Кавалак масла

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Кавалак масла. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2012-02-04
Источник: http://portalus.ru

Кавалак масла

Рэтраспектыва

У малочным аддзеле затрымалі зладзейку. Схапілі, што называецца, за руку, якую яна разам з кавалкам выкрадзенага масла засунула ў кішэню свайго паліто.
Зладзейку ўрачыста павялі ў кабінет да загадчыцы.
Вялі яе не вельмі ашчадна, таму яна разоў колькі падала, а адзін раз добра-такі выцялася ілбом аб скрыню з кансервамі.
Зірнуць на злачынку збегліся амаль усе работнікі магазіна. Была яна прыгожая і зусім яшчэ маладая: гадоў дваццаці-дваццаці пяці. Спалохана пазіраючы навокал блакітнымі вачыма з даўжэзнымі (падмаляванымі, відаць!) вейкамі, яна дрыготкімі пальцамі то расшпіляла, то зашпіляла гузікі на чорным, па-моднаму шырокім паліто.
– Галубцы масліца захацелася? – занадта ласкава праспявала загадчыца. – А ёй сапсавалі апетыт? Дык апетыт твой хуценька паправяць. У міліцыі.
Яна ўзялася за тэлефонную трубку.
– Дора Майсееўна! – крыкнула Зіна – хударлявая, з падазрона ружовымі шчокамі прадаўшчыца з рыбнага аддзела. – А што ў міліцыі зробяць ёй за гэтыя дзвесце ці трыста грамаў масла? Паўшчуваюць – і ўсё!
Загадчыца ўскінула на нізенькі лоб тое, што пасля стараннай “праполкі” пінцэтам засталося ад броваў:
– Ты прапануеш адпусціць яе?!
– А і адпусцім. Толькі спачатку растлумачым, што ўчынак яе не вельмі прыгожы.
– А то яна, сцерва, сама гэтага не ведае! – заверашчала Вольга з малочнага. – Бач, бельмы вылупіла, нахабніца! У, гадзіна! – Вольга размахнулася і пляснула зладзейку па прыгожым твары.
Вользін учынак падзейнічаў на ўсіх як запалка на аблітае бензінам дрэва.
– Паскудніца! – пасыпалася з усіх бакоў разам з аплявухамі і кухталямі.
– Дайце-ка, дзевачкі, я яе пачастую! – выгукнула, як і звычайна, п’янаватая прыбіральшчыца Клава.
Палаючы круглым тварам, яна наблізілася да зладзейкі і са штучным захапленнем задудукала:
– Ай, прыгажуня! Ай, каралеўна! А мы вось пабачым, якая ты зараз будзеш!
Клава схапіла са стала злашчасны кавалак масла і паднесла яго да вуснаў зладзейкі:
– Жры, халява! Ах, ты не хочаш?!
І яна пачала размазваць масла па твары і галаве сваёй нечаканай здабычы. Пад вачыма ў прыгажуні з’явіліся чорныя пісягі (ага, вейкі ўсё ж падмаляваныя!), пышныя ільняныя валасы тлустымі пасмамі абвіслі вакол твару. А Клава ўжо пэцкала маслам і чорнае моднае паліто, і шалік, і нават зладзейкіны калготкі. Прадаўшчыцы, назіраючы за гэтай камедыяй, гучна рагаталі. Вольга з малочнага прынесла яшчэ адзін кавалак масла. Клава скарыстала і яго. А рэшткі масла запіхнулі зладзейцы за пазуху, а на развітанне па чарзе плюнулі ў нядаўна прывабны, а цяпер варты жалю твар.
Потым прадаўшчыцы схапілі зганьбленую зладзейку падпашкі, вывелі яе праз службовы ўваход і моцна штурхнулі на брудны вільготны асфальт.
– А цяпер ідзі і скардзіся куды хочаш! – задаволена крыкнулі яны ўслед пакаранай злачынцы і разышліся па сваіх месцах.

***
Яшчэ ў пачатку лета Зоя пачала заўважаць, што з ёю адбываецца дзіўнае: то ў халаднаватае надвор’е ёй нечакана зробіцца горача і млосна, то ў спякоту пачнуць мёрзнуць грудзі, то раптам з’явіцца якое-небудзь вар’яцкае жаданне – адкалупнуць ад сцяны кавалак тынкоўкі і з’есці яго.
Разгадка прыйшла сама па сабе, калі яна ў тэрмін не дачакалася “звычайнага жаночага”. Сказаць, што разгадка вельмі ўзрадавала Зою, азначала б сказаць няпраўду.
Яны з Віталём нядаўна пабраліся, не мелі нават уласнага кутка і жылі на прыватнай кватэры ў малюсенькім пакойчыку, куды ўціснулі вузкі ложак і стол-тумбачку. Дзверы, якія аддзялялі іхні пакой ад гаспадарскага, былі зашклёныя, і баба Стася (састарэлая і крыху выжыўшая з розуму маці гаспадара) часта падыходзіла да гэтых дзвярэй і бесцырымонна разглядвала, чым там займаюцца маладыя кватаранты. У бабы Стасі быў ненатуральны белы, нібы абсыпаны мукою, твар і круглыя, з набрынялымі чырвонымі павекамі вочы. Сустракаючы бясцямны позірк гэтых вачэй, Зоя адчувала невытлумачальную жудасць, змешаную з агідай.
Зарплата ў іх, маладых спецыялістаў, амаль смешная. Дапамогі чакаць няма адкуль. Зоя паспрабавала была загаварыць пра тое, каб пазбавіцца ад дзіцяці, але Віталь так раззлаваўся, што яна больш ніколі не пачынала такой гаворкі.
“Вырасцім, – як магла, суцяшала яна сябе, – як-небудзь вырасцім”. “Ой, цяжка будзе! – нашэптваў ёй унутраны голас. – Ты ведаеш, колькі зараз адны паўзункі каштуюць?! Ага, не ведаеш! То-та ж! Не ў лепшы час ты надумалася падараваць жыццё свайму дзіцяці”.
Зоя гнала прэч такія думкі і патроху купляла дзіцячую бялізну.
Яна была звычайнай дзяўчынай са звычайнымі запатрабаваннямі. Ніколі не марыла ні пра норкавае футра, ні пра белы “Мерседэс”, ні пра Канарскія астравы, бо амаль з дзіцячых гадоў прывучыла сябе да стрыманасці ў пачуццях і жаданнях і рана зразумела, што для яе ў жыцці існуе пэўны парог магчымасцей. Зразумела і прыняла як належнае. А калі і з’яўлялася ў душы нешта ад незадаволенасці, яна ўспамінала біблейскае: “кожнаму – сваё” ды яшчэ бацькаў запавет: “Па даходу і расход”. Тым і суцяшалася.
Ёй хацелася сціплага чалавечага шчасця: каб быў у яе ўласны дом і цяпло кахання ў тым доме. Каб быў стол і хлеб на стале. Аказваецца, па цяперашнім часе і гэта – зашмат. Дома ўласнага няма і невядома, калі ён будзе. Сёння нават аднапакаёўка каштуе мільёны. Ёсць каханне, але ці доўга суджана яму саграваць сцены чужога жытла? Хлеб? Яна цяпер доўга разважае, перш чым купіць палавінку белага. А іншы раз так хочацца чаго-небудзь смачнейшага, чым гэты прэсны белы хлеб. Але ўсё часцей прыходзіцца адмаўляць сабе нават у самым неабходным. У яе ж цяперашнім стане гэта так цяжка і крыўдна! І з кожным, здавалася б, дробным ненатоленым жаданнем у яе душы расце пратэст супроць той прыніжанасці, у якой апынулася не толькі Зоя, але і мноства іншых людзей, што з раніцы да ночы вымушаны працаваць толькі на тое, каб задаволіць свае біялагічныя патрэбы. На тое ж, з чаго ўласна і пачынаецца чалавек, не стае ні сілы, ні сродкаў. І ці будзе калі-небудзь канец гэтаму жывёльнаму існаванню? Не відаць пакуль. Горш за тое: хутка яны не змогуць зарабляць нават на ежу. Іхні завод зноў спынілі на невядомы тэрмін. А ёй вось-вось у дэкрэтны. Віталь спрабуе знайсці яшчэ нейкую работу, але пакуль нічога не выходзіць. Не ўмее ён “круціцца”. Непрадпрымальны чалавек. Як і Зоя. Так ужо іх выхавалі. І яны, такія вось, выглядаюць цяпер дзівакамі ў шалёным свеце куплі і продажу. Што ж, будуць “жыць, як набяжыць”. Толькі вось ёй усё тяжэй становіцца стрымліваць тыя самыя свае дробныя жаданні. Зоя разумела, што такім чынам заяўляе пра сябе маленькая істота, якой яны з Віталём далі жыццё. І гэтая істота ўпарта не жадае лічыцца з іхнімі матэрыяльнымі праблемамі.

У той дзень на вочы Зоі трапілася кніга “Дзвесце страў з бульбы”. Яна перагарнула некалькі старонак, і ёй раптам вельмі-вельмі захацелася самай простай стравы – бульбянога пюрэ са сметанковым маслам. Зоя ўсміхнулася:
– Ну, хаця тое добра, што нам з табою, сынок (яна чамусьці была ўпэўнена: народзіцца сын), захацелася бульбы, а не бананаў ці ананасаў. А з бульбаю, дзякаваць Богу, праблем няма.
Зоя паставіла на электраплітку каструлю з вадою і пачала ўжо абіраць бульбу, калі ўспомніла, што сметанковага масла ў іх зараз няма. Тую мізэрную норму, якую па талонах выдавалі на месяц, яны з Віталём мелі неасцярожнасць з’есці значна раней. Хаця Зоя і старалася эканоміць, але вось не атрымалася. Наступную “пайку” (так гаварыў звычайна Віталь) яны атрымаюць недзе дзён праз 8-9. А бульбы з маслам Зоі хацелася сёння.
“Пайду, папрашу без талона, – падумала яна. – Няўжо яны не дадуць без талона нейкія сто грамаў масла?”
У адказ на нясмелую просьбу пра сто грамаў сметанковага масла манументальная прадаўшчыца нават вухам не павяла. Ну, пішчыць там нешта ля падножжа і няхай сабе пішчыць. Надакучыць – змоўкне. А Зоя і не “пішчала” доўга, бо адразу зразумела: дарэмна. Яна вырашыла паехаць на базар, каб там пакласці свае працоўныя “зайчыкі” ў бяздонныя кішэні былых спекулянтаў, якія цяпер завуцца імпартным словам: “бізнесмэны”.
І алей, і сметанковае масла ў “бізнесмэнаў” мелася ў неабмежаванай колькасці і без талонаў. Але мінімальная вага кавалка, які яны прапаноўвалі, – кілаграм. Кілаграм каштаваў 12 тысяч. Зоін з Віталём “капітал” на сённяшні дзень складаў 11 тысяч. І на гэтыя 11 тысяч трэба было пражыць яшчэ некалькі дзён.
І Зоя зноў пайшла ў магазін…

Віталю нарэшце ўдалося знайсці месца, дзе можна было няблага зарабіць. Праўда, змест працы крыху бянтэжыў Віталя. Ён нават засумняваўся: з універсітэцкім дыпломам ісці працаваць у нейкую паўкрымінальную фірму ды яшчэ грузчыкам? Але калі знаёмы назваў суму заробку, Віталь вырашыў часова адмовіцца ад сваіх цяпер, відаць, састарэлых прынцыпаў і паспяшаўся дадому, каб узрадаваць Зою.
Зоі ён дома не застаў. “Відаць, па хлеб пайшла”. – падумаў Віталь і вырашыў згатаваць вячэру. Напяваючы нейкі модны матыўчык, ён падміргнуў бабе Стасі, якая ўжо заняла сваю звычайную пазіцыю ля зашклёных дзвярэй, і ўзяўся за справу.
Недзе праз гадзіну Віталь пачаў злавацца: дзе яна, урэшце, ходзіць столькі часу? Але хутка злосць саступіла месца хваляванню: а што калі з Зояй здарылася благое?
Устрывожаны Віталь ужо апрануўся, каб выйсці з дому, калі на парозе сутыкнуўся з Зояй. Ён з палёгкай уздыхнуў і паімкнуўся быў сказаць ёй прыемную навіну, але папярхнуўся словамі: звычайна такую спакойную, дагледжаную Зою нібыта хто падмяніў: апухлы ад слёз брудна-шэры твар, ускудлачаныя валасы, да якіх, здавалася, некалькі дзён не датыкалася расчоска… Расшпіленае паліто ўсё ў плямах.
Яна кінулася Віталю на шыю і, прыпаўшы да яго ўсім целам, раз-пораз паўтарала адно і тое ж:
– Я не зладзейка! Я не зладзейка! Яны мне не давалі без талона. Я вырашыла сама ўзяць, а потым заплаціць. Я ішла ў касу, а яны мяне… Я не зладзейка!..
– Што ўзяць? У якую касу? – ніяк не мог даўмецца Віталь, але Зоя толькі роспачна плакала.
Уначы ён выклікаў “хуткую дапамогу”, а раніцаю даведаўся, што дзіцяці ў іх з Зояй не будзе.

***
Вось ужо не шанцуе гэтаму малочнаму аддзелу, дык не шанцуе! Учора яго хацела абакрасці нейкая аферыстка, а сёння з самай раніцы ўварваўся ці то п’яны, ці то хворы, ці, можа, проста хуліган. Разбіў вітыннае шкло, параскідваў па гандлёвай зале кавалкі масла і патаптаў іх нагамі. А ў дадатак выліў на галаву прадаўшчыцы вядзёрны бак смятаны. Што б ён вырабляў яшчэ – невядома, каб не міліцыя. Хулігана для заспакаення крыху паўшчувалі па баках гумавай дубінкаю, потым пасадзілі ў машыну і павезлі. Там ён за ўсё разлічыцца…

__________

Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Кавалак масла

© Кадетова Валентина () Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.