публикация №1096278508, версия для печати

Парнаграфія (Частка другая)


Дата публикации: 27 сентября 2004
Публикатор: maskaev (номер депонирования: BY-1096278508)
Рубрика: БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА РАЗНОЕ


АВТОР: Вітальд Гамбровіч

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №1 1998 ГОД


Частка другая

8.

Фрыдэрык узняўся з калень і рушыў на сярэдзіну пакою: — Аддайце ёй чэсць! — усклікнуў ён. — Аддайце пашану! Ён выняў з вазы ружу і кінуў яе перад канапай, пасля чаго працягнуў руку да Вацлава. — Душа, годная анёльскага хору! І нам застаецца толькі схіліць галаву! Гэтыя словы былі б тэатрам у вуснах кожнага з нас, не кажучы ўжо аб жэстах, але ён прашыў нас імі ўладарна, як кароль, якому дазволены пафас — які ўстанаўляе іншую натуральнасць, вышэйшую за агульную. Кароль–уладар і распарадчык цырыманіялу! Вацлаў, захоплены суверэннасцю гэтага пафасу, устаў з каленяў, горача паціснуў яму далонь. Здавалася, што гэтае ўмяшанне Фрыдэрыка імкнецца затушаваць усе тыя дзіўныя непаразуменні, якія азмрочылі скон, вярнуць яму поўны бліск. Ён зрабіў некалькі крокаў улева, пасля ўправа — і было гэта нейкім яго мінутным замяшаннем сярод нас — і наблізіўся да (дзецюка) — той ляжаў. — На калені! — загадаў ён. На калені! Гэты загад быў, з аднаго боку, натуральным працягам папярэдняга загаду, але, з другога боку, быў нязручнасцю, паколькі адносіўся да параненага, які не мог рухацца; і нязручнасць узрасла, калі Вацлаў, Гіпаліт і Караль, тэрарызаваныя ягоным аўтарытэтам, кінуліся, каб (дзецюка) змясціць у пажаданай пазіцыі. Так, гэта ўжо была надмернасць! А калі рукі Караля ўзялі яго пад плечы, Фрыдэрык надламіўся, аціх і згас.

Я быў аглузджаны, вычарпаны... гэтулькі ўражанняў... але ўсё ж я знаў яго... і ведаў, што ён зноў прыступіў да нейкай гульні з намі і з сабой... у напяцці, створаным трупам, разгарталася нейкая ягоная акцыя, што пераследавала мэту, залучаную ў яго фантазіі. Усё гэта было намерана, дарма што, можа, намер не быў уцямным і для яго; можа, варта было б сказаць, што яму быў вядомы толькі ўступ да намеру — але б я здзівіўся, каб жа ход тут быў аб пашане, належнай Амэліі, не, ход тут быў аб уводзінах да нас гэтага хлопца ўва ўсім яго стрыкатлівым і кампраметацыйным сэнсе, аб «выцягванні» яго, вылучэнні і «сашчапленні» з Геняй і Каралем. Якая ж, аднак, сувязь магла ўзнікнуць паміж імі? Безумоўна, гэтая залацістая дзікасць падыходзіла да нашай пары ўжо хаця б таму, што таксама была шаснаццацігадовай, але апрача гэтага я не бачыў ніякай сувязі і, мяркую, Фрыдэрык таксама не бачыў — але дзеяў ўсляпую, кіруючыся такім жа самым, як і я, цьмяным пачуццём, што ён, гэты ляжачы, узмацняе іх — дэманізуе... І дзеля гэтага Фрыдэрык церабіў шлях да іх ляжачаму.

Адно наступнага дня (напоўненага прыгатаваннямі да пахавання) я дакладней даведаўся аб хадзе фатальнага здарэння — якое было ў найвышэйшай ступені заблытаным, дзіўным, няўцямным. Рэканструкцыя гэтых фактаў не была лёгкай, шмат у ёй было прабелаў — тым больш, што адзіныя сведкі, якраз гэты Юзек, Юзек Скузяк, а таксама старая служка, Валерыя, губляліся ў хаосе сваіх невуцкіх і неасвечаных галоваў. Усё паказвала на тое, што спадарыня Амэлія, падышоўшы да буфета, пачула шоргат на сходах, што вядуць у кухню і натыкнулася на гэтага Юзека, які ўлез у дом, каб што–небудзь сцягнуць. Пачуўшы ейныя крокі, ён кінуўся ў першыя–лепшыя дзверы і лучыў у службовы пакойчык, будзячы з глыбокага сну Валерыю, якая запаліла сярнічку. Далейшая хада падзеяў была вядомая перадусім з яе мармытлівых словаў. «Толькі я засвяціла сернікам і толькі пабачыла, што нехта стаіць, як адразу знямела, што нават зварухнуцца не магла, і сярнічка ў мяне ў пальцах дагарэла, і цяпер на ўвесь палец апёк. А паня насупраць яго стаіць, ля дзвярэй, і тож не рухаецца. У мяне сярнічка згасла. Нічога не было відаць, акно завешанае, ляжу, гляджу, нічога не бачу, цёмна, каб жа хоць падлога рыпнула, нічога, нічога, быццам іх не было, ляжу, ужо толькі на Пана Бога спадзяюся, і нічога, ціха, то гляну на падлогу, бо там астача серніка шугала, але нічога не асвятляла, дагарэла, нічога, каб жа хоць нехта ўздыхнуў, нічога. Раптам... (мова яе запаволілася, быццам натрапіўшы на калоды, пакладзеныя ўпоперак)... раптам... так неяк... і вось як паня рынецца! На яго... Так, мабыць, неяк яму пад ногі, мабыць кінулася... І яны паваліліся!.. Не ведаю, што, барані Божа, але каб жа нехта праклінаў каго, нічога, нічога, толькі так ходаліся, на падлозе, я хацела памагчы, але дзе там, абамлела я, тут чую, што нож у мяса ўлазіць, раз, другі раз, ізноў чую, нож у мяса, а потым абое ўцяклі праз дзверы і ўсё! Тут я абамлела поўніцай. Абамлела!»

— Гэта немагчыма, — гняўліва адкаментаваў яе аповед Вацлаў.

— Так не магло быць! Не веру, каб маці... паводзіла сябе такім чынам! Гэтая баба нешта перакруціла, пераблытала ў сваёй дурноце, ах, у квахтанні курыцы больш сэнсу, у квахтанні, — крыкнуў, — курыцы больш сэнсу!

Ён пасоўваў руку па лбе.

Але паказанні Скузяка зыходзіліся з тым, што казала Валерыя: паня кінулася першая і «зваліла» яго, бо кінулася «пад ногі». З нажом. І ён паказваў не толькі знявечаны бок і сцягно, але і выразныя сляды ўкусаў на карку і руках. Кусала — казаў ён. — Нож я вырваў, гэта яна на нож напаролася, я адскочыў і ўцёк, але па мне пачалі страляць, у мяне нага самлела, я сеў... Злапалі мяне.

Ну, у тое, што Амэлія «напаролася» на нож, ніхто не верыў. — Хлусня, — казаў Фрыдэрык. — А што да ўкусаў, Божа мой, у барацьбе за жыццё, у сутаргавым змаганні з узброеным бандытам (бо гэта ў яго быў нож, не ў яе)... ну, нервы... Цяжка здзіўляцца. Інстынкт, ведаеце, інстынкт самаабароны... Так казаў ён. Тым не менш, усё гэта было прынамсі дзіўна... і абуральна... спадарыня Амэлія, што грызецца з... А што да нажа, то справа не была яснай, паколькі, як аказалася, нож быў Валерын, доўгі і востры кухонны нож, якім яна рэзала хлеб. Вось жа, нож гэты ляжаў на століку ля ложка, якраз там, дзе стаяла Амэлія. З чаго б вынікала, што яна, намацаўшы ўпацёмку нож, кінулася з ім на...

Забойца Амэліі быў босы, ногі брудныя, і ў ім ільсніліся дзве крышку праставатыя фарбы — золата кучараў, што спадалі на чорныя вочы, у якіх была панурасць, як у лясных калюгах. Але гэтыя колеры ўзмацняліся ад рафінаванага, чыстага бліску зубоў, бель якіх звязвала яго з...

І што? І як жа? З гэтага вынікала б, што спадарыня Амэлія, апынуўшыся ў цёмным пакойчыку з гэтым (дзецюком) у абцугах напружанага вычэквання, не вытрымала і ... і ... Намацала нож. Намацаўшы, стала дзікай. Кінулася, каб забіць, а калі яны ўпалі ўдваіх, кусала як кручаная куды папала. Яна? З яе святасцю? У яе ўзросце? Яна, прыкладная, са сваім маральным законам? Ці не была гэта хутчэй фантазія, народжаная ў цёмных галовах, дзікая легенда на іх меру, створаная перайначаннем таго, што разыгрывалася ўпоцемку і было фактычна неспасцігальным? Цемра пакойчыка падвойвалася цемрай іх фантазіі — і Вацлаў, абкружаны гэтымі цемрамі, якія збівалі яго з ног, не ведаў, што рабіць, гэта яму забівала маці больш, чымся гэты нож, атручвала яе і дэфармавала — ён не ведаў, як уратаваць яе сабе ад гэтага шалу, выпісанага на шаснаццацігадовым целе ейнымі зубамі, нажом, якім яна яго цяла. Гэткая смерць яе разрывала яму на шматкі ейнае жыццё. Фрыдэрык стараўся, як мог, падтрымаць яго дух. — Нельга давяраць іхным сведчанням, — казаў ён. — Найперш, яны не бачылі нічога, бо было цёмна. Па–другое, гэта ж зусім не падобна да спадарыні Амэліі, гэта не стасуецца з ёй — і мы можам сказаць толькі адно, але гэта можам сказаць з абсалютнай пэўнасцю, што так, як яны кажуць, быць не магло, мусіла быць неяк інакш у гэтай цемры, не даступнай як ім, так і нам... гэта пэўна, гэта не падлягае сумневу... хоць, натуральна, калі ў цемры гэта... (— Што? Што? — пытаўся Вацлаў, бачачы, што ён завагаўся)... то... ну, цемра, разумееш, ... цемра ёсць нечым... што выводзіць з... Трэба памятаць, што чалавек жыве ў свеце. Упоцемку свет знікае. Ваша ведаеш, што наўкола няма нікога, што Ваша толькі сам–насам. Безумоўна, ведаеш. Мы, натуральна, прызвычаіліся, што кожны раз, як мы гасім лямпу, робіцца цёмна, гэта, аднак, не выключае, што ў пэўных выпадках цемра можа асляпіць наскрозь, разумееш... але ўсё ж спадарыня Амэлія нават у такой цемры заставалася б спадарыняй Амэліяй, ці не праўда? Хоць у дадзеным выпадку цемра змяшчала ў сабе нешта... (— Што? — спытаўся Вацлаў. — Хай Вашамосць скажа!)... Нічога, нічога, ідыятызм, глум... (— Што такое?)... Дык жа нічога, толькі што... гэты дзяцюк быў малады, з вёскі, можа, непісьменны... (— Што з таго, што непісьменны?)... Нічога, нічога, хачу толькі сказаць, што ў дадзеным выпадку цемра змяшчала ў сабе маладосць... змяшчала босага дзецюка... а з маладым лягчэй нешта падобнае ўчыніць, чымся з... гэта значыць, што каб жа гэта быў нехта спаважнейшы, тады... (— Што тады?!) ... Я хачу сказаць, што з маладым лягчэй, так, лягчэй, чымся са сталейшым...

— Не цягні мяне за язык! — усклікнуў ён, і сапраўды быў пераляканы, бо нават пот выступіў ў яго на лбе. — Гэта толькі так... тэарэтычна... Але спадарыня Амэлія... ах, не, абсурд, недарэчнасць, нонсэнс! Ці не праўда, Караль? Што, Караль?

Чаму ён звяртаўся да Караля? Калі ён быў у страху — чаму ж і яго закранаў? Ён належаў да тых, хто выклікае бяду, бо не хоча яе выклікаць — самім прыцягальным, перабольшвальным, узвелічальным страхам. І раз выклікаўшы, ён ужо не мог не дражніцца з ім, не раз’ятраць. Свядомасць яго таму была такой пакутнай і безразважнай, што ён сам не адчуваў яе як святло, а толькі як цемру — яна была для яго такой жа сляпой стыхіяй, як і інстынкт, ён не давяраў ёй, чуўся ў яе моцы, але не ведаў, куды яна яго вядзе. І быў благім пісхолагам, бо меў зашмат інтэлекту і фантазіі — у яго расшыраным бачанні чалавека магло змясціцца ўсё — таму і спадарыню Амэлію ён мог уявіць сабе ў якой–любя сітуацыі. Пасля палудня Вацлаў выехаў, каб «вырашыць пытанне з паліцыяй», гэта значыць, каб добрым хабарам асцюдзіць ейны следчы імпэт — каб жа ўлады дабраліся да гэтага, немавед, чым бы ўсё скончылася. Хаўтуры адбыліся заўтра нараніцы — скарочаныя, і нават выразна паскораныя. Наступнага дня мы выбраліся вяртацца ў Павурную, і з намі Вацлаў, пакідаючы дом на ласку божую. Гэта мяне не дзівіла — я разумеў, што ён не хацеў цяпер расставацца з Геняй. Першым ішоў рыдван, у якім ехалі жанкі, Гіпаліт і Вацлаў, а за ім брычка, кіраваная Каралем, на ёй я з Фрыдэрыкам і яшчэ нехта: Юзек.

Мы забралі яго, паколькі не ведалі, што з ім рабіць. Адпусціць? Ён быў забойцам. І, зрэшты, Вацлаў яго ні за што б не выпусціў, бо гэтая смерць была незалагоджанай, бо нельга было гэта так пакінуць... і, наўперад, ён меў надзею, што, аднак, здолее выцягнуць з яго іншую версію смерці, больш прыстойную і менш скандальную. І загэтым, на дне нашай брычкі, на саломе, перад пярэднім сядзеннем, ляжаў непаўналетні забойца бландын, у Караля, які кіраваў коні, пад нагамі — таму, седзячы наўскасяк, ён абапіраўся нагамі аб веер. Фрыдэрык і я — адзаду. Уз’язджала, з’язджала брычка па знерухомленым хваляванні зямлі, ваколіца адкрывалася і закрывалася, коні беглі трушком у гарачым паху збожжа і ў пыле. А ў Фрыдэрыка, што сядзеў адзаду, гэтыя два разам былі перад ім, у якраз такой, а не іншай камбінацыі — і мы ўчатырох, на гэнай брычцы, якая з узгорку ўкочвалася на ўзгорак, таксама ўяўлялі сабой някепскую камбінацыю, шматзначную формулу, дзіўную супаставу... і, у меру маўклівай язды, фігура, якую мы ўтваралі, станавілася ўсё больш прычэпнай. Бязмернай была сціпласць Караля, ягоная збітая з тропу хлапчукаватасць як бы змізарнела пад ударамі такіх трагічных здарэнняў, і ён быў сама ціхі, а таксама пачцівы, рахманы... і нават даўмеўся начапіць чорны гальштук. І, аднак, яны абодва, воддаль Фрыдэрыка і воддаль мяне, за паўметра, на пярэднім сядзенні брычкі. Мы ехалі. Коні беглі трушком. Твар Фрыдэрыка, з неабходнасці павернуты да іх — і чаго ён у іх углядаўся? Формы двух гэтых аднагодкаў былі як бы адзінай формай, настолькі іх лучыла братняя супольнасць узросту. Але Караль тырчэў над ляжачым, з лейцамі, з бізуном, з абутымі нагамі, з высока падцягнутымі нагавіцамі — і не было паміж імі ні сімпатыі, ні паразумення. Хутчэй рэзкасць дзецюка да дзецюка, непрыязная і нават варожая брутальнасць, якую яны жывілі адзін да аднаго, там, недзе, паміж сабой. І відаць было, што Караль належыць да нас, да Фрыдэрыка і мяне, што ён з намі, людзьмі свайго класу, супраць гэтага таварыша з люду, якога ён пільнаваў. Але яны былі перад намі, і гэта на працягу многіх гадзін пескавой дарогі (якая часам расшыралася ў гасцінец, каб неўзабаве ўрэзацца ў вапнавыя сцены), яны былі ўдвух перад намі, і гэта неяк дзеяла, нешта вытварала, у нечым іх прадвызначала... Але там, далей, паказваўся на ўзгорках рыдван, у якім ехала яна — нявеста. Рыдван гэты паказваўся і знікаў, але не дазваляў аб сабе забывацца, іншы раз доўгі час яго не было і ён зноў вырастаў — а пакатыя квадраты палёў і стужкі поплаваў, нанізаныя на наша падарожжа, насоўваліся і адсоўваліся — і ў гэтай геаметрыі, утопленай у перспектывах, нуднай, мернай, павольнай, звісаў твар Фрыдэрыка, профіль якога быў край майго. Што ён думаў? Што ён думаў? Мы ехалі за рыдванам, пераследавалі рыдван. Караль, пад нагамі ў якога быў гэты другі з цёмнымі вачыма, васількова–залацісты, босы і нямыты, перажываў як бы хімічнае ператварэнне, сапраўды спяшаўся за рыдванам, як зорка за зоркай, але ўжо з таварышам — па–таварыску — сашчэплены ззаду сябе з ім, амаль як у кайданах, і дзецюком сваім задзіночаны з дзецюком гэтым да такой ступені, што каб жа яны разам пачалі есці вішні або яблыкі, то б мяне гэта зусім не здзівіла. Мы ехалі. Коні беглі трушком. Так, вось што ўяўляў сабе, безумоўна, Фрыдэрык — або, можа, уяўляў сабе, што я так сабе гэта ўяўляю — і профіль яго край майго, і я не ведаў, у якім з нас гэта пачыналася. Тым не менш, калі праз шмат, шмат гадзін перасоўвання ваколіцамі мы даехалі да Павурнай, гэтыя два таварышы былі ўжо «разам узглядам Гені», спалучаныя ў дачыненні да яе, сцверджаныя ў гэтым шматгадзіннай дарогай за ёй і перад намі.

Мы змясцілі вязня ў пустой спіжарні з закратаваным акном. Раны яго былі павярхоўныя — мог уцячы. Здарожаныя да непрытомнасці, мы паваліліся на ложкі, ноч і раніцу я праспаў цяжкім сном, а назаўтрае мяне ахапілі няўлоўныя ўражанні, прычэпныя, як муха, што кружляе вакол носа. Я не мог злавіць гэтай мухі гудлівай, якая ўсё ўцякае — што за муха? Ужо перад абедам гэта на мяне напала, калі я загаварыў з Гіпалітам аб нейкай драбніцы, звязанай з такімі свежымі яшчэ перажываннямі, і ў яго адказе можна было пачуць непрыкметную блізу што змену тону — не тое, каб ён пачаставаў мяне рэзкасцю, але як бы высакамернасць, ці то грэблівасць, ці то пыхлівасць, быццам гэта ўжо яму прыелася або, нібыта, у яго былі важнейшыя клопаты. Важнейшыя клопаты за гэтае забойства? А потым і ў голасе Вацлава я ўлавіў нешта — бо я ведаю — сухое, і таксама, бадай, пазначанае пыхай. Пыхлівыя? Чаму пыхлівыя?

Змена тону як ценкая, так і выразная, бо як жа ж Вацлаў мог задзіраць нос праз два дні пасля гэтай смерці? — і мае ўцвяленыя нервы раптам прадыктавалі мне падазрэнне, што недзе на нашым небе ўзнік новы асяродак ціску і іншы вецер павеяў — але які? Нешта зынакшылася. Нешта як бы змяніла кірунак. Адно пад вечар гэтыя перасцярогі набылі больш выразлівы выгляд, а менавіта, калі я ўбачыў Гіпаліта, што праходзіў праз сталоўку і гаварыў, шэпчучы ўзапар: — Глум, браце, глум! Раптам ён усеўся на крэсла, асавелы... і ўзняўся, загадаў запрагаць коні, выехаў. Цяпер я ўжо ведаў, што выяўлялася нешта новае, але не хацеў пытацца, і толькі вечарам, бачачы, што Фрыдэрык з Вацлавам у размове шыбуюць паўз двор, я далучыўся да іх у надзеі, што, можа, даведаюся, што ў траве пішчыць. Нічога падобнага. Яны зноў абмяркоўвалі заўчорашнюю смерць — і ў тым жа самым тоне, што і раней — гэта была даверная гутарка, праводжаная прыцішаным голасам. Фрыдэрык з пахіленай галавой, з позіркам, утаропленым ува ўласныя чаравікі, зноў рыўся ў гэтым забойстве, разглядаў, разважаў, аналізаваў, шукаў... ажно Вацлаў, прыгнечаны, пачаў бараніцца, прасіў, каб яму дазволілі перадыхнуць, даў нават зразумець, што гэта недалікатнасць! — Што? — гукнуў Фрыдэрык. — Як гэта трэба разумець? Вацлаў папрасіў літасці. Гэта яшчэ засвежае, ён дагэтуль не звыкся, не можа даўмецца, ведае, як не ведаць, гэта надта неспадзявана, страшна! І тады Фрыдэрык кінуўся на ягоную душу, як арол.

Параўнанне, можа, надта ўзнёслае. Але выразліва было відаць, што ён кінуўся — і што звысака. У тым, што ён гаварыў, не было ні спацехі, ні літасці, якраз наадварот, было жаданне, каб сын каўтнуў чару матчынага скону да апошняй капкі. Якраз так, як каталікі перажываюць, мінута за мінутай, галгофу Хрыста. Ён засцярогся: «Я не каталік». Што нават не мае так званых маральных прынцыпаў. Што ён не цнатлівы. Дык чаму, Ваша пытаешся (кажаш), у імя чаго я жадаю ад Вашы, каб Ваша гэта высіліў дазвання? Адказваю, што адно толькі ў імя развіцця. Што такое чалавек? Хто ж гэта можа ведаць. Чалавек ёсць загадкай (і гэтая банальнасць з’явілася ў яго на вуснах як сарамяжлівая і саркастычная рэч, як боль — як анёльская і д’ябальская бездань, больш бяздонная, чымся люстра). Але нам даводзіцца (гэтае «даводзіцца» было канфідэнцыйным і драматычным), нам даводзіцца перажываць усё паўней. Гэта, Ваша ведаеш, непазбежна. Гэта няўхільнасць нашага развіцця. Мы засуджаныя на развіццё. Гэты закон спраўджваецца як у гісторыі чалавецтва, так і ў гісторыі асобнага чалавека. Калі ласка, прыгледзьцеся да дзіцяці. Дзіцё адно пачынаецца, дзіцяці няма, дзіцё ёсць дзіцем або ўступам, ініцыяцыяй... А юнак (ён амаль выплюнуў гэтае слова)... што ж ён ведае? Што ён можа адчуць... ён... гэты эмбрыён? А мы?

— Мы? — усклікнуў ён — Мы?!

І заўважыў мімаходзь.

— Я з Вашай маці адразу і глыбока паразумеўся. Не таму, што яна каталічка. Таму, што яна была паддадзеная ўнутранай прынуцы аўтарытэту... Ведаеце... яна зусім не была легкадумнай...

Зірнуў яму ў вочы — чаго дагэтуль, мабыць, ніколі з ім не здаралася і што моцна сканфузіла Вацлава — які, аднак, не наважыўся ўхіліць позірку.

— Яна дапяла ... да іства.

— Што мне рабіць? — крыкнуў Вацлаў, узносячы рукі. — Што мне рабіць?

Размаўляючы з кім–колечы іншым, ён бы не дазволіў сабе ні так крыкнуць, ні ўзнесці рукі. Фрыдэрык узяў яго пад руку і рушыў наперад, а пальцам другой рукі паказваў перад сабой. — Быць на вышыні сітуацыі! — казаў ён. — Рабі тое, што хочаш. Але хай гэта будзе, тым не менш, скрупулёзным у сваім... у сваім аўтарытэце.

Аўтарытэт як найвышэйшы і няўмольны пастулат спеласці — ніякага патурання — нічога, што магло б аслабіць праз хвіліну напяццё погляду, што ўпорыста дашукваецца існасці... Вацлаў быў не ў змозе бараніцца ад гэтай суровасці — бо гэта была суровасць. Каб жа не яна, ён мог бы паставіць пад сумнеў аўтарытэт гэтых паводзінаў, шчырасць гэтай жэстыкуляцыі, што была нейкім матляннем... але гэны тэатр спраўляўся ў імя суровага закліку падняцца і споўніць найвышэйшы абавязак чыстай свядомасці — гэта ў вачах Вацлава рабіла яго неадольным. Ягоны каталіцызм не мог замірыцца з дзікасцю атэізму — для верніка атэізм дзікі — і свет Фрыдэрыка быў для яго хаосам, пазбаўленым валадара, а таму і права, населеным адно бязмежным чалавечым самадыйствам... аднак каталік не мог не ўшанаваць маральнага загаду, хоць і прагучэлага з такіх дзікіх вуснаў. І пры гэтым Вацлаў перажываў, каб гэтая матчына смерць не далася яму ў знакі — што ён не агорае сваёй драмы, а таксама сваёй любові і павагі — і яшчэ больш за Фрыдэрыкаву бязбожнасць ён баяўся сваёй пасярэднасці, таго, што рабіла яго звычным адвакатам «са шчотачкай для зубоў». І таму ён гарнуўся да станаўкой вышэйшасці Фрыдэрыка, шукаючы ў ёй апірышча, ах, усё роўна як, усё адно з кім, але паспытацца гэтай смерці. Перажыць яе! Вылушчыць з яе ўсё! Для гэтага яму быў патрэбны дзікі, але ўзораны ў іство погляд, і гэтая своеасаблівая, гэтая страшная заўзятасць у перажыванні.

— Але куды мне падзець гэтага Скузяка? — крыкнуў ён. — Я пытаюся — хто яго будзе судзіць? Хто мае выносіць яму прысуд? Ці мелі мы права яго зняволіць? Добра, паліцыі мы не аддалі яго, гэта немагчыма — але ўсё ж мы не можам трымаць яго вечна ў гэтай спіжарні!

Я закрануў гэтую справу наступнага дня з Гіпалітам, але выцягнуў з яго адно ўзмах рукі: — І толькі ўсяго! Няма чым дурыць сабе галаву! Трымаць у спіжарні, аддаць паліцыі або ўсыпаць бізуноў і адпусціць, няхай ідзе! Усё адно! А калі Вацлаў спрабаваў яму патлумачыць, што гэта, аднак, забойца яго маці, той раз’юшыўся: — Які там забойца! Г...к, не забойца! Рабеце, што хочаце, пакіньце мяне ў спакоі, у мяне іншае ў галаве. Ён папросту не хацеў аб гэтым слухаць, узнікала ўражанне, што ўсё гэтае забойства важнае для яго з аднаго канца — якім быў труп Амэліі — і нікчэмнае з другога, якім быў забойца. І, зрэшты, ён быў выяўна заняты нейкай мітрэнгай. З Фрыдэрыкам, які стаяў каля печы, нешта раптам зрабілася, ён зварухнуўся, быццам меўся гаварыць, але шапнуў толькі: — Огооо!.. Не сказаў гучна. Шапнуў. І таму, што мы не былі падрыхтаваныя да шэпту, ён разнёсся далей, чымся калі б Фрыдэрык азваўся ў поўны голас — і, шэпчучы, стаяў з шэптам сваім, тым часам як мы чакалі, што ён скажа нешта большае. Ён не гаварыў нічога. Тады Вацлаў, які ўжо навучыўся спасцерагаць найдрабнейшыя змены ў Фрыдэрыку, спытаўся: — Што такое, што спадар мае на ўвазе? — Парушальнік спакою агледзеўся ў пакоі:

— Ну так, з такім у сутнасці ўсё роўна... можна рабіць, што захочацца... што хто хоча...

— З якім? — крыкнуў Гіпаліт, з незразумелай злосцю. — З якім такім?

Фрыдэрык растлумачыў, злёгку разгублены.

— З такім, ну, ведама з якім! З ім — усё адно. Што хто хоча. Што некаму захочацца.

— Зараз. Зараз. Тое ж самае Ваша гаварыў аб маёй маці — спатайкоў умяшаўся Вацлаў. — Што мая маці якраз яго магла ... нажом... бо... Ён запнуўся. На што Фрыдэрык, ужо з выразлівай сарамлівасцю: — Нічога, нічога, я толькі так... Не гаварэма аб гэтым!

Што за актор! Выразліва былі відаць швы ягонай гульні, ён іх не хаваў. Але таксама было навідавоку, чаго гэта яму каштуе, як насамрэч ён бляднее і трымціць у ейных абдоймах. Для мяне, прынамсі, было ясна, што ён намагаецца надаць гэтаму забойству і гэтаму забойцу найбольш брутальны характар — а можа, не намагаўся, можа, гэта была неабходнасць, магутнейшая за яго, якой ён падпарадкоўваўся ў бледасці і страху. Безумоўна, гэта была гульня — але гэтая гульня тварыла яго і тварыла таксама сітуацыю. У выніку ўсе пачуліся неяк няўтульна. Гіпаліт павярнуўся і выйшаў, а Вацлаў змоўк. Але гэтыя ўдары, нанесеныя гульцом, нягледзячы на ўсё, дасягалі іх, і Юзек у спіжарні станавіўся ўсё больш цяжкім, увогуле, уся атмасфера была нібы атручаная адмысловай і незразумелай інтэнцыяй (я ведаў, каго яна тычыцца, каго мае наўвеце...).

Штовечар належала прамываць Юзеку раны, і гэтым займаўся Фрыдэрык, які сёе–тое цяміў у лячэнні — пры дапамозе Караля. А Генюся трымала лямпу. Гэта зноў быў як шматзначны, так і кампраметацыйны захад, калі яны ўтраіх схіналіся над ім, прычым кожны з іх меў у руцэ нешта, што апраўдвала гэтае схінанне, а менавіта: Фрыдэрык вату, Караль мядніцу і пляшку са спіртам, а Геня лямпу; але гэтае схінанне іх утраіх над яго сцягном неяк выбаўлялася ад тых прадметаў, якія яны трымалі, і было ўжо толькі самім схінаннем над ім. А лямпа свяціла. Пасля Вацлаў замыкаўся з ім і выпытваў — замірэнча або пагрозліва — але адсталасць дзецюка і яго цёмнасць, узапар з яго вясковасцю, былі, як аўтамат, і ён наўсцяж паўтараў тое ж самае, што яна кінулася, кусала, а ён што павінен быў рабіць? І, прызвычаіўшыся да пытанняў, ён зацяўся ў сваіх адказах.

Паня кусала. Вось сляды.

Калі Вацлаў вяртаўся з гэтых допытаў, выпетралы, як пасля хваробы, Геня падсаджвалася да яго і яго ціха і верна... суправаджала... а Караль накрываў стол або праглядаў старыя ілюстрацыі... і калі я пазіраў на яе, намагаючыся ўбачыць яе «з Каралем», я праціраў вочы, не могучы распазнаць узбуджэння, якое ўжо не ўзбуджала — і я выракаўся ўласнага шалу. Нічога паміж імі, нічога, нічога! Яна толькі з Вацлавам! Але затое, з гэтым, якая яна ласая. Што за апетыт! Якая страшная пажада! Як яна квапна да яго забіралася, бы мужчына да паненкі! Даруйце, я не маю на ўвазе нічога благога, хачу толькі сказаць, што з неспатольнай юрлівасцю яна падбіралася да яго духу — што яна пажадала яго сумленне, што яго гонар, адказнасць, годнасць і ўсе звязаныя з гэтым пакуты сталі аб’ектам ейнай пажады, што яна квапілася на якую–любя ў ім сталасць, дык што падавалася, што яго лысіна больш яе спакушае, чымся нават ягоныя вусікі! Але ўсё гэта, натуральна, ува ўласцівай ёй пасіўнасці — яна толькі ўбірала яго сталасць, прыхільная спадарожніца. І аддавалася пяшчоце мужчынскай рукі, нервовай і вытанчанай, ужо дарослай, яна — што таксама шукала аўтарытэту перад абліччам драматычнай смерці, якая перарастала яе ранейшае, цялеснае няўмецтва, што чапляецца за чужую даросласць! Праклятая! Бо заміж таго, каб быць шчаслівай з Каралем (на што яна была здольная), яна мелася матляхацца і бэсціцца з адвакатам і гарнулася да яго выпешчаных брыдот! Адвакат, у сваю чаргу, быў ёй удзячны і ціха яе гладзіў. А лямпа свяціла. Так мінулася некалькі дзён. Неяк пасля аднаго палудня Гіпаліт паведаміў нам, што чакаецца новая асоба, спадар Семян, які прыедзе з візітам... І шапнуў, аглядаючы пазногаць: — Прыедзе з візітам.

І заплюшчыў вочы.

Мы прынялі гэта да ведама, не задаючы непатрэбных пытанняў. Асавелая пакора ў яго голасе не спрабавала сукрыць, што за «візітам» хаваецца сетка, якая ўсіх нас спавіла, лучачы адно з адным, але заразом робячы нас чужымі адно аднаму — канспірацыя. Кожны мог сказаць столькі, колькі было яму дазволена — астачай было скрушнае, панурае маўчанне ды двусэнсоўныя фразы. Але ў кожным разе станавілася адчувальнай пагроза, якая ўжо некалькі дзён здалёк парушала аднастайнасць нашых пачуццяў пасля трагічных падзеяў у Рудзе, а цяжар, той цяжар, які нас прыгнятаў, з блізкай мінуўшчыны перасоўваўся ў беспасярэднюю, небяспечную будучыню. Увечары, пад дажджом, адным з тых дробных, парывістых і працяглых, што пераходзяць у ночную мжу, прыехаў экіпаж, і ў прачыненых выпадкова дзвярах вітальні перада мной замаячыў высокі спадар у паліто, з капелюшам у руцэ, які крочыў у суправодзе Гіпаліта з лямпай у кірунку сходаў, што вялі наверх, дзе яму падрыхтавалі памяшканне. Узнікла пройма і ледзь не выбіла ў Гіпаліта лямпу, дзверы рыпнулі. Я пазнаў яго. Так, гэтага чалавека я ведаў ужо з размоваў, хоць ён мяне не ведаў — і знянацку я адчуў сябе ў гэтым доме, як у пастцы. Выпадкова мне было вядома, што гэты ягамосць цяпер вялікая шышка ў падпольным руху, ваеначальнік, што мае на рахунку не адну карказломную смеласць, шуканы немцамі... так, гэта быў ён, а калі ён, то ўваход яго ў дом быў уваходам непрадказальнасці, паколькі мы апыналіся ў яго ласцы ці няласцы, смеласць не была толькі яго асабістай справай, падстаўляючы сябе, ён падстаўляў нас, мог уцягнуць, ублытаць нас — і таму, каб жа ён зажадаў чаго–колечы, мы б не маглі яму адмовіць. Бо нацыя нас абавязвала, мы былі таварышамі і братамі — толькі, што гэтае братэрства было халоднае, як лёд, тут кожны быў інструментам кожнага і кожным належала паслугавацца найбольш безуважна, для супольнай мэты.

Дык гэты чалавек, такі блізкі і такі небяспечна чужы, прайшоў перада мной як патэнцыйная пагроза, і пасля гэтага ўсё ашчэрылася і сукрылася. Я знаў рызыку, якую ён уносіў, і, аднак, не мог пазбыцца непрыемнага асадку, спрычыненага ўсім гэтым сцэнаром — акцыя, падполле, правадыр, канспірацыя — як з благога рамана, як запозненае ўвасабленне марнага юнацкага летуцення — і я б сапраўды замірыўся, каб на нас абрынулася ўсё, апрача якраз гэтага, у гэты момант нацыя і ўсе звязаныя з ёй рамантызмы былі для мяне нязноснай мікстурай, быццам наўмысля, на злосць, прыдуманай. Але нельга было капрызнічаць і адкідаць тое, чым частаваў нас кон. Я пазнаёміўся з «правадыром», калі ён зышоў на вячэру. Ён выглядаў на афіцэра, якім, зрэшты, і быў — афіцэр кавалерыі, крэсавяк, мабыць, з Украіны, прыблізна за сорак, з тварам, цёмным ад галення і сухім, элегантны і нават галантны. Ён павітаўся з усімі — відаць было, што не першы раз сюды прыязджае — жанкам пацалаваў ручкі. — А так, ужо ведаю, што за няшчасце. А вы з Варшавы?.. Праз пэўны час прыгмурваў вочы і быў, як той, хто доўгі час едзе і едзе цягніком... Яго пасадзілі на адным з задніх месцаў, відаць, ён перабываў тут пад выглядам ці то тэхніка, ці то ўрадніка для кантролю кароваў або планавання засеваў — асцярожнасць, неабходная з увагі на службу. Што тычыцца нас, якія сядзелі край стала, то адразу было відаць, што ўсе больш–менш паінфармаваныя — хоць размова вялася сонна і млява. Але ў канцы стала вырабляліся дзіўныя рэчы, а менавіта з Каралем, так, з (маладым) нашым Каралем, якога прысутнасць прыхадня прывяла ў стан напружанага, ахвотнага паслушэнства і пільнай гатовасці — і, захлынуты вернасцю, узбуджаны, ён раптам апынуўся паблізу смерці, партызан, жаўнер, канспіратар, у якога забойчая і ціхая сіла блукала па руках і плячах, гатовы, як сабака, да дзеяння і паслухмяна спраўны, тэхнічна падрыхтаваны. Не ён адзін, зрэшты. І я не ведаю, ці здарылася гэта дзеля яго, але ўся гэтая, такая абрыдлая ўперад, рамантычная кепскасць паспытала раптоўнага аздараўлення, і ўсе мы дапалі да праўды і сілы ў згуртаванні і былі ля гэтага стала як аддзел, што чакае загаду, ужо гатовы да магчымых дзеянняў і барацьбы. Канспірацыя, акцыя, вораг... гэта стала праўдай, магутнейшай за штодзённае жыццё, і ўварвалася, бы асвяжальны вецер, знікла хваравітая адметнасць Гені і Караля, усе мы пачуліся таварышамі. Аднак гэтае братанне не было чыстым. Не... яно таксама было пакутным і нават спракуджаным! Таму што, калі шчыра, ці не былі мы, сталыя, ужо троху камічныя і злёгку брыдкія ў гэнай барацьбе — як бывае з любосцю ў сталым веку — ці ж гэта стасавалася з намі, з набракласцю Гіпа, хірлявасцю Фрыдэрыка, знядужанасцю спадарыні Марыі? Гэты аддзел, які мы ўтваралі, быў аддзелам рэзервістаў, а наша згуртаванне было згуртаваннем у разлажэнні — меланхолія, знеахвочанасць, агіда, гнюсьба ўзносіліся над нашым братаннем у барацьбе і ў запале. Напару мне падавалася цудоўным, што братанне, запал, нягледзячы, аднак, на гэта, магчымыя. А часам я меў ахвоту гукнуць Каралю і Гені, ах, будзьце паасобку, не звязвайцеся з намі, унікайце нашага бруду, нашага фарсу! Але яны (бо і яна таксама) гарнуліся да нас — і напіралі на нас — і хацелі з намі — і аддаваліся нам, былі ў распараджэнні, гатовыя з намі, за нас, для нас, па кіўку правадыра! Так доўжылася ўвесь час вячэры. Так я гэта адчуваў. Ці я так адчуваў, ці Фрыдэрык?

Хто ведае, а можа, адна з найзмрачнейшых тайніц чалавецтва — і найцяжэйшых — якраз у тым, што датычыць такога «згуртавання» ўзростаў — спосабу і чыну, у якім маладосць становіцца раптам даступнай сталасці і vice versa. Ключом да гэтай загадкі быў у дадзеным выпадку афіцэр, які, будучы афіцэрам, быў ужо тым самым настроены на жаўнера і маладога... і ўвідавочнілася гэта яшчэ мацней тады, калі пасля вячэры Фрыдэрык пасуліў Семяну агледзець забойцу ў спіжарні. Што да мяне, то я не верыў у выпадковасць такой прапановы, ведаў, што перабыццё Юзека — забойцы — маладога ў спіжарні пачало напіраць і стала прычэплівым пасля таго, як Караль аддаўся афіцэру. Мы пайшлі туды — Семян, Фрыдэрык, я, Геня ды Караль з лямпай. У закратаваным пакойчыку ляжачы на саломе — заснулы і скурчаны — і калі мы сталі ля яго, ён зварухнуўся і даланёй у сне закрыў вочы. Дзяціны. Караль асвятляў яго лямпай. Семян падаў знак рукой, каб яго не будзіць. Ён прыглядаўся да яго, як да забойцы спадарыні Амэліі, але Караль асвятляў яго лямпай не як забойцу — але хутчэй як бы паказваў яго правадыру — не столькі маладога забойцу, колькі маладога жаўнера — паказваў яго, бы таварыша. І асвятляў яго блізу як рэкрута, быццам размова пра набор... а Геня стаяла воддаль яго і пазірала, як ён яго асвятляе. Мяне ўдарыла як нешта паказальнае і нават годнае адмысловай увагі, што гэта жаўнер афіцэру асвятляе жаўнера — што гэта было таварыскім і братэрскім паміж імі, жаўнерамі, але таксама жудасным, але падобным да ахвярадаўства. І яшчэ больш шматзначным мне падалося тое, што малады сталаму асвятляў маладога — хоць я добра не ўцяміў, што гэта значыць...

У гэтай спіжарні, з ейным закратаваным акном, здзеяўся нямы выбух іх трох вакол лямпы і ў ейным бліску — выбухнулі яны цішком, невядомым, таемным, хапатлівым зместам. Семян няўзнак ахінуў іх позіркам, гэта было толькі імгненне, але яго было досыць, каб даведацца, што гэта яму не ёсць такім ужо супоўна чужым.

9.

Ці я ўжо згадваў, што чатыры малыя астравы, раздзеленыя пазелянелымі ад водарасцяў каналамі, уяўлялі сабой прадаўжэнне копані? Масткі былі перакіненыя праз каналы. Ля самага ўскрайку саду, у зарасніку ляшчыны, язміну і туяў, вілася алейка, што дазваляла сушай абысці гэты архіпелаг, размоклы ад стаячых водаў. Як ішоў гэтым шляхам, мне прымірсцілася, што адзін з астравоў не такі, як іншыя... чаму?... мімалётнае ўражанне, але сад ужо занадта быў уцягнуты ў гульню, каб я мог гэта абмінуць. Аднак... нічога. Зараснік гэтага абтоку з плюмажам дрэваў — змярцвелы. Быў спякотны дзень, вечарэла, канал блізу высах і зіхцеў шкарлупінай глею з зялёнымі вачыма вады — трыснягом пазарасталі берагі. Які–любя непарадак у нашых умовах належала паддаць неадкладнай інспекцыі, таму я перабраўся на другі бераг. Астравок дыхаў спякотай, трава ўрадзіла тут густая і высокая, багатая на мурашак, і, уверсе, кароны дрэваў з уласным, замкнёным існаваннем. Я пралез праз зараснік і... Зараз. Зараз! Неспадзявана!

Там была лаўка. На лаўцы, седзячы, яна, але з незвычайнымі нагамі — бо адна нага ў яе была абутая і ў панчосе, а другая аголеная ажно да калена... і не было б гэта такім непраўдападобным, каб жа ў яго, ён ляжаў, ляжаў перад ёй, на траве, таксама не было адной аголенай нагі, з калашыной, падгорнутай вышэй калена. Паблізу яго чаравік, у ім шкарпэтка. Ейны твар і вочы былі скіраваныя ўбок. Ён не пазіраў на яе, галаву на траве абхапіў плячом. Не, не, усё гэта не было б, можа, скандальным, каб жа не было такім неадпаведным іх натуральнаму рытму, застыглае, дзіўна знерухомленае, як бы не іхнае... і гэтыя ногі так нялюдска аголеныя, па адной толькі з кожнай пары, і выпраменьваюць сваю цялеснасць у задушнай, гарачай волкасці, перарыванай жабіным плёскатам! Ён з голай нагой і яна з голай нагой. Можа, целяпаліся па вадзе... не, у гэтым было нешта большае, гэтага нельга было вытлумачыць... ён з голай нагой і яна з голай нагой. Ейная нага злёгку зварухнулася, выцягнулася. Яна абапёрлася нагой на яго нагу. Нічога больш.

Я пазіраў. Раптам праступіла перада мной уся дурнота мая. Ах, ах! Як жа я мог быць такім наіўным — з Фрыдэрыкам — каб меркаваць, што паміж імі «нічога няма»... даць ашукаць сябе ўявам! Вось перада мной было запярэчанне, што біла, як абухом. Значыцца, яны сустракаліся тут, на востраве... Вялізазны, выбаўчы і пранікнёны крык нема біў з гэтага месца — а іхнае сутыкненне трывала без руху, без голасу, нават без позірку (бо яны не пазіралі адно на аднаго). Ён з голай нагой і яна з голай нагой.

Добра... Але... Гэта не магло быць так. У гэтым была нейкая штучнасць, нешта няўцямнае, нешта перакручанае... скуль гэтае змярцвенне, як зачараванае? Скуль гэты холад у іхнай палымянасці? Праз долю секунды мяне наведала зусім шалёная думка, што гэта так павінна быць, што якраз так гэта павінна адбывацца паміж імі, што так праўдзівей, чымся калі б... Недарэчнасць! І адразу мяне наведала другая думка, а менавіта тая, што ў гэтым крыецца штукарства, камедыя, што, можа, яны нейкім цудам даведаліся, што я туды пайду і адумысля гэта робяць — для мяне. Бо ж гэта было, як для мяне, строга ў меру майго летуцення аб іх, маёй сарамяжлівасці! Для мяне, для мяне, для мяне! І пад даймом гэтай думкі — што для мяне — я драўся праз кусты, ужо нічога не бачучы. Але раптам абраз дапоўніўся. Фрыдэрык сядзеў на замшэлай купе пад сасной. Гэта было — для яго!

Я забавіўся... Ён, угледзеўшы мяне, сказаў ім:

— Трэба будзе яшчэ раз паўтарыць.

І тады, хоць я яшчэ нічога не разумеў, павеяла ад іх холадам маладой разбэшчанасці. Псута. Яны не рухаліся... іхная маладая свежасць была жудасна халоднай.

Фрыдэрык падышоў да мяне, галантны. — А! Як Ваша маешся, любовы спадару Вітальдзе! (Гэтае прывітанне было непатрэбным, мы рассталіся гадзіну таму.) Што Ваша скажаш пра гэтую пантаміму? (ён паказаў у іх бок акруглым рухам). Няблага граюць, што, га, га, га! (Гэты смех таксама быў непатрэбным — але гучным.) Як няма мяса, то й грыб закраса! Не ведаю, ці вядомая Вашу мая рэжысёрская слабасць? Я таксама быў нейкі час акторам, не ведаю, ці вядомая Вашу гэтая драбніца маёй біяграфіі?

Ён узяў мяне пад руку і павёў наўкруга па дзірване з надзвычай тэатральнай жэстыкуляцыяй. Тыя прыглядаліся да нас без слова. — У мяне ёсць пэўная ідэя... сцэнару... сцэнару фільма... але некаторыя сцэны троху рызыкоўныя, патрабуюць апрацоўкі, трэба эксперыментаваць з жывым матэрыялам.

— До на сёння. Можаце апранацца.

Не аглядаючыся на іх, ён павёў мяне праз масты, апавядаючы гучна, з ажваўленнем, разнастайныя свае падумкі. На яго погляд, дагэтулешні метад напісання п’есаў ці сцэнароў «у адрыве ад актора» чыста ўстарэў. Належыць пачаць з актораў, «сустаўляючы іх» якім–колечы чынам, і на гэтых «сустаўленнях» будаваць сюжэтную лінію п’есы. Бо п’еса «павінна выявіць толькі тое, што патэнцыйна ўжо закладзена ў акторах як у жывых людзях, якія маюць уласную шкалу магчымасцяў». Актор «не павінен увасабляцца ў надуманага сцэнічнага героя, удаючы таго, кім ён не ёсць — якраз наадварот, сцэнічны вобраз мае быць прытарнаваным да яго, сшытым на яго меру, як вопратка». — Я спрабую, — казаў ён са смехам, — дасягнуць нечага такога з гэтай блазнотай, абяцаў ёй за гэта прэзенцік, бо ўсё ж гэта праца! Га, што ж, чалавек нудзіцца ў гэткай забітай вёсцы, трэба нечым заняцца для здароўя хаця б, спадару Вітальдзе, для здароўя! Я, натуральна, манюся не афішавацца з гэтым, бо — адкуль мне ведаць — можа, гэта троху засмела для пачцівага Гіпа і яго жонкі, я не хацеў бы выклікаць калатнечы!.. Так ён казаў, гучна, каб было чуваць, а я, ідучы ля яго і пазіраючы ў зямлю, аглузджаны дазвання гэтым адкрыццём, ледзь слухаў. Круцель! Камбінатар! Ліс! Такія цуды з імі вырабляў — такую вынайшаў забаву!.. І ўсё спадала ўніз, агорнутае цынізмам і вычварэннем, і агонь гэтага раскладання мяне паглынаў, і папросту я курчыўся ў муках зайздрасці. І распаленыя зараніцы фантазіі асвятлялі мне гэтую халодную іх распусту, нявінна д’ябальскую — асабліва яе, яе — бо ж было нечувана, каб гэтая верная нявеста хадзіла ў кусты на такія сеансы... наўзамен за абяцаны «прэзенцік»...

— Безумоўна, цікавы тэатральны эксперымент, натуральна — адказаў я, — так, так, цікавы эксперымент! І як найхутчэй пакінуў яго, каб магчы далей гэта асэнсоўваць — бо разбэшчанасць не была толькі на іхным баку і, як аказвалася, Фрыдэрык дзеяў больш дзейсна, чымся я думаў — і нават здолеў дабрацца да іх так беспасярэдне! Ён рабіў сваё, без упынку. І за маёй спінай, за свой кошт! Не перашкаджала яму ў гэтым патэтычная рыторыка, распачатая з Вацлавам у выніку смерці спадарыні Амэліі — ён дзеяў — і пытанне, як далёка ён зайшоў? І дакуль мог яшчэ зайсці? Калі ход быў пра яго, гэтая праблема мяжы станавілася пякучай — асабліва таму, што і мяне за сабой цягнула. Я злякаўся. Ізноў вечар — і гэтае ледзь цямкое расцярушанне святла, паглыбленне і насычэнне цямнейшых колераў ды павелічэнне дзіраў і закуткоў, якія напаўняў соус ночы. Сонца ўжо за дрэвамі. Я прыгадаў сабе, што на ганку я пакінуў кнігу, і пайшоў па яе... і ў кнізе знайшоў канверт без адрасу, у ім невыразна накрэмзаная алоўкам паперка:

«Пішу, каб паразумецца. Не хачу быць у гэтым маім зусім адным, адзінцом, адзінотнікам.
Калі ты адзін, нельга мець пэўнасць, што, напрыклад, не з’едзеш з глузду. Удвух — інакш. Удвух дае пэўнасць і аб’ектыўную гарантыю. Удвух няма вар’яцтва!
Я не баюся гэтага. Бо ведаю, што не змог бы звар’яцець. Нават калі б захацеў. Гэта ў мяне выключана, я антывар’ят. Я хачу засцерагчыся ад іншай рэчы, можа, больш спаважнай, а менавіта: ад пэўнай, так бы мовіць, Анамаліі, пэўнага павелічэння магчымасцяў, якое наступае, калі чалавек аддаляецца і сходзіць з аднаго–адзінага, дазволенага шляху... Ці Ваша разумееш? Я не маю часу на яснае вызначэнне. Каб жа з зямлі я рабіў выбег на нейкую іншую планету, ці хаця б на Месяц, мне б таксама хацелася быць з некім — на ўсякі выпадак, каб маё «я» мела ў чым адбіцца.
Я буду пісаць, інфармуючы. Строга канфідэнцыйна — неафіцыйна — таемна таксама для нас; г.зн. трэба спаліць паперу і ні з кім не абмяркоўваць, нават са мной. Як нічога ніякага. Нашто непакоіць — некага ці сябе? Найлепш без агалоскі.
Нават добра, што Ваша ўбачыў гэта на востраве. Што двое бачаць, то не адзін. Але на халеру ўся работа, заміж таго каб гэта іх зводзіла і суполіла, яны халодныя як акторы... дзеля мяне толькі, на маё жаданне, і калі яны кімсьці і падахвоцяцца, то мной, не адно адным! Як не шчасціць! Як не шчасціць! Ваша ведаеш, як ёсць, бо Ваша бачыў. Але гэта нічога. Мы іх урэшце распалім.
Ваша бачыў, але цяпер трэба, каб Ваша Вацлава на гэта завабіў. Няхай ён пабачыць! Калі ласка, скажэце яму так: 1) Ваша, шпацыруючы, выпадкова ўгледзеў іх rendez–vous на востраве; 2) Ваша ўважаеш за свой абавязак даказаць гэта яму; 3) яны не ведаюць, што Ваша іх бачыў. І заўтра Ваша завядзі яго на спектакль, вельмі важна, каб ён іх бачыў, мяне не бачачы, я падрабязна усё прадумаю і напішу, Ваша адзержыш інструкцыі. Абавязкова! Гэта важна! Проста заўтра! Ён мусіць ведаць, мусіць бачыць!
Ваша пытаешся, які ў мяне план? Ніякага плану. Я іду па лініі напяццяў, разумееш, Ваша? Іду па лініі падахвочванняў. Для мяне цяпер галоўнае, каб ён бачыў, а таксама каб яны ведалі, што іх убачылі. Трэба зафіксаваць іх у зрадзе! Пасля пабачым, што далей.
Калі ласка, зрабі. Калі ласка, не адказвай. Лісты я буду пакідаць на муры, ля брамы, пад цэглай. Калі ласка, палі лісты.
А гэты другі, гэты № 2, гэты Юзек, што з ім, як, у якой камбінацыі яго з імі скамбінаваць, каб гэта ўсё зайграла, зайграла, ён бы адыхтар прыдаўся, да галавы прыходзіць, нічога не ведаю, але спакваля насоўваецца, уплятаецца, толькі наперад, толькі далей! Калі ласка, выканай усё як след».

Гэты ліст мяне апёк. Я пачаў хадзіць па пакоі і ўрэшце выйшаў на поле — дзе мяне прывітала санлівасць разбрынялай зямлі, поды ўзгоркаў на фоне ўсё цямнейшага неба і ўсё большы перад надыходам ночы напор усіх рэчаў. Краявід ужо дасканала вядомы, аб якім я ведаў, што яго тут застану — але ліст вымыкаў мяне з краявідаў, о, ліст мяне вымыкаў, і я медытаваў, што рабіць, што рабіць? Вацлаў, Вацлаў — але ж гэтага я б нізавошта не зрабіў, гэтага ўвогуле не выпадала рабіць — і мяне жахала, што мжа фантастычнай пажады матэрыялізуецца ў факт, у канкрэтны факт, які быў у мяне ў кішэні, у акрэсленае жаданне. Ці Фрыдэрык, аднак, не ашалеў? Ці не быў я яму патрэбны толькі для таго, каб магчы яго шаленства апраўдаць сабой? Сапраўды, гэта быў апошні момант, каб парваць з ім — і я меў перад сабой вельмі простае рашэнне, таму што я мог паразумецца з Вацлавам і Гіпалітам... і ўжо бачыў сябе ў размове з імі: — Паслухайце, пільная справа... Баюся, што Фрыдэрык пакутуе ад нейкага псіхічнага захворвання... я назіраю за ім даўжэйшы час... ну, пасля гэтых усіх злавесных закалотаў не ён першы і не ён апошні... але у кожным разе трэба на гэта звярнуць увагу, і ў мяне ўражанне, што гэта нейкая манія, манія эратычная і, бадай, у пункце Гені і Караля... Так бы я сказаў. І кожнае з гэтых словаў выкідала б яго за абсяг здаровых людзей, рабіла вар’ятам — і гэта ўсё можна здзейсніць за яго спінай, ператвараючы яго ў аб’ект нашай таемнай апекі і таемнага дагляду. Ён бы нічога аб гэтым не ведаў — і, не ведаючы, не мог бы абараніцца — з дэмана стаў бы вар’ятам, вось і ўсё. А я б вярнуўся да раўнавагі. Было яшчэ не запозна. Я яшчэ не зрабіў нічога, што б мяне кампраметавала, гэты ліст быў першым увасабленнем майго з ім узаемадзеяння... таму ён так мяне абцяжваў. І загэтым трэба вызначыцца — і, вяртаючыся дадому, калі дрэвы разліваліся ў плямы, ахінутыя нявызначанасцю, адзіным зместам якой было сутонне, я нёс з сабой маю пастанову абясшкодзіць яго і зрынуць у сферу звычнага звар’яцення. Але цэгла забялела край брамы — і я зазірнуў — а там ужо чакаў мяне новы ліст.

«Чарвяк! Ваша гэта ведаеш! Ваша гэта зразумеў! Ваша гэта тады, напэўна, адчуў, як і я!
Гэты чарвяк — Вацлаў! Яны злучыліся на чарвяку. Злучацца на Вацлаву. Топчучы Вацлава.
Яны не хочуць з адно з адным? Не хочуць? Ваша пабачыш, што з Вацлава мы неўзабаве зробім для іх ложак, у якім яны спарацца.
Трэба конча ўблытаць у гэта Вацлава, трэба: 1) каб ён гэта пабачыў. Д.б. Далей будзе».

Я занёс ліст наверх, у мой пакой, і адно там яго прачытаў. Прыніжальна, што змесціва яго было мне такім ясным — быццам я напісаў сам да сябе. Так, Вацлаў меў быць супольна растаптаным чарвяком, меў давесці да грэху, зрабіць іх грэшнымі, укінуць іх у палымяную ноч. Што ў сутнасці, што было перашкодай, чаму яны НЕ ХАЦЕЛІ адно з адным? Ах, я ведаў — але не ведаў — вядомае і няўлоўнае — бы няспелае, што ўнікае дарослай думкі... але ў кожным разе гэта была нейкая памяркоўнасць, нейкая маральнасць, нейкі закон, так, унутраная забарона, якой яны былі паслухмяныя... дык, відаць, не памыляўся Фрыдэрык, мяркуючы, што калі яны ўдваіх раздушаць Вацлава, калі разбэсцяцца на Вацлаву, то якраз гэта іх раскрухмаліць! Як для Вацлава стануць каханкамі... каханкамі стануць адно для аднаго. А для нас, ужо застарых, гэта адзіная магчымасць эратычнага набліжэння да іх... Укінуць іх у гэтую зраду! Як яны апынуцца ў ёй разам з намі, надыдзе змяшанне і з’яднанне! Я гэта разумеў! І ведаў таксама, што грэх іх не знявечыць, наадварот, гэтая маладосць і свежасць будуць мацнейшымі, калі стануць чорнымі, сцягнутымі пераспелымі рукамі нашымі ў псуце і спалучанымі з намі. Так! Я гэта ведаў! Годзе ўжо маладосці рахманай і няўхільна добрапрыстойнай — цяпер ход аб узнікненні іншай маладосці, трагічна намі, сталымі, спасцігнутай.

Энтузіязм. Няўжо гэта ў мяне не выклікала б энтузіязму? Але ж так, але ж без пытання. Я ўжо па–за прыгаством, вымкнены з мігатлівай сеткі чароўнасці — і нечароўны, няздатны прышчапіць да сябе сімпатыю, абыякавы прыродзе... га, я яшчэ быў здольны да захаплення, але ведаў, што захапленне маё ўжо ніколі не будзе захапляльным... і ўдзельнічаў у жыцці, як збіты сабака і сабака паршывы... Калі, аднак, у гэтым узросце здараецца аказія пазавіхацца ля красавання, увайсці ў маладосць, нават коштам разбэшчанасці, і калі аказваецца, што брыдота можа быць скарыстаная, увабраная прыгаством... Спакуса, якая знішчае якія–любя спробы ёй супрацьстаяць, проста непераадольная! Энтузіязм, так, шал, нават гнятлівы — але, з другога боку... Але ўсё ж! А як жа ж! Не! Надта па–вар’яцку. Так не робіцца. Занадта асабістае — занадта прыватнае і апрычонае — і без прэцэдэнтаў! І ўступіць на гэты дэманічны шлях, асобны, з ім, з істотай, якой я лякаўся, паколькі адчуваў, што яна любіць упадаць у крайнасці, ведаў, што яна мусіць завесці задалёка!

І, бы Мефістофель, знішчыць Вацлаву любосць? Не, подлая і глумная фантазія! Не для мяне! Нізавошта! Дык што? Ухіліцца, пайсці да Гіпаліта, Вацлава, зрабіць з гэтага клінічны выпадак, д’ябла ператварыць у вар’ята, пекла ў больніцу... і я ўжо хацеў ісці, каб, як абцугамі, вырваць парасткі гэтай расперазанасці, якая шырылася. Шырылася? Дзе? Што ён рабіў у гэты момант? Тое, што ён у гэты момант робіць нешта — аб чым я не ведаю — узняло мяне як спружына, я выйшаў на двор, сабакі мяне абкружылі — нікога, толькі дом, з якога я выбраўся — узнік перада мной і стаў побач, як рэч. Вокны кухні асветленыя. На другім паверсе акно Семяна (я забыўся аб ім). Я край дому, прасвідраваны спатайкоў дыстанцыяй зорнага неба й загублены сярод дрэваў. Я завагаўся, захістаўся, а там далей была брама, пры ёй цэгла, і я пайшоў да яе, быццам спаўняючы абавязак, пайшоў, а калі ўжо быў блізка, азірнуўся... ці не тоіцца ён недзе ў кустоўі. Пад цэглай — новы ліст. Ну, ён і распісаўся!

«Ці Ваша разумееш ясна, добра?
Я ўжо нештачка там выведаў.
1) ЗАГАДКА: чаму яны адно з адным не...? Што? Ваша ведаеш? Я ведаю. Гэта было б надта ПОЎНЫМ для іх. Надта ЦЭЛЫМ.
НЯПОЎНАСЦЬ — ПОЎНЯ, вось ключ!
Божа вялікі! Ты ёсць Поўняй! Але гэта харашэйшае за Цябе і я Цябе гэтым выракаюся!
2) ЗАГАДКА: чаму яны да нас горнуцца? Чаму з намі фліртуюць?
Бо яны паміж сабой нас хочуць. Нас. А таксама — Вацлава. Нас, спадару Вітальдзе, дарагі мой, нас, нас. Ім даводзіцца праз нас. Таму яны перад намі какетнічаюць!
Ваша бачыў некалі нешта падобнае? Што мы ім патрэбныя для гэтага?
3) Ваша ведаеш, у чым пагроза? Што я ў зеніце свайго духоўна–інтэлектуальнага развіцця, а знаходжуся ў руках лёгкіх, няпоўных, адно толькі ўсё большых. Божа! Яны яшчэ растуць! Яны лёгка, лёгка, бязважка ўводзяць мяне ў тое, што я мушу вычарпаць дазвання мысліцельна і пачуццёва. Яны лёгка–легкадумна падаюць мне чару, якую я мушу выпіць да апошняй капкі...
Я заўсёды ведаў, што нешта такое мяне чакае. Я Хрыстос, распяты на шаснаццацігадовым крыжы. Па! Да пабачэння на Галгофе. Па!»

Ну, ён і распісаўся! Я зноў сядзеў ля лямпы ў пакоі на падстрэшшы: зрадзіць яго? Але ў такім разе я і сябе мусіў бы зрадзіць і выдаць!

І сябе!

Не толькі ягоным было гэта ўсё. Гэта было таксама маім. З сябе зрабіць вар’ята? Зрадзіць у сабе адзіную магчымасць увайсці, увайсці... ува што? Ува што? Ува што? Што гэта было? Мяне паклікалі знізу на вячэру. Калі я апынуўся ў гэтым штодзённым асяроддзі, якое мы ўтваралі наўкола стала, усе бягучыя справы, вайна і Нямеччына, вёска і клопаты, вярнуліся і ўдарылі мяне... але ўдарылі неяк адчужана... і ўжо не былі маімі.

Фрыдэрык таксама сядзеў тут, на сваім месцы — і абмяркоўваў, едучы піражкі з сырам, сітуацыю на франтах. І некалькі разоў звярнуўся да мяне, пытаючыся аб маім меркаванні.

10.

Апавяшчэнне Вацлава адбылося строга паводле праграмы. Нішто непрадбачанае не ўскладніла апавяшчэння, якое дзеялася гладка і спакойна.

Я сказаў, што «хачу яму нештачка паказаць». Завёў яго пад канал, на вызначанае месца, скуль праз галу ў дрэвах можна было назіраць сцэну. У гэтым месцы каналу вада была досыць высокай — неабходная асцярожнасць, каб ён не рынуўся на востраў і не выкрыў прысутнасці Фрыдэрыка.

Паказаў.

Сцэна, якую Фрыдэрык прыдумаў у яго гонар, была наступнай: Караль пад дрэвам; яна воддаль яго; абое, задраўшы галовы, узораныя ў нешта на дрэве; можа, у птушку. І ён узняў руку. І яна ўзняла руку.

Далоні іх, высока над галовамі, спляліся «міжвольна». І, калі спляліся, кульнуліся ўніз, борздка і імкліва. Хвіліну абое, схінуўшы галовы, прыглядаліся да сваіх рук. І неўспадзеўкі ўпалі, не было фактычна ведама, хто каго паваліў, выглядала, быццам гэта рукі павалілі іх.

Упалі і праз імгненне ўжо ляжалі разам, але неўзабаве ўскочылі... і зноў стаялі, быццам не ведаючы, што трэба рабіць. Яна паволі адышла, ён за ёй, зніклі за кустамі.

Сцэна, майстэрская ў сваёй уяўнай простасці. У гэтай сцэне простасць гэтага спалучэння рук пражывала нечаканае ўзрушэнне — гэты кідок на зямлю — натуральнасць дазнавала амаль канвульсійнага ўскладнення, настолькі рэзкага адхілення ад нормы, што на секунду яны здаваліся марыянеткамі ў руках стыхіі. Але гэта быў толькі момант, і іх уставанне, іх спакойны адыход прынучалі здагадвацца, што яны ўжо былі прызвычаеныя да гэтага... Быццам гэта ў іх не першы раз здарылася. Быццам яны гэта ведалі.

Выпарэнні каналу. Задушная вільгаць. Нерухомыя жабы. Было пяць гадзін, сад быў змораны. Спякота.

— Нашто Ваша мяне сюды прывёў?

Ён задаў гэтае пытанне, калі мы вярталіся дадому.

Я адказаў:

— Уважаў гэта за свой абавязак.

Ён здумеўся.

— Дзякую Вашу.

Калі мы былі ўжо каля дому, ён сказаў: — Не думаю, каб гэта... мела вялікае значэнне... Але ў кожным разе дзякую, што Ваша звярнуў мне ўвагу... Пагавару з Геняй.

І больш нічога. Ён пайшоў у свой пакой. Я застаўся адзін, расчараваны, як заўсёды бывае, калі нешта ажыццяўляецца — бо ажыццяўленне заўсёды цьмянае, недастаткова выразлівае, пазбаўленае велічы і чысціні замеру. Пасля выканання задання я раптам стаў беспрацоўным — што рабіць з сабой? — выпаражнены фактам, які я спарадзіў. Змяркалася. Ізноў змяркалася. Я выйшаў на поле і ішоў мяжой, з пахіленай галавой, абы ісці, і зямля была ў мяне пад нагамі звычайная, ціхая і пачцівая. Вяртаючыся, я зазірнуў пад цэглу, але мяне нічога не чакала, толькі цэгла — цёмная ад вільгаці, халодная. Я крочыў дарогай праз падворак дадому і затрымаўся, няздольны ў гэты дом увайсці, у абсяг адбыванай у ім справы. Але ў гэтае ж самае імгненне спёка іх суплёту, іх маладой і абуджанай крыві, сплеценасць, абдымкі іх патыхнулі на мяне такой гарачынёй, што, вытнуўшы дзверы, я ўзбег у дом, каб далей удзельнічаць! Уварваўся! Але тут мяне чакаў адзін з тых імклівых паваротаў, якія, бывала, шакавалі...

Гіпаліт, Фрыдэрык і Вацлаў у кабінеце — паклікалі мяне.

Я, падазраючы, што гэтая сесія адбываецца ў сувязі са сцэнай на востраве, асцярожна наблізіўся... але нешта мне падказала, што гэта з іншай нагоды. Гіпаліт сядзеў за сталом, асавелы, і вытрашчыў на мяне вочы. Вацлаў хадзіў па пакоі. Фрыдэрык напаўляжаў на фатэлі. Маўчанне. Вацлаў гукнуў:

— Надабе сказаць спадару Вітальду.

— Мы хочам ліквідаваць Семяна, — неяк абегла растлумачыў Гіпаліт.

Я яшчэ не зразумеў. Адразу прагучэла вытлумачэнне, пакліканае асвоіць мяне з новай сітуацыяй — і зноў тхнула тэатральнымі штампамі патрыятычнай канспірацыі — і ад гэтага ўражання, відаць, і Гіпаліт не быў вольны, бо ён пачаў гаварыць рэзка, нават як бы з прынукі. І сурова. Я даведаўся, што ўночы Семян «бачыўся з людзьмі, прыбылымі з Варшавы» з мэтай устанавіць дэталі пэўнай акцыі, якую ён меўся правесці ў ваколіцы. А ў ходзе гэтай размовы здзеяўся «глум, браце», бо нібыта Семян наважыў сказаць, што ні гэтай акцыі, ні нейкай іншай ён ўжо не правядзе, дый што ён раз і назаўсёды выходзіць з канспірацыі і «вяртаецца дадому». Глум, дадушы! Узнік гвалт, пачалі націскаць, наапошку, ужо вельмі знерваваны ён выціснуў з сябе, што зрабіў што мог, і болей не можа — што «адвага ў мяне вычарпалася» — што «адвага ў мяне адмянілася ў страх» — што «пакіньце мяне ў спакоі, нешта ўва мне зламілася, ува мне трывога пачалася, сам не ведаю, як» — што ён ужо непрыдатны ні да чаго, што было б легкадумнасцю даручыць яму што–колечы ў такіх умовах, што ён лаяльна папярэджвае аб гэтым і просіць звольніць яго. Гэтага было ўжо зашмат. У хапатлівым абмене нервовымі думкамі пачало нараджацца падазрэнне, спачатку няяснае, а пасля ўсё больш вымоўнае, што Семян павар’яцеў або, прынамсі, зусім псіхічна знясіліўся — і тады ўзнялася хваля панікі, што пэўны іншы сакрэт, з якім ён абазнаны, цяпер няпэўны, і ўжо нельга мець пэўнасць, ці не лясне... і гэта, з увагі на пэўныя ўзбочныя акалічнасці, набыло выгляд катастрофы, паразы, амаль канца свету, і так у гэтым згустку, націску, напяцці стрэліла ўрэшце перапалоханае і жахлівае рашэнне забіць, неадкладна ліквідаваць. Гіп апавядаў, што яны хацелі адразу ісці па Семяна ў ягоны пакой і застрэліць — але што ён вымаліў адкласці да наступнай ночы, тлумачачы, што трэба ўсё тэхнічна прадугледзець, зважаючы на бяспеку нас, насельнікаў дому. Пагадзіліся адтэрмінаваць, але не даўжэй, як на дзень. Баяліся, што ён спанатрыць, што яму пагражае, і ўцячэ. Павурная, зрэшты, найлепей адпавядала іхнай задуме, бо Семян прыбыў сюды ў глыбокай таямніцы і ніхто б яго тут не шукаў. Спыніліся на тым, што зноў звернемся да гэтага сённяшняй ноччу, каб усё «развязаць».

Чаму гэтая праўда нашай барацьбы з ворагам і захопнікам мусіла набываць такое зыркае аблічча — і да якой жа ступені гэта было жахліва–прыніжальным! — як у кепскім тэатры — дарма што ў гэтым была кроў, найпраўдзівейшая? Я спытаўся, каб лепей зразумець — прызвычаіцца да новага палажэння: — Што ён робіць цяпер? Гіпаліт даў мне адказ:

— Наверсе. У пакоі. Зачыніўся на ключ. Прасіў коні, упіраецца, каб вяртацца. Дык жа я не магу даць яму коні.

І шапнуў сабе:

— Дык жа я не магу даць яму коні.

Безумоўна, не мог. Іншая рэч, што гэта так не робіцца — загубіць чалавека без суду, без фармальнасцяў, без ніякіх паперак? Але гэта не належала да нас. Мы размаўлялі як людзі, на якіх спала няшчасце. Калі, аднак, я спытаўся, што маняцца рабіць, мяне налучыў блізу грубы адказ. — Чаго Ваша хочаш? Няма аб чым лапатаць! Давядзецца зрабіць! Тон Гіпаліта выяўляў прыгаломшвальную змену ў нашых узаемінах. Я перастаў быць госцем, быў на службе, урынуты разам з імі ў крамянасць, мулкасць, якая была звернута як супраць нас, так і супраць Семяна. У чым жа ён перад намі правініўся? Яго належала вобмельгам, у два мігі, зарэзаць з небяспекай для ўласнага карку.

— Пакуль што няма чаго рабіць. Яны павінны вярнуцца а палове першай. Вартаўніка я выслаў у Астравец, нібы тэрмінова трэба нешта купіць, сабакі спушчаныя не будуць. Я толькі іх завяду да яго, наверх, і няхай робяць, што хочуць. Толькі ўмовай я паставіў, каб без шуму, бо ўвесь дом гатовы збудзіцца. Што да цела, то схаваем яго... я ўжо гэта абдумаў, у адрыне. А заўтра нехта з нас нібыта адвязе Семяна на станцыю і канец. Абы ціхутка, можна гэта гладка абладзіць, і жывая душа не будзе ведаць.

Фрыдэрык спытаўся: — У той старой адрыне, за паветкай, дзе стаяць вазы?

Спытаўся дзелавіта, як змоўнік, як выканаўца — і, нягледзячы на ўсё, я дазнаў палёгкі, бачачы яго такім мабілізаваным — бы п’яніца, узяты ў рэкруты. Ці ён ужо піць не мог? І раптам гэтая новая авантура падалася мне нечым здаровым і нашмат больш прыстойным, чымся нашы дагэтулешнія пачынанні. Але гэтае супакаенне маё працягвалася нядоўга.

Адразу пасля вячэры (спажытай пры адсутнасці Семяна, якому ўжо некалькі дзён «нездаровілася» — ежа дастаўлялася яму наверх) я пайшоў на ўсякі выпадак да брамы, і там пад цэглай бялела папера.

«У нас ускладненне. Гэта нам, як палка ў колы.
Трэба пачакаць. Ціха, ся.
Трэба пабачыць, як і што. Як пойдуць справы. Калі будзе крымінал і трэба будзе даваць драла, нам, напрыклад, у Варшаву, ім куды–небудзь яшчэ, ну, цяжка — тады ўсё рассыпецца.
Трэба знаць старую б... Ваша ведаеш, пра што я думаю? Яна, г.зн. Прырода. Калі Яна націсне з боку нечым такім неспадзяваным, не трэба пратэставаць, адпірацца, трэба слухмяна, рахмана прыстасавацца, faire bonne mine... але ўнутрана не здавацца, не губляць з вачэй нашай мэты, так, каб Яна ведала, што ў нас ёсць, аднак, іншая, уласная мэта. Яна бывае на пачатку ў сваіх інтэрвенцыях вельмі рашучай, наважанай etc., але потым гэта як бы перастае яе цікавіць, яна пачынае патураць, і тады можна ўпотайкі вярнуцца да ўласнай работы і нават можна разлічваць на паблажлівасць... Увага! Ваша рэгулюй свае паводзіны паводле маіх. Каб не было супярэчнасці. Я буду пісаць. Гэты ліст конча спаліць».

Гэты ліст... Гэты ліст, які яшчэ больш за папярэдні быў лістом вар’ята — але я так дасканала разумеў гэтае шаленства. Яно было для мяне такім празрыстым. Гэтая тактыка, якой ён паслугаваўся ў сваіх стасунках з прыродай — таксама не была мне чужой! І было ясна, што ён не губляе з вачэй сваёй мэты, гэта было напісана, каб не саступіць, зазначыць, што ён усцяж верны свайму замеру, гэты ліст, удаючы скаронасць, адначасна быў заклікам да супраціву і ўпорыстасці. І хто ведае, ці для мяне ён быў напісаны, ці для Яе — каб ведала, што мы не манімся саступіць — ён праз мяне з Ёй размаўляў. Я здумеўся, што кожнае слова Фрыдэрыка, як і кожны ўчынак яго, толькі на першы погляд адносіліся да таго, да каго былі скіраваныя, а ў сапраўднасці былі нястомным дыялогам яго з тагабочнымі Сіламі... хітрым дыялогам, дзе мана служыла праўдзе, а праўда — мане. Вох, як ён удаваў у гэтым лісце, што піша таемна ад Яе — калі насамрэч пісаў, каб Яна даведалася! І разлічваў на тое, што Яе абяззброіць гэтая хітрасць — можа, рассмешыць... Астача вечару пайшла ў нас на чаканне. Мы ўпотайкі паглядалі на гадзіннікі. Лямпа ледзь асвятляла пакой. Геня, як і ўперад штовечар, прытулілася да Вацлава, ён, як заўсёды, абняў яе, і я выявіў, што «востраў» зусім нічога не змяніў у яго пачуццях. Непранікальны, ён сядзеў ля яе, і я маракаваў, наколькі ён заклапочаны Семянам і наколькі можа яго турбаваць рух і грукаценне Караля, які нешта там перабіраў і парадкаваў у скрынях. Спадарыня Марыя шыла (як і «дзеці», яна не была дапушчаная да сакрэту). Фрыдэрык з нагамі, выцягнутымі, з рукамі на поручнях фатэля. Гіпаліт на крэсле, задуменны. Наша ўзрушэнне было спавіта зморанасцю.

Вылучаныя Семянам, гэтым нашым таемным заданнем, мы, мужчыны, утваралі асобную групу. Але здарылася, што Геня запыталася: — Што ты вырабляеш з гэтымі рэчамі, Караль? — Не ный! — адказаў ён. Галасы іх прагучэлі in blanco, немавед што азначаючы і з невытлумачальным уздзеяннем — мы нат не схамянуліся.

Каля адзінаццатай яны пайшлі спаць узапар са спадарыняй Марыяй, а мы, мужчыны, замітусіліся. Гіпаліт падрыхтаваў лапаты, мех, вяроўкі, Фрыдэрык на ўсякі выпадак агледзеў зброю, мы з Вацлавам здзейснілі інспекцыю на падворку. Вокны дому пагаслі, апрача аднаго на другім паверсе — Семянавага — што біла праз фіранку бледай смугой святла і трывогі, трывогі і святла. Як гэта магло быць, як у яго так шпарка адвага адмянілася ў страх? Што сталася з гэтым чалавекам, што так вокамгненна надламіўся? З правадыра адмяніцца ў палахліўца? Калі ласка! Калі ласка! Што за прыгода! Знянацку дом здаўся мне напоўненым дзвюма адрознымі магчымасцямі шаленства, з Семянам на другім паверсе, з Фрыдэрыкам на першым (вёў сваю гульню з прыродай)... абодва яны былі нейкім чынам прыпёртыя да сцяны, даведзеныя да апошняга. Вярнуўшыся дадому, я ледзь гучна не рассмяяўся, убачыўшы Гіпаліта, які аглядаў два кухонныя нажы і церабіў іх за лязо. Божа! Гэты файны таўстун, ператвораны ў забойцу і гатовы зарэзаць, быў, як з фарсу — і раптам тандэт нашай добрапрыстойнасці, упакаванай у забойства і такой недалужнай, зрабіў з гэтага прадстаўленне, выконванае групай аматараў і больш забаўнае, чымся пагрозлівае. Зрэшты, гэта рабілася на ўсякі выпадак, не мела вызначальнага характару. І адначасна бліск нажа ўразіў, як нешта незваротнае: ужо жэрабя кінена, ужо з’явіўся нож!

Юзек!... і вочы Фрыдэрыка, утаропленыя ў нож, не дазвалялі сумнявацца, што ён пра гэта думае. Юзек... Нож... Ідэнтычны з гэным нажом, ад спадарыні Амэліі, такі ж самы амаль, і вось гэта паміж нас — ах, гэты нож паклікаўся да таго злачынства, выклікаў яго, быў як бы яго паўтарэннем a priori ўжо тут, ужо цяпер, падвешаны ў паветры — дзіўная як найменш аналогія, знамянальнае паўтарэнне. Нож. Вацлаў таксама прыглядаўся да яго з напругаю — і так гэтыя два розумы, Фрыдэрык і Вацлаў, дапалі да гэтага нажа і ўжо працавалі над ім. Яны былі, аднак, на службе, у дзеянні — пакінулі гэта ў сабе — і мы надалей аддаваліся практыкаванням і чаканню.

Работа, якую трэба было адрабіць — але як жа мы ўжо былі змораныя, змучаныя меладрамай Гісторыі, як мы прагнулі спатолі! Пасля поўначы Гіпаліт выбраўся паціху на сустрэчу з акоўцамі. Вацлаў пайшоў наверх пільнаваць дзверы Семяна — я застаўся ўнізе з Фрыдэрыкам, і ніколі сядзенне сам–насам з ім не прыгнятала мяне такім цяжарам. Я ведаў, што ён мае нешта сказаць — але гаварыць было нам забаронена — таму ён маўчаў — і, хоць нікога не было і ніхто не мог падслухаць, мы паводзілі сябе, як чужыя людзі, а гэтая асцярожнасць якраз і выклікала з нябыту нейкую трэцюю прысутнасць невядомага характару, нешта няўлоўнае і непадаўкое. І яго твар — такі мне блізкі, твар супольніка — а як бы замураваны перада мной... Адзін ля другога мы былі адным ля другога і, нягледзячы ні на што, былі і былі, пакуль не пачулася цяжкая хада і пыхканне Гіпаліта, які вяртаўся. Ён быў адзін. Што здарылася? Ускладненне! Нешта абрынулася. Нешта зблыталася. Пярэпалах. Тыя, якія павінны былі з’явіцца, не прыехалі, прыбыў нехта іншы і ўжо ад’ехаў. А што да Семяна — сказаў Гіп — то...

— Нічога не паробіш, нам гэта давядзецца самім учыніць. Яны не могуць, мусяць уцякаць. Такі загад.

Што?! Але са словаў Гіпаліта на нас напіраў прымус, наказ, ні пад якім выглядам яго нельга адпусціць, асабліва цяпер, ад гэтага залежыць кон шмат якіх людзей, нельга рызыкаваць, ёсць загад, не, не на паперы, не было часу, увогуле, няма часу, годзе балбатаць, трэба зрабіць! Нам было даручана! Так выглядаў гэты загад, брутальны, панічны, народжаны ў блізіні з невядомым нам напружаннем. Паставіць яго пад сумнеў? Гэта б перанесла на нас адказнасць за ўсе наследкі, а яны маглі быць катастрафічнымі, бо па такія экстраардынарныя сродкі не сягалі б без прычыны. І супраціў з нашага боку мог быць успрыняты як жаданне выкруціцца — таму мы дамагаліся ад сябе поўнай гатовасці. Загэтым ніхто нікому не мог дазволіць нават бачнасці слабасці, і каб жа Гіпаліт адразу завёў нас да Семяна, праўдападобна, мы б учынілі гэта якга. Але гэтае неспадзяванае ўскладненне давала нам зачапку адкласці дзеянні да наступнай ночы, адылі трэба было размеркаваць ролі, падрыхтаваць, забяспечыць... і стала ясна, што калі можна адкласці, то трэба адкласці... дык жа мне даручылі пільнаваць дзверы Семяна да світання, пасля чаго мяне меў адмяніць Вацлаў, і мы на развітанне сказалі адзін адному «дабранач», паколькі ўсё ж былі людзьмі добра ўзгадаванымі. Гіпаліт аддаліўся ў спальню, забраўшы лямпу, а мы яшчэ затрымаліся на хвіліну ля сходаў, што вялі на другі паверх, калі нейчая постаць пракінулася ў цёмнай анфіладзе пакояў. У Вацлава быў ліхтарык, ён выпусціў слуп святла. Караль. У кашулі.

— Дзе ты быў? Што ты робіш уначы? — крыкнуў цішком Вацлаў, не могучы даць рады нервам.

— Я быў у купальні.

Гэта магло быць праўдай. Так, безумоўна. Вацлаў бы не выдаў неўспадзеўкі такога пранізлівага енку, каб жа не тое, што ён вылавіў Караля святлом свайго ўласнага ліхтарыка. А вылавіўшы, заенчыў гучна, амаль непрыстойна. Сшакаваў нас гэтым енкам. Не менш сшакаваў надта грубы і задзірлівы тон Караля.

— Чаго Ваша хочаш?

Ён быў гатовы да бойкі. Жаніх суздром загасіў ліхтарык. — Надзвычай перапрашаю — пачулі мы ў цемрадзі. — Я толькі так, спытаўся.

І адышоў борзда, упоцемку.

Мне не патрабавалася выхінацца з майго пакоя, каб сцерагчы Семяна — мы жыхарылі праз сцяну. У яго было ціха, але лямпы ён не гасіў. Мне не рупіла класціся з асцярогі, што засну, я сеў ля стала, і яшчэ пульсаваў у маёй галаве рытм разагнанай хады падзеяў, з якім я не мог даць сабе рады — паколькі над матэрыяльным патокам фактаў узносілася містычная сфера акцэнтаў і значэнняў, як сонечны бліск над водным вірам. З гадзіну я так сядзеў, углядаючыся ў зіхоткую плынь, і зацеміў наканец паперу, якая мяне чакала, уціснутая ў шчыліну дзвярэў.

«A propos, што да апошняга сутыкнення В–К. Як стрэліла злосць. К. з ім біўся б.
Яны ўжо ведаюць, што ён іх бачыў. Гэта ад таго.
Яны ўжо ведаюць, бо я ім сказаў. Сказаў, што Ваша мне сказаў, што Вацлаў Вашу сказаў — што выпадкова ўбачыў гэта на востраве. Што ўгледзеў іх (не мяне), шпацыруючы па сцежцы, выпадкам.
Як лёгка здагадацца, яны засмяяліся, г.зн. засмяяліся супольна, бо я ні стуль ні ссюль сказаў ім абаім, і яны, будучы разам, мусілі засмяяцца... бо яны разам і да таго ж ля мяне! Цяпер яны ўжо ЗАФІКСАВАНЫЯ як смехатлівыя мучыцелі В. Гэта значыць настолькі, наколькі яны разам, у пары, як пара — бо Ваша бачыў падчас вячэры, яна, як яна толькі, г.зн. паасобку, усё ж застаецца вернай свайму жаніху. Але ўдваіх смяецца з яго.
А цяпер НОЖ:
Гэты нож стварае лучнасць С (Семян) — С1 (Скузяк).
З чаго далей (СС1) — В. праз А, праз забойства Амэліі.
Што за хімія! Як усё сыходзіцца! Гэта яшчэ невыразныя спалучэнні, але ўжо відаць, што існуе СХІЛЬНАСЦЬ у гэтым кірунку... І падумаць толькі, я не ведаў, што рабіць з гэтым Скузякам — а тут ён цяпер сам валодае гэтым НАЖОМ. Але асцярожна. Каб не ўпудзіць! Не трэба фарсаваць... не трэба навязвацца, плывема па цячэнні як нічога ніякага, і толькі выкарыстоўваючы кожную магчымасць, каб наблізіцца да нашай мэты.
Трэба паўдзельнічаць у падпольнай дзейнасці Гіпа. Не афішуючы, што наша падпольная дзейнасць іншая. Ваша паводзь сябе, бы Ваша ўдзельнічаеш у нацыянальнай барацьбе, у АК, бы Ваша заклапочаны дылемай Польшча–Нямеччына, бы йдзецца пра гэта... калі насамрэч нам рымсціць, каб
ГЕНЯ З КАРАЛЕМ
Але гэтага нельга раскрываць. Гэтага не трэба афішаваць ні перад кім. Аб гэтым ні мур–мур. Нікому. Нават сабе. Не трэба гэта падсоўваць — прапаноўваць. Ціха! Хай само робіцца...
Патрабуецца адвага і настойлівасць, бо нам давядзецца паціху настаяць на сваім, нават калі б гэта выглядала на юрлівае свінства. Свінства перастане быць свінствам, калі мы будзем стаяць на ім! Мы мусім пасоўвацца наперад, бо, калі будзем патураць, свінства нас затопіць. Не дай Ваша сябе ачмурыць — выкрыць! Назад няма дарогі.
Бывай. Усяго найлепшага. Спалі гэта».

«Спалі гэта» — загадаў ён. Але ўжо было напісана. «НАМ РЫМСЦІЦЬ, КАБ ГЕНЯ З КАРАЛЕМ»... Да каго гэта было скіравана? Да мяне? Ці да Яе, да прыроды?

Нехта загрукаў у дзверы.

— Калі ласка.

Увайшоў Вацлаў.

— Ці магу я пагаманіць з Вашам?

Я саступіў яму крэсла, на якім сядзеў сам. Сеў на ложку.

— Вельмі перапрашаю, ведаю, што Ваша замарыўся. Але акурат хвіліну таму я пераканаўся, што не змагу вачэй заплюшчыць, пакуль не пагавару з Вашам. Інакш, чымся дагэтуль. Больш шчыра. Спадзяюся, што Ваша не паставіш мне гэта ў віну. Ваша здагадваешся, пра што ход. Пра... пра гэта на востраве.

— Я б няшмат мог Вашу...

— Я ведаю. Даруй, калі ласка, што я перарваў. Ведаю, што Ваша нічога не ведаеш. Але хачу ведаць, што Ваша думаеш. Не магу даць сабе рады са сваімі думкамі. Што Ваша аб гэтым думаеш? Што Ваша — думаеш?

— Я? Што ж я магу думаць? Я толькі паказаў гэта Вашу, уважаючы за свой аба...

— Безумоўна. Я вельмі абавязаны. Сапраўды, не ведаю, як дзякаваць. А я хацеў бы пазнаёміцца з Вашым пунктам гледжання. Можа, спярша я прадстаўлю свой пункт гледжання. Паводле мяне, у гэтым нічога няма. Так, нічога важнага — бо яны знаёмыя змалку і... У гэтым болей дурноты, чымся... У гэткім узросце, зрэшты. Безумоўна, некалькі гадоў таму нешта там паміж імі... было... можа, такое напаўдзіцячае, ведаеш, Ваша, прычапкі і залёты, і гэта набыло троху спецыфічную форму — дзівосную, так? І цяпер яны часам вяртаюцца да гэтага. Такая пачатковая пачуццёвасць пары даспявання. А таксама я дапушчаю пэўны аптычны падман, бо мы пазіралі здалёк, з–за кустоў. Я не магу сумнявацца ў пачуццях Гені. Не маю права. Не маю падставы. Я ведаю, што яна мяне кахае. Я б мог агулам параўнаць нашае каханне з такім... дзяцінствам. Бессэнсоўным!

Цела! Ён сядзеў проста перада мной. Цела! Ён быў у шлафроку — быў са сваім укормленым, пешчаным, друзлым і бялявым, туалетным і шлафрочным целам! Сядзеў з гэтым целам, як з валізкай ці нават з несэсэрам. Цела! Я, раз’ятраны целам і дзеля гэтага цялесны, прыглядаўся здзекліва і здзекаваўся напоўніцу, амаль свішчучы. Ні каліва літасці. Цела!

— Ваша можаш мне верыць або можаш не верыць, але насамрэч я б не браў гэтага да галавы... Толькі... адна рэч мне не дае спакою. І не ведаю, можа, гэта аблуда... Таму я хацеў бы папытацца. Наперад перапрашаю, калі гэта будзе троху... фантастычным. Прызнаюся, што нават не ведаю, як сказаць. Тое, што яны рабілі... ведаеш, Ваша, яны ўпалі так неспадзявана, пасля ўсталі... Ваша згаджаешся, што гэта было... досыць своеасабліва... Гэта так не робіцца!

Ён замаўчаў і праглынуў асцу, і засаромеўся, што праглынуў.

— Такое ў Вашы было ўражанне?

— Гэта не адбывалася нармальна. Ведаеш, Ваша, каб жа яны цалаваліся — але звычайна... каб жа ён, скажам, паваліў яе — звычайна. Каб жа нават ён звычайна паняў яе на маіх вачах. Усё гэта мяне менш бы... збянтэжыла, чымся гэтая... дзіўнасць... дзіўнасць гэтых рухаў...

Ён узяў мяне за руку. Зірнуў у вочы. Я знямеў з агіды. І ўзненавідзеў.

— Прашу мне шчыра сказаць, ці маю я рацыю? А, можа я ўбачыў гэтага так, як трэба? Можа, дзівацтва ўва мне? Сам не ведаю. Прашу сказаць!

Цела!

Рупна хаваючы легкадумную, але бязлітасную зласлівасць, я сказаў — практычна нічога — але гэтае «нічога» даліла алею ў агонь: — Каб жа знаццё... Сапраўды... Можа, у пэўнай ступені...

— Але я не ведаю, якую гэтаму надаць вагу?! Ці гэта істотна? І наколькі? Наўперад мне Ваша скажы: ці Ваша не мяркуеш, што яна і ён?..

— Што?

— Перапрашаю! Я маю на ўвазе sex–appeal. Тое, што мы называем sex–appeal. Калі я ўпершыню пабачыў іх разам... гэта было год таму... мне адразу кінулася ў вочы. Sex–appeal. Поцяг. Сэксуальны поцяг. Ён і яна. Але тады я яшчэ спаважна не думаў аб Гені. А потым, калі яна абудзіла ўва мне пачуццё, гэта перасунулася на другі план, пазбылася ўзглядам майго пачуцця значэння, і я перастаў звяртаць увагу. Яны ўсё ж дзеці! Адно цяпер...

Ён уздыхнуў.

— Цяпер я баюся, што гэта, можа, — горшае за ўсё, што я быў бы ў стане сабе ўявіць.

Ён устаў.

— Кінуліся на зямлю... не так, як павінны былі б кінуцца. І адразу ўсталі — таксама не так. І адышлі таксама не так... Што гэта такое? Што гэта значыць? Гэта так не робіцца!

Ён сеў.

— Што? Што? У чым гэта палягае?

Зірнуў.

— Як ад гэтага выгінаецца мая фантазія? Скажы, Ваша! Скажы, Ваша, хоць нешта наапошку! Не пакідай мяне, Ваша, сам–насам з гэтым! — Ён бледа ўсміхнуўся. — Даруй, калі ласка.

Вось і гэты шукаў маёй спагады і жадаў «не быць з гэтым сам–насам» — сапраўды, я меў поспех. Але, у адваротнасць ад Фрыдэрыка, ён маліўся, каб ягоны шал не пацвердзіўся, і з біццём сэрца чакаў, што я запярэчу, спіхнуўшы ўсё ў сферу хімер. Ад мяне залежала — ці супакоіць яго... Цела! Каб жа ж ён прамаўляў да мяне толькі як душа! Але цела! І гэтая мая лёгкасць! І для таго, каб яго навечна ўрынуць у пекла, не патрабавалася намагання, досыць было, як і ўперад, прабурчэць некалькі невыразных словаў: «Мушу прызнаць... Мабыць... Мне цяжка сказаць... Можа быць...». Я сказаў. Ён адцяў:

— Яна кахае мяне, і я ведаю напэўна, што яна мяне кахае, яна мяне кахае!

Нягледзячы на ўсё, ён бараніўся.

— Кахае? Не сумняюся. Але ці Ваша не ўважаеш, што паміж імі любосць лішняя. Любосць патрэбная ёй з Вашам, а не з ім.

Цела!

Ён доўга нічога не гаварыў. Ціхутка сядзеў. Я таксама сядзеў і маўчаў. Нас ахапіла цішыня. Фрыдэрык? Ці спаў ён? А Семян? А Юзек у спіжарні? Што з ім? Ці ён спіць? Дом быў, бы запрэжаны ў шмат коней, кожны з якіх імкнуўся ў іншы бок.

Ён канфузліва ўсміхнуўся.

— Гэта сапраўды прыкра — гукнуў. — Нядаўна я пазбыўся маці. А цяпер...

Здумеўся.

— Я насамрэч не ведаю, як перапрасіць за гэтае ночнае ўварванне. Мне было сам–насам — немагчыма. Я хачу Вашу яшчэ нешта сказаць, калі Ваша дазволіш. Мне карціць выказаць гэта. Тое, што я скажу, будзе... такім. Паслухай, Ваша. Мяне самога напару дзівіць, што яна... нешта мае да мяне. Калі ўзяць маё пачуццё — гэта іншае. Я маю да яе тое, што маю, бо яна створаная для любосці, існуе для любосці, каб яе кахалі. Што, аднак, яна магла пакахаць ува мне? Маё пачуццё, маю любосць да яе? Не, не толькі, яна і мяне самога таксама кахае — але чаму? Але што яна кахае ўва мне? Ваша ж бачыш, якім я ёсць. Не маю ілюзіяў, я не надта падабаюся сабе і, дадушы, не ведаю, не магу зразумець, што яна такое ўгледзела ўва мне, і нават, прызнаюся, гэта мяне гняце, калі б я меўся ў нечым яе ўпікнуць, то якраз, што яна мяне... прымае так ласкава. Ці верыш, Ваша, што ў імгненне найпалчэйшага экстазу я стаўлю ёй у віну якраз гэты экстаз, тое, што яна са мной яму аддаецца? І я ніколі не мог пачувацца з ёй свабодна, заўсёды для мяне гэта была нейкая ласка, саступка, прызначаная мне, мне даводзілася нават наважвацца на цынізм, каб выкарыстаць гэтую «льготу», гэткую зычлівую прыхільнасць прыроды. Добра. Разам з гэтым усім, аднак, — яна мяне кахае. Гэта факт. Незаслужана або заслужана, апраўдана або неапраўдана, яна мяне кахае.

— Кахае. Безумоўна.

— Чакай, Ваша! Я ведаю, што Ваша хочаш сказаць: што гэта не стасуецца з любосцю, што гэта з іншай галіны. Праўда! У выніку якраз гэтага здарэнне, сведкам якога я быў, ёсць... амаральным і варварскім, выключна вышуканым у сваёй зламыснасці — ажно цяжка зразумець, якім д’ябальскім цудам гэта магло стацца. Каб жа яна зраджвала мяне з іншым мужчынам...

— Мая нявеста бэсціцца з кімсьці такім — гукнуў ён раптам іншым тонам і зірнуў на мяне. — Што гэта значыць? І як я магу бараніцца? Што мне рабіць?

— Бэсціцца з кімсьці, апрача... — дадаў ён, — і дзіўным чынам... выключным... нечуваным... які мяне закранае, пранікае, ведаеш, Ваша, бо я адчуваю гэты смак, улоўліваю гэта... Ці паверыш, Ваша, што я на подзе таго ўзору, што мы аглядалі, мысліцельна рэканструяваў усё, што магчыма паміж імі, усё іхнае хаўрусаванне. І гэта так... эратычна геніяльна, што я не ведаю, як ім гэта лучыла да галавы! Гэта, як са сну! Хто гэта прыдумаў? Ён ці яна? Калі яна — то гэта артыстка!

Праз імгненне.

— І ведаеш, Ваша, што мне здаецца? Што яна яму не аддалася. І што гэта больш жудасна, чымся калі б яны спалі разам. Такая думка — поўнае трызненне, ці не праўда? І ўсё ж! Бо, каб жа яна аддалася, я мог бы бараніцца, а так... не магу... і магчыма, што яна, не аддаючыся яму, яшчэ больш становіцца яго. Бо ўсё гэта паміж імі адбываецца інакш, інакш! Гэта іншае! Гэта іншае!

Га! Аб адным ён не ведаў. Тое, што ён убачыў на востраве, дзеялася дзеля Фрыдэрыка і праз Фрыдэрыка — было своеасаблівым гібрыдам, народжаным імі з Фрыдэрыкам. І якая асалода — трымаць яго ў няведанні, без паняцця, што я, яго давераная асоба, на тым баку, са стыхіяй, якая яго нішчыць. Дарма што гэта не была мая стыхія (замаладая). Дарма што я быў ягоным сябрам, не іх — і, руйнуючы яго, па сутнасці, руйнаваў сябе. Але — дзівосная лёгкасць.

— Гэта з–за вайны, — сказаў ён. — Гэта з–за вайны. Але чаму я мушу весці вайну са шчанюкамі? Адзін мне забіў маці, а другі... Гэта зашмат, трошку зашмат. Гэта ўжо надмернасць. Ваша хочаш ведаць, як я сябе павяду?

Паколькі я не адказаў, ён паўтарыў з націскам.

— Ваша хочаш ведаць, як я буду весці сябе?

— Слухаю. Кажы, Ваша.

— Я не саступлю ні на цалю.

— Ага!

— Я не дазволю яе звесці — ні каб мяне звялі.

— Што Ваша пад гэтым разумееш?

— Я ўзумею настаяць на сваім і сваё зберагчы. Я яе кахаю. Яна мяне кахае. Толькі гэта важна. Усё засталае павінна саступіць, усё засталае павінна не мець значэння, бо так хачу я. Я ўзумею хацець гэта. Ваша ведаеш, я фактычна не веру ў Бога. Мая маці была веруючая, я не. Але я хачу, каб Бог існаваў. Хачу — гэта больш важна, чымся калі б я толькі быў перакананы ў яго існаванні. У гэткім выпадку я таксама ўзумею хацець і ўтрымаю сваю праўду, сваю маральнасць. Я заклічу Геню да парадку. Дагэтуль я з ёй не размаўляў, але заўтра адразу мы пагаворым, і я заклічу яе да парадку.

— Што Ваша ёй скажаш?

— Я паводжу сябе прыстойна і яе прымушу да прыстойнасці. Я паводжу сябе паважліва — я паважаю яе і прымушу, каб яна і мяне шанавала. Пастаўлюся да яе так, што яна не зможа адмовіць мне ў сваім пачуцці і ў сваёй вернасці. Я веру, што павага, пашана, Ваша ведаеш — абавязваюць. І ўзглядам гэтага маладзёна таксама павяду сябе як след. Цяпер, апошнім часам, ён мяне троху вывеў з раўнавагі — гэтага не паўторыцца.

— Ваша хочаш паводзіць сябе ... спаважна?

— З вуснаў маіх Ваша гэта выхапіў! Спаважна. Я іх — заклічу да павагі.

— Так, але «павага» паходзіць з «вагі». Спаважны — гэта той, хто займаецца тым, што найважнейшае. Што ж, аднак, найважнейшае? Для Вашы найважнейшым можа быць адно, для іх — другое. Кожны выбірае паводле ўласнага меркавання — і пад свае сілы.

— Як гэта? Я спаважны, не яны. Як яны могуць быць спаважнымі, калі гэта дзяцінства — глум — дурноцце. Ідыятызм!

— А калі — для іх — дзяцінства важнейшае?

— Што? Для іх важнейшым мусіць быць тое, што для мяне важнае. Што яны ведаюць? Я ведаю лепей! Я іх прымушу! Ваша не запярэчыш, што я ўсё–ткі важнейшы за іх, і мая праўда мусіць быць вызначальнай.

— Адразу. Я меркаваў, што Ваша ўважаеш сябе за спаважнейшага з увагі на свае прынцыпы... але цяпер выглядае на тое, што Вашацевы прынцыпы важнейшыя, паколькі Ваша сам важнейшы. Асабіста. Як асоба. Як стальшы.

— Не кіем, дык палкаю — адной паганялкаю! — крыкнуў ён.

— Гэта адно і тое ж! Надзвычай выбачаюся. Гэтыя шчыраванні ў такую познюю гадзіну! Надзвычай дзякую.

Ён выйшаў. Мне карцела смяяцца. Вось табе і гацаца! Праглынуў кручок — і папаўся, як рыба!

Якую штуку выкінула перад ім гэтая парачка!

— Пакутаваў? Пакутаваў? Ну так, пакутаваў, але гэта былі таўставатыя–змораныя–лысаватыя пакуты...

Чароўнасць была на тым баку. Таму я і быў «на тым баку». Усё, што адтуль — дзівоснае і ... здольнае завабіць... панадлівае... Цела.

Гэты бык, які ўдаваў, што бароніць маральнасць, насамрэч пёрся на іх усім сваім цяжарам. Напіраў на іх сабой. Накідваў гэтую сваю маральнасць толькі з таго прыклёпу, што яна была «ягонай» — цяжэйшай, старэйшай, больш развітай... маральнасцю мужчыны. Накідваў сілком!

От мне вялікая наўда гэты бык! Я не мог яго цярпець. Толькі... ці не быў я сам як ён? Я — мужчына... Пра гэта я думаў, калі зноў пачуўся грукат у дзверы. Я быў упэўнены, што вярнуўся Вацлаў — а гэта быў Семян! Я раскашляўся яму ў твар — гэтага я не чакаў!

— Выбачай, Ваша, што я непакою, але я пачуў галасы і ведаў, што Ваша не спіш. Ці мог бы я папрасіць шклянку вады?

Ён піў павольна, дробнымі каўткамі, не пазіраючы на мяне. Без гальштука, з расшпіленай кашуляй і пакамечаны — валасы былі ў яго напамаджаныя, але стаялі стаўма, і штохвіліну ён перабіраў у іх пальцамі. Выпіў шклянку, але не выходзіў. Стаяў і перабіраў у валасах.

— Якая гэта арабеска! — прабурчэў ён. — Веры не дасі!.. Стаяў здалёку, быццам мяне не было. Я наўмысля не адгукаўся. Ён гукнуў напаўголасу, не да мяне.

— Мне патрабуецца дапамога.

— Чым я магу Вашу служыць?

— Ваша ведаеш, што я перажыў поўнае псіхічнае знясіленне? — ён папытаўся абыякава, быццам гаворка ішла не пра яго.

— Прызнаюся... Не разумею...

— Ваша, аднак, мусіш быць au courant, — рассмяяўся ён. — Ваша ведаеш, хто я такі. І што я знясілеў.

Ён расчэсваў валасы і чакаў майго адказу. Мог чакаць бясконца, паколькі задумаўся ці, хутчэй, быў засяроджаны на нейкай думцы, хаця не думаў. Я наважыў даведацца, чаго ён хоча — адказаў, што я сапраўды аu courant...

— Ваша чалавек сімпатычны... Я там, побач больш ужо не мог... у ізаляцыі... — паказаў пальцам на свой пакой. — Як бы гэта выразіць? Я наважыўся, што звярнуся да некага. Наважыўся, што звярнуся да Вашы. Можа, таму, што Ваша сімпатычны, а можа, таму, што праз сцяну... Больш я не магу быць там. Не магу й гамон! Калі Ваша дазволіш, я адпачну.

Ён сеў, рукі яго былі, не раўнуючы, як пасля хваробы — асцярожныя, быццам ён поўніцай не валодаў рукамі–нагамі і мусіў наперад абдумваць кожнае пасоўванне.

— Я прасіў бы паінфармаваць, — гукнуў ён, — ці ладзіцца тут нешта супраць мяне?

— Нашто? — спытаўся я.

Ён наважыў рассмяяцца, а пасля сказаў: — Выбачай, Ваша, я б хацеў адкрыта... але спярша мушу вытлумачыць, у якасці каго я тут з’явіўся перад шаноўным Вашацем. Мне давядзецца троху выкласці сваё жыццё. Калі ласка, паслухай ласкава. Ваша, зрэшты, мусіш шмат пра мяне ведаць па чутках. Ваша чуў пра мне, як аб смелым чалавеку, небяспечным, можна сказаць... Ну так... Але цяпер, нядаўна, на мяне напала гэта... Зажурыўся, ведаеш, Ваша. Міжвольная слабасць. Тыдзень таму. Сядзеў, ведаеш, Ваша, край лямпы, і раптам мне ў галаву прыходзіць такое пытанне: чаму ў цябе дагэтуль не пакаўзнулася нага? А калі заўтра пакаўзнецца і ты прападзеш?

— Гэта, відаць, не аднойчы насоўвалася Вашу.

— Натуральна! Не аднойчы! Але гэтым разам на гэтым не скончылася — бо мне адразу прыйшла ў галаву другая думка, такая, што я не павінен так думаць, бо гэта можа мяне размякчыць, раскрыць, халера бяры, паддаць небяспецы. Я падумаў, што валей аб гэтым так не думаць. Але як толькі я так падумаў, я ўжо не мог адкаснуцца ад гэтай думкі, і яна завалодала мной, і цяпер мне наўсцяж даводзіцца думаць, што ў мяне паслізнецца нага і што я не павінен аб гэтым думаць, бо ў мяне паслізнецца нага, і так ізноў. Ваша! Завалодала мной!

— Нервы.

— Гэта не нервы. Ваша ведаеш, што? Гэта ператварэнне. Ператварэнне смеласці ў страх. Гэтаму не дасі рады.

Ён запаліў цыгарэту. Зацягнуўся, зрабіў выдых. — Ведаеш, яшчэ тры тыдні таму я меў перад сабой мэту, заданне, меў барацьбу, той ці іншы аб’ект... Цяпер не маю нічога. Усё з мяне спала, як, даруй, споднікі. Цяпер я толькі думаю, каб са мной нечага не здарылася. І я маю рацыю. Той, хто баіцца за сябе, заўсёды мае рацыю! Найгоршае ў тым, што я маю рацыю, адно цяпер маю рацыю! Але чаго вы хочаце ад мяне? Я ўжо пяты дзень тут сяджу. Прашу коней — не даюць. Трымаеце мяне, бы ў вязніцы. Што вы хочаце са мной зрабіць? Я ў гэтым пакойчыку наверсе звіхнуся... Што вы хочаце?

— Супакойся, Ваша. Гэта ад нерваў.

— Хочаце мяне загубіць?

— Ваша памыляешся.

— Я не такі дурны. Я падвёў... Здарылася няшчасце, што прагаварыўся ім аб сваім страху, яны ўжо ведаюць. Пакуль я не баяўся, яны мяне баяліся. Цяпер, калі я баюся, я стаў небяспечным. Я гэта разумею. Да мяне нельга мець даверу. Але я звяртаюся да Вашы, як да чалавека. Я прыняў такое рашэнне: каб устаць, прыйсці да Вашы і пагаварыць наўпрост. Гэта мой апошні шанец. Я прыйшоў проста да Вашы, бо чалавек у маім палажэнні не мае іншага шляху. Паслухай, Ваша, гэта заганнае кола. Вы баіцёся мяне, бо я баюся вас, я вас баюся, бо вы баіцёся мяне. Я не магу выбрацца з гэтага інакш, як толькі наўскач, і таму ні стуль ні ссюль я ўварваўся да Вашы ўночы, хоць мы незнаёмыя... Ваша інтэлігентны чалавек, пісьменнік, зразумей, падай мне руку, каб я з гэтага выбраўся.

— Што мне трэба зрабіць?

— Хай мне дазволяць ад’ехаць. Адчапіцца. Я толькі аб гэтым мару. Каб адчапіцца. Адкаснуцца. Я б пайшоў пешшу — але вы гатовы мяне дзе–небудзь на полі падпільнаваць і... Намоў іх, Ваша, каб мне дазволілі ад’ехаць, што я нікому ўжо нічога не зраблю, што мне прыелася, што я ўжо не магу. Я хачу быць — спакойны. Так і разыдземся, не ствараючы цяжкасцяў. Зрабі гэта, Ваша, я прашу Вашу, бо, Ваша, ведаеш, не магу... Або памажы мне ўцячы. Я звяртаюся да Вашы, бо ж не магу быць адзін супраць усіх, як выгнаннік, падай мне, Ваша, руку, не пакідай мяне так. Мы незнаёмыя, але я выбраў Вашу. Я прыйшоў да Вашы. Чаму вы мяне хочаце пераследаваць, калі я ўжо абясшкоджаны — і бывай. Скончылася.

Нечаканая заміна ў выглядзе гэтага чалавека, які пачаў трэсціся... што яму сказаць? Я яшчэ не астыў ад Вацлава, а тут перада мной чалавек ванітуе — до, до, до! — і моліць аб літасці. Я ўбачыў усю фатальнасць праблемы як у кроплі вады: я не мог адштурхнуць яго, бо цяпер ягоная смерць надзяліла яго трапяткім перада мной жыццём. Ён прыйшоў да мяне, стаў блізкім і ў выніку гэтага агромністым, жыццё яго і смерць нагрувасціліся цяпер перада мной небасяжна. І заразом з’яўленне яго вярнула мяне — абстрагуючы ад Вацлава — на службу, у нашую акцыю пад кіраўніцтвам Гіпаліта, і ён, Семян, станавіўся толькі аб’ектам нашай дзейнасці... і, як аб’ект, быў вымкнены навонкі, выключаны з нас, і я не мог ні прызнаць яго, ні паразумецца з ім, ні нават гаварыць з ім шчыра, мне даводзілася захоўваць дыстанцыю і, не даючы выканаць да сябе манеўр, ажыццявіць сваю палітыку... таму праз хвіліну дух устаў на дыбкі, бы конь перад непераадольнай перашкодай... бо ён мяне заклікаў да чалавечнасці і набліжаўся да мяне, як да чалавека, а мне нельга было ўбачыць у ім чалавека. Які адказ я павінен яму даць? Найважней адно — не дапусціць яго да сябе, не дазволіць, каб ён пранік у мяне! — Цяпер, — сказаў я, — вайна. Краіна акупавана. У такіх варунках дэзертырства — гэта раскоша, якой мы не можам сабе дазволіць. Адзін аднаго мусіць пільнаваць. Ваша гэта ведаеш.

— Значыцца... Ваша не хочаш са мной... шчыра пагаварыць?

Я пачакаў з хвіліну, быццам любуючыся маўчаннем, якое нас усё больш падзяляла. — У Вашы, — гукнуў ён, — ніколі порткі не спадалі?

Я зноў не адказаў, павялічваючы дыстанцыю. — У мяне, — ён цярпліва гукнуў — усё гэта спала — я без гэтага. Пагаворым без цырымоніяў. Калі я прыйшоў да Вашы ўночы, як незнаёмага, пагаварэма без усяго гэтага, хочаш, Ваша?

Ён змоўк і чакаў, што скажу я. Я нічога не сказаў.

— Усё роўна, як Ваша ставішся да мяне, — дадаў ён артыстычна. — Але я выбраў Вашу — маім збаўцам або забойцам. Што Вашу больш даспадобы?

Тады я ўжыў да яго выяўную ману — выяўную як для мяне, так і для яго — і гэтым канчальна выкінуў яго з нашага кола: — Мне нічога невядома, каб Вашу нешта пагражала. Гэта надмернасць. Нервы.

Гэта яго прыбіла. Ён не адказаў нічога — але не рухаўся, не адыходзіў, заставаўся... пасіўны. Я быццам пазбавіў яго магчымасці адыходу. І я падумаў, што так можа доўжыцца гадзінамі, ён не зварухнецца, нашто яму рухацца — застанецца... цяжарам нада мной. Я не ведаў, што з ім рабіць — і ён не мог мне ў гэтым памагчы, бо я яго адштурхнуў, адрынуў, і без яго апынуўся перад ім — адзін... быццам меў яго ў руцэ. І паміж мной і ім не было нічога, апрача абыякавасці, халоднага непрыняцця, гідкасці, ён быў мне чужым, быў мне агідным. Сабака, конь, курыца, нават чарвяк былі мне больш сімпатычнымі, чымся гэты мужчына ўжо ў гадах, пакамечаны, з напісанай на сабе ўсёй сваёй гісторыяй — мужчына не зносіць мужчыны! Нічога болей не гідзіць мужчыны, чымся другі мужчына — гаворка, рэч ясная, ідзе аб сталых мужчынах з напісанай на твары гісторыяй. Ён не прыцягваў мяне, не! Ён не быў у стане прывабіць мяне сабой. Не мог убіцца ў ласку. Не мог падабацца! Адштурхоўваў мяне не толькі сваёй духоўнай існасцю, але і цялеснай, як і Вацлаў, яшчэ больш — адштурхоўваў мяне, як і я яго адштурхоўваў, і мы сутыкнуліся рагамі, як два старыя туры — і тое, што я яму таксама быў гідкі ў пакамечанасці сваёй, яшчэ больш узмацняла маю агіду. Вацлаў — а цяпер ён — абодва брыдкія! І я з імі! Мужчына можа быць зносным для мужчыны толькі як вырачэнне, калі ён выракаецца сябе на карысць нечага — гонару, цноты, нацыі, барацьбы... Але мужчына, будучы толькі мужчынам — што за жудасць!

Але ён мяне абраў. Ён да мяне звярнуўся — і цяпер не адступаў. Быў перада мной. Я кашлянуў, і гэты кашаль паведаміў мне, што сітуацыя станавілася ўсё цяжэйшай. Яго смерць — такая непрывабная — была цяпер за крок перада мной, як нешта непазбежнае.

Пра адно я марыў толькі — каб ён пайшоў. Пасля разбярэмся, найперш хай пойдзе. Чаму я не мог сказаць, што пагаджаюся і акажу дапамогу?! Гэта не звязвала рук, таму што я заўсёды мог перайсці ад гэтага абяцання да падступства і манеўравання — гэта значыць, калі б я наважыўся яго загубіць і раскрыў усё Гіпаліту — пагатоў, для мэтаў нашай акцыі, нашай групы было нават пажадана здабыць яго давер і магчы ім маніпуляваць. Калі я вызначуся, каб яго загубіць... Нешта замінае зманіць чалавеку, якога губіш?

— Паслухай, Ваша. Перадусім — авалодаць сваімі нервамі. Гэта найважнейшае. Прыходзь, Ваша, заўтра на абед. Скажы, што гэта быў нервовы крызіс, які ўжо мінуўся. Што Ваша вяртаешся ў форму. Удавай, Ваша, што ўсё прайшло. Я са свайго боку таксама пагавару з Гіпалітам і пастараюся неяк абладзіць Вашу гэты выезд. А цяпер, Ваша, вяртайся да сябе, сюды можа хтосьці прыйсці...

Кажучы гэта, я не меў панятку, што кажу. Праўда ці мана? Помач ці зрада? Пасля выявіцца — а цяпер хай ён аддаліцца! Ён устаў і выпрастаўся, я не заўважыў у ім ні ценю надзеі, у ім увогуле нічога не здрыганулася, ён не спрабаваў ні дзякаваць, ні, хаця б зіркам, падлабуніцца... наперад ведаючы, што гэта не ўдасца і што яму нічога не застанецца, як толькі быць, быць такім, якім ён ёсць, быць гэтым сваім няўдзячным, нямілым быццём — загуба якога была б усё ж яшчэ гідчэйшай. Ён толькі шантажаваў сваім існаваннем... о, як жа гэта рознілася ад Караля!

Караль!

Пасля яго адыходу я пачаў пісаць ліст Фрыдэрыку. Гэта быў рапарт — я здаваў справу з абодвух гэтых ночных візітаў. І быў гэта дакумент, якім я ўжо выразліва прыступаў да супольнай дзейнасці. Прыступаў на пісьме. Завязваў дыялог.

11.

Назаўтрае Семян з’явіўся на абед.

Я ўстаў позна і зышоў акурат тады, калі сядалі да стала — і тады паказаўся Семян, паголены, напамаджаны і наадэкалонены, з насоўкай, што выступала з кішэні. Гэта было з’яўленне трупа — мы ж яго забівалі без упынку два дні. Адылі труп з грацыяй кавалерыста пацалаваў ручкі гаспадыні і, павітаўшыся з усімі, патлумачыў, што «ўжо пачынае праходзіць нямогласць, якая яго апанавала» і што яму ямчэй — што яму абрыдла кіснуць аднаму наверсе, «калі тутака сабралася ўся сям’я». Гіпаліт уласнаручна падсунуў яму крэсла, адразу ж паставілі посуд, вярнулася, быццам некранутая, наша павага да яго, і ён сеў — такі ж фанабэрысты і гнятлівы, як і ў першы вечар. Далі супу. Ён папрасіў гарэлкі. Гэта мусіла быць не абы–якое намаганне — гаварыць трупу, есці трупу, піць трупу — выдзертае сілай у яго ўсёмагутнага нежадання, здзеянае адно ў сілу страху. «З апетытам яшчэ не зусім, але гэтага супу я пакаштую». «Гарэлкі я б яшчэ каўтнуў, калі можна».

Абед той... змазаны і падшыты сукрытай дынамікай, поўны ўсё большай няўрымслівасці і багаты супярэчлівымі сэнсамі, няясны, быццам тэкст, упісаны ў тэкст... Вацлаў на сваім месцы каля Гені — відаць, ён пагаварыў з ёй і «скарыў павагаю», паколькі абое аказвалі сабе шмат увагі, штохвіліну выражалі сваю замілаванасць, яна высакародная і ён высакародны — такія шляхотныя. Што да Фрыдэрыка — гаваркі, як заўсёды, таварыскі, але выразліва ссунуты на другі план Семянам, які няўзнак заваладарыў... так, больш яшчэ, чымся калі ён з’явіўся ўпершыню, перадалася нам слухмянасць і ўнутранае напружанне ад яго зычэнняў, найдрабнейшых, якія пачыналіся ў ім як просьба і канчаліся ў нас загадам. Я, дазнаны, што гэта галеча яго ад страху ўвасабляецца ў ранейшую, ужо пачэзлую ўладарнасць, пазіраў на гэта як на фарс! Спачатку гэта яшчэ маскавалася дабрадушнасцю крэсавяка–афіцэра, троху казака, троху задзіры — у далейшым, аднак, панурасць пачала вылазіць ў яго ўсімі порамі, панурасць, а таксама гэтая халодная, апатычная абыякавасць, якую я ўжо ўчора ў ім зацеміў. Ён змрачнеў і зацінаўся. І, мабыць, у ім узнікаў нязносны суплёт, калі ад страху ён увасабляўся перад намі ў ранейшага Семяна, якім ён ужо не быў, якога баяўся больш за нас, якому ўжо не мог даць рады — гэнага «небяспечнага», пакліканага загадваць і паслугавацца людзьмі, пакліканага, каб чалавек змярцвіў чалавека. «Я папрасіў бы тую цытрынку» — гэта гучэла пачціва, па–крэсоваму, нават троху па–расейску, але паказвала кіпцюры, было пазначана недзе ў глыбіні непашанай да чужога існавання, і ён, адчуваючы гэта, баяўся, жах яго вырастаў на месцы яго страху. Фрыдэрыку, я ведаў, даводзілася ўбіраць у сябе гэтае адначаснае нарастанне ў адной асобе гневу і жуды. Але гульня Семяна не стала б неўтаймоўнай, каб жа Караль не згуляўся з ім з другога канца стала і не падтрымаў усім сабой яго ўладарнасці.

Караль еў суп, мазаў хлеб маслам — але Семян імгненна завалодаў ім, як і першага разу. Хлапец ізноў меў над сабой пана. Рукі яго сталі жаўнерскімі і спраўнымі. Усё яго недарослае «я» адразу і гладка падпарадкавалася Семяну, падпарадкавалася і аддалася — і калі ён еў, то каб служыць яму, калі мазаў хлеб, то па яго дазволе, і галава яго якга падначалілася сваімі каротка пастрыжанымі валасамі, якія мякка віліся толькі над ілбом. Ён гэта ніяк не выразіў — папросту стаў такім — як змяняецца чалавек у залежнасці ад асвятлення. Семян, можа, не здаў сабе з гэтага справы, але паміж ім і дзецюком адразу ўстанавіўся нейкі кантакт, і морак яго, гэтая непрыязная хмара, напоўненая ўладарнасцю (ужо толькі ўдаванай), пачала шукаць Караля і над ім уздымацца. А гэтаму асіставаў Вацлаў, Вацлаў, што сядзеў поплеч з Геняй, і шляхотны... Вацлаў справядлівы, прагны кахання і цноты... пазіраў ён, як правадыр цьмянее ля дзецюка, дзяцюк — ля правадыра.

Ён мусіў адчуваць — Вацлаў — што гэта абарачаецца супраць той павагі, якую ён бараніў, якая бараніла яго — бо паміж правадыром і дзецюком стварылася не што іншае, як акурат пагарда — пагарда наўперад да смерці. Ці ж дзяцюк не аддаваўся правадыру на страх і рызыку якраз таму, што гэны не баяўся ні памерці, ні забіць — і гэта рабіла яго гаспадаром іншых людзей. А назіркам за такой пагардай да смерці і жыцця ішлі ўсе іншыя магчымыя дэвальвацыі, цэлыя акіяны дэвальвацыі, і хлапечая здольнасць пагарджаць задзіночылася з панурай уладарнай бесцырымоннасцю гэнага — яны сцвярджалі сябе ўзаемна, паколькі не баяліся ні смерці, ні болю, адзін таму, што дзяцюк, другі таму, што правадыр. Справа абвастрылася і павялічылася, паколькі выкліканыя штучна з’явы больш непрадказальныя — а Семян ужо толькі рабіў з сябе правадыра ад страху, для паратунку. І гэты штучны правадыр, увасоблены ў жыццё падлеткам, душыў яго, гнёў, тэрарызаваў. Фрыдэрыку даводзілася ўбіраць у сябе (я ведаў) імклівае ўзмагутненне гэтых трох асобаў. Семяна, Караля, Вацлава, веставалася магчымасць выбуху... калі яна, Геня, спакойна схінулася над талеркай.

Семян еў... каб паказаць, што ён ужо можа есці, як усе... і спрабаваў зачараваць гэтым сваім стэпавым шармам, які ўсё ж быў атручаны яго трупнай сцюжай і які, у Каралю, адразу адмяняўся ў гвалт і ў кроў. Фрыдэрык гэта ўбіраў. Але тады здзеялася, што Караль папрасіў шклянку, і Геня падала яму яе — і, можа, гэты момант, у які шклянка пераходзіла з рук у рукі, быў крыху, крышачку толькі, падоўжаны, магло падацца, што яна спазнілася на долю секунды адарваць сваю руку. Гэта магло быць. Ці было? Гэтая дробязь выцяла Вацлава, як дубцом — ён панік — а Фрыдэрык прабегся па іх позіркам, надзвычай абыякавым.

Прынеслі кампот. Семян змоўк. Сядзеў цяпер усё больш непрыемны, быццам у яго скончылася грэчнасць і быццам ён ужо канчальна адмовіўся падабацца, і быццам вароты жуды адчыніліся перад ім насцеж. Ён быў халодны. Геня пачала бавіцца з відэльцам, і так склалася, што Караль таксама датыкнуўся да відэльца — у сутнасці, не было вядома, ці ён з ім бавіцца, ці толькі датыкнуўся да яго, і магло гэта быць чыста выпадкова, відэлец жа быў у яго пад рукой — аднак Вацлаў зноў знемарасціўся — бо ці было гэта выпадкова? Ах, натуральна, магло быць выпадкова — і такім дробным, што цяжка запрыкмеціць. Але не было таксама выключана... а што калі якраз гэта драбнота ўмагчымляла іх інтрыжку, ах, лёгкая, лёгенькая, такая мікраскапічная, што (дзяўчына) магла аддавацца гэтаму з (дзецюком), не парушаючы сваёй цноты з жаніхом — гэта ж было зусім няўлоўна... І ці ж не гэтая лёгкасць надзіла іх — тым, што найлягчэйшы рух іхнай далані б’е ў Вацлава, як выцень — можа, яны не маглі ўстрымацца ад гэтай забаўкі, якая, будучы блізу нічым, была заразом — у Вацлаву — вусцішным пагромам. Семян з’еў кампот. Калі Караль сапраўды займаўся такім раздражненнем Вацлава, ах, можа няўзнак для сябе самога, то, аднак, гэта ніяк не парушала яго вернасці Семяну, бо ён бавіўся як жаўнер, гатовы на смерць і, адпаведна, легкадумны. Але і гэта было надзелена дзіўнай няўрымслівасцю, якая ўласцівая штучнасці — бо ўсё ж гэтая разыгранка з відэльцам была толькі далейшым працягам тэатру на востраве, гэты флірт паміж імі быў «тэатральны». Загэтым я апынуўся ля гэтага стала паміж дзвюма містыфікацыямі, больш напятымі, чымся ўсё, на што магла б насмеліцца сапраўднасць. Штучны правадыр і штучнае каханне.

Узняліся. Абед скончыўся.

Семян падышоў да Караля.

— Гэй ты... шчанючок... — гукнуў ён.

— Ну што! — адгукнуўся ўсцешаны Караль.

Афіцэр звярнуўся да Гіпаліта бледымі вачыма, непрыемна холадна. — Пагаворым? — прапанаваў ён скрозь зубы.

Я хацеў прысутнічаць пры іх размове, але ён спыніў мяне кароткім: — Ваша — не... Што гэта? Загад? Хіба ён забыўся, як мы ўночы размаўлялі? Але я замірыўся з ягоным зычэннем і застаўся на верандзе, калі ён з Гіпалітам аддаляўся ў сад. Геня была побач з Вацлавам і ўзяла яго рукой за руку, быццам паміж імі нічога не здарылася, яна зноў верная; але й для таго, каб Караль, што стаяў край адчыненых дзвярэй, не паклаў на яе рукі (рука яго на дзвярах — рука яе на Вацлаву). І Вацлаў гукнуў дзевачцы: — Хадзема пройдземся, на што яна адказала, як рэха: — Хадзема. Яны пайшлі па алеі, а Караль застаўся, як неўгамаваны і няўлоўны жарт... Фрыдэрык, сочачы позіркам за заручанымі і Каралем, прабурчэў: — Кпіны! Адказам яму нязначная ўсмешка мая... для яго толькі.

Пасля чвэрцьгадзіннай размовы Гіпаліт вярнуўся і паклікаў нас у кабінет.

— Трэба канчаць з ім, — сказаў ён. — У сённяшнюю ноч трэба гэта ўчыніць. Падціскае!

І, спаўшы на сафу, паўтарыў сабе, любоўна прыплюшчваючы вочы: — Падціскае!

Высветлілася, што Семян зноў запатрабаваў коні — але гэтым разам гэта не была просьба — не, гэта было такое, што Гіп доўга не мог прыйсці ў сябе. — Спадары, гэта жулік! Гэта забойца! Хацеў коні, я сказаў, што сёння ў мяне няма, можа, заўтра... тады ён сціснуў мне руку пальцамі, руку маю ўзяў у пальцы і сціснуў, кажу вам, як тыповы забойца... і сказаў, што калі да заўтрага, да 10–ай раніцы, коней не будзе, то...

— Націснуў! — сказаў ён з жахам. — Сёння ўночы трэба гэта ўчыніць, бо заўтра мне давядзецца даць коні.

І дадаў ціхенька:

— Мне давядзецца.

Для мяне гэта была неспадзяванка. Безумоўна, Семян не вытрымаў у ролі, якую мы ўчора планавалі, заміж таго каб размаўляць пачціва, супакойліва, ён прамовіў грозна... відаць, ён быў апанаваны, тэрарызаваны экс–Семянам, тым небяспечным, якога ён выклікаў у сабе падчас абеду, і з гэтага ў ім нарадзілася пагроза, загад, націск, мулкасць (якіх ён не мог перамагчы, паколькі баяўся іх болей, чымся хто–небудзь іншы)... Досыць таго, што ён зноў стаў грозным. Але ў гэтым было добра прынамсі тое, што я ўжо не чуўся выключна адказным за яго, як уночы, у пакоі, і да таго ж пераказаў справу Фрыдэрыку.

Гіпаліт устаў. Спадары, ну, як мы гэта зробім? Хто? Ён выцягнуў чатыры запалкі і скруціў аднэй галоўку. Я зірнуў на Фрыдэрыка — чакаў нейкага знаку — ці абнародаваць маю ночную размову з Семянам? Але ён быў жудасна бледы. Праглынуў асцу.

— Я перапрашаю — гукнуў ён. — Не ведаю, ці...

— Што? — запытаўся Гіпаліт.

— Смерць, — коратка сказаў Фрыдэрык. Зірнуў убок. — З–а–б–і–ць яго?

— А што? Ёсць жа загад.

— З–а–б–і–ць, — паўтарыў ён. Ні на кога не пазіраў. Быў сам–насам з гэтым словам. Нікога — толькі ён і з–а–б–і–ць. Не магла маніць змярцвелая бледасць яго, якая паходзіла з таго, што ён ведаў, што значыць забіць. Ведаў — у гэты момант — дазвання. — Я... гэтага... не... — гукнуў ён і патрос неяк пальцамі ўбок, убок, убок, некуды за сябе... І знячэўку звярнуў твар у бок Вацлава.

І было гэта, быццам з’явіўся адрас бледасці яго — перш як ён аказаўся, я ведаў ужо з усёй пэўнасцю, што ён не зламіўся, а толькі ўсцяж кіруе падзеямі, манеўруе — не губляючы з вачэй Гені і Караля — у іх кірунку. Дык што? Ці ганяўся за імі?

— Ваша таксама не! — ён звярнуўся наўпрост да Вацлава.

— Я?

— Як Ваша гэта зробіш... нажом — бо гэта нажом трэба — не з рэвальвера, будзе чуваць — як Ваша гэта нажом, калі Вашу нядаўна маці таксама нажом?.. Ваша? Ваша, са сваёй маці і каталік? Я пытаюся? Як Ваша патрапіш гэта зрабіць?

Ён блытаўся ў словах, але яны былі перажытыя спаўна, падтрыманыя тварам, які, крычучы «не», утаропіўся ў твар Вацлава. Няма сумневу — «ён ведаў, што гаварыў». Ён ведаў, што значыць «забіць», і быў на мяжы стрыманасці, не могучы даць рады... Не, гэта была ні гульня, ні тактыка, у гэты момант ён быў сапраўдны!

— Ваша дэзертуеш? — холадна гукнуў Гіпаліт.

У адказ ён усміхнуўся бездапаможна і глумна.

Вацлаў праглынуў асцу, быццам яго прынучалі з’есці нешта невядомае. Дапускаю, што дагэтуль ён падыходзіў да гэтага, падобна мне; як і прынята на вайне, гэтае забойства было для яго адным з многіх, адным больш — агіднае, але ўсё ж звычайнае і нават неабходнае, непазбежнае — адылі тут яно было вылучана з агульнай масы і змешчана асобна, як нечуванае Забойства само ў сябе! Ён таксама збляднеў. А да таго ж маці! І нож. Нож, ідэнтычны з тым, якім яго маці... ён нанёс бы той жа самы ўдар, і той жа самы ўчынак паўтарыўся на целе Семяна... Але, можа быць, пад яго маршчыністым ілбом маці ў яго змяшалася з Геняй, і не маці, а якраз Геня стала вызначальнай. Яму даводзілася пабачыць сябе ў ролі Скузяка, што наносіць удар ... але як жа тады ўстояць перад Геняй з Каралем, як прадухіліць іх злучэнне, Гені ў абдымках (дзецюка), Гені непаўналетняй у яго руках, Гені, якая аддаецца хлапцу без ценю сораму?.. Забіць Семяна, як Скузяк — але кім жа тады ён стане? Скузякам? Што ён супрацьпаставіць гэнай сіле — непаўналетняй? Каб жа Фрыдэрык не вылучыў і не ўзвялічыў Забойства... але цяпер гэта ўжо было Забойства, і гэты ўдар нажом цэліў у яго ўласную годнасць, гонар, цнатлівасць, ува ўсё, чым ён змагаўся са Скузякам за маці, з Каралем за Геню.

Гэта, мабыць, прывяло да таго, што, звярнуўшыся да Гіпаліта, ён тупа адрапартаваў, быццам сцвярджаючы ўжо вядомае:

— Я гэтага не змагу...

Фрыдэрык прамовіў да мяне блізу трыумфальна, тонам, які дыктаваў адказ:

— А Ваша? Ваша заб’еш?

Га! Што? Дык гэта толькі тактыка! Вось да чаго ён імкнуўся, удаючы страх, прымушаючы нас да адмовы. Няўцямна: гэты страх яго, бледы, спатнелы, дрогкі, такі натуральны ў ім, быў толькі канём, на якім ён галапаваў... да маладых каленяў і рук! Ён паслугаваўся сваёй жудой у эратычных мэтах! Верх круцельства, неверагодная нікчэмнасць, нешта непрымальнае і нязноснае! Ён трактаваў сябе, як свайго каня! Але рапт ягоны мяне захапіў, і я адчуў, што з ім разам мушу галапаваць. І, зрэшты, я не хацеў, рэч ясная, забіваць. Я быў шчаслівы, што магу выкруціцца ад гэтага — ужо лопнула наша дысцыпліна і аднароднасць. Я адказаў:

— Не.

— Бардэль, — груба зрэагаваў Гіпаліт. — Годзе галаву дурыць. У такім разе я сам зраблю. Без помачы.

— Ваша? — сказаў Фрыдэрык. — Ваша?

— Я.

— Не.

— Чаму?

— Ннне...

— Падумай, — сказаў Гіпаліт. — Ваша. Усё ж нельга быць свіннёй. Трэба мець троху пачуцця абавязку. Гэта абавязак, спадару! Гэта служба!

— Ваша хочаш з пачуцця абавязку за–бі–ць нявіннага чалавека?

— Гэта загад. Мы атрымалі загад. Гэта акцыя, спадару! Я не магу адступіцца, усе мусяць разам. Так трэба! Гэта адказнасць! Чаго Ваша хочаш? Каб яго адпусцілі жыўцом?

— Гэта немагчыма, — пагадзіўся Фрыдэрык. — Я ведаю, гэта немагчыма.

Гіпаліт вылупіў вочы. Ці ён спадзяваўся, што Фрыдэрык адкажа: «але, адпусцеце яго»? На гэта ён разлічваў? Калі ён жывіў такую сукрытую надзею, гэты адказ Фрыдэрыка адцінаў шлях назад.

— Дык чаго Ваша хочаш?

— Я ведаю, натуральна... неабходнасць... абавязак... загад... Нельга не... Але ўсё ж Ваша мне... Ваша не за–рэ–жаш... Ваша ннее... Ваша не можаш!

Гіпаліт, натыкнуўшыся на гэтае сціплае, прашаптанае «ннее» — сеў. Гэтае «ннее» ведала, што значыць забіць — і гэтая веда, цяпер, скіравалася наўпрост на яго, утвараючы вялізную цяжкасць. Замкнёны ў целе, ён пазіраў на нас, як праз акно, вырачаны. «Звычайная» ліквідацыя Семяна ўжо не прымалася ў разлік пасля нашых трох адмоваў, поўных адпрэчання. Гэта стала агідным пад націскам нашага гіджання. І ён ужо не мог дазволіць сабе павярхоўнасці. Не будучы асобай ні надта глыбокай, ні праніклівай, ён быў, аднак, чалавекам пэўнага асяроддзя, пэўнай сферы, і калі мы сталі глыбокімі, ён не мог застацца павярхоўным, папросту ў сілу грамадзейскасці. У пэўных выпадках нельга быць «менш глыбокім», як і нельга быць «менш вытанчаным», гэта дыскваліфікуе ў вачах грамадства. Дык гэтая ўмоўнасць змушала яго да глыбіні, да таго, каб высіліць разам з намі змест слова «забіць», каб убачыць гэта так, як убачылі мы, — як жудасць. Ён адчуў! Але ў такім разе заставалася толькі «не забіваць» — «не забіваць», адылі, азначала ўхіліцца, зрадзіць, злякацца, не выканаць задання! Ён развёў рукі. Ён быў паміж дзвюх брыдот — і адна з іх мусіла стаць яго брыдотай.

— Ну дык што? — запытаўся ён.

— Хай Караль гэта ўчыніць.

Караль! Вось да чаго імкнуўся ён увесь гэты час — гэты ліс! Гэты хітрун! Асядлаўшы сябе, як каня!

— Караль?

— Але. Ён гэта ўчыніць. Як Ваша яму загадаеш.

Ён гаварыў, быццам гэта было нязмерна лёгка — уся цяжкасць ім развеялася. Быццам гаварылася пра тое, што Караль купіць нешта ў Астраўцы. Немавед чаму, гэтая змена тону падалася ў пэўнай ступені апраўданай. Гіпаліт завагаўся.

— Нам давядзецца гэта на яго зваліць?

— А на каго? Мы гэтага не зробім, гэта не для нас... а зрабіць усё ж трэба! Ваша яму скажы. Ён зробіць, калі яму скажуць. Для яго гэта не будзе праблемай. Чаму ж гэтага яму не зрабіць? Загадай яму, Ваша.

— Пэўна, што калі я загадаю, ён зробіць... Але як жа так? Што? Гэта ён, нібы... за нас?

Нервова ўмяшаўся Вацлаў.

— Ваша не зважаеш, што гэта рызыкоўна... Гэта адказнасць. Нельга спіхаць на яго, перакласці на яго рызыку, гэтак немагчыма! Так не робіцца!

— Рызыку мы можам узяць на сябе. Калі раптам справа атрымае розгалас, скажам, што гэта мы выканаўцы. Пра што ход? Пра тое толькі, каб нехта за нас узяў нож і вытнуў — гэта ў яго выйдзе гладчэй, чымся ў нас.

— Але ж я кажу Вашу, што мы не маем права паслугавацца ім толькі таму, што яму шаснаццаць гадоў, замешваць яго ў гэта... Спіхваць на яго...

Яго ахапіла паніка. Замешваць Караля ў злачынства, якога ён не быў здольны выканаць, Караля, выкарыстоўваючы яго маладосць. Караля — бо шчанюк... але ж гэта было не ў парадку і аслабляла яго перад дзецюком... а ён павінен быць моцным перад дзецюком! Ён пачаў хадзіць па пакоі. — Гэта было б амаральна! — выбухнуў ён са злосцю і счырванеў як закрануты ў сваіх самых глыбінных пачуццях сораму. Тым часам Гіп патроху асвойваўся з гэтай думкай.

— Магчыма... сапраўды найпрасцей... Ад адказнасці ніхто не ўхіляецца. Гаворка толькі аб тым, каб не запэцкацца ... самім фактам... Гэта работа не для нас. Гэта для яго.

І супакоіўся, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі — быццам нарэшце да яго дайшло адзінае натуральнае рашэнне. Дазнаўся, што гэта не пярэчыць ладу прыроды. Ён не ўхінаўся. Ён быў пакліканы выдаваць загады — Караль быў пакліканы іх выконваць.

Да яго вярнуўся спакой і розум. Ён стаў арыстакратычным.

— Як жа гэта мне ў галаву не прыйшло. Пэўна!

Досыць адмысловая, насамрэч, відаль: двое мужчын, адзін прысарамачаны тым, што другому вярнула годнасць. Гэтае «прыцягненне непаўналетняга» аднаго напаўняла ганьбай, а другога — пыхай, быццам адзін ад гэтага станавіўся менш мужчынскім, а другі больш мужчынскім. Але Фрыдэрык — які ж геніяльны! Што Караля здолеў умяшаць у гэта... што на яго зваліў усю справу... дзеля чаго запланаваная смерць раптам узгаралася і палымнела не толькі Каралем, але і Геняй, іх рукамі, іх нагамі — запраектаваны труп пачынаў квітнець забароненай, хлапеча–дзявочай, нязграбнай і крамянай пачуццёвасцю. Урывалася гарачыня — гэтая смерць ужо станавілася любоснай. І ўсё — гэтая смерць, наш страх, агіда, наша немач — толькі для таго, каб рука маладая і надта маладая звярнулася да яе... Я ўжо заглыбляўся ў гэта, не так у забойства, як у авантуру іх недаразвітых, глухіх целаў. Асалода!

І адначасна ў гэтым была з’едлівая іронія і нават прысмак паразы — што мы, дарослыя, сягалі да помачы маладзёна, які мог зрабіць тое, чаго мы не маглі — хіба гэтае забойства было вішняй на тонкай галінцы, даступнай адно лягчэйшаму?.. Лёгкасць! Раптам усё пачало ісці ў гэтым кірунку, Фрыдэрык, я, Гіпаліт пачалі імкнуцца да непаўналетняга, як да нейкай сакрэтнай апраўдальнай алхіміі.

Знячэўку Вацлаў таксама згадзіўся на Караля.

Каб жа ён адмовіў, то сам мусіў бы ўзяцца за гэта, бо мы ўжо былі па–за конкурсам. А, па–другое, нешта, відаць, у ім змяшалася — згукнуўся ў ім каталіцызм, і, бадай што, раптам яму падалося, што Караль як забойца будзе нагэтулькі ж агідным для Гені, як і ён, Вацлаў, у якасці забойцы — памылка, адбытая таму, што ён занадта нюхаў краскі душой, а не носам, занадта верыў у прыгаство цноты і ў брыду грэху. Ён забыўся, што злачынства ў Каралю можа мець іншы смак, чымся ў ім. Учапіўшыся за гэтую ілюзію, ён пагадзіўся — бо, зрэшты, не мог не пагадзіцца, калі не хацеў парываць з намі і апынуцца зусім наўзбоч, у такіх цьмяных абставінах.

Фрыдэрык, баючыся, каб не змянілі думак, як найхутчэй пачаў шукаць Караля — я з ім. Яго не было ўдому. Мы ўбачылі Геню, якая перабірала хусты ў шафе, але яна нам не была патрэбная. Нервовасць наша ўзрасла. Дзе Караль? Мы шукалі з усё большым паспехам, не кажучы нічога, быццам мы чужыя адзін аднаму.

Ён быў у стайні, даглядаў коні — мы выклікалі яго — і ён падышоў з усмешкай. Я дасканала прыгадваю гэтую ўсмешку, паколькі ў той момант, калі мы звалі яго, я ўсвядоміў сабе карказломнасць нашай прапановы. Бо ён падабаў Семяна. Быў яму адданы. Дык як жа прынучыць яго да нечага такога? Але ўсмешка адразу перанесла нас у іншы край, дзе ўсё было прыязнае і зычлівае. Гэтае дзіцянё ўжо ведала свае перавагі. Ён ведаў, што калі мы і хочам нечага ад яго, то ягонай маладосці — і ён падышоў тады, злёгку здзеклівы, але і гатовы пазабаўляцца. І гэты падыход напаўняў яго шчасцем, таму што паказваў, наколькі ён сышоўся з намі. І дзіўная рэч: гэтая забаўляльнасць, гэтая ўсмешлівая лёгкасць былі найлепшым уступам да брутальнасці, якая мела здзеяцца.

— Семян зрадзіў, — сцісла вытлумачыў Фрыдэрык. — Ё на гэта довады.

— Ага! — гукнуў Караль.

— Яго трэба прыкончыць яшчэ сёння, уночы. Зробіш гэта?

— Я?

— Баішся?

— Не.

Ён стаяў ля дышля, на якім была павешаная папруга. Яго вернасць Семяну не выразілася зусім. Як толькі ён пачуў пра забойства, стаў негаваркім і нават, можа, троху сарамяжлівым. Замкнуўся і засяродзіўся. Здавалася, што не будзе пратэставаць. Я падумаў, што для яго забіць Семяна або забіць па загадзе Семяна было ў сутнасці тым жа самым — тое, што яго лучыла з ім, была смерць, усё роўна, чыя. Ён, перад Семянам, слепа слухмяны і жаўнер — але быў слухмяным і быў жаўнерам таксама тады, калі звяртаўся супраць Семяна па нашым загадзе. Было відно, што яго слепата перад правадыром перарадзілася ў імгненную, маўклівую здольнасць змярцвяць. Ён не здзівіўся.

Адно толькі, што (дзяцюк) зірнуў на нас мімаходзь. Нейкі сакрэт змяшчаў гэты зірк (бы пытаўся: ці вы маеце наўвеце Семяна, ці... мяне?) Але не сказаў нічога. Прыняў гэта да ведама.

Прыгаломшаныя гэтай непраўдападобнай лёгкасцю (што быццам уводзіла нас у зусім іншы вымер), мы пайшлі з ім да Гіпаліта, які даў дадатковыя інструкцыі — што трэба пайсці ўначы з нажом — і каб усё адбылося без шуму. Да Гіпа ўжо цалкам вярнулася раўнавага, і ён выдаваў даручэнні, як афіцэр — ён быў на сваім месцы.

— А калі ён не адчыніць дзверы? Ён жа замыкаецца на ключ.

— Знойдзеце спосаб, каб ён адчыніў.

Караль адышоў.

І тое, што ён адышоў, усхвалявала мяне і раз’юшыла. Адышоў куды? Да сябе? Што значыла — да сябе? Што гэта было, гэтая яго сфера, дзе паміраюць гэтак жа лёгка, як і забіваюць? Мы напаткалі ў ім гатовасць, паслушэнства, з якіх вынікала, што ён быў прыдатны для гэтага — як гладка гэта пайшло! О, ён велічна аддаліўся, ціха і слухмяна... і я не мог сумнявацца, што да яе, да Гені ён аддаляецца з рукамі, у якія мы паклалі нож. Геня! Не падлягала пытанню, ён цяпер, як дзяцюк з нажом, дзяцюк–забойца, бліжэйшы да здабыцця і авалодання ёй — і каб жа не Гіпаліт, які затрымаў нас на далейшую нараду, мы б памкнуліся за ім, каб сачыць за ім. Але толькі пасля некаторага прамежку часу мы пакінулі кабінет Гіпаліта, каб выйсці ў сад, за ім, за ёй — і былі ўжо ў вітальні, калі са страўні да нас данёсся прыглушаны, раптам абарваны, голас Вацлава — там нешта здарылася! Мы вярнуліся. Сцэна накшталт тых на абтоку. Вацлаў за два крокі ад Гені — не было вядома, што там было, але нешта ж мусіла здзеяцца паміж імі.

Караль стаяў троху далей, ля судніка.

Убачыўшы нас, Вацлаў сказаў:

— Я ўдарыў яе.

Выйшаў.

Тады яна сказала:

— Б’ецца!

— Б’ецца! — паўтарыў Караль.

Яны смяяліся. Кпілі. Зласлівыя, але вясёлыя. Зрэшты, не вельмі, не занадта — так толькі, кпінкавалі сабе. Колькі ж элегантнасці ў гэтых іх кпінах! І ім хутчэй падабалася, што ён «б’ецца», быццам у гэтым яны знаходзілі выйсце для сваёй энергіі.

— Што яму дапякло? — запытаўся Фрыдэрык. — Што ён меў наўвеце?

— Пра што б гэта ён? — адказала яна. Забаўна лыпнула вачыма, какетліва, і мы адразу зразумелі, што гэта адносіцца да Караля. Было цудоўна, вабна, што яна нават не паказала на яго вачыма, што ў гэтым не было патрэбы — было досыць, што яна стала какетлівай — ведала, што можа нам падабацца толькі «з» Каралем. Як жа лёгка мы ўжо маглі хаўрусаваць — і я бачыў, што абое яны былі ўпэўненыя ў нашай зычлівасці. Хлуслівыя, употайкі распешчаныя і дасканала сведамыя таго, як яны нас захапляюць. Гэта было ўжо навідавоку.

Няцяжка было здагадацца, што Вацлаў не вытрымаў — яны зноў яго, мабыць, уцвялілі нейкім блізу няўлоўным поглядам ці дотыкам... гэтыя іх дзіцячыя правакацыі!

Фрыдэрык знячэўку запытаўся:

— Караль нічога табе не гаварыў?

— Што?

— Што сёння ўночы... Семяну...

Ён зрабіў рух рукой, імітуючы перарэзванне горла — гэта было б забаўна, каб жа забава не была ў ім нечым такім спаважным. Ён забаўляўся сур’ёзна. Сеў. Яна нічога не ведала, не, Караль ёй не пераказаў тайніцы. Таму ён сцісла апавёў ёй аб запланаванай «ліквідацыі» і што Караль мусіць гэта здзейсніць. Ён гаварыў, быццам размова была пра зусім звычайную штуку. Яны (бо і Караль таксама) слухалі — як бы гэта сказаць — не чынячы супраціву. Яны не маглі слухаць інакш, таму што мусілі нам падабацца, і гэта абцяжвала іхную рэакцыю. Адно толькі, што, калі ён скончыў, яна не аказалася — і ён таксама — з іх боку запанавала маўчанне. Не было добра вядома, што яно значыць. Але (хлапец), там, ля буфета, стаў змрочным, дый яна стала цёмнай.

Фрыдэрык тлумачыў: — Галоўная цяжкасць, што Семян уночы можа не адчыніць дзвярэй. Будзе баяцца. Вы б маглі пайсці ўдваіх. Ты б пастукала пад нейкай нагодай. Табе ён адчыніць. Яму нават не прыйдзе ў галаву, каб не адчыніць. Скажаш, напрыклад, што ў цябе да яго ліст. А калі ён адчыніць, ты адскочыш і ўлезе Караль... гэта, мабыць, найлепшы спосаб... як вы ўважаеце?

Ён прапаноўваў без лішняга націску, «так сабе», што, зрэшты, было апраўдана — бо ўся гэтая ідэя была, аднак, моцнай нацяжкай, не існавала ніякай пэўнасці, што Семян так адразу і адчыніць ёй дзверы, і ён ледзь схаваў сапраўдны сэнс гэтай прапановы: каб уцягнуць у гэта Геню, каб яны былі ўдваіх... Арганізаваў гэта, бы сцэну на востраве. Не столькі ідэя мяне прынадзіла, колькі чын, якім яна ўвасаблялася ў жыццё — бо ён прапанаваў гэта раптоўна, быццам мімаходзь і выкарыстоўваючы момант, у які яны былі асабліва схільныя ставіцца да нас ласкава, хаўрусаваць з намі і нават папросту чараваць нас — удваіх, удваіх! Таму было відавочна, што Фрыдэрык разлічваў на «добрую волю» гэтай пары — што яны без вялікіх цяжкасцяў згодзяцца яго задаволіць — значыцца, ён ізноў разлічваў на «лёгкасць», на тую самую «лёгкасць», якая ўжо выявілася ў Караля. Ён хацеў папросту, каб яны «разам» растапталі гэтага чарвяка... Але цяпер эратычнага, пачуццёвага, любоснага сэнсу гэтага памкнення ўжо амаль немагчыма было схаваць — відавочнага! І на хвіліну яму падалося, што дзве выявы гэтай справы змагаюцца паміж сабой беспасярэдне перад намі: бо, з аднаго боку, прапанова была досыць страшнай, усё–ткі гаворка ішла, каб і гэтую дзяўчыну ўвесці ў грэх, у забойства... але, з другога боку, прапанова была «п’янкой і захапляльнай», бо гаворка ішла, каб яны «разам»...

Што пераважыць? У мяне было досыць часу, каб гэтае пытанне прамільгнула ў мяне ў галаве, бо яны адразу не адказалі. Адначасна з усёй выразнасцю я ўбачыў, што так, як яны стаяць перад намі, у іх усё больш узрастае непрыязь, знеахвочанасць, адчужанасць датычна адно аднаго — але, нягледзячы на гэта, яны былі моцна знітаваныя фактам, што мы захапляліся імі і мы чакалі ад іх захаплення — гэта прымусіла іх саступаць. Яны ўжо не маглі ісці насуперак прыгаству, якое мы ў іх адкрывалі. І гэтая саступлівасць у глыбіні была даспадобы ім — усё–ткі яны былі пакліканыя скарыцца. Гэта зноў быў адзін з тых «учыненых на сабе» ўчынкаў, такіх свомых маладосці, учынкаў, якімі маладосць акрэслівае сябе і якія ў выніку гэтага ачмураюць яе да такой ступені, што амаль губляецца іх аб’ектыўнае, вонкавае значэнне. Не Семян, не смерць яго было для іх найважнейшым — толькі яны самі. (Дзяўчына) абмежавалася адказам:

— Чаму не? Можна зрабіць.

Караль раптоўна рассмяяўся, досыць недарэчна.

— Калі Бог дасць, то зробім, калі не дасць, то не зробім.

Я адчуў, што дурнота патрэбная яму.

— Ну добра. Ты пастукаеш, а пасля адскочыш, і я яго вытну. Так можа быць, толькі невядома, ці адчыніць ён?

Яна рассмяялася: — Не бойся, калі я пастукаю, то адчыніць.

Яна таксама была цяпер троху дурнаватай.

— Гэта, натуральна, толькі паміж намі! — гукнуў Фрыдэрык.

— Будзь, Ваша, спакойны!

На гэтым скончылася размова — такія размовы нельга зацягваць. Я выйшаў на веранду, адтуль у сад, хацеў крышку спачыць — надта гэта ўсё стрымгалоў панеслася. Святло слабела. Колеры страцілі шкляную павалоку бліску, зелень і чырвань перасталі адразняцца — цяністы адпачынак фарбаў перад ноччу. Што хавае ноч? Значыцца, гэнае растоптванне чарвяка — але чарвяком быў не Вацлаў, а Семян. Я не быў надта ўпэўнены, ці з усяго гэтага можна скласці цэльны абраз, усё больш ува мне ўзгараўся і палымнеў змрочны агонь, і я ўсё больш пахмурнеў, знеахвочаны, нават знявераны, бо гэта было надмерна фантастычным, надмерна адвольным і не вельмі праўдзівым — было нейкай разыгранкай, так, гэта сапраўды было з нашага боку «гульнёй з агнём». Апынуўшыся ў самоце, сярод кустоўя, я канчаткова згубіў нітку... Раптоўна я ўбачыў, што набліжаецца Вацлаў. — Я хачу патлумачыць Вашу! Зразумей, калі ласка, мяне! Я б яе не ўдарыў, але гэта свінства, кажу Вашу папросту, свінства!

— Што такое!

— Яна зрабіла мне свінства! Вялікае свінства, хоць і дробнае... але гэта не было маёй аблудай... Дробнае свінства, але вялікае! Мы размаўлялі ў пакоі. Увайшоў ён. Каханак. Я адразу адчуў, што яна кажа мне, але звяртаецца да яго.

— Звяртаецца да яго?

— Да яго, не словамі, але... але ўсім. Уся. Быццам размаўляла са мной, але адначасна чапілася да яго і аддалася яму пры мне. Размаўляючы са мной. Даеш веры? Гэта было нешта... Я бачыў, што яна размаўляе са мной, будучы з ім — і гэта так... выяўна. Бы пры гэтым не было мяне. Я ўдарыў яе ў твар. І што мне цяпер рабіць. Скажы, Ваша, што мне цяпер рабіць?

— Гэтага нельга замяць?

— Але ж я ўдарыў? Расставіў кропкі над і. Ударыў. Цяпер ўсё ўжо канчальна ўстаноўлена і зацверджана. Ударыў! Сам не ведаю, як я змог... Ведаеш, што? Мяркую, што каб жа я не дазволіў быў прызначыць яму гэтую... ліквідацыю... я б не ўдарыў яе.

— Чаму?

Ён шпарка зірнуў на мяне.

— Бо я ўжо не ў парадку — што да яго. Я дазволіў яму стаць на маё месца. Я страціў маральнае апраўданне і таму пачаў біцца. Біцца, бо мае пакуты ўжо нічога не значаць. Яны не вартыя павагі. Страцілі гонар. Таму я пачаў біцца, біцца, біцца... а яго я б не толькі пабіў — я б яго забіў!

— Што Ваша кажаш!

— Забіў бы, і без асаблівай цяжкасці. Гэта так проста! Забіць... такога? Як растаптаць чарвяка! Дробязь! Дробязь! Адылі, з іншага боку, забіць такога... Скандал! І сорам! Гэта нашмат цяжэй, чымся з дарослым. Гэта немагчыма! Забойства можа быць толькі паміж дарослымі. А калі б я ёй перарэзаў горла?.. Дапусцім! Не непакойся, Ваша! Я толькі так, для жарту. Усё ж гэта ўсё жарцікі! Са мной жартуюць, чаму я не магу троху пажартаваць? Божа вялікі, выбаві мяне ад жарту, у які я лучыў! Божа, Божа мой, адзінае маё прытулле! Што гэта я хацеў сказаць? Ага, я павінен забіць... але Семяна... я павінен гэта зрабіць, яшчэ можна, трэба спяшацца... яшчэ можна забраць гэтае забойства ў гэтага смаркача... бо, пакуль я звальваю гэта на яго, датуль я не ў парадку, я не ў парадку!

Здумеўся.

— Запозна. Вы загаварылі мяне. Як цяпер пераняць у яго гэтае заданне? Цяпер ужо вядома, што я імкнуся да гэтага не з увагі на абавязак, а толькі каб не аддаць яму яе — каб не страціць маральнай перавагі над ёй. Уся гэтая мая маральнасць — толькі для таго, каб ёю валодаць!

Развёў рукі.

— Я не вельмі цямлю, што мне рабіць. Баюся, што мне не застаецца рабіць нічога.

Ён сказаў яшчэ некалькі рэчаў, якія выклікалі роздум:

«Я голы! Як мне гола! Божа мой! Мяне ж распранулі! Я, у маім узросце, ужо не павінен быць голым! Аголенасць — гэта для моладзі!»

І далей.

«Яна зрадзіла не толькі мяне. Яна зрадзіла мужчынскасць. Мужчынскасць увогуле. Бо яна не зраджвае мяне з мужчынам. Ці ж гэта жанчына? Ага, скажу Вашу, яна карыстае з таго, што яшчэ не ёсць жанкой».

«Карыстае з нейкай сваёй апрычонасці, нешта вельмі спе–цы–фіч–на–е, пра што я дагэтуль не ведаў, што яно існуе...»

Далей:

«Толькі, пытаюся, скуль у іх гэта ўзялося? Паўтару, што я ўжо сказаў: яны самі гэтага не маглі прыдумаць. Гэтага на востраве. Гэтага, што цяпер са мной... гэтых правакацыяў... Гэта надта вышукана. Спадзяюся, што Ваша разумееш: яны не маглі прыдумаць, бо гэта надта вышукана. Дык скуль яны гэта ўзялі? З кніг? Бо я ведаю!»

*

Унізе ліўся ўсё больш густы соус, які спыняў погляд, і калі кароны дрэваў яшчэ купаліся ў перыстым, вясёлым небе, камлі ўжо былі невыразнымі і адштурхоўвалі позірк. Я зазірнуў пад цэглу. Ліст.

«Калі ласка, пагавары з Семянам».

«Скажы яму, што ўночы Ваша і Геня выведзеце яго на поле, дзе будзе чакаць Караль з брычкай. Што Геня пастукае да яго ўночы, каб яго вывесці. Ён паверыць. Ён ведае, што Караль належыць яму, а Геня — Каралю! Палка паверыць! Гэта найлепшы спосаб, каб ён адчыніў ёй дзверы, калі яна пастукае. Важна. Нельга дапусціць недагляд».

«Трэба памятаць: ужо нельга адступаць. Можна адступіць толькі ў свінства».

«Скузяк — што!? Што з ім? Што? Я ламлю сабе галаву. Ён не можа застацца ўбаку, яны павінны гэта ўтраіх... Але як?»

«Асцярожна! Не трэба фарсаваць! Лепш далікатна і з тактам, каб не дадзець, не падставіцца непатрэбна, бо дагэтуль, не дай Бог урачы, шчасце нам спадарожнічае — уся рэч у тым, каб не папсаваць. Зважай, Ваша, на сябе. Асцярожна!»

*

Я пайшоў да Семяна.

Пастукаў — даведаўшыся, што гэта я, ён адчыніў, але зараз жа кінуўся зноў на ложак. Як доўга ён так ляжаў? У шкарпэтках — абутак, выдатна наваксаваны, блішчэў на падлозе сярод купы недакуркаў. Ён курыў цыгарэту за цыгарэтай. Рука, тонкая ў згібе, доўгая, з жуковінай на пальцы. Ён не выяўляў жадання размаўляць. Паглядаў у столь, лежачы наўзнак. Я сказаў, што прыйшоў, каб перасцерагчы яго: хай ён не мае ілюзіяў. Гіпаліт не дасць яму коней.

Ён не адказаў.

— Ні заўтра, ні пазаўтра. Больш за тое, Вашацевыя асцярогі, што Вашу не выпусцяць жывога, могуць быць слушнымі.

Маўчанне.

— Таму я хачу запрапанаваць Вашу... план уцёкаў.

Маўчанне.

— Я хачу Вашу дапамагчы.

Ён не адказваў.

Ляжаў, як калода. Я падумаў, што ён баіцца — але гэта быў не страх, а злосць. Зласлівая злосць. Ён ляжаў і зласліва злаваў — і нічога больш. Ён быў з’едлівы. Гэта ад таго (падумаў я), што мне была вядомая яго слабасць. Я ведаў яго слабасць, таму яна ў яго ператварылася ў злосць.

Я выклаў план. Папярэдзіў, што Геня пастукае і што мы выведзем яго на поле.

— Курр...

— У Вашы ёсць грошы?

— Ёсць.

— Гэта добра. Будзь гатоў — трошку за поўнач.

— Курр...

— Гэтае слоўка Вашу не дужа паможа.

— Курр...

— Ваша не будзь надта грубым. А то мы перадумаем.

— Курр...

З гэтым я яго пакінуў. Ён прымаў нашу дапамогу, дазваляў, каб мы яго ратавалі — але не дзякаваў. Раскінуты на ложку, доўгі, пругкі, ён яшчэ выражаў сабой агрэсію і ўладу — пан, начальнік — але гвалціць ён ужо не мог. Перавага скончылася ў яго. І ён ведаў, што я ведаю гэта. Калі яшчэ нядаўна яму не патрабавалася дабівацца нічыёй ласкі, будучы грозным, ён мог навязвацца сілай, то цяпер ён ляжаў тут перада мной у сваёй агрэсіўнай мужнасці, уз’юшанай, але ўжо пазбаўленай кіпцюроў і прынучанай шукаць спачуцця... і ён ведаў, што ў гэтай мужнасці сваёй ён несімпатычны, непрыемны... нагой у шкарпэтцы ён пацерабіў сцягно... узняў нагу і пакратаў пальцамі, гэта быў абсалютна эгаістычны жэст, ён пляваць хацеў, люблю я яго ці не люблю... і не любіў... і патанаў у акіянах агіды, яму хацелася ванітаваць... і мне таксама. Я выйшаў. Своеасаблівы мужчынскі цынізм атручваў мяне, як цыгарэты, у страўні я натыкнуўся на Гіпаліта, і мяне ажно адкінула, я траха не званітаваў, так, траха, я быў на валаску ад гэтага, на адным з тых валаскоў, якія ў іх і мяне павырасталі на руках! У гэты момант я не мог зносіць Мужчыны!

Іх было — мужчын — пяць у доме. Гіпаліт, Семян, Вацлаў, Фрыдэрык і я. Бррр... Нішто ў свеце жывёл не дасягае такой пачварнасці — які конь, які сабака можа параўнацца з такой разбэшчанасцю формы, з такім цынізмам формы? На жаль! На жаль! Людзіна пасля трыццацёх уступае ў пачварнасць. Усё прыгаство было на тым, маладым, боку. Я, мужчына, не мог шукаць спрату ў сябрах маіх, мужчынах, бо яны мяне адштурхоўвалі. І штурхалі мяне ў тое!

*

Спадарыня Марыя стаяла на верандзе.

— Дзе ўсе? — запыталася яна. — Пазнікалі?

— Не ведаю, я быў наверсе.

— А Геня? Ваша не бачыў Гені?

— Можа, у цяпліцы.

Яна затрапятала пальцамі. — У Вашы няма гэткага ўражання?.. Вацлаў падаўся мне ўсхваляваным. Нейкі прыбіты. Ці там нешта не так, як трэба, паміж імі? Відаць, нешта сапсавалася. Гэта пачынае мне не падабацца, давядзецца пагаварыць з Вацлавам... або, можа, з Геняй... не ведаю... Крый Божа!

Яна была занепакоеная.

— Я нічога не ведаю. А тое, што прыбіты... ну, страціў маці.

— Ваша думаеш, што гэта з прычыны маці?

— Пэўна. Маці гэта маці!

— Ці ж няпраўда? Я таксама думаю, што гэта праз маці. Страціў маці! Гэтага яму нават Геня не заменіць! Маці гэта маці! Маці! — яна злёгку паварушыла пальцамі. І гэта поўніцай яе супакоіла, быццам слова «маці» было такім магутным, што нават прымяншала значэнне слова «Геня», быццам было найвышэйшай святасцю!.. Маці! Усё ж і яна была маці. І ўжо не была нічым, была маці! Гэтае былое быццё, якое было ўжо выключна маці, зірнула на мяне звялым, прамінулым позіркам і аддалілася са сваёй набожнасцю да маці — я ведаў, што няма чаго асцерагацца, што яна будзе нам у нечым перашкодай — яна нічога не магла здзейсніць у цяперашнім часе, будучы маці. Разгуляліся, аддаляючыся, яе былыя спакусы.

*

У меру надыходу ночы і таго, што прадвяшчала яе надыход — запальвання лямпаў, замыкання аканіц, збірання вячэры на стол — мне было ўсё горш і я сноўдаўся, не могучы знайсці сабе месца. Усё больш выяўна вымалёўвалася сутнасць зрады маёй і Фрыдэрыка: мы зрадзілі мужчынскасць з (дзецюком плюс дзяўчына). Ходзячы так па доме, я зазірнуў у залю, дзе было цёмна, і ўбачыў Вацлава, што сядзеў на канапе. Я ўвайшоў і сеў на фатэль, досыць далёка, зрэшты, край супрацьлежнай сцяны. Цьмянымі былі мае намеры. Змазанымі. Роспачная спроба — ці не ўдасца найвялікшым намаганнем пераадолець гідкасць, навязаць з ім лучнасць у мужчынскасці. Аднак гідкасць узрасла неабсяжна, абуджаная гэтым маім прыходам і змяшчэннем майго цела паблізу яго цела — прасякнутая яго непрыяззю да мяне... непрыяззю, якая, робячы мяне агідным, рабіла агіднай маю агіду да яго. І vice versa. Я ведаў, што ў гэткіх варунках не можа быць і гаворкі, каб нехта з нас зазіхцеў той велічнасцю, якая, нягледзячы на ўсё, магла быць нам даступнай — я маю на ўвазе веліч цнoты, розуму, ахвярнасці, геройства, шляхотнасці, якія мы маглі стварыць, якія былі закладзеныя ў нас in potentia — але агіда была надта ўсёмагутнай. Ці ж не маглі мы, аднак, пераламіць яе гвалтам? Гвалтам? Гвалт? Для чаго ж мы былі мужынамі? Мужчына — гэта той, хто гвалтуе, хто навязваецца сілай. Мужчына — гэта той, хто пануе! Мужчына не пытаецца, ці падабаецца, ён заклапочаны толькі ўласнай прыемнасцю, яго паднябенне паклікана вызначаць, што прыгожае і што гідкае — для яго і толькі для яго! Мужчына існуе для сябе і ні для кога больш!

І вось гэты, відаць, гвалт я прагнуў выклікаць з нас... Бо гэтым разам справа стаяла так, што і ён, і я былі імпатэнтамі, паколькі не былі сабой, не былі для сябе, мы былі для гэнага і маладзейшага адчування — і гэта занурала нас у брыдоту. Але каб жа я здолеў у гэтай залі хоць на адну хвіліну быць для яго, для Вацлава — а той для мяне — каб жа мы здолелі быць мужчынам для мужчыны! Ці б не дадало гэта мужнасці? Ці б не згвалтаваў адзін аднога мужнасцю для мужнасці? Такімі былі мае разлікі, здзеяныя рэшткамі роспачнай і заняпалай надзеі. Таму што гвалт, якім ёсць мужчына, мусіць спярша пачацца ў мужнасці паміж мужчынамі... і хай бы сама мая прысутнасць пры ім патрапіла зачыніць нас у гэтым герметычным коле... агромністае значэнне я прыпісваў таму, што цемра аслабляла нашу ахілесаву пяту, цела. Я меркаваў, што, выкарыстоўваючы аслабленне цела, мы здолеем згуртавацца і памножыцца, досыць імкліва станем мужчынамі, абы не гідзіцца сабой — бо ж ніхто сабой не гідзіцца — бо ж дастаткова быць сабой, каб не гідзіцца. Такімі былі мае, ужо роспачныя, жаданні. Але ён заставаўся нерухомы... я таксама... і мы не маглі распачаць з сябе, пачатку нам не ставала, невядома было, сапраўды, як пачаць...

Раптам у залі з’явілася Геня.

Яна заўважыла мяне — падышла да Вацлава — села побач з ім, ціхая. Быццам — прапануючы згоду. Мабыць, была (я не бачыў добра) грэчная. Гатовая да замірэння. Пачцівая. Рахманая. Можа, бездапаможная. Разгубленая. Што гэта? Няўжо ў яе было досыць ... таго... ці яна баялася, хацела ўхіліцца, у жаніху шукала апірышча, ратунку? Яна грэчна села край яго, без слова, аддаючы яму ініцыятыву, гэта павінна было азначаць: «я твая, зрабі цяпер нешта з намі». Вацлаў не здрыгануўся — пальцам не зварухнуў.

Бы жаба, нерухомы. Я панятку не меў, што ў ім дзеялася. Пыха? Зайздрасць? Абраза? Ці яму проста было ніякавата, і ён не ведаў, што з ёй рабіць — а я крычма крычаць хацеў, каб ён яе прынамсі абняў, каб руку на яе паклаў, ад гэтага магло залежаць збаўленне! Апошняя надзея! Рука яго здабыла б на ёй мужнасць, а я б дапяў сваімі рукамі, і неяк бы пайшло! Гвалт — гвалт у гэтай залі! Але нічога. Час мінаўся. Ён не рухаўся. І было гэта, бы самагубства — гамон — гамон — гамон — і дзяўчо ўстала, аддалілася... а за ім я.

*

Пачалася вячэра, падчас якой, з увагі на спадарыню Марыю, мы аддаваліся пустапарожняй балбатні. Пасля вячэры я зноў не ведаў, што рабіць, здавалася б, што ў гадзінах, папярэдніх забойству, ёсць шмат работы... але гэтым часам ніхто з нас нічым не займаўся, усе расцерусіліся... можа, таму, што маючы адбыцца ўчынак меў такі інтымны, рызыкоўны характар. Фрыдэрык? Дзе Фрыдэрык? Ён такcама недзе знік, і гэтае знікненне раптам мяне асляпіла, быццам мне паклалі апавітку на вочы, я не ведаў, што і як, я мусіў яго знайсці, зараз, неадкладна — і я распачаў пошукі. Выйшаў на двор. Збіралася на дождж, гарачая волкасць у паветры, шматкі хмараў, без цяжкасці прадчувальныя на бяззорным небе, вецер уздымаўся і кружляў па садзе, пасля чаго аціхаў. Я ўвайшоў у сад блізу навобмацак, хутчэй адгадваючы сцежкі, са смеласцю, якую дыктуе крок у невядомае, і толькі праз пэўныя прамежкі часу знаёмы сілуэт дрэва або куста веставаў, што ўсё супадае і што я там, дзе спадзяваўся быць. Але я выявіў сваю поўную непадрыхтаванасць да гэтай нязменнасці саду, і яна хутчэй мяне дзівіць... мяне менш бы дзівіла, каб жа сад упоцемку зыначыўся навыварат. Гэтая думка разгайдала мяне, бы лодку ў адкрытым моры, і я даўмеўся, што ўжо страціў сушу з вачэй. Фрыдэрыка не было. Я злётаў ажно на астравы, гэта знепрытомлівала мяне, і кожнае дрэва, што вылазіла перада мной, кожны куст атакавалі мяне сваёй фантастычнасцю — хаця яны былі такімі, якімі былі, яны маглі быць іншымі. Фрыдэрык? Фрыдэрык? Мне надзвычай не ставала яго. Без яго ўсё было няпоўным. Дзе ён схаваўся? Што ён рабіў? Я вяртаўся дадому, каб пашукаць яго яшчэ і там, калі натыкнуўся на яго ў кустоўі перад кухняй. Ён свіснуў, як гарэза. Быў, здаецца, не надта задаволены маім прыходам, і нават, можа, троху прысаромлены.

— Што Ваша тут робіш? — запытаўся я.

— Маракую.

— Над чым?

— Над тым.

Паказаў на акно каморы. Адначасна прадэманстраваў мне нешта ў адкрытай руцэ. Ключ ад каморы. — Цяпер ужо можна пагаварыць, — гукнуў ён свабодна і гучна. — У лістах больш няма патрэбы. Ужо яна, ведаеш, гэтая... ну... прырода... не наробіць з намі жартаў, бо справа зайшла надта далёка, сітуацыя ўжо вызначаная... Няма чаго цырымоніцца!.. Ён сказаў гэта неяк дзіўна. З яго біла нешта адмысловае. Нявіннасць? Святасць? Чысціня? І, што найбольш відавочна, ён перастаў баяцца. Сарваў галінку, кінуў на зямлю — дарма што ў які–любя іншы момант ён бы тры разы раздумваў, ці кінуць, ці не кінуць... — Я ўзяў з сабой гэты ключ, — дадаў ён, — каб дабіцца нейкае развязкі. Што тычыцца гэтага... Скузяка.

— І што? Ваша прыдумаў?

— Але.

— Можна даведацца?

— Пакуль што... яшчэ не... Ваша пабачыш у належны час. Або не. Я скажу Вашу зараз. Калі ласка!

Ён працягнуў другую руку — з нажом, вялізным кухонным нажом.

— Што, ізноў? — сказаў я, непрыемна ўражаны. Знянацку, і ўпершыню, я з усёй пэўнасцю зразумеў, што маю дачыненні з вар’ятам.

— Нічога лепшага я не здолеў вынайсці, — прызнаўся ён, быццам апраўдваючыся. — Але гэтага хопіць. Бо калі малады заб’е сталага, то тут сталы заб’е маладога — ясна, Ваша? Гэта стварае цэласць. Гэта іх злучыць, утраіх. Нож. Я ўжо даўно ведаў, што тое, што іх злучыць, гэта нож і кроў. Безумоўна, гэта трэба ўчыніць адначасна, — дадаў ён. — Як Караль усадзіць свой нож у Семяна, я ўсаджу свой нож у Юзяяя... ааа!

Тая думка! Звар’яцелы! Хворы — шалёны — як жа, ён яго зарэжа?!... І ўсё ж гэтае шаленства недзе, на іншым узроўні, было ў сутнасці нечым надзвычай натуральным і нават само сабой зразумелым, гэты вар’ят меў рацыю, гэта належала зрабіць, гэта б іх задзіночыла, «злучыла ў цэлае»... Чым больш крывавай і страшнейшай была гэтая недарэчнасць, тым больш яна лучыла... І, быццам гэтага было мала, гэтая хворая думка, ад якой патыхала больніцай, звыродлівая і здзічэлая, гнюсная думка інтэлектуала, задухмянілася, як квітнеючы куст, задушлівым водарам, так, яна была захапляльнай! Гэта мяне захапіла! Недзе, з іншага боку, з «іхнага» боку. Гэтае крывавае ўзмагутненне забойчай маладосці і гэтае згуртаванне нажом (дзецюкоў з дзяўчынай). Не мела фактычна ніякага значэння, які праступак учыняецца над імі — або імі — які–любя злачын, як востры соус, узмацняў іх смакату!

Нябачны сад напоўніўся і захлынуўся чароўнасцю — хоць вільготны, хоць пахмурны, і з гэтым пачварным вар’ятам — мне давялося глыбока ўздыхнуць свежасцю, я раптам занурыўся ў дзівосна горкую, пранізліва спакуслівую стыхію. Зноў усё, усё стала маладым і пачуццёвым, нават мы! Аднак... не, я не мог пагадзіцца! Тут ён ужо відавочна перабраў меру! Гэта было недапушчальна — немагчыма — зарэзаць гэтага хлопца ў каморы — не, не, не... Ён рассмяяўся.

— Супакойся, Ваша! Я хацеў толькі праверыць, ці Ваша маеш давер да клёпкі ў маёй галаве! От жа! Скуль! Гэта такія летуценні... ад поўнага раздражнення, што я насамрэч нічога не прыдумаў з гэтым Скузякам. Такое ідыёцтва!

Ідыёцтва. Сапраўды. Як ён сам гэта прызнаў, ідыятызм выехаў перада мной, бы на сподачку, і мне стала непрыемна, што я даў сябе ашукаць. Мы вярнуліся дадому.

12.

Няшмат ужо застаецца апавесці. Фактычна ўсё ўжо пайшло гладка, усё больш гладка, ажно да фіналу, які... ну, пераўзышоў нашы чаканні. І было гэта лёгка... мне ажно смяяцца хацелася, што такая гнятлівая цяжкасць скончыцца такой акрыляльнай лёгкасцю.

Мая роля зноў палягала ў пільнаванні пакою Семяна. Я лёг на ложак дагары тварам, рукі пад галаву, і прыслухоўваўся — мы ўступілі ў ноч, і, на першы погляд, дом заснуў. Я вычэкваў, калі зарыпяць сходы пад нагамі пары забойцаў, але ў сутнасці яшчэ было зарана, заставалася пятнаццаць хвілін. Цішыня. На дварэ вартаваў Гіп. Фрыдэрык унізе, ля ўваходу. Урэшце рыхтык а палове на першую сходы недзе ўнізе рыпнулі, пад іхнымі нагамі. Яны ішлі, мабыць, без абутку. Босыя? Ці ў шкарпэтках?

Незабыўныя хвіліны! Ізноў данеслася далікатнае рыпенне сходаў. Нашто ж яны так краліся — было б больш натуральна, каб жа яна свабодна ўзнялася наверх, толькі ён павінен хавацца — але чаго ж дзіўнага, што ім перадалася канспірацыя... і нервы ў іх, хоцькі–няхоцькі, былі напятыя. Я амаль бачыў іх, бачыў, як яны з прыступкі пераступаюць на прыступку, яна першая, ён за ёй, намагаючыся, каб пад нагамі як найменш рыпела. Мне стала непрыемна. Хіба гэтае супольнае пракраданне не было толькі благім сурагатам іншага пракрадання, у сто разоў больш жаданага, дзе б ён пракрадаўся да яе?... аднак мэта іх у гэты момант — не столькі Семян, колькі яго забойства — была не менш цялесная, грэшная і гарачая ад кахання, і іхнае пракраданне не менш напятае... Ах! Яшчэ раз рыпнула! Маладосць набліжалася. Гэта было невымоўна чароўна, бо пад іх нагамі жудасны ўчынак ператвараўся ўва ўчынак паглядны, і было гэта, як павеў свежага паветра... толькі, што... якой жа была гэтая сігаючая крадком маладосць, ці была чыстай, ці была сапраўды свежай і простай, і натуральнай, або нявіннай? Не. Яна была «для сталых», калі гэтыя двое ўблыталіся ў авантуру, то для нас, паслужліва, каб дагадзіць нам, каб пафліртаваць з намі... і мая спеласць «для» маладосці мелася сустрэцца на целе Семяна з іх маладосцю «для» спеласці — ну што за rendez–vous!

Але ў гэтым заключалася шчасце — і пыха — што ж за пыха! — і нешта яшчэ большае, нешта, як гарэлка — што яны па дамоўленасці з намі, намоўленыя намі і, бадай, з нейкай няўхільнасці служэння нам так рызыкавалі — і так пракрадаліся! — на гэткае наважыліся злачынства. Гэта было боскім! Гэта было нечуваным! У гэтым крылася найбольш прыцягальнае з усіх хараство свету! Я, лежачы на ложку, проста шалеў ад думкі, што мы з Фрыдэрыкам былі натхненнем для гэтых ног — ах, ізноў рыпнула, цяпер ужо значна бліжэй, і сціхла, наступіла цішыня, і я падумаў, што, можа, яны не вытрымалі, хто ведае, можа, завабленыя гэтым супольным пракраданнем, адступіліся ад мэты, звярнуліся адно да аднаго і цяпер, у абдымках, забыліся аб усім, памкнуўшыся да забароненых целаў! Упоцемку. На сходах. Задыханыя. Гэта магло быць. Няўжо... няўжо... але, не, новае рыпенне паведаміла, што гэта пустыя надзеі, нічога не змянілася, яны ўсцяж ідуць па сходах — і тады аказалася, што гэтая мая надзея была зусім, падкрэсліваю, зусім, выключанай, яна ўвогуле не бралася ў разлік, не стасавалася з іх стылем. Замаладыя. Замаладыя. Замаладыя для гэтага! Загэтым ім неабходна прыйсці да Семяна і забіць. Тым часам, аднак (бо на сходах ізноў стала ціха), я задумаўся, ці не бракуе ім адвагі, можа, яна схапіла яго за руку і цягне ўніз, а калі ім знячэўку з’явіўся вялізны цяжар задання, яго гнятлівая маса, гэтае «забіць». А калі яны пабачылі гэта і спалохаліся? Не. Ніколі! Гэта таксама было выключана. І дзеля тых жа самых прычын. Іх гэтая бездань прыцягвала таму, што яны маглі яе пераскочыць — іхная лёгкасць імкнулася да найкрывавейшых прадпрыемстваў таму, што яны перараблялі гэта ў нешта іншае — і іхнае набліжэнне да злачынства было якраз выгубленнем злачынства, яны, учыняючы, знішчалі.

Рыпенне. Іх цудоўная нелегальнасць, гэты грэх (хлапеча–дзявочы), што лёгка пракрадаецца... і я, можна сказаць, бачыў іх ногі, спавітыя таямніцай, раскрытыя вусны, чуў забаронены подых. Я падумаў аб Фрыдэрыку, які лавіў тыя ж самыя водгукі ўнізе, у вітальні, дзе ў яго была вызначаная пазіцыя, я падумаў аб Вацлаву, убачыў іх усіх разам з Гіпалітам, са спадарыняй Марыяй, з Семянам, які, відаць, як і я, ляжаў на ложку — і ўвабраў у сябе смак злачынства дзявочага, грэху юначага... Стук, стук, стук.

Стук, стук, стук!

Груканне. Гэта яна грукала ў дзверы Семяна.

Тут фактычна і канчаецца мой аповед. Фінал быў надта... гладкі і надта... ашаламляльны, надта... лёгка–бязважкі, каб я мог апавесці яго дастаткова верагодным чынам. Абмяжуюся толькі пералікам фактаў.

Я пачуў ейны голас: «Гэта я». Ключ павярнуўся ў замку Семяна, адчыніліся дзверы, здзеяўся ўдар і спаданне цела, якое, відаць, абрынулася плазам на падлогу. Мне здаецца, што хлапец яшчэ двойчы для пэўнасці ўжыў нож. Я выскачыў на калідор. Караль ужо запаліў ліхтарык. Семян ляжаў на падлозе, калі мы яго перавярнулі, паказалася кроў.

— Зроблена, — сказаў Караль.

Але гэты твар, дзівачна падвязаны хусткай, быццам балелі зубы... гэта быў не Семян... і адно пасля некалькі секундаў мы спанатрылі: Вацлаў!

Вацлаў замест Семяна, на падлозе, мёртвы. Але Семян таксама быў мёртвы — адно толькі на ложку — ляжаў на ложку з ранай ад нажа ў баку, носам у падушку.

Мы запалілі святло. Я прыглядаўся да гэтага, поўны нейкіх дзіўных сумневаў. Гэта... гэта не падавалася такім на сто працэнтаў сапраўдным. Запроста — залёгка! Не ведаю, ці я дастаткова ясны, хачу сказаць, што гэтага сапраўды не магло быць так, бо нейкая падазроная простасць прасякала гэтае вырашэнне... як у казцы, як у казцы... Вось што, мабыць, здарылася: Вацлаў адразу пасля вячэры прабраўся ў пакой Семяна праз дзверы, што злучалі іхныя пакоі. Забіў яго. Гладка. Пасля чакаў прыходу Гені з Каралем і адчыніў ім дзверы. Усё, каб яны яго забілі. Гладка. Для пэўнасці загасіў святло і падвязаў твар хусткай — каб яго ў першае імгненне не пазналі.

Жудасць майго раздваення: бо трагічная брутальнасць гэтых трупаў, іхная крывавая праўда была надта цяжкім плодам надта гнуткага дрэва! Гэтыя два нерухомыя трупы, гэтыя два забойцы! Быццам смяротна канчальная ідэя наскрозь прасякалася легкадумнасцю...

Мы выбраліся на калідор. Яны аглядаліся. Нічога не гаварылі.

Мы пачулі, што нехта бяжыць па сходах. Фрыдэрык. Угледзеўшы Вацлава, спыніўся. Махнуў да нас рукой — невядома, што гэта мела азначаць. Выцягнуў з кішэні нож, патрымаў яго хвіліну ў паветры і кінуў на зямлю... Нож быў акрываўлены.

— Юзек, — сказаў Фрыдэрык. — Юзек. Ён тут.

Быў нявінны! Ён быў нявінны! Нявінная наіўнасць біла з яго! Я зірнуў на нашу парачку. Яны ўсміхаліся. Як і зазвычай моладзь, калі цяжка выблытацца з непрыемнага становішча. І секунду, яны і мы, у нашай катастрофе, пазіралі адно аднаму ў вочы.

З польскай мовы пераклаў Валерка Булгакаў.
Пераклад зроблены паводле выданьня: Witold Gombrowicz. Dziela. Tom IV. Pornografia. Wydawnictwo Literackie, Krakow—Wroclaw 1986.

Опубликовано 27 сентября 2004 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1096278508 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА Парнаграфія (Частка другая)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network