УСПАМІНЫ ПРА ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему УСПАМІНЫ ПРА ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

ГОРЕЦКИЙ МАКСИМ

Першы раз увідзіў я Івана Луцкевіча ў пачатку жніўня 1913-га году ў віленскай беларускай кнігарні на Завальнай, 7. У цёмным пакойчыку за крамаю, сярод усякае старадаўнае беларушчыны, рупліва і рухава нахіляўся ён над трэснутаю вазаю, меркаваў з вялікай любасьцю, як заляпіць шчэрбіну. Пачуўшы маё імя, адарваўся ад свайго інтарэсу, сказаў мне колькі дужа ласкавых слоў і зараз клапатліва зьвярнуўся да свайго чалавека ў справе здабываньня паперы на чародны нумар «Нашае Нівы». За паўмінуткі яго ўжо ня было: пабег да нейкага Папа, дзе спадзяваўся дастаць паперы напавер; бо меў з тым Папам якуюсь агульную прыгоду з часу рэвалюцыі і пагромнага настрою ў Вільні. Тады Іван Луцкевіч быў здаровы і жыцьцярадасны чалавек. Дзьве асаблівасьці кінуліся мне ў вочы на беларускім полі: эўропэйскасьць выгляду і энэргічнасьць Івана Луцкевіча. Вока, прызвычаенае да беларускай дэмакратычнай, казаў той, нядбайнасьці ці проста нічым незакрытай неахайнасьці ў вопратках і апрананьні, было прыемна заваблена эўропэйскай, скажу я, акуратнасьцю ў яго скромным касьцюме. Тое самае было і ў манерах, і ў абыходжаньні з людзьмі. Вуха, прызвычаенае да славеснае размазьні, бясконца-нуднай гутаркі ці маркотнай маўклівасьці замучаных ідэйнасьцю грамадзян Беларусі, было прыемна заваблена сьціснутай, кароткай і цэннай, а глаўнае энэргічна-рашучай гутаркай гэтага гэтага правадыра беларускага руху. Пры ўсім тым мова яго - жывая і літэратурная, прыгожая беларуская мова; пры ўсім тым яго ідэолёгія - народная, сялянская беларуская ідэолёгія. Яго мова захоплівае, даець веру і надзею, будзіць паснулыя сілы. Яго вочы гараць і прыкоўваюць да намаляваных яго словам абразоў, істнуючых і ідэальных. Тыя істнуючыя абразы паўстаюць і сьпіраюцца, родзяць дурную няверу, што гэта жывы чалавек і чалавек-беларус так гаворыць... А тыя ідэальныя абразы здаюцца здасьціглымі, бо прахопішся і відзіш ня сон, а запраўднасьць, што жывы чалавек і чалавек-беларус так гаворыць... Гутарка Івана Луцкевіча была зазвычай цікаўная і цэнная, бо ён меў багатае навуковае знацьцё і аж да сьмерці йшоў разам з сусьветным прагрэсам. Хацелася іногды схапіць крандаш і запісываць за ім, каб ды ня згубілася, бо сам Іван Луцкевіч работу свайго пяра ўсё адкладаў на пазьнейшы, вальнейшы ад чорнае працы час - усё адкладаў і забраў ад нас сваё знацьцё з сабою ў труну. Хто-ж мог думаць, што сьмерць ужо вартуе гэткі цэнны мозаг?
Пасьля першае сустрэчы я бачыўся з Іванам Луцкевічам даволі рэдка: каморніцкая (землямерская) служба, а потым вайна аддалялі мяне ад Вільні. Перад самай, здаецца, масьлянкай 1914-га году, у той жа кнігарні, ён, добры палітык, напрарочыў вайну і шкадаваў, што якраз на гэткі час выпадае маё адбываньне салдатчыны. І ўжо ў лістападзе 1914-га году сустрэліся мы ў віленскім гошпіталі «Мішмерас Хойлем», дзе я ляжаў цяжка паранены, з аскялёнкам нямецкае гранаты ў назе. Няблізкі сьвет і мокрае надвор'е, а Йван Луцкевіч даведаўся мяне пры першай магчымасьці, прынёс вінаграду, разгаманіў мяне, быццам дыхнуў сьвежай струёй няўміручага жыцьця.
Загадчык «Мішмерас Хойлема» доктар Ром быў блізкі друг Івана Луцкевіча. Тут жа працавала міласэрнаю сястрою і клала пад падушкі «Нашу Ніву» нябожчыца Цётка, наша незабытная пясьнярка і рэвалюцыянэрка Алёізія Пашкевічанка. Гэны гошпіталь быў наогул самы лепшы з усіх, якія відзіў я за час вайны; посьле-ж таго, як мяне даведаўся Іван Луцкевіч, я ляжаў там як у сваёй хаце пад апекай маткі і добра лепшаў. Прыехаўшы ў Вільню цераз чатыры з гакам гады, вясною 1919-га году, і зайшоўшы да Івана Луцкевіча, я ўвідзіў яго ў непараўнавана горшай хворасьці, чымся калісьці бачыў мяне ён. Хворы дужа ўзрадаваўся, што я прыехаў віленцам на помач, пачаў казаць пра нямецкую акупацыю, жаліцца. Жальба зьнямоглага байца сьціснула маё сэрца, хацелася плакаць, крычэць, праклінаць благую долю. Не паказаў я гэтага яму, як мне баліць, а толькі дзівіўся, чаму ён сам бядуець толькі ўсё аб справе і зусім не зважаець на свой блізкі канец. Да яго выязду ў Закапанае залучаў я на знамянітую ў нашым руху кватэру на Віленскай, 33, і заўсёды знаходзіў у хворага поўна гасьцей. Сюды вялі дарогі з усіх беларускіх устаноў Вільні; сюды ішоў кожды беларус, быўшы праездам у Вільні; сюды ішоў кожды паступовы грамадзянін краю, каб пагаварыць аб справах краю. Хворы ня мог улежаць спакойна, варушыўся, пачынаў горача гаварыць і, што на ўзьдзіў, курыць, але страшны кашаль душыў яго і кідаў назад на падушку. З вялікай, нявымоўнай мукай у вачох хапаўся чалавек за грудзі і сьціхаў, а госьці спаміналі, што трэба разьвітацца, даць яму спакой. Ах, не шкадаваў сябе хворы, не шкадавалі яго адданыя справе госьці. Прыйшоў канец, страта адбілася на ўсей рабоце, і адсутнасьць кальнула пустымі вачыма самых оптымістычных, найменей зьвязаных у рабоце з памершым.
Вільня, 1920

Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: УСПАМІНЫ ПРА ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.