Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Скарына Францішак


Сымон Брага
ГЕАГРАФІЧНАЯ ЛЯКАЛІЗАЦЫЯ ЖЫЦЬЦЯПІСУ ДОКТАРА СКАРЫНЫ

Нястрымная актыўнасьць, няўседны непакой, рухавасьць, з частымі пераездамі й падарожжамі, - яскравыя, тыпова рэнэсансавыя прыкметы характару доктара Франьцішка Скарыны. Быў і жыў ён шмат дзе, дзеіў, як ведама, у важнейшых палітычна-культурных цэнтрах найменш сямёх краёў Эўропы - Літвы (Беларусі), Польшчы, Даніі, Італіі, Чэхіі, Прусіі, Маскоўшчыны. Дзеля гэтага, між іншым, і паўстаў не малы клопат пры раскрываньні фактаў ягонага геаграфічна так шматасяродкавага й на прасторы Эўропы гэтак шырака раськінутага, жыцьцяпісу. Гэта адна з важных прычынаў вялікае павольнасьці ў выяўленьні абставінаў жыцьця й дзейнасьці выдатнага Палачаніна, праца над чым, хоць трывае ўжо блізу два стагодзьдзі, дый усё яшчэ далёкая ад навет і прыблізнага яе завяршэньня.

З увагаю на прыпадаючыя ў 1965 годзе 425-я ўгодкі сьмерці доктара Франьцішка Скарыны - сяньня ведама, што памёр ён у 1540 годзе, - гэтта даецца кароткі гістарычны агляд ходу паступовае геаграфічнае лякалізацыі ягонага жыцьцяпісу. У працы прыводзяцца інфармацыі аб усіх існуючых публікацыях актаў і дакумэнтаў ды важнейшае навуковае літаратуры датычнае паасобных, зьвязаных зь біяграфіяй доктара Скарыны, асяродкаў. Яна абыймае ўсю ведамую ў гэтай галіне дакумэнтацыю, улучна з найнавейшай, выяўленай скарынаведнымі росшукамі апошніх год Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Нядаўна выяўлены факт бытнасьці Франьцішка Скарыны ў Даніі, праўдападобная канфіската ягоных друкаў у Вроцлаве, справа магчымае сустрэчы доктара Скарыны з доктарам Марцінам Лютэрам у гадох 1532-1533 і некаторыя важныя іншыя пытаньні Скарынавае біяграфіі, гэтым кароткім рэфэратным нарысам ставяцца ў скарынаведнай літаратуры першы раз.

1

На зачатках навуковага зацікаўленьня асобаю выдатнага беларускага гуманісты й першадрукара, доктара Франьцішка Скарыны, пры канцы XVІІІ стагодзьдзя, калі веда аб ім яшчэ ня грунтавалася на актавых ці летапісных дадзеных, а абмяжоўвалася сьціплымі весткамі зачэрпнутымі зь ягоных-жа кнігаў, - ведамыя былі ўсяго тры асяродкі зьвязаныя зь яго жыцьцяпісам. Падаў іх сам Скарына ў прыпісках да выдадзеных ім кнігаў. На пачатку й пры канцы кажнае зь іх, а ў некаторых і між паасобнымі разьдзеламі тэксту, адцемліваецца, што паходзіць ён «із слаўнага града Полацка» ды што кніга «дакананая», «выцісьненая» й «выданая» «у вялікім Старым Месьце Праскім», або, як гэта ёсьць у віленскіх выданьнях, «ва слаўным месьце Віленскім». Дык пра Полацак, Вільню ды Прагу, як важныя апорныя пункты Скарынавае біяграфіі, было ведама з самага пачатку, як толькі цікавасьць да ягонай асобы й кніжнае спадчыны ў навуковай літаратуры зарадзілася.

Ды й тут паўстала няяснасьць: ня было пэўнасьці, пра якую гэта Прагу ідзе, бо ведамыя былі дзьве - чэская, і, насупраць Варшавы, на правым беразе Віслы, польская. Некаторыя першыя дасьледнікі Скарынавага жыцьцяпісу канца XVІІІ й пачатку XІX стагодзьдзяў проста не дапушчалі, каб была патрэба ехаць з Полацка аж да далёкае чэскае Прагі па тое, каб там выдаваць нікому ў Чэхіі незразумелыя й непатрэбныя, друкаваныя кірыліцай, кнігі, а пасьля іх ізноў везьці вялікі кусок дарогі на беларускія землі ды ў той самы Полацак. Выглядала гэта нелягічна, недарэчна, і, дзеля гэтага, непраўдападобна. Вось таму адзін зь першых дасьледнікаў Скарынавае выдавецкае спадчыны, І.Штрытэр, у сваім нарысе 1783 году аб Скарынавай Бібліі й падаваў, што праскія Скарынавыя кнігі былі друкаваныя ў Празе, што пад Варшавай[1].

Ды з думкаю аб варшаўскай Празе, як калысцы Скарынійскіх друкаў, не хацеў ніяк пагадзіцца тагачасны выдатны чэскі мовавед, ведамы «бацька» чэскае й усяе славянскае філялёгіі, Язэп Даброўскі. Даброўскаму, які быў уніклівым дасьледнікам, не давала супакою думка, што ўсё-ж можа Скарына друкаваў свае кнігі ня ў Празе польскай, як цьвердзіў Штрытэр, а ў Празе чэскай. Пытаньне гэтае намагаўся ён і выясьніць падчас свайго навуковага падарожжа па Швэцыі й Расеі, адбытага ў 1792 годзе з даручэньня Чэскага Навуковага Таварыства ў Празе. Карціла яму таксама вельмі пабачыць на свае вочы ўрэшце й самыя, вельмі рэдкія, Скарынавыя кнігі, пра існаваньне якіх ён чуў, а пра выгляд іх нешта ведаў толькі з вопісаў іншых. Публічныя й прыватныя бібліятэкі Прагі, як і ўсяе Чэхіі, тады ня мелі аніводнае кнігі Скарынавага друку. Толькі 75 год пасьлей, у годзе 1867, Бібліятэка Чэскага Народнага Музэю ў Празе дастала ў падарку ад ведамага расейскага славістага й выдатнага беларусаведа, прафэсара Пётры Бязсонава, адну біблійную кнігу Скарынавага праскага друку - Кнігу Сыраха.

Хоць падчас свайго падарожжа па Расеі Язэп Даброўскі і ў Пецярбурзе, і ў Маскве Скарынавыя кнігі зь вялікаю ўвагай і павагай аглядаў і пералістваў, адылі канчатковага адказу на сваё пытаньне - у якой гэта Празе яны друкаваліся - у іх ён усё-ж не знайшоў. Падчас паваротнае дарогі з Расеі Даброўскі наведаў і Варшаву, каб самому зірнуць і на другую Прагу, Прагу падваршаўскую. Гэтта ўразіў яго ізноў факт, што пра доктара Скарыну ды ягоныя кнігі ў Варшаве ня толькі ніхто нічога ня ведаў, але навет і ня чуў, улучна з выдатным польскім кнігаведам, каралеўскім бібліятэкаром, былым дырэктарам Варшаўскае Публічнае Бібліятэкі, Янам Альбэртранды. Палажэньне было парадаксальнае: у канцы XVІІІ стагодзьдзя ані ў ваднэй зь дзьвёх Прагаў ня было й спаміну пра Скарынавыя друкі, хоць адна зь іх была напэўна месцам, дзе блізу тры стагодзьдзі перад гэтым на працягу цэлых трох год доктар Скарына выдаў 23 кнігі Бібліі свайго перакладу. Скарынавых кнігаў не знайшоў Даброўскі й у бібліятэках Кракава, куды, падарозе, ён таксама зазірнуў.

Хоць знайсьці Скарынавыя кнігі ў Польшчы Даброўскаму не паручыла, аднак, загадку пра Скарынавую Прагу, якая яго гэтак непакоіла, ён там усё-ж выясьніў. У Варшаве, найперш ад таго-ж Альбэртранды, ён даведаўся, што падваршаўская Прага ў Скарынавую пару была зусім малым, нікому шырэй няведамым пасёлкам. Калі Скарына ў сваіх кнігах піша, што «дакананыя» яны ды «выціснутыя» «ў слаўным, вялікім Старым Месьце Праскім», з гэтага ясна, што гутарка тут можа быць толькі пра Прагу чэскую, ды канкрэтна пра ведамую яе часьць - Старое Места. Гэтак Даброўскі разблытаў у канцы першае няяснае пытаньне ў галіне геаграфічнае лякалізацыі Скарынавага жыцьцяпісу. Як часта бывае, праўда аказалася на баку інтуіцыі, а не, - як выглядала, лёгікі й розуму. Аб выніках свайго навуковага падарожжа, аб пошуках Скарынавых друкаў ды пра ўдакладненьне месца выхаду ягоных праскіх кнігаў, Даброўскі паведаміў у 1795 годзе ў зборніку працаў чэскага Каралеўскага Навуковага Таварыства ў Празе[2]. Не зважаючы на гэта, некаторыя аўтары - для прыкладу А.Л.Шлёцэр[3], Мітрапаліт Аўген[4], Н.Грэч[5], і ў першай чверці XVІІІ стагодзьдзя, як месца друку Скарынавых праскіх кнігаў, падавалі ўсё яшчэ Прагу падваршаўскую.

2

Пасьля ўдакладненьня месца выхаду Скарынавых праскіх выданьняў, на працягу больш паўстагодзьдзя жыцьцяпісныя ведамкі пра доктара Скарыну абмяжоўваюцца й далей тымі-ж трымя, зь ягоных-жа кнігаў ведамымі, асяродкамі: Полацкам, Вільняю, Прагай. Было гэтак аж да 1849 году, да часу, калі Язэп Мучкоўскі апублікаваў тэксты прамацыйных запісаў філязафічнага факультэту Кракаўскага Ўнівэрсытэту XVІ стагодзьдзя[6]. Польскія дасьледнікі зразу-ж зацемілі, што сярод пералічаных у ўнівэрсытэцкіх запісах студэнтаў, якія ў 1506 годзе здабылі ступень бакаляўра, ёсьць і Fran. de Poloczko, Litphanus - «Франьцішак з Полацка, Ліцьвін». Пазьней, у ўпісной кнізе студэнтаў таго самага ўнівэрсытэту быў знойдзены й другі, два гады ранейшы, запіс, які сьцьвярджаў, што сярод новапрынятых у 1504 годзе на ўнівэрсытэт студэнтаў быў і Franciscus Luce de Ploczko 2 gr. - «Франьцішак, сын Лукаша з Полацка, 2 гр. (заплаціў 2 грошы ўпіснога)». Хоць актавыя тэксты з гэтым запісам былі выдадзеныя А.Хмелем толькі ў 1892 годзе[7], аднак дасьледнікам Скарынавага жыцьця ведамы ён быў ужо й перад гэтым. Для прыкладу, П.Валадзіміраў пры пісаньні свае манаграфіі аб Скарыну, што выйшла ў 1888 годзе, меў тэкст гэтага запісу ад С.Л.Пташыцкага, які выпісаў яго з актавых кнігаў Кракаўскага ўнівэрсытэту[8].

Hе зважаючы на тое, што ў двух ляканічных актавых запісах Кракаўскага ўнівэрсытэту не пададзена навет і Скарынавае прозьвішча, а толькі ягонае імя, польскія дасьледнікі, - у першую чаргу гісторык літаратуры, М.Вішнеўскі, - адразу прызналі, што ідзе гэта не пра каго іншага, а як-раз пра Франьцішка Скарыну. Пазьней трапнасьць гэтага дапушчэньня была пацьверджаная й усе сумлевы пастароненыя з адркыцьцём у 1892 годзе падуанскіх актавых запісаў аб Скарыну. У іх, побач прозьвішча «Скарына» стаяла тое самае імя «Франьцішак», тое-ж бацькава імя «Лукаш», ды было паўторанае й тое самае месца паходжаньня - Полацак. З гэтага ясна вынікала, што ў падуанскіх і кракаўскіх запісах гутарка ідзе пра адну й тую самую асобу й што прозьвішча студэнта кракаўскага ўнівэрсытэту «Франьцішка, сына Лукаша з Полацка» - Скарына.

З выяўленьнем каля паловы XІX стагодзьдзя кракаўскіх унівэрсытэцкіх запісаў быў зроблены першы важны крок у галіне геаграфічнага расшырэньня веды пра круг Скарынавае жыцьцёвае дзейнасьці ды быў устаноўлены чацьверты, культурны асяродак, зьвязаны з Скарынавым жыцьцяпісам - Кракаў. Гэта месца пачаткаў ягоных вышэйшых студыяў у галіне Septem artes liberales - «сямі навук вызваленых» - у лік якіх тады ўходзілі граматыка, рыторыка, лёгіка, арытмэтыка, геамэтрыя, музыка, астраномія.

Запісы аб прыняцьці Франьцішка Скарыны на ўнівэрсытэт ды атрыманьні пазьней ім ступені бакаляўра - гэта вельмі сьціплыя й тымчасам адзіныя ведамыя факты з пары Скарынавага прабываньня на ўнівэрсытэце ў Кракаве. Хоць прайшло ўжо больш ста год ад іх публікацыі, ніякіх дадатковых архіўных, летапісных ці нейкіх іншых дадзеных з гэтае пары Скарынавага жыцьця ніхто ня выявіў. Нічога пакульшто ня ведама й аб тым, у Кракаве, ці на нейкім іншым унівэрсытэце Эўропы Скарына здабываў і свой першы дактарат - дактарат у галіне «навук вызваленых».

Дзевяць год пасьля першае публікацыі запісаў аб Скарыну Кракаўскага ўнівэрсытэту былі надрукаваныя й два кракаўскія архіўныя дакумэнты, зьвязаныя з доктарам Скарынам. Датычылі яны куды пазьнейшае пары ягонага жыцьця. Апублікаваў іх у зборніку Віленскае Археаграфічнае Камісіі Маўрыцы Круповіч ў 1858 годзе[9]. Гэта дзьве, пісаныя палацінску, каралеўскія прывілейныя граматы. Аднэю зь іх доктар Скарына быў узяты пад каралеўскую ахову перад перасьледамі за даўгі нябожчыка брата Івана Скарыны, а другою ён быў выняты з пад звычайнае судовае юрысдыкцыі й у будучыні мог падлягаць толькі суду самога вялікага князя й караля Жыгімонта Казімеравіча. Значаньне гэтых прывілейных граматаў для жыцьцяпісу доктара Скарыны, абставіны й прычыны іх выстаўленьня ў паўніні дасьледнікамі былі асэнсаваныя толькі із знаходам каля 1926 году актаў спадчынных справаў Івана Скарыны ў Пазнані ды выяўленьня пазьнейшых пазнанскіх прыгодаў доктара Скарыны. Тады-ж і выясьнілася, што выстаўленыя ў Кракаве граматы датычылі ня нейкіх няведамых нам бліжэй падзеяў кракаўскіх, а пазнанскіх. Дакладней справа гэтая й будзе разгледжаная крыху далей, пры паданьні абставінаў выяўленьня места Пазнані, як важнага асяродку ў жыцьці доктара Скарыны.

3

Ад часу першага архіўнага абгрунтаваньня сувязі Скарынавае біяграфіі з Кракавам, ад 1849 году, на працягу больш сарака далейшых год у галіне геаграфічнае лякалізацыі Скарынавага жыцьцяпісу ізноў нічога новага. Калі ў 1888 годзе Пётра Валадзіміраў публікаваў сваю дакторскую манаграфію аб доктару Скарыну, пра ўсяго чатыры ведамыя асяродкі ягонага жыцьцяпісу - Полацак, Вільню, Прагу, Кракаў, - мог ён толькі й падаць. Але ўжо чатыры гады пазьней перад дасьледнікамі неспадзеўкі раскрываецца зусім новая ды вельмі важная балонка Скарынавага жыцьцяпісу з новым пунктам на карце Эўропы. У 1892 годзе польскі дасьледнік старасховаў Італіі, Станіслаў Віндакевіч, паведаміў, што ў унівэрсытэцкім архіве ў Падуі натрапіў ён на тры актавыя запісы 1512 году датычныя экзаменаў і прамоцыі там Скарыны на доктара лекарскіх навук ды адначасна падаў і кароткія выпіскі з гэтых актаў[10].

Гэтае важнае адкрыцьцё, што здарылася неўзабаве пасьля паявы Валадзіміравай манаграфіі аб Скарыну, якая культурна-гістарычнае значаньне Скарынавае дзейнасьці й само ягонае імя шырэй спапулярызавала сярод навукоўцаў, было тады сярод зацікаўленых асобаю Скарыны славістых не малою сэнсацыяй. Прафэсар Аляксандра Брукнэр на Віндакевічава паведамленьне зьвярнуў увагу расейскага дасьледніка І. Шляпкіна. Той, не марудзячы, пасьпяшаўся ў Падую, расшукаў тамака ўнівэрсытэцкія актавыя запісы, парабіў зь іх водпісы ды яшчэ ў тым самым 1892 годзе арыгінальны лацінскі іх тэкст апублікаваў у пецярбурскім часапісе «Журнал Министерства Народного Просвещения» з прысьвячэньнем свае публікацыі П.Валадзіміраву[11].

Публікацыя трох падуанскіх актавых запісаў аб Скарыну, зробленая Шляпкінам, была важным дапаўненьнем да даволі ляканічнага паведамленьня Віндакевіча, хоць была яна й не бязь хібаў з навуковага гледзшіча. Калі супаставіць тэкст апублікаваны Шляпкінам з фатаадбіткамі арыгіналаў, што знайходзяцца ў распараджэньні Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, даецца заўважыць паважныя недакладнасьці й памылкі, зробленыя пры нялёгкім адчытваньні старавечнага скорапіснага лацінскага актавага запісу. Апрача гэтага, дапушчаныя й неапраўдальныя з навуковага гледзішча пропускі. Прыкладам, імёны й прозьвішчы 24 прафэсароў, якія складалі экзаменацыйную камісію падчас Скарынавага дакторскага экзамену, а якія пададзеныя пры канцы трэйцяга актавага запісу, Шляпкін у сваей публікацыі проста прапусціў, як малаважную дэталь, збыўшы іх словамі «24 подписи присутствовавших». Ды, не зважаючы на ўсе свае заганы, Шляпкінава публікацыя была важнаю дапамогай дасьледнікам для ўяўленьня значаньня й вагі ў біяграфіі доктара Скарыны новаадкрытага яе пятага геаграфічнага асяродку - італіянскае Падуі.

Прайшло блізу семдзесят год ад часу Віндакевічавага адкрыцьця, пакуль ведамкі пра падуанскі эпізод Скарынавага жыцьцяпісу былі йзноў паважна папоўненыя адкрыцьцём яшчэ аднаго, чацьвертага, падуанскага актавага дакумэнту - запісу аб тым самым экзамене Скарыны, але зробленым не ў унівэрсытэцкіх актавых кнігах, а ў кнізе падуанскае біскупскае курыі. Запіс гэты быў выяўлены ў 1960 годзе ў выніку руплівых пошукаў сп. Янкі Садоўскага. Хоць запіс гэты коратка паўтараў зьмест папярэдня ведамых падуанскіх актаў аб Скарыну, найперш трэйцяга зь іх, ды некаторымі важнымі дэталямі ён іх істотна папоўніў, а, адначасна, даў падставу для раскрыцьця новых краёў Эўропы ахопленых Скарынавай дзейнасьцяй. Дакладней справа гэтая будзе разгледжаная ў вадным з далейшых разьдзелаў гэтага нарысу.

4

Пасьля адкрыцьця Віндакевічам Скарынавых падуанскіх актаў, праз цэлае чверць стагодзьдзя ізноў нічога новага ня было выяўлена да пытаньня тэрытар'яльнага засягу Скарынавага жыцьцяпісу, да пары, пакуль у зборніку Расейскае Акадэміі Навук з 1918 году А.Мілавідаў не падаў лацінскія тэксты чатырох новазнойдзеных дакумэнтаў, зьвязаных із Скарынавым прабываньнем у Каралеўцы (Кенігсбергу) на двары прускага герцага Альбрэхта[12]. Ізь зьместу дакумэнтаў вынікала, што вясною 1530 году доктар Скарына прыехаў зь Вільні да Каралеўца ды, дзеля няведамых прычынаў, хутка ізноў вярнуўся назад да Вільні. Водпісы гэтых актаў, якія знайходзіліся ў Кенігсбэрскім Дзяржаўным Архіве, Мілавідаў раздабыў ад кагосьці яшчэ ў 1914 годзе, ды з прычыны выбуху Першае Сусьветнае Вайны, у друку яны змаглі паказацца толькі чатыры гады пасьлей, Мілавідава публікацыя раскрыла перад дасьледнікамі шосты, па чарзе ведамасьці, асяродак зьвязаны із Скарынавай біяграфіяй - прускі Каралевец.

Як відаць із супастаўленьня тэксту актаў апублікаваных Мілавідавам з фотастатнымі адбіткамі арыгіналаў, якія мае Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (Ню Ёрк), і Мілавідава публікацыя не безь некаторых важных памылак, што паўсталі ці пры адчытваньні й перапісваньні, ці пры друку. Памылкі датычаць датаваньня дакумэнтаў і некаторых важных фактаў зьместу, прыкладам, разам з доктарам Скарынам Каралевец пакінула не адна асоба, а дзьве - і лекар, і друкар. Таксама чацьверты ліст герцага Альбрэхта, ліст да віленскага ваяводы Гаштаўта, апублікаваны ў Мілавідава ня ўвесь, а толькі канцавая яго частка. У 1953 годзе беларускі пераклад усіх чатырох кенігсбэрскіх дакумэнтаў, зроблены а. др. П.Татарыновічам на падставе апублікаваных Мілавідавам лацінскіх іх тэкстаў, быў надрукаваны ў «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва[13]. Прычына й абставіны пераезду доктара Скарыны да Каралеўца, а пасьлей раптоўнага хуткага яго павароту да Вільні мала выясьненыя й дагэтуль. Ніякіх новых дадатковых дакумэнтаў, ці вестак, да гэтага эпізоду Скарынавага жыцьцяпісу ад часу публікацыі Мілавідавам тэксту Кенігсбэрскіх актаў, да гэтай пары не зьявілася. Важна толькі адцеміць, што дапушчэньні шмат якіх аўтараў аб тым, што доктар Скарына паехаў у Каралевец дзеля зьнішчэньня ягонае друкарні вялікім пажарам Вільні 1530 году, беспадстаўныя, бо пажар места здарыўся 2 ліпеня 1530 году, ці колькі тыдняў пасьля павароту доктара Скарыны з Каралеўца. А што Скарынавая друкарня не згарэла ў гэтым пажары, сьветчыць тое, што дзервяныя дошчачкі з рэзанымі на іх узорамі заставіцаў, якія Скарына ўжываў пры друку Апостала й Малое Падарожнае Кніжыцы, добра захаваліся аж да канца ХVІ стагодзьдзя й былі скарыстаныя ў 1596 годзе пры друку кнігаў у друкарні Віленскага Сьвятатраецкага Брацтва.

5

Ад часу Мілавідавай публікацыі прайшло ўжо ўсяго восем год, як у львоўскім часапісе «Kwartalnik historyczny» ў 1926 годзе Марыя Вайцяхоўская паведаміла аб існаваньні ў архівах места Пазнані большага ліку актаў датычных доктара Франьцішка Скарыны й ягонага брата Івана[14]. Зьмест гэтых актаў М.Вайцяхоўская там-жа пераказала. Зь іх вынікала, што Іван Скарына перад сваёй сьмерцяй жыў у Пазнані, дзе меў гандлёвую базу зь вялікімі складамі скураў. Калі ў 1529 годзе Іван памёр, доктар Скарына прыехаў зь Вільні да Пазнаня, каб ліквідаваць спадчынныя й фінансавыя справы памерлага брата. З усімі крэдытарамі Івана, якія заявілі свае прэтэнсіі, - а сярод якіх быў і сам Франьцішак Скарына ды ягоная жонка Маргарэта, - доктар Скарына разьлічыўся скурамі із складаў Івана Скарыны, якіх пасьмертны вопіс выявіў каля 50.000.

У 1532 годзе доктар Скарына прыяжджае да Пазнаня другі раз, цяпер ужо ў справах віленскага біскупа Яна, сакратаром і лекарам якога ён тады быў. Гэтым разам доктару Скарыну давялося ў Пазнані перажыць вельмі няпрыемную прыгоду. Нейкі багаты варшаўскі купец Moses Antiquus - «Стары Масей» - праз сваіх упаўнамочаных у Пазнані дабіўся арышту доктара Скарыны за даўгі ягонага брата нябожчыка Івана Скарыны. Доктару Скарыну давялося пераседзець у зьняволеньні ў пазнанскай ратушы каля дзесяці тыдняў, пакуль яго выпусьцілі на волю ў выніку захадаў браценьніка, Іванавага сына, Рамана Скарыны, які сьпешна прыехаў з Гданска, выстараўся ў караля Жыгімонта Казімеравіча загад аб звальненьні з пад арышту свайго дзядзькі ды забавязаўся сплаціць бацькавыя даўгі. Доктар Скарына із свайго боку выступіў з дамаганьнем 6 тысяч коп літоўскіх грошаў кампэнсаты за беспадстаўны арышт ды прычыненыя ў выніку гэтага шкоды яму й віленскаму біскупу Яну.

Выяўленыя Вайцяхоўскаю пазнанскія акты адкрылі новы, па чарзе сёмы, геаграфічны асяродак Скарынавае біяграфіі - Пазнань. Пазнанскія акты важныя найперш тым, што яны кідаюць цікавае дакумэнтнае сьвятло на фінансавы стан і гандлёва-купецкія справы й асяродзьдзе Івана Скарыны, а ў некаторай меры й усяго Скарынавага роду. Апрача гэтага, яны цікавыя й тым, што зь іх дасьледнікі дазналіся аб працы доктара Скарыны на становішчы сакратара й лекара ў віленскага біскупа Яна ў часе каля 1532 году.

6

Усяго восем новых год прайшло ад пары выяўленьня М.Вайцяхоўскай пазнанскіх, датычных доктара Скарыны, актаў, як, дзякуючы дасьледніцкай уніклівасьці праскага прафэсара Антона Флароўскага, Скарынаў жыцьцяпіс ізноў вельмі істотна папоўніўся новымі важнымі дадзенымі. На 2-ім міжнародным зьезьдзе славянскіх філялёгаў, у верасьні 1934 году ў Варшаве, Флароўскі паведаміў пра выяўленьне фактаў паўторнае бытнасьці доктара Скарыны ў Празе ў другой палове 1530-х год ды ягонай там працы на становішчы батаніка-садоўніка караля Фэрдынанда І[15]. Тэкст адпаведнага дакумэнту, на якім абасноўваў сваё дапушчэньне Флароўскі, а, пайменна, адкрыты ліст караля Фэрдынанда, выдадзены ў 1553 годзе Скарынаваму сыну Сымону, быў апублікаваны ўжо ў 1885 годзе чэскім дасьледнікам Франьцішкам Дворскім, але з гэтак перакручаным прозьвішчам Скарыны, што зь ягонаю асобаю гэтага дакумэнту перад тым ніхто не зьвязваў[16]. У 1936 годзе Флароўскі апублікаваў Фэрдынандаў ліст нанава, выправіўшы ягоны тэкст на аснове архіўнага арыгіналу[17].

Хоць гэтае адкрыцьцё А.Флароўскага засягу Скарынавага жыцьцяпісу тэрытар'яльна й не пашырала, бо ў Празе доктар Скарына быў ужо й перад гэтым, калі ў гадох 1517-1519 друкаваў там кнігі Бібліі, - аднак яно было вельмі важным дапаўненьнем да гэтае біяграфіі ў разрэзе часу, бо давала паказаньне аб месцы працы й характары дзейнасьці доктара Скарыны ў фінальныя гады ягонага жыцьця, пра што перад гэтым нічога ня было ведама. Далейшыя росшукі ў гэтым кірунку выявілі, што доктар Скарына быў ня толькі садоўнікам, але й засноўнікам рэпрэзэнтацыйнага каралеўскага парку ў Празе на Градчанах. На аснове пазьнейшага перагляду актавых і летапісных вестак, выяўленых першы раз Флароўскім, можна было ўстанавіць і тое, што на становішчы каралеўскага садоўніка доктар Скарына ў 1540 годзе й памёр. Устанаўленьне году сьмерці доктара Скарыны было вельмі важным дадатковым вынікам выяўленага Флароўскім факту паўторнае бытнасьці Скарыны ў Празе. Веданьне году сьмерці дазваляе канчаткова адхіліць шмат ранейшых меркаваньняў і дапушчэньняў, якія розныя аўтары рабілі на аснове гіпотэзы аб магчымай значна пазьнейшай сьмерці доктара Скарыны. Некаторыя дасьледнікі год Скарынавай сьмерці перад гэтым адносілі да 1551 году ці навет і пазьнейшага часу[18].

Рупнаю дасьледнаю працай найперш таго самага Флароўскага далося ўстанавіць і колькі чэскіх летапісных вестак, якія датычылі двух Скарынавых сыноў: Франьцішка, што ў 1541 годзе зьгінуў у вялікім пажары Прагі, і Сымона, які ў 1552 годзе, на аснове ліста караля Фэрдынанда, шукаў бацькавае маемасьці, а пасьлей стаў сам лекарам ды займаўся лекарскай практыкай на паўдні Чэхіі, у Крумлёве[19].

7

Колькі год пасьля ўстанаўленьня факту паўторнага прабываньня доктара Скарыны ў Празе той самы А.Флароўскі дае паведамленьне аб выяўленьні новых біяграфічных фактаў пра Скарыну, фактаў, якія жыцьцяпісныя весткі аб ім узбагачаюць і пашыраюць ізноў і ў разрэзе тэрытар'яльным. У сваім артыкуле, друкаваным у 1940 годзе ў праскім часапісе «Slavisches Rundschau», Флароўскі паведамляе аб існаваньні архіўных дадзеных, на аснове якіх вынікае, што доктар Скарына адбыў падарожжа й да Масквы[20]. Факту Скарынавага падарожжа да Масквы Флароўскі ў запраўднасьці не адкрыў, а толькі падаў нанава ў друку. Датычны гэтай справы дакумэнт зь венскага архіву быў апублікаваны яшчэ ў 1862 годзе Я.Фідлерам[21], а на яго аснове дапушчэньне аб падарожжы доктара Скарыны да Масквы ўжо ў 1888 годзе выказаў у друку чэскі гісторык Язэп Пэрвольф[22]. Але дагадка Пэрвольфа засталася нейк нікім незаўважанаю цэлае паўстагодзьдзе, да пары, пакуль на яе аснове пытаньне нанава не падняў дый шырэй у друку не абвесьціў А.Флароўскі.

Ізь зьместу апублікаванага Фідлерам дакумэнту - інструкцыі 1553 году вялікага князя літоўскага й караля польскага Жыгімонта Аўгуста свайму паслу пры папскім пасадзе ў Рыме Альбэрту Крычку, - вынікае бясспрэчна, што доктар Скарына павёз да Масквы кнігі Бібліі свайго перакладу й друку для іх там пашырэньня. На загад маскоўскага князя Васіля ІІІ Іванавіча кнігі ягоныя былі ў Маскве сканфіскаваныя й публічна спаленыя. Скарынавае падарожжа да Масквы відавочна адбылося нейдзе ў часе між гадамі 1525-1533. Гэтак, дзякуючы Я.Пэрвольфу й А.Флароўскаму, дайшло да ўстанаўленьня восьмага й вельмі важнага геаграфічнага асяродку зьвязанага з жыцьцяпісам доктара Скарыны - Масквы. Справа падарожжа доктара Скарыны да Масквы шырэй разгледжаная ў вадмысловай працы С.Брагі «Доктар Скарына ў Маскве», што выйшла друкам у 1963 годзе[23].

8

Ад часу паведамленьня А.Флароўскага пра архіўныя дадзеныя аб драматычным маскоўскім эпізодзе Скарынавае біяграфіі прайшоў 21 год да пары, калі быў адкрыты яшчэ адзін зусім неспадзяваны геаграфічны асяродак Эўропы, зьвязаны з жыцьцём і дзейнасьцяй доктара Скарыны. Падчас праведзеных зь ініціятывы й на кошт Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Ню Ёрк) пошукаў у 1960 годзе ў старасховах Падуі для выяўленьня дакумэнтных памятак аб Скарыну, у старым архіве падуанскай біскупскай курыі сп. Янка Садоўскі натрапіў на няведамы перад гэтым актавы запіс пра экзамен Скарыны на доктара лекарскіх навук. Фатастат гэтага новазнойдзенага дакумэнту знайходзіцца ў зборах «Скарыніяны» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Рэпрадукцыя тэксту гэтага запісу, пераклад і камэнтары да яго рыхтуюцца да адмысловае публікацыі[24].

Як стала ведама з адкрытых Віндакевічам падуанскіх унівэрсытэцкіх актаў, у сувязі із Скарынавымі экзаменамі 1512 году адбыліся тры паседжаньні прафэсарскае калегіі «мастакоў і мэдыкаў». Першае было скліканае прыёрам (дзеканам) калегіі, прафэсарам Тодарам Муссатты, 5 лістапада ў справе дапушчэньня Франьцішка Скарыны да экзаменаў. На другім, 6 лістапада, адбыўся першы «пробны» экзамен Скарыны. На трэйцім, 9 лістапада, меў месца фінальны экзамен на доктара лекарскіх навук ды ўрачыстае наданьне дакторскае годнасьці, прамоцыя. Вось гэтыя тры падзеі й запратакулаваныя ў трох актавых унівэрсытэцкіх запісах, якія знайшоў Віндакевіч. Ды, калі два першыя паседжаньні калегіі адбываліся ў касьцеле сьвятога Урбана, дык трэйцяе, найбольш люднае й урачыстае, мела месца ў падуанскім біскупскім палацы. Гэтая акалічнасьць і стала прычынаю таго, што прабег дакторскага экзамену 9 лістапада й прамоцыі быў запратакалаваны ня толькі ў актавых ўнівэрсытэцкіх кнігах, але й у кнізе падуанскае біскупскае курыі. Вось гэты запіс у 1960 годзе й быў знойдзены сп. Я.Садоўскім.

Як з тэксту новазнойдзенага запісу відаць, у ім пададзены коратка прабег Скарынавага экзамену, прамоцыі ды ў канцы пададзеныя прозьвішчы прафэсароў-прамотараў і колькіх прысутных сьветкаў. Дадзеныя гэтага запісу ў васнаўным згаджаюцца з дадзенымі аб тым самым экзамене, прыведзенымі ў трэйцім пратакольным запісе падуанскага ўнівэрсытэту, адкрытага ў канцы мінулага стагодзьдзя Віндакевічам. Ёсьць, аднак-жа, у ім і некаторыя цікавыя дадатковыя інфармацыі, а найважнейшая зь іх тая, што ў гэтым пратакольным запісе Скарына мянуецца як «сакратар караля Даніі». У лацінскім тэксьце запісу сказана, што гэта экзамен з мэдыцыны «eximii viri Domini magistri franc, q. d. luce skorina de poloczko rutheni, secretarii regis datiae».

Новаадкрыты актавы запіс вельмі важны найперш тым, што ён дае першую дакумэнтную ведамку аб тым, што перад сваім прыездам у Падую доктар Скарына быў у Даніі на становішчы каралеўскага сакратара. Валадаром Даніі, а адначасна Нарвэгіі й Швэцыі, у тую пару быў кароль Ганс (Ян). Што якраз доктар Скарына трапіў у ягоныя сакратары будзе ня дзіва, калі ўсьведамім, што палітычна-дыпляматычныя й гандлёва-эканамічныя інтарэсы тагачаснае Даніі ахоплівалі ня толькі Скандынавію, але й паўдзённае пабярэжжа Балтыйскага мора - Прусію, Польшчу, Вялікае Княства Літоўскае, Маскоўшчыну. Дзеля гэтага пры двары караля Даніі быў заўсёды патрэбны й сакратар, які ведаў мовы гэтых краёў ды арентаваўся добра ў палітычных дачыненьнях на славянскіх прыбалтыйскіх прасторах. Цікава адцеміць, што ў сваім афіцыйным тытуле кароль Ганс менаваў сябе, між іншым, і каралём «Славянаў», як гэта відаць з надпісу на ягонай маестатычнай пячаці: Sigillium maiestatis Johannis del gratia Dacie, Svecie, Norvegie, Slavorum, Gotorumque regis[25]. Да сваіх сакратарскіх абавязкаў пры каралі Даніі Скарына пасьля падуанскіх экзаменаў праўдападобна больш не вярнуўся, бо кароль Ганс у хуткім часе, - 20 лютага 1513 году памёр.

Выяўленьне факту прабываньня доктара Франьцішка Скарыны на двары караля Даніі Ганса насоўвае пытаньне аб тым, што магчыма й свае студыі ў галіне лекарскіх навук ён адбываў на ўнівэрсытэце ў Капэнгазе. Сяньня ведама, што ў Кракаве Скарына студыяваў «навукі вызваленыя», філязофію, але ніякіх дадзеных няма на тое, каб вучыўся ён там і мэдыцыны. На якім унівэрсытэце пазнаваў ён тайны тагачаснае мэдычнае веды - пра гэта пакульшто няма ніякіх ведамак. У Падуі мэдыцыны Скарына напэўна ня вучыўся. Туды ён паехаў толькі па тое, каб здабыць дакторскую годнасьць слаўнага тады на ўсю Эўропу ўнівэрсытэту і, асабліва, ягонага мэдыцынскага факультэту. Тымчасам у Капэнгазе ўнівэрсытэт існаваў ужо ад 1479 году, а на ім быў і мэдыцынскі факультэт. З факту, што перад сваім прыездам да Падуі Скарына быў на становішчы сакратара караля Даніі, можна дапушчаць, што мэдыцыну студыяваў ён на мэдычным факультэце ўнівэрсытэту ў Капэнгазе. На аснове адбытых там студыяў ён мог гэтак бліскуча і здаць дакторскі экзамен у Падуі.

Палітычныя дачыненьні між Капэнгагай і Кракавам у тую пару былі вельмі прыязныя й пераезду доктара Скарыны з Кракава ў Данію вельмі спрыяльныя. Летам 1509 году з Кракава да Капэнгагі езьдзіла пасольская дэлегацыя караля й вялікага князя Жыгімонта Казімеравіча для дамовы аб угодзе між Даніяй і Рэчыпаспалітай. 24 жнівеня 1509 году ўгода гэтая аб «узаемнай дружбе, дапамозе й абароне» ў Капэнгазе й была падпісаная. Зусім магчыма, што, карыстаючы з нагоды, разам з пасольствам Жыгімонта Казімеравіча з Кракава да Капэнгагі пераехаў і Скарына, студыі якога на філязафічным факультэце Кракаўскага ўнівэрсытэту, пачатыя ў 1504 годзе, гэтым часам павінны былі якраз кончыцца.

Гэтак, дзякуючы новаму архіўнаму адкрыцьцю сп. Я.Садоўскага, дайшло да ўстанаўленьня ўжо дзевятага, па чарзе свайго выяўленьня, геаграфічнага асяродку абнятага Скарынавым жыцьцяпісам - Капэнгагі. Адкрыцьцё гэтае пашырае круг Скарынавае ведамае жыцьцёвае актыўнасьці й на скандынаўскую поўнач Эўропы. Справа будучых дасьледнікаў раскрыць у старасховах Даніі больш фактаў аб прабываньні ды характары дзейнасьці ў Капэнгазе «сакратара караля Даніі» - доктара Франьцішка Скарыны.

9

З адкрыцьцём дзевятага геаграфічнага асяродку зьвязанага із Скарынавым жыцьцяпісам, Капэнгагі, не замыкаецца яшчэ напэўна іх лік. Ня будзе вялікаю неспадзеўкай, калі з часам стане ведама іх больш ды шырокі й так тэрытар'яльны дыяпазон Скарынавае актыўнасьці пашырыцца яшчэ. Што да трох выдатных культурных цэнтраў тагачаснае Эўропы - Вэнэцыі, Вітэнбэрга й Вроцлава, - існуюць ужо й цяпер паважныя дадзеныя, што падчас сваіх жыцьцёвых вандровак доктар Скарына іх крануў ды што яны мелі сваё важнае значаньне ў ягонай, багатай падарожжамі й прыгодамі, біяграфіі.

Калі ідзе пра Вэнэцыю, дык проста цяжка дапушчаць, каб з усяго 30 кілямэтраў адлеглае ад яе Падуі Скарына не зазірнуў і сюды. Падуя была тады ў палітычнай залежнасьці ад Вэнэцыі. Магутная й багатая фінансамі купецкая рэспубліка сьвятога Марка ўсьведамляла добра патрэбу й вялікія карысьці зь існаваньня побач слаўнае на ўсю Эўропу падуанскае акадэміі і, дзеля гэтага, вэнэціянскія доджы шчодра апякаваліся Падуанскім унівэрсытэтам. Ды ў тую пару Вэнэцыя была ня толькі важным палітычна-гандлёвым, але й выдатным культурным цэнтрам. Найперш была яна тады найбольшым друкарскім асяродкам усяе паўдзённае Эўропы. У Скарынавую якраз пару вэнэцыянскае друкарства дасягнула ўзвышшаў свайго разьвіцьця. Дзейнаю была тут гэтым часам слаўная й для гісторыі разьвіцьця ўсяго эўрапейскага друкарства важная вельмі друкарня Альда Мануція. Каля ягонае друкарні, выдавецтва й асобы гуртавалася цэлая чарада выдатных вучоных гуманістых, заданьнем якіх было рыхтаваць да друку кнігі, спраўджаць і ўдакладняць тэксты твораў лацінскіх, грэцкіх і італіянскіх клясыкаў. Гэтак, каля Альда Мануція з часам паўстала цэлая «Новая Акадэмія».

У друкарні гэта Альда Мануція зарадзіўся ведамы шырака й сяньня тарнаваны друкарскі шрыфт - курсыва. Першы Мануці завёў стандартны малы фармат кніжак у васьміцу (актаву), - зграбны фармат слаўных на ўсю Эўропу «альдынаў» - на месца пануючага тады ў друку большага фармату ў чацьвярціцу (кварту), а часта й фоліё, што выводзіўся із старое традыцыі вялікіх кнігаў рукапісных. Зь яго гэта браў прыклад доктар Скарына, калі для кніжак свайго выданьня, асабліва для кніжак віленскага друку, надаў зручны, малы, «падарожны» фармат. Альд Мануці завёў у друкарскую традыцыю й звычай даваць на кніжках адмысловы выдавецкі фірмовы знак, стаўляючы на кніжках свайго выданьня свой знак - дэльфін, што ўецца навокала кацьвігі (якара). І гэтую навіну, за Альдам Мануціям, завёў у кнігах свайго выданьня доктар Скарына, стаўляючы ў іх свой знак-эмблему - сонца з маладзіком.

Друкарні тагачаснае Вэнэцыі друкавалі кнігі ня толькі для земляў Вэнэцыянскае рэспублікі й Італіі, але й для ўсяе Эўропы. Выходзілі тут кніжкі на мовах лацінскай, грэцкай, італіянскай, гэбрайскай, армянскай, а таксама на мовах славянскіх. Тая чэская Біблія, на якую доктар Скарына галоўна апіраўся, рыхтуючы свой пераклад Бібліі на старабеларускую мову, выйшла якраз у Вэнэцыі ўсяго шэсьць год перад падарожжам доктара Скарыны да Італіі, у годзе 1506. Дык ці ня ў Вэнэцыі доктар Скарына першы раз і пазнаёміўся зь Бібліяй 1506 году чэскіх утраквістых, якая навяла яго на думку зрабіць падобны пераклад для свайго народу. Выдаўцы гэтае Бібліі магчыма далі яму й першыя ўводзіны ў тайны тэхнікі друкарскага майстэрства. Можна чыніць дагадкі й аб тым, што праз тых самых выдаўцоў чэскае Бібліі доктар Скарына здабыў сувязі й знаёмасьці й у чэскай Празе, дзе пазьней ён асеў на год колькі для наладжаньня друкарні й друкаваньня кнігаў Бібліі свайго перакладу.

У Вэнэцыі, зразумела, існавалі й тэхнічныя магчымасьці для выкананьня шрыфтовых матрыцаў ды выліваньня самых шрыфтоў для розных моваў, а між імі й шрыфтоў кірылічных. Тут літары для свае друкарні ў Цэтыніі заказваў чарнагаранін ераманах Макар. Ягоныя царкоўнаславянскія літургічныя праваслаўныя кнігі, друкаваныя для патрэбаў паўдзённых славянаў, выйшлі з друку ў гадох 1493-1495. Гэта другі з чаргі выдавец у галіне кірылічнага друку, пасьля першага кракаўскага Швайпольта Фіёля, а перад трэйцім - доктарам Франьцішкам Скарынам. Зусім магчыма, што й доктар Скарына матрыцы шрыфтоў для свае праскае друкарні выканаў таксама ў Вэнэцыі. Гэта дапушчаў ужо ў 1795 годзе Язэп Даброўскі. Даброўскі, які тады яшчэ нічога ня ведаў аб прабываньні доктара Скарыны ў 1512 годзе ў блізкой, суседняй Вэнэцыі, Падуі, пісаў: «Можна дапусьціць, што Скарына ў 1515 годзе езьдзіў разам з каралём Жыгімонтам (Казімеравічам) да Вены, а стуль, разам з пасламі караля ў справе вайны з Туркамі, да Вэнэцыі. З гэтага можна дагадвацца, дзе ён раздабыў свае шрыфты. У Вэнэцыі ён мог дастаць матрыцы для славянскіх літараў, і ягоныя літары запраўды маюць выгляд ня рускага царкоўнаславянскага шрыфту, але падобныя больш да тых, якімі ў ХVІ стагодзьдзі свае кнігі ў Вэнэцыі друкавалі Сэрбы»[26].

На бліжэйшую сутычнасьць доктара Скарыны зь італіянскім друкарствам і праўдападобнасьць ягонае бытнасьці ў Вэнэцыі паказваюць і італіянскія рэнэсансавыя графічныя элемэнты ў ініцыяльных вялікіх літарах і большых заставіцах праскіх Скарынавых кнігаў з выабражэньнем сырэнаў, сатыраў, наядаў, амураў ды іншых мітычных постацяў антычнага сьвету, якія тады былі вельмі папулярныя ў графічных аздобах рэнэсансавага друку Італіі, найперш Вэнэцыі. Гэтыя, яўна італіянскія графічныя элемэнты Скарынавых кнігаў, найбаржджэй зьявіліся ў іх у выніку беспасярэдняга сутыку доктара Скарыны з Вэнэцыяй і яе друкам. І тэхніка Скарынавага двукалёрнага друку тая самая, што й у вэнэцыянскіх славянскіх кнігах, праз «фрашкет» - балонку пэргамэнту з прарэзанымі акенцамі.

З вышэй прыведзенага вынікае, што існуе ня мала розных паказаньняў на тое, што й Вэнэцыя была ахопленая ў круг беспасярэдняе Скарынавае актыўнасьці. Аднак, пакуль на довад гэтага ня будзе выяўлена нейкага канрэтнага фактавага ці дакумэнтнага пацьверджаньня, думка аб гэтым застанецца ў ліку хай сабе й вельмі праўдападобных, але ўсё-ж толькі дапушчэньняў.

10

Нямецкі Вітэмбэрг, які ў Скарынавую пару стаў вельмі важным цэнтрам рэфармацыйнага руху, быў сядзібаю самога Марціна Лютэра, - гэта другі асяродак тагачаснай Эўропы, дапушчэньне аб Скарынавым прабываньні ў якім ставілася ўжо даўно. Першы справу бытнасьці доктара Скарыны ў Вітэмбэргу як quaestio historica - «гістарычнае пытаньне» - у друку паставіў яшчэ ў 1840 годзе выдатны славісты-філялёг, вучань Даброўскага, Баўтрамей Капітар. У выдадзеным у Вене зборніку сваіх славістычных працаў, нарысаў, зацемак, Капітар памясьціў і кароткую заўвагу аб магчымай сустрэчы доктара Франьцішка Скарыны з доктарам Марцінам Лютэрам у Вітэмбэргу[27].

Сваё «гістарычнае пытаньне» - сустрэўся доктар Скарына зь Лютэрам ці не, - Капітар ставіў на аснове пададзенага ў вадным старым жыцьцяпісе Марціна Лютэра апавяданьня аб тым, як у 1525 годзе ў Вітэмбэрг прыяжджаў нейкі doctor Fransiscus polonus - «доктар Франьцішак Паляк». Гэты «доктар Франьцішак» сустрэўся найперш зь ведамым блізкім прыяцелем Лютэра, Піліпам Мэлянхтонам, і зрабіў на ім уражаньне сваёю вучонасьцяй. Мэлянхтон запрасіў яго на абед, на які прыйшоў і Лютэр. Марцін Лютэр таксама быў ачараваны шырокаю эрудыцыяй і глыбокаю ведай доктара Франьцішка й запрасіў яго навет на заўтра да сябе на сьнеданьне. Калі, аднак-жа, позна ўначы Лютэр варочаўся дамоў, ён раптам прыпомніў, што гады чатыры перад гэтым ягоныя прыхільнікі паведамлялі яго аб тым, што каталіцкія біскупы нанялі за дзьве тысячы залатых скрытабойцу, каб той яго падступна атруціў. У Лютэра зьявілася падазрэньне, што можа «доктар Франьцішак» і ёсьць той падасланы скрытабойца. Напалоханы Лютэр назаўтра раніцай загадаў свайму слузе, каб, калі зьявіцца доктар Франьцішак, яго ў дом ня ўпускаць, а сам уцёк зь Вітэмбэрга ў Торгаў.

Пры чытаньні вось гэтага летапіснага апавяданьня Капітару й насунулася думка аб тым, што гэтым «доктарам Франьцішкам Паляком», якім так захопліваўся Мэлянхтон, а якога пасьля гэтак напалохаўся Лютэр, мог быць доктар Франьцішак Скарына. Ужо ў трыццатых гадох мінулага стагодзьдзя, найпазьней ад 1834 году, Капітар чыніў і спробы справу гэтую выясьніць. Дзеля гэтага колькі разоў ён пісаў у Гётінген да аднаго зь ведамых братоў Грыммаў, да Якуба, каб той памог яму гэтае пытаньне разьвязаць. Прыкладам, 20 лютага 1835 году Капітар пісаў Якубу Грымму: «З галавы мне ня выходзіць, што гэты др. Франьцішак з Польшчы быў ня хто іншы, але др. Франьцішак Скарына з Полацка. Праверце, калі ласка, гэтую справу яшчэ раз праз сваіх прыяцеляў у Вітэмбэргу»[28].

Ці Якуб Грымм змог нешта выясьніць для Б.Капітара ў справе магчымае сустрэчы Скарыны зь Лютэрам у Вітэмбэргу - не далося ўстанавіць. Але гэтае пытаньне й пазьней у ХVІІІ стагодзьдзі ўзьнімалася рознымі дасьледнікамі Скарынавага жыцьцяпісу ды з часам было адхіленае без уважнейшага спраўджэньня адпаведных жаролаў, на той толькі падставе, што якраз у 1525 годзе доктар Скарына быў заняты ў Вільні выдаваньнем свайго «Апостала» й дзеля гэтага ня мог у гэтым самым часе быць у далёкім ад Вільні Вітэмбэргу. На гэтай вось аснове думку аб сустрэчы доктара Скарыны з Марцінам Лютэрам адкінуў яшчэ ў 1867 годзе А.Віктараў[29], зь ім згадзіўся П.Валадзіміраў[30] ды іншыя дасьледнікі Скарынавага жыцьцяпісу. У выніку, у ХХ стагодзьдзі гэтае пытаньне ўважалася ўжо за разьвязанае, разьвязанае адмоўна, і было зьнятае з разгляду ў далейшай скарынаведнай літаратуры.

Аднак-жа, зьвярнуць трэба ўвагу на тое, што вышэй прыведзеная аргумэнтацыя Віктарава зусім недастатковая для таго, каб катэгарычна адхіліць магчымасьць наведзінаў доктара Скарыны ў Вітэмбэргу ў 1525 годзе. Важна мець наўвеце, што Скарынаў «Апостал» выйшаў з друку на пачатку 1525 году, у сакавіку, і пасьля гэтага заставалася яшчэ цэлых дзевяць месяцаў году - часу для такога рухавага падарожніка, як Скарына, даволі, каб да Вітэмбэрга ня толькі заехаць, але стуль і вярнуцца. Вось дзеля гэтага аўтарам гэтага нарысу й быў праведзены новы перагляд гэтага пытаньня, перагляд на аснове беспасярэдняга зазнаямленьня з адпаведнымі даступнымі нямецкімі жароламі, зьвязанымі з жыцьцяпісам доктара Марціна Лютэра. Вынік дагэтуляшніх досьледаў кінуў цікавае новае сьвятло на старое Капітарава «гістарычнае пытаньне». Пакідаючы на пазьней справу публікацыі абшырнейшага й больш дакладнага разгляду адпаведных жаролаў і літаратуры, гэтта коратка падаюцца агульныя выснавы.

Справа паявы ў Вітэмбэргу нейкага вельмі вучонага доктара, якога Марцін Лютэр западозрыў у намеры яго атруціць, пераказваецца ў шмат якіх старых жыцьцяпісах Марціна Лютэра і ў вельмі розных варыянтах. У паасобных вэрсыях мяняюцца абставіны й дэталі падзеі, прыводзяцца й розныя імёны самога доктара-чужынца. Супольнае ім усім тое, што прыбылы доктар вельмі разумны, вельмі вучоны ды што прыбыў з усходу, з Польшчы. У розных пераказах мянуецца ён або доктарам мэдыцыны, або выдатным астраномам, або матэматыкам, а ёсьць і такая вэрсыя, у якой за мэту прыезду доктара-чужынца ў Вітэмбэрг падаецца намер друкаваць там Біблію ў нейкай чужой мове - прыкмета асабліва падыходзячая да асобы доктара Франьцішка Скарыны, няўтомнага выдаўца кнігаў Бібліі ў старабеларускай мове.

Калі шмат зь летапісных характарыстыкаў вучонага доктара, што наведаў Вітэмбэрг і бачыўся з Марцінам Лютэрам, падыходзіць да асобы доктара Франьцішка Скарыны, дык, як выяўляюць новаправедзеныя росшукі, і сам час гэтых магчымых наведзінаў не стаіць у супярэчнасьці зь ведамымі фактамі Скарынавае біяграфіі, а наадварот, як далей пабачым, добра зь імі ўкладаецца. Найперш, на аснове пераказаных тагачасьнікамі апавяданьняў самога Лютэра, выяўляецца, што вучоных дактароў з усходу, што наведалі Вітэмбэрг і якіх Марцін Лютэр западозрыў у скрытабойчых намерах, было не адзін, а найменш два. Першы зьявіўся ў Вітэмбэргу ў студзені 1525 году, калі доктар Скарына запраўды быў заняты ў Вільні друкам свайго «Апостала», і дзеля гэтага гэты год, як час магчымае бытнасьці доктара Скарыны ў Вітэмбэргу, даводзіцца канчаткова адкінуць, як гэта й зрабіў сто год таму Віктараў. Затое другі «доктар з Польшчы» да Вітэмбэрга прыбыў, паводля сьцьверджаньня самога Лютэра, «сем-восем год» пасьля першага, гэта значыць у гадох 1532-1533. Гэта якраз час, калі доктар Скарына, як ведама, быў і ў Пазнані, і ў Кракаве, а магчыма й у недалёкім ад іх Вроцлаве, - трох местах, пра якія ў розных вэрсыях Лютэравага жыцьцяпісу спамінаецца, як пра месты, скуль доктар-чужынец накіраваўся да Вітэмбэрга. Апавяданьне аб гэтым Марціна Лютэра пераказаў ягоны блізкі прыяцель, тэалёг Ёган Матэзіюс[31].

У ніякай супярэчнасьці з магчымасьцяй таго, што «доктар Франьцішак», які зьявіўся ў Вітэмбэргу, мог быць доктарам Скарынай, не стаіць і тое, што ў некаторых вэрсыях пераказаў дадзенага здарэньня мянуецца яго «Паляком». Доктар Скарына быў грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага й падданым вялікага князя Жыгімонта Казімеравіча, які адначасна быў і каралём Польшчы. Дзеля гэтага на Захадзе Скарыну й маглі называць падданым польскага караля, «Паляком», хоць ён сам за межамі свайго краю называў сябе або «Ліцьвіном» - litphanus - як было на Кракаўскім унівэрсытэце, або «Русічам» - ruthenus - як запісана ў Падуі, але ніколі Паляком.

Калі гэтак шмат з характарыстыкі вучонага доктара «з Польшчы» нагадвае доктара Скарыну, улучна зь ягоным імем у некаторых вэрсыях, ды калі час магчымых наведзінаў у Вітэмбэргу ў гадох 1532-1533 не стаіць у ніякой супярэчнасьці зь ведамымі фактамі Скарынавае біяграфіі, гэта паважная падстава на тое, каб магчымасьць сустрэчы доктара Скарыны з Марцінам Лютэрам нанава перагледзіць на аснове адпаведнае нямецкае актавае, біяграфічнае, мэмуарнае й летапіснае літаратуры датычнае асобы доктара Марціна Лютэра. Дык Капітарава «гістарычнае пытаньне» 1840 году зьнятае было ў навуковай літаратуры яўна перадчасна. Стаіць яно й перад дасьледнікамі ХХ стагодзьдзя ды чакае на сваё грунтоўнае навуковае выясьненьне.

11

Калі магчымасьць Скарынавае бытнасьці ў Вэнэцыі ці Вітэмбергу ставілася й абмяркоўвалася на самых зачатках скарынаведных досьледаў, яшчэ пры канцы ХVІІІ ці ў пачатках ХІХ стагодзьдзяў, дык дапушчэньне аб важным значаньні ў ягоным жыцьцяпісе места Вроцлава - панямецку Брэсляў - узьнімаецца гэтта першы раз.

У 1890 годзе ў бэрлінскім часапісе «Zeitschrift fuer Philologie» быў надрукаваны даўжэйшы артыкул П.Каргэ «Славянскія памяткі з даўнейшых часоў у Вроцлаве». У гэтым артыкуле, між іншым, коратка паведамляецца й аб тым, што бібліятэкар меставое бібліятэкі Вроцлава, прафэсар Маркграф, у вокладцы аднэй старой судовай актавай кнігі знайшоў уклеяныя балонкі з кнігаў праскае Бібліі доктара Франьцішка Скарыны[32].

У самым факце знаходу ў вокладцы кнігі балонак ведамае й так Скарынавае Бібліі няма, зразумела, нічога асаблівага. Кнігаведы ведаюць, што даўней пры апраўляньні кнігаў ня раз як матар'ял для вокладкі былі скарыстоўваныя балонкі старых друкаваных ці рукапісных кнігаў. На аснове знойдзеных у вокладках старых кнігаў уклеяных балонак яшчэ старэйшых кнігаў ці рукапісаў ужо ня раз удалося зрабіць важныя адкрыцьці для гісторыі эўрапейскае пісьменнасьці. Ня пяршынёю было гэта й із Скарынавымі друкамі. Ведамы «патрыярх славянскае філялёгіі» Язэп Даброўскі, ужо 150 год таму, у годзе 1815, у другім томе свайго зборніка «Slovanka» паведаміў аб тым, што ён «меў шчасьце» ў кнізе Гомэравых твораў «Homeri interpres. Argentor» з 1539 году знайсьці дзьве палавіцы аркушовай чверці біблійнае кнігі Плач Ярэмы Скарынавага выданьня. З гэтае свае знахадкі Даброўскі першы раз і даведаўся аб тым, што кнігу Плач Ярэмы доктар Скарына пераклаў і выдаў. Із знойдзеных частак балонак Даброўскі прывёў тут-жа й колькі тэкставых прыкладаў на довад таго, як Скарынін пераклад на «літоўска-рускую мову», як Даброўскі старабеларускую мову называў, розьніцца ад перакладу царкоўнаславянскага[33].

Дык адкрыцьцё балонак кнігаў Скарынавай Бібліі ў вокладцы рукапіснай актавай кнігі, балонак кнігаў, што захаваліся ў бібліятэках і ведамыя, само па сабе ня было нейкай важнай падзеяй і відаць дзеля гэтага на факт гэтае знахадкі, пададзены мімаходам у даўжэйшым артыкуле Каргэ, ніхто, бадай і дагэтуль, не зьвярнуў у друку ніякае ўвагі. А, тымчасам, некаторыя дэталі гэтае знахадкі маюць вялікую цікавасьць для Скарынавае біяграфіі, і ня вылучана, што яны могуць стацца важнымі выходнымі ніткамі да новых архіўных адкрыцьцяў.

Паўль Каргэ ў сваім артыкуле падаў, што прафэсар Маркграф на балонкі Скарынавае Бібліі натрапіў у вокладцы кнігі Liber procuratorum - Кніга пракуратараў - у якой вяліся запісы пракуратуры ў часе ад 1535 да 1571 году. У вокладцы гэтае кнігі прафэсар Маркграф знайшоў 4 аркушы цэлыя, 25 аркушных палавінак, разрэзаных для дадзенае патрэбы, якія ў бальшыні сябе дапаўнялі й складаліся ў цэлыя аркушы, ды 7 вузкіх палосак шырыні прыблізна 6-ці радкоў. Дык усяго ў вокладцы кнігі было ўклеяна даволі шмат - больш 17 аркушоў із Скарынавае праскае Бібліі, што дае прыблізна 137 кніжных балонак ці 272 бачыны.

Ды і факт вялікага ліку знойдзеных у вокладцы аркушоў зь Бібліі Скарынавага друку ня быў-бы яшчэ таксама справаю нязвычайнаю, каб ня тое, што гэтыя аркушы паходзілі ня зь нейкае аднае біблійнае кнігі Скарынавага выданьня, а з колькіх розных. Як ведама, доктар Скарына выдаваў Біблію ня ўсю адразу, а паадзіночнымі біблійнымі кнігамі, і надрукаваў іх усіх у Празе 23. Зь іх у вокладцы вроцлаўскае Liber procuratorum Маркграф знайшоў часьці аж 8-мі кнігаў, а пайменна: Кнігі Салямонавых Прыповесьцяў, дата выхаду 6 лістапада 1517 году; Кнігі Эклезіясты, дата выхаду 10 жнівеня 1518 году; Кнігаў Ісход, Левіт, Лічбаў ды Прарока Данілы - год выхаду ўсіх 1519. З гэтага выглядала-б, што інтралігатар, які пераплятаў і апраўляў Liber procuratorum, у сваім распараджэньні меў цэлую бібліятэку Скарынавых праскіх кнігаў Бібліі.

Ды яшчэ цікавейшае й важнейшае тое, што некаторыя знойдзеныя ў вокладцы аркушы, як, прыкладам, з Кнігі Лічбаў або Кнігі Прарока Данілы, былі ўклееныя ў вокладку ў падвойным ліку, а іншыя, як аркушы з Кнігі Салямонавых Прыповесьцяў ці Эклезіясты, навет і пачворна. З гэтага вынікае, што інтралігатар, які апраўляў Liber procuratorum, меў у сябе пад рукамі ня бібліятэку Скарынавых кнігаў, і ня кнігі наагул, а сьцірты надрукаваных, але не зламаных і не пераплеценых у кнігі аркушоў, зь якіх ён і браў столькі, колькі яму было патрэбна - па два, а навет і па чатыры тыя самыя аркушы тае самае кнігі адразу.

У сувязі з гэтым, вельмі цікавым, фактам, паўстае цэлы сьцяг пытаньняў: якім спосабам у вроцлаўскага інтралігатара апынуліся цэлыя сьцірты непераплеценых у кнігі аркушоў Скарынавае праскае Бібліі? Як гэтыя аркушы трапілі зь месца свайго друку, Прагі, да даволі далёкага ад яе Вроцлава? Сьветкамі якіх справаў і падзеяў Скарынавага жыцьця балонкі ягоных кнігаў у вокладцы Liber procuratorum зьяўляюцца? Пакуль ня знойдуцца нейкія дадатковыя дадзеныя для адказу на ўсе гэтыя пытаньні, сяньня аб усім гэтым можна рабіць толькі тыя ці іншыя дагадкі-дапушчэньні.

Найперш, разглядаючы мапу Эўропы, лёгка зацеміць, што Вроцлаў знаходзіцца прыблізна 200 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Прагі й якраз на простай лініі з Прагі праз Варшаву да Вільні. З гэтага можна было-б зрабіць дапушчэньне, што аркушы кнігаў Скарынавае Бібліі маглі трапіць да Вроцлава падчас перавозу іх з Прагі да Вільні. Ведама, што пасьля спыненьня друкарскае дзейнасьці ў Празе доктар Скарына да Вільні й пераехаў. Зусім магчыма, што нейкія важныя перашкоды падарозе затрымалі ў Вроцлаве перавожаныя ў аркушох кнігі, і там, па нейкім часе яны трапілі, як макулятурная ўжо папера, да інтралігатара, які імі й выклейваў вокладкі апраўляных кнігаў.

Што да часу, калі гэта магло стацца, дык існуюць падставы дапушчаць, што здарылася гэта найхутчэй у 1520 годзе, бо ведамая апошняя друкаваная ў Празе Скарынаю кніга, Кніга Судьдзяў, датаваная 4 сьнежня 1519 году. Дык выезд доктара Скарыны з Прагі й мог адбыцца ці ў сьнежні таго-ж году, ці, найбарджэй, у годзе наступным. З факту, што ў Вроцлаве Скарынава Біблія апынулася ў выглядзе непераплеценых яшчэ ў кнігі аркушоў, можна было-б дапушчаць, што частку, найменш, надрукаванае ў Празе Бібліі доктар Скарына вёз із сабой у непераплеценым стане, аркушамі, ці дзеля таго, што на сшываньне й каштоўную тады аправу ня стала сяродкаў, ці мо' кідаў ён Прагу дзеля нейкіх прычынаў неспадзеўкі сьпешна й ня меў проста часу займацца яшчэ апраўляньнем кнігаў, або, можа й з тых меркаваньняў, што ў непераплеценым стане лягчэй было іх перавозіць.

Што-ж да прычынаў, якія маглі затрымаць Скарынавыя кнігі ў Вроцлаве, дык і аб гэтым можна рабіць толькі тыя ці іншыя дагадкі. Прычына, для прыкладу, магла быць тая самая, што й для канфіскаты праваслаўных багаслужэбных кнігаў, выдадзеных у Кракаве Швайпольтам Фіёлем, якія ў 1491 годзе кракаўскія каталіцкія ўлады забралі й зьнішчылі. Із Скарынавымі кнігамі падобная канфіската магла здарыцца ў 1520 годзе тымбольш, бо дзеля нарастаючага ад колькіх год рэфармацыйнага руху ў Нямеччыне, нагляд над друкам і цэнзура каталіцкае інквізыцыі моцна завайстрыліся. Вось гэта магло скласьціся на тое, што перавожаныя з Прагі да Вільні ў непераплеценьм стане кнігі Скарынавае Бібліі былі сканфіскаваныя й пазьней перададзеныя ці прададзеныя інтралігатару, як макулятурная папера. Прыпомніць тут будзе цікава, што й балонкі Кнігі Плач Ярэмы Скарынавага друку Язэп Даброўскі знайшоў у вокладцы кніжкі выдадзенай у часе вельмі блізкім да часу прыблізнага пераплёту вроцлаўскае Liber procuratorum, бо ў годзе 1539. Зусім магчыма, што й яе сшываў і апраўляў той самы вроцлаўскі інтралігатар, які апраўляў і Liber procuratorum.

Калі вышэй прыведзеныя меркаваньні аб паяве ў Вроцлаве аркушоў Скарынавых праскіх друкаў хоць у нейкай часьці адказваюць запраўднасьці, дык тады трэба мець наўвеце й тое, што адначасна з кнігамі маглі падпасьці пад канфіскату й шрыфты Скарынавага праскага друкарскага набору, друкарскія прылады, якія Скарына адначасна перавозіў з Прагі да Вільні. Вось гэта магчыма прычына таго, што пасьля пераезду ў Вільню доктар Скарына быў змушаны запраектаваць сабе й адліць новы шрыфт, адрозны ад праскага, якім пасьлей і былі друкаваныя ягоныя віленскія выданьні - «Апостал» ды «Малая Падарожная Кніжыца». Гэта выясьняла-б прычыну, чаму ў віленскіх выданьнях ня сустракаем вялікіх аздобных праскіх ініцыяльных літараў.

З факту, што невялікі лік кнігаў Скарынавае праскае Бібліі захаваўся аж да сяньня, вынікае, што да інтралігатара трапіў усё-ж ня ўвесь тыраж кнігаў праскае Бібліі, а толькі яго частка. Другая частка, відавочна, была накіраваная з Прагі да Вільні яшчэ раней, ці іншай дарогай, і трапіла на родныя землі Скарыны безь перашкодаў.

Усе пададзеныя вышэй меркаваньні, зразумела, толькі дапушчэньні ў спробе выясьніць факт масавае паявы балонак праскіх Скарынавых друкаў у вроцлаўскай Liber procuratorum. Маглі быць і розныя іншыя, няведамыя пакульшто прычыны. Для выясьненьня гэтага пытаньня мэтазгодным было-б уважна перагледзіць акты Вроцлаўскіх архіваў дадзенае пары.

12

Пералік ведамае сяньня архіўнае дакумэнтацыі датычнае паасобных асяродкаў зьвязаных зь біяграфіяй доктара Скарыны трэба дапоўніць яшчэ спамінам пра выяўленыя актавыя матар'ялы аб Вільні й Полацку. У вабодвух выпадках гэта акты судовых справаў.

У 1529 годзе ў Вільні, перад найвышшай судовай інстанцыяй, бо перад вялікім князем Жыгімонтам Казімеравічам з Радаю Паноў Вялікага Княства Літоўскага, разглядалася дамаганьне сваякоў Скарынавае жонкі Маргарэты, каб перадаць ім дом у Вільні «пры рынку», які яна мела па сваёй матцы Дароце. У першай інстанцыі справу гэтую разглядаў віленскі «войт з бурмістрамі й радцамі водле права майтборскага», у другой - князь Ян, біскуп віленскі, у якога колькі год пазьней доктар Скарына стаў сакратаром і лекарам. Усе тры судовыя інстанцыі дом і бліжэй не азначаную іншую рухомую й нярухомую спадчыну Скарынавай цешчы Дароты, прысудзілі «дзяржаці й ужываці супакойна на вечныя часы» жонцы доктара Скарыны, Маргарэце й яе дзецям. Тым-жа яе сваяком, што ўзьнімалі працэс, вялікі князь Жыгімонт і Рада Паноў загадала на будучыню «ў тым вечнае маўчаньне меці».

З усіх актаў гэтага судовага працэсу ведамы да гэтай пары толькі пісаны пабеларуску тэкст пастановы Жыгімонта Казімеравіча з 1529 году, які знайходзіцца ў Літоўскай Мэтрыцы. Тэкст гэты ў 1888 годзе апублікаваў у сваей манаграфіі аб Скарыне Валадзіміраў[34]. Акт гэты вельмі важны тым, што дае нам ведамкі пра імя й паходжаньне Скарынавае жонкі ды пра маемасныя справы й клопаты яе й доктара Скарыны ў Вільні.

Датычна справаў Скарынавага роду ў Полацку ведамыя два, пісаныя пабеларуску, судовыя полацкія запісы з 1535 году. Зь іх вынікае, што за радавую зямлю Скарынаў на Замку ў Полацку, якая па сьмерці Лукаша Скарыны прыпадала ў спадчыне ягоным двум сыном, Івану й Фрайьцішку, судзіліся тады два зяці памерлага Івана Скарыны - Міхна Аўсяньнік і Еська Сьцяпанавіч, - паколькі беспасярэдняга спадкаемніка, доктара Франьцішка Скарыны, ані сына Івана Скарыны, Рамана, у Полацку тады ня было. Справу выйграў Міхна Аўсяньнік на той аснове, што ён сваймі грашмі пакрыў доўг цясьця Івана Скарыны ў вышыні «40 коп і паўтары капы грошаў» літоўскіх, якія Іван Скарына, пад заруку Міхны Аўсяньніка, пазычыў у Рызе ў мешчаніна віленскага Пётры Сакалоўскага.

І акты гэтае справы, якія знайходзяцца таксама ў Літоўскай Мэтрыцы, апублікаваў у 1888 годзе ў сваёй манаграфіі Валадзіміраў. Другі раз яны былі перадрукаваныя, беспасярэдня з арыгіналаў, у «Беларускім Архіве» 1928 году Інстытуту Беларускае Культуры[35]. Гэтыя акты важныя для біяграфіі доктара Скарыны найперш сваім насьвятленьнем полацкіх маемасных справаў роду Скарынаў.

13

На пераліку існуючых актавых дадзеных аб месцах прабываньня доктара Скарыны й прыведзеных меркаваньняў аб магчымай зьвязанасьці Вэнэцыі, Вітэмберга й Вроцлава із Скарынавай біяграфіяй, гэты гістарычны агляд ходу геаграфічнае лякалізацыі жыцьцяпісу доктара Франьцішка Скарыны й замыкаецца. З вышэй пададзенага можна бачыць, што дзякуючы архіўным пошукам навукоўцаў розных краёў і народаў - чэскіх, польскіх, расейскіх, беларускіх, - за мінулыя два стагодзьдзі паступова было выяўлена дзевяць важных культурна-палітычных цэнтраў Эўропы, увязаных у справы жыцьця й дзейнасьці выдатнага гуманісты Беларусі й яе першадрукара - доктара Франьцішка Скарыны. Асяродкі гэтыя, у чарзе іх ведамасьці, гэта Полацак, Прага, Вільня, Кракаў, Падуя, Каралевец, Пазнань, Масква, Капэнгага. Чатыры апошнія зь іх былі выяўленыя на працягу апошняга пяцідзесяцігодзьдзя. Два - Падуя дый Кракаў - у мінулым стагодзьдзі. Тры першыя ведамыя здаўна з кнігаў самога Скарыны.

Сам пералік гэтых асяродкаў паказвае, што сваёю экспансыўнай актыўнасьцяй доктар Скарына ахапіў найменш сем краёў Эўропы, ад Італіі й Даніі на захадзе, да эўразійскае Маскоўшчыны на ўсходзе. Кажны з гэтых асяродкаў меў сваё спэцыфічнае значаньне для багатай справамі й падзеямі, падарожжамі й прыгодамі біяграфіі вандроўнага Палачаніна. Старавечны Полацак важны найперш як радзіма Скарынавага роду, месца нараджэньня Франьцішка Скарыны, месца ўсваеньня радзімых нацыянальных і рэлігійных праваслаўных традыцыяў Беларусі, якія пазьней гэтак заважылі на кірунку пісьменьніцка-выдавецкай дзейнасьці доктара Скарыны, Кракаў, Падуя, й, праўдападобна, Капэнгага, - гэта месцы здабываньня вышэйшае асьветы й шматкірунковае веды. Прага й Вільня - два апорныя пункты Скарынавае друкарска-выдавецкае дзейнасьці «для пажытку й дабра люду паспалітага», якая стала асабліва важнаю ў гісторыі культуры роднае Скарыну Беларусі й усяе ўсходняе славянскае Эўропы. Капэнгага й, другім наваротам, тая самая Прага, былі месцамі Скарынавае дзейнасьці на адказных становішчах каралеўскага сакратара й каралеўскага садоўніка. Зь местам Пазнанем доктара Скарыну вязалі, найперш праз брата Івана, гандлёва-эканамічныя, міжнароднага засягу, справы й інтарэсы Скарынавага роду. Каралевец і Масква адзначыліся ў Скарынавым жыцьцяпісе галоўна як важныя зваротныя пункты, як месцы перажытых расчараваньняў і няўдачаў.

Выяўленая вялікая шматасяродкавасьць Скарынавага жыцьцяпісу яшчэ ня значыць, што ўсе месцы ягонае бытнасьці сяньня ведамыя й лік іх ужо не зьвялічыцца. Біяграфія доктара Скарыны раскрытая пакульшто вельмі недастаткова й дзеля гэтага трэба й у будучыні спадзявацца далейшага выкрыцьця новых асяродкаў, што ляглі на жыцьцёвым шляху неспакойнага Палачаніна. На такую магчымасьць паказвае й тое, што ведамы сяньня жыцьцяпіс доктара Скарыны вельмі няпоўны й мае вялікія прарэхі ў часе. Існуюць гады, аб якіх нічога ня ведама, дзе тады доктар Скарына быў, што чыніў. Датычыцца гэта найперш гадоў 1513-1516 ды 1520-1524. Вось гэта пазваляе думаць, што з выяўленьнем дзевяці ведамых сяньня асяродкаў Скарынавае дзейнасьці яшчэ не замыкаецца не малы й так сьпіс культурна-палітычных цэнтраў Эўропы, якія гасьцілі ў сваіх мурох полацкага няўтомнага падарожніка.

Розныя прычыны таго, што ведамыя нам сяньня дакумэнты, акты й факты датычныя Скарынавае біяграфіі, выяўляліся вельмі паволі, марудна, на працягу стагодзьдзяў. Адна з прычынаў, гэта сама вялікая геаграфічная шматасяродкавасьць і шырокі нязвычайна круг тэрытар'яльнага засягу гэтага жыцьцяпісу - адбітак тыповае для эўрапейскага дзеяча рэнэсансавае пары рухавасьці. Ня было ніякіх асноваў на дагадкі аб тым, што нейкія актавыя зьвесткі пра Скарыну існуюць у старасховах Кракава, Падуі, Каралеўца, Пазнані, пакуль на іх, зусім прыпадкам, не натрапілі дасьледнікі. Ніхто ня мог прадбачыць і факту Скарынавае бытнасьці ў Капэнгазе ці навет і ў суседняй Вялікаму Княству Літоўскаму Маскоўшчыне. І дзеля гэтага пройдзе хіба яшчэ ня мала часу, пакуль будуць раскрытыя ўсе асяродкі Скарынавага жыцьцёвага шляху, выпаўненыя ўсе прарэхі ягонае біяграфіі ў часе й выкрытыя ўсе дакумэнтныя, актавыя, летапісныя й мэмуарныя аб ім зьвесткі.

Натугі дасьледнікаў над раскрываньнем фактаў Скарынавае біяграфіі камплікуе яе шматасяродкавасьць яшчэ й тым, што праца вымагае належнага пазнаньня тагачасных палітычна-сацыяльных і культурных дачыненьняў не аднаго, двух краёў, а блізу ўсяе Эўропы. Гэта вымагае веды не аднае-дзьвюх, а шмат большага ліку эўрапейскіх моваў. Ведамыя цяпер ужо актавыя й летапісныя запісы датычныя асобы доктара Скарыны, пісаныя ў мовах старабеларускай, лацінскай, чэскай, нямецкай. Скарынаведная-ж навуковая літаратура, пачаткі якое вядуцца ад ХVІІІ стагодзьдзя, сяньня існуе на блізу ўсіх важнейшых эўрапейскіх мовах.

Калі экспансыўная рухавасьць выдатнага Палачаніна з частымі пераездамі стала паважнаю перашкодай пры выяўленьні фактаў яго біяграфіі, дык дала яна адначасна й сваё вымоўнае сьветчаньне аб важных рысах характару доктара Скарыны - аб ягонай энэргіі, аб імпульсыўнай актыўнасьці. Сустрэтыя на шляху перашкоды, няўдачы, выглядае, мала яго супынялі, а хутчэй былі вызываючым імпульсам для далейшых натугаў і спробаў у кірунку дасягненьня надуманых мэтаў, далейшага руху, пераездаў.

Другая важная прыкмета доктара Скарыны, якая вынікае з пададзеных у гэтым аглядзе фактаў, гэта тыповая рэнэсансавай мэнтальнасьці цяга да большых культурна-палітычных асяродкаў. Доктар Скарына яўна дзеяч найперш вялікіх, найчасьцей сталічных, цэнтраў. У іх ён спадзяваўся знайсьці належнае, адпаведнае сваім шырокім інтэлектуальным кругазорам, поле дзейнасьці. Калі вырослы на роднай зямлі патрыятызм ды набытыя на захадзе ідэі хрысьціянскага Эразмавага гуманізму абумовілі характар яго пісьменьніцка-выдавецкае дзейнасьці, якая ўся была накіраваная для «дабра й пажытку люду паспалітага», для свайго народу, дык шматкірунковая веда й шырокія інтэлектуальныя гарызонты піхалі адначасна самога Скарыну да культурна-палітычных цэнтраў ды да кантактаў зь кіруючымі й пануючымі асобамі рэнэсансавае Эўропы - каралямі, князямі, мітрапалітамі, біскупамі, бурмістрамі. На працягу ня гэтак і доўгага свайго жыцьця - памёр доктар Скарына ў веку нейдзе каля 55 год - яму давялося ўвайсьці ў сутычнасьць і мець важныя справы зь вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Казімеравічам, з каралём Чэхіі, Аўстрыі й Вугоршчыны, пазьнейшым імпэратарам рымскае імпэрыі нямецкае нацыі, Фэрдынандам І, з каралём Даніі, Нарвэгіі й Швэцыі Гансам, зь вялікім князем маскоўскім Васілём ІІІ Іванавічам, зь герцагам прускім Альбрэхтам, зь мітрапалітам маскоўскім Данілам, зь Янам «з князёў літоўскіх» быскупам віленскім, з бурмістрам сталічнае Вільні Якубам Бабічам, з купцом-фінансіерам, радцаю места Віленскага, Багданам Онкавым-Анкевічам. Пералічаныя вышэй імёны даюць нам цэлую яскравую галярэю выдатных асобаў Эўропы рэнэсансавае пары, справы й дзеі якіх скрыжаваліся із справамі й жыцьцём доктара Скарыны.

Калі шырокі геаграфічны дыяпазон Скарынавае жыцьцёвае актыўнасьці й стаў паважнаю перашкодай у раскрываньні фактаў ягонае біяграфіі, дык трэба мець наўвеце, што была гэта не адзіная й не галоўная прычына вялікае маруднасьці ў выяўленьні ходу жыцьця й дзейнасьці доктара Скарыны. Куды важнейшым было тое, што пры скарынаведных досьледах ад самых іх зачаткаў і аж па сяньня не стаяла й не стаіць нелажная, сыстэматычная й пляновая, праца сваіх незалежных нацыянальных навуковых установаў - акадэміяў, інстытутаў, унівэрсытэтаў, - іхныя кадры, навуковы апарат, матар'яльныя рэсурсы. Край і народ, зь якога Скарына выйшаў, у гістарычных абставінах ХVІІІ-ХІХ стагодзьдзяў, установаў гэтых ня меў і мець ня мог. Калі-ж у 20-х гадох гэтага стагодзьдзя новапаўсталы Інстытут Беларускае Культуры ў Менску зрабіў першы паважнейшы крок у скарынаведнай галіне выданьнем юбілейнага Скарынінскага зборніка «Чатырохсотлецьце беларускага друку»[36], дык неўзабаве па гэтым быў распачаты генэральны наступ Масквы на беларускую навуку й быў праведзены татальны яе разгром. Беларускіх навукоўцаў, пры тым, вінавацілі, як за цяжкі «нацыяналдэмакратычны» праступак, між іншым, і за выданьне вышэй названага зборніка, які быў сканфіскаваны. Сам доктар Скарына быў абвешчаны «рэакцыйным», «буржуазным», «манахам», «езуітам», і на доўгія гады ў Беларускай ССР, як і на прасторы ўсяго СССР, усякая дасьледная праца аб ім была спараліжаваная. Цікавіцца ягонай асобай і кнігамі было небясьпечна. Усе навукоўцы, што Скарынам і ягонай духовай спадчынай паважней навукова займаліся, трапілі пад арышт, на ссылку, некаторыя зьнішчаныя былі фізычна[37].

Вось у выніку гэткіх і падобных перашкодаў Скарынаў жыцьцяпіс і ягоная каштоўная выдавецкая спадчына й да гэтай пары належна ня вывучаная. Навет і ведамыя актавыя дакумэнты архіваў Эўропы датычныя ягонай асобы не сабраныя ў зборнік ды не апублікаваныя для шырэйшага навуковага карыстаньня. Тэксты толькі некаторых зь іх паявіліся ў друку дзякуючы захадам і рупнасьці паасобных дасьледнікаў. І з гэтых публікацыяў некаторыя сяньня вялікая бібліяграфічная рэдкасьць, практычна недаступныя. А шмат ведамых актаў ляжыць па старасховах Эўропы й да гэтай пары неапублікаваных. Ведама сяньня напэўна, што ёсьць іх там і куды больш да гэтай пары яшчэ ня выяўленых на дзённае сьвятло.

Ды ўсё-ж, не зважаючы на ўсе перашкоды, праца над рэгістрацыяй фактаў жыцьця й вывучэньнем пісьменьніцка-выдавецкае спадчыны доктара Франьцішка Скарыны ня спынілася й ня спыніцца. Ягонае значаньне ў гісторыі культуры Беларусі на толькі важнае, што маўчаньнем абыйсьці яго дзейнасьці немагчыма. А, як паказваюць новавыяўленыя апошнімі дзесяцьгодзьдзямі дакумэнты й факты, актыўнасьць доктара Скарыны далёка не замыкалася межамі ягонае бацькаўшчыны. Ён - вялічыня шырэйшага гістарычнага й геаграфічнага фармату. Дзеля гэтага ягоная асоба заўсёды прыцягвала да сябе ўвагу навукоўцаў шмат краёў Эўропы. Вось таму, калі вывучаць жыцьцё й духовую спадчыну доктара Скарыны не маглі, - а ў вялікай меры ня могуць належна рабіць гэта й сяньня, - навуковыя ўстановы й навукоўцы на землях Беларусі, вялася яна, хай сабе несыстэматычна й усяго спарадычна, за межамі Скарынавага роднага краю зь ініціятывы й ахвярнаю працай паасобных дасьледнікаў, увагу якіх заўсёды надзіла, прыцягала й паланіла красачная постаць выдатнага Палачаніна. Дасьледная праца, можна сказаць, будзе ісьці, - як ужо блізу два стагодзьдзі й ідзе, - дзякуючы галоўна й найперш самому доктару Франьцішку Скарыну, яго палонячай сіле й гістарычнаму значаньню ягонай, шырокага тэрытар'яльнага засягу, дзейнасьці.

Вось дзеля гэтага, не зважаючы на ўсе няспрыяльныя гістарычныя й палітычныя абставіны, скарынаведная праца ня спыніцца. Далейшыя росшукі яшчэ напэўна адкрыюць шмат важнага й цікавага для ўсебаковага пазнаньня ходу жыцьця й дзейнасьці «вандроўнага гуманісты» Беларусі. А гэта дасьць змогу раскрыць паўней вагу радзімых сваіх і набытых заходняэўрапейскіх духовых элемэнтаў у фармаваньні Скарынавага сьветагляду. Гэта створыць перадумову для глыбейшага гістарычнага асэнсаваньня тых выходных нацыянальных і сацыяльных асноваў, якія абумовілі й наканавалі характар і ідэйную мэтанакіраванасьць усяе жыцьцёвае дзейнасьці доктара Скарыны.

________________________
Заўвагі

1. Штритер И. Описание перваго издания в печать и перевода на российский язык священной Библии в 1517-1518 годаx. Опыт трудов вольнаго Российскаго собрания при Императорском Московском Университете. 4. VI, Москва 1783, б.193.

2. Dobrowsky Josef. Literarische Nachrichten von einer auf Veranlassung der Boehmischen Gesellschaft der Wissenschaften im Jahre 1792 unternommenen Reise nach Schweden und Russland. Neuere Abhandlungen der k. Boehmischen Gesellschaft der Wissenschaften. Prag 1795, б.183. Справаздача з падарожжа была выдадзеная ў 1796 г. й асобнаю адбіткай.

3. Schloezer August Ludwik. HECTOP. Russische Annalen in ihrer Slavonischen Grund Sprache... 1. Teil. Goettingen 1802, б.86. Кніга вышла пазьней і ў расейскім перакладзе: Шлёцер Август Людвік. HECTOP. Русския летописи. Том І. Санктпетербург 1809. б.134.

4. (Евгений Митрополит). Франциск Скорина. Биография российских писателей. «Сын отечества», ч.71, No.30. Санктпетербург 1821, б.169.

5. Гречь Николай. Опыт краткой истории русской литературы. Санктпетербург 1833, б.68.

6. Muczkowski Josephus. Statuta nec non liber promotionum philosophorum ordinis in Universitate studiorum Jagellonica ab anne 1402 ad annum 1849. Cracoviae 1849. б.144.

7. Chmie1 Adam. Album Studiosorum Universitatis Cracoviensis. Tomus II. Cracoviae 1892, б.91.

8. Владимиров Петр Владимирович. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатныя издания и язык. Общество Любителей Древней Писменности. Том ХС. Санктпетербург 1888, б.52.

9. Крупович Маврикий. Собрание государственых и частных актов, касающихся истории Литвы и соединеных с нею владений (от 1387 до 1710 года), изданное Виленскою Археологическою Комиссиею под редакциею ученаго секретаря Маврикия Круповича. Ч.І. Вильно, 1858, б.35-37, No.XXIX i XXX.

10. Windakiewicz St. Materyaly do historyi Polakow w Padwie. Archiwum do dziejov literatory i oswiaty w Polsce. Tom VII. Krakow 1892, б.158.

11. Шляпкин И. К биографии Франциска Скорины, «Журнал Министерства Народнаго Просвещения», No.4. Санктпетербург 1892, б.382-385. Фотоадбіткі, тэксты запісаў, пераклады глядзі ў: «Znіc», No.61, 62-63, 64-65. Rym 1961-1962.

12. Миловидов А.В. Новые документы, относящиеся к биографии Франциска Скорины. Известия Отделения Русскаго Языка и Словесности Российской Академии Наук, 1917. Том ХХІІ. Петроград 1918, б.221-226.

13. Брага С. Кароль Альбрэхт і Скарына. Дакумэнты зь Дзяржаўнага Архіву ў Каралеўцы. «Запісы» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, No.2 (4). Ню Ёрк 1953, б.108-113.

14. Wojciechowska Maria, Рэцэнзія нa: Abramowicz Ludwik - Cztery wieki drukaratwa w Wilnie, 1525-1925. «Kwartalnik historyczny», XL. Lwov 1926, б.473-475. Ta?caмa ў: Wojciechowska Maria. Z dziejow ksiazki w Poznaniu w XVI wieku. Poznan 1927, б.66-69.

15. І.С. Зьезд славянскіх філёлёгаў у Варшаве 23-30 верасьня 1934 г. «Калосьсе», кн.І. Вільня 1935, б.70. Florovsky A.V. Skoryna et son activite parmi les Slaves. Bulletin d'Infonnation des Sciences Historiques en Europe Orientale, IX, 1-2, Varsovie 1939, б.7-11.

16. Dvorsky Frantisek. Prispevky k dejinam slovanskym, «Slovansky Sbornik», Rocnik IV. Cislo 4. Praha 1885, б.212.

17. Florovskij Ant.Vas. Nove spravy o pobytu Frantiska Skoryny v Praze. «Casopis Narodniho Musea», Oddil Duchovedny. Rocnik CX. Praha 1936, б.11-12.

18. Год 1556 як магчымы год сьмерці доктара Скарыны дадзены, прыкладам, у працы: Zibrt Cenek. Zobrazovani Trojice skupinou tri hlav... Vestnik kral c. spol. nauk, rok 1894, No.7 Praha 1895, б.13. Што д-р Ф.Скарына «умер между 1542-1552 гг.» цьвердзіць яшчэ цяпер Голенищев-Кутузов И.Н. у працы: Гуманизм у восточных славян (Украина и Белоруссия); V Международный съезд славистов. Москва 1963, б.21. Год 1551 як год сьмерці дапушчалі яшчэ колькі год таму й аўтары кнігі: Kawecka-Gryczowa Alodja, Korotajowa Krystyna i Krajewski Wоjcіесh. Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieka. Zeszyt 5: Wielkie Ksiestwo Litewskie. Wroclaw-Krakow MCMLIX, б.5, 224.

19. Brezan Wacslaw. Ziwot Vilema z Rosenberka. Staroceska Bibliotheka. Cislo II. Praha 1847, б.227.

20. Florovskij A.V. Die Anfaenge des Buchdruckes bei den Oaslaven. «Slavische Rundschau». Jahrgang XII, Nr.1-2. Prag 1940, S.76-77.

21. Fiedler Joseph. Ein Versuch der Vereinigung der russischen mit der roemischen Kirche im sechzehnten Jahrhunderte. Sitzungsberichte der Philosophisch-Historischen Classe der Kaiserlichen Akademie der Wissenschaften. Vierzigster Band, Heft L. Wien 1862, б.110.

22. Первольф И.И. Славяне, их взаимные отношения и cвязи. Том ІІ. Славянская идея в литературе славян до ХVІІІ в. Варшава 1888, б.597.

23. Брага Сымон. Доктар Скарына ў Маскве. Ню Ёрк-Мюнхен 1963, 32 б. надрукаваная таксама ў: «Запісы», кн. 2. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Мюнхен 1963, б.9-36.

24. Рэпрадукцыя запісу, лацінскі тэкст і беларускі пераклад памешчаныя ў: «Znіc», Nr. 56. Rуm. 1960, б.8

25. Danmarks Riges Historie, Vol.3. Kobenhavn 1897-1907, б.21.

26. Dobrowsky Josef. Literarische Nachrichten von einer auf Veranlassung der Boehmischen Gesellschaft der Wissenschaften im Jahre 1792 unternommenen Reise nach Schweden und Russland. Prag 1796, б.105-106.

27. Kopitar Bartholomaeus. Hessychii Glossographi... Vindobonae 1840, б.33-34.

28. Vasmer Max. B. Kopitars Briefwechsel mit Jakob Grimme. Abhandlungen der Preussischen Akademie der Wissenschaften. Jahrgang 1937. Philosophisch-historische Klasse, Nr.7. Berlin 1938, б.129.

29. Викторов Алексей. Замечательное открытие в древнерусском книжном мире. Беседы в Обществе любителей российской словесности при Императорском Московском Университете, вып.І. Москва 1867, б.18.

30. Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина... б.XІІІ-XІV.

31. Mathesius Johann. Das Leben theueren mannes Gottes doct. Martin Luthers Franckfurt und Leipzig M.DCC. XXIV, б.428-431.

32. Karge Paul. Slavische Denkmaeler aus aelterer Zeit in Breslau. «Archiv fuer Slavische Philologie». Band XII. Berlin 1890, б.133-135.

33. Dobrowsky Josef. Jeremias Klaglieder von Franz Skorina ins Russische uebersetzt. «Slovanka», II. Prag 1815, б.149-151.

34. Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина... б.321-322.

35. Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина... б.323-325. Беларускі Архіў, т.2. Інстытут Беларускае Культуры. Менск 1928, б.263-264.

36. Чатырохсотлецьце беларускага друку, 1525-1925. Інстытут Беларускае Культуры. Менск 1926, б.VІІІ-360.

37. Врага С. Рэцэнзыя на: М.А.Алексютовіч. Скарына, яго дзейнасьць і сьветагляд· «Запісы», кн.I. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Мюнхэн 1962, б.265-266.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам