Інтэрнэт, яўрэі і Беларусь

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Інтэрнэт, яўрэі і Беларусь . Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Вольф Рубінчык

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №3 2000 ГОД


Свет сам прыходзіў да яго, і гэта быў свет не ў ягонай грубай матэрыяльнасці, а свет як уяўленне, як адмыты да белага касцяк.

П.Брукнэр „Боскае дзіцё“

Апошнім часам у Беларусі пра Інтэрнэт як прэстыжную крыніцу інфармацыі гавораць усе. Пра яго раз-пораз узгадваюць традыцыйныя СМІ, уключаючы папулярную беларускую прэсу ад „Нашай Нівы“ да „Советской Белоруссии“. Безумоўна, мае рацыю сп.Станішэўскі, калі заўважае: „Сёньня ў Беларусі няшмат хто ходзіць у Інтэрнэт, але цікавасьць да яго вялікая — як да дзіва... Самая пара казаць пра „Інтэрнэтаманію“1. Банальным ужо падасца наступнае сцвярджэнне: той, хто мае што сказаць — адміністрацыя прэзідэнта, часопіс ARCHE ці Беларускі дзяржаўны універсітэт — скарыстае для гэтага Інтэрнэт, заводзячы ўласны сервер2 (www.president.gov.by; arche.home.by; www.bsu.unibel.by). Як быццам, нічога дзіўнага, тым больш падазронага. Але, як кожны складаны феномен, сусветная сетка WWW (зараз гэта найбольш папулярны абсяг Інтэрнэту) абрастае масай міфаў. Вось аўтар(ка) рэкламнага артыкулу ў рэкламнай газеце параўноўвае Інтэрнэт, „вялізарную даведачную сістэму“, з комплексам бібліятэк: „Пытанне: кнігу якой тэмы магчыма знайсці ў гэтых бібліятэках. Адказ: любую. Што ў галаву прыйшло, тое і знайшлі“3.

На самой жа справе, у Interconnected Networks — „сетку сетак“ — трапляе не ўсё. Ці не тое. Ці не зусім тое, што мае быць. Iнтэрнэт ёсць люстэркам, што адлюстроўвае найчасцей ужо адлюстраванае (у прэсе, даследаваннях), трэцяй рэальнасцю, якая можа мець даволі слабыя сувязі з рэальнасцю „першай“, а значыць, рызыкуе, як, зрэшты, кожны сродак масавай інфармацыі, зрабіцца фабрыкай ілюзій.

Пры дапамозе пошукавых праграм зусім нескладана адшукаць тысячы сайтаў (вузлоў), на якіх змяшчаюцца звесткі пра беларусаў і Беларусь, столькі ж, калі не больш, пра яўрэяў і яўрэйства. Скрыжаванні ж лёсаў людзей і народаў (яўрэі Беларусі; беларусы аб яўрэях et vice versa; беларускія яўрэі ў Ізраілі) прэзентаваны ўжо значна бяднейшым чынам. Гэта, як быццам, і палягчае задачу шукальніка, але, калі ён імкнецца да глыбокага вывучэння праблемы, то ўсё роўна будзе вымушаны звярнуцца да іншых, традыцыйных крыніц інфармацыі, а што да Інтэрнэту — праглядзець шмат сайтаў, рэлевантнасць якіх пакідае жадаць лепшага. Справа яшчэ і ў тым, што беларускіх яўрэяў мінулага нельга разглядаць як зусім самастойную групу, у адрыве ад расійскіх, польскіх і ашкеназскіх увогуле, а да таго ж беларускае яўрэйства стала часткай савецкага. Паколькі інфармацыя аб усім гэтым, тэарэтычна, не мае межаў, яна пагражае захліснуць карыстальніка.

Ідэя сусветнай сеткі, існуючай там, дзе ёсць кампутарная сувязь, аддае перавагу колькасці, якая не заўсёды пераходзіць у якасць. Так, гэта трыумф плюралізму: кожны ахвочы можа заявіць пра сябе urbi et orbi4, ствараючы ўласную старонку5 ці іншым чынам прымаючы ўдзел у павелічэнні агульнага аб’ёму віртуальнага свету — шляхам ліставання праз электронную пошту, напрыклад. Але вынікам будзе безупынная інфляцыя словаў6. Інтэрнэт — звышбібліятэка, у якой, аднак, кніжкі могуць знікнуць назаўсёды ці быць цалкам перапісанымі, што, калі б Інтэрнэт застаўся адзіным сродкам інфармацыі, прывяло б, верагодна, да страты гістарычнай (сама)свядомасці, поўнай рэлятывізацыі паняццяў праўды і хлусні — узгадайма „1984“ Оруэла, дзе гісторыя перапісваецца проста, як палімпсест. У Інтэрнэце, канечне, няма адзінай кіраўнічай сілы і тым болей ідэалогіі, але ўсё ж „некаторыя больш роўныя, чым іншыя“. Гэта ўжо з іншага класічнага оруэлаўскага твору — Animal Farm7.

Нават калі б Інтэрнэт быў раптам закансерваваны, агляд, зроблены адным чалавекам (тут і цяпер — мною) не мог бы прэтэндаваць на бездакорнае асвятленне таго ці іншага прадмету, але ж у тым і асаблівасць Інтэрнэту, што віртуальная Вавілонская вежа расце з агромністай нават для канца XX ст. хуткасцю, і ці будзе гэты агляд цікавы каму праз год, два, пяць? Нездарма Інтэрнэт (гэта пазначана ва ўсіх нарысах ягонай гісторыі) утвараўся як сістэма, што здольная захавацца, нават калі яе часткі пашкодзіць вораг. Клеткі гэтай сістэмы, сайты ды старонкі, могуць быць лёгка прынесены ў ахвяру: Інтэрнэт ёсць апафеозам суцэльнасці. Такім чынам, аглядальнік рызыкуе апынуцца ў добра вядомым з прытчы становішчы, дзе сляпцы мацаюць ногі ці хвост слана і падаюць частку за цэлае, парушаючы, так бы мовіць, прынцып рэпрэзентатыўнасці.
Людзям, што з Інтэрнэтам зусім не знаёмыя, апісанні сайтаў (гэта будзе ўжо чацвертая рэальнасць), дадуць няшмат, бо „лепей аднойчы пабачыць...“ І ўсё ж не выключана, што камусьці гэты агляд у чымсьці дапаможа: калі так, я буду рады пачуць ці прачытаць на яго водгукі8.

На што б я раіў звярнуць увагу беларускім чытачам, якія жадаюць праз Інтэрнэт даведацца аб прадстаўніках народу, што жыве побач — і не побач? Не настойваю (гэта было б абсурдна), але тры галоўныя накірункі маглі б ахапіць наступнае:

Юдаізм; яўрэйская гісторыя; сучасны Ізраіль9.

Класіфікацыя гэтая болей чым умоўная, другое паняцце часткова абдымае й першае, і наадварот.

Колькі словаў аб яўрэйскай гісторыі — замест уступу.

У мяне няма сумневаў, што чытачоў ARCHE зацікавіць перадусім гісторыя яўрэяў Беларусі, аднак тут трэба ўлічваць, што гэта не толькі гісторыя Беларусі, але й гісторыя яўрэяў. Таўталогія? Не зусім. Вось жа спецыфіка яўрэйскай гісторыі ў тым, што яна значны кавалак часу працякала ў недзяржаўнай форме без пэўнай лакалiзацыi ў прасторы i сталася гiсторыяй збольшага духоўнай, гiсторыяй яўрэйскай культуры, але таксама й эканамiчнай, час ад часу палiтычнай — праўда, гэтыя апошнiя аспекты ў галiне ведаў, што завецца „юдаiкай“ (назва таксама ўмоўная) прадстаўлены меней. Адказ на фундаментальнае пытанне: чаму народ захаваўся без дзяржавы, без адзiнай тэрыторыi i г.д. — гiсторыкi часцей шукаюць у спецыфiцы ўнутранага ладу яўрэйскiх грамад (якi рэгуляваўся юдаiзмам), чым у iхнiх узаемаадносiнах з вонкавым светам, а ў разглядзе гэтых адносiнаў на першы план выходзiць менавiта тое, што нiбыта дапамагае адказаць на вышэйцытаванае пытанне — варожасць суседзяў, якая змацоўвала ўнутраныя сувязi ў грамадах.

На своеасаблiвым i зусiм не кепскiм сайце „Рыса аселасцi“ (www.friends-partners.org/partners/beyond-the-pale; iснуе з 1995 г.) гiсторыя яўрэйскага народу разглядаецца i тлумачыцца перадусiм з гэтых пазiцый: „Мэта нашай выставы — прадставiць гiсторыю юдафобii i асаблiва сучаснага антысемiтызму, з-за якога ў нашым шматпакутным стагоддзi былi прынесеныя ў ахвяру мiльёны людзей... Мы хацелi даць гiстарычны зрэз жыцця яўрэяў у Еўропе, каб магчыма было лепей зразумець яўрэйскi побыт, рэлiгiю i культуру“ (тамсама). Аўтары выконваюць сваю задачу, прапануючы шырокую панараму жыцця расiйскага, а таксама ўсходнееўрапейскага яўрэйства. Тэкст не перагружаны падрабязнасцямi, а, як i патрабуецца на выставе, ненавязлiва каментуе той цi iншы фотаздымак цi малюнак. Напэўна, таму ў iм няма вiдавочных памылак, што, як мы ўбачым далей, само па сабе — з’ява незвычайная, i даступны гэты сайт кожнаму. Карацей кажучы, гэта варта пабачыць. Дадамо, што ў гэтай выставы ёсць расійскамоўная i англамоўная версii.

Здараецца, аднак, што даследчыкi, свядома цi несвядома, шукаюць антысемiтызм там, дзе яго няма цi не было, альбо перабольшваюць ягоную ролю. Вось, напрыклад, што пiша дацэнт Б.Кантаровiч з Вiцебску: „Сацыяльныя сiлы, што змагалiся ў рэвалюцыях [у XVI—XVIII стст. у Еўропе] у адносiнах з яўрэямi аднолькава жадалi аднаго: пажывiцца яўрэйскiмi грашыма, адначасова паздзекавацца з iх уладальнiкаў, а пагатоў з яўрэйскай беднаты“10. Пра гэткiя спробы пiсаць „плаксiвую гiсторыю“ ўзгадваецца ў Ганны Арэнт, якая даволi з’едлiва зазначала: „...Яўрэйскiя i неяўрэйскiя гiстарыёграфы, часцей за ўсё выходзячы з процiлеглых матываў, рабiлi тую ж памылку, калi iзалявалi элементы варожасцi ў яўрэйскiх i хрысцiянскiх крынiцах, акцэнтавалi бедствы, выгнаннi i масавыя забойствы, якiя ўсейваюць яўрэйскую гiсторыю падобна да таго, як... войны, перыяды голаду i эпiдэмii ўсейваюць гiсторыю Еўропы“11. Канечне ж, катастрофы — i перадусiм Катастрофа другой сусветнай вайны з мiльёнамi ахвяраў — не маглi не адбiцца на гiстарычнай свядомасцi яўрэяў, але крыху павярхоўнымi падаюцца разважаннi знанага польскага рэжысёра Кшыштафа Занусi: „Зараз iснуе вялiкая праблема нацыянальнай самаiдэнтыфiкацыi, бо, на маю думку, сучасных яўрэяў ва ўсiм свеце аб’ядноўвае сёння памяць аб Шоа (Галакосце), а не юдаiзм“12. Аб’ядноўвае i тое, i іншае. Сефардскiя (усходнiя) яўрэi ў большасцi Галакосту, дзякуй Богу, не бачылi, але засталiся яўрэямi. Карэнным, хоць i не заўжды вiдавочным чыннiкам iнтэграцыi застаецца ўсё ж юдэйская рэлiгiя з усiмi яе разгалiнаваннямi ды супярэчнасцямi, а значыць, народ не проста захаваў-ся, але й захаваў сябе. I гiсторыя, i дзяржава, i мова могуць быць яўрэйскiмi альбо не, што ж да юдаiзму, ён, паводле азначэння13, неяўрэйскiм быць не можа14. З яго i пачнем.

Канечне, любая пошуковая праграма, папулярная сёння (гл. www.rambler.ru, www.yahoo.com i да г.п.) знойдзе тысячы сайтаў, дзе сустракаецца слова „иудаизм“ цi „judaism“ — на беларускай жа мове адшукаць што-небудзь будзе складана. Англамоўным чытачам я шчыра раю спачатку зайсцi на вельмi добры даведачны сайт www.jstudies.org, якi падтрымлiваецца Эв’ятарам Марыенбэргам (Парыж) i ў „Links“ знайсцi тое, што iх цiкавiць. Там згрупаваныя спасылкi на найбольш аўтарытэтныя, рэпрэзентатыўныя сайты як у катэгорыi „Сучасны юдаiзм“, так i ў больш спецыфiчных, прыкладам, „Талмудычная лiтаратура“, „Яўрэйская лiтургiя“, „Яўрэйскiя святы“, „Галаха“ (рэлiгiйнае заканадаўства, у тым лiку для штодзённага жыцця), „Хасiдызм“, „Хрысцiянства i юдаiзм“. Асобна вылучаныя юдаiзм канадскi, расiйскi, iранскi i нават эфiопскi. Амаль кожны сайт, у сваю чаргу, заклiкае да яшчэ больш нечаканых падарожжаў. Напрыклад, з сайту „хазарскага iнфармацыйнага цэнтру“, прысвечанага „Цюркскай i яўрэйскай гiсторыi ў Расii i на Украiне“ (www.khazaria.com; заснавальнiк — Кевiн Брук), дзе ўвазе наведвальнiкаў прапануецца iлюстраваная гiсторыя Хазарскага каганату15, можна перайсцi не толькi да ўласна яўрэйскiх сайтаў — напрыклад, да мiжнароднага электроннага часопiса www.jewishworldreview.com, але й да агляду жыцця сучасных цюркскiх краiн СНД (www.khazaria.com/turkic/index.html). Магчыма трапiць у старажытны Крым, дзе таксама калiсьцi сялiлiся хазары (members.xoom.com/Rushistory/crimea/crimea2.htm), паглядзець змест кнiгi Амялляна Прыцака „Пачаткi старажытнарускай сiстэмы вагаў i грашовага абарачэння“, выдадзенай у ЗША (www.khazaria.com/pritsak.html), якая, напэўна, зацiкавiць нумiзматаў.

А кагосьцi, мабыць, зацiкавiць на www.jstudies.org рубрыка „Кабала16 i мiстыцызм“. На англiйскай i французскай мовах выходзiць „Journal of Kabbalah studies“ (www.multimania.com/jec/index.htm), на англiйскай — часопiс яўрэйскай фiласофii i кабалiстыкi „Daat“ („Веды“ — гэбр.), што выдаецца Бар-Iланскiм унiверсiтэтам Iзраiлю (www.biu.ac.il/HU/pg/daat/engindex.html). Icнуюць, вядома, i кабалiстычныя старонкi на расійскай мове. На сайце kabbalah-web.org да нядаўнага часу размяшчалiся выключна расійскамоўныя ўрыўкi з вучэння рабiна Лайтмана. Сайт падтрымлiваецца ягонымi вучнямi, якiя жывуць у iзраiльскiм горадзе Бней-Браку, адным з цэнтраў артадаксальнага юдаiзму. Зараз ужо даступныя версii на ўсiх галоўных еўрапейскiх мовах, а таксама на арабскай i японскай. Наведнiкам прапануюць зрабiць першыя крокi ў засваеннi ведаў аб будучым свеце, заняцца „ўнутраным сузiраннем“, што мусiць дапамагчы „ўбачыць добрае“. На сайце распавядаецца пра адзiн з цьмяных эзатэрычных твораў, складзеных у сярэднявеччы, якi паўплываў i на развiццё хрысцiянскай мiстыкi, кнiгу „Загар“ („Ззянне“ — гэбр.) Тым не менш, у знаёмстве з юдаiзмам — ды, зрэшты, з кожнай рэлiгiйнай сiстэмай — непажадана чапляцца за адгалiнаваннi, не ведаючы каранёў17. Таму знаёмства карысней пачынаць з атрымання больш агульнай iнфармацыi, якую можна знайсцi, напрыклад, на афiцыйным сайце сусветнага руху „ХаБаД“18 (www.chabad.org). Хабад, альбо „любавiцкi хасiдызм“, зарадзiўся ў Магiлёўскай губернi пры канцы XVIII ст. i быў даволi папулярным сярод яўрэяў Беларусi, асаблiва на магiлёўскiх i вiцебскiх землях — хоць i сустрэў супрацiў рабiнаў традыцыйнага веравызнання i iхнiх прыхiльнiкаў, г.зн. „мiтнагдым“. Зараз цэнтрам Хабаду з’яўляюцца ЗША. Хабад — адна з найбольш дынамiчных плыняў сучаснага хасiдызму, ейная прысутнасць адзначана i ў Таіландзе (www.jewishthailand.com), i ў Ганконгу (www.chabadhk.org). Адрас „Хабад-Любавiч ва Усходняй Еўропе — www.glasnet.ru/~jns/index.htm. У Менску даўно ўжо дзейнiчае хасідская сiнагога з рабiнам Iсраэлем-Ёсефам Грузманам на чале. Пра прысутнасць Хабаду ў Беларусi можна даведацца на старонцы www.glasnet.ru/~jns/russian/cis/belarus/belarus/belarus.htm, праўда, пакуль што толькi пра месца знаходжання сiнагогi i пра яе выгляд. Што ж да сайту www.chabad.org, ён падрабязна распавядае пра ўсё, што можна: адказвае на пытаннi аб Мэсii (крэда Хабаду якраз у тым, што „вось-вось прыйдзе Мэсiя“ — гл. www.chabad.org/moshiach), змяшчае бiяграфii заснавальнiкаў руху, больш-менш цiкавыя гiстарычна-тэалагiчныя нарысы. Тут жа знаходзiцца поўны спiс 613 запаведзяў, абавязковых для юдэяў (248 станоўчых, 365 адмоўных), матэрыялы пра суадносiны рэлiгii i навукi, аб яўрэйскай жанчыне (у тым лiку споведзь „хасiдскай фемiнiсткi“ Рыўкi Слонiм: www.chabad.org/gopher/woman/slonim2.doc.htm), тут жа спасылка на кнiгу, дзе падрабязна разглядаецца сакраментальнае пытанне: „Who is a Jew?“ (www.jewish.to). Сайт Хабаду ўвесь час абнаўляецца, бо на кожны дзень ёсць асобны ўрывак з Торы i хасiдскi каментар да яго.

Iншая галiна хасiдызму, што бярэ пачатак ва Ўкраiне, „брацлаўскiя хасiды“, таксама мае ўласны сервер (адрас — www.breslov.org). Заснаваны гэты рух быў вялiкiм кабалiстам i мiстыкам рабi Нахманам. Аднак па колькасцi матэрыялаў дый па якасцi гэты сайт саступае любавiцкаму.

Той, хто нязгодны з артадоксамi, якiмi з’яўляюцца хасiды, можа зазiрнуць, напрыклад, на сайт „Таварыства гуманiстычнага юдаiзму“ www.shj.org , заснаванага ў ЗША ў 1969 г. „Гуманістычны юдаізм“ імкнецца быць „нетэістычным“ яўрэйскім рухам. Ці апраўданыя гэткія спробы абысціся без догматаў, назапашаных за стагоддзі і нават тысячагоддзі — цяжка сказаць, але робяцца яны нярэдка, асабліва яўрэямі англамоўных краінаў. Ёсць і іншыя варыянты мадэрнізаванага юдаізму: рэфармісцкі, альбо прагрэсіўны, што пашыраецца і сярод яўрэяў Беларусі (www.clickonjudaism.org), і кансерватыўны, што спрабуе спалучыць станоўчае стаўленне да сучаснай культуры і выкананне большасці запаведзяў (www.uscj.org; www.pacific.net/~faigin/SCJ/faq/02-03.html — тут чытач знойдзе адказы на „пытанні, што часта задаюцца“). Рух за „яўрэйскае аднаўленне“ прапануе інтэгратыўны падыход, спалучэнне філасофіі неахасідызму (М.Бубэра і інш.) з „сучаснымі дэмакратычнымі вартасцямі“, напрыклад, з поўнай роўнасцю правоў мужчыны і жанчыны. Ён жадае наладзіць дыялог з будызмам, экалагічнымі рухамі… (гл. www.jewishrenewal.org; www.aleph.org). I ўсё ж артадаксальны юдаізм захоўвае, у некаторым сэнсе, „правы першародства“ — асабліва ў Iзраілі. Нездарма значная колькасць расійскамоўных сайтаў, што маюць на ўвазе распаўсюджванне ведаў аб яўрэйскай рэлігіі, належаць ізраільскім арганізацыям. Няблага зроблены дзвюхмоўны (расійская, англійская версіі) сайт культурна-рэлігійнай арганізацыі „Маханаім“19 (http://machanaim.org.il). Каб прыцягнуць расійскамоўных яўрэяў, аўтары пішуць вельмі даступнай, жывой мовай. Тут можна пачытаць Тору з каментарамі20, атрымаць больш чым падрабязную інфармацыю аб усіх яўрэйскіх святах. Сцвярджаецца таксама, што — на жаль — хрысціянства і юдаізм выкарыстоўваюць несумяшчальныя падыходы да свету і тлумачыцца, чаму яўрэі не могуць прызнаць Iсуса Мэсіям (machanaim.org.il/philosof/in_chris.htm). Аб няпростых у мінулым міжканфесійных стасунках, аб спробах дыялогу мажліва прачытаць і на сайце Фрыца Вола www.jcrelations.com. Гэта англамоўны сайт, некаторыя артыкулы ёсць і на нямецкай.

Сайт, які б прадстаўляў юдаізм у сучаснай Беларусі, знаходзіцца хіба не ў адным месцы — www.beljews.minsk.by. Ён расійскамоўны і належыць менскай філіі ізраільскай ешывы (вышэйшай духоўнай вучэльні) „Эш га-Тара“, што значыць „Агонь Торы“21. У 1996 г. гэтая арганізацыя стварыла ў Менску „Коледж яўрэйскіх ведаў“, выдае свой бюлетэнь, супрацоўнічае з Міжнародным гуманітарным інстытутам, што летась адкрыўся ў складзе БДУ22. У сетцы кожны жадаючы можа пазнаёміцца з праграмамі „Эш га-Тары“, што прапануе сваім удзельнікам разнастайныя сустрэчы, паездкі ў Мір, Валожын — месцы, дзе знаходзіліся славутыя ешывы. Тут жа — яўрэйскі каляндар на бягучы год, тут жа — перыядычныя выданні „Дайджэст“ і „Шабат Шалом“. Першае закранае не толькі тэму рэлігійнага адраджэння, хоць яна і галоўная23. У „Дайджэсце“ можна прачытаць, напрыклад, цікавыя гістарычныя артыкулы А.Фрыдмана, які зрабіў ужо і ўласны сайт beljewshist.virtualave.net (гл. далей). Вось як пачынаюцца ягоныя „Фрагменты эканамічнай гісторыі яўрэяў Беларусі“ (www.beljews.minsk.by:8101/digest/sh4.htm): „Больш чым 600 год жыцця яўрэяў на землях Беларусі нельга лічыць часам безупыннага прыгнёту… Жыццё яўрэяў у Вялікім Княстве Літоўскім дае нам бадай што ўнікальны прыклад адносна спакойнага, мірнага і свабоднага жыцця. Нельга сказаць, каб яўрэяў у гэтай дзяржаве любілі: але ж вельмі цяжка назваць хоць адну дзяржаву, дзе б яўрэйскі народ калі-небудзь любілі…“

I ўсё ж, нягледзячы на багацце зместу і прывабны дызайн, сайту чагосьці бракуе. Мусібыць, „гасцёвай кнігі“, але, перадусім, актуальнасці: абнаўляецца ён рэдка. У лютым 2000 г. размешчаны яшчэ абвесткі на студзень. Дый агульная назва сайту „Жыццё грамады“ ёсць крыху прэтэнцыёзнай, бо „Эш га-Тара“ ў Менску — гэта зусім не ўся юдэйская (ці яўрэйская) грамада Беларусі. Проста іншыя суполкі яшчэ не выйшлі ў Iнтэрнэт. Але ж гэта толькі адна з першых спробаў кампутарызацыі беларускага яўрэйства. Будзе попыт, будзе й адпаведная прапанова. Ва ўсялякім разе, на гэта хочацца спадзявацца.

Сайт „Гісторыя беларускага яўрэйства“ патрабуе больш дэталёвага разгляду. Як на мой погляд, ён не проста цікавы, а надзвычай цікавы. Да таго ж, гэта даволі важна, робіцца маладымі людзьмі, якія жывуць у Беларусі: Аляксандрам Фрыдманам (студэнт БДУ, гісторык24; выкладчык у беларускім аддзяленні Адкрытага ўніверсітэту Iзраілю) і яго братам Віталем (web-дызайнер). Сваю годную місію — прэч, іронія! — Аляксандр бачыць у адраджэнні й захаванні памяці пра „перакрэсленую цывілізацыю“ літоўска-беларускіх яўрэяў, аб якой кагадзе пісала „Наша Ніва“25. Таму і ўзяў сабе за дэвіз словы выдатнага яўрэйскага гісторыка пачатку XX ст. Сямёна Дубнава, родам з Амсціслава: „У мінуўшчыне яўрэйскага народу захоўваюцца дзіўныя гаючыя сілы для стомленай яўрэйскай душы…“ Пра Беларусь у свеце ведаюць мала, пра беларускіх яўрэяў — яшчэ меней, і вось сайт, паводле думкі А.Фрыдмана, мусіць у некаторай ступені запоўніць прабел. Аўтар свядома робіць акцэнт менавіта на духоўнай гісторыі беларускага яўрэйства — ізноў жа, гісторыя і рэлігія йдуць поруч. Канечне, культурна-асветніцкія мэты чымсьці й абмяжоўваюць далягляды сайту, але ж і тое, што атрымалася, уражвае. Як слушна заўважаюць на www.jstudies.org, у раздзеле „Russian Judaism“ — „A very impressive site“. Заходзяць да Фрыдмана пакуль што 10—15 чалавек на дзень. Для новага сайту — а існуе ён прыкладна год, у ліпені 1999 г. быў дапоўнены і перароблены ў лепшы бок — гэта зусім нядрэнны паказчык, тым болей, што сайт робіцца невялікімі сіламі.

Адрас ягоны — beljewhist.virtualave.net, але можна зайсцi i праз www1.rambler.ru/sites/187000/187931. Сайт падзелены на дзве няроўныя часткi — англамоўную i расійскамоўную. Першая з’явiлася адносна нядаўна. У расійскамоўнай версii, дзе ёсць i матэрыялы на беларускай мове, разнастайнасцi больш. Тут мы можам убачыць наступныя раздзелы: „Яны нарадзiлiся ў Беларусi“, „Адметныя яўрэйскiя гiсторыкi“, „Лёсы“, „Галерэя“, „Галакост: памятайце пра гэта“, „Гарады“, „Дынастыi“, „Паэзiя“, „Без рэтушы“, „Рознае“, „Мае работы“, „Публiкацыi“, „Сiянiзм“, „Праекты“, „Гiсторыя Беларусi“, „Сусветная гiсторыя“. Простае пералiчэнне паказвае, наколькi каштоўны гэты сайт. Некаторыя з раздзелаў ужо запоўненыя цалкам, некаторыя яшчэ чакаюць рэканструкцыi. Аўтар абяцае, што матэрыялаў на беларускай мове хутка будзе болей, таксама ж паболее iлюстрацый (напрыклад, выяваў старажытных сiнагог Беларусi). Адылi ж i цяпер iлюстрацый багата. У „Галерэi“ размешчана цэлая выстава карцiн Шагала як дарэвалюцыйнага перыяду, так i пазнейшых, калi мастак пасялiўся ў Францыi. У артыкулах пра ВКЛ не абышлося без партрэтаў князёў.

Заслугоўвае павагі тое, што аўтар адкрывае расійскамоўную частку матэрыялам пра свайго дзеда, Залмана Гарэліка, вядомага геолага, які быў адным з першаадкрывальнікаў нафты ў Беларусі (артыкул Айзберга і Галубцова „Унёсак З.Гарэліка ў развіццё геалогіі Беларусі“). На сайце ствараецца энцыклапедыя штэтлаў — г.зн. „мястэчак“. Праўду кажучы, пакуль што яна зусім небагатая, але ёсць ужо наступныя спасылкі: „Бабруйск“, „Лунінец“, „Лёс вёскі Эрштэрмай“ (паводле матэрыялаў беларускіх даследчыкаў Л.Лыча і В.Шура), „Возера Князь (Жыд)“, „Менск яўрэйскі“, „Пінск яўрэйскі“. У апошніх двух матэрыялах аўтар даводзіць расповед да 1941 году: яны не прэтэндуюць на ўсебаковае асвятленне прадмету, аднак іх не варта абмінаць нікому, хто цікавіцца гісторыяй гарадоў Беларусі. У А.Фрыдмана йдзецца аб малавядомай старонцы іхняй гісторыі, а менавіта аб гісторыі сінагог.

Крыху меней сур’ёзным, але ад таго не меней значным, выглядае раздзел „Рознае“: тут і „Замовы“26, і „Загадкі літоўскіх хедэраў [школ для яўрэйскіх дзяцей]“, і гістарычныя анекдоты. Адзін з іх заслугоўвае цытаты, бо, як кажуць, „не страціў вартасці й да сённяшняга дня“: „Цар Мікалай I запытаўся ў любавіцкага цадыка [святога, праведнага] рабі Мэндэля: чаму гэта ў яўрэяў гэтак развітае даказніцтва, што сведчыць аб узаемнай варожасці ў іхнім асяроддзі? Рабі адказаў на гэта: рыбы ядуць адна адну часцей, чымся іншыя жывёліны, бо ім адведзена толькі рака або мора, на сушу яны не могуць выйсці. Гэтак і яўрэі: з-за абмежаванняў у выбары месца жыхарства яны вымушаны сустракацца й сутыкацца паміж сабою і міжволі злуюць адзін на аднаго…“ Зараз, здаецца, і абмежаванняў (сумна вядомай „рысы аселасці“) няма, аднак унутрыяўрэйскіх канфліктаў, насуперак распаўсюджанаму міфу, дагэтуль хапае — дастаткова паглядзець на Iзраіль. Ды і ў Беларусі не ўсё добра з „яўрэйскім адзінствам“.

Пад рубрыкай „Паэзія“ знаходзіцца на сённяшні дзень (пачатак сакавіка) толькі адзін верш: купалаўскія „Жыды“ ў скарочаным выглядзе, у якім верш быў надрукаваны ў зборніку „Жыве Беларусь“ (Менск, 1993). Вось каментар А.Фрыдмана: „Глыбокія, філасофскія радкі гэтага верша, безумоўна, павінны заняць пачэснае месца ў літаратурнай спадчыне беларускага песняра“27. Тут жа даецца гіперспасылка на „А хто там ідзе?“.

У раздзеле „Без рэтушы“ — тры матэрыялы, што дэманструюць выказванні аб яўрэях У.Леніна, П.Сталыпіна, У.Салаўёва. Вось жа, калі першы ў сваім не надта вядомым выступе „Аб пагромным цкаванні яўрэяў“28 заклікаў змагацца супраць антысемітызму, спадчыны „старога часу“ (калі б гэта так было!), то другі, упэўнены ў прыроднай непаўнавартасці „яўрэйскай расы“, па сутнасці, гэткім цкаваннем і займаўся. Цяпер у Расіі робяць актыўныя высілкі ідэалізаваць цара Мікалая II і ягонага паплечніка Сталыпіна. Цікава, ці збіраюцца прыхільнікі „России, которую мы потеряли“, адрадзіць і антыяўрэйскія абмежаванні ды пагромы? Пытанне рытарычнае.

Найбольш інфарматыўнымі на сайце з’яўляюцца, відавочна, работы самога А.Фрыдмана. Некаторыя з іх ужо друкаваліся ў газеце Юдэйскага рэлігійнага аб’яднання „Берега“ (Менск): „Францішак Скарына і праскі голем“, „Жыццё дзеля ідэі“ (пра тое, як літоўскі шляхціц перайшоў у юдаізм і чым гэта скончылася). Але гэта якраз той выпадак, калі лепей аднойчы ўбачыць.

Змест англамоўнай часткі значна адрозніваецца, у чымсьці ён бяднейшы, але трапна дапаўняе вышэйпералічаныя матэрыялы. Тут знаходзяцца збольшага вытрымкі з энцыклапедый: артыкулы пра славутага духоўнага настаўніка беларускіх яўрэяў, віленскага гаона (генія) Эліягу, „апошняга вялікага тэолага класічнага рабінізму“, які жыў у XVIII ст. і, дарэчы, супрацьстаяў хасідам, пра Валожынскую ешыву, вядомую ва ўсім яўрэйскім свеце. Багата месца адведзена гэтак званым „Special projects“ — адказам на звароты амерыканскіх яўрэяў. Апошнія адразу ж па стварэнні сайту пачалі прасіць расказаць ім пра беларускія мястэчкі, адкуль родам іхнія сваякі ці продкі. А.Фрыдман зрабіў вялікую працу, падрыхтаваўшы звесткі аб некалькіх тузінах мястэчкаў. Звесткі гэтыя маюць энцыклапедычны характар і грунтуюцца, у прыватнасці, на выніках расійскага перапісу 1897 г. У „Форуме“ і „Гасцёвай кнізе“ сайту можна прачытаць лісты складальніку. Збольшага гэта падзякі з-за акіяну — цалкам заслужаныя.

Трэба зазначыць, што ўсім згаданым каштоўнасць сайту не вычэрпваецца. Вось, напрыклад, каб англамоўнаму наведніку было лягчэй арыентавацца ў беларускім топасе, для яго створаны спецыяльны раздзел „Belarusian maps“. Вось такі ці не першы сайт па гісторыі яўрэяў Беларусі.

Англамоўны сайт www.jewishgen.org — „Дом яўрэйскай генеалогіі“ — найбуйнейшы ў сваёй сфэры. Штодзень на яго заходзяць некалькі соцень наведнікаў, збольшага яўрэі ЗША, Канады, Iзраілю, якія шукаюць свае карані. Cклалася special interest group — нешта накшталт форуму для тых, хто родам з Беларусі (www.jewishgen.org/Belarus). Людзі дапамагаюць адзін аднаму скласці радаводы і даведацца пра краіну іхнай настальгіі: на гэтай жа старонцы прапануюцца спасылкі на адрасы беларускіх архіваў, гістарычныя нарысы аб Менску, Горадні, Наваградку, Слуцку, мапа сучаснай Беларусі і карты беларускіх губерняў сярэдзіны XIX cт. На сайце ёсць матэрыялы агульнага характару, ёсць такія, што тычацца асобных мястэчкаў: www.jewishgen.org/ShtetLinks/Belarus.html. Тут большасць мястэчкаў вывучаецца ў межах „Лідскага праекту рэгіянальнага даследавання“. Але асабліва ўражвае старонка www.jewishgen.org/Belarus/Shtetls/Belarus.htm, дзе, дзякуючы намаганням не аднаго дзесятка людзей, сабраны найбагацейшы тэзаўрус інфармацыі пра бадай усе мястэчкі беларускіх земляў. У лютым 2000 г. сябры форуму пачалі перакладаць спісы выбарцаў Думы з Менскай губерні, ужо складзены спісы тых, хто ў 1906 г. галасаваў у Рэчыцы. Прапануюцца таксама „ревизские сказки“ ранейшага перыяду. Хоць інфармацыя гэтая даволі спецыфічная, яна, безумоўна, можа быць карысная руплівым даследчыкам і аматарам беларускай гісторыі. Як і праца беларускага ідышыста і гэбраіста Віталя Зайкі (жыве ў Нью-Ёрку). Ягоны артыкул „Габрайскія мэмарыяльныя кнігі пра гарады й мястэчкі Беларусі“, што ў мінулым годзе з’явіўся ў „Запісах БIНIМ“ (Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ЗША), ёсць, верагодна, першай спробай пазнаёміць чытача з „цэлым пластом літаратуры, якая зьяўляецца малавядомай для беларускіх дасьледнікаў“. Гл. members.xoom.com/_XMCM/litbel/24.09.htm. Кнігі памяці на гэбрайскай і ідыш выходзілі й выходзяць у Iзраілі, ЗША, Аргенціне. Iх складалі эмігранты з беларускіх мястэчкаў — ад Антопалю да Браслава. Да артыкулу В.Зайкі дададзены спіс амаль што ўсіх гэтага кшталту выданняў, які займае некалькі старонак. „Няма сумневу, — піша аўтар, — што гэтыя багатыя матэрыялы могуць і мусяць быць скарыстаныя беларускімі гісторыкамі, краязнаўцамі, культуролягамі“. Што ж, кнігі ёсць і ў Беларусі. Некаторыя з іх захоўваюцца ў мінскім Навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны. Праўда, чытачоў на іх, з розных прычынаў, пакуль што вельмі і вельмі мала.

На тым жа серверы, што і „Запісы БIНIМ“, знаходзіцца сайт газеты „Наша Ніва“, якая часта звяртаецца да „яўрэйскага пытання“, а значыць, аматару гісторыі беларускіх яўрэяў тут ёсць на што звярнуць увагу. Цікавы, хоць і не бясспрэчны, атрымаўся „жыдоўскі нумар“ (№33 за 1999 г.) — http://members.xoom.com/Nasa_Niva/1999/33/nn33.htm. Апрача публіцыстычных матэрыялаў, у ім можна натрапіць на дастаткова грунтоўны нарыс А.Шпунта „Габраі Вялікага Княства Літоўскага ад Вітаўта да Станіслава-Аўгуста“. Варта адзначыць, што да сайту „Нашай Нівы“ можна перайсці з www.jewishgen.org/Belarus/resources.htm#Archives праз пасярэдніцтва беларускага даведачнага сайту www.ac.by/country. Атрымліваецца своеасаблівы віртуальны шлях да дыялогу. На апошнім сайце ягоны складальнік, сп.Касцюковіч, прапануе таксама web-адрасы іншых беларускіх выданняў. Некаторыя з іх, асабліва „Белорусская деловая газета“ (www.bdg.minsk.by) і „Белорусская газета“ (www.open.by/bg-weekly), таксама рэгулярна пішуць пра беларускіх яўрэяў. Час ад часу звяртаецца да беларускіх падзей „Международная еврейская газета“, што выдаецца ў Маскве (www.aha.ru/~tankred). Але гэта ўжо асобная тэма.

Дзе яшчэ можна ў Iнтэрнэце прачытаць пра сучаснае беларускае яўрэйства? Мала дзе. Iснуе сайт Федэрацыі яўрэйскіх арганізацый і грамад СНД з раздзелам „Беларусь“ (www.fjc.ru/belarusfr.htm), аднак гэтая старонка на англійскай мове добрай якасцю не вылучаецца. Колькасць яўрэяў у Беларусі (95000) перабольшаная, зашмат арфаграфічных памылак там, дзе іх быць не павінна (назвы гарадоў). Усё ж старонка цікавая тым, што дае каардынаты лідэраў яўрэйскіх арганізацый у 19 гарадах Беларусі, хоць і тут звесткі часам састарэлі.

Больш дакладныя і падрабязныя звесткі з новай гісторыі ёсць на англамоўнай старонцы www.virtual.co.il/communities/wjcbook, на якую магчыма перайсці й праз www.jewishgen.org, і праз „хазарскі“ сайт www.khazaria.com. Тут колькасць яўрэяў у Беларусі выглядае больш рэалістычнай: 45000, з якіх, паводле аўтара, 20000 жыве ў Менску, па 6000 у Бабруйску й Магілёве... Можна пагадзіцца з тым, што „існуе каля 100 культурных арганізацый, але большасць з іх невялічкія і нестабільныя“, а таксама й з тым, што „хаця антысемітызм у Беларусі — не такая вострая праблема, як у Расіі ці на Ўкраіне, адбыўся шэраг інцыдэнтаў, што даюць падставу для хвалявання“.

I ўсё ж гэты агляд становішча яўрэяў у сучаснай Беларусі застаецца павярхоўны. Няма храналогіі. Не названыя прозвішчы людзей, што ўплываюць на жыццё грамады. Зрэшты, аўтарства гэтай старонкі належыць Сусветнаму яўрэйскаму кангрэсу, які ад Беларусі даволі далёка знаходзіцца й сачыць за зменамі не паспявае. Можа, з тых самых прычынаў сцісла напісана пра беларускіх яўрэяў і на сайце Амерыканскага размеркавальнага камітэту „Джойнт“ (яго прадстаўніцтва дзейнічае ў Мінску з пачатку 1990-х): www.jdc.org.il/fsu/english/countries/belarus.html. Тут тры маленькія раздзелы: „Статыстыка“, „Кароткая гісторыя“, „Дзейнасць Джойнту“. З першага можна даведацца, што яўрэяў у Беларусі — 35—40 тысяч, што ў маленькіх гарадах людзей сталага ўзросту сярод іх каля 70% і што ім патрабуецца дапамога. У „Гісторыі“ згадваюцца Хаім Вейцман, Перас, Шагал і іншыя ўраджэнцы Беларусі, вядомыя ў свеце, аптымістычна сцвярджаецца, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, беларускія яўрэі адраджаюць сваё культурнае і грамадскае жыццё. У трэцім раздзеле пералічаны некаторыя вынікі гэтага адраджэння, у прыватнасці, школы, Народны ўніверсітэт, дабрачынны фонд „Хесэд“, што спансаруецца Джойнтам.

Найбольш удалай спробай напісання кароткай гісторыі беларускага яўрэйства мне падаецца артыкул па адрасе www.heritagefilms.com/BELARUS.html (на яго спасылаецца „хазарскі“ сайт), плён творчасці некалькіх аўтараў. Дзеля зручнасцi дададзена карта Беларусi i храналогiя асноўных падзей беларускай гiсторыi. Падыход жа да гiсторыi яўрэйскай тут даволi традыцыйны: „Яўрэi ў дарэвалюцыйныя часiны“, „Пад савецкай уладай да 1941 г.“ i г.д. Разглядаецца асобна й жыццё яўрэяў Заходняй Беларусi, што сведчыць на карысць сайту. Канечне, уключаны й сучасны перыяд гiсторыi беларускага яўрэйства. Праўда, ён даведзены толькi да сярэдзiны 1990-х i iнфармацыя не паднаўляецца ўжо, вiдаць, гады 3—4.

Такiм чынам, абагульняючы i аналiзуючы дадзеныя ўсiх узгаданых сайтаў, адкiдаючы памылкi i яўныя недарэчнасцi, любы карыстальнiк Iнтэрнэту можа скласцi для сябе прыблiзную карцiну таго, чым было яўрэйскае жыццё на Беларусi ўчора (i пазаўчора) i чым яно ёсць сёння. Паўтаруся: толькi прыблiзную. Найбуйнейшыя яўрэйскiя структуры на Беларусi, „Саюз яўрэйскiх грамадскiх аб’яднанняў i суполак“ i „Юдэйскае рэлiгiйнае аб’яднанне“ сваiх сайтаў не мелi й не маюць, гэтаксама, як iхнiя перыядычныя выданнi, адпаведна „Авив“ (тыраж 2000 ас.) i „Берега“ (5000 ас.), і як Асацыяцыя грамад прагрэсiўнага юдаiзму, што выдае газету „Мезуза“. Вось-вось мусiць з’явiцца сайт тоўстага гiсторыка-лiтаратурнага часопiса „Мишпоха“ (выходзiць у Вiцебску на расійскай мове), але на пачатак сакавiка 2000 г. пра часопiс у Iнтэрнэце толькi згадвалася: напрыклад, па адрасе www.ort.spb.ru/(Win)/friend/mishpro/mishpro.htm. У часопiса, адна з мэтаў якога — дапамога ў вышуку сваякоў i знаёмых, ёсць адрас электроннай пошты: mishpoha@aport.ru.

У СНД беларускае яўрэйства вывучаецца не дужа актыўна: прынамсі, аб гэтым сведчыць бадай што поўная адсутнасць работ пра Беларусь на сайце навуковага таварыства „Яўрэйская спадчына“, што ў Маскве (www.jewish-heritage.org). Праўда, прыведзены спіс даследчыкаў з Беларусі, яўрэяў і неяўрэяў, якія цікавяцца юдаікай: www.jewish-heritage.org/mmblstru.htm. Спіс гэты даўно не паднаўляўся, вось жа, „иных уж нет, а те далече“. Нехта ўсё ж і застаўся: ад Я.Анішчанкі да З.Пінхасіка, Г.Сінілы, Л.Фінкельштэйн.

Цяпер пяройдзем да кароткага агляду ізраільскіх сайтаў. У Ізраілі жыве болей за 35% яўрэяў свету, і доля гэтая павялічваецца. Пра гэтую дзяржаву ў Інтэрнэце знайсці можна ўсё, што заўгодна. У тым, напрыклад, што датычыцца палітыкі, найбольш аўтарытэтнымі будуць сайт ізраільскага парламенту — Кнэсэту (www.knesset.gov.il), дзе ўхіл робіцца ў бок інстытуцый і юрыдычных дакументаў, і сайт Міністэрства замежных спраў Ізраіля (www.israel.org & www.israel-mfa.gov.il), дзе, апрача пытанняў замежнай палітыкі, праблемаў міру на Блізкім Усходзе, дзейнасці амбасадаў і г.д., аглядаецца з крыху афіцыёзных пазіцый і ўнутранае становішча краіны. Тут ёсць матэрыялы на англійскай, іспанскай, французскай і іншых мовах.

Аднак да Беларусі ўсё пералічанае мае невялікае дачыненне. Увогуле, у Ізраілі, як і ў іншых „індустрыяльна развітых краінах“, пра Беларусь ведаюць мала — хоць Ізраіль і быў заснаваны не без дапамогі беларускіх яўрэяў — праўда, тады яны лічыліся, і лічылі сябе, ураджэнцамі Расіі ці Польшчы. Пра Беларусь ведаюць перадусім, канечне, імігранты з былога СССР, якіх з 1989 г. прыехала каля 840 тысяч чалавек29. Эмігрантаў з Беларусі сярод іх 66 тысяч, альбо 7,9%30. Часам — і часта — яны неяк губляюцца ў агульнай масе, пагатоў што, як піша былы жыхар Беларусі, літаратар А.Каштанаў, „нас тут усіх клічуць „рускімі“, хоць бы мы прыехалі з Украіны, Беларусі ці Сярэдняй Азіі...“31 Беларускае зямляцтва ў Ізраілі, як слушна заўважыў А.Дынько32, большае, чым яўрэйская супольнасць у Беларусі, аднак уласнага сайту ў Інтэрнэце не мае, тады як украінскае зямляцтва мае, прынамсі, два: read.at/uzi i www.isrus.co.il/win_d/obs_d/obs_novuk.html. Не дзіва, бо з Украіны прыехала больш за 267 тысяч імігрантаў — у 4 разы болей, чым з Беларусі.

Расійскамоўныя iмiгранты ў апошнiя гады актыўна пашыраюць сваю прысутнасць у сусветнай сетцы. На пошукавым сайце www.interface.co.il знаходзяцца тузiны спасылак; добрым дапаможнiкам у вандроўках па вiртуальным расійска-iзраiльскiм свеце будуць таксама каталог „Расійскiя рэсурсы Iзраiлю“ — www.fortunecity.com/meltingpot/melwood/1087/israel.htm, каталог iзраiльскiх сайтаў (не выключна расійскамоўных) з гучнай назвай „Мята-партал“ russian.nana.co.il, новы цiкавы каталог www.isrus.co.il... Ад багацця сайтаў на самыя розныя тэмы — турызм, бiзнес, ахова здароўя, палiтыка, рэлiгiя, культура, студэнцкае жыццё (тут варта паглядзець сайт студэнтаў Хайфы — olim.da.ru) разбягаюцца вочы, што для Iнтэрнэту, зрэшты, ёсць нармальнай з’явай. Засяродзiць жа ўвагу можна на тым цi iншым напрамку: прыкладам, на мiжземнаморскiм горадзе Ашдодзе, дзе са 160-тысячнага насельнiцтва iмiгранты складаюць ледзь не трэцюю частку. Да таго ж менавiта ў Ашдодзе жыве значная колькасць iмiгрантаў з Беларусi. У мiнулым годзе тут быў адчынены першы Мiжнародны цэнтр культурных i дзелавых сувязяў „Iзраiль-Беларусь“ (дырэктар — былы вiцьбiч Аркадзь Крумер). У каталогах магчыма натрапiць на сайт намеснiка мэра Ашдоду Шымона Кацнельсона, якi, хоць i эмiграваў з Украiны ў 1970-я гады, па словах А.Крумера, „паходзiць з вядомай дынастыi Кацнельсонаў, якая жыла калiсьцi ў Бабруйску“, а яшчэ ён „аказвае вялiкую дапамогу Цэнтру“33. Аднак сайт Кацнельсона www.ashdod-beitenu.luckynet.co.il (сама)рэкламны. Ён быў створаны напярэдаднi мунiцыпальных выбараў 1998 г. i распавядае пра мэты руху „Наш дом Ашдод“, якi ўзначалiў Кацнельсон, пра бiяграфiю лiдэра i г.д. Значна цiкавейшы новы сайт пра Ашдод: www.comfree.co.il/ashdod/index.html. Тут гасцiнна прапанаваныя карта гораду, фотаздымкi ягоных кварталаў, звесткi пра арганiзацыі i нават расклад руху аўтобусаў. Як нi дзiўна, але найбуйнейшыя расійскамоўныя газеты Iзраiля „Вести“ i „Новости недели“ ўласных сайтаў не маюць. Адзін з аглядаў ізраільскай прэсы на расійскай мове робіць нейкі Міхалыч: www.geocities.com/SiliconValley/Lab/3187.htm. Дзеля знаёмства з непрыгладжаным вобразам Ізраілю раю наведаць. Ёсць яшчэ й проста „НепрыЛІЗАныя навіны“, іх рыхтуе Ліза: israel.ezhe.ru/news. Побач знаходзіцца, нечакана, Дэкларацыя незалежнасці Ізраілю на расійскай мове: israel.ezhe.ru/glossary/extra/declaration.html і, больш чакана, старонка ізраільскіх камандаў КВЗ: israel.ezhe.ru/kvn/index.html

Акрамя ашдодскага, у Ізраілі на пачатку 1999-га заснаваны быў яшчэ адзін палітычны рух, назва якога імітуе расійскую „НДР“. Гэта — невялікая правая партыя „Наш дом Ізраіль“, што абапіраецца ў асноўным на галасы расійскамоўных імігрантаў і мае ў Кнэсэце 4 месцы са 120. Яе лідэр, Авігдор Ліберман, былы імігрант з савецкай Малдавіі, фігура цікавая і супярэчлівая. Ён яўна неабыякавы да Беларусі і не аднойчы наведваў Мінск і наваколле. У 1995-м, прыехаўшы ў якасці генеральнага сакратара найбуйнейшай апазіцыйнай партыі „Лікуд“ (адкуль пазней сышоў), у інтэрв’ю зазначыў, што Беларусь магла б стаць добрым міжнародным турыстычным цэнтрам, калі б тут крыху шырэй выкарыстоўвалася англійская мова34. Летась ізноў прыязджаў і сустракаўся з дырэктарам Інстытуту сацыяльных і палітычных даследаванняў пры адміністрацыі прэзідэнта. Восенню ж 1999 г. Ізраіль, па запрашэнні партыі Лібермана, наведала група беларускіх членаў Нацыянальнага Сходу. У праграму партыі „Наш дом Ізраіль“ (1999 г.) былі ўключаны, паміж іншым, і наступныя тэзісы: „Увядзенне прэзідэнцкай формы праўлення; абранне прэзідэнта ўсеагульным непасрэдным волевыяўленнем; стварэнне рады нацыянальнай бяспекі пры прэзідэнту…“35. Ці не скарыстаў сп. Ліберман беларускі досвед? Кожны інтэрэсант можа ў яго пра гэта запытацца, калі звернецца на сайт y-liberman.net , што зроблены на трох мовах: на расійскай, англійскай і на гэбрайскай.

Сярод шматлікіх ізраільскіх расійскамоўных сайтаў увагі заслугоўвае цікавы, амаль постмадэрнісцкі віртуальны часопіс пра Ізраіль „Сонечны востраў“, заснаваны ў 1998 г. (kulichki.rambler.ru/sunisland). У ім, як распавядае анатацыя, „вершы, апавяданні, ўражанні, навіны, музыка…“ Дадам яшчэ — гісторыя Ізраілю, пераклады. Пазначана таксама наступнае: „Незалежна ад Вашай нацыянальнасці, веравызнання і месца жыхарства, мы будзем радыя выслухаць Вас і апублікаваць Вашыя матэрыялы“.

Аматарам чорнага гумару, часопіса „Вожык“ і газеты „Навінкі“ прыйдзецца, верагодна, даспадобы газета для „тых, каму яшчэ смешна“ „Бесэдар?“ („Усё добра?“ — габр.). Адрасы: www.beseder.sharat.co.il; www.vesti.ru/beseder aбо www.israel.ru/beseder. Тут з пераменным поспехам высмейваецца жыццё ў Ізраілі дый ва ўсім свеце. Вось узор больш-менш бяскрыўднага жарту: „Прадаецца 32-пакаёвая кватэра ў цэнтры Масквы. 12 санвузлоў, 15 крытых стаянак. Падыходзіць для дзвюх сем’яў! Для сям’і Беразоўскага і сям’і Гусінскага“.

Карысна зайсці й на расійскамоўны сайт Ізраільскіх культурна-інфармацыйных цэнтраў у СНД www.il4u.org.il, дзе адразу ж можна даведацца пра надвор’е ў Ерусаліме і курс даляра адносна шэкеля. Акрамя таго, вам распавядуць пра адукацыю, культуру, гэбрайскую мову, армію і шмат чаго іншага. Усё гэта найчасцей інфармацыя агульнага плану: хто жадае большага, мае магчымасць прыняць удзел у „Дыялогах“ альбо распачаць „Пошук“, а таксама атрымліваць па электроннай пошце бюлетэнь навінаў. Што ж да Беларусі, існуе старонка адзінага Ізраільскага цэнтру ў Менску: www.il4u.org.il:8101/cultcent/Minsk. Тут пазначана, калі ён адкрыўся (у 1992 г.), навошта (каб „інфармаваць насельніцтва Беларусі пра ўсе аспекты жыцця сучаснага Ізраілю“), пералічаны ягоныя праграмы і праекты. Прапануецца расійскамоўны бюлетэнь цэнтру „Анахну бадэрэх“ („Мы ў дарозе“ — гэбр.). Ён асвятляе збольшага падзеі ў Ізраілі, часам закранаючы і жыццё беларускіх яўрэяў.

Так, мы ўсе ў дарозе. Толькі вось куды ідзем?

На гэтым і скончым.

1 В.Станішэўскі „Без чаго БНФ — не перадавая партыя“ // Наша Ніва, 31.01.2000, с.3.

2 Сервер — гэта „кампутар, які дазваляе адпраўляць інфармацыю кліентам“ (P.Moreau „L’extreme droite et Internet“ // Pouvoirs, #87, 1998, p.130.) 3 Джой. Параллельные миры Интернет“ // АлВит пресс, 6.01.2000, с.3.

4 „Гораду і свету“ (лац.). У дадзеным выпадку хутчэй „усім і нікому“.

5 „Кожны дзень колькасць старонак павялічваецца на 1,5 мільёна ці 3 тэтрабайты інфармацыі“ — паводле СompuServe, 10.09.1998. Цыт у: P.Moreau, op. cit.

6 Не выключана, што менавіта з вынаходніцтвам сусветнай сеткі канчаткова ўсталявалася „эпоха фельетонаў“, пра якую пісаў Г.Гесэ ў „Гульні шкляных перлаў“ (1943).

7 „Ферма жывёлаў“ (1945), у беларускім перакладзе С.Шупы (Мінск, „Маст. літ.“, 1992) проста „Ферма“. Можа, гэта й мавэтон, два разы запар спасылацца на даўно памерлага пісьменніка, які з яўрэямі ці Беларуссю бадай нічога супольнага не меў, але што ж зробіш, калі Оруэл і Інтэрнэт гэтак добра рыфмуюцца. Жаргон кампутарнікаў, у прыватнасці карыстальнікаў Інтэрнэту — ці ж гэта не оруэлаўскі „newspeak“ — „навамова“? 8 Дасылайце, калі ласка, на адрас электроннай пошты: rubinchik@mailcity.com.

9 Гэта цалкам справа густу. Аматарам яўрэйскай музыкі, напрыклад, чаму б не зайсці на www.argus-x.com/berry і не паслухаць песні на ідышы ў выкананні славутых сясцёр Беры?

10 Б.Канторович „Евреи и революция“ // Мишпоха (Віцебск), №4, 1998. С.89.

11 H.Arendt „Sur l’antisemitisme“ (1951) // Paris, Calmann-Levy, 1984, p.12.

12 Е.Лукашевич „Режиссёр и его заповеди“ (інтэрв’ю) // Белорусская газета, 26.10.1998, с.24.

13 Паводле „Беларускай энцыклапедыі“ (т.7, Мінск, 1998, с.365) — „рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў… У больш вузкім сэнсе — нацыянальная рэлігія яўрэяў…“ Часам у англійскай мове „judaism“ з’яўляецца сінонімам „яўрэйства“.

14 Зрэшты, нельга пагадзіцца са сцвярджэннем: „Паводле догмаў юдаізму — вузкай, нацыянальнай рэлігіі — іншапляменнікі не могуць быць сапраўднымі юдэямі…“ (С.Асиновский, Э.Иоффе „Евреи. По страницам истории“ Минск, 1997, с.139.). Могуць перайсці ў юдаізм і стаць „сапраўднымі…“, абы шчыра гэтага хацелі. Іншая справа, што ў сучасным юдаізме няма тэндэнцыі займацца місіянерствам сярод неяўрэяў. Гэты агляд таксама не дзеля місіянерства зроблены.

15 Дзяржава, што існавала ў VII—VIII стагоддзях на тэрыторыі паміж Чорным і Каспійскім морамі. Ейнай дзяржаўнай рэлігіяй быў юдаізм. Нярэдка высоўваюцца версіі, што хазары былі продкамі сучасных усходнееўрапейскіх яўрэяў. Гл. таксама артыкул Поля Вэкслера ў гэтым нумары.

16 Кабалa — літаральна „атрыманне“ (гэбр.) — ёсць, паводле „Беларускай энцыклапедыі“, „містычнай плынню ў юдаізме“. Калі больш падрабязна, гэта „эзатэрычнае яўрэйскае тэасофскае вучэнне з выразнымі элементамі містыкі і магіі“ (Краткая еврейская энциклопедия, т.4. Иерусалим, 1988, к.2).

17 Што, як мне падалося, зрабілі стваральнікі сайту „Паўлікіянскага камандорства ордэну тампліераў“ (members.tripod.com/~tamplier/kab/html). На жахлівым чорным тле месцяцца матэрыялы рабіна Штэйнзальца і інш., відавочна, пазычаныя з сайту ізраільскіх кабалістаў.

18 Абрэвіятура ад „Хахма, біна, даат“ („Мудрасць, розум, веды“ — гэбр.).

19 Адзін з ейных завадатараў, вядомы ў Ізраілі грамадскі дзеяч Пінхас Палонскі, прыязджаў быў у Беларусь, выступаў у Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры ў Менску.

20 Гэтак жа, як і на расійскамоўным сайце „Падарожжа ў свет яўрэйскай Бібліі“ bible.ort.org.

21 Гл. таксама сайт „Эш га-Тары“ www.jew.ru (на расійскай мове).

22 Інстытут, дарэчы, атрымаў грант ад хабадніцкага фонду „Ор Аўнэр“. Гэта пазначана на www.fjc.ru/belarusfr.htm.

23 Змяшчаюцца адказы на пытанні кшталту: „Чаму ў яўрэяў дзень пачынаецца з вечара папярэдняга дня?“, „Ці можна спалучыць выкананне запаведзяў Торы з жыццём сучаснага чалавека?“ і ўсё такое.

24 Гл. электронную версію ягонай навуковай працы „Рэч Паспалітая і Францыя на шляху да эмансіпацыі яўрэяў у другой палове XVIII ст.“ па адрасе: www.jewish-heritage.org/prep51.htm.

25 №33 за 1999 г.: members.xoom.com/Nasa_Niva/1999/33/nn33.htm

26 Пададзеныя паводле вядомага літаратара і фалькларыста пачатку XX ст. С.Ан-скага. Гл. яго артыкул „Заговоры от дурного глаза… среди евреев Северо-Западного края“ у: Мишпоха, №5, 1999, сс.44—45.

27 На жаль, арыгінальны тэкст гэтага верша (1919 г.) вінаваціць яўрэяў у забойстве Хрыста ды ў спробе захопу ўлады ў свеце. Гл. пра гэта мой артыкул (памылкова прыпісаны І.Рэзніку) у газеце „Еврейский камертон“ (Тэль-Авіў), 21.10.1999, с.14.

28 Быў запісаны на кружэлку. А.Фрыдман цытуе яго паводле кніжкі Л.Лядава „Аб варожасці да яўрэяў“ (Менск, 1928, с.41).

29 Нагадаю, што агульнае насельніцтва Ізраілю перавышае 6 мільёнаў чалавек.

30 Больш дакладныя лічбы можна адшукаць на сайце Міністэрства абсорбцыі Ізраілю www.moia.gov.il. Там жа знаходзяцца й бягучыя звесткі па іміграцыі ў Ізраіль (www.moia.gov.il/active-rus).

31 А.Каштанов „Человек без свойств?“ // Нёман (Мінск), №8, 1996, с.173.

32 А.Дынько „Беларусы і жыды ў паралельным вымярэньні“ //Наша Ніва, №33/1999, с.7.

33 „Нас связывают аисты и 800 лет...“ (iнтэрв’ю) // Мишпоха, №6, 1999, с.140.

34 Гл. газету „Звязда“ за 14.09.1995.

35 Гэта я бачыў на ранейшым сайце партыі „Наш дом Ізраіль“: www.beytenu.org.il. Традыцыйна прэзiдэнт у Iзраiлi выконвае сiмвалiчную ролю. Галоўная асоба краіны фактычна — прэм’ер-мiнiстр.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Інтэрнэт, яўрэі і Беларусь


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.