Эксперымент

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Эксперымент. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2012-02-04
Источник: http://portalus.ru

ЭКСПЕРЫМЕНТ,
або Споведзь правінцыйнага паэта,
які сапсаваў сабе творчую кар’еру

Апавяданне

Прабачце, калі ласка, вось у вас у руках кніжка… Ды так, дзіўнавата крыху. Звычайна ў дарогу бяруць што-небудзь “лёгкае”: фантастыку, дэтэктыўчыкі кшталту “Смерть напрокат”, а вы – вершы. Сёння, на жаль, мала хто паэзіяй цікавіцца. Любіце паэзію? Тады, можа, вам даводзілася чытаць вершы Віктара Вардамацкага? Мо хоць чулі, што ёсць такі паэт? І то добра, што чулі. Прачытаеце пры выпадку? Наўрад. Ды таму, што такі выпадак не хутка надарыцца: гэты самы Вардамацкі надоўга, калі не назаўжды, сапсаваў сваю творчую кар’еру. Толькі не падумайце, што ён пісаў якія-небудзь непрыстойнасці ці заклікаў да тэрору. Не, чалавек ён выхаваны, далікатны і да нейкіх там палітычных партый і гуртоў – ні-ні!. Калі гавару, значыць, ведаю. Я і вершы Вардамацкага амаль усе на памяць ведаю. Неблагія, скажу вам, вершы. Пэўна не горшыя за гэтыя вось, што вы чытаеце. А можа, і лепшыя. Вось, напрыклад… Ды не бойцеся, не збіраюся тут, у вагоне, дэкламаваць свае… яго… Віктара Вардамацкага вершы. Я? Ну і я пішу. І друкаваўся. Рэдка, праўда. А цяпер і ўвогуле… Ну я ж сказаў, што сам і сапсаваў сабе… Цьфу! Зусім заблытаўся. А, што тут хітрыць? Вы ўжо, відаць, здагадаліся? Так, я і ёсць той самы Вар-да-мац-кі. І еду я з выдавецтва. Кніжка мая там павінна была выйсці. Сем гадоў чакаў. Амаль сем. Па першым часе, як рукапіс здаў ды заключэнне рэдактарскае атрымаў. Столькі было радасці! Але рана я радаваўся! Хоць і заключэнне станоўчае было, і ў план выдавецкі кніжку маю паставілі, але… на наступны год перанеслі, а потым зноў на наступны… Прыеду я ў выдавецтва – ездзіў разы па два на год, хоць далекавата: дзе той Светлагорск, а дзе – Мінск – спытаюся, як мае справы, раскажуць мне пра аб’ектыўныя прычыны, пра “нялёгкі наш час”, пра тое, што нават творы нашых слынных пісьменнікаў колькі ўжо гадоў нявыдадзеныя ляжаць, паабяцаюць, што ў “наступным годзе ўжо абавязкова” – з тым я і вяртаюся дадому. Але тады хоць якая надзея была: а мо і сапраўды ў наступным? А сёння… Аддалі мне сёння мой рукапіс. Ды як?! Толькі што ў твар не шпурнулі. І застаўся я цяпер, як сумна вядомая пушкінская старая – ля разбітых ночваў. Відаць, не бачыць мне не тое, што кніжкі, але і звычайнай нізкі вершаў у друку. І Ларыса, жонка мая, цяпер ужо абавязкова мяне вырачацца. Вось чуў я неаднойчы, што калі двое творчых людзей звязваюць свой лёс, то шлюб такі няўдалым будзе, што паэту, напрыклад, ці паэтцы трэба шукаць сваю “палавінку” сярод тых, хто далёкі ад літаратуры. А я вось думаю, калі б мая Ларыса па-сапраўднаму разумела, што такое літаратурная праца, яна б цяпер не дакарала, а падтрымала і суцешыла б мяне. Раней яна яшчэ так-сяк… Усё спадзявалася, што я знакамітым стану, і тады мы ўрэшце капейкі… прабачце, забыўся, што капеек даўно ў нас няма, тысячы свае няшчасныя лічыць перастанем. Я ж асцярожненька стараўся давесці ёй, што вядомасць заслужыць не так проста, як ёй думаецца, асабліва калі ў правінцыі жывеш, што чакаць доўга трэба і што заняткі літаратурай такое багацце, пра якое яна марыць, наўрад ці прынясуць. Але Ларыса была ўпэўнена, што пісьменнікі (“сапраўдня пісьменнікі” – падкрэслівала яна) грошы лапатаю грабуць, таму і згаджалася пачакаць, асабліва пасля таго, як рукапіс мой у выдавецтве ўсхвалілі. Ну а цяпер яна мяне разам з гэтым рукапісам і вытурыць.
А я ўсё роўна вядомым паэтам стану. Насуперак усяму. Я вершы даўно пішу, яшчэ са школы. Спачатку пічаў як бы для сябе. Потым пачаў па рэдакцыях рассылаць. Але добра, калі раз ці два на год удавалася мне ўбачыць пару сваіх вершаў дзе-небудзь у друку. Падлічыў я, што калі і далей так справы пойдуць, то да пенсійнага ўзросту паспею надрукаваць іх крыху больш за паўсотню. І тады я асмеліўся прапанаваць рукапіс ажно з дзвюма сотнямі вершаў аднаму паважнаму выдавецтву. Ну, пра канчатковы вынік вы ўжо чулі. А цяпер – усё па парадку.
Аднойчы, больш як два гады таму, угледзеў я у нашай раённай бібліятэцы зборнік вершаў. Перш за ўсё кінулася ў вочы з густам зробленае афармленне. Прозвішча аўтара здалося мне знаёмым. Потым успомніў, што прозвішча такое, даволі рэдкае, носіць адзін наш грамадскі дзеяч. Спачатку падумалася, што аўтар зборніка проста цёзка з тым дзеячам, але, зазірнуўшы ў анатацыю, упэўніўся: не, не цёзка, а той самы – назавём яго Пятроў – і ёсць. Я перагарнуў некалькі старонак (якая цудоўная гладкая папера!), прабег вачыма па радках. Насцярожыла мяне штосьці, і я, прысеўшы ў крэсла, пачаў чытаць. Чым далей чытаў, тым больш здзіўляўся: вершы на ўзроўні няўдалага пачаткоўца, а большасць з іх і вершамі назваць нельга, – проста няўклюдна зарыфмаваная лухта. Трымаў я ў руках зборнік і адчуваў сябе так, як колісь у дзяцінстве, калі суседскі Міцька пачаставаў мяне цукеркай у кідка расфарбаванай абгортцы. Зняўшы тую абгортку, я паклаў у рот камяк гліны. Праўда, тады мне лягчэй было, бо я Міцьку дагнаў і гліну тую яму па твары размазаў, а тут… “Відаць, гэты самы Пятроў захварэў на паэтычны сверб, – падумалася мне. – І ён, каб задаволіць той сверб, уклаў немалыя сродкі, каб нейкае камерцыйнае выдавецтва гэтую кніжку ў свет выправіла. Сярод камерцыйных такія выдавецтвы ёсць, што за грошы абы што надрукуюць”.
Але зірнуў я на тытульны ліст і разгубіўся: тое самае паважнае выдавецтва, дзе ўжо сем гадоў ляжыць мой рукапіс! Неяк крыўдна мне стала, але што я мог зрабіць? Аддаў я зборнік бібліятэкарцы і пастараўся пра яго не ўспамінаць.
А нядаўна у кнігарню зазірнуў і… Я яе адразу заўважыў, тую кніжку – новы паэтычны зборнік М. П. Пятрова. Ну і купіў, як потым аказалася, на сваю бяду. Адразу ж паглядзеў, дзе выдадзена. Не, не ў тым, а ўжо ў другім, але не менш паважным выдавецтве. І зноў любаваўся я прыгажосцю афармлення і гладкасцю і белізною паперы, і зноў мусіў чытаць няўклюдна зарыфмаваную лухту. Прагледзеў прадмову, і з вуснаў маіх ледзьве не саскочыла цэлая нізка, прабачце, ненарматыўнай лексікі – хваляць аўтара, ды як! Маўляў, “за ўяўна простым сюжэтам і немудрагелістай, на першы погляд, формаю вершаў бачыцца філасофская глыбіня думкі і выдатнае паэтычнае майстэрства”. Ну і гэтак далей. Заканчвалася прадмова наступнымі словамі: “Спадзяёмся, што чытач рады будзе пазнаёміцца з новай кніжкай гэтага таленавітага і самабытнага паэта”.
Тут, прызнаюся, мільганула ў маёй галаве: а можа, мне раптам розум засланіла, таму я не бачу тут ні філасофскай глыбіні думкі, ні паэтычнага майстэрства? І тады вырашыў я наведацца да аднаго свайго… ну, сябра-не сябра, а скажам – прыяцеля. Прозвішча яго сапраўднага таксама не хачу называць, няхай будзе Іваноў. У яго каля дзесятка кніжак выйшла, і чыё-чыё, а ягонае слова ў літаратурным свеце даволі важкае. Прыхапіў я з сабою два зборнікі “самабытнага і таленавітага” (адзін з бібліятэкі, другі – той, што ў кнігарні купіў) і з’явіўся з імі на дачы ў Іванова. Ён сустрэў мяне гасцінна, свежай рыбаю пачаставаў (сам ловіць!), у лазні прапанаваў памыцца. Ну, пакуль мы пра розныя дробязі гаварылі, прыяцель мой у добрым настроі быў, а калі я пачаў пра тое, дзеля чаго ўласна і прыехаў, ён пасур’ёзнеў нават. Выслухаў мяне, кніжкі Пятрова ў руках патрымаў, а потым пытаецца: “А калі канкрэтна, дык чаго ты, Віктар, хочаш ад мяне асабіста?” “Хачу, – кажу яму, – вашу думку наконт вось гэтых твораў паслухаць і ўпэўніцца, што з галавой у мяне ўсё нармальна”.
Іваноў яшчэ больш спахмурнеў: “А вось гэтага, шаноўны Віктар, ты не маеш права ад мяне патрабаваць. Я сваю думку пры сабе трымаць буду і выказваць яе ні табе, ні каму другому не збіраюся. Так спакойней будзе. Зразумеў А ў іх, тых, хто вышэй стаіць, таксама могуць быць свае прыхамаці. Ну, хочацца Пятрову пісаць вершы – няхай сабе піша. І не трэба крыўдзіць неблагога чалавека?”
“Ды ўжо ж, – засмяяўся я, – толькі ж вы яе выказалі, думку сваю. І вельмі ясна выказалі. А што далей рабіць – гэта мой клопат”.
“Так, – не на жарт раззлаваўся я, – няхай сабе і піша. У альбом, напрыклад. А нам такіх вершаў не трэба, бо такая “паэзія” – прафанацыя творчасці. Сёння ён хоча пісаць вершы, а заўтра яму ўздумаецца танцаваць у балеце. І ён зноў не захоча танцаваць сабе, а палезе, напрыклад, на сцэну Опернага тэатра. Уяўляеце, як ён са сваім чэравам будзе выглядаць у ролі маленькага лебедзя?”
“Не трэба яхіднічаць, Віктар, – незалюбіў Іваноў. – І давай, што называецца, закрыем гэтую тэму. Я табе тут не паплечнік і нават не дарадца. Адно толькі параіць магу: не чапляйся ты да гэтых кніжак і не дадумайся дзе-небудзь шум падымаць – табе ж горш будзе. Чаму?”.
Можа, я і паслухаўся б Іванова, махнуў бы на ўсё рукою і закінуў бы злашчасныя “шэдэўры” куды-небудзь далей, каб на вочы не трапляліся. Але тут, як на грэх, на наступны ж дзень па радыё – літаратурная перадача, прысвечаная творчасці Пятрова. Доўга гаварыла вядучая пра “каштоўнасць творчага ўкладу “самабытнага і таленавітага” паэта ў сучасную літаратуру”. А потым Пятроў чытаў свае вершы. Так званыя “вершы”.
Вось тут я па-сапраўднаму ўзбунтаваўся. І прыйшла да мяне думка правесці эксперымент.
Сеў я за стол, напісаў два лісты аднолькавага зместу: так, маўляў, і так, шаноўны рэдактар шаноўнага выдавецтва, прапаную вам для розгляду рукапіс будучай (калі яна будзе) кніжкі паэзіі і з хваляваннем чакаю прысуду. Пад адным лістом паставіў прозвішча Міхася Тарасёнка, пад другім – Васіля Карпуліна – суседзяў сваіх па лесвічнай пляцоўцы, з якімі ўсё папярэдне абгаварыў. Потым узяў дзве папкі – чырвоную і сінюю. Выбраў з дзвюх кніжак Пятрова па некалькі дзесяткаў вершаў, набраў іх на камп’ютэры. Вершы, узятыя з кніжкі, выдадзенай у Паважным Выдавецтве № 1 паклаў у чырвоную папку і адаслаў іх у Паважнае Выдавецтва № 2, ну а вершы з кніжкі, што пусціла ў свет Паважнае Выдавецтва № 2, адрасаваў Паважнаму Выдавецтву № 1. Вы зразумелі, навошта я гэта зрабіў? Рызыкаваў? Ды ніякай рызыкі: я быў упэўнены, што і там, і там чыталі толькі свой рукапіс. Так яно і было. Праз нейкі час – праз паўгода нейдзе – атрымалі паэты Тарасёнак і Карпулін (ну, суседзі мае) адказы з выдавецтваў. Скажу адразу – абодва лісты заканчваліся аднолькавымі прапановамі – забраць рукапіс з выдавецтва (на перасылку, як тлумачыў рэдактар, выдавецтва не мае сродкаў) і парадаю паспрабаваць свае сілы ў чым заўгодна, толькі не ў літаратурнай творчасці, бо, на думку рэдактараў, аўтары рукапісаў – не паэты і паэтамі ніколі не стануць з прычыны поўнай адсутнасці творчых задаткаў.
Калі б рэдактары ўбачылі, як я чытаў іхнія лісты, яны падумалі б, што няўдалы паэт звар’яцеў. Атрымаўшы такое “рэзюме”, плакаць трэба, а ён ззяе, бы новая грыўня.
Ну, павесяліўся я крыху, потым зняў з тых заключэнняў ксеракопіі і, забраўшы з выдавецтваў абодва рукапісы, прыклаў да зборнікаў Пятрова ксеракопіі і мною ўласнаручна напісаны фельетон пад назваю “Што б гэта азначала?”, і адаслаў іх у адно сатырычнае выданне. З якім нецярпеннем чакаў я публікацыі свайго фельетона! Паверце, я ўсур’ёз спадзяваўся, што публікацыя будзе, што яна стане калі не сенсацыйнай, то вельмі вострай і цікавай, і тыя, хто прачытае яе, убачаць, што “кароль голы”, а з падхалімаў, якія ўслаўлялі бяздарнасць, будзе смяяцца “ўвесь белы свет”. Можа, іх нават звольняць з пасадаў, а на іх месца возьмуць людзей дабрасумленных і аб’ектыўных, і такім чынам да чытача прыдуць па-сапраўднаму таленавітыя кнігі (ну а сярод іх, прабачце за нясціпласць, можа, і мая).
Ну, адаслаў я сваю бандэроль, а літаральна праз некалькі дзён патэлефанавалі мне з выдавецтва і запрасілі прыехаць “па пытанню, звязанаму з вашым рукапісам”. Ведаеце, у мяне вельмі развітая інтуіцыя. Адразу ж пасля той кароткай тэлефоннай размовы яна пачала нашэптваць мне, што мяне чакае нешта не вельмі прыемнае і што лепш бы мне ўвогуле туды не ехаць. Я з усяе сілы стараўся прыглушыць трывогу, якая цёмнай хмарай насоўвалася на мяне, неўсвядомленая, незразумелая і з таго яшчэ больш цяжкая.
“Ну чаго мне баяцца? Адкусяць там ад мяне ці што? Ну калі і адкусяць, дык зусім маленькі кавалачак”, – спрабаваў я жартаваць, але жарт атрымліваўся нейкі кіслы, а ад сэрца не адступала нядобрае прадчуванне.
У выдавецтве я з’явіўся апоўдні. Там якраз пачаўся абедзены перапынак, і мне больш за гадзіну давялося млець пад дзвярыма кабінета. Нарэшце прыйшоў Полазаў – рэдактар аддзела паэзіі – і кіўком запрасіў мяне зайсці. На твары Полазава я не заўважыў звычайнай крышачку робленай, як і ў большасці службовых асоб, усмешкі, і гэта яшчэ больш занепакоіла мяне. Полазаў не прапанаваў мне сесці, а адразу ж з парога пачаў:
“Ведаеце, Вардамацкі, мы тут яшчэ раз уважліва пераглядалі ўсе рукапісы перад тым, як несці на подпіс да галоўнага і вырашылі, што вашы вершы не вартыя таго, каб выдаваць іх у нас”.
“Як гэта не вартыя? – я адчуў, што ногі мае па-здрадніцку задрыжэлі, а лоб узмакрэў. – Ці ж не вы ўласнаручна пісалі заключэнне на іх? Што ж змянілася? І выходзіць, я дарэмна чакаў столькі часу?!”
“Людзям уласціва памыляцца, – прамовіў Полазаў. – Я таксама памыліўся, калі даў празмерна высокую ацэнку вашым творам. Так што забірайце іх, як кажуць, з Богам. І лепш паспрабуйце свае сілы ў публічным жанры. Фельетончыкі пішыце, напрыклад”.
Я імкнуўся штосьці гаварыць, штосьці даказвацб і ўпарта не ішоў з кабінета. Я яшчэ не разумеў, што тут разыгрываецца сцэнарый крылоўскага “Ваўка і ягняці”, што ягня – гэта я, і што Ваўку ўрэшце надакучыла слухаць лапатанне Ягняці. І Ваўку – Полазаву – надакучыла. Ён тыцнуў мне мой рукапіс і, наблізіўшы свой твар з брудна-жоўтымі вачыма (як гэта я раней не заўважаў, што ў яго такія непрыгожыя вочы?), прасіпеў: “Да пабачэння, фельетаніст!”
І толькі цяпер я ўсё зразумеў! Дон Кіхот няшчасны, дурань! На што я спадзяваўся?
Вось і ўся мая гісторыя. І як вы думаеце, што мне цяпер рабіць? Маўчыцё? Правільна, Іваноў сказаў: “Так спакайней”. Толькі ж ці не таму, што мы прывыклі маўчаць там, дзе маўчаць нельга, і адбываецца ўсякае паскудства вакол нас?
Нічога. Перажывём. Можа, усё ж нешта ў нашым жыцці пераменіцца. Толькі вось Ларыса… Ну што ж, вольнаму – воля. Дарэчы, наступны прыпынак – мой. Вы ўжо не крыўдуйце, што навязаўся да вас са сваёй споведдзю – мне трэба было выгаварыцца, бо так да сэрца падступіла, што здавалася, разарвецца яно. Цяпер во крыху лягчэй стала. Толькі не ведаю, ці надоўга. Адрас? І тэлефон ёсць. Але навошта? Мне цяпер, відаць, толькі Усявышні дапаможа. І за тое дзякуй, што выслухалі. Ну, бывайце. Усяго добрага вам.
* * *
Літаратурны крытык Рыгор Царанкоў (гэта быў ён) правёў позіркам высокую хударлявую постаць няўдалага выкрывальніка і з палёгкай уздыхнуў. Не, гэта была выпадковая сустрэча. А ён да апошняй хвіліны сумняваўся: мо гэты Вардамацкі ўгледзеў яго яшчэ там, у выдавецтве, пазнаў (А што? Царанкоў – чалавек даволі вядомы), а потым спецыяльна сачыў за ім, на вакзал паехаў і ў той жа вагон, што і Царанкоў, сеў, каб паспавядацца і папрасіць дапамогі. А паэт, здаецца, зусім не здагадваўся, хто ягоны спадарожнік.
Ах, Вардамацкі, Вардамацкі! Навошта табе быў твой “эксперымент”? Праўду кажуць: “Ніхто не зробіць горш табе, як ты сам сабе”,
А ўрэшце, ці не быў некалі і сам Царанкоў такім жа наіўным? Гэта ж толькі падумаць: у той час, як брэжнеўская “трылогія” стала “вялікай падзеяй у літаратурным жыцці” і была ўведзена не толькі ў школьныя, але і ў інстытуцкія праграмы, ён, тады зусім малады яшчэ настаўнік, у прысутнасці інспектара РАНА заявіў, што “Малая зямля”, “Адраджэнне” і “Цаліна” – звычайная шэрая публіцыстыка, і ён, Царанкоў, не збіраецца тлуміць дзецям галовы, бо ў яго і так не хапае часу, каб даць вучням хоць якое ўяўленне пра сапраўдныя творы айчыннай літаратуры.
Ад звальнення “з воўчым білетам” яго выратавала шчаслівая выпадковасць. Але ён, мабыць, не зразумеў гэтага, бо і тады, калі літаратурная праца стала для яго другой, асноўнай прафесіяй, артыкулы Царанкова нейкі час вылучаліся сярод іншых нейкай сваеасаблівай бескампраміснасцю і шчырасцю. А потым… Потым яму “падрэзалі крылы” чыноўныя заступнікі такіх вось “пятровых”. А што тычыцца “Пятрова”, то Царанкоў добра ведае, пра каго ішла размова. І “творы” яго ён чытаў. І абураўся… сам-насам. Але далей гэтага справа не пайшла. І, відаць, не пойдзе. А адрас і тэлефон Вардамацкага ён так, на ўсялякі выпадак узяў.
Перад вачыма Царанкова раптам, як уяве, паўстаў усхваляваны, разгублены твар паэта з правінцыі, шчыры і адкрыты позірк яго шэрых вачэй, і крытыку на нейкую хвіліну здалося, што ён убачыў сябе – таго, ранейшага… Ён страсянуў галавою, праганяючы ад сябе гэтае насланнё, і адчуў, як недзе, у глыбіні свядомасці, пулсуе-нараджаецца крамольная думка: “А можа… ?”
__________

Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Эксперымент

© Кадетова Валентина () Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.