ВЯСКОВЫЯ АБРАЗКІ

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ВЯСКОВЫЯ АБРАЗКІ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

ЛОЗОВСКИЙ НИКОЛАЙ

Суседзі

У кожнай вёсцы Лідчыны мы можам сустрэць розных па непаўторных здольнасцях і характару.

На Валасове жыў дзядок Пятручок (Санюк, прозвішча). Яго ведалі бадай ва ўсёй гміне. Гэта быў знахар. Лячыў ён травамі і замовамі не толькі людзей, але і жывёлу. Дзяўчата ішлі да яго “па любчык”. Сабраўшыся на вячорках падсмейваліся з яго, але калі здаралася бяда звярталіся па параду.

Быў і адукаваны жыхар. Гэта мой блізкі сусед Шацюк Антон Антонавіч. Расказвалі, гэта было яшчэ пры цары, яго матка жабравала, а сына вывучыла на настаўніка. Пасля дваццатага года калі ўладкавалася польская ўлада, яго запрашалі вучыць у польскай школе. Ён адмовіўся, сказаў буду вучыць толькі па-беларуску. “ Ну і чакай, сказалі паны” і толькі ў 39 г. пасля вызвалення ён працаваў настаўнікам у Лазянах, а после вайны ў Парачанах. А каб пражыць пры панах ён уладкаваўся дзячком у Беліцкую царкву. І па пятніцах выкладаў рэлігію ў нашай Лазянскай школе. Яшчэ адмысловы дырыжор. Хор чатыры чалавекі Беліцкай царквы быў вядомы на Наваградчыне. Я з захапленем успамінаю, як вечарамі збіраліся ў ягонай цеснай хатцы на спеўкі. І калі чый голас не трапляў у такт ён браў камяртон і мы прыслухоўваліся да ноты “Ля”. Ён граў на скрыпцы. Пісаў музыку на вершы. Некатррыя з іх я і цяпер помню.

Нельга прапусціць, не ўспомніць і суседа па хутары, хаця ён з вёскі Парэчча. Гэта Аляксанд Мігель (“Каралец”). У маладосці ён быў у эміграцыі ў Амерыцы, за палітыку хацелі пасадзіць і ён вярнуўся. Гэта быў выдатны апавядальнік. Я залезшы на печ з захапленнем слухаў яго жыццёвыя ўспаміны. Гэта быў добры чалавек. Калі я пасвіў кароў ранкам і заснуў, а мае каровы і бычок травілі яго зялёнае жыта, ён прышоў да бацькі і кажа: “Ваш сынок дзесьці заснуў, а кароўкі ў маім жыце. Хаця вы не напужайце яго (мяне) калі пабудзіце”.

У 39 годзе пры сустрэчы Савецкай арміі ён выступіў з прывітаннем і штосьці сказаў гадкае пра паноў. За што быў жудка пакараны ў 1942 г. ужо пры акупацыі. Польскія партызаны ў яго хаце расстралялі яго жонку, старэйшага сына і дзвюх дачок, меншай было толькі каля 8 гадоў. Уцёк з пад кулі малодшы сын Косцік, які после перабраўся ў нашую вёску, ажаніўся на нашай дзяўчыне.

Яшчэ адзін жудасны момант. Недалёка ад нас, каля могілак жыў прымак Панковіч, бядняк. У яго было два сыны Іван ды Алёша і дачка. Старэйшы на год за мяне Іван у вайну працаваў парабкам у памешчыкаў палякаў ў вёсцы Пішчоўцы. Гэта быў даволі спакойны і працавіты хлапчына. Вясновым днём 1943 года я забег да іх. Панковіч на возе прывёз нябожчыка свайго сына Івана. Ляжаў ён ніц у возе. Калі бацька адкуліў з яго вопратку, я ўбачыў страшны малюнак. Яго спіна напамінала адбіўное – так ён быў збіты шампаламі і дабіты стрэлам у галаву. Мяне папрасілі дапамагчы зняць з воза. Я ўзяўся за халодныя ногі. Я некалькі дзён адчуваў холад у руках, хаця мыў некалькі разоў у дзень.

Яго брат Алёша перабраўся з хутара ў вёску і там жыве.

Сідароўцы

Некалькі слоў пра саседзяў з Сідораўцаў. Два браты пакупшчыкі Ясь і Адам Пачабіты межавалі з нашым хутарам. Яны былі многа багацейшыя за нас.

Галоўна выдзяляўся Адам меў двух сыноў і дзвюх дачок. Сам даволі няўдалы гаспадар. Не заўсёды хапала ў яго кармоў для жывёлы і хлеба ад старога да новага не хапала.

Але калі браўся за якую работу дык ператвараўся ў адмысловага майстра. Дзесці гадоў за 5 да вайны ён пачаў вырабляць музычныя інструменты. Зрабіў гармонік, скрыпку і барабан. Першы гармонік ён укінуў у печ і спаліў. Я будучы у іх бачыў, як ён склейваў мяхі да гармоніка. І ўжо дзесьці цераз год у хаце быў свой самадзейны музычны калектыў. Старшы сын Юзік граў на гармоніку, а дачка Ядзя грала някепска на скрыпцы, барабаніў Вінцук альбо, хто папала. Хата стаяла на ўскрайку лесу і вечарам пасля працы, як зайграюць, рэха разносіла музыку, я бег басяком, як ачарованы. Вось які лёс напаткаў гэтую сямейку. Сын Юзік пайшоў у (белыя) партызаны і загінуў. Вінцук быў асуджаны і ў лагерах загінуў. Бацькі з дочкамі ў 47 г. выехалі ў Польшч.

Яшчэ пра Сідароўцаў.

Гэта невялікая вёсачка, ці калонія. Жыхары пакупшчыкі, даволі багатыя. Усе лічыліся палякамі, бо былі католікі, вось іх прозвішчы.

1) Два браты Пачабіты Ясь і Адам.

2) Трое братоў Васкелі (адзін з іх Бронік бязносы).

3) Двое братоў Стракоўскіх. Старшы Юзаф меў 12 дзяцей. Двое з каторых і цяпер жывуць у г. Ліда.

4) Брат і сястра Лябецкія (две сям’і).

5) Самы багаты з вяскоўцаў Лявошка меў больш 30 га зямлі і лесу. Малодшы сын Юзаф – брыгадзір у Порачы.

6) І толькі адзін праваслаўны па прозвішчы Жабрун. Цяпер ў гэтай вёсачцы засталося толькі пару хат, акрамя Васкялёў ўсе прыезжыя.

Пра іх быт. Многія із іх трымалі парабкаў ці служанак. Школы не было, а так як усе былі мнагадзетныя, а каталіцкая рэлігія патрабавала каб усе ўмелі чытаць, дык восенню на некалькі месяцаў наймалі настаўніцу якая і вучыла пісаць і лічыць. Вучні навучаліся па тыдню ў кожнай хаце і гаспадар тыдзень карміў настаўніцу.

Іх усіх называлі шляхта (шляхцюк і шляхцянка). А на самой справе гэта былі такія самыя сяляне працаўнікі, можа крыху больш нязграбныя. Яны больш траплялі пад насмешку.

Вось адзін момант.

Ладзілі па святам ігрышча (танцы) на адну з вечарынак некалькі шляхцюкоў прышлі ў даволі светлых портках. А дзецюкі з вёскі суседняй Восава то адзін, то другі пойдуць на кухню, дзе стаяла печ, засунуць рукі ў комін каб выпацкаць у сажу і ў момант танцаў выціраюць аб светлыя парткі самага задавакі. А потым выводзяць на сярэдзіну бліжэй да лямпы… пад агульны смех…

- І ці не лепей быць у рабых портках, а то прышлі ў белых…

Часта танцулькі канчаліся бойкамі – але гэта былі кулачныя разборкі.

Асаўляне

Некалькі слоў пра асаўляняў вёска (Восава). Амаль усе жыхары былі жартаўнікамі. І дзе б яны не бывалі, на танцах, рынку, у святыні, абавязкова насміхаліся над жыхарамі суседніх вёсак. А, як дома, то і над сваімі. І калі толькі сустрэнуцца ўтраіх, то два пасмяхаюцца над трэцім.

Амаль з усёй гміны ў гэтай вёсцы сама болей было зладзеяў. А таксама, калі трэба было знайсці сведку, то звярталіся да асаўлян з любых вёсак і большасць з іх хаця і былі веруючыя на судзе ілжыва прысягалі на Бібліі і Хрысце за невялікую ўзнагароду, ці за чарку. У іх ніхто не быў на фронце, недзе да 1970 г. ні адзін юнак не служыў у войску, хаця гэта была даволі вялікая вёска – на пытанне чаму ў вас ніхто ў войску не служыць – адказвалі: “ А ў нас у войска няма каму, у нас толькі ў турму ёсць”.

Прозвішчы, мянушкі і вясковае самакіраванне

Кожная вёска мела сваю мянушку.

У вёсцы Баяры, быў адзін дурнаваты мужык “Дэнчык” дык усіх баяраў называлі “дурні”, а як хто што не так рабіў – казалі: “Ты што, з Баяр?”.

Асаўляне – “Ілгуны”.

Лазяне – “Бацьвіннікі” (спажывалі буракі).

Сідараўцы – “Шляхцюкі”.

Парэчча – “Капачы”

Краснасельцы (Краснае) – “Машкары” (мошка).

Белічане – “Мяшчане”.

І вельмі часта гэтыя мянушкі прыводзілі да бойкі паміж жыхарамі суседніх вёсак. Пачыналі дзеці, ці падшпаркі, а потым далучаліся і сталыя.

Але я не помню, каб кагосьці пабілі да смерці.

Біліся і мірыліся без умяшання ўладаў. Таму што ў гміне (Беліцы) быў толькі адзін або два паліцянты на дзясяткаў тры вёсак. Яны болей глядзелі, каб не садзілі тутунь, ці не гналі самагонку.

Трэба адзначыць што вяскоўцы ніколі не давяралі ўладам, стараліся абыйсціся без іх і цяпер. Год дваццаць таму мяне запрасілі на памінкі ў вёску Красная Моцкаль Антон, сваяк па матулі. Падыходзячы да хаты ён расказваў пра суседзяў. І самы блізкі, як кажуць за плотам для яго быў вельмі ліхі. Ужо больш 15 год, як не размаўлялі, не лічачы лаянак. Калі зайшлі ў хату, а гэта была доўгая пабудова, пакой, кухня, камора, хлявы. У каморы як і ў кухні стаяла печ на ёй сушылася праросшае жыта, солад для самагонкі. А ў куце стаяў самагонны аппарат, пастаянна сабраны.

Тут я запытаў Антона:

-- А сусед (ліхі) ведае, што ты гоніш гарэлку? – Канешне ведае.

-- А не баішся, што ўдасць участковаму?

-- Не! – цвёрда і ўпэўнена адказаў Антон. Мы можам палаяцца, аддубасіць адзін аднаго, а каб заявіць у міліцыю у нас такога не, па ўсёй вёсцы не бывала.

Вёска была праваслаўная толькі адзін прымак быў католік. З трох прозвішчаў у асноўным складалася насельніцтва – Лазоўскія, Санюкі і Мінцы. Па дзве- тры сям’і -- Шацюкі, Гемзы, Сушчускія, Філіповічы, Чараповіч, аднасямейныя Гота, Майсевіч, Кудла, Савонь, Кулеш і інш.

Вельмі многа было аднолькавых. Калі саўпадало імя, прозвішча і па-бацьку. Калі ў 1944 г. мабілізавалі ў армію, пайшлі я і яшчэ адзін Лазоўскі. Мы былі аднагодкі. Мы трапілі ў адну роту. Так нас вызывалі Лазоўскі № 1 і 2 (а ў школе па мацярках, Акуліны і Веры).

А ў вёсцы, у каждага была мянушка, і многія так прывыкалі, што калі іх клікалі па прозвішчы, то не адгукаліся. Некаторыя мянушкі перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

І яшчэ, часта адно прозвішча варагавала з іншым. Напрыклад, Лазоўскі амаль заўсёды варожа адносіўся да Санюкоў. І на вечарынках часта даходзіла да боек, хаця тады алкаголь амаль не ўжывалі.

Безалкагольнае

Самагонку пачалі гнацьў вайну. Гарэлку пілі чаркамі. Я памятаю, як хрысцілі маю малодшую сястру, то бацька купіў толькі тры бутэлькі жандовай (дзяржаўнай) гарэлкі. І хаця гасцей было болей, як на тры сталы, каля 30 чалавек, гарэлкі хапіла. Пілі з адной чаркі 25 гр. Бутэлька і чарка ішлі па коле і абыходзілі сталы некалькі разоў. Каштавала бутэлька 2 – 2,5 зл. Што раўнялася 16 кг. жыта. Піва ў вёсцы не было і не пілі.

Калі прыходзілі госці, то гарэлкай не частавалі. Частавалі тым, што было падрыхтавана, дадаўшы кавалак свінога салёнага сала.

Для лепшага госця пяклі сушаную каўбасу, якая вісела на кіёчку на гарышчы, альбо ў свіране. Часцяком заводзіліся і чарвячкі, але на гэта ніхто не звяртаў увагі, на вяселі і хрысціны закускі ў асноўным было свіное салёнае сала і варанае мяса. Калі жаніўся самы багаты ў вёсцы Мінец Сцёпа, то ён ганарыўся тым, што на сталах было нарэзана многа сланіны (сала) трохгадовай даўнасці і таўшчынёю на пядзю.

Кураціну варылі толькі на апошні дзень вяселля (на3-4 дзень). А, наогул, селянін еў кураціну ў двух выпадках. Альбо сам моцна захварэў, альбо курыца здохла.

Квашаная капуста была ў кожнага і ў некаторых салёныя гуркі. Гэта лічылася таксама прысмакам. Амаль усе пяклі аладкі і мазалі здорам (унутранае свіное сала) добра пасоленае скручанае ў скрутак і абвязанае туга ніткамі, што і чарвяк не мог туды залезці.

Ужо после таго, як нас вызвалілі ад палякаў, то была такая прымаўка: “Гэта табе не пры польскім часе шмараваць аладку на два бакі”. Гарбату амаль не куплялі, а калі бацька і купляў, то 40 гр. Пачка хапала на год, заварвалі як хто прыхварэе. Пілі самаробную каву з падсмаленага ячменю, канапель і дубовых жалудоў. Саладзілі сахарынам.

Больш усяго ласаваліся малочнымі прадуктамі, салодкае, кіслае малако, маслёнка, радзей смятана і сыр.

На вячэру летам, калі даіліся каровы, елі тварог, кладучы у халоднае салодкае малако.

Каўбасу, салёны кумпяк і сала бераглі да той пары, калі пачнуць касіць і жаць. Усё гэта захоўвалася у паўсушонум выглядзе ў каморах. Халадзільнікаў не было.

Готы

І яшчэ пра вяскоўцаў. Бліжэй да вёскі жылі Готы. 4-х братоў іх празывалі “ваўкамі”. Яшчэ пры царэ іх бацька Адам, каля Грамніц паехаў у лес па дрова, якраз калі праходзяць “воўчыя вяселлі” і ваўкі ходзяць чародамі (а ў нас іх было многа).

І вот да яго прыблізілася куча ваўкоў. Калі ваўчыца ўгрызе, значыць ваўкі разарвуць. Але на той раз ваўчыца аб Адама памачылася і гэта зрабілі ўся чарада. А быў марозны дзень, дамоў вярнуўся прамокшым і аблядзянелым.

Дзесьці ў 1935 годзе ў вёсцы навучыцелька першая купіла радыёпрыёмнік. Мы, шкаляры, дазрослыя сяляне стаялі пад вокнамі, каб пачуць цудоўныя мелодыі. Дык дед Гота Адам так і памёр, лічачы, што гэта радыё -- ад нячыстай сілы.

Ведзьмары

Былі ў вёсцы і ведзьмары. Ды і маю бабулю па бацьку празывалі ведзьмаркай, шмат ведала замоваў, магла малако ад каровы адабраць.

Далей ад нас жыў Юрка Лазоўскі, дык ад яго хавалі кароў ці другую скаціну каб не ўбачыў. Неяк яго жонка Таццяна купіла на рынку парсючка. Дык як глянуў і штосьці хацеў сказаць дык свінчо павалілася і на вачах акачанела. Гэта ён урок жывёліу. Болей жывёлін мужыку не паказвалі. А сам Юрка хварэў на сухоты і ў 45 год памёр.

Я пасвіў кароў. Аднойчы прыгнаў дамоў і маці ўбачыла, што вымя ў каровы апухла. Прызналі, што ўкусіла гадзюка за вымя. Адразу ж бацька з бутэль-кай вады адправіўся да Сцёпіка (Сцяпан Санюк). Прынёс загавораную воду, адкрыўшы рот, улілі ў горла, а таксама абмылі вымя, гэтак паўтарылі і назаўтра і пухліна знікла.

Загаворвалі ў вёсцы ад усіх хвароб нават ад шаленства. Бацька той загаворваў ад “Рожы”, ён навучыў брата, а брат перадаў мне, хаця я амаль нікому не загаворваю.

І яшчэ такі выпадак. У маёй матулі, пэўна ад цяжкай працы на правай руццэ зверху над далонню утварыўся гуз памерам грэцкага арэха. Ёй раілі ехаць на апярацыю ў Ліду да хірурга Казубоўскага, але гэта дорага каштавала, неабходна было прадаць кароўку, каб лячыць. Маці так і мучылася абмываючы і абшываючы 4-х ядакоў. Неяк зайшоў да нас жабрак. Маці яго пасадзіла за стол і пакарміла тым, што было прыгатавана. Калі падавала ежу жабрак убачыў гуз.

-Што ты носіш гэту гузяку?

-А што я магу зрабіць.

І дзед жабрак навучыў: “Як заходзіць сонца і ўсходзіць і яшчэ пры заходзе т.е. 3 разы пагрызі зубамі і тры разы плюнуць на зад праз левае, правае і зноў левае плячо”.

Як навучыў жабрак, так матуля і зрабіла. Зусім. І калі ў маёй жонкі Анюты гадоў 10 таму на грудзях з’явілася зацвярдзенне (пухліна) у паліклініцы ёй ўжо давалі напраўленне у абласную бальніцу. Тут я ўспомніў савет жабрака. Я тры разы пагрыз. І пухліна знікла, і абышлося без бальніцы.

Роддамоў не было і ў кожнай вёсцы былі ўмелыя бабулі якіх і ведалі, калі набліжаліся роды ў цяжарных жанчын. У нашай вёсцы жыла бабуля-павітуха Гемзінка (Гемза) Паўліна. Я добра помню (6 год было), як бацька ўжо вечарам прывёз (гэта было зімой) дамоў да маёй матулі. Мяне загналі на печ і загадалі не выглядваць. Тады маці ноччу і нарадзіла маю малодшую сястрычку. А на другі дзень ужо матуля паднялася і працягвала рабіць штодзённую працу. На хрысціны абавязкова клікалі і павітуху. Былі ў вёсцы і варажбеі, гадалкі. Лепшай із іх лічылі Міхалінку – удава нябогі Лазоўскага. Як я з братам былі на фронце, дык матуля нескалькі разоў звярталася пагадаць. І даволі добра прадказвала, і дзесьці за месяц прадсказала канец вайны.

Гаданні

А моладзь амаль у кожнай хаце на куццю перад Калядамі варажыла.

Вельмі многа відаў гадання было.

Вось некаторыя з іх.

1) Садзіліся дзяўчаты на зямлю ў кухні г. зн. на гліняную падлогу, запальвалі некалькі лучын альбо добрую нафтавую лямпу насыпалі кучкі збажжыны: ячменю альбо проса, даставалі з падпечка пеўня. (Зімой курэй трымалі ў хаце) днём стараліся не карміць. І вось з чыёй кучкі дзяўбане пеўнік, тая дзяўчына першай выйдзе замуж, а калі не зачэпіць нічыё, значыць дзяўчаты яшчэ год будуць у дзеўках.

2) Маці пасылала дачушку ці сына на куццю па дровы. Трэба было браць ахапку не лічачы. Прыносілі ў хату. Калі пален было да пары, то дзяўчына выходзіць замуж, а калі лішка, то заставалася дзеўкай.

3) Выходзілі на вуліцы бралі жэрдку зараней падрыхтаваную. Па чарзе ставілі вертыкальна і адбягаючыся пускалі, у які бок падала жэртка, у той бок пойдзе замуж.

4) Налівалі ў шырокую велькую міску вады, сыпалі абавязкова крыху маку. Дзяўчына, альбо хлапец бралі два арэхі, задумвалі на таго, хто падабаўся, пальцам ці рукой раскручвалі ваду і кідалі ў ваду арэхі. Калі арэхі збліжаліся – адзнака ўзаем-насці, а калі не, дык каханне не адбудзецца

Было шмат і іншых відаў варажбы, але не так характэрных.

Хаты

У вёсцы былі дзве курныя хаты. І, наогул, да 1920 года ў вёсцы сцен не тынкавалі і не бялілі ў нутры хаты, а толькі перад велькімі святамі сцены выціралі і мылі. Першая пабяліла сцены хахлушка, жонка Лянцевіча, якую ён прывёз з бежанцаў пасля першай сусветнай вайны (іх сын жыве ў Лідзе).

Многія ў вёсцы для асвятлення карысталіся лучынай. А з-за дарагавізны і нехваткі нафты бралі сухое не сукаватае палена адколвалі нажом, нарыхтоўвалі цэлыя пукі палосак, рабілі стаяк з губамі (трымальнікамі) устаўлялі лучыну, хто бліжэй сядзеў, мяняў згарэўшую на новую, пільнуючы каб не пагасла. Для лучыны прымянялі толькі хвайніну, яна не трашчала і не іскрыла, а таксама меней дыміла. У зімовыя доўгія вечары лучынай карысталіся і на вячорках.

На прыпеку трымалі ў попеле вуглі, на выпадак калі затухне лучына (запалкі былі дарагія).

Каля печы быў качарэжнік, дзе стаялі вілкі, чугуны даставаць з печы, качарга, два венікі. Адзін бярозавы падмятаць хату, другі хваёвы вымятаць печ, перад тым, як садзіць туды хлеб для выпечкі.

Хваёвы венік прымянялі яшчэ і для лекаў, лячылі дзяцей плаксуноў. Я памятаю, вечарам чагосьці доўга і моцна плакаў. Прызналі, што хтосьці мяне ўрок, тады маці брала ў рукі хваёвы венік і падпальвала каб ён дымеў. Бацька трымаў мяне рукамі над дымам, які вельмі еў вочы і забіваў дых. Я пераставаў ці стараўся перастаць плакаць, каб хутчэй вызваліцца ад такіх лекараў. Болей стараўся не плакаць.

У пакоі у покуці пакрытая доўгім вышытым ручніком вісела больш за дзесятак абразоў. Я іх часта разглядваў, гэта маё было першае знаёмства з цудоўным мастацтвам. Я не любіў абраз Мікалая Цудотворцы, які і сёння ў мяне захоўваецца. Другіх малюнкаў апрача кніг не было ў доме. Неяк у пост я украдкам адрэзаў кусочак сланіны. І куды б я з ім не хаваўся, вочы з абраза сурова на мяне глядзелі. Тады я ўзлез на стол і павярнуў ікону тварам да сцяны. І толькі потым з’еў сала. За што мяне адлупцавалі.

Некаторыя напісаныя законы абавязкова павін-ны былі ўсе выконвацца. Асабліва ў святочныя дні. За стол садзіўся першы бацька і апошняя матуля. Хлеб рэзаў таксама бацька і даваў па скібе кожнаму.

Калі да аладак пяклі скварку, то маці казала колькі кавалачкаў прыпадае для кожнага. Вадкую страву налівалі ў вялікую міску і ставілі пасяродку стала, як і патэльню. Кожны ядок па чарзе чэрпаў драўлянай лыжкай, падстаўляючы пад яе лусту хлеба, каб не наліць на стол. Нельга было таўкаць ці махаць нагамі пад сталом.

Калі прыходзілі госці, без дазволу дзецям забара-нялася садзіцца за стол, а таксама ўступаць у размовы.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: ВЯСКОВЫЯ АБРАЗКІ


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.