– Дык гэта, можа, ён з табою ажаніўся, вобла ты сушаная? – і, памаўчаўшы крыху, дадала:
– Дурніца! Цьфу на цябе!
Жанчыны з жоўтымі вёдрамі гучна зарагаталі.
– Вось табе і пажартавала! – паспрабавала ўсміхнуцца збянтэжаная Ларыса. – І навошта я чапала яе? Толькі настрой сабе сапсавала.
Няўклюдная постаць у сінім трыко схавалася ў гушчары. Ларыса з Вераю моўчкі збіралі ягады і міжвольна слухалі гамонку жанчын з жоўтымі пластмасавымі вёдрамі. Тыя, відаць, працягвалі размову, перапыненую з’яўленнем таўстухі:
– А шчо нявестка? Дзе ты бачыла, каб цяперашнія нявесткі свякрух шанавалі? Вось і мая. Яна ж і пазногця Васілёвага не вартая, а шчэ й верадуе!
Вера ўзняла галаву. Гаварыла пажылая, у вылінялым летніку (так вяскоўцы тут называлі мужчынскія спінжакі). Маладзейшая, круглатварая, з кудзеркамі ярка-рыжых валасоў, якія ўпарта лезлі з-пад белай “кісейкі”, спагадліва пахітала галавой:
– Так-так. Шчо ўжэ твой Васіль угруз, дык угруз! І як ён толькі трывае? Другі б і ёй добрую бубну выбіў, і Пецьку гэтага даўно б дзе ў цёмным кутку перастрэў.
– Якога Пецьку? – насцярожылася пажылая.
– Ды ты шчо, Ганна?! Ці й праўда не чула нічога? Ды пра тваю нявестку зямля гамоніць!
Рыжавалосая пасунулася бліжэй да пажылой і зашаптала ёй на вуха.
– Ну вось, Лорка, а ты здзіўляешся, чаму я вясковых людзей не люблю. – уздыхнула Вера. – З адной ты “пажартавала”, і сама ўбачыла, што атрымалася. А гэтыя? Вунь, зірні. Нават пра вёдры свае забыліся. Ілбамі ўпёрліся адна ў адну і плёткі сплятаюць. Ох, гэтыя ўжо плёткі! Колькі з-за іх слёз пралілося, колькі лёсаў скалечылася! Я, каб на тое мая воля, за плёткі немаведама як карала б! Языкі б вырывала!
– Чаго ты ўсхадзілася так? – здзівілася Ларыса. – Што табе да тых плётак?
– Мне?! – успыхнула Вера. Ды яны ўсё жыццё маё… – яна махнула рукой. – А, што там гаварыць! Ну іх, плёткі гэтыя, на сухі лес. Толькі давай адыдземся адсюль крыху. Вунь там месца неблагое.
Яны прайшлі колькі метраў і прыпыніліся ля вялікай купіны, спрэс асыпанай чарніцамі.
– Ты вось, Вера, кажаш, што карала б за плёткі. А я скажу: калі б не плётка… Але лепш паслухай усё па парадку
Ты ж ведаеш, што я некалі ў вёсцы жыла. А бацькі мае ўвогуле нядаўна ў горад пераехалі. Цяпер ужо няма нашай Зялёнай Даліны. Чарнобыль з’еў. Праўда, і да Чарнобыля пачынала гібець наша вёска. І мясціны ў нас былі прыгожыя: лес, рэчка, але не трымалася тут моладзь. Глухамань. Да чыгункі далекавата. Аўтобус два разы на тыдзень хадзіў. Але хаты ў Зялёнай Даліне не пуставалі. Пад дачы куплялі іх гараджане. Іншым разам ідзеш па вуліцы, глядзіш: тут Тарасенчыха жыве, тут – Смалякі, а ў наступных трох хатах – дачнікі, насупраць – таксама дачнікі і яшчэ праз дзьве хаты – зноў дачнікі. Дачнікі, дачнікі… Іх ужо ці не болей, чым карэнных жыхароў тут было. Толькі ж яны жылі ў вёсцы летам. Некаторыя і агародаў не садзілі. Прыедуць і адразу ў лес, на рэчку, на возера. Адпачываюць… У нас нават і пісьменнік жыў. Не сказаць, каб слынны, але і не з апошніх. Смірноў яго прозвішча. Мо чула?
Ну, я якраз у той дачны бум да бацькоў сваіх вярнулася з няўдалага свайго замуства. Уладкавалася ў калгасную кантору касіркаю. Спачатку вечарамі дома сядзела ля тэлевізара ды кніжкі чытала. А потым непрыкметна неяк, з бугалтаркай нашай Святланай Ігнатавай пасябравала. Тая таксама развядзёнкай была. Выгнала свайго п’янюгу ды й жыла з двума дзецьмі. Я часта да яе заходзіла. Пагаворым пра жыццё сваё гаротнае, кавы пап’ём. А калі свята якое, дык і віна сухога па чарачцы возьмем. Паплачам ды “суджаных” сваіх палаем. На шчасце асабістае не спадзяваліся ўжо. Так разважалі: добрыя мужчыны на вуліцы не валяюцца, а валяюцца тыя, каго выкінулі з-за нікчэмнасці, ды тыя, каго не падабралі з той жа прычыны.
Аднойчы, у жніўні недзе, якраз перад выхадным заседзелася я ў яе. Добра сцямнела ўжо, калі дадому ішла. Ліхтары, як заўжды, на вуліцы нашай не гарэлі. Спатыкнулася я аб нейкі корч, упала. Ды якраз у дзядоўнік.
Дома святла не запальвала, каб сваіх не турбаваць, бо яны спалі ўжо, плашч свой у парозе павесіла, самам ціхенька ў спальню прайшла і легла.
Раніцай прачынаюся ад нейкага крыку. Расплюшчваю вочы – побач маці стаіць з маім плашчом у руках і галосіць, як па нябожчыку:
– А горачка ж маё! А ганьба ж якая! А я ж з-за цябе з людзьмі лаялася! Ажно праўду людзі казалі! Распусніца ты, бессаромніца!
Я з пасцелі ўсхапілася, на маці гляджу – нічога зразумець не магу:
– Што такое? Хто распусніца?
– Ты глянь, Ляксей, на яе, на дачушку сваю дарагую! – зноў загаласіла маці. – Яна шчэ й пытаецца, хто распусніца! А гэта вось шчо такое?! – і маці тыцнула мне ў твар плашч, абчапляны “дзядамі”. Я плашч той з рук мацерыных выхапіла і такая мяне крыўда ўзяла, што я таксама заплакала і закрычала:
– Ды скажыце мне ў рэшце рэшт, што здарылася?! Бацька! Ты чаму маўчыш? Чаму маці галосіць?
– Перастань, Маня! – бацька тупнуў нагою і пагрозліва ссунуў бровы да пераносся. – Назбіраеш плётак і вэрхал учыняеш. – Ён пакрактаў разгублена і да мяне павярнуўся. – Гэта ж наюдзіў нехта, быццам ты да дачніка таго, што ў Кавуновай хаце жыве, панадзілася. Нібыта і сам ён гаварыў недзе за выпіўкай, шчо і сапраўды ты да яго амаль кожны вечар па загуменні бегаеш. Ну, а тут шчэ плашч гэты з “дзядамі”…
– Дык, кажаш, сам дачнік гаварыў?! Ну, мярзотнік! Ды я ж яго нават у вочы ніколі не бачыла, не тое што…
Я апранулася, правяла расчоскаю па валасах і выскачыла на вуліцу.
Хата Кавунова далекавата ад нашай стаяла, на другім канцы вёскі, але я хвілін праз дзесяць ужо там была. Фортка незамкнёнай аказалася і я, з прадчуваннем хуткай расправы са сваім крыўдзіцелем, не пастукаўшы нават, адчыніла дзверы веранды. Адчыніла, і… Разумееш, я думала, што ўбачу перад сабою якога-небудзь нахабнаха тыпа з расхрыстанай грудзінаю, брыдкай ухмылкаю на мокрых чырвоных губах і нават уяўляла сабе, як з усяго размаху плясну па тых мокрых чырвоных губах. А насустрач мне выйшаў высокі русявы мужчына з празрыста-сінімі вачыма на тонкім інтэлігентным твары, акуратна паголены, у светла-шэрым світэры, у джынсах. У руках ён трымаў нейкую кніжку.
Ад нечаканасці я згубіла ўсю сваю ваяўнічасць і моўчкі тапталася ля дзвярэй. Мне хапіла аднаго яго позірку, каб зразумець, што не можа ён, такі вось, быць брудным плеткаром. Не можа – і ўсё тут! Што ж цяпер рабіць? Як выйсці з гэтага дурнога становішча? А тут я сябе яшчэ як бы з боку ўбачыла: расчырванелую, абы-як прычасаную, у растаптаных пантофлях…
Мужчына ж усміхнуўся прыязна і прамовіў:
– Што ж вы стаіцё? Праходзьце. Каву піць будзеце?
– Даруйце. Я, відаць, памылілася, мне не да вас трэба было, – разгублена прамармытала я і павярнулася, каб пайсці.
– Не, ужо калі зайшлі, то госцяй маёй будзеце. – зноў усміхнуўся мужчына. – Дарэчы, мяне завуць Алегам. А вас?..
* * *
– Вось так я пазнаёмілася са сваім цяперашнім мужам. І як ты ведаеш, ніколечкі не шкадую. – скончыла свой распавед Ларыса і дадала: Шкадую толькі, што да гэтага часу не ведаю, каму мне дзякаваць за тую плётку, якая мне шчасце прынесла. Вось як яно бываею
__________

Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Калі б не плётка

© Кадетова Валентина () Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.