Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

А. Калубовіч - Рэха I-га Ўсебеларускага Кангрэсу на Захадзе


I-шы Ўсебеларускі Кангрэс - вялікая й вызначная падзея ў гісторыі Беларусі. Таму аб ім ёсьць такая багатая літаратура ў беларускай мове - дакуманты, мэмуары, гістарычныя нарысы, артыкулы й г.д.
Падзея гэтая не магла ня выклікаць свайго палітычнага рэха й на Захадзе - у прэсе, на сэсіях парлямантаў, міжнародных канфэрэнцыяў і арганізацыяў, у навукова-гістарычнай літаратуры.
Рознымі дарогамі даставаў Захад інфармацыю аб Кангрэсе: уласнай, службовай з мэмарыялаў і інфармацыйных запісак Ураду БНР і іншых беларускіх установаў і арганізацыяў[1]; зь беларускіх публікацыяў, інфармацыйных брашураў у заходніх мовах - нямецкай[2], францускай[3], ангельскай[4], гішпанскай[5] і інш.
Вось колькі, ведамых нам, але далёка ня поўных, фактаў рэха ў храналягічным парадку.
22 сьнежня 1917 году ў Берасьці пачала сваю працу г.зв. мірная канфэрэнцыя. На Кангрэсе адразу зьявілася занепакаеньне тым, што на канфэрэнцыі няма прадстаўнікоў Беларусі й што там нібы йдуць гутаркі аб далучэньні Беларусі да будучае Польшчы. «Як піша газэта «Echo Polskie», Беларускі Кангрэс у Менску, на каторы зьехалася 1300 дэпутатаў, зьвярнуўся да Троцкага з гэтакім пытаньнем: «З прычыны чутак аб тым, што ў Берасьці ў часе мірных перагавораў адна з старон прэдлажыла далучыць Беларусь да Польшчы, Кангрэс просіць аднак даць яму адказ, чы гэта вестка - праўдзівая, і як глядзіць на гэту справу ўрад народных камісараў»[6]. 27 сьнежня старшыня дэлегацыі ў Берасьці Л.Троцкі прыслаў Кангрэсу адказ: «Справа тая яшчэ ў Берасьці не разглядалася[7]. Савецкі ўрад у поўнай згодзе з сваёй праграмай уважае, што ніхто, апрача Беларусі, ня мае права вырашаць лёс Беларусі. Гэту пазыцыю наша дэлегацыя будзе бараніць у далейшых перамовах»[8].
Факты аднак не пацьвердзілі гэтай дэклярацыі.
12 студзеня 1918 году мірная канфэрэнцыя сабралася на чарговае паседжаньне. Усе дэлегацыі былі ў поўным складзе. Нямецкая - міністар замежных спраў Р.Кюльман, пасол Розэнбэрг, гэн. М.Гофман і інш. Аўстрыйская - на чале зь міністрам замежных спраў графам А.Чэрніным. Турэцкая - вялікі візыр Талаат-паша, Ібрагім Гакі-паша й інш. Баўгарская - на чале зь міністрам юстыцыі Паповым. Украінская - міністар прамысловасьці й гандлю У.Галубовіч, сябры УЦРады Сеўрук, Лявіцкі, Лядзкі й Полазаў. І расейская - нарком замежных спраў Л.Троцкі, А.Іофэ, Л.Каменеў, К.Радэк, Л.Карахан, гэн. Самойла й г.д.
Старшыня нямецкае дэлегацыі Кюльман зажадаў ад расейскае дэлегацыі выясьненьня ейных паглядаў на праблему міру. За дэлегацыю адказаў Каменеў. Ён расклаў перад сабою на стале тэзы і ўрачыста пачаў чытаць: «[...] Расейскі ўрад бачыць мэту цяперашніх перагавораў ня ў тым, каб дабіцца прыналежнасьці якой-небудзь зямлі да расейскае дзяржавы, а ў тым, каб была дадзена праўдзівая свабода дзеля самаазначэньня гэтых зямель...»[9]
Як толькі скончыў Каменеў чытаць, слова было дадзена начальніку галоўнага штабу нямецкіх войск на ўсходнім фронце гэн. Гофману. Ад імя нямецкае дэлегацыі гэнэрал заявіў: «[...] Расейская дэлегацыя патрабуе права на самаазначэньне для народаў занятых зямель у такой форме, у якой расейскі народ не дапускае яго на сваёй зямлі. Ваш урад апіраецца толькі на сіле, каторая безміласэрна ўціскае ўсіх, хто думае іначай [...] Уначы з 30 на 31 сьнежня бальшавікі штыхамі й кулямётамі разагналі Першы Беларускі Кангрэс у Менску, маніўшыйся апавесьціць права беларускага народу на самаазначэньне [...] Гэтак на практыцы выглядае пазваленьне ўрадам бальшавікоў на самаазначэньне народаў»[10].
Заява гэн. Гофмана выклікала моцнае ўражаньне. Савецкая дэлегацыя нічога не магла на яе адказаць: яна мусіла прасіць інструкцыяў у свайго ўраду. Пасьля кароткіх увагаў Кюльмана й Троцкага нарады канфэрэнцыі былі перарваныя на два дні.
14 студзеня Троцкі, які ўсяго два тыдні таму так ганараваў Усебеларускі Кангрэс, высылаючы на ягонае ймя запэўненьні савецкае дэлегацыі ў Берасьці й цэлага савецкага ўраду, адказаў гэн. Гофману: «Ня толькі расейскі ўрад ужывае сілу ў адносінах да тых, хто думае іначай, але й нямецкі. Прыклады, каторыя даў гэнэрал Гофман, няўдала асьвятляюць нашую палітыку. Беларускі Кангрэс складаўся з прадстаўнікоў беларускіх земляўласьнікаў і маніўся захапіць тое, што прыналежыць беларускаму народу. Ён сустрэў адпор салдатаў, між каторымі былі й велікарусы, і беларусы, і маларусы»[11].
Усебеларускі Кангрэс не памыліўся, калі не паверыў Троцкаму[12] й прыняў пастанову, паводле якое «для спасения Родного Края и ограждения его от раздела (п. 1 Пастановы[13]) [...] исполнительным органом временной краевой власти делегируются свои представители [...] для участия в происходящих переговорах о мире, для отстаивания цельности и неделимости Белоруссии... (п. 8 Пастановы[14])».
Падарожжа беларускай дэлегацыі за лінію фронту й побыт яе ў Берасьці былі поўныя перашкодаў і драматычных эпізодаў. Дэлегацыя ў складзе відных сяброў Рады Ўсебеларускага Кангрэсу, як тады звалася Рада БНР, д-ра А.Цьвікевіча (старшыня рэзалюцыйнай камісіі Кангрэсу) і С.Рак-Міхайлоўскага (адчыніўшага Кангрэс) была нат арыштаваная. Ёй удалося аднак, хоць і неафіцыйна, у характары раднікаў украінскай дэлегацыі, дастацца на мірную канфэрэнцыю дзесь праз 10 дзён пасьля адказу Троцкага гэн. Гофману й даручыць усім заходнім дэлегацыям мэмарыял Рады за 25 студзеня 1918 году[15]. (У гэтым першым, няхай сабе й неафіційным, дыпляматычным выступу Рады Ўсебеларускага Кангрэсу на міжнародным форуме была й першая афіцыйная інфармацыя аб Кангрэсе й ягоным складзе - запярэчаньне Троцкаму: «Усебеларускі Кангрэс складаўся з дэпутатаў ад валасных сялянскіх земстваў і камітэтаў усяе этнаграфічнае Беларусі, паветавых земстваў, меставых рад, рад рабочых і салдацкіх дэпутатаў, вайсковых арганізацыяў з усіх франтоў і тылу, саюзаў і камітэтаў уцекачоў, каапэратываў, прафэсійных і іншых арганізацыяў Беларусі і ўсіх яе палітычных партыяў - чыслом 1167 дэпутатаў з правам пастанаўляючага голасу й 705 - з правам дарадчага голасу»[16]).
Беларуская газэта «Homan», якая выдавалася ў Вільні, на другім ад Менску баку лініі фронту, дала такую ацэну гэтым падзеям: «З Расеі, - пісала яна, - плывуць вельмі пекныя, вельмі дэмакратычныя клічы. Тут расьцьвіў кінуты Вільсонам усёй дэмакратыі Эўропы кліч аб праве на самаазначэньне ўсіх нацыянальнасьцяў, кліч аб тым, што кожная нацыя павінна сама - і толькі сама - пастанаўляць аб сваёй долі, а не чужыя народы. Тое, што бальшавіцкая Расея прызнае афіцыйна за ўсімі народамі, Троцкі на словах прызнаў і за беларусамі [...] Аднак факты паказваюць, што ад слоў да дзела - вельмі далёка [...] Бальшавіцкае войска, як ужо вядома, штыхамі й кулямётамі разагнала [...] Беларускі Кангрэс у Менску, як толькі ён прыняў пастанову аб незалежнасьці Беларусі...»[17].
Мелі гэтыя падзеі рэха і ў заходнеэўрапейскай прэсе.
Нямецкая газэта «Vorwärts» 27 студзеня паведамляла: «Бальшавікі разагналі Беларускі Народны Зьезд, каторы быў заняты сазывам свайго ўстаноўчага сойму. Троцкі гэтак адказаў гэн. Гофману на яго закід у Берасьці аб разгоне...» (Далей ідзе тэкст заявы Троцкага, які мы ўжо прыводзілі)[18]. «Дайшоўшыя ў Бэрлін апошнія нумары (петраградзкіх небальшавіцкіх. - А.К.) газэт «День» і «Наш век» даюць такія падробнасьці. Засядаўшы ў Менску Беларускі Кангрэс складаўся болей-меней з 1300 асоб. Уначы з 30 на 31 сьнежня Кангрэс прыняў рэзалюцыю аб дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі. Ураз жа пасьля гэтага зьявіўся ўрадавы камісар, аб’явіў, што Кангрэс распушчаны, і арыштаваў прэзыдыюм. Уварваўшыяся салдаты пачалі разганяць дэлегатаў, каторыя з лавак і сталоў пабудавалі барыкады й прабавалі бараніцца, але пасьля пастанавілі ўступіць сіле. Арыштавана 27 асобаў, у тым ліку члены прэзыдыюму»[19].
У № 42 газэты «Vorwärts» за 11 лютага чытаем такую вестку з Штакгольму: «Разагнаныя ў Менску бальшавікамі 18/31 сьнежня беларускія дэлегаты маюць сабрацца ў найбліжэйшым часе ізноў і ўрачыста аб’явіць аўтаномію Беларусі. Беларусь павінна абняць гэткія губэрні: Віленскую, Горадзенскую, Менскую, Віцебскую, Магілеўскую, заходнія паветы Смаленскай і паўночную часьць Чарнігаўскай. Беларускі Кангрэс павінен аб’явіць аб надзяленьні народа зямлёй безь ніякае платы і выдаць дэкрэт аб утварэньні нацыянальнай арміі. У сваіх плянах беларусы сустракаюцца зь вялікімі перашкодамі са стараны палякаў, каторыя аружнай сілай захапілі вялікую часьць памянёных губэрняў»[20].
У швэйцарскай газэце «Bund», якая выдавалася ў Бэрне, пасьля заявы гэн. Гофмана аб разгоне Кангрэсу, была апублікаваная рэзалюцыя віленскага Беларускага Нацыянальнага Камітэту, які ў ёй раней, чымся Рада БНР (25 сакавіка 1918 году), стаў на незалежніцкую пазыцыю: «Расейская рэвалюцыя дала магчымасьць усім нацыям у Расеі, апіраючыся на праве аб самаазначэньні, безь перашкодаў разьвівацца культурна й нацыянальна. Беларускі народ, што дагэтуль стаяў на такім становішчы, каб у межах непадзельнай Расеі здабыць сабе лепшую палітычную будучыню, чакаў цярпліва, пакуль супакаеньне ў гаспадарстве ня дасьць магчымасьці й беларусам здабыць сабе належныя ім правы. Аднак здарэньні цяперашняга часу прымушаюць нас зьмяніць нашыя мэты. У атмасфэры агульнага раскладу гаспадарства ўсюды акраіны хочуць аддзяліцца.
Цэнтральны расейскі ўрад у руках розных палітычных авантурыстых проціў гэтага заўзята. Мы баімся, што гэтакія адносіны могуць усе народы давесьці да загубы і што гэтакае смутнае палажэньне і на беларускія землі можа зрабіць свой уплыў. Разьдзеленая ваенным фронтам, дэзарганізаваная Беларусь можа стацца полем цяжкай палітычнай барацьбы. Наш край, што дагэтуль быў прадметам крывавай спрэчкі між вялікарусамі і палякамі, дамагаецца свайго права на волю й незалежнасьць. Дзеля гэтага беларускі народ адкідае ўсіх няпрошаных апекуноў і абвяшчае, што расейскі цэнтральны ўрад ня мае права правіць нашым краем. Мы бяром арганізацыю беларускага нацыянальнага руху ў свае рукі і абвяшчаем Беларусь непадзельным незалежным краем. Наша незалежнасьць ёсьць неперадаўненае права нашага самабытнага народу, каторае вялікарускі народ у часе царскага гаспадараньня адабраў у беларусаў. Цяпер мы жадаем будучыню нашага краю ўзяць у свае рукі»[21].
Ад 1919 году гісторыя I-га Ўсебеларускага Кангрэсу знайшла сваё аб’ектыўнае насьвятленьне ў навукова-гістарычнай літаратуры Захаду - у гісторыях Беларусі В.Егэра[22] й Е.Энгэльгардта[23] па-нямецку, Л.Васілеўскага[24] па-польску, у дыскусіі А.Баршчэўскага з А.Бэргмановай у зборніку Беластоцкага Навуковага Таварыства «Rocznik Białostocki»[25]; у афіцыйных урадовых заявах - спэцыяльнай брашуры Кангрэсу ЗША[26], у шматлікіх прамовах кангрэсмэнаў і сэнатараў у Кангрэсе й Сэнаце ЗША штогоду на Дзень Незалежнасьці Беларусі з публікацыяй іх у кангрэсовых бюлетэнях[27] і г.д.
Толькі ў маскоўскіх імпэрскіх публікацыях, кантраляваных Масквою, а ў тым і падсавецкабеларускіх, гісторыя I-га Ўсебеларускага Кангрэсу паказваецца ў сьвятле, выгодным для расейскае каляніяльнае палітыкі ў Беларусі.


1. Мэмарыял старшыні Рады Міністраў БНР А.Луцкевіча за 8 студзеня 1919 году дыпляматычным прадстаўніком ЗША, Ангельшчыны, Францыі й Італіі - у кн.: За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. Дакуманты й матар’ялы. Лёндан, 1960. Б. 34; Мэмарыял старшыні Рады Міністраў БНР А.Луцкевіча за 8 траўня 1919 году на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Тамсама. Б. 42; Мэмарыял зь інфармацыйнай запіскай старшыні Рады БНР П.Крэчэўскага за 20 траўня 1924 году ў Лігу Нацыяў у Жэневе - у кн.: Замежная Беларусь. Кн. І. Прага, 1926. Б. 137 і 139. А таксама шматлікія іншыя й пазьнейшыя мэмарыялы ў ААН у Ню-Ёрку, асобным урадам і г.д.
2. Доўнар-Запольскі М. Асновы дзяржаўнасьці Беларусі. Горадня, 1919. Апрача беларускага й расейскага выданьняў, выданьні па-нямецку, па-француску й па-польску. Брашура была прызначаная галоўна для беларускіх дыпляматычных місіяў і прадстаўніцтваў у Бэрліне, Парыжы, Капэнгагэне, Бэрне, Гэльсінках, Варшаве, Празе, Канстантынопалі й інш. сталіцах заходняга сьвету.
3. Rydlevsky L. Bielorussie. Paris, 1948. P. 14-15.
4. Whiteruthenia (Bielarussia). Outlines of Whiteruthenia and the Whiteruthenian national movement, [Genrmany,] 1947. Р. 14-15.
5. Bielorrusia, Editado por Asociacion Bielorrusa en la Argentina. Buenos Aires, 1953. P. 31.
6. Słowy i učynki // Homan. 1918. № 13(209).
7. Гэты прапушчаны ў Чарвякова сказ з тэлеграмы (адказ на першае пытаньне Кангрэсу) узяты тамсама.
8. Чарвякоў А. За Савецкую Беларусь. Менск, 1927. Б. 50.
9. Поўны тэкст заявы - гл.: Homan. 1918. № 6(202).
10. Homan. Шматкроп’е паказвае на пропуск увагаў, ня зьвязаных з нашай тэмай.
11. Тамсама. Як ведама, запраўдныя прычыны разгону Кангрэсу былі іншыя, бо вось жа сам «Тав. Сталін, як адзін з кіраўнікоў Камуністычнай партыі й Савецкай улады, у сьнежні 1917 году ўмовіўся зь Беларускім Абласным Камітэтам сялянскіх дэпутатаў наконт таго, што трэба склікаць Усебеларускі Кангрэс, каб вырашыць пытаньне аб самавызначэньні Беларусі [...] Ды ня толькі ўмовіўся, але даў грошы на зьезд і зрабіў загад, каб арганізатарам зьезду далі поўную магчымасьць карыстацца тэлефонам, тэлеграфам ды інш.». Ён нат прыслаў на Кангрэс тэлеграму, запэўняючы, што «Савет Народных Камісараў будзе бараніць інтарэсы беларускіх працоўных» (Чарвякоў А. Цыт. пр. Б. 49-50). Кангрэс асабіста віталі народныя камісары «Западной области фронта» Бэрсон (нацыянальныя справы) і Рэзаўскі (нутраныя справы). Прычыны разгону тыя, што Кангрэс неспадзявана для бальшавікоў «[...] обявил в Крае новую власть, отвергнув и об’явив низложенным и самозванным [...] Областной Центральный Комитет Советов и выделенный им орган Совет Народных Комиссаров Западной Области [...] отверг установленную Советами власть для местного края с передачей ее избранному на с’езде [...] органу...» - тлумачыўся старшыня СНК Заходняй вобласьці Ландэр, які даў загад аб разгоне Кангрэсу, у сваёй тэлеграме СНК і Сталіну ў Петраград, ЦБК і газ. «Правда» (Турук Ф. Белорусское движение. Москва, 1921. С.108). (Падкрэсьленьне и скарачэньні ўсюды нашыя. - А.К.).
12. Пазьнейшыя маніпуляцыі савецкага ўраду з БССР - колькіразовыя зьмены яе межаў, злучэньне ў г.зв. ЛітБел, падзел тэрыторыі з Польшчай у Рызе - як найлепей гэта пацьвердзілі.
13. Прынятай на агульным сходзе Кангрэсу 30 сьнежня 1917 году - гл. Турук Ф. Цыт. пр. С.105. Приложение № 15.
14. Прынятыя ў камісіях. Тамсама. Б. 106. Падкрэсьленьне нашае.
15. Нявыпраўленая карэктарская памылка ў даце дакуманту ў газэце выклікала памылкі датаваньня яго і ў наступных публікатараў.
16. Homan. 1918. № 29(225).
17. Słowy i učynki // Homan. 1918. № 13(209).
18. Abwieščańnie niezaležnaści Biełarusi // Homan. 1918. № 10(206).
19. Jašče ab Biełaruskim Kanhresie u Miensku // Homan. 1918. № 11(207).
20. Autanomija Biełarusi // Homan. 1918. № 14(210). У згадцы пра палякоў маецца на ўвазе корпус гэн. Доўбар-Мусьніцкага.
21. Homan. 1918. № 10(206).
22. Jäger W. Weissruthenien. Berlin, 1919. S. 48-51.
23. Engelhardt E. Weissruthenien. Berlin, 1943.
24. Wasilewski L. Litwa a Białoruś. Warszawa, 1925. S. 188-189.
25. Rocznik Białostocki. T. V. Białystok, 1965. S. 365-369.
26. Communist takeover and occupation of Byelorussia. Special report № 9. Washington, 1955. P. 7-8.
27. Гл. перадрукі іx у брашурах Byelorussia’s Independence Day. March 25 1918. New York, 1958. P. 41, 46, 50, 53 і інш. і The 40th anniversary of the proclamation of the independent Byelorussian Democratic Republic. New York, 1958. P. 23 і інш.
_____________________________________

Крыніца: Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі. Менск, 1993.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам