публикация №1096215526, версия для печати

ВЯСКОВАЯ ІДЭЛІЯ


Дата публикации: 26 сентября 2004
Публикатор: maskaev (номер депонирования: BY-1096215526)
Рубрика: БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НИЧИПАР АЛЕСЬ


НИЧИПАР АЛЕСЬ

Вёсачка была невялічкая. Колькі разоў, калі праходзіў гэтаю запыленай дарогаю, бачыў я адное і тое-ж. Перахіленыя падгнілыя платы. Зноў жа, добра-такі там-сям прагнілыя гонтавыя стрэхі. Буйное крапіўе ля напалову разбураных хлявухоў і свірнаў. “Укрыжаваныя” дошкамі вокны спусцелых, самотных хацін. І – старыя людзі. Адныя старыя…

Вясковая ідылія

(апавяданне)

Стаялі апошнія жнівеньскія дні й зіхоткае сонца адорвала зямлю сваёю развітальнай летняю пяшчотай, лашчачы яе цёплым промнівам перад надыходам восені. Бярозы пачыналі ўжо скідаць з сябе жаўталісць, але ўсё жывое, як і заўсёды, мкнулася, цягнулася да сонца, якое безмяцежліва блішчэла сярод бясконцай небнай сінечы, нібы заблукалы ліхтар якойсьці фантастычнай, нябачнай лятарні ў бязмежным і бяздонным акіяне часу і прасторы.

Я шпацыраваў па лесе, дзе, не гледзячы на спякоцце, надвор’е было ўсё ж прахалодным, і з насалодаю дыхаў чыстым, сыравата-свежым паветрам, якое было густа насычана хваёвымі водарамі, прыемнымі пахамі падвялых кветак ды падсохлай травы. Зрэдку свавольнік-вецер гулліва налятаў на дрэвы, зрываў з галінак сухія лісткі і яны, кружляючы ў якімсь зачараваным марудным танцы, павольна клаліся мне пад ногі, навяваючы самотную, незразумелую вусцішнасць.

Паступова лес радчэў і я ўхуткачас выйшаў да поля, за якім пярэсціліся, пераліўна пабліскваючы гарачым праменнем, што люстравалася ў вокнах, вясковыя хаткі. Некалькі разоў я бываў ужо тут і ведаў, што праз вёсачку можна нашмат хутчэй дабрацца да гораду, чымся калі б скіравацца ўбок ды йсці шашою. Дарога пад нагамі курэла пылам. Ля сваіх дамкоў урачыста сядзела некалькі дзядзькоў даволі пажылога веку, якія папыхквалі самакруткамі. Была нядзеля і людзі, адпачываючы ад нялёгкай штодзённай працы, падстаўлялі сонцу свае спрацаваныя мазольныя рукі з вузлаватымі парэпанымі пальцамі.

Вёсачка была невялічкая. Колькі разоў, калі праходзіў гэтаю запыленай дарогаю, бачыў я адное і тое-ж. Перахіленыя падгнілыя платы. Зноў жа, добра-такі там-сям прагнілыя гонтавыя стрэхі. Буйное крапіўе ля напалову разбураных хлявухоў і свірнаў. “Укрыжаваныя” дошкамі вокны спусцелых, самотных хацін. І – старыя людзі. Адныя старыя…

Мінуў вёску. Ішоў, уздымаючы нагамі сухі шархоткі шэры пыл і думаў. Гэта ж ухуткачас наместа тых хацінак ды паламаных, пахіленых ці паваленых платоў, якіх ужо і няма каму паправіць, разбуяецца крапіва, лебяда, ваўчкі… І ўвогуле, адно мо ветру ў здзічэлым сабакам застанецца гойсаць па гэтых дварох ды выць ад самоты…

Прысеў каля невялічкай сажалкі на парослы імхом камень, палю цыгарэціну і, гледзячы на чорную роўнядзь вады, дзе плавае жоўта-чырвонае лісце клёнаў, успомінаю сваю вёсачку. Тую, дзе прайшло маё дзяцінства. Зараз там таксама засталіся толькі адныя пажылыя людзі ды пакінутыя хаты, да якіх гэтак няўмольны час…

Раптам на дарозе – нечая постаць. Счакаўшы некалькі хвіляў, я здолеў разгледзець яшчэ даволі маладога ды моцнага, на выгляд, складу чалавека. Ён скіроўваўся да сажалкі. Па нервовай, хісткай хадзе было відаць, што мужчына добра-такі нападпітку. За ім, тыцкаючыся пысаю ў запэцканую палатняную валізку, бегла невялічкая кудлатая сучка, жаласліва паскугваючы ў падвываючы. Наблізіўшыся да берага, мужчына кінуў цыгарэтны недапалак у ваду ды шпурнуў валізку ў прыбярэжнае балотніска, над якім віліся ды гулі пчолы і іншая жамярэць. У валізцы штось капошкалася, павізгвала. Сучка ў мэнт вока кінулася да тае валізкі, ды гаспадар выцяў яе пад чэрава чаравікам і тая, скугочучы адскочыла прэч.

- У-у-у! - Прамычэў ён. – Наплодзіла сучанятаў, сцерва!

Пасля гэткіх “слоў” мужчына выцяг з кішэні зашмульцаваных і прамасленых нагавіц распачатую пляшку таннага “чарніла” ды прагна, з хлюпатам, асушыў яе. Раптам пачуўся неразборлівы лямант. Па дарозе з усяе моцы бег хлапчук год мо сямі-васьмі. Мужчына мацюкнуўся.

- Тат, ну тат, не трэба! Яны жа жывыя, бачаць ужо! - Заплакаў хлопчык і ўчапіўся абедзьвюма ручанятамі за бацькаву камізэльку.

- Цыц, смаркач! - Рыкнуў бацька, падняў валізку ды з размаху шпурнуў яе ў ваду.

Хлапчэнятка адышло ад бацькі ды шырока раскрытымі ад жаху вачыма ўталопілася ў чорнае люстэрка сажалкі, у тое месца, з якога разыходзіліся кругі…

- Матка ў хаце? – прамармытаў мужчына, падпальваючы змяты цыгарэтны недапалак.

- П’яная. Суседка ледзьве яе дому дацёгла! - Раззлавана адказаў хлопчык.

- Заб’ю!.. Падлу!..

За гэтымі словамі мужчына, цяжка перастаўляючы непаслухмяныя ногі, пацёгся дамоў.

Хлопчык стаў на каленцы, паклікаў сучку і, моцна прыціскаючы ручкамі яе да сябе, прашаптаў:

- Ну што, Мілка? Цяпер толькі ты ў мяне засталася.

Мілка зірнула яму ў твар слёзнымі сваімі вачыма і ціхенька заскуголіла.

А сонца ўсё гэтак-жа безмяцежліва зіхацела ў небнай сінечы, грэла зямлю ды адлюстроўвалася ў чорным люстэрку сажалкі.

Пераклад з рускай -

Ю.Карэйвы

Опубликовано 26 сентября 2004 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1096215526 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА ВЯСКОВАЯ ІДЭЛІЯ

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network