публикация №1500115164, версия для печати

Піянерскі барабан


Дата публикации: 15 июля 2017
Автор: Таццяна Дамаронак
Публикатор: Татьяна Домаренок-Кудрявцева (номер депонирования: BY-1500115164)
Рубрика: САМИЗДАТ: ПРОЗА Рассказы


За акном іскрылася лета. Яркае сонца разлівалася па асфальце галоўнага гарадскога праспекта, гуляла з зялёнай лістотаю прыдарожных каштанаў і ліп. У пакоі каля акна стаяў пажылы чалавек. Ён глядзеў уніз, на вуліцу. А па ёй, чаканячы крок, рухалася калона сувораўцаў-барабаншчыкаў. У гэты святочны ліпеньскі дзень яны адкрывалі пешы парад Перамогі ў горадзе-герою Мінску. Барабанны дроб будучых абаронцаў Айчыны быў настолькі выразны, што прымусіў мацней біцца сэрца старога. Ён глядзеў на дзяцей у прыгожай параднай форме, на іх ваенную выпраўку і тут жа ўспамінаў сябе. Сцяпан Іванавіч таксама быў такім у дзяцінстве. Вось толькі не сувораўцам, а піянерам, вядучым барабаншчыкам школьнай дружыны. А зараз ён ужо стаў дзедам. Яго ўнук, Дзіма, цяпер ідзе па праспекце ў шэрагу разам са сваімі сябрамі, сувораўцамі. Гэта ён, яго дарагі хлапчук, хвіліну назад ганарліва зірнуў на дзядулю і, усміхаючыся, старанна адбіваў барабанны дроб.

– Малайчына! Добра ідзе! – як бы пра сябе сказаў дзед.

Ён, вядома ж, ад душы радаваўся за ўнука. Цяпер у сям'і падрастае дастойны грамадзянін і абаронца сваёй краіны.

На сцяне побач з акном вісіць фатаграфія бацькі Сцяпана Іванавіча, прадзеда Дзімы. Ён быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, у ваенны час вызваляў родную краіну, горад Мінск ад нямецкіх захопнікаў. Сцяпан Іванавіч нарадзіўся неўзабаве пасля вайны. Яму таксама давялося служыць у арміі, на пагранічнай заставе ў Брэсце. Толькі гэта быў ужо мірны час.

Сёння Сцяпан Іванавіч надзеў сваю легендарную зялёную фуражку, каб пакрасавацца ў ёй перад акном. Гэтая фуражка шмат значыць не толькі для яго самога. Зялёная фуражка – сімвал мужнасці і гераічнасці, знак прыналежнасці да братэрства Памежных войскаў.

"Пасля параду Дзіма абяцаў зайсці", – успомніў дзядуля.

Ён сеў у крэсла і пагрузіўся ў свае думкі. Аднак, потым, штосьці ўспомніўшы, падышоў да шафы і дастаў адтуль старэнькі пацёрты барабан. Узяў у рукі драўляныя палачкі і пастукаў па барабане. А той, быццам ачуўшыся ад доўгага сну, бадзёра і гучна адказаў свайму гаспадару:

– Та-та-ра-та! Та-та-ра-та! Та-та-ра-та!

– Ты яшчэ жывы! Не забыўся, як трэба іграць! – захапіўся стары.

Ён ізноў сеў у крэсла, трымаючы барабан на каленах.

– А памятаеш, – працягваў Сцяпан Іванавіч, – як мы з табой адбівалі дроб на ўрачыстых лінейках і злётах, у піянерскіх лагерах! Памятаеш, як было весела і цікава жыць у той слаўны час! Колькі радасных дзіцячых твараў заўсёды збіралася вакол цябе! Як мы, піянеры, любілі паходы, песні ля піянерскага кастра пад гітару, начлегі ў палатках! Ты памятаеш, якія горы макулатуры і металалому мы збіралі, як садзілі дрэвы каля школы і ў парку, як прыходзілі да ветэранаў вайны, каб дапамагчы ім у хаце па гаспадарцы. А піянерскі горн? Ён гучаў штораніцы ў піянерскім лагеры, будзіў дзяцей і выправаджваў на ранішнюю зарадку. Потым збіраў іх на сняданак, абед, вячэру, клікаў на піянерскія мерапрыемствы. Толькі дзе ён, гэты горн, цяпер, я не ведаю.

Стары замоўк. Ён зноў пра штосьці задумаўся. Але тут раздаўся званок у дзверы. Дзядуля павольна ўстаў і пайшоў адчыняць. На парозе стаяў яго ўнук і яшчэ нейкі незнаёмы хлапчук.

– Прывітанне! – Дзіма абняў дзеда, з усмешкай паказаў на сябра. – Гэта Санька! Мой прыяцель. Я з ім вучыўся да пятага класа. У іх школьнай піянерскай дружыне няма барабана і горна. Санька забраў стары горн у свайго дзеда, а пра барабан я ўспомніў. Ён ёсць у цябе. Ты аддасі яго піянерам?

– Вядома, аддам! З задавальненнем! – амаль крыкнуў Сцяпан Іванавіч. – Барабан добры, гучыць гучна! Я правяраў!

І стары, жэстам запрасіўшы дзяцей у пакой, заспяшаўся да крэсла. Там яго чакаў сябар далёкага дзяцінства, стары барабан піянерскай дружыны.

"Як цудоўна! – радаваўся дзед. – Зараз лёс майго піянерскага сябра рэзка зменіцца ў лепшы бок. У руках добрага хлапчука ён ажыве, і ўсе піянеры цяперашняга часу пачуюць яго бойкі і адважны ўрачысты голас!"

Сцяпан Іванавіч падняў з крэсла свой старэнькі барабан, які мноства гадоў без справы праляжаў у шафе, і перадаў яго ў рукі Саньке. Толькі цяпер стары заўважыў на грудзі ў хлапчука акуратна павязаны чырвона-зялёны піянерскі гальштук. "У нас ён быў пунсовага колеру”, – падумаў Сцяпан Іванавіч, але нічога не сказаў дзецям.

Час змяняецца, змяняюцца нейкія традыцыі. Але дзеці – яны ўсё тыя ж – адважныя, добрыя, чулыя да чужых нягод, імкнуцца камусьці дапамагчы, ствараюць добрыя справы.

"А піянерскі кліч у іх усё той жа?" – успомніў дзядуля і спачатку нерашуча, але потым, усё ж, гучна прамовіў:

– Піянер! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзь гатоў!

– Заўжды гатоў! – адказаў Санька і з падзякай узяў барабан з рук  вядучага барабаншчыка піянерскай дружыны мінулых, але незабыўных школьных гадоў.

 

29.05.17 

 

Опубликовано 15 июля 2017 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1500115164 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY САМИЗДАТ: ПРОЗА Піянерскі барабан

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network