Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Доўнар-Запольскі Мітрафан


Аўген Калубовіч

Прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 Сакавіка


Пра жыцьцё й дзейнасьць М.Доўнар-Запольскага на эміграцыі зьявілася колькі публікацыяў, зь якіх выгодна вылучаюцца артыкулы А.Саковіч[1] і праф. Н.Палонскай-Васіленка[2]. У БССР, дзе ягонае ймя было забароненае, толькі ў апошніх гадох эпізадычна яно пачало згадвацца, а кандыдат гісторыі В.Бандарчык прысьвяціў яму нат асобны артыкул[3].
Ва ўсіх гэтых публікацыях выяўляецца перш за ўсё постаць выдатнага беларускага навукоўца й пэдагога - гісторыка, этнографа, фальклярыста. У нашым артыкуле мы робім спробу асьвятліць, наколькі гэта нам даступна, адзін мала знаны, хоць і кароткі, але цікавы й важны пэрыяд у жыцьці й працы М.Доўнар-Запольскага, дзе ён мо найбольш зырка выявіў сябе на іншым полі - як актыўны беларускі грамадзка-культурны дзеяч, палымяны публіцыст і палітык-дыплямат на службе ўраду БНР.
А.Саковіч і Н.Палонская-Васіленка як былыя вучні М.Доўнар-Запольскага свае артыкулы апіраюць галоўна на ўспамінах. В.Бандарчык дасьледаваў архівы. У іх ён знайшоў рукапісы непублікаваных працаў прафэсара, сьветчаньні аб іншых рукапісах, што ўжо загінулі. «У ЦДГА УССР ёсьць лісты да Доўнар-Запольскага такіх ведамых дзеячоў беларускае культуры, як Нікіфароўскі, Раманаў, Неслухоўскі, Дземідовіч, Даўгяла, Сапуноў, Стукаліч, Крачкоўскі і інш.» «У архівах захавалася нямала дакумэнтаў аб рэпрэсіях царскай ахранкі ў дачыненьні да вучонага». Шкада, што для паўнаты абразу В.Бандарчык ня выкарыстаў у сваім артыкуле дакумэнтаў аб рэпрэсіях у дачыненьні да М.Доўнар-Запольскага з боку савецкай улады ў Кіеве[4], Харкаве[5], Менску й Маскве, а таксама дакумэнтаў да нашае тэмы. Таму нашыя крыніцы абмежаваныя тагачаснай беларускай і ўкраінскай прэсай (газэтамі «Гоман», «Беларускае Слова», «Киевская Мысль»), некаторымі ўжо апублікаванымі дакумэнтамі дый тое толькі да аднаго 1918 году.
Пачатак сакавіка. Кіеў і Ўкраіна ачышчаныя ад бальшавікоў. Тысячы беларусаў, што аселі тут перад вайною ў пошуках працы, а яшчэ болей закінутых сюды вайной, ізноў пачынаюць гуртавацца ў свае нацыянальныя арганізацыі. «Разагнаныя й тэрарызаваныя бальшавікамі» перад тым, «беларускія арганізацыі Кіева ізноў ажылі й працуюць у згодзе з Украінскай Цэнтральнай Радаю»[6]. Напачатку іх тут дзьве: «Беларуская арганізацыя на Ўкраіне», што паўстала на месцы былое «Беларускае вайсковае Рады ў Кіеве»[7], куды ўлілося шмат беларусаў-уцекачоў, але найбольш вайскоўцаў, і грамадзка-культурны клюб «Зорка»[8]. У канцы чэрвеня быў заснаваны «Беларускі Камітэт помачы ўцекачом» з аддзеламі па цэлай Украіне[9]. За галоўных кіраўнікоў гэтых арганізацыяў былі І.Краскоўскі, І.Фарботка, Л.Леўчанка («Зорка»), А.Галавінскі, Н.Разумоўскі, М.Доўнар-Запольскі («Беларуская арганізацыя на Ўкраіне»).
М.Доўнар-Запольскі быў самым дзейным сябрам «культурна-прасьветнае сэкцыі» арганізацыі. Відаць, не безь ягонае пратэкцыі ва Ўнівэрсытэце Сьв. Уладзімера[10] па нядзелях ладзіліся беларускія грамадзка-культурныя сходы[11]. У канцы красавіка «ў кватэры беларускай вайсковай арганізацыі адчыніліся Курсы беларусазнаўства», дзе «лекцыі чытаюць праф. М.Доўнар-Запольскі і У.Завітневіч»[12]. Ад 1 красавіка 1918 году «Беларуская арганізацыя на Ўкраіне» пачала выдаваць у Кіеве тыднёвую газэту «Белорусское Слово». М.Доўнар-Запольскі - адзін зь ейных закладчыкаў, рэдактароў і публіцыстаў[13]. Калі 29 траўня 1918 году там жа пачала выходзіць новая газэта «Белорусское Эхо», орган цэлае беларускае калёніі ў Кіеве, якая «дае ўсе весткі аб будаўніцтве беларускае дзяржавы й асьвятляе беларускае жыцьцё на Ўкраіне», то, поруч др. А.Цьвікевіча, Я.Варонкі, А.Смоліча, А.Бурбіса, акад. Я.Карскага, Я.Хлябцэвіча, Я.Дылы й інш., М.Доўнар-Запольскі быў блізкім ейным супрацоўнікам[14].
Акт 25 Сакавіка М.Доўнар-Запольскі спаткаў зь вялікай радасьцю й надзеяй, без ваганьняў і засьцярогаў, неадкладна выказаўшыся за незалежнасьць Беларусі. Ужо праз 6 дзён у № 1 газэты «Белорусское Слово» ён выступае з артыкулам. Побач устаўных граматаў Рады БНР і першых пастановаў Народнага Сакратарыяту, выдатны гісторык пісаў:
«Лёсы кінутыя! Вялікі акт у жыцьці нашага народу зьдзейсьніўся: Беларусь абвешчана сваім часовым урадам незалежнай рэспублікай.
У кожнага беларуса пры гэтай вестцы радасна заб’ецца сэрца. Безьліч трывожных і сьветлых пытаньняў прамільгне ў галаве кожнага з нас: ці маем мы права на гэтакі крок, ці ў час гэты крок зроблены й - галоўнае - што чакае нашую Бацькаўшчыну наперадзе?
Мне думаецца, бадай не патрэбна даводзіць, што беларускі народ мае права на самаазначэньне й на незалежнае жыцьцё. Мы ёсьць народам, адрозным ад іншых народаў сваёй мовай, этнаграфічнымі асаблівасьцямі й агульным культурным укладам жыцьця, паўсталым гістарычна. Ужо адна гэтая акалічнасьць дае нам права на дзяржаўную незалежнасьць. З гістарычнага боку мы ёсьць нацыяй, якая толькі каля 150 гадоў была правінцыяй Расейскае імпэрыі. Да прылучэньня да Расеі Беларусь перажыла тры пэрыяды гістарычнага жыцьця. Да XIV стагодзьдзя яна складалася зь некалькіх княстваў, дзе кожнае зь іх мела значэньне незалежнае дзяржавы. У XIV стагодзьдзі Беларусь самахоць злучылася зь Літвою й да 1569 году ўяўляла сабою незалежнае дзяржаўнае цела. Дый пасьля 1569 году, злучыўшыся актам вуніі з Польшчаю, Беларусь не згубіла сваіх сувэрэнных правоў, застаючыся на некалькі стагодзьдзяў фэдэрацыйнаю часткаю Рэчы Паспалітае. Яна не была правінцыяй Польшчы й захоўвала сваю дзяржаўнасьць. Мы гістарычна звыклі да вольнага ўрадаваньня, адабранага ў нас Расеяй.
Усе гэтыя апрычонасьці нашае Бацькаўшчыны й нацыі даюць нам права на незалежнае жыцьцё. Але паўстае пытаньне, ці ў час выбраны мамэнт для абвешчаньня Беларусі незалежнай рэспублікай?
З усяго таго, што нам дагэтуль ведама аб палажэньні ў Беларусі, аб яе пакутах, мы зь цьвёрдасьцю можам сказаць адно: іншага выйсьця быць не магло. Мы не сьпяшаліся адлучыцца ад нашае ўсходняе суседкі, але петраградзкія загадчыкі абрабавалі наш бедны край, не далі злажыцца ўраду на фэдэрацыйных або аўтаномных прынцыпах ды кінулі нашую Бацькаўшчыну на літасьць лёсу. Пры гэтых акалічнасьцях наш часовы ўрад павінен быў зрабіць тое, што ён зрабіў.
Дзеля выказанага мы ня можам не вітаць зьдзейсьненага факту. І мы, усе беларусы, павінны памятаць, што цяпер палажэньне нашае Бацькаўшчыны ўскладае на нас цяжкі й адказны абавязак. Мы павінны ўсе злучыцца, мы павінны напружыць усе свае сілы, фізычныя й духовыя, дзеля таго, каб апраўдаць нашае права на самабытнае жыцьцё й абараніць незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны. Да згоднае працы, браты!»[15].
Ад сярэдзіны красавіка аўтара артыкула мы ўжо бачым на актыўнай дыпляматычнай службе ўраду БНР.
У сталіцу Ўкраіны прыбыла надзвычайная дыпляматычная місія БНР. На чале яе стаяў др. А.Цьвікевіч, а сябрамі былі С.Рак-Міхайлоўскі, праф. М.Доўнар-Запольскі й др. П.Трамповіч. Дакладнае даты прызначэньня місіі нам ня ведама: два першыя ейныя сябры перад тым былі неафіцыйнымі прадстаўнікамі БНР на мірнай канфэрэнцыі ў Берасьці, а наказ місіі быў падпісаны віцэ-старшынёю Рады БНР Я.Варонкам й сакратаром К.Езавітавым яшчэ 22 сакавіка 1918 году[16].
У абсяг дзейнасьці Кіеўскай[17] місіі ўваходзіла як Украіна, так і іншыя дзяржавы паўдзённа-ўсходняе Эўропы. Місія была аднэй з найбольш дзейных, дзеля чаго Ўкраіна першая прызнала незалежнасьць БНР. У № 57 газэты «Киевская Мысль» за 21 красавіка 1918 году чытаем: «УТА апавяшчае, што 19 красавіка адбылося першае афіцыйнае паседжаньне прадстаўнікоў ураду Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі»[18]. Праз колькі дзён «у Кіеве заснована «Беларуская Гандлёвая Палата» й «Беларуска-Ўкраінскае Таварыства Збліжэньня», у якое ўвайшлі (з украінскага боку. - А.К.) гэткія ўкраінскія дзеячы, як праф. М.Грушэўскі[19], Яфрэмаў, Зьмітро Дарашэнка[20] й інш.»[21] Як паведамляе «Киевская Мысль», «сябры дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі С.Рак-Міхайлоўскі, А.Цьвікевіч і праф. М.Доўнар-Запольскі былі ў новага[22] ўкраінскага міністра замежных спраў Васыленкі й адбылі зь ім нараду аб беларуска-ўкраінскіх межах, Беларускай Гандлёвай Палаце на Ўкраіне й гандлёвых зносінах абедзьвюх дзяржаў»[23]. У другой палове траўня праца місіі ўкаранавалася тым, што ў Менску й Кіеве былі адчыненыя прадстаўніцтвы дзьвюх маладых рэспублік: на беларускага прадстаўніка пры ўрадзе УНР быў прызначаны сябра місіі др. П.Трамповіч[24], а на ўкраінскага пры ўрадзе БНР - былы сябра Менскага акруговага суду А.Квасьніцкі[25].
Блізу адначасна місія распачала свае дыпляматычныя высілкі ў кірунку іншых дзяржаваў, шукаючы ў іх прызнаньня незалежнасьці Беларусі ды фінансавае й іншае дапамогі. Кіеў быў зручным месцам для гэтае працы: тут былі ня толькі паслы дзяржаў, што прызналі Ўкраіну, але й розныя дыпляматычныя місіі.
«25 красавіка беларускай дэлегацыяй у Кіеве быў пададзены нямецкаму паслу пры ўкраінскім урадзе мэмарыял, падпісаны Аляксандрам Цьвікевічам, праф. М.Доўнар-Запольскім і доктарам П.Трамповічам»[26]. 29 траўня «дэлегацыя Беларускай Народнай Рэспублікі зьвярнулася да расейскай мірнай дэлегацыі й падала галаве яе, Ракоўскаму, ноту [...] гаворачы аб патрэбе прызнаньня расейскім савецкім урадам незалежнасьці Беларусі»[27]. У пачатку чэрвеня місія БНР вяла перамовы з надзвычайнай місіяй Усевялікага Войска Данскога. Перамовы закончыліся ўзаемным прызнаньнем дзьвюх дзяржаваў[28] і абменам між імі прадстаўнікамі. Др. П.Трамповіч выехаў у сталіцу УВД г. Новачаркаск, а ў Кіеве, пры ўрадзе УНР, на ягонае месца быў прызначаны інж. А.Галавінскі. У кастрычніку 1918 году місія зьвярнулася да аўстрыйскага ўраду[29] й канцлера Нямеччыны[30].
Да гэтае дыпляматычнае працы М.Доўнар-Запольскага ў місіі БНР у Кіеве трэба дадаць, што на даручэньне ўраду БНР у Кіеве ён напісаў брашуру «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі». Брашура гэтая, з картаю БНР, у пяці мовах - беларускай, нямецкай, францускай, польскай і расейскай - у наступным, 1919, годзе была выдадзена ўрадам БНР у Горадні. Як праца ведамага й аўтарытэтнага гісторыка яна служыла за выдатны інфармацыйны дапаможнік для ўсіх дыпляматычных місіяў і прадстаўніцтваў БНР.
Адбудова Беларусі на кожным полі адчувала вострую нястачу нацыянальных працаўнікоў. Культурна-прасьветная сэкцыя «Беларускае арганізацыі на Ўкраіне» вырашыла й тут прыйсьці Бацькаўшчыне на дапамогу. У канцы чэрвеня яна выдае адозву да сваіх сяброў і да ўсіх беларусаў на Ўкраіне. У адозве яна пісала:
«Сыны Беларусі! У цяжкі й гістарычны мамэнт жыцьця Бацькаўшчыны Беларусі [...] усіх вас, каму ўжо адно ймя Беларусь гаворыць аб чымсь родным... усіх, хто спазнаў і хто хоча спазнаць, што толькі сам Беларускі Народ можа будаваць сваю долю, - клічам да працы на адбудове свайго нацыянальнага народнага шчасьця [...]
Усе, хто чуе ў сабе хоць якую-небудзь сілу й здольнасьць да грамадзкае й культурнае працы, зь першае магчымасьці цягнецеся на родныя палеткі, каб там пакласьці сваю цагліну на народны будынак [...]
Памятайце ж, Браты Беларусы, што толькі на ўласныя сілы трэба лічыць і толькі ўласнымі сіламі можна будаваць сабе Дом - Бацькаўшчыну»[31].
На гэтыя родныя палеткі марыў вярнуцца й М.Доўнар-Запольскі, праўдападобны аўтар адозвы. Яшчэ ў красавіку месяцы «Народны Сакратарыят БНР даручыў ведамаму знаўцу беларушчыны, прафэсару Ўкраінскага Ўнівэрсытэту М.Доўнар-Запольскаму магчыма хутчэйшае ўлажэньне сьпісу прафэсароў дзеля адкрыцьця ў Менску [...] Беларускага Ўнівэрсытэту. Прафэсар ужо апрацаваў падрабязны даклад аб гэтай справе»[32]. У пачатку траўня ён паведаміў урад, што «заняць катэдры ў Беларускім Унівэрсытэце згадзіліся выдатныя акадэмікі й прафэсары былых расейскіх унівэрсытэтаў у Кіеве, Варшаве, Дэрпце, а таксама маскоўскія й пецярбурскія прафэсары»[33]. Пасьля таго «Народны Сакратарыят прыняў пастанову аб адкрыцьці ў Менску Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту. Падрыхтоўчая праца ўжо зробленая камісіяй пры Народным Сакратарыяце Прасьветы, зложанай з гэтых асоб: народны сакратар прасьветы А.Смоліч, праф. М.Доўнар-Запольскі, праф. М.Масоніюс, У.Самойла» й інш.[34] 6 жніўня газэта «Гоман»[35] дадала, што М.Доўнар-Запольскі мае згоду ўжо 36 прафэсароў.
Сам ён, першы й бессумніўны кандыдат на рэктара, чакаўся ў Менску. Паведамленьне пра ягоны прыезд ужо было ў прэсе[36]. Аднак справа адчыненьня ўнівэрсытэту раптам затрымалася пагоршаньнем сытуацыі на фронце. Др. А.Цьвікевіч у лістападзе быў адкліканы ў Менск, дзе ўвайшоў у новы габінэт ураду А.Луцкевіча як міністар справядлівасьці. Туды ён прывёз і рукапіс брашуры М.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі». М.Доўнар-Запольскі затрымаўся яшчэ ў Кіеве, а 10 сьнежня бальшавікі занялі Менск.

_____________________________________________
1. Саковіч А. Прафэсар Мітрахван Доўнар-Запольскі // Веда (Ню-Ёрк).
2. Палонская-Васіленка Н. Доўнар-Запольскі // Запісы БІНіМ (Ню-Ёрк).
3. Бандарчык В. Спадчына гісторыка і этнографа // ЛіМ. 1960. № 102 (Частка артыкула ўстаўленая аўтарам у ягоную кніжку: Еўдакім Раманавіч Раманаў. Менск, 1961. Б. 43-49).
4. Палонская-Васіленка Н. Цыт. пр. Б. 23.
5. Тамсама. Б. 25.
6. Беларусы ў Кіеве // Гоман. 1918. № 31(227).
7. Яна была выбраная на зьезьдзе беларусаў-вайскоўцаў паўдзённа-заходняга фронту 17-22 сьнежня 1917 году. Аб ейным лёсе - гл.: Гоман. 1918. № 33(229).
8. Беларусы ў Кіеве // Гоман. 1918. № 31(227).
9. Беларускі Камітэт помачы ўцекачом у Кіеве. Рэгістрацыя беларусаў // Гоман. 1918. № 53(249).
10. М.Доўнар-Запольскі працягваў тут свае выклады гісторыі й быў старшынёю Навуковага Таварыства летапісца Нестара.
11. Беларусы ў Кіеве // Гоман. 1918. № 31(227). Незалежная Беларусь // Гоман. 1918. № 38(234).
12. Незалежная Беларусь // Гоман. 1918. № 38(234).
13. Беларуская газэта ў Кіеве // Гоман. 1918. № 33(229).
14. Новая беларуская газэта // Гоман. 1918. № 52(248).
15. Урывак з артыкула падаем за газ. «Гоман», № 39(235) за 1918 год (арт. «Праф. М.Доўнар-Запольскі аб незалежнасьці Беларусі»).
16. Тэкст наказаў (з пропускамі) - гл. у кн.: Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Менск, 1931. Б. 59-60, і перадрук у кн.: За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. Лёндан, 1960. Б. 23.
17. Іншыя місіі, як ведама, дзеілі ў Варшаве, Бэрліне, Капэнгагэне, Бэрне, Парыжы, пазьней - у Коўне, Рызе, Гэльсінках, Празе.
18. Незалежная Беларусь // Гоман. 1918. № 36(232).
19. Старшыня Ўкраінскае Цэнтральнае Рады.
20. Вучань праф. М.Доўнар-Запольскага, пазьнейшы ў 1918 годзе міністар замежных спраў УНР.
21. Незалежная Беларусь // Гоман. 1918. № 36(232).
22. Ураду гетмана П.Скарападзкага.
23. Беларускія дэлегаты ў украінскага міністра // Гоман. 1918. № 42(238).
24. Беларускія консулы // Гоман. 1918. № 46(242).
25. Украінскае консульства // Гоман. 1918. № 44(240).
26. Мэмарыял нямецкаму паслу пры Ўкраінскім урадзе // Гоман. 1918. № 41(237). Тут жа няпоўны тэкст мэмарыялу, перадрукаваны ў кн.: За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. Б. 27-28.
27. Прызнаньне незалежнасьці Беларусі // Гоман. 1918. № 47(243). Тэкст ноты, падпісаны др. А.Цьвікевічам і праф. М.Доўнар-Запольскім, апублікаваны ў кн.: Турук Ф. Белорусское движение. С.117-118.
28. Дэклярацыя місіі БНР аб прызнаньні ўраду УВД за 3 чэрвеня 1918 году апублікавана ў кнізе А.Зюзькова, б. 62, і ў кнізе «За Дзярж. Незал. Беларусі», б. 28-29.
29. Тэкст мэмарыялу - у А.Зюзькова, б. 62-63, і ў «За Дзярж. Незал. Беларусі», б. 32-33.
30. Тэкст - у А.Зюзькова, б. 63-65, і ў «За Дзярж. Незал. Беларусі», б. 31-32.
31. Поўны тэкст адозвы - гл.: Гоман. 1918. № 52(248).
32. Незалежная Беларусь // Гоман. 1918. № 37(233).
33. Тамсама.
34. Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт // Гоман. 1918. № 49(245).
35. Беларускі Ўнівэрсытэт // Гоман. 1918. № 61(257).
36. Незалежная Беларусь // Гоман. 1918. № 37(233).

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам