ДАУНІНА

Белорусская поэзия. Классические и современные стихи белорусских поэтов.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ


БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ДАУНІНА. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-25

ГЕНИЮШ ЛАРИСА

Гісторыю спраў вялікіх твораць людзі,
якіх у нетрах ўзгадаваў народ.
Былі мы ад вякоў, мы ёсць. Мы будзем,
на спадчыне дзядоў сваіх — крывіцкі род!

*

Ў гадоў тумане велічнасць не гіне,
мы з ёю й сяння, як шляхотны сплаў,
і сніцца мне святая Еўфрасіння
і слаўны крыж, што Богша1 змайстраваў.
Ў заранні дзеяў першыя святыні
і благачэсце мудрае наздзіў,
з князёў айчынных першыя Святыя,
якімі Полацак народы задзівіў.
Ў час бітваў ў полі ратных і крывавых,
ў час гутарак стралою і кап'ём
дзіця славянаў, юная Прадслава
зышла на землю цёмную — святлом!

*

Раніца. Сонца над борам ўстае,
светам зямлю ахапіла.
Хорам птушыным ўжо пушча пяе
гімны для бога Ярылы.
Над стрэхамі хатаў ўзвіваецца дым,
йдзе з коньмі начлежнік з дубровы.
З варотаў сялянскіх на луг, да вады
выходзяць паважна каровы.
Куры кудахчуць, авечкі бляюць,
скрыпіць журавель ля студні.
З сонцам і людзі да працы ўстаюць,
і дзень пачынаецца будні.
Сена над рэкамі выйдуць касіць,
жаць, калі збожжа даспее,
пад новыя нівы лясы церабіць,
каб зернем пад восень засеяць.
У пушчу, ў смалярні па дзёгаць, па мёд,
па дрэва тугое на скрыні,
з сяцямі на рыбу па пояс уброд
ці на ловы з тугой рагацінай.
Жыць — гэта знача як след працаваць:
зжынаць, малаціць і веяць,
дочак галубіць, сыноў гадаваць,
нашчадкаў сваіх надзейных.
Вецер даўно разагнаў туманы,
ўскружылі над дрэвамі галкі,
схаваліся ў тоні глыбокай Дзвіны
з прываблівым спевам русалкі.
Схаваўся, не бродзіць ўжо пушчай лясун:
зло свету праменняў баіцца,
і вецер на дрэвах, на гуслях без струн,
ужо не пяе небыліцаў.
Сонца, малітву табе сваю шлюць
у пушчы ўсе твары жывыя.
Табе гэта песні дзяўчаты пяюць,
заплятаючы косы тугія.
Толькі і Ты ужо, сонца, не Бог,
і хоць для народа Ты — тайна,
не ставяць ўжо стодзіваў болей ў палёх
табе, свет зямлі жыццядайны.
Вялікаю праўдаю стала любоў
і вера ў Хрыстовае слова —
інакшая, чымсьці у нашых дзядоў,
паганаў у пушчах суровых.
Не слава, не гонар — людзей забіваць,
моц павялічваць з цярпенняў,
ворагаў нават належыць кахаць
для Божага благаславення.
З цялеснаю смерцю — жыцця не канец,
яно прадаўжаецца ў вечнасць,
бо так загадаў найсвяцейшы Айцец
зямлі і душы чалавечай.
Не зло і насілле, а — сеяць дабро,
інакшая вартасць багацця,
не сіла, а попел нікчэмны яго
перад ахвярай Распяцця!
Ўсё тленна, дачасна. Гасціна — жыццё,
а вечнасць — дабра перамога.
Любоў — не смяротнасць. Яна — адкрыццё
нябеснае, райскай дарогі.
Жывёле парывы свае заглушаць
належыць жаданнем зямнога,
а ў чалавека ёсць розум, душа,
тварэц ён і частачка Бога!
Не кланяцца сільным, а ціхіх любіць,
да хворых ісці з уцяшэннем,
хлебам надзённым усіх абдзяліць,
злагодзіць людское цярпенне.
За добрае плаціць Бог людзям дабром,
інакшай няма ў яго знаці,
як чыстыя сэрцы ў змаганні са злом
і людзі, як роўныя брацця.
Людзі, як дзеці у Бога Айца,
пакорныя праўдзе Ягонай
і роўныя ў строгім абліччы Тварца,
ад рызмана да кароны!

*

Полацак горда стаіць над Дзвіной.
Яго землямі зноў авалодаў,
вярнуўшыся ў град пераможны і свой,
княжаскі род Рагвалодаў2.
Спіць сном ужо вечным Ўсяслаў Чарадзей —
зямлі сваёй слава і стража.
Дзяржава ў руках яго верных дзяцей:
Барыс3 цяпер ў Полацку княжыць.
Поруч пры ім на пасадзе браты,
Ўсяславічы дружныя правяць,
і Святаслаў4, самы з іх малады —
бацька князёўны Прадславы.

*

А ў замку князёўна расце, як вярба,
лагодная. З ласкі уся і з дабра.
Прадслава, галубка Прадслава —
бацькі яе клічуць ласкава.
Дзяўчына — бы жытні колас,
русыя косы па пояс,
кветкі ў белых далонях,
вочы — Дзвіны прадонне.
Шаты з славянскай белі,
вусны — жар вішняў спелых.
Стан, бы ў бярозкі любай,
якую вятры галубяць,
якую сонца лялее,
якая ў цемры бялее.
Уся яна — песня-бяроза,
толькі сталы ў князёўны розум,
толькі светлы ў князёўны роздум
і не дзявочыя крозы.
Многа баяр нежанатых
хочуць князёўну сасватаць,
кожны ахвочы, згодны
піць шчасце, як кубак мёду,
з рук яе тонкіх, ласкавых,
з вуснаў князёўны Прадславы.
Такая б прала і ткала,
верна з паходу чакала.
Гонар — з такою быць радам.
Яна не дзяўчына, а Лада!

*

Сяброўкі Прадславы песні пяюць,
ткуць, вышываюць уборы,
то золата ў русыя косы ўплятуць,
то янтар з недалёкага мора.
Заморскія ткані красуюць на іх.
Пратканыя золатам шаты
сплываюць раскошна па тонкіх, стрункіх
палачанках, красою багатай.
Завушніцы, пэрлы на іх зіхацяць,
такія, як болей ні ў кога,
так ў Полацку ўмеюць красу вырабляць
майстры рамяства залатога.
Лані ў скоках, ад пёрка лягчэй,
вядуць карагод, бы лябёдкі.
Задумай сваіх васільковых вачэй
вабяць яны аднагодкаў.
І не адзін ў баёх слаўны юнак,
адважных ваяраў нашчадак,
сэрцам паддаўся, не ўстояў ніяк,
прад любасцю тых палачанак.
Вачэй не адняць ад чароўнай красы,
белагаловых і русых,
пераліваюцца іх галасы,
вясняныя песні на вуснах.
Гляне з-пад косаў — баярын замрэ
ад шчасця салодкае негі,
а сэрца галубка ў палон забярэ,
як бралі ў палон печанегі.
Толькі Прадслава не знае забаў,
ні песняў, ні скоку, ні смеху,
сэрца князёўны свет іншы забраў,
святой, незямное уцехі.

*

Баярычы сохнуць, кахаюць,
да князя сватоў засылаюць,
ім скромнасць князёўны-красуні
мілей за вясёлыя гульні.
За смехам бывае пустэча,
а ў сумных вачах — чалавечнасць.
Князёўна усімі каханая,
бацькам ўсё жыццё паслухмяная,
сяння упарта ў нечым
ім нават стала пярэчыць.
Не адчувае, не бачыць
залётаў прывабных, юначых.
Нават мужнасць, краса баявая
яе сэрца зусім не кранае.
Шчасце ў зямным каханні
не суджана белай лані...

*

Вясновае сонца на небе, як лён,
жыццядайна над краем павісла.
Лугоў зіхаценне, бароў перазвон,
калі вецер прыпадзе да лісцяў.
Пах і квітненне, гудзенне вясны,
птушыныя ўзвівы на крыллях
і хваль сіні плёскат аб бераг Дзвіны
князёўну не раз паланілі.
Кожную кветку кахае дзяўчо,
вясну, як клякоча бусел,
і замак, і шумнае вокал жыццё,
нават песні пад звонкія гуслі.
Умее галоўку увагай ўскружыць
да хворых, да ўсіх небагатых,
усё ж аб супружжы не хоча тужыць,
як тужаць другія дзяўчаты.
Бачыла многа бясстрашных баяр,
славу крывіцкіх дружынаў,
ўсё ж сэрца ёй звабіў не муж, а алтар
з Хрыстовай крывёю нявіннай.
Ворагаў трэба ў баі забіваць,
Край бараніць ад напасці,
Бога ж і праўду — мілей пакахаць,
зямное адкінуўшы шчасце!
На крыж да ног Божых ўсім сэрцам прыпасць,
зглыбіць найсвяцейшыя словы.
Народ свой крывіцкі ўлагодзіць, узняць
да соладу веры Хрыстовай.
Ў задуме, у марах Прадслава, бы ў сне,
маці заплаканай кажа:
забавы і сужанцы не для мяне,
служыць хачу Богу — не княжыць.

*

Поўнач, далёка яшчэ да відна,
сон вачанят не кранае.
Плешчацца рыбай аб бераг Дзвіна,
у полі вятры запяваюць.
Не спіцца князёўне, хоць гоман замоўк,
заціхлі і песні, і гуслі.
Адны толькі стражы кап'ём незнарок
зазвоняць, ачнуцца прымусяць.
Ўжо князь спачывае на ложы са скур,
княгіня бялявая побач.
Свет месячны шчодра кладзецца на мур,
і цені намечваюць поўнач.
Князёўна у белі, і косы, як лён,
за пояс сплываюць, бы хвалі.
Цвярдзейшае сэрца ўзялі б у палон
такія, калі б пакахала.
Не марыць дзяўчына пра солад сустрэч,
пра шчасце ля мужава боку,
не вабяць ёй сэрца ні рыцар, ні меч,
князёўна ў малітве глыбокай.
То дух хрысціянства на княжым двары
у сэрца пранік пераможна:
з дзяцінства вучылі яе святары
пісьму і прамудрасці Божай.
Сплывае кашуля па тонкім плячы,
подых ветрыку косы цярэбіць,
а малітва, дзявочая просьба ўначы
ляціць ў неспакойнае неба.
І просіць Прадслава ласкава, каб Бог
ад войнаў, ад мораў, нягодаў
святыні, крывіцкія землі сцярог,
народ наш і род Рагвалодаў.
Прабабка Рагнеда даўно ужо спіць
пад Менскам у Ізяслаўі,
сяння піць, як Ўладзімір5 піў з Божых крыніц,
наканавана Прадславе.
Няхай жа праменіць той кіеўскі свет
на ўсе крывічоў пакаленні.
Прадзеда споўніць яна запавет
ў прачыстым, дзявочым гарэнні.
Патрэбна нямногае княжай дачцэ:
пасвенчаны крыжык на грудзі,
маленькая келля у ціхім Сяльцы,
посах і тры невялічкіх хлябцы,
ды служыць вечна Богу і людзям.

*

Плача княгіня і журыцца князь,
Ўсяславічы ў суме паніклі,
думкі супольна снавалі няраз
аб шчасці князёўны вялікім.
Затворніцтва юнай — супружжу няўцям,
з вачэй слёзы капаюць градам.
Пашто ж самахоць уцякаць ад жыцця,
што боль нам прыносіць і радасць?
І толькі князёўна зіяе адна,
ў любові сваёй не сагнецца,
хто ў муках сканаць ўмеў «за друзі свая»,
таму аддала яна сэрца!

*

Жаль цябе, бацька, Святаславе родны,
жаль цябе, маці, княгіня Сафія,
дачкі не ўтрымаць вам свае першароднай,
і думаў аб Богу яна не пакіне.
Дарма было поўніць дубовыя скрыні,
раскошныя строіць князёўне харомы.
Йдзе юнасць па шчасце шляхамі сваімі,
няўцям яе нораў юнацкі нікому...

*

Змілуйся, маці, мой бацька, даруй,
долі насустрач дзяўчаты
вякі адыходзяць ад матчыных рук,
й мяне лёс таксама сасватаў.
Мой Сужанец слаўны, дарэмны ваш сум,
ці ж большага Маці зрадзіла?
Яму маё сэрца ў далонях нясу,
яму — служыць да магілы.
Доля мая ў Яго Божых руках,
мілей за харомы, карону,
пакутны, цярнёвы жыцця Яго шлях
і храм, гдзе прыбытак ягоны.
Розна на свеце людзі жывуць:
той са зброяй, той з міласцю Божай,
шчасце не тое, што шчасцем завуць,
а тое, што душу трывожыць.
Велічы ў свеце няма без ахвяр,
жыцця я свайго не шкадую,
Богу прынёсшы яго на алтар,
я ў памяць ўпішуся людскую.
У попел рассыплецца мораны дуб,
скарбы сатлеюць па скрынях,
а я праз вякі, палачанка, прайду,
каб жыць для людзей між святымі!
Бы дуб, наш хрышчоны разросся народ,
быць слаўным яму і вялікім,
камель — для прыняцця, стрывання нягод,
а я — толькі дрэва галінка.
Мудрасць і веліч праславіць нам час,
зыскаць для зямлі нагароду.
Кожнай галінцы належыць у нас
быць апорай крывіцкага роду!

*

Светлая зорка на неба ўзышла.
Быў вечар, калі у святыню
лёгкай ступой назаўсёды ўвайшла
Прадслава, цяпер Еўфрасіння.
Пакінула ўдома уборы і бель,
ўсе ўцехі, вачэй насалоду.
Малітвы і мудрасць — адзіны удзел
чарніцы цяпер назаўсёды.
І звоняць у Полацку доўга званы
святочна, ўрачыста, за поўнач.
Гэта вітаюць і славяць яны
ў мурах манастырскіх князёўну.
А вокал квітнее, бурліць веснаход,
травы ўбіраюцца ў росы.
Схіляе галовы з павагай народ
прад чынам Прадславы узнёслым.

*

З Прадславай той, хто думам даў узвышшы
і мудрасці няземскай пералік.
Чарніца моліцца, чарніца піша,
каб праўды свет у яе Край пранік.
У полымя разыскрыла цяпельца
і верай асвяціла край бацькоў,
нязгоды прыпыніла ціхім сэрцам,
спыніла бой, каб не лілася кроў.
Прадаўні час і мір лунаў над Краем.
Не лязгат зброі — перакліч званоў.
Дык знача, там жыла ужо святая,
што ненавісць змяніла на любоў.

*

На рукі цёткі ігуменні
князёўна сплыла задумана.
Багацце і знатнасць адкінула,
грэшны свет за сабою пакінула.
Ды з бярозанькі над крыніцаю
стала строгай цяпер чарніцаю.
За парогам — жаль, плачуць родныя.
ў келлі ціха, мір і свабода ёй.

*

Няхай жаль мне душы не кране,
дзядзіна, падтрымай мяне.
Развей, вецер, думы дзявочыя,
бо дамоў мне ўжо не варочацца.
Лёс сама сабе перайначыла,
паліліся слёзы гарачыя,
бо няма дачкі абыякавай,
каб па маці сваёй не заплакала...

*

Маці родная і Багародзіца,
Два шляхі з сабой разыходзяцца.
Шлях ўжо выбраны вечны й даўгі,
як жа забыць Ёй той, другі?
Доўга цепліцца ноч лампадаю,
ланю гожую звалі Ладаю,
перад кветачкай, перад ружаю
клалі княжычы сэрцы мужныя.
Рукі верныя, долю слаўную
слалі княжычы прад Прадславаю.
А цяпер колькі трэба сілы ёй
быць манахіняй Еўфрасінняю.
Шлях жа выбраны, шлях ўзлялеяны,
скуль сумненняў цьма неразвязаных?
Цела і душа цесна звязаны...


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ:
Комментируем публикацию: ДАУНІНА


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.