Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (5)

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА


ПОЛИТИКА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (5). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Вацлаў Чэрны

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №51 2000 ГОД


Частка пятая

„Але калi славянскiя народы… будуць вызвалены з-пад ярма… i зажывуць новым, свабодным i, магчыма, самастойным жыцьцём, тады, на маё глыбокае перакананьне, пэўнае i непахiснае, ня будзе мець Расея, i нiколi яшчэ ня мела, большых ненавiсьнiкаў, зайздросьнiкаў, паклёпнiкаў, нават яўных ворагаў, нiж усе гэтыя славянскiя народы, варта iх толькi Расеi вызвалiць, а Эўропе наважыцца за вызваленыя прызнаць. I не пярэчце мне, не адмаўляйце i не крычыце, што я перабольшваю цi што я ненавiсьнiк славянаў! Наадварот, я вельмi люблю славянаў, але я ня буду нават абараняцца, бо ведаю, што ўсё здарыцца менавiта так, як я кажу… Славяне, калi будуць вызваленыя, пачнуць сваё новае жыцьцё — паўтараю — менавiта з таго, што выпрасяць ад Эўропы, напрыклад, ад Ангельшчыны i Нямеччыны, гарантыю абароны сваёй свабоды, i хай у канцэрце эўрапейскiх дзяржаваў будзе й Расея, усё ж славяне гэтак учыняць толькi дзеля абароны ад Расеi. Славяне пачнуць сваё новае жыцьцё, без усякага сумневу, з таго, што ў думках — а можа i ўголас! — скажуць сабе (i будуць у тым перакананыя), што яны не абавязаныя Расеi анi найменшай падзякi, наадварот, што пры заключэньнi мiру яны ледзь уратавалiся ад уладалюбнасьцi Расеi дзякуючы ўступленьню эўрапейскага канцэрту, i што — не ўступiся Эўропа — Расея, вызвалiўшы iх ад туркаў, адразу б iх праглынула, „каб пашырыць свае межы i заснаваць вялiкую ўсеславянскую iмпэрыю, падначалiўшы славянаў хцiваму, падступнаму i барбарскаму народу вялiкарускаму“. Доўга, о, доўга яшчэ славяне ня будуць у стане прызнаць бескарысьлiвасьць Расеi i яе ўзьнёслую, сьвятую, нечуваную ў сьвеце вайну за перамогу найузьнёсьлейшай з усiх думак, якiмi жывы чалавек i безь якiх чалавецтва, калi думкi тыя перастаюць у iм жыць, марнее i памiрае, пакрытае ранамi i зьнясiленае. Дапрыкладу, цi зразумелi нарэшце славяне цяперашнюю ўсенародную вайну расейскую, вайну нашага народу расейскага i цара яго, узьнятую супраць вырадкаў чалавецтва за вызваленьне няшчасных народаў? Як вы думаеце? Але ня буду казаць пра цяпершчыну; цяпер мы славянам яшчэ патрэбныя, бо мы iх вызваляем, аднак потым, калi мы iх вызвалiм i яны ў сябе больш-менш уладкуюцца, — цi прызнаюць яны тады вайну гэтую за вялiкi чын, ажыцьцёўлены дзеля iхнага вызваленьня?.. Не, не прызнаюць нi за што на сьвеце!.. Яшчэ цэлых сто год, а можа i больш, будуць славяне безупынна трэсьцiся за свабоду сваю i баяцца расейскае ўладалюбнасьцi; будуць лашчыцца да эўрапейскiх дзяржаваў, будуць лаяць Расею, паклёпнiчаць на яе i строiць супраць яе падкопы… усё наступнае стагодзьдзе, вiдаць, будзе Расея змагацца з абмежаванасьцю i ўпартасьцю славянаў, зь iх дурнымi звычкамi, зь iх беспахiбнай i блiзкай здрадай, якую тыя ўчыняць славянскай справе дзеля эўрапейскiх формаў палiтычнага i сацыяльнага ўладкаваньня, да якiх яны прагна пацягнуцца…“

Ф.М.Дастаеўскi, 1877 г.

Панславiзм i саветызм

Вось жа, прадказаньне амаль генiяльнае! (N’en voilа-t-il pas une…)48 Нас, славянаў, Дастаеўскi сапраўды ведае добра, гэта варта адзначыць! Але, магчыма, гэта толькi праз тое, што ён ведае натуру чалавечую ўвогуле. А што калi гэта, наадварот, праз тое, што яшчэ лепей, чым натуру славянаў, ён ведае праўдзiвую натуру расейскай палiтычнай улады? Бо хоць i зьдзiўляе беспамылковае прадказаньне, што „вызваленыя“ славяне сваiх расейскiх вызвольнiкаў жорстка аблаюць i будуць дзейнiчаць супраць iх разам з „Эўропай“, але калi гэтае абвiнавачаньне a priori49 мае цаляць у самы цэнтар i несьцi ў сабе апраўдальны сэнс, яно мусiць увадначас прыносiць i доказ, што славянскiя „намовы“ будуць iлжывымi i неправамоцнымi. Гэта Дастаеўскi адчувае надзвычай добра (i надзвычай добра ведае магчымыя прычыны славянскiх нараканьняў), таму ў зьвязку з абвiнавачаньнем у сваiм артыкуле „Досыць асаблiвае слоўца пра славянаў, якое я даўно ўжо хацеў сказаць“ ён дае Расеi параду, якую мы ня можам з кантэксту выдалiць: „Па-першае, Расея… ня будзе нават думаць пра тое — i нiколi такога ня здарыцца, — каб за кошт славянаў пашырыць сваю тэрыторыю, далучыць iх да сябе палiтычна, зрабiць зь iхных земляў расейскiя губэрнi i г.д. Усе славяне, як i ўся Эўропа, яшчэ й цяпер падазраюць Расею, што яна да гэтага ймкнецца, i будуць яе ў гэтым падазраваць яшчэ цэлых сто год. Але баранi Бог Расею ад гэтых памкненьняў! Чым больш чыстае палiтычнае бескарысьлiвасьцi выкажа Расея што да славянаў, тым хутчэй ёй удасца злучыць iх вакол сябе — пазьней, праз гады, праз сто год. I наадварот, калi Расея адразу ж славянам дасьць як мага больш палiтычнай свабоды i адмовiцца ад усякага апякунства й прызору над iмi, паабяцаўшы, што заўжды аголiць меч супраць тых, хто зробiць замах на свабоду i народнасьць славянаў, тады Расея пазбудзецца надзвычайных намаганьняў i клопатаў, якiя б узьнiклi, калi б яна хацела ўтрымлiваць гвалтам гэтае апякунства над славянамi i свой палiтычны на iх уплыў, але ўвадначас яна, безумоўна, выклiкала б да сябе ў славянаў нянавiсьць, а ў Эўропы пастаяннае падазрэньне. Вось жа, варта Расеi выказаць поўную бескарысьлiвасьць, i яна падначалiць сабе славянаў i ўрэшце iх да сябе прывабiць; спачатку яны прыбягуць да яе ў бядзе, але потым канчаткова ўсе да яе вернуцца i прыгорнуцца, ужо з поўным, дзiцячым даверам. Усе вернуцца ў роднае гняздо“.

Voilа qui est clair!50 „Здрадлiвыя“ славяне апынаюцца ў зусiм iншым сьвятле! Калi можна было меркаваць, што царскi аўтакратычны iмпэрыялiзм, насуперак усiм радам сваiх Дастаеўскiх i iх аптымiстычнаму перакананьню, эсэнцыяльна i, паводле самой сваёй сутнасьцi, няздольны да „палiтычнае бескарысьлiвасьцi“ i тварэньня свабоды, чужой цi ўласнай — нават калi б i хацеў, — дык славянскiя народы i Эўропа мелi, вiдаць, права меркаваць, што рэжым сацыялiстычны (у процiлегласьць папярэдняму), якi ўзьнiк зруйнаваньнем гэтага царскага аўтакратызму i якi ад пачатку палягаў у выкрываньнi ўсiх iмпэрыялiстаў ды абяцаў канчатковае вызваленьне чалавецтва, прыўнясе ў стаўленьне да славянскiх (i астатнiх) народаў духоўныя пажаданьнii, iнсьпiрацыю i магчымасьцi зусiм iншыя i новыя. Рэальнасьць паказала, што характар iмпэрыялiзму артадаксальнае аўтакратыi ды iмпэрыялiзму савецкага абсалютна iдэнтычны i што абяцаньнi, абвешчаныя urbi et orbi, урачыстыя дэклярацыi прынцыпаў i абвiнавачаньнi фашысцкiх злачынстваў былi хiба новым, наступным бiзантызмам, што каранаваў бiзантызм спрадвечны i вечны. <…>

Як бы там нi было, перад намi нядаўнi наш лёс ставiць пытаньне стасункаў панславiзму i саветызму цi савецкага панславiзму!

* * *

Якое багатае ўяўленьне трэба мець, каб заснаваць нейкi адменьнiк славiзму на падмурку марксiзму — афiцыйнай iдэалёгii Саветаў! Iншымi словамi, злучыць агонь i ваду. Гэта прадпрыемства, вартае бiзантыйскага мысьленьня. Бо погляды Карла Маркса на славянаў вядомыя. Пра нацыянальныя памкненьнi славянаў ён выказваецца ўжо ў кнiзе „Рэвалюцыя i контрарэвалюцыя ў Нямеччыне 1848 г.“ (пiсанай у 1851-1852 гадох): „Спробы славянаў аднавiць у Нямеччыне [разумей: у iмпэрыi, то бок перадусiм у Аўстрыi] сваё незалежнае нацыянальнае iснаваньне пакуль што i, праўдападобна, назаўжды скончылiся. Параскiданыя рэшткi шматлiкiх народаў, чыя народнасьць i палiтычная жыцьцяздольнасьць даўно адумерлi i якiя тысячу год былi змушаны крочыць па сьлядах мацнейшага [разумей: нямецкага], перамогшага iх, народу; <…> народы гэтыя, якiя ўжа мала ня вымерлi, — чэхi, славяне карынцкiя, далмацкiя i г.д. — паспрабавалi скарыстацца ўсеагульным бязладзьдзем 1848 г., каб аднавiць свой палiтычны status quo тысячагадовае даўнасьцi. Гiсторыя аднаго тысячагодзьдзя мела iх навучыць, што такi крок назад немагчымы, а той факт, што ўся тэрыторыя на ўсход ад Эльбы i Заале была калiсьцi занятая роднаснымi славянскiмi плямёнамi, папросту даказвае гiстарычную тэндэнцыю i ўвадначас фiзычную i iнтэлектуальную здатнасьць нямецкага народу падначалiць сабе, паглынуць i асымiляваць сваiх былых усходнiх суседзяў. Гэтая паглынальная тэндэнцыя з боку немцаў заўсёды была i ўсё яшчэ ёсьць адным з наймагутнейшых сродкаў, якiмi цывiлiзацыя заходняй Эўропы пашыралася на ўсходзе нашага кантынэнту; яна можа спынiцца толькi тады, калi германiзацыйны працэс дасягне межаў вялiкiх, згуртаваных i неразьяднаных народаў, здатных для незалежнага нацыянальнага жыцьця, якiмi ёсьць мадзяры i, у пэўнай ступенi, палякi. Такiм чынам, народам гэтым, ад якiх ужо мала што засталося, не выпадае нiчога iншага, як прыняць натуральны i немiнучы свой лёс, то бок даць скончыцца працэсу iх раскладаньня i паглынаньня мацнейшымi суседзьмi. <…> Здраднiкi народнай справе — абаронцы й стаўпы зламыснай аўстрыйскай палiтыкi — самi сябе ў вачох усiх рэвалюцыйных народаў паставiлi па-за законам. <…> Нiколi ня будзе забыта, што ў Празе, напаўнямецкiм горадзе, натоўпы славянскiх фанатыкаў захоплена крычалi: „Лепей расейскую пугу, чым нямецкую свабоду!“ Па iх першым, хутка згаслым, намаганьнi 1848 г. i па навуцы, якую дала iм аўстрыйская ўлада, непраўдападобна, што пры пазьнейшай аказii будзе зроблена наступная спроба. А калi б яны зноў усё ж паспрабавалi на падобных падставах злучыцца з антырэвалюцыйнымi сiламi — абавязак Нямеччыны ясны. Нiводная краiна ў стане рэвалюцыi, якая ўвадначас змагаецца супраць замежнага ворага, ня можа стрываць Вандэю ў самым сваiм сэрцы!“ Гэтая старонка — сапраўдная сымфонiя расавай нянавiсьцi, гiстарычнага фальшаваньня i журналiсцкага скандалiзаваньня. Яе сутаргавую, квазiпатэтычную гратэскнасьць утаймоўвае толькi нюанс сапраўднае комiкi, якой яна афарбоўваецца, калi мы зiрнем на рэальны развой пазьнейшай гiсторыi, гэтак кепска разабраны i прадказаны заснавальнiкам „гiстарычнага“ матэрыялiзму. Словы пра „фiзычную i iнтэлектуальную здатнасьць нямецкага народу падначалiць сабе, паглынуць i асымiляваць сваiх былых [!] усходнiх суседзяў“ <…> ды пра тое, што славянскiм народам „натуральна i немiнуча“ не застаецца нiчога iншага, як, дзеля ўласнага выратаваньня, „даць скончыцца працэсу iх раскладаньня i паглынаньня мацнейшымi суседзьмi“, вельмi нагадваюць Гiтлеравы тэорыi нямецкага Lebensraum’у. <…> Т.Г.Масарык гаворыць (у „Пытаньнi сацыяльным“, 1898 г.), што Маркс i Энгельс справаў славянскiх зусiм не разумеюць, славянскае пытаньне атаясамлiваюць з панславiзмам i ацэньваюць народы спрошчана, выключна „паводле ступенi iхнай рэвалюцыйнасьцi“; Маркса да гэтага, апрача ўсяго iншага, вядуць i „антыпатыi чыста асабiстыя“, найперш яго даўняя нянавiсьць да славянiна Бакунiна. <…> Расею, як галоўную апору эўрапейскай рэакцыi, ён ненавiдзiць. Да палякаў ён мае сымпатыi, зважаючы на iхную рэвалюцыйнасьць. Пра чэхаў i балканскiх славянаў гаворыць з дробязнай перадузятасьцю, а часта й нянавiсьцю пангерманiста, нават не даючы сабе клопату паспрабаваць адрозьнiць дэмакратычны славiзм Палацкага i iмпэрскi панрусiзм маскоўскi, хоць i iдзецца пра канцэпцыi зусiм процiлеглыя. <…> Як бы там нi было, робiцца вiдавочна, што марксiзм i панславiзм адзiн аднаго выключаюць; i ня мае значэньня, што Марксавы вучнi шчыра iмкнулiся выправiць — асаблiва ў дачыненьнi да расейцаў i чэхаў — Марксавы нянавiдныя памылкi i пазбавiць вастрынi ягоны антыславiзм (К.Каўцкi, Адлер i iнш.). Савецкi марксiзм ня можа паладзiць з панславiзмам анi ў якiм сваiм выглядзе, i савецкая палiтыка гэтую аксыёму ад пачатку толькi пацьвярджала, варта згадаць хоць бы тое, што ўласную рэвалюцыю яна доўга i ўпарта разумела адно як „пралёгавую“ да рэвалюцыi нямецкай, адзiна вырашальнай у Эўропе, або тое, якую пазыцыю яна займала (а ў 1940 г. i паводзiла сябе) у дачыненьнi да Польшчы цi да нацыянальнага i дзяржаўнага адзiнства чэхаў ды славакаў. Польшча, Чэхаславакiя, дый Югаславiя, на працягу двух дзесяцiгодзьдзяў для афiцыйнай савецкай палiтыкi былi толькi „вязьнiцамi прыгнечаных неславянскiх народаў“, якiя пераможная пралетарская рэвалюцыя павiнная разбурыць; гэтаксама выглядала й пазыцыя камунiстычных партыяў у самiх гэтых дзяржавах. Малым славянскiм (i неславянскiм) народам не было чаго спадзявацца ад маскоўскай палiтыкi, чый хвалёны нацыянальны рэжым можна каротка выказаць формулай, вынайдзенай Дзюранам: „Accorder aux nationalitйs tout ce qui est opportun, exceptй le pouvoir“51. Гэтае „tout ce qui est opportun“ рэзюмуецца проста: бясшкодны фальклёр. Рэальная ўлада застаецца манаполiяй iнтэрнацыянальнай рэвалюцыйнай партыi — у гэтым уся сутнасьць рашэньня. Яно было прынятае на самым пачатку рэвалюцыi, на VIII зьезьдзе бальшавiцкае партыi, у сакавiку 1919 г. Зьезд разважыў так: „Украiна, Латвiя, Лiтва i Беларусь ёсьць на сёньняшнi дзень асобнымi савецкiмi рэспублiкамi. Гэтым пакуль вырашаецца пытаньне формаў адмiнiстратыўнага жыцьця. Але гэта нi ў якiм разе ня значыць, што i расейская камунiстычная партыя адначасова мусiць рэарганiзавацца ў фэдэрацыю самастойных камунiстычных партыяў. VIII зьезд партыi пастанаўляе: неабходна, каб была адзiная цэнтралiзаваная камунiстычная партыя з адным цэнтральным камiтэтам, што мае кiраваць усёй працай партыi ва ўсiх частках РСФСР. Усе рашэньнi расейскай камунiстычнай партыi i яе кiраўнiчых органаў без выключэньняў абавязковыя для ўсiх частак партыi незалежна ад iх нацыянальнага складу…“ Абсалютна вiдавочна, што сыстэма будзе дазаваць i камбiнаваць фэдэралiзм нацыянальны з найжорсткiм цэнтралiзмам адзiнае партыi, партыi мiжнароднага камунiзму, выключна якой належыць фактычная ўлада.

Ужо ўперад можна было дапусьцiць, што гэты рэжым, калi й падступiцца да палiтыкi пэўнай славянiзацыi, зробiць гэта толькi з прычынаў тактычнага апартунiзму i ў духу той самай маралi рэвалюцыйных мэтаў, якая ня грэбуе нiякiмi сродкамi. I наадварот: можна было меркаваць, што, як толькi тактыка загадае, рэжым ня будзе вагацца, скарыстацца славiзмам цi не: панславiзм, некалi ў Расеi сынанiмiчны з царскай рэакцыяй, праявiўся б тады ў анэксii iдэяў рэвалюцыйных, застаючыся ўвадначас прыладай iдэнтычнага абсалютысцкага расейскага iмпэрыялiзму. Такая неабходнасьць паўстала ў чэрвенi 1941 г., па нападзе гiтлераўскiх войскаў на Савецкi саюз. Савецкi volte-face52 быў тым больш кiдкi, што ў савецкай палiтыцы да таго часу не было анi найменшых сьлядоў якога б там нi было славiзму: хiба можна лiчыць за праяву славянскае ўзаемнасьцi паводзiны Саветаў за польска-нямецкага пэрыяду другой сусьветнай вайны i гвалтоўнае заняцьце тэрыторыi польскай дзяржавы па-за сьпiнамi змагароў польскага войска. <…> Ужо на трэцiм месяцы па нападзе нямецкiх войскаў на Расею, у верасьнi 1941 г., у Маскве арганiзоўваюцца першыя мiжславянскiя нарады i грамадзкiя праславянскiя манiфэстацыi, што рыхтуюць склiканьне Славянскага зьезду, якi адбыўся ў Маскве ўжо 4-5 красавiка 1942 г. Зьезд выдае манiфэст да „паняволеных братоў славянаў“, утварае Ўсеславянскi камiтэт з цэнтрам у Маскве (iнстытуцыю, што iснуе i дагэтуль), якi арганiзоўвае мiжславянскiя кантакты, увасобленыя, галоўным чынам, у рэгулярным правядзеньнi наступных усеславянскiх зьездаў у розных славянскiх гарадох, пачынае — з чэрвеня 1942 г. — выдаваць уласны орган — месячнiк Славяне, задумвае заснаваць (i, вядома, кiраваць iмi) арганiзацыi ўсеславянскага адзiнства i супрацоўнiцтва паўсюль у сьвеце, у тым лiку неславянскiм, дзе славяне жывуць, каб згуртаваць iх у чужым асяродзьдзi на карысьць славянскай iдэi (гэтая iнiцыятыва потым сапраўды прывяла да публiчных выступаў славянаў у Лёндане ды Амэрыцы i да заснаваньня адпаведных таварыстваў). Уважлiвы назiральнiк мог заўважыць, акрамя чыста апартунiстычнай даты гэтых манiфэстацыяў, i яшчэ сёе-тое: я найперш маю на ўвазе выбар рэпрэзэнтатыўных асобаў зьезду i камiтэту. Яны выбiраюцца цi, пераважна, з асобаў савецкiх, пры гэтым зь людзей наскрозь рэжымных або ўсеагульна вядомых культурных дзеячоў (Шастаковiч), з выгляду апалiтычных цi надпартыйных, але заўсёды дасягальных савецкай уладай i ад яе цалкам залежных, цi, нарэшце, з прадстаўнiкоў iншых славянскiх народаў, аднак заўжды тых, якiя, пакiнуўшы з прычыны вайны радзiму, абралi за свой прыстанак Маскву. <…> Гэтаксама пра цалкам тактычны характар савецкага славiзму мог сьведчыць i характар часопiса Славяне, толькi палiтычна актуальнага, антыфашысцкага, скiраванага на мэты ваеннае прапаганды i на экзальтацыю Чырвонае армii, заклiканай вызвалiць славянскiя народы. <…> Сярод усiх гэтых праяваў абноўленага славiзму не было анiводнай, якая б датычыла прынцыповых пытаньняў славянскае праблематыкi, уздымала праблемы будучага славянства а longue vue53 i ўвогуле прапаноўвала хоць нейкую новую праграму славянскае чыннасьцi i супрацоўнiцтва. <…> Калi практычна супольная палiтыка славянскiх народаў вычэрпвалася на той момант змаганьнем супраць фашызму, яна, праз часовасьць i нэгатыўнасьць сваёй iдэi, нiяк не магла ў будучынi застацца адзiным зьместам новага славiзму. Тым ня менш тост Сталiна на банкеце ў Крамлi ў сьнежнi 1943 г., калi там у атмасфэры добра арганiзаванай сардэчнасьцi i пры ўдзеле прадстаўнiкоў усiх славянскiх народаў прымалi доктара Бэнэша для падпiсаньня саюзнай чэхаславацка-савецкай дамовы, заканчваецца, паводле сьведчаньня Бэнэша, так: „Каб зрабiць гэта магчымым [то бок канчаткова спынiць нямецкi Drang nach Osten54], найперш усе народы славянскiя мусяць злучыцца i аддацца цеснай сумеснай працы. Калi яны гэтага не зразумеюць, празь нейкiя дваццаць-трыццаць гадоў немец нападзе на iх зноў. Iх сумесная палiтыка ёсьць iхным жыцьцёвым iнтарэсам, i мы мусiм зрабiць усё, што ў нашых сiлах, каб яе ажыцьцявiць, новую вайну, такiм чынам, папярэдзiўшы“.

<…> I ўсё ж сярод славянаў, што ў Саветамi распачатым славiзьме bona fide55 ўдзельнiчалi, быў чалавек, якi выразна ўсьведамляў недастатковасьць такога славiзму i небясьпеку, схаваную ў ягоных заганах, i наўпрост на гэта зьвярнуў iх увагу, нават перасьцярогшы Саветы ад магчымай спакусы, у якой бы яны маглi апынуцца, злоўжываючы славянскай праграмай. Гэта быў… сам Эдвард Бэнэш! Ягоная канцэпцыя славянскай паваеннай палiтыкi была, уласна, яе адзiна рэальнай i поўнай праграмай, пададзенай у рамках славянскае дзейнасьцi ў часе вайны. Гэта яўны працяг, разьвiцьцё i актуальная адаптацыя думак Палацкага i Масарыка; iншымi словамi, гэта канцэпцыя славiзму дэмакратычнага i новая спроба ўключыць паваенную палiтыку славянскiх дзяржаваў, у тым лiку Расеi, у агульны развой дэмакратычнага сьвету. Учынiў ён гэта шэрагам артыкулаў, якiя — сабраныя — утварылi аснову ягонай кнiгi „Роздумы пра славянства“. <…>

„Пытаньне, — гаворыць Эдвард Бэнэш, — вядома, усё ж застаецца: цi ня вернецца па вайне расейская камунiстычная партыя, а пад ейным уплывам i Савецкi саюз, да чыстай камунiстычнай дактрыны i цi не застанецца ў вынiку гэтага яе славянства часоў вайны адно звычайнаю тактыкай? З гэтым, як адной з мажлiвасьцяў, трэба лiчыцца, бо нельга забыцца на два iстотныя i прынцыповыя элемэнты камунiстычнай дактрыны, якiя будуць абумоўлiваць практычную палiтыку Савецкага саюзу, калi тэарэтычным арыенцiрам для ягонай практычнай палiтыкi i надалей застанецца камунiстычная тэорыя:

а) Зыходзячы з прынцыпаў марксiсцка-ленiнскай фiлязофска-гiстарычнай матэрыялiстычнай канцэпцыi, камунiстычная партыя ставiць па-над усiмi астатнiмi iдэалёгiямi праблемы сацыяльна-эканамiчныя, а значыць, яна заўжды будзе ставiць iнтарэсы сацыяльна-эканамiчныя па-над усiмi iнтарэсамi нацыянальнымi i славянскiмi, якiмi пры неабходнасьцi можна ахвяраваць iнтарэсам сацыяльна-палiтычным.

б) Зыходзячы з рэлятывiсцкай канцэпцыi грамадзкай духоўнасьцi i маралi ўвогуле (вынiку свайго фiлязофска-гiстарычнага матэрыялiзму), камунiстычная тэорыя i практыка за найвышэйшую сацыяльную вартасьць уважае камунiстычны рэжым грамадзянскi i дзяржаўны; гэты рэжым, такiм чынам, для кожнай маральнай канцэпцыi ёсьць найвышэйшым крытэрам, паводле якога ацэньваецца практычны прагрэс кожнага чалавека ў сваiм прыватным i грамадзкiм жыцьцi. Значыць, гэтаму крытэру будзе падпарадкоўвацца i ўсякая нацыянальная i славянская iдэалёгiя… У такiм разе, аднак, для спрыяльнага разгортваньня гэтага прагрэсу ў… народаў славянскiх адразу ж зьяўляюцца дзьве перашкоды:

а) Як заўсёды ў мiнуўшчыне пры дыскусii пра славянскую палiтыку, так i сёньня малыя дзяржавы славянскiя — а разам зь iмi i амаль усе неславянскiя — пытаюцца, цi ня значыць, урэшце, савецкi славянскi рух распушчэньня малых славянскiх дзяржаваў у вялiкiм саюзе дзяржаваў савецкiх. Цяпер супраць такога вынiку новага славянства выступае пераважная бальшыня насельнiцтва адпаведных славянскiх дзяржаваў i прынамсi гэтак жа рашуча ўся астатняя Эўропа i астатнi сьвет;

б) Гэтаксама, як у мiнуўшчыне пад сьцягам славянскай палiтыкi iшлося пра расейскi мэсiянiзм правы, цяпер бы iшлося пра расейскi (савецкi) мэсiянiзм левы. Не сакрэт, што ўсе славянскiя мэсiянiзмы, якiя дагэтуль ужо iснавалi (мэсiянiзм Колараў, мэсiянiзм польскi, мэсiянiзм славянафiльскi) i мелi за мэту вышэйшую ступень нейкай славянскай культурнае i палiтычнае лучнасьцi, славянаў расчаравалi. Вiдавочна, ня меў бы посьпеху i славянскi мэсiянiзм камунiстычны, калi б ён ставiў перад сабой тыя дзьве мэты, якiя яму прыпiсваюць ягоныя супрацiўнiкi з вышэйпрыведзеных асьцярогаў (то бок паглынаньня дзяржаваў славянскiх Савецкiм саюзам i камунiзацыi славянскiх народаў паводле савецкага ўзору).

З гэтага я раблю высновы:

а) Носьбiты новага славянскага руху ў Савецкiм саюзе i афiцыйная савецкая палiтыка (пры ўмове, што яна руху будзе адпавядаць), калi яны сапраўды iмкнуцца да таго, каб новае славянства падтрымаць, пашырыць i ўтрымаць навечна, мусяць паказаць астатнiм малым дзяржавам славянскiм, што новае славянства нiякiм чынам не пагражае i ня будзе пагражаць iх дзяржаўнай незалежнасьцi…

б) Камунiсты, якiя новы славянскi рух прымаюць, прапагандуюць i падтрымлiваюць, павiнныя паказаць, што гэтая iхная чыннасьць цалкам незалежная ад iх унутранай палiтычнай i сацыяльнай дактрыны, што яна ня мае нiякiх беспасярэдне агiтацыйных унутраных мэтаў у асяродзьдзi свайго народу, што ня йдзецца пра камунiзацыю iншых народаў славянскiх, цi, iнакш кажучы, яны мусяць iмкнуцца да таго, каб г.зв. новая народная i дэмакратычная славянская палiтыка сапраўды была для самой сябе мэтай, у тым лiку i з гледзiшча мiжнароднага, i нi ў якiм разе ня сродкам цi прыладай для ўнутрыпалiтычных мэтаў адной палiтычнае партыi“. <…> На працягу ўсёй вайны i па вяртаньнi дадому доктар Эдвард Бэнэш пiльна i клапатлiва займаўся праблемай стасункаў Усходу i Захаду, Саветаў i сьвету, дэмакратыi i камунiзму. Для яго было ясна, што абодва бакi i па вайне мусяць працягваць рух па лiнii супрацоўнiцтва, запачаткаваны ў змаганьнi. „Я сам, — кажа ён, — на ўсе пытаньнi што да сёньняшняй агульнае мiжнароднае сытуацыi адказваю цалкам адназначна: я лiчу, што мiрнае супрацоўнiцтва абодвух бакоў магчымае i што яно слушнае i патрэбнае, каб — гэтаксама, як i ў вайну, — i сёньня абедзьве сыстэмы згодна маглi супрацоўнiчаць i талераваць адна да адной“. А крыху вышэй: „Урэшце, сам Савецкi саюз ад часоў свайго заснаваньня iстотна зьмянiўся, i змушаны будзе зьмяняцца i надалей. Бо й для Савецкага саюзу галоўным пытаньнем станецца пытаньне пра шлях, якiм яму трэба iсьцi далей, каб цьвёрда ўтрымацца на сваiх новых сусьветных пазыцыях. Натуральна, што ад iншых у крытыцы свайго рэжыму ды мэтадаў ён патрабуе разуменьня i талерантнасьцi. Аднак гэтак жа натуральна, што ў сваёй крытыцы iншых рэжымаў ды мэтадаў ён таксама мусiць праявiць тое самае разуменьне i тую самую талерантнасьць. Поўнае i канчатковае прызнаньне й рэспэкт прынцыпу, што кожная свабодная дзяржава мае iсьцi шляхам, якi яе найбольш здавальняе, ёсьць неабходнай умовай усякага мiрнага супрацоўнiцтва ў сьвеце. Iнакш увесь развой зноў прывядзе да вайны, прытым да вайны страшнейшай, чым была апошняя. Хочам мы таго цi ня хочам?“

<…> Бэнэш выступае за „сапраўднае сучаснае рэалiстычнае славянства, якое безь вялiкарамантычных палiтычных плянаў пра нейкiя славянскiя iмпэрыi i нейкiя палiтычныя, нацыянальныя цi сацыяльныя мэсiянiзмы наперад створыць вольнага, здаровага i сацыяльна здаволенага чалавека й грамадзянiна ў сябе дома, у кожнай асобнай славянскай дзяржаве“. <…> Стары панславiзм, несумненна, мёртвы, формай i зьместам, i Бэнэш пiша найперш пра тое, чым ня можа i не павiнен быць славiзм новы: „Новае славянства ўсё, што неяк нагадвае рэакцыю славянафiльства, панславiзм, панрусiзм i ранейшае польскае цi расейскае мэсiянства, а ўрэшце i даваенны новаславiзм, будзе ўважаць за канчаткова пахаванае“. <…> З будучага славiзму мусiць „зьнiкнуць элемэнт мэсiянiзму, мэсiянiзму якога заўгодна гатунку, у тым лiку й камунiстычнага“, бо „ў аснове кожнага мэсiянiзму ляжаць яго прыроджаныя iдэi немiнучай манii вялiкасьцi i перавагi над iншымi, якiя немiнуча выклiкаюць адпор“. <…> Што ж застанецца ад панславiзму, калi мы зь яго выдалiм усе элемэнты мэсiянiзму — палiтычнага, нацыянальнага i рэлiгiйнага? Здаецца, адно толькi думка пра пастаянную гiстарычную германскую небясьпеку, што выцякае з натуральнага гiстарычнага суседзтва абедзьвюх этнiчных групаў. Бэнэш, зразумела, нязгодны бачыць сэнс будучага славiзму толькi з гэтага чыста нэгатыўнага гледзiшча. „Было б усё ж памылкай разумець iдэю палiтычнае славянскае салiдарнасьцi выключна i аднабакова з гледзiшча супярэчнасьцяў германцаў са славянамi. Сапраўднае прызначэньне славянаў мае сэнс ня толькi абарончы i нэгатыўны, славянства можа й павiнна быць у сьвеце перадусiм чыньнiкам канструктыўным i пазытыўным.“ Пераходзячы да пазытыўнага сэнсу будучага славiзму, Бэнэш бачыць у другой сусьветнай вайне найперш магчымасьць для славянскiх народаў i дзяржаваў канчаткова вырашыць усе свае ўнутрынацыянальныя пытаньнi (праблема нацыянальнага адзiнства чэхаў i славакаў, сэрбаў i харватаў, расейцаў i ўкраiнцаў) i ўсе спрэчкi мiжнароднай славянскай палiтыкi (межы расейска-польскiя, польска-чэскiя, югаслаўска-баўгарскiя); адбыцца гэта павiнна шляхам дамовы, на аснове дэмакратычных кампрамiсаў; у будучынi тэрыторыя кожнай славянскай дзяржавы павiнная стацца недатыкальнай для iншых славянаў; нарэшце, неабходна прыняць прынцып, што надалей у славянскiх дзяржавах ня будзе славянскiх мяншыняў. Такiя захады па лiквiдацыi мiжславянскiх канфлiктаў далi б у Эўропе вялiкую гарантыю мiру. Для паваеннага пэрыяду Бэнэш бачыць магчымасьць трох вялiкiх славянскiх дзяржаўных блёкаў, якiя адзiн аднаго маюць падтрымлiваць: Савецкi саюз, блёк славянаў заходнiх (палякi i чэхаславакi) i блёк славянаў паўднёвых (югаславы i баўгары). Што ж да аб’ектыўнага зьместу будучай усеславянскай палiтыкi, „пры фармуляваньнi гэтага новага палiтычнага супрацоўнiцтва дзеля агульнае будучынi можна… абапiрацца толькi на праграму дэмакратыi“. <…> Славiзм, калi гэтае слова яшчэ мае значэньне, значыць сёньня i ў будучынi толькi „супольную з усiмi астатнiмi народамi працу над усеэўрапейскiм i сусьветным парадкам, новым мiжнародным ладам i новай эўрапейскай i сусьветнай арганiзацыяй мiру ў духу культурнага саюзьнiцтва i агульначалавечага спаборнiцтва“. Славiзм, гэтак зразуметы, адначасова дазволiў бы ўбачыць нямецкае пытаньне ў пазытыўным сьвятле: разам i паасобку гатовыя супрацьстаяць магчымаму аднаўленьню пангерманскага Drang nach Osten, славяне змаглi б мiрна супрацоўнiчаць зь немцамi на аснове мiжнароднае роўнасьцi i дэмакратыi. Немцы ў такой палiтыцы не маглi б для сябе ўгледзець нiякай агрэсii, а ў адказ i самi не выказвалi б да iншых народаў нiякага шавiнiзму. Для такой палiтыкi было б залiшнiм засноўваць нейкую славянскую фэдэрацыю, што толькi б стварала палiтычныя непаразуменьнi, якiя шкодзяць кансалiдацыi Эўропы i парушаюць раўнавагу памiж Эўропай заходняй, сярэдняй i ўсходняй. Калi ж у будучынi дойдзе да канцэнтрацыi Эўропы, „я б не хацеў тады, — гаворыць Эдвард Бэнэш, — каб занадта схематычная i абсалютна апрыёрная, канчатковая канцэпцыя г. зв. славянскай фэдэратыўнай палiтыкi перашкаджала развою ўсеэўрапейскаму“. Думка пра Эўропу i пра дэмакратыю, зь якой „непарыўна зьнiтаванае“ „пасьпяховае iснаваньне ўсiх славянскiх дзяржаваў i народаў у iхнай свабодзе i самастойнасьцi“ — вось простая i вечная Бэнэшава iдэя славiзму, якая ёсьць толькi адаптацыяй нацыянальнай i славянскай праграмы Палацкага i Масарыка.

Бэнэш, якi выказваў асьцярогi i падазрэньнi, гэтым разам бачыў лепей за Бэнэша-аптымiста. Савецкi славiзм ня быў i ня ёсьць нiчым iншым, як толькi адной зь незьлiчоных масак камунiстычнага iмпэрыялiзму. I ня можа ня ўражваць, як ён дакладна адпавядае канцэпцыям, мэтадам i мэтам аўтакратычнага царскага панрусiзму. <…> Саветызм ня ёсьць сацыялiзмам, народная дэмакратыя ня ёсьць дэмакратыяй, а савецкi славiзм ня ёсьць гуманiзмам — бо ўсё гэта толькi тры формы таго самага гвалту, якiм ёсьць псэўдакамунiстычны панрасейскi iмпэрыялiзм. <…> Насамрэч камунiстычны саветызм, аздоблены ўсiмi слоўнымi, павагi вартымi, атрыбутамi паасобных iдэалаў (сярод якiх дэмакратыя, сацыялiзм, славянская ўзаемнасьць i свабода, нацыянальная справядлiвасьць i г. д.), ёсьць адно дакладным адбiткам старога царскага дэспатызму, i iдэнтычнасьць настолькi яўная, што яе можна было б прасачыць у кожным з трох вядомых аспэктаў: артадаксальнасьць — аўтакратыя — нацыяналiстычны iмпэрыялiзм. Iдэнтыфiкацыя тут найперш палягае на поўным зьлiяньнi дзяржавы з царквой, разумей: з фанатычным, у аснове сваёй мiстычным, мэсiянiсцкiм мiтам. Пераходзячы ад царызму да саветызму, расейская дзяржава зусiм не пераставала быць тэакратыяй: проста Гегель, а затым Маркс, сеў на месца праваслаўнага Бога. Наўрад цi магла весьцi да iншага справа рэвалюцыянэраў расейскай адмены, у якой ужо амаль паўстагодзьдзя таму Масарык адкрыў сутнасьць чыстага адмаўленьня заместа крытычнае здольнасьцi. Ад Бакунiна да Ленiна яны не крытыкуюць, а адмаўляюць. Расейскiя рэвалюцыянэры з iнiцыятывы Эўропы далi сабе рады адмовiцца ад рэлiгiйнага мiту артадаксальнасьцi, але, <…> адрынуўшы рэвалюцыяй старую веру й старую царкву, яны засталiся рэлiгiйнымi мiстыкамi, паставiўшы на месца адрынутага абсалюту новы i зноў „адзiна правiльны“ абсалют рэвалюцыi, гэтак жа мала крытыкаваны, як i, у свой час, папярэднi. Рэвалюцыянэр застаецца крайнiм аб’ектывiстам: „Расеец, — кажа Масарык, — спадзяецца, што рэвалюцыя з сабой прынясе дзiвосы, i дагэтуль мiтычна i некрытычна ў iх верыць“. А таму не дапускае i думкi, што ён мог бы здаволiцца фатэлем у дэмакратычным парлямэнце i што эўрапейскi дыскусiйны i рэфармiсцкi канстытуцыяналiзм мог бы прывесьцi да нечага добрага. Ён застаўся мiстыкам, тэакратам i апакалiптыкам. Пастаўце ленiнскi марксiзм на месца артадаксальнага адкрыцьця, а партыю на месца царквы, i мы пабачым, цi зьмянiлася ўвогуле хоць нешта ў Расеi з часоў, калi яна ўважалася за пасланьнiка таго Бога, чыя iдэя ў Бялiнскага зьлiвалася з уявай пугi. <…> Праваслаўны Бог некалi даў адкрыцьцё, а ў iм поўную, адзiную Iсьцiну, якую царква пiльна ахоўвала; як адкрыцьцё было непахiбным, так непахiбнымi былi i ягоныя ахоўнiкi й пасярэднiкi, — дакладна такое ж i адкрыцьцё камунiзму i такiя ж ягоныя тлумачы. <…> Царква асьвячае дзяржаўны абсалютызм i за гэта ахоўваецца дзяржавай усiмi сродкамi ейнага абсалютызму, — стасунак дзяржавы i партыi ў саветызьме ня можа быць вызначаны дакладней. Ня верыць у вучэньне партыi — злачынна. <…> Ляонцьеў адмаўляў прынцып нацыянальны, а значыць i сам славiзм (але нiяк не панрусiзм), бо прынцып нацыянальны ёсьць iндывiдуалiстычны i дэмакратычны; дык не зьдзiўляймася, што югаславы былi славянамi, пакуль былi паслухмяныя Маскве ды прызнавалi Чырвоную армiю за адзiную сваю вызвольнiцу, i перасталi быць славянамi, як толькi зьдзейсьнiлi злачынства iндывiдуальнай павагi да сябе; i зразумейма таксама, што паны Гамулка i Асубка-Мараўскi ў рэжыме славiзму зьдзейсьнiлi сьмяротны грэх нацыянальнага адхiленьня. <…> Народ як матэрыял дзяржаўных i сацыяльных экспэрымэнтаў, гвалт, турмы, высылкi, канфiскацыя маёмасьцi, цялесныя пакараньнi — якая тут розьнiца памiж Пятром Вялiкiм i Ленiным? Няцяжка знайсьцi ў царскай гiсторыi i нейкi адпаведнiк таго, што называлася „чырвоным тэрорам“, — ды хоць бы жахi абсалютызму па замаху на Аляксандра II. А хiба ўвогуле было што раней, чым бы Саветы не скарысталiся па замаху Каплан на Ленiна ды пры дзясятках нагодаў наступных, з чаго б яны не ўтварылi пастаяннага стану дыктатуры пралетарыяту на „дабро бальшынi працоўных“? „Губэрнатары“, надзеленыя — тады i цяпер — надзвычайнымi паўнамоцтвамi, дваравыя даглядчыкi, таксама ў абодвух выпадках падвышаныя да палiцэйскiх, вартаўнiкоў i даносчыкаў; перапоўненыя турмы, зьверскае абыходжаньне зь вязьнямi, прынятае за правiла; скасаваньне ўсякай свабоды друку, роўнага i ўсеагульнага права голасу, абмежаваньне дзейнасьцi iншай партыi, чым уладная; iншадумства, абвешчанае за злачынства. I, вядома ж, iнтэрпрэтацыя кожнага выпаду супраць сябе як пагрозы ўсеагульнаму дабру. Па замаху на цара Каткоў выкрыў гэтае злачынства як справу палякаў i iнтэлiгенцыi, — а колькi разоў за нашага часу няўдача рэжыму абвяшчалася за справу сабатажнiкаў i служыла зручным сыгналам для адводу ахвярных казлоў з шэрагаў „клясавых ворагаў“ на рэзьнiцу! <…> Здаецца, толькi адпаведнiка царскае бюракратыi павiнна было б неставаць у новай дэспатыi. Не, яго не бракуе! Дзеля ажыцьцяўленьня ўлады партыя ў сваiм распараджэньнi мае замала людзей, таму яе бюракратызацыя натуральная. А на крытыку Троцкага, якi патрабуе, каб шырокiя масы партыйцаў былi дапушчаны да прыняцьця рашэньняў, Сталiн адказвае, што культурная адсталасьць сяброў партыi рабiла б дэмакратыю немагчымай; дакладна такой самай аргумэнтацыяй карысталiся царскiя ненавiсьнiкi канстытуцыi. <…> У галiне ж культуры больш чым дзе кiдаецца ў вочы тоеснасьць абедзьвюх дэспатыяў. Калi ў трыццатыя гады мiнулага стагодзьдзя мiнiстар Увараў рэарганiзуе расейскiя ўнiвэрсытэты, ён уводзiць тэалёгiю i царкоўную гiсторыю як абавязковыя прадметы на ўсiх факультэтах; гэтаксама веданьне гiстарычнага матэрыялiзму й гiсторыi партыi камунiстаў (бальшавiкоў) ёсьць умовай усякай вучобы i прадметам абавязковых iспытаў на ўсiх спэцыяльнасьцях вышэйшых школаў у Саветах i народных дэмакратыях. Увараў выключае з вучэбнага матэрыялу дзяржаўнае права эўрапейскiх народаў; гэтаксама буржуазная „мана“ некамунiстычнай сусьветнай навукi ня мае доступу ў сёньняшнiя ўнiвэрсытэты краiны за жалезнай заслонай, бо тую „ману“ трэба прыбiць да ганебнага слупа адзiна навуковага погляду марксiзму-ленiнiзму. Увараў зьвёў фiлязофiю да курсаў зь лёгiкi i псыхалёгii; i сёньня ўсякая фiлязофiя вымецена з навучальных установаў як „iдэалiстычны“ прадукт клясавага ворага, а месца свабоднага спаборнiцтва фiлязофскiх поглядаў заняла артадоксiя. Увараў строга абмежаваў колькасьць студэнтаў, аднак нiякая строгасьць не магла параўнацца з жорсткасьцю, паводле якой адно камунiсты маюць права на адукацыю i зь якой безьлiч студэнтаў выганяецца з навучальных установаў i „адпраўляецца на мануальныя працы“. Калi ў 1847 г. насьледуе рэформа гiмназiяў i зь iх праграмы выключаюцца клясычныя мовы, каб студэнты не змаглi прачытаць пра антычныя рэспублiкi i вальнадумныя погляды антычных аўтараў, — гэта толькi слабое avant-goыt56 усеагульнай рэвiзii ўсiх лiтаратураў, старажытных i сучасных, у тым лiку й сваёй нацыянальнай, якая, з гледзiшча марксiсцкай утылiтарнасьцi або шкоднасьцi, прадпрымаецца сёньня ва ўсiх краiнах усходняй Эўропы. Выдадзенага ў 1873 г. распараджэньня ўраду пра абавязковае вяртаньне студэнтаў з эўрапейскiх унiвэрсытэтаў дадому цяпер паўтараць, вядома, ня трэба, бо для студэнта-некамунiста не iснуе i найменшай магчымасьцi iнакш, як уцёкшы, трапiць у замежны ўнiвэрсытэт цi хоць проста за мяжу, а дома ён абсалютна адрэзаны ад усякай магчымасьцi ўзяць у рукi замежную кнiгу, хiба толькi ўхваленую. Стварэньне ў 1884 г. Пабеданосцавым новага ўнiвэрсытэцкага статуту, якое мела за вынiк звальненьне нядобранадзейных выкладчыкаў i пайменаваньне вешчуноў уладнае iсьцiны, знайшло дасканалую паралель у „чыстках“, ладжаных органамi партыi сярод унiвэрсытэцкiх выкладчыкаў i студэнтаў ва ўсiх навучальных установах усходнiх краiнаў. Перасьлед расейскiх пiсьменьнiкаў на працягу сучаснай гiсторыi, усе гэтыя незьлiчоныя Сібiры, вязьнiцы i цэнзурныя ўмяшаньнi — справа вядомая; тым ня менш жаданьне Ўварава, каб расейская лiтаратура перастала йснаваць, засталося толькi pium desiderium57, i калi страшэнны ўцiск эпохi Аляксандра III прывёў да стану бязьмежнае стомленасьцi творчае iнтэлiгенцыi, праявай чаго ёсьць, напрыклад, творчасьць Чэхава, лiтаратура, аднак, не змаўкае: Чэхаў свае кнiгi стварыў, i творчасьць ягоная нясе ў сабе духоўную значнасьць i набой пратэсту свабоднага духу; нiчога падобнага ўжо ня можа здарыцца там, дзе „сацыялiстычны рэалiзм“ дае мастацкай творчасьцi адзiна магчымы i абавязковы стандарт зьместу i формы, па-за межы якога творца не павiнен выходзiць. Там культурная творчасьць, пазбаўленая ўсякай маральнай магчымасьцi i ўсякае творчае годнасьцi, папросту гiне i даходзiць да небывалага стану поўнага культурнага вакууму, да стану поўнай дэмаралiзацыi, якi ня можа замаскаваць нават творчасьць на замову партыi, — гл. маразм чэскай лiтаратуры ад пачатку 1948 г. Сапраўдная культурная i маральная сутнасьць новага рэжыму, для культуры абсалютна забойчая, палягае, то бок, у тым, што ў руках партыi ўжо знаходзiцца ня толькi грамадзкае жыцьцё культурна-творчага iндывiда, ягоная маёмасьць, пiсьменьнiцкi посьпех i розгалас, але й яго сумленьне i годнасьць. Дзеля сваёй дзяржавы i ейнай iдэалёгii ён павiнен ахвяраваць ня толькi сваiм грамадзянскiм зьместам, але мусiць дзеля яе й здраджваць, даносiць, манiць. Праўда — гэта тое, што служыць iдэалягiчным iнтарэсам, а таму як сацыяльнай функцыяй творчага чалавека ёсьць вяшчаць праўду, яму не дазволена не заняць пазыцыi i ўцячы хоць бы ў тое ж мастацтва дзеля мастацтва, мастацтва без палiтычнага engagement58, яму не дазволена нават маўчаць. Ён ня можа пакiнуць свайго сьвятога абавязку — казаць праўду, але праз тое, што яе ён ня мае права шукаць, а можа толькi прымаць гатовай, гэтая гнюсная камэдыя, пры якой здаюцца захаванымi ўсе фармальныя акалiчнасьцi i маральны дэкор здаровае творчасьцi, вылiваецца ў найагiднейшы стан маральнай маны, якога гiсторыя духу раней, бадай што, ня бачыла. Зьвернемся ж, нарэшце, да трэцяга кампанэнту расейскага нацыяналiстычнага комплексу, то бок панрасейскага iмпэрыялiзму. Нам здаецца, што тоеснасьць рэжымаў царскага ды камунiстычнага не патрабуе асаблiвых доказаў, — яна вiдавочная. Хай iдзецца пра ўнiвэрсалiзм рэлiгiйны або пра ўнiвэрсалiзм уяўнага камунiзму, у ягоным падмурку заўсёды ляжыць той самы захопнiцкi азiятызм. I ўсё ж цiкава параўнаць юстыфiкацыю, а таксама мэтодыку й тактыку абодвух. Першы дамагаўся чысьцiнi расейскага хрысьцiянства, заклiканага выратаваць разбэшчаны сьвет у iмя маральнай i мэтафiзычнай спадчыны, незаплямлена захаванай адно на Русi. Другi складае „пралёгавую канцэпцыю расейскае рэвалюцыi“. У 1905 г. Ленiн у працы „Дзьве тактыкi сацыяльнай дэмакратыi ў дэмакратычнай рэвалюцыi“ дакарае меншавiкоў, што тыя хочуць адно iсьцi сьледам за рэвалюцыйнай Эўропай, тымчасам як Расея, хоць эканамiчна для сацыялiзму й нясьпелая, можа даць сусьветнаму сацыялiзму рэвалюцыйны штуршок, а потым, дзеля пабудовы ўласнага сацыялiзму, запатрабаваць яе дапамогi. Пад час першай сусьветнай вайны Ленiн да гэтае думкi вяртаецца i iмкнецца яе рэалiзаваць, бачачы ў расейскай рэвалюцыi толькi сыгнал да рэвалюцыi сусьветнай. Таму палемiка Пляханава зь Ленiным, распачатая апошнiм па вяртаньнi ў Расею ў часопiсе Единство, будзе, уласна, звычайным непаразуменьнем: няўжо Маркс i Энгельс лiчылi абавязковай умовай для ажыцьцяўленьня сацыялiстычнае рэвалюцыi эканамiчную i культурную сьпеласьць краiны? няўжо дыктатура пралетарыяту значыла для iх уладу бальшынi народу, то бок працоўнае клясы? няўжо, у такiм разе, Ленiн de facto пакiнуў марксiзм i стаўся чыстым блянкiстам? няўжо Энгельс сьцьвярджаў, што блянкiсцкая рэвалюцыя купкi людзей, якiя ў яе вынiку атрымалi ўладу, ёсьць адно тыранiяй мiзэрнай дыктатарскай арганiзацыi, наўперад наважанай на авалодваньне i навязваньне бальшынi сваiх законаў? Можна падумаць, што iшлося пра нешта падобнае! Ленiн хоча адзiна сусьветнае рэвалюцыi, i пры гэтым зусiм ня важная нейкая там марксiсцкая артадоксiя, а мажарытарная або дэмакратычная ўлада працоўных i пагатоў. Сусьветная рэвалюцыя вось-вось выбухне, а найзразумелы рэвалюцыйны мак’явэлiзм патрабуе, каб расейская рэвалюцыя была ажыцьцёўлена i сталася падмуркам для наступных. Гэта тлумачыць паводзiны Расеi ў Брэсьце Лiтоўскiм: найгоршыя й найзьняважлiвыя ўмовы мiру можна прыняць, каб захаваць рэвалюцыю i знайсьцi час — у чаканьнi рэвалюцыi нямецкай — на вынiшчэньне хатняй рэакцыi. На VI зьезьдзе саветаў на пачатку лiстапада 1918 г. (Нямеччына пераможана, Аўстрыя распадаецца, сацыялiстычная рэвалюцыя ў гэтых краiнах чакаецца з хвiлiны на хвiлiну) Ленiн прызнае гэта бяз хiтрыкаў: расейская рэвалюцыя мае значэньне другаснае, галоўная рэвалюцыя — нямецкая, ажыцьцяўленьне сацыялiзму ў Расеi без рэвалюцыi эўрапейскай немагчымае; сацыялiзм немагчыма ажыцьцявiць нават у краiне вельмi разьвiтай, калi ейная рэвалюцыя застанецца самотнай. I толькi калi немцы расчароўваюць, у 1919 г. у Маскве засноўваецца Трэцi iнтэрнацыянал: Масква бярэ на сябе вядучую ролю, абвесьцiўшы тэзу, што дыктатуру пралетарыяту ў Расеi трэба ўтрымаць i зрабiць падмуркам для рэвалюцыi сусьветнай. Царскi iмпэрыялiзм скарыстоўваў мэтады ўсiх iншых iмпэрыялiзмаў: вiтаў чужыя праблемы, умешваўся ў iх i ствараў новыя. Ён задушыў у 1849 г. мадзярскую рэвалюцыю, каб абаранiць сьвяты прынцып легiтымнасьцi ў Аўстрыi, але зьнiшчыў яго ў Турэччыне, баронячы там правы хрысьцiянаў i малых „славянскiх братоў“; тых самых братоў ён жа самым жорсткiм чынам нiшчыў у Польшчы. Сацыялiстычны гуманiст Ленiн вiтае ў 1914 г. вайну, бо яна для яго ёсьць дадзенай пралетарыяту мажлiвасьцю ператварыць вайну буржуазных iмпэрыялiзмаў у сусьветную рэвалюцыю. <…> Камунiзм — iдэалёгiя антынацыянальная, ён дваццаць гадоў падтрымлiваў нямецкi й мадзярскi рэвiзiянiзм за кошт славянскiх народаў, „iмпэрыялiзму“ чэхаславацкага, польскага ды югаслаўскага, як ён казаў. Але, як толькi спатрэбiлася, ён стварыў „новую славянскую палiтыку“, уваскрэсiўшы панславiзм у яго найпусьцейшай i найфiзычнейшай форме. Як толькi Цiта i югаслаўская камунiстычная партыя распачала палiтыку ўласную, „югаслаўскiя браты“ ператварылiся ў звычайных „нацыяналiстычных шавiнiстаў“ i былi выгнаныя са славянскай сям’i. Iмпэрыялiзм расейскiх камунiстаў вiтае сусьветныя праблемы. <…> I няма сярод iх анiводнай, якой бы ён не абяцаў справядлiвага вырашэньня. Але яго, безумоўна, хвалюе не вырашэньне. Хвалюе яго якраз адваротнае: каб учынiць iх абсалютна невырашальнымi для iншых, ператварыўшы ў крывацечныя раны i зрабiўшы прычынамi распаду i слабасьцi астатняга сьвету. <…> Камунiзм, вядома, ня вырашыў i нiводнай з праблемаў унутры- ды iнтэрславянскiх. Усе яны, занядбаныя i абвостраныя аўтарытарным замоўчваньнем, цяпер паўсталi наноў: гэта праблема чэхаў i славакаў, чэхаславакаў i палякаў, палякаў i ўкраiнцаў, украiнцаў i расейцаў, харватаў i сэрбаў, югаславаў i баўгараў. Такi вынiк заканамерны, бо панславiзм а la саветызм ня ёсьць анi славiзмам, анi шляхам да нармалiзацыi палiтычнага стану ўсходняй Эўропы; гэта толькi адзiн з тактычных сродкаў камунiстычнага iмпэрыялiзму i адна з формаў, у якiх зьяўляецца сьвету вечная Бiзантыя! Нiякi боль ня будзе ўтаймаваны. Зьявiцца новы, страшнейшы!

Але найстрашэньнейшы боль — маральны. Мы, чамусьцi, нават не дапускаем, што найвялiкшай праблемай нацыянальнага i дзяржаўнага жыцьця, калi яно распачне сваё доўгае вяртаньне з гвалтам навязаных формаў на прыроджаны шлях, станецца яго жахлiвая дэзарганiзацыя. Вялiкая анархiя, якую на пэўны час па сабе пакiне нявольнiцтва, будзе, аднак, пераможана. Мы, таксама, ня лiчым, што самым пакутным няшчасьцем станецца надзвычайная паўпэрызацыя народаў, зьнiтаваная з поўным разбурэньнем мэтадаў эканамiчнага жыцьця, якая ёсьць немiнучым вынiкам савецкага панаваньня: раней цi пазьней, але паляпшэньне настане напэўна, дзякуючы працавiтасьцi й рупнасьцi гэтых народаў, варта iм толькi пераканацца, што плён iхнай працы iм самiм i застанецца. Тое самае можна сьцьвярджаць i пра ровень адукаванасьцi: ён наўмысна i рэзка зьнiжаецца, i мазгi, заместа пажыўных рэчываў сапраўднай адукаванасьцi, кормяцца найпусьцейшаю прапагандай партыйнага погляду на сьвет i жыцьцё. Пра паправу тут няцяжка паклапацiцца: проста школы i друк, зьмененыя ў звычайныя прапагандысцкiя органы, трэба вярнуць да старой, сапраўднай iх функцыi ды арганiзацыi, — i паляпшэньне адбудзецца амаль аўтаматычна. Аднак праблема маральная ўвесь час будзе набываць усё большую актуальнасьць. Зважым гэта хаця б на прыкладзе Чэхаславакii: мы — адзiн з найдаўней цывiлiзаваных народаў сярэдняй Эўропы, усходняй ускраiны заходняе цывiлiзацыi. З Х стагодзьдзя, калi мы памянялi сваё пачаткова бiзантыйскае хрысьцiянства на хрысьцiянства лацiнскае, мы бесьперапынна належым, верна i творча, да заходняга культурнага цыклю. I ня трэба меркаваць, што тут iдзецца выключна пра другаснае пытаньне рытуалу, лiтургii i набажэнскае мовы; наадварот, iдзецца пра асноўны прынцып духоўнага i маральнага жыцьця, пра саму канцэпцыю цывiлiзацыi. Калi праз два стагодзьдзi супернiцтва двух набажэнстваў, часта крывавага, чэхi ў Х стагодзьдзi канчаткова схiлiлiся да лацiнскай царквы, найперш гэта значыць, што яны сьвядома i вольна выбралi акцыдэнтальныя духоўныя мэтады i акцыдэнтальную жыцьцёвую практыку. У падмурку нашага нацыянальнага iснаваньня i волi з гэтага моманту будуць ляжаць дзьве вялiкiя канстытутыўныя iдэi: рымская civilitas i хрысьцiянская caritas, рымская справядлiвасьць цi права, дапоўненая i карэктаваная хрысьцiянскаю фiлянтропiяй. <…> I гэты хрысьцiянскi ўнiвэрсалiзм, актыўны i рацыяналiстычны, нас разам з астатняй Эўропай вельмi хутка дыфэрэнцуе ад Усходу, квiетыстычнага, мiстычнага i партыкулярыстычнага. Заснаваны на павазе да ўсеагульных i аб’ектыўных прынцыпаў i ўвадначас на рэспэкце да аўтаномнай i творчай асобы, ён чэскую думку назаўжды паставiць у апазыцыю да ўсякага аўтакратызму i ўсякай iдэi анархiчнага панаваньня i гвалту, хай яна прыходзiць з Арыенту або ад германскага суседа. <…> Вяршынi нашай культуры, наш унёсак у агульнасусьветную спадчыну — гусiцкая рэформа, iдэя хрысьцiянскае мiждзяржаўнае унii караля Iржы з Подзебрад, царква чэскiх братоў, Комэнскi, Палацкi, Масарык i Бэнэш, чэская музыка ХIХ стагодзьдзя, Карэл Чапэк, — усё гэта чыстыя экспрэсii заходняга духу й натхненьня. Сам наш рамантычны славiзм, ад Колара да Чэха, быў толькi спробай iнтэграваць мiжэтнiчны славянскi партыкулярызм у рамцы заходняга гуманiзму. З часоў Гусавых папярэднiкаў чэская нацыянальная думка, наскрозь рэлiгiйная i маралiстычная, афарбоўваецца памкненьнямi да чалавечае роўнасьцi i братэрства, якое тады найперш разумелася як эвангелiстычнае братэрства „дзяцей божых“, а ў цяперашнi час сталася б братэрствам вольных грамадзянаў. I чым ёсьць увесь наш развой, ад Рэфармацыi праз ХIХ стагодзьдзе да самай эпохi сучаснага „адраджэньня“, каранаваны па першай сусьветнай вайне аднаўленьнем палiтычнае самастойнасьцi, як ня зьвязнай i бесьперапыннай iнтэграцыяй нашага духу ў гiстарычным яго разьвiцьцi (найперш у форме рэлiгiйнай, затым асьветнiцкай, затым рамантычнай, а ўрэшце рэалiстычнай i навуковай) у эвалюцыю дэмакратычнага i сацыяльнага гуманiзму сучаснай Эўропы? А абедзьве асобы фiлёзафаў i дзяржаўнiкаў: Томаш Г. Масарык i Эдвард Бэнэш, канчатковыя ажыцьцяўляльнiкi гэтае iнтэграцыi, заснавальнiкi дзяржавы, правадыры народу i ўвадначас выбiтныя прадстаўнiкi сусьветнае дэмакратыi, — цi ня ёсьць яны пры канцы гэтага развою гарантамi нашай глыбокае вернасьцi прынцыпам заходняга мысьленьня i сапраўднымi ўзбагачальнiкамi духоўнае i маральнае супольнае спадчыны? Вось жа: заходнi характар нашай заходняй культуры ня ёсьць matiиre а discussion59. Гэта вiдавочна. Ужо дзесяць доўгiх стагодзьдзяў „homo bohemicus“ бачыць свае памкненьнi да гуманнасьцi ўсё дасканалейшай i паўнейшай адно як частку справы шырэйшай, ажыцьцяўлянай у сьвеце чалавекам заходняй культуры. Дзесяць стагодзьдзяў цывiлiзаванага жыцьця i творчае працы абцяжарваюць нас сваёй дабрадзейнай вагой, дзесяць стагодзьдзяў заходняга сымбiёзу, не арыентуючы нашае будучынi, як сьляпы рок, дэтэрмiнуюць усё ж кiрункi нашае будучай працы i вызначаюць мэтады, якiмi трэба карыстацца, ды традыцыi маральнае чысьцiнi й духоўнае раўнавагi, да якой трэба iмкнуцца. Духоўная сутнасьць народу ня ёсьць справай маральнай або iдэалягiчнай пазыкi, што аднаўляецца з кожнаю генэрацыяй. <…> Нават нашу новую гiстарычную ролю, вызначаную другой сусьветнай вайной, чый вынiк нас як бы рэзка пасунуў на ўсход, а мы пры гэтым не зьмянiлi й мэрыдыяну, мы зразумелi ў якасьцi новай паслугi, якую мы можам саслужыць Захаду ды сьвету. <…> Жахлiвая гульня, у якую з намi з 1945 г. гуляла Расея i цягам якой мы ўсё больш пераконвалiся, што мы не свабодныя en dйpit de la foi jurйe60, што мы ня маем магчымасьцi аддавацца справе, годнай нашага народу, што, нарэшце, прынцып сацыяльнага жыцьця, якi мы хацелi замiрыць з акцыдэнтальнай канцэпцыяй свабоды i якi мы бачылi заснаваным на рэалiзацыi грамадзянскае справядлiвасьцi, ня мае з апошняй нiчога агульнага, — гэтая гульня i яе ганебная кульмiнацыя ў лютым 1948 г. паставiла нас у трагiчную сытуацыю. Духоўна трагiчную. <…> Уцёкi тысячаў за мяжу, сьмяротныя пакараньнi „здраднiкаў народна-дэмакратычнаму рэжыму“, перапоўненыя незьлiчонымi ахвярамi турмы, дзе ў камэрах, прызначаных для аднаго, месьцяцца шасьцёра, зноў заснаваныя „працоўныя лягеры“, звальненьне спэцыялiстаў, выключэньне тысячаў i тысячаў студэнтаў зь сярэднiх i вышэйшых школаў i iхная пазьнейшая дэпартацыя ў шахты, „чысткi“ сярод вальнадумных унiвэрсытэцкiх выкладчыкаў, чатыры ваенныя змовы, выкрытыя за адзiн месяц (студзень 1949 г.), скасаваньне свабоды друку i замоўчваньне цэлай нацыянальнай лiтаратуры — усё гэта прыкметы зразумелыя. Якiмi мы былi, такiмi й засталiся. Але калi эўрапейскi народ немагчыма ператварыць у бiзантыйскi статак, ёсьць небясьпека, што шырокiя масы народу, унутрана няздольныя d’embrasser la foi nouvelle61, страцяць веру ў дзейснасьць, перавагу, устойлiвасьць i маральную сiлу прынцыпаў, зь якiмi гiстарычна пачувалiся ў адзiнстве. Вынiкам будзе ўсеагульная аморфнасьць, бязраднасьць, нявера ў сябе, сiлу праўды i права, жахлiвы стан дэмаралiзацыi й заняпаду. <…> Аднак на дзяржаўным гербе Чэхаславакii i надалей застаецца чатырохсотгадовае даўнасьцi Veritas vincit62 Iржы з Подзебрад. Цi доўга яшчэ чэскi народ будзе гэтаму лёзунгу верны сярод трыюмфуючых бiзантыйцаў сваёй новай народнае дэмакратыi i малаздольных правадыроў сваёй дэмакратыi нядаўняй?

З чэскай мовы пераклаў Сяргей Сматрычэнка паводле:
Vaclav Cerny. Vyvoj a zlociny panslavizmu. Praha, 1995.

ЗАЎВАГІ

48 N’en voilа-t-il pas une — акрамя таго, што яно ня надта пасуе (фр.).
49 A priori — з папярэдняга (лац.).
50 Voilа qui est clair! — Вось усё i праясьнiлася! (фр.)
51 Accorder… — Прызнаць за народамi ўсё, што належыць, акрамя ўлады. (фр.)
52 Volte-face — паварот кругом (анг.).
53 A longue vue — доўгатэрмiновыя, якiя ня страчваюць сваёй актуальнасьцi (фр.).
54 Drang nach Osten — паход на ўсход (ням.).
55 Bona fide — добраахвотна (лац.).
56 Avant-gout — прадчуваньне (фр.).
57 Pium desiderium — добры намер (лац.).
58 Engagement — ангажэмэнт, абавязак (фр.).
59 Matiere а discussion — матэрыял для дыскусii (фр.).
60 En depit de la foi juree — насуперак абяцаньням (фр.).
61 D’embrasser la foi nouvelle — прыняць новую веру (фр.).
62 Veritas vincit — праўда перамагае (лац.).


Новые статьи на library.by:
ПОЛИТИКА:
Комментируем публикацию: Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (5)


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.