ЛІПА І КЛЁНІК

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ЛІПА І КЛЁНІК. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

БРЫЛЬ ЯНКА

Галі

1



Зялёны домік дарожнага майстра стаіць каля самай шашы.
Праязджаючы тут на машыне, на хаду можна заўважыць толькі зялёныя сцены, зялёны плоцік, белыя ліштвы вялікіх акон і стракаты чарапічны дах. Потым абапал дарогі зноў пабягуць дрэўцы прысадаў, тэлеграфныя слупы і за слупамі то поле, то лес...
Не заўсёды заўважыш з машыны, што ў гэтым прыгожым, адзінокім доміку жыве Ліпа, дзяўчынка, якой нядаўна пайшоў пяты год.
Спачатку, калі яна прыехала ў гэты домік, Ліпе было вельмі цікава стаяць пры дарозе, махаць рукамі на кожную машыну і на кожную з іх нацкоўваць свайго неразлучнага сябра — старога калматага сабаку Дзіка.
Аднойчы Ліпа нават не вытрымала: паплявала ў маленькія жмені таксама заўзята, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла па другі бок шырокай-шырокай і гладзенькай, як стол, асфальтавай паласы. Яна не дабегла і да палавіны шашы, як раптам з-за горкі — адзін і другі раз — сярдзіта загудзеў сігнал машыны. Маленькія босыя ножкі занылі ад страху. Ліпа затупацела на месцы, а потым заплакала: «Мама!» Машына спынілася, і шафёр, адчыніўшы дзверцы кабіны, хацеў нешта крыкнуць. Але Дзік накінуўся на яго з такім злосным, абураным брэхам, што дзядзя шафёр сам спалохаўся, залез назад у машыну і паехаў далей.
З таго часу Ліпа ніколі больш не адважваецца без таты ці мамы пераходзіць на той бок шашы. І наогул цяпер яна вельмі рэдка стаіць пры дарозе. Хіба толькі тады, калі на шашы ідзе адразу вельмі шмат машын ці паўзе і грукоча, аж вушы баляць, які-небудзь вялізны, замурзаны цягач.
2

Мама з татам паехалі ў горад разам, але ўвечары мама вярнулася адна. Ды затое яна прывезла Ліпе такі дарагі і доўгачаканы падарунак — пушыстую белую шубку.
Мама апранула сваю залатую дзяўчынку, трапяткімі ад радасці пальцамі зашпіліла ўсе гузікі шубкі, а тады падхапіла малую на рукі, павярнула тварыкам да лямпы і з захапленнем крыкнула:
— Ах ты, Снягурачка!..
І Ліпа адразу забылася на той смутак, што тата вернецца толькі заўтра. Яна захацела адразу ісці ў новай шубцы гуляць. Ды мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне!.. І Ліпа пахныкала трохі, а потым згадзілася. Ну, добра, яна пачакае, пакуль зноў будзе дзень, няхай толькі мама дазволіць не скідаць сёння шубку ўвесь вечар.
Мама пасмяялася і дазволіла. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэмя бярозавых дроў. Неўзабаве Ліпа скінула новую шубку, а сама лягла і пачала чакаць, калі ж нарэшце прыйдзе дзень.
Яна паляжала, падумала трошкі, а потым спыталася:
— Мама, а клёніку сёння ці холадна, мама?
3

Клёнік рос на тым баку шашы, цераз якую Ліпе няможна было пераходзіць. Рос не адзін, а разам з іншымі дрэўцамі, якія ў гэтую восень былі пасаджаны абапал дарогі з гасцінца ў калгас. Там былі клёнікі, ліпкі, бярозкі. Былі нават чатыры яблынькі і адна груша. Яны раслі адразу за клёнікам, які пасадзіла Ліпа...
Ну, не зусім сама, бо яна толькі трымала яго над ямай, пакуль два хлопцы прысыпалі карэнне клёніка зямлёй.
Хлопцы завуцца Ўладзік і Шура. А яшчэ там былі і Міхась, і Марылька, і Волечка... Ой, як многа дзяцей, ажно цэлая школа!
Спачатку яны садзілі, а Ліпа стаяла ў адчыненай фортцы зялёнага плота і глядзела туды, за шашу. Прыслухоўваючыся да дзіцячага гоману, вялізны Дзік раз-пораз прыпадымаў галаву, плюшчыў вочы ад сонца і дабрадушна малаціў хвастом па штакетах адчыненай форткі. А Ліпа гэтак хацела туды, да дзяцей.
І дзеці як быццам адчулі гэта. Яны падышлі да шашы і пачалі крычаць:
— Дзяўчынка! Дзяўчынка, а ён не кусаецца?
— Не-е! — гукнула Ліпа, устаўшы на пальчыкі. — Наш Дзік малых не кусае!
— Дык ты ідзі да нас! Будзем дрэўцы садзіць?
— А мне тата казаў не хадзіць за дарогу. І мама казала!..
— А мы цябе перавядзём!
Два хлопцы — якраз тыя самыя Ўладзік і Шура — перабеглі цераз шашу, узялі Ліпу за рукі і, баязліва азіраючыся то на вялізнага калматага сабаку, што бег за дзяўчынкай, то на прыгорак, з-за якога магла паказацца машына, асцярожна пайшлі па асфальце.
Цёця настаўніца, якая была трохі далей, каля іншай чародкі дзяцей, спачатку накрычала на хлопцаў за тое, што яны прывялі сюды маленькую дзяўчынку без дазволу яе мамы ці таты, а тады ўзяла Ліпу на рукі, пагаварыла з ёй і зусім так, як мама, пацалавала і ў адну і ў другую шчочку.
А дзеці выбралі Ліпе самы меншы і самы найлепшы клёнік.
Ён стаіць цяпер недзе ў полі, прывязаны перавяслам да слупка, трымаецца гэтай саломеннай ручкай за апорыну, як той маленькі хлопчык, што сам не ўмее хадзіць. А на дварэ гэтак жа холадна, а ў полі гэтак жа шмат снегу!..
— Мама, — пытаецца Ліпа, ніяк не могучы заснуць, — а калі я пайду пагляджу яго, мама?..
4

На досвітку па пругкіх гурбах снегу за сцяной асцярожна зашастаў заяц.
Пачуўшы яго, у сенцах зялёнага доміка стары калматы Дзік насцярожыўся, нездаволена пабурчаў і, нарэшце, зусім зазлаваўшы, пачаў брахаць, нібы стукаць у бубен:
— Бум! Бум! Бум!
Знячэўку спалоханы заяц падскочыў, кінуўся ўбок і стралой паляцеў па гурбах.
Уранку Дзік доўга пятляў па заячых слядах вакол доміка і невялічкага саду, а потым некуды знік.
І вярнуўся ён толькі тады, калі ў адчыненай фортцы зялёнага плота, шчасліва жмурачы вочы ад сонца, ужо стаяла Ліпа — Снягурачка ў белай пушыстай шубцы.
Дзік падышоў да Снягурачкі і, як заўсёды, прытуліўшыся да яе, падставіў сваю вялікую галаву пад маленькую руку дзяўчынкі, нібы хочучы сказаць:
«Дзень добры, Ліпа. Пагладзь мяне трошкі, пачапай мае доўгія вушы».
— Ану цябе! — сказала Ліпа, надзьмуўшыся. — Ты мне шубку забрудзіш. Пайшоў!
І, выняўшы руку з пушыстай, таксама беленькай муфты, піхнула Дзіка ад сябе. Але Дзік не пакрыўдзіўся.
«Вось бачыш, якая ты! — замахаў ён хвастом. — А я толькі хацеў табе нештачка паказаць».
І тут ён раптам падскочыў ад нейкай, аднаму яму вядомай радасці, пачаў кружыцца, прысядаць на парэднія лапы і клікаць:
«Бум! Бум! Бум! Ідзём! Ідзём!»
Ліпа засмяялася і пабегла за ім па чысценькім, бліскучым снезе.
5

У тым, што Ліпа зноў не паслухала тату і маму — зноў адна перабегла шашу, — сёння вінават быў Дзік. Ён забег на той бок і пачаў, прысядаючы, клікаць:
— Бум! Бум!
А потым яшчэ вінаваты і сонца, і новая шубка, і снег. Гэтак радасна, гэтак хораша, гэтак цёпла! Ліпа падумала трохі, яшчэ раз азірнулася назад, а потым, выняўшы з муфты рукі, пабегла. Бягом перабіраючыся цераз глыбокія, узорыстыя каляіны аўтамашын, яна спатыкнулася і ўпала цёплымі ручкамі ў снег. Адразу спалохалася — ён жа такі казытлівы, пякучы, — а потым засмяялася і пачала крычаць:
— Дзік! Дзічок, пачакай, я іду!
Калматы Дзік не толькі пачакаў сваю маленькую, пушыстую і белую як снег сяброўку, — ён вярнуўся назад і пабег з ёю разам. Яны перабеглі шашу, апынуліся на вузкай, абсаджанай дрэўцамі дарозе, і тады раптам Ліпа ўспомніла нешта, спынілася і сказала:
— Дзік, а вунь дзе мой клёнік! Вунь дзе, вунь там... От дурны, і не ведае.
Ліпа стаяла на цвёрдай, утаптанай коньмі дарозе, а Дзік — за дрэўцамі, на цаліне.
— Бяжым, бяжым, Дзічок, сюды!
Але Дзік толькі ведаў сваё: перад ім, быццам нейкі ўзор, зноў слаўся панадны, хвалюючы заячы след. Той самы, па якім ён нядаўна забег так далёка ў поле, амаль да самага лесу. Таго самага зайца, што швэндаўся ноччу за іхняй сцяной.
— Бум! Бум! Бум! — забрахаў Дзік, задзёршы ўверх вялікую вушастую галаву, і на яго, на сабачай, мове, гэта азначала: «Не, лепш сюдой! Сюдой!»
Ды Ліпа не паслухала яго: яна пабегла дарогай. І толькі каля самага клёніка звярнула на цаліну, прабегла трошкі, не пратоптваючы шэрымі валёначкамі пругкую, заскарыненую гурбу, а потым спатыкнулася і зноў упала цёплымі ручкамі ў снег. Аднак не заплакала. Яшчэ ўсё шалпочучыся ў снезе, яшчэ ўстаючы, яна закрычала:
— Клёнік, міленькі, як ты жывеш?..
6

З сініх вачэй Снягурачкі адна за другой пакаціліся дзве гарошыны буйных слязін. А потым яшчэ і яшчэ дзве...
Ліпа не плакала б — Ліпа не плакса! — ды вось нехта нягодны зламаў два маленькія дрэўцы. Не клёнік, а тыя яблынькі, што пасадзілі Волечка і Шура. Не зламаў, а абдзёр і пагрыз увесь ствалок і паабламваў усе галінкі.
Каб супакоіць Ліпу, Дзік дабрадушна матлошыць хвастом, пераступае з нагі на нагу і, задзіраючы ўгору вушастую галаву, разгублена паскавытвае... Ну, і як тут давесці малой, што нядобры і брыдкі — той самы заяц, што ва ўсім вінавата старая, якая не выйшла адчыніць Дзіку, не выпусціла яго, а толькі, не злазячы з печы, пастукала ў сцяну, каб ён маўчаў... А цяпер вось — глядзіце!..
Дзік спачатку бурчыць, а потым, зусім зазлаваўшы на зайца, пачынае брахаць: «Бум! Бум! Ну, пачакай, пападзешся, вушасты!» — лаецца Дзік на сваёй мове.
Але Ліпа не хоча яго зразумець.
Раптам яна перастае плакаць, выцірае вочы кулачкамі ўжо халодных рук, хавае кулачкі ў муфту і кажа, таксама як тата, зусім па-даросламу:
— Дзік, на цю, на!
Асцярожна сыходзіць з цаліны на дарогу, яшчэ раз азіраецца назад, туды, дзе мама і бабуля, а потым то ціха, спаважна ідзе, то зноў вымае з муфты ручкі і бяжыць... Бяжыць не да хаты, а ў той бок, дзе зусім недалёка для тых, хто ўжо вырас вялікі, стаіць новая школа.
Следам за Ліпай бяжыць вялізны, калматы Дзік. На гэты раз зусім паслухмяны, ні разу не збочваючы з дарогі і не забягаючы наперад.
7

Марознай зорнай ноччу на шашы то прасунуцца ціхія сані, то зноў прамчыцца машына. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае стары званочак, яшчэ далей разносіцца і гул і фырканне матораў. Затуліўшыся ў цёплай кабіне ці падбягаючы, каб сагрэцца, за саньмі, людзі гутараць, кураць, маўчаць.
А тым часам у ціхім зялёным доміку, каля самай дарогі, спіць Снягурачка.
Новая шубка і муфта вісяць цяпер у шафе.
Калматы Дзік ляжыць у сенцах. Ён то злосна бурчыць праз сон, відаць, успамінаючы нешта непрыемнае, то зноў прыслухоўваецца, ці не лазіць па снезе той самы шэры, вушасты нягоднік...
А Ліпа спіць.
І сніцца ёй, што заяц зноў прыбег да прысад па калгаснай дарозе. Хацеў абгрызці яшчэ дзве яблынькі, якія пасадзілі Маечка і Ўладзік. Ды ўсе дрэўцы стаяць ужо ў пушыстых саламяных шубках. Ліпа сказала, і дзеці прыйшлі, паабвязвалі яблынькі саломай. Тады заяц вырашае абгрызці Ліпін клёнік. За тое, што яна хадзіла ў школу. Але клёнік таксама ўжо не баіцца зайца. І яго абвязалі саломай — у шубцы і ён. Стаўшы на заднія лапы, заяц пнецца дастаць галінку. А клёнік, як той малы, што сам не ўмее хадзіць, плешча ў ладкі такімі, як Ліпіны ручкі, лістамі і весела, звонка смяецца.
І Ліпа смяецца таксама. Смяецца праз сон. Яе зноў вязуць цераз шашу на санках, таксама як удзень. Цягнуць санкі і Шура, і Ўладзік, і Волечка... Многа многа дзяцей, ажно цэлая школа! Дзік бяжыць паміж імі і весела, голасна брэша: «Бум! Бум!» А потым цёця настаўніца бярэ Ліпу на рукі, аддае яе маме і кажа:
— Вы не злуйце на Ліпу, яна была ў нас. Сёння Ліпа — вялікая цаца!
А клёнік яшчэ ўсё смяецца і плешча ў маленькія ладкі...
1948


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: ЛІПА І КЛЁНІК


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.