Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Документ по истории Беларуси: "Пра дзяржаўнага мужа і яго асабістыя дабрачыннасьці"


Пра дзяржаўнага мужа і яго асабістыя дабрачыннасьці

Андрэй Волян

Самаму знакамітаму і шляхетнаму, дабрачыннаму і пабожнаму пану Пятру Гарайскаму з Гараяў, вартаму найглыбокшай пашаны

Калі ты, яснавяльможны і шляхетны пане, прыехаў на Літву і, знаходзячыся ў гасьцях славутага Георгія Радзівіла, паводле Боскага наканаваньня ўзяў шлюб з найвысакароднай жанчынай, яго аўдавелай сястрой, то я вельмі радаваўся, што прысутнічаў пры гэтым і ў нейкай меры садзейнічаў тваім добрым імкненьням. Паводле ўласьцівай табе добразычлівасці і выключнай гуманнасьці ты быў настолькі ласкавы, што, вяртаючыся назад у Польшчу, пажадаў завітаць да мяне і пабываць у маіх пэнатах. Калі я зазнаў у тым часе плён вельмі прыемнай блізкасьці, калі зьведаў тваю дабрачыннасьць, пабожнасьць, вучонасьць і мудрасьць, то вырашыў адзьдзячыць такому вядомаму чалавеку нечым большым і пакінуць табе нейкі сталы залог як знак маёй любові й пашаны.

І тут надарыўся даволі зручны выпадак, які ўзмацніў тое вялікае жаданьне засьведчыць табе маю самую шчырую прыхільнасьць. Як вось думаю і разважаю аб ўласцівасьцях, якімі павінны валодаць знакаміты дзяржаўны муж дзеля добрай славы найменьня свайго, то ў табе якраз бачыцца мне ўвасабленьне ўсіх дабрадзейнасьцяў. І гэта ў такой меры, што магу сказаць: ты зьяўляесься ўзорам таго прынцэпсу, зь якога неабходна браць прыклад. Зыркім сьвятлом праменіць твая выключная набожнасьць і твая любоў да сапраўднай рэлігіі. Найболей ты рупісься пра тое, каб у тваіх уладаньнях гучала сапраўднае слова Эвангельля і каб тое вучэньне й сьвятасьць былі ў сэрцы пастыраў, якія ня ўводзяць народ у зман і не жывуць разбэшчаным жыцьцём, поўным гнюснасьці й злачынстваў.

А што сказаць пра тваю дасьведчанасьць у справах рэлігіі, пра пазнаньне ўсіх мастацтваў, набытае вялікай працай і незвычайным талентам за час вучобы ў знакамітых акадэміях Нямеччыны, Італіі, Францыі. Сярод знаці нашага народу лічысься ты першым і чаруеш кожнага сваёй вучонасьцю. На публічных дыспутах аб дзяржаве прысутныя ўхвалялі твае глыбокія думкі і адразу ж пагаджаліся з імі, бо іншае было б тут недарэчным. Усе ў адзін голас сьцвярджаюць, што ў цябе і розум, і талент,а ў другіх - адна толькі шматслоўнасьць. Народ з жаданьнем слухае тваё слова і гатовы ісьці за табою, куды паклічаш.

У сьвядомасьці людзей закладзена пачуцьцё справядлівасьці і прыстойнасьці, і яны імкнуцца да таго, хто ў гэтым больш дасканалы. Чалавек, апынуўшыся ў коле тваіх знаёмых, падтрымлівае з табою пастаяннае сяброўства. Пад уздзеяньнем чараў тваёй асаблівай гуманнасьці ён заўсёды адчувае да цябе прыхільнасьць.

Павага да дзяржаўнага мужа ў значнай ступені залежыць ад яго пабожнасьці й сьціпласьці ў сямейным жыцьці. І ты ў часе першага шлюбу жыў, як сьцьвярджаюць, так, што нічога аніколі не абясславіла твой дом. Сваё патомства імкнешся выхоўваць у такой манэры, што яму ўласьцівыя прыстойнасьць, сьціпласьць і адметная пабожнасьць. А якая цнатлівая, памяркоўная й пабожная твая другая жонка зь сям'і Радзівілаў! Здаецца, што гэтая паўбагіня ўвасабляе ў сабе ўсё жаноцкае хараство.

Я ўжо не кажу пра тваю шчодрую й дабрадзейную руку, гатовую хутка і неадкладна дапамагчы кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Ты нібы толькі і скіроўваеш свае намаганьні на тое, каб рабіць усім дабро. Кожнага вабіць твая бязмежная веліч, непахісная сіла мысленьня, пастаянная вытрымка пры ўсіх зьменах лёсу. У адзін голас цябе хваляць усе і ўзносяць аж да нябёсаў. І, бадай, няма такой дабрачыннасьці, для дасягненьня якой ты не праявіў бы найвялікшага стараньня й працавітасьці. Ты дасягнуў такой высокай чысьціні й высакароднасьці духоўнага складу, што ў цябе няма нічога грубага. Уся твая дзейнасьць сьведчыць толькі пра найвялікшую бездакорнасьць уласнага жыцьця. Гэта якраз і ёсьць, на маю думку, тыя дабрачыннасьці, якія ўзьнімаюць дзяржаўнага мужа і кожнага знатнага чалавека на вяршыню яшчэ большай пашаны і праз якія ён будзе варты пахвалы на цэлыя вякі. Таму я палічыў неабходным напісаць кнігу, у якой прапаную зусім пэўны вобраз сапраўднага прынцэпсу і паказваю тым, хто знакамітага роду, слушны шлях да яшчэ большага ўшанаваньня іхняга імя.

Але перш за ўсё табе, вялікі асілак, я прысьвячаю гэты невялічкі твор, каб ты ў ім бачыў самога сябе, нібы ў люстэрку. Іншым я даводжу да ведама, што яны павінны ладзіць сваё жыцьцё адпаведна гэтаму ўзору, калі хочуць зьберагчы добрую вядомасьць найменьня свайго й заставацца ва ўлоньні найвышэйшых пахвал.

Я малю ўсемагутнага Бога, каб ён ашчасьціў твой новы шлюб, увянчаўшы яго сваім Боскім дабраславеньнем, і каб з Боскае ласкі патомства тваё квітнела на многія гады.

Адпраўлена з уласнага маёнтка ў Біюцішках дня 1 месяца жніўня, года божага 1605.

З найвялікшай павагай
слуга твой
Андрэй Волян
каралеўскі сакратар

РАЗЬДЗЕЛ І

Гэта вялікі дар Божы, калі пашчасьціла каму- небудзь нарадзіцца прынцэпсам ці паходзіць са знатнай сям'і.

Творца прыроды Бог так стварыў існуючы род сьмяротных, што ўсе нараджаюцца, зьяўляюцца на сьвет і пачынаюць дыхаць паводле аднаго й таго ж закону, з адным і тым жа лёсам. Кожнага чакае тленнае, поўнае нягодаў жыцьцё. І, бадай што, вялікая доля чалавечага шчасьця дастаецца таму, хто з Боскае ласкі й наканаваньня паходзіць са знатнай і шляхетнай сям'і і ўжо зь дзіцячага ўзросту дае бясспрэчны доказ таго, што сярод астатніх сьмяротных ён, безумоўна, знакамітая й адметная асоба, можа быць прынцэпсам і стаяць на чале ўсякага народу, кіраваць гэтым цывілізаваным грамадзтвам. Праўда, нярэдка бывае так, што выхадцы і з цёмных сялянскіх сем'яў уздымаюцца да высокіх пасадаў. Але ўсё такое дастаецца вельмі нялёгка, бо абстаўлена вялікімі цяжкасьцямі. Пра гэта сьведчаць многія факты.

Ніхто ж, усьведамляючы сваё знатнае паходжаньне, ня будзе слухацца з ахвотай чалавека ніжэйшага званьня. Апошняму трэба вызначацца незвычайнай працавітасьцю й стараньнем, сабраць у адно сваю моц розуму й цела, каб дасягнуць сонечных вышыняў фартуны, захінуць сябе ад ўсякай зьнявагі і ўхіліцца ад вострага джала нянавісьці. І мы ведаем, што дзеецца такое ў штодзённым жыцьці на вачах у людзей. Нам таксама вядомыя быліцы даўняга часу, апісаньне якіх можна знайсьці ў творах антычных пісьменьнікаў. Колькі зацятай варожасьці вымушаны цярпець той, хто вынырнуў са свайго сьціплага кубельца і ляціць вышэй наканаванага яму лёсу. Адна ўжо Рымская дзяржава дае тут важкія доказы. Кожнаму, хоць бы трохі знаёмаму са старажытнасьцю і яе гісторыяй, добра вядома, якая барацьба вялася паміж патрыцыямі й плебеямі за ўладу, за роўныя магчымасьці шлюбаў паміж імі.

Падобнае назіраеца і ў іншых народаў. І там вельмі нялёгка дастаюцца тытулы й званьні выхадцам з цёмнага простанародзьдзя, калі апошнія ў сваёй дабрачыннасьці імкнуцца дасягнуць далёкай вяршыні фартуны. Арыстакратам жа ўсюды гонар і пахвала. Ніхто не пярэчыць, як нашчадкі нобіляў жывуць сабе ў промнях той славы й пашаны, якую мелі іхнія продкі. Такому патомству давяраюць весьці дзяржаўныя справы, кіраваць самой дзяржавай. Так што, і адышоўшы, застаюцца.

І яно, канешне, зусім правільна, калі патомкі берагуць колішнюю славу бацькоў і дзядоў, калі яны такія ж дабрачынныя і калі на справе аказваюцца вартымі сваіх мудрых і слаўных прашчураў. Ніхто тады не перашкаджае ім дбаць пра агульнае дабро, і яны атрымліваюць тую ж пашану, якую атрымлівалі іх папярэднікі.

Але ж калі аб'яўляюцца нашчадкі, якія, скарыстоўваючы аўтарытэт сваіх продкаў, аддаюцца бязьдзейнасьці, гультайству, гразнуць ва ўсялякай распусьце, праводзяць жыцьцё ў раскошы й блудзе, то гэтакіх трэба адносіць не да нобіляў, а да гайні псялыжнікаў і абібокаў. Апошніх менавіта ганьбіў Марый у сваёй вельмі зьмястоўнай прамове. Пазбаўленыя здольнасьці да ўсялякага дабрадзейства, яны толькі ўслаўляюць продкаў. Успамінаючы подзьвігі мінуўшчыны, яны і сябе лічаць знакамітымі й вартымі размаітых пахвалаў. У сапраўднасьці ж, чым больш было слаўным жыцьцё першых, тым больш гнюсным аказваецца жыцьцё другіх. Марый справядліва сьцвярджае, што слава продкаў - гэта сьветач дзейнасьці нашчадкаў. Яна не дазваляе замоўчваць дабро і пакрываць зло.

Сапраўды, калі знатны зрабіў дабро, то ўсе скіроўваюць на яго свае позіркі і праслаўляюць яго аж да нябёсаў. Калі ён апаскудзіўся ліхадзействам і злачынствам, то гэтым самым чалавек выставіў сябе на вялікую ганьбу, абразу й зьнявагу. Зусім правільна гаварыў паэт пра тое, што ўсякая душэўная аблуда тым большы грэх, чым больш вядомым аказваецца той, хто грэшыць:

Бацька, я знаю. Тэрсіт не пад густ табе, бо, канешне,
Ты на пагляд Эакід. А як возьмеш вулканаву зброю,
Вельмі ж падобным тады да Тэрсіта Ахіл цябе робіць.

Ад кожнага знакамітага пахаджаньнем чалавека патрабуецца гарманічнае спалучэньне ўсіх дабрачыннасьцяў і выдатных якасьцяў характару. Калі ж заместа гэтага ў чалавеку бярэ верх фанабэрства і агідная пажаднасьць, то, як гаворыць паэт, "знакамітасьць табе насупор абярнецца, паходняй зыркай пачне асьвятляць заблудныя ўчынкі".

Значыцца, кожнаму нобілю трэба ўласнай дабрынёй паходзіць на сваіх продкаў і не паганіць свой род якой-небудзь подласьцю. Калі ж нехта адыдзе ад нормы прыстойнага, то яго не захіне аніякая цямнота і ён ніякімі хітрыкамі ня зможа схавацца ад людзкога вока дзесь у зацішным куточку.

Неабходна адсекчы ўсялякія згубныя памкненьні розуму і шкодным жаданьням, якія тояцца ў галаве чалавека, даць такі адпор, каб яны ніколі не выводзілі цябе з нармальнага, разважлівага стану. Так менавіта можна будзе зьберагчы і славу даўніх нораваў і не даваць коснаязыкім пляткарам зачэпкі неяк ачарніць, апаганіць імя знакамітых продкаў.

РАЗЬДЗЕЛ II

Дзяржававодцу неаб ходна перш за ўсё клапаціцца пра сапраўдную рэлігію

Філёзафы выказваюць шмат прапановаў адносна такога выхаваньня чалавечага роду, пры якім людзі аказаліся б здатнымі на дабрадзейныя ўчынкі і праз гэта былі б вартымі сапраўднае славы. Але няма больш простай дарогі да сумленнага й бездакорнага ладу жыцьця, чымся тая дарога, па якой ідзе чалавек, што прысьвяціў сябе праўдзівай рэлігіі й скіраваў свае думкі толькі да Бога. Бо рэлігія - гэта чыстае ўзыходжаньне розуму да Бога, сумленны й бездакорны культ яго сьветлага імя і стараннае выкананьне Божых прыказаньняў.

Калі чалавек заўсёды з Богам, калі ён ушаноўвае Боскае імя і бяжыць ад рознай нечысьці, то гэта і ёсьць найлепшае зельле супраць усялякай чумы, якая чуміць людзкія галовы. Усявышні бачыць ня толькі асобныя ўчынкі людзей, але і самыя патаемныя й прыхаваныя куточкі чалавечага розуму. Так што Богу адразу ж вядома ўсё, калі чалавек ухіляецца ад Боскіх наказаў і парушае Боскія прыказаньні. Той, хто чыніць зло, хто сваім зладзействам апаганьвае велічнасьць Бога, няхай не разлічвае схавацца ад Боскага вока і пазьбегнуць кары.

Аднак чалавек павінны дасягнуць такой ступені сьвядомасьці, каб яго ўтрымліваў ад злосных учынкаў ня страх перад Божым судом, а любоў да Бога й пакора Боскім наказам. Шчодрая міласэрнасьць вечнага Айца - для чалавека вялікі стымул да добрых учынкаў. Менавіта гэтая міласэрнасьць ператварыла нікчэмную жывёлінку ў велічную істоту, надзяліла апошнюю духам нябесным і прызначыла да нябеснага жыцьця й вечнага бясьсмерця. Але чалавек страціў такое жыцьцё, калі пачаў скочвацца ў цяжкі грэх непаслушэнства. Бог, аднак, праявіў найвялікшую, дзівосную міласэрнасьць і прыпыніў такое падзеньне, паслаўшы зь нябёсаў для паратунку людзей свайго вечнага сына, і мукамі ды лютай сьмерцю яго ўратагаў чалавечы род ад суровай заслужанай кары.

Уся праўдзівая рэлігія, пра якую Сьвятое Пісьмо гаворыць да нашчадкаў царквы голасам прарокаў і апосталаў, кліча да таго, каб людзі прызнавалі адзінага Бога й Госпада Ісуса Хрыста, якога Бог паслаў для ўратаваньня сваёй царквы. Апосталаў голас вяшчае нам, што пад небам няма іншага імя, зь якім людзі могуць атрымаць Збаўленьне, апрача імя Ісуса Хрыста. Сьвяты Павал гаворыць так: "Я перш за ўсё даў вам тое, што атрымаў: Хрыстос памёр за нашыя грахі". У сваім Пасланьні да Рымлянаў ён піша (разьдз. 10): "Калі ты сваімі вуснамі прызнаеш Госпада Ісуса Хрыста і верыш сэрцам сваім, што Бог уваскрасіў яго зь мёртвых, то будзеш збаўлены".

Сам Збаўца наказвае вернікам, каб яны кіраваліся толькі аўтарытэтам Сьвятога Пісьма, бо менавіта яно сьведчыць пра Божага Сына. Цьвердалобай неразважнасьцю зьяўляецца жаданьне даволі многіх дамагчыся немаведама якога шчэ большага пазнаньня Боскай ісьціны, чым тое Божае адкрыцьцё, што дадзена ў Сьвятым Пісьме. Яны абвяшчаюць Пісьмо коснаязыкім, недасканалым. На іх думку, Пісьмо можна перайначыць, быццам нос, што зроблены з воску. Для ведаў яно нічога акрэсьленага й пастаяннага не дае.

Адсюль, канешне, і такая барацьба, адсюль і такія несумяшчальныя паміж сабой і супярэчлівыя погляды. 3 адной нявесты, з адной царквы Хрыстовай паяўляецца мноства яе разнавіднасьцяў, і кожная патрабуе найменьня царквы. Падмаляваўшы сябе зманлівай фарбай румянаў, яны паўстаюць са зьнешне цнатлівым абліччам нявесты. Але Госпад прызнае толькі тую нявесту, якая ўзаемна паклялася быць вернай жаніху і не зьвяртаць увагі ні на кога іншага. Калі ж нявеста адвярнулася ад жаніха і пачала хіліцца да палюбоўнікаў, то яна парушыла вернасьць шлюбу і апаганіла сябе здрадніцтвам. Зусім справядліва заяўляе Госпад, што ён больш не муж ізраэльскаму племю, а племя гэтае больш яму ня жонка. Тая жонка стала блудніцай і аддаецца распусьце пад кожным кустом, грашыць і з каменем і з дрэвам.

Хрыстос жаліцца, што гэтае зло дзеелася ў ягоным народзе не адзін раз. Ён смуткуе, што народ пакрыў сябе кляймом вечнае ганьбы, калі, разбурыўшы саюз і разарваўшы повязі з Госпадам, акунуўся ў нечысьць, і сваё сарамоцьце выстаўляе кожнаму стрэчнаму. Прарокі, абуджаныя да слова Госпадам, пастаянна скардзяцца на народ і яго жрацоў, якія пагарджаюць Боскім законам і для якіх не існуе аніякай розніцы паміж духоўным і сьвецкім. Верхам жа вераломства было тое, што адступнікі пакінулі саму крыніцу жывой вады - Бога, выкапалі сабе студні, у якіх няма аніякай вады. 3 журбою ў голасе жаліцца адзін прарок на іхнюю .сапсаванасьць. Гэтая сапсаванасьць набыла такія памеры, што, акрамя яго самога, ніхто больш па-сапраўднаму не ўшаноўвае Бога. Усе пакланяюцца розным ідалам.

Вучэньне апосталаў сьведчыць, што гэтая чума распаўсюдзілася ня толькі ў старажытным народзе. Апостал гаворыць, што ў царкве Хрыстовай зьявяцца шэрыя ваўкі, прытым у асобе біскупаў, якія не дадуць аніякай літасьці статку. Апошнія пачнуць баяць усялякую бязглуздзіцу, каб завабіць вучняў. Як вынікае з апостальскага вучэньня, заганай большасьці людзей будзе тое, што яны адвернуцца ад праўды і, слухаючы розныя казкі, адважацца нават адмаўляць Госпада, які збавіў іх.

Сьвяты Павал вяшчае, што ў царкве ўзьнікне вялікае вераадступніцтва. У самім храме Божым усьсядзе сын грэшны, які возьме сабе пашану, прызначаную Богу, а ступню сваю ўздыме над усімі царамі і князямі. Гэтая лавіна зла абрынецца таму, што пажадныя да навізны людзі запросяць да сябе іншых настаўнікаў і легкадумна выракуцца Хрыстовага Боскага слова, і занатаванага ў Сьвятым Пісьме. Вось так, адвярнуўшыся ад Бога, які ёсьць крыніца праўды, некаторыя скіравалі сваю ўвагу на розныя паданьні й плёткі, увялі новую форму рэлігіі і ад Хрыста, пазбавіўшы ўсялякай дабрачыннасьці, пакінулі толькі імя. I цяпер вось гэтыя вераадступнікі сьцьвярджаюць, што Сьвятое Пісьмо зь яго няпэўнымі двухсэнсавымі выказваньнямі не дае нічога пастаяннага, і таму неабходна запазычыць аднекуль тое, што мае пэўнае ўстойлівае значэньне і што вызваляе чалавечы розум ад сумненьня.

Зразумела, Сьвятое Пісьмо падае сьведчаньні, якія розьняцца ад апостальскіх выслоўяў. Але ж яно было навеяна Богам і можа быць выкарыстана пры навучаньні й выхаваньні, у спрэчках і дыспутах, у пытаньнях правасудзьдзя з мэтай удасканаленьня Божага чалавека ў такой меры, каб ён аказаўся здольным да зьдзяйсненьня дабра.

Гэты ж апостал гаворыць, што вера ўсіх вернікаў грунтуецца не на людзкіх перамовах, а на падмурку ад прарокаў і апосталаў, на краевугольным камені самога Ісуса Хрыста. Што ж да азначанасьці зьместу Сьвятога Пісьма, то ніхто з антычных пісьменнікаў, ніхто з апосталаў ніколі ніякіх спрэчак не ўздымаў. Наадварот, яны лічылі, што менавіта адтуль неабходна браць зброю, каб адбіцца ад нападу розных лайдакоў-герэтыкоў, што выдумляюць догмы, якія парушаюць мір і адзінства царквы. Сьвяты Аўгустын гаворыць: калі вы сьцьвярджаеце ці паўтараеце нешта іншае, то мы пасьля слоў пастара нашага, засьведчаных вуснамі як прарокаў, так і нашымі ўласнымі, а таксама эвангелістаў, з вашымі выказваньнямі не пагаджаемся, іх не прымаем і вам ня верым. Царкву трэба шукаць, павучае Аўгустын, у нормах Боскага закону, у прадказаньнях прарокаў, у псальмах, у словах самога пастара, у казанях эвангелістаў, г. зн., ва ўсіх кананічных аўтарытэтаў, што зьяўляюцца творцамі сьвятых кнігаў. Сярод гэтай сьвятой старажытнасьці няма аніводнага аўтара, які думаў бы іначай і які вучыў бы, што і царкву і Хрыста неабходна шукаць не ў Сьвятым Пісьме, а недзе ў іншым месцы.

Чысьціня Хрыстовага вучэньня тады не была яшчэ апаганена закваскай фарысейскіх паданьняў. I толькі пазьней пачалі зьвяртацца да няпісанага слова. Гэта былі тыя, хто засумняваўся ў магчымасьці абгрунтаваць новыя прынцыпы, больш сучасныя ўсталяваньні новай рэлігіі з дапамогай Сьвятога Пісьма.

. Але гаварыць пра іх цяпер - усё роўна, што глухому байку баяць. Няма ўжо аніякай надзеі, што пачуюць голас пастара свайго Ісуса Хрыста менавіта тыя, хто лічыць магчымым з дапамогай аўтарытэту слоў зьберагчы сябе ў моры сапсаванасьці і заблуднасьці. А тут яшчэ такая асьляпляльная раскоша, такія агромністыя багацьці, якімі яны выхваляюцца і выстаўляюць сябе на паказ усяму сьвету. Толькі фанабэрацца тытулам пастара, а пра авечак Хрыстовых ня дбаюць аніколькі. I проста недарэчным, вартым зьдзіўленьня, аказваецца той факт, што духоўныя асобы, якім забараняецца ўсялякае панаваньне над сьветам, перасягнулі сатрапаў і ўладароў, жывуць шыкоўным разбэшчаным лайдачым жыцьцём. Іхняю воляй.уся рэлігія ператвараецца адпаведна ў нейкую тэатральную помпу і вось так выступае перад вачыма людзей, простанародзьдзя, Менавіта ва ўсім сваім убраньні, ва ўсім бляску золата й срэбра, са сьвятарамі, апранутымі, нібыта каралі. Пры такім зьмяшэньні ўсіх рэчаў, пры такой бязбожнай і паганскай рэлігіі дзяржаўны муж павінны вельмі пільна сачыць за тым, каб ня даць oакружыць сябе гэтай фіктыўнай, фальшывай рэлігіяй, ня даць падмануць сябе чужымі ілжывымі вобразамі і ўшаноўваць быдта сьвятое й сапраўднае ўсё, што адрынута Богам як паганае ідалапаклонства і дурныя забабоны. Пазьбегнуць гэтага можна шляхам стараннага вывучэньня Сьвятога Пісьма й правільнага разуменьня слова больш чыстай старажытнасьці. Няхай прынцэпс належным чынам даведаецца сам, калі менавіта аб'явіліся зьмены ў сьвятым вучэньні. Знаёмячыся са шматлікімі скрыптамі новых тэарэтыкаў, сутыкаючыся з процілеглымі поглядамі вучоных, няхай пакрочыць па сьлядах праўды і ня спыніць свой рух да таго часу, пакуль не выберацца зь Цянётаў заблудства і ня знойдзе душэўнага спакою ў ціхім прыстанку ісьціны.

Тады ўсе, хто знаходзіцца пад уладай дзяржававодцы, лёгка падпарадкуюцца яго волі і пойдуць за сваім заступнікам, бо ён чалавек адметнай пабожнасьці й мудрасьці.

Разам з тым, дзяржаўны муж павінны заўсёды памятаць, што самае галоўнае для яго - гэта пастаянна шырыць межы царквы і клапаціцца пра тое, каб як мага больш людзей верылі ў Бога.

РАЗЬДЗЕЛ III

Вельмі неабходна, каб прынцэпс ведаў навукі

Слова "прынцэпс" вядзе сваё паходжаньне, мабыць, ад тае прыкметы, што сярод іншых пэўны чалавек - першы, галоўны. Такому чалавеку й трэба старацца апраўдаць гэтае найменьне і не аказвацца апошнім, у той час як другія выскачаць наперад. Зусім недарэчна менаваць сябе важаком і зваліцца раптам на паўдарозе альбо ва ўмовах, дзе патрабуецца найвялікшая разумовая актыўнасьць, трутнем сядзець склаўшы рукі..

Паколькі веды набываюцца шляхам вялікай затраты часу й працы, то дзяржаўны муж павінны атрэсьці зь сябе ўсякае здранцьвеньне розуму й цела, каб дасягнуць стромкай вяршыні дабрачыннасьці й пазнаньня. Дарога туды патрабуе значнага высілку. Недарэмна ж Гарацый пісаў:

Той, хто калісь захацеў прыйсьці да жаданае мэты, Змалку шмат працаваў і ў холад і ў сквар. А дарослы шашняў з Вэнэрай ня вёў і з Бахусам кольвек не знаўся.

I хоць карані вучэньня горкія, плады яго салодкія. Такое зазналі ўсе, хто авалодаў свабоднымі навукамі. Кожны адчуе тады бясконцую асалоду. Як піша Цыцэрон, розум - гэта самае ўзьнёслае, што Бог даў чалавеку. Але сам па сабе розум застанецца бясплодным, калі яго не ўдасканальваць навукай. Ён падобны да добрай глебы, якая без дагляду значнага плёну не дасьць.

А што можа быць прыемней для дзяржаўнага мужа, чым усьведамленьне таго факту, што кожны ў захапленьні ад тваёй вучонасьці й розуму і што ты маеш такую ж перавагу над простымі людзьмі, якую мае чалавек над астатнім жывёльным сьветам.

У штодзённым жыцьці ёсьць многае, што можна зьдзейсьніць, маючы востры розум і памяркоўную разважнасьць. I калі нехта лічыць, быццам. гэтае ўменьне набываецца без усялякай навукі, то ён вельмі памыляецца. Перш за ўсё, тое, што прырода захінула, захавала ад чалавечага вока, таілася б у цемрадзі няведаньня, калі б не было азорана сьвятлом навук, у промнях якога людзі пазнаюць прыродныя таямніцы.

А што ўжо казаць пра палітычныя дачыненьні, а таксама пра кіраваньне грамадзкай супольнасьцю? Толькі адукаваныя людзі могуць растлумачыць парады, якія давалі вучоныя філёзафы, і ўжыць гэтыя парады на паспалітую карысць. Ва ўсім складаным мностве дабрачыннасьцяў, што маюць адносіны да культуры і чалавечнасьці, лепей разьбіраюцца знаўцы свабодных навук. Менавіта яны могуць належным чынам прымяніць тыя веды й вывесьці людзей з жывёльнага стану да цывілізаванага жыцьця.

Прапанаваныя мудрацамі нормы законаў, антычныя ўсталяваньні былі прызначаны для стрымліваньня шкоднай пажаднасьці й дзікага імпэту чалавека. Гэтыя нормы захаваліся дзякуючы пісьму. Вывучэньне такіх нормаў патрабуе вялікіх намаганьняў.

Без пісьма немагчыма было б вырваць зь вечнага забыцьця й зьберагчы для памяці быліцы мінуўшчыны, давесьці да ведама нашчадкаў слаўныя ўчынкі і дзеі даўніх вякоў. Недарма, як сьведчыць Цыцэрон, македонец Мэнандар, стоячы ля магілы Ахіла ў Сігеі, гучна ўсклікнуў: "О, юнача! Які ты шчаслівы, што знайшоў Гамэра, апеўшага тваю мужнасьць!" Сапраўды, калі б не было пісьма, то магільны грудок, які накрыў тое цела, схаваў бы таксама імя.

Агульную ўхвалу, гонар і славу нясе дзяржаўнаму чалавеку веданьне гісторыі, уменьне прыводзіць факты, якія садзейнічаюць або перашкаджаюць супольнаму жыцьцю. Няведаньне ж усяго таго, што адбывалася многа вякоў таму, робіць чалавека падобным да дзіцяці, ахутвае розум густой заслонаю невуцтва. I калі знакамітага філёзафа запыталі, як розьняцца вучоны й невучоны, ён адказаў: як жывы й нежывы. Філёзаф хацеў гэтым сказаць, што неадукаваны ёсьць хутчэй цень чалавека, чым сам чалавек. Ня без падставаў гаворыць Плятон: "Шчасьлівымі будуць дзяржавы, якімі пачынаюць кіраваць адукаваныя людзі, або мудрацы, або тыя, хто, пачаўшы кіраваньне дзяржавай, імкнецца авалодаць навукай і мудрасьцю".

Сапраўды, ці ёсьць у дзяржаве хоць якая-небудзь сфэра дзейнасьці, пасьпяхова кіраваць якой магчыма без разнастайных ведаў і практычнага досьведу?

Без навукі нельга дасягнуць і красамоўства, якое адыгрывае значную ролю ў грамадзкіх справах. Паводле Цыцэрона, красамоўства зьяўляецца адным з тых сродкаў, з дапамогай якіх мы ўгаворваем, пераконваем, суцяшаем абяздоленых, пазбаўляем страху напалоханых, стрымліваем празьмерна гарачых, утаймоўваем пажадных; і гняўлівых. Красамоўства аддзяліла нас ад дзікага, зьвярынага жыцьця, далучыла да права, законаў, цывілізацыі.

Карысьць ад красамоўства надзвычай вялікая. Стрыманасьць і разважнасьць прамоўцы ўмацоўвае ня толькі яго ўласны аўтарытэт і аўтарытэт падначаленых яму, але і значна садзейнічае дабрабыту ўсяе дзяржавы. Цыцэрон лічыць, што ніводзін грамадзянін ня зможа стаць знакамітым, калі не авалодае навукамі і не навучыцца прыгожа гаварыць. Дый для розуму, які імкнецца да славы, іншых крыніцаў дабрачыннасьці няма.

Красамоўства адыгрывае сваю ролю пры абмеркаваньні важных справаў. Дастойным чынам зробленыя выказваньні млявы народ будзяць, гарачы і імпэтны стрымліваюць. Красамоўства можа таксама ўвесьці людзей у гібельны зман альбо прынесьці ім выратаваньне й дабро. Цыцэрон лічыць, што для дзяржаўнага мужа красамоўства - надзвычай прыгожая аздоба. А што яшчэ можа быць найбольш узьнёслым, велічным, высакародным, чым дапамагчы няшчасным, усьцешыць пакрыўджаных, прынесьці чалавеку паратунак, пазбавіць яго ад небясьпекі, утрымаць людзей у дзяржаве. Усе абавязкі прынцэпсаў, усе іх чыннасьці павінны быць скіраваныя, увогуле, на забесьпячэнне дабрабыту грамадзянаў, заможнасьці паспалітага люду. Гэта якраз і прыносіць сапраўдную славу. I калі дзяржававодца хоча стаць знакамітым, калі ён хоча быць карысным дзяржаве і сябрам, то яму неабходна імкнуцца, як толькі мага, да набыцьця разнастайных ведаў.

Нават бедныя і простыя людзі дасягаюць праз навуку нямала багацьця й пашаны. Дык у яшчэ большай меры гэта могуць зрабіць тыя, хто мае дасягаюць зорных вяршыняў славы.

РАЗЬДЗЕЛ ІV

Жаніцьба дзяржаўнага мужа. Шлюбная вернасьць і цнатлівасьць

Сьвятое Пісьмо гаворыць, што чалавек любога званьня павінын заўсёды паважаць шлюб і нічым не паганіць шлюбнае ложа. Блюзнерам і блудадзеям Сьвятое Пісьмо пагражае страшным судом. I дзяржававодцу, які беражэ сьвятыя повязі шлюбу, належыць весьці цнатлівае й сьціплае жыцьцё. Тады чалавека ня будзе мучыць сумленьне, а ягоная душа займее вялікі спакой. Дзяржаўнага мужа прыклад змусіць і іншых выконваць свой абавязак, дапаможа ім стрымліваць сябе ад пажадных імкненьняў і пазьбягаць усякай нечысьці.

Кожная душэўная загана бачыцца людзям тым большай, чым вялікшым лічыцца той, хто грашыць. Цяжкасьць такіх грахоўных учынкаў абумоўлена тым, што ўсьлед за прынцэпсам захочуць саграшыць і многія іншыя, бо ён жа ня лічыць падобнае дзеяньне злом і не пакідае за сабой аніякай магчымасьці караць за гэта астатніх.

Дзяржававодцу неабходна ўсяляк пазьбягаць пачуцьцёвых асалодаў і асабліва працівіцца п'янству, якое лёгка зацягвае чалавека ў багну поскудзі, пазбаўляе п'яніцу розуму і стрымгалоў кідае на ўсё недазволенае. Паводле сьвятога Гераніма, страўнік, разгарачаны віном, хутка распальвае жаданьні. Таксама і Хрызастом сьцвярджае, што чорту нічога так ня міла, як п'янства і разбэшчанасьць. Ад іх усё зло. 3 гэтай прычыны рымляне, сьведчыць Валерыюс Максымус, забаранялі жанчынам піць віно каб тыя не скаціліся ў якую-небудзь распусту.

Сапраўды, наступны крок ад нястрыманасьці, якую спараджае бацька Лібер, вядзе ўжо, звычайна, да недазволеных любошчаў. Кожная жанчына, што занадта цягнецца да віна, зачыняе дзьверы добрым учынкам і адчыняе паганым.

Калі жонка ўсё робіць з любоўю, то гэта і ёсьць для яе найкарацейшая пуцявіна да цнатлівасьці й маральнай чысьціні. А як хто ўзурпуе сабе вольнасць парушаць гэтую цнатлівасьць і давер, дык лёгка абудзіць юрлівасьць жонкі і адчыніць акно для блюзнерства. Яна будзе лічыць, што за крыўду, якую прычыніў ёй муж, апошні павінны атрымаць заслужаную кару. Менавіта яна сама кідаецца ў недазволеныя повязі й вязне ў той жа распусьце, якой апаганіў сябе муж.

Значыцца, калі хочаш мець жонку чыстую, беззаганную, то і сам будзь чыстым і беззаганным. I зусім справядліва, калі муж патрабуе ад жонкі таго, што яна атрымлівае ад яго. У дабрачынстве ён павінны быць наперадзе жонкі. Непрыстойна мужу, як трапна сьцьвярджае Аўгустын, дамагацца ад жонкі перамогі там, дзе ён сам быў зьбіты ўдарам любоўнай страсьці і вось так, пераможаны, застаўся ляжаць. Паводле таго ж Аўгустына, блудадзей заслугоўвае тым большай кары, чым болей значным быў яго абавязак як мужа перамагаць жанчыну сваім дабрадзействам і кіраваць ёю праз свой прыклад.

Боская воля наконт гэтага даволі ясна абвешчана голасам апосталаў. Няхай жа мужчыны пад яе я захады, каб яго абраньніца не вылежвалася, не займалася пустымі забавамі або нудзілася без усялякага занятку. Няхай яна заўсёды мае час для высакародных заняткаў адпаведна зь яе годнасьцяй. Мужу патрэбна паклапаціцца аб тым, каб жонка не зналася з распуснымі жанчынамі і мужчынамі, якімі паўсюдна кішаць палацы.

Пасьля працы людзі схільныя да любошчаў. Таму неабходна пазбягаць усяго, што можа распаліць у жанчыне агонь жарсьці. Празьмерна яркае адзеньне, адмысловыя ўпрыгожаньні, бляск золата й срэбра ўзрушаюць адчувальныя натуры. Дый многія лічаць, што сваім раскошным убраньнем жанчына хоча дамагчыся толькі аднаго: спадабацца мужчынам, прытым у колькасьці як мага большай, і абудзіць іхнія жаданьні. Як справядліва гаворыць сьвяты Цыпрыян, жанчыны, апранутыя ў шоўк і пурпур, ня могуць сумленна прыняць Хрыста, таксама як жанчыны, што аздобілі сябе жэмчугам і бранзалетамі, трацяць прыгажосьць розуму й сэрца. Таму сьвяты Пётра ад усёй душы раіць, каб жанчыны ўпрыгожвалі сябе не прычоскамі, ня золатам, не раскошным адзеньнем, а чалавечнасьцю, скрытай у самім сэрцы.

Прыгажосьць жанчыны ў беззаганнасьці яе пяшчотнай і ціхай натуры. Вось гэта якраз і мае вартасьць перад Богам. Бэрнардус гаворыць, што клопат пра пекнасьць уласнага цела будзе недастатковы, калі не дасканаліць свой розум навукаю дабрадзейства.

Разбэшчанасьць адзеньня азначае духоўную разбэшчанасьць. Сёньня амаль ва ўсіх народаў раскоша адзеньня жанчын дасягнула агромністых памераў. Здаецца, што за хвастамі і шлейфамі цягнуцца ўсе багацьці. У гэтым пачварным адзеньні рэдка можна стрэць сьціплую жанчыну, бо апранаецца яна для спакусы, а не для чалавечай патрэбы.

Аднак гэта не значыць, што жанчынам трэба забараніць усялякія ўбраньні. Жанчыны, асабліва жонкі дзяржаўных мужоў, могуць паяўляцца ў элегантным адзеньні адпаведна свайму саслоўнаму статусу. Галоўнае, каб яны прытрымліваліся залатой сярэдзіны і каб усё было ў меру. Жанчыны павінны ведаць, што іх упрыгожвае найбольш сьціпласьць, прыстойнасьць, маральная чысьціня, памяркоўнасьць, а таксама жаданьне быць вернай мужу. I калі ў свой час гэтымі дабрачыннасьцямі стараліся вызначацца паганскія жонкі, то яшчэ больш такое адносіцца да хрысьціянскіх жонак. Яны павінны рашуча адмаўляць усялякую разбэшчанасьць і быць для астатніх людзей узорам цнатлівых і сьціплых паводзінаў.

Лукрэцыя, пацярпеўшы царскае насільле, усё ж адчувала, што ў згвалчаным целе розум яе заставаўся чыстым і непарушным. Аднак яна лічыла, што загубленая нявіннасьць загубіць усё, і таму сама абрала сабе сьмерць. Лукрэцыя не магла раўнадушна пераносіць зьнявагу, якая ўчынілася над ёй.

Ёсьць многа іншых падобных цнотных жанчын. Яны без ваганьня гатовыя былі прыняць сьмерць, толькі б не паддацца сарамотнаму насільлю пажаднасьці. Для такіх жанчын цнота і людзкая хвала гэтай цноты мелі намнога большую вартасьць, чым доўгае, але ганебнае жыцьцё. Хай бы і ў наш век жонкі хрысьціянскіх валадароў імкнуліся да гэтакай славы! Хай бы і яны, успрымаючы шлюбную нявернасьць як самае агіднае злачынства, усяляк пазбягалі той брыдоты і катэгарычна адмаўляліся ад цялесных асалод, якія лёгка вядуць да разбэшчанасьці!

РАЗЬДЗЕЛ V

Самае важнае для дзяржаўнага мужа - гэта быць справядлівым. Справядлівасьць - найцудоўнейшая вартасьць з усіх дабрачыннасьцяў

Усе свае дзеяньні прынцэпс павінны скарыстоўваць для такіх мэтаў, каб у выніку жыцьцё яго было прыгожай гармоніяй дабрачыннасьцяў. I мне здаецца, што першае месца належыць тут справядлівасьці. Сапраўды, калі чалавек справядлівы, то гэта адно ўжо дае нам падставу называць яго добрым і сумленным. Сутнасьць справядлівасьці заключаецца ў наступным: ніхто нікому не павінны чыніць зла, і кожны павінны ўсяляк дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Называцца дабрадзеем па праву можа чалавек, які ў такіх адносінах найвыбітнейшы. Менавіта ён нікому ня робіць кепства і з гатоўнасьцю дапамагае людзям.

Калі грамадзяніну не забараняецца мець сваё і прытым цалюткае дабро, калі шчасьце адных не здабываецца ў выніку няшчасьця іншых, то і само грамадзтва захаваецца ў добрым, цывілізаваным стане, а між усімі станамі ўсталююцца мір і спакой. Людзі, якія прагнуць багацьцяў і трацяць іх затым на ўзьвядзеньне дарагіх палацаў альбо на шыкоўнае жыцьцё з усімі асалодамі ды яшчэ выхваляюцца сваёй раскошай, ня так лёгка могуць устрымацца ад прычыненьня зла іншым. Хцівымі рукамі яны часта квапяцца на дабро сваіх падвасальных. Скнарлівасьць, палымнеючы жаданьнем займець як мага больш, поўніць сьляпы чалавечы розум сьвербам дацягнуцца да чужога дабра, і тое, што створана працай іншых, зрабіць сваёй уласнасьцю.

Вось так чалавек забывае пра сваю чалавечую годнасьць і ператвараецца ў дзікага звера, які люта разьдзірае грамадзянскую супольнасць, дзе людзі знаходзяцца ва ўзаемнай сувязі. Дзяржаўцу належыць усяляк процістаяць гэтай чуме , ня толькі не рабіць зла другім, але і стрымліваць хцівасць сваіх пракуратараў, якія загадваюць ягонай маёмасьцю і вядуць ягоныя справы. Той, хто можа прадухіліць несправядлівасьць, але нічога не робіць, вінаваты ў такой жа меры, калі б ён сам рабаваў дабро грамадзянаў і пустошыў іхнія багацьці.

Дзяржававодцу трэба пазьбягаць ляноты і бязьдзейнасьці, бо менавіта яны перашкаджаюць яму выслухоўваць скаргі прыгнечаных. Калі ж тыя скаргі дойдуць да ягонага слыху, то ён павінны быць да людзей справядлівым. Патураньне і паблажлівасьць садзейнічаюць яшчэ большаму свавольлю гвалтаўнікоў.

Пастыра, які дазваляе рваць бедных авечак, спасьцігне Божая кара. Прынцэпс не павінны быць пад уплывам любові або нянавісьці там, дзе патрабуецца хутка й дзейсна абараніць слабых ад несправядлівасьці. Хай не баіцца затрат, каб адстаяць невінаватасьць невіноўных і справядлівай карай прадухіліць гвалтоўніцтва, што чыняць ліхадзеі. Дзяржаўцу трэба ўсьведамляць, што ён нарадзіўся не для сваіх выгодаў, а для паспалітага дабрабыту дзяржавы. Гэтай мэце няхай паслужаць усе ягоныя багацьці.

Кожны век слаўны многімі асобамі, якія вызначыліся сваёй дабрачыннасьцю. Дзеля бясьпекі айчыны яны ахвяравалі сваімі багацьцямі, бо лічылі, што са згубай дзяржавы яны страцяць таксама і сваю маёмасьць. Дурнем называе Цыцэрон таго чалавека, які, загубіўшы дзяржаву, спадзяецца зьберагчы свае садкі. Толькі цэлая і непарушная дзяржава здольная абараніць уласнасьць грамадзяніна, і, наадварот, калі не ўберажэш дзяржаву, то не ўберажэш і сваю ўласнасьць. Цыцэрон лічыць, што чалавек, які дзеля магутнасьці Айчыны, дзеля бясьпекі й росквіту дзяржавы гатовы кінуцца ў пашчу самай лютай небясьпекі, заслугоўвае вялікай пахвалы. Такі чалавек сапраўды дзейнічае вельмі разумна. Цыцэрон гаворыць, што аніводная з усіх грамадзянскіх супольнасьцяў не зьяўляецца настолькі важнай і дарагой нам, як дзяржава. I за Радзіму сваю многія без усялякіх ваганьняў ішлі на верную пагібель. Гэтакім быў якраз Кодрус, такімі былі дочкі Эрыктэя. Дзеля жыцьця сваіх суайчыннікаў усе з гатоўнасьцю абралі сьмерць, якую вінны былі прыродзе, але аддалі пераважна за шчасьце народу.

Слаўнага найменьня "справядлівы" заслугоўвае чалавек, які імкнецца захаваць непарушнасьць айчынных устанаўленьняў, законаў і ніякаму нахабніку не дазваляе пераступаць гэтыя нормы, паколькі яны - аснова бясьпекі дзяржавы. А між тым ёсьць людзі, якія з абурэньнем успрымаюць усякае абмежаваньне сваіх жаданьняў з дапамогаю цугляў закону і як толькі мага спрабуюць пазбавіцца гэтых абмежаваньняў. Быццам незакілзаныя коні, яны памыкаюцца ў розныя бакі і гатовыя парваць усё, што стрымлівае іхнія вычвары.

Асабліва неабходна берагчы законы, якія, быццам прошва, мацуюць мір і спакой у дзяржаве. Законы выдаюцца на аснове ўсеагульнага ўхваленьня. Яны скіраваныя ўсе на тое, каб людзі жылі між сабою ў ціхай згодзе й былі свабодныя ад усялякага страху. Калі ж цуглі, якія стрымліваюць разбэшчаныя памкненьні людзей, адпушчаны ўжо настолькі, што адны абыходзяцца з іншымі паводле сваёй прыхамаці, то гэта ўжо не дзяржава, а якаясь суполка жывадзёраў ці нейкае скопішча зьвяроў, дзе мацнейшыя жаруць слабейшых. Абавязак дзяржаўцы - супраціўляцца вераломству, наколькі стае моцы, і рабіць усё магчымае, каб адстаяць аўтарытэт закону.

Дзяржаўцы трэба рупіцца таксама і аб захаваньні даверу між людзьмі. Некаторыя вучоныя зусім слушна лічаць давер фундамэнтам справядлівасьці. Ня будзе сумленнага міру й супрацоўніцтва паміж людзьмі, калі ў іх разыходзяцца словы й справы, калі гэтыя людзі спрытна меньцяць языком, ніколі не турбуючыся пра давер да сваіх словаў. Нездарма ж рымляне хацелі, каб у Капітоліі Вера знаходзілася побач з усемагутным Юпітэрам. Падобна таму як Юпітэр апякае ўвесь род чалавечы, гэтак жа і вера сваім дабрачынствам аберагае дзяржаву. Або, гаворачы словамі паэта:

Міру бязь веры ня знае зямля і ня ведае мора,
Хісткі давер, парушэньне дамовы прычынаю служаць,
Што між людзьмі прападае зусім чалавечая лучнасьць.

Цыцэрон кажа, што парушэньне дамовы - злачыннае, шкоднае дзеяньне, 6о давер - гэта само жыцьцё. Для дзяржаўнага мужа надзвычай ганебным будзе такі стан рэчаў, калі яго выказваньням й абяцаньням ніхто не дае аніякай веры і калі ён сваімі ўчынкамі паказвае, што гаворыць адно, а думае нешта іншае. Такога дзяржаўцу людзі абсыпаюць кпінамі й насьмешкамі. Пра яго ўсюды гавораць так, як пра аднаго ашуканца: няхай тваю асобу хваліць той, хто цябе ня ведае.

РАЗЬДЗЕЛ VI

Шчодрасьць - найвялікшая вартасьць
дзяржаўнага мужа. Аднак
марнатраўства яму трэба пазьбягаць


Мы ўжо гаварылі, што згодна зь першай адметнасьцю дабрадзейства чалавек чалавеку не павінны чыніць зла і любымі сродкамі ўтрымліваць кожнага, хто б ён ні быў, ад несправядлівасьці да іншых. Другая норма - неабходнасьць рабіць дабро. Гэтая норма суадносіцца з рознымі патрэбамі людзей і ёсьць у пэўным сэнсе праяўленьне сутнасьці Бога. Сапраўды, людзі нічым так не набліжаюцца да Бога, як добрымі справамі ў дачыненьні да бліжніх.

Усё, што існуе пад небам, створана, увогуле, дзеля той мэты, каб ім карысталіся людзі. Будзе зусім натуральна, калі з гэтых багацьцяў чалавек нечым адзьдзячыць Богу і большую частку таго, чым ён валодае, сумленна ахвяруе на ўслаўленьне Усявышняга. Неабходна, каб і дзяржаўца стараўся будаваць храмы для адправы сьвятой імшы. На чале храмаў няхай паставіць здольных біскупаў, якія будуць настаўляць народ. Вось так дзяржававодца прывучыць сваіх падданых пець вечную хвалу Богу.

А дзе набажэнства аказваецца ў выгнаньні, дзе Боскаму не аддаецца належнай увагі і пашаны, дык тое месца мусіш назваць, хутчэй, логавам гігантаў і царствам беспрасьветнай цемры, чымся жыхарствам людзей, што надзеленьг розумам. Закладзенае Богам адрозненьне паміж дзікай жывіной і чалавекам складаецца найбольш з таго, што жывёлы жывуць толькі дзеля чэрава і думаюць толькі пра жыцьцё ў сучасьсі, а чалавек, надзелены розумам, павінны думаць таксама і пра будучае жыцьцё і ўсяляк імкнуцца заслужыць сабе нябеснае аселішча. I кожны раз, калі ён чуе пяяньне, якое праслаўляе Бога, то няхай далучыць і свой голас да малітвы пабожных і вернікаў. Няхай тады знае, што ён узьняўся ўжо да зорак і, вызваліўшыся ад гэтага тленнага жыцьця, знаходзіцца ў царстве блажэнных нябесных духаў. Апостал вучыць, што наша вечнае жыццё - на нябёсах. Адтуль мы чакаем Госпада нашага Ісуса Хрыста. Зьвязаныя зь ім сапраўднаю верай, мы спадзяёмся на прыстанак у сьвятым нябесным улоньні. Там сапраўды залог нашай спадчыны. Дык няхай жа.прынцэпс не вагаючыся робіць ахвяраваньні на тое, што на нябеснай Бацькаўшчыне прынясе багаты ўраджай. Вобраз гэтага існуе тут, сярод нас, каб даносіць да сьвядомасьці кожнага весткі пра будучае мястоўе нашага неўміручага дапаўненьня.

Адначасова хай не забывае дзяржаўца і пра зямное бытаваньне і ўзводзіць раскошныя пэнаты, якія адпавядаюць ягонаму пасаду і званьню. Пры гэтым няхай паўсюдна прытрымліваецца высакароднай элегантнасьці будовы і адхіляе ўсё нячыстае, а таксама праяўляе шчодрасьць, вартую сваёй пэрсоны.

Яму трэба набыць вялікую колькасьць кнігаў самых разнастайных ведаў, бо менавіта кнігі складаюць галоўны скарб дзяржаўнага мужа. Дый нічога не ўпрыгожвае так ягоную асобу, як глыбокія размаітыя веды. Надзвычай важна аздобіць розум навукай чулага натуральнага абыходжаньня зь людзьмі. Няхай усім гарантуецца доступ да яго, а ўваход хай не асаджае натоўп, які не атрымаў аўдыенцыі.

Але найбольшую міласэрнасьць і спагаду неабходна праяўляць да людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, менавіта да абяздоленых і пакрыўджаных. Як бы расчыніўшы багатую камору, хай нясе палёгку тым, хто церпіць нэндзу і пазьбягае ўсялякай скнарлівасьці. Ганебны, агідны і нават бязбожны ўчынак зробіць той, хто, быццам аглухлы, пройдзе міма жабрака і не дапаможа яму хоць бы крыхай свайго замкнёнага дабра. Няхай Эўкліёны гэтыя трымаюцца далей ад раскошных палацаў і хаваюцца ў бедныя хаціны, калі яны шкадуюць грошай, і, нібы тыя драконы, што седнямі сядзяць на золаце, ня думаюць нават аб ахвяраваньнях на супольныя патрэбы людзей. Сапраўднай пахвалы і славы надзейнага вешчуна ўсяго добрага заслугоўвае прынцэпс, які аказваецца шчодрым у прыстойных дзеях, які жвава і хутка гатовы дапамагчы кожнаму чалавеку ў ліхую гадзіну. Такім зьяўляецца той, хто выкупляе ў бандытаў палонных, аплочвае даўгі сяброў, дапамагае выдаваць замуж дачок, садзейнічае ў набыцьці або павелічэньні маёмасьці.

Многія, аднак, у сваёй шчодрасьці ня ведаюць меры і растачаюць атрыманы спадак. Такім марнатраўцам належала б добра памятаць прыказку: шчодрасьць ня мае дна. Дык няхай жа яны пільнуюцца і не пераступаюць мяжы, каб іх не папракнулі ў дурасьці, празь якую аднойчы ніхто з гэтых, як трапна заўважыў Цыцэрон, ужо не зможа рабіць тое, што з такой ахвотай рабіў.

Гулякі і абжоры, якія ўлагоджваюць толькі сваё чэрава, не заслугоўваюць пахвалы ў шчодрасьці. Праўда, самі яны лічаць сябе вартымі гэтай славы, нягледзячы на тое, што сваімі папойкамі й баляваньнямі паглынаюць усю спадчыну, а затым аказваюцца ў вялікай нястачы.

Вартае ўхвалы толькі маральнае. Усялякае марнатраўства - гэта ўвогуле такая ж самая загана, як і зладзейства, рабунак або незаконнае авалоданьне чужой маёмасьцю. У нашым народзе неабходна сурова ганіць і разглядаць як вельмі цяжкае злачынства дзеяньні асоб, якія нават пры сярэд-нім дастатку заводзяць сабе вялікую колькасьць абслугі, рознай чэлядзі і ня могуць затым са сваіх гадавых даходаў пакрыць затраты, што мусілі рабіць для набыцьця ежы і адзеньня. Таму яны або распрадаюць свае ўладаньні, або залазяць у даўгі. I ня столькі іх любяць тыя, каму яны далі, колькі ненавідзяць тыя, у каго яны ўзялі. Як казаў той комік, гэтыя крэдыторы за сваё крэўнае павінны яшчэ цярпець страты. Таму і называюць яны такіх даўжнікоў рабаўнікамі, паколькі апошнія ня могуць вярнуць ім пазычанае. А гэта ж вялікая несправядлівасьць.

Вось чаму дзяржаўцу трэба ўсяляк пазьбягаць такой заганы, калі ён хоча мець добрую славу і сапраўды хвалёнае імя.

Усё гэта паходзіць толькі ад дабрачыннасьці.

РАЗЬДЗЕЛ VII

Дзяржаўцу
найбольш пасуе муж-
наьсць і адвага

Вельмі важна таксама, каб дзяржаўца быў мужным. У цяжкіх і складаных абставінах мужнасьць не дазваляе быць баязьлівым і маладушным. Гэтая дабрачыннасьць робіць дзяржаўнага мужа настолькі адважным, што ён не пабаіцца сьмерці, калі барацьба за справядлівасьць патрабуе ахвяраваць сабой. Ён будзе лічыць, што нарадзіўся хутчэй для славы, чым для жыцьця. Як сказаў некалі мудры аратар, уцёкі ад сьмерці горш за ўсякую сьмерць. Куды больш годная сьмерць за Радзіму, чым сьмерць як даніна прыродзе. Вось чаму ставяць велічныя помнікі, выключна ўшаноўваюць тых, хто дзеля ўратаваньня Айчыны й дзеля яе бясьпекі былі гатовыя ахвяраваць сабою, рынуцца ў гушчу ворагаў і загінуць ад ранаў слаўнаю сьмерцю.

У творах старажытных пісьменнікаў ёсьць многа прыкладаў надзвычайнай мужнасьці. Адзін з такіх прыкладаў заслугоўвае асаблівай увагі. Гэта ўчынак Муцыя Сцэволы. Юнак аднойчы прабраўся ў лягер цара Парсэны, каб забіць яго. Аднак заместа цара забівае пісарчука. Караючы сябе за памылку, Муцый сунуў руку ў вогнішча і стаў яе падпякаць. Не зважаючы ні на якія пагрозы, ён сказаў цару, што рымляне нанава кінуць жэрабя і зноў будуць гатовыя на ўсё. Парсэна быў у захапленьні ад мужнасьці Сцэволы. Разам з тым цара ахапіў такі страх за сваё жыцьцё, што ён зьняў асаду горада і вярнуў рымлянам спакой і мір.

Такім жа мужным і адважным быў Валерыюс Коклес. Ён адзін, знаходзячыся на мосьце, стрымліваў націск этрускаў да таго часу, пакуль мост не разбурылі з тылу. Валерыюс скочыў затым у Тыбар і цалюткі вярнуўся да сваіх.

Дый ці можна пералічыць бясконцае мноства іншых прыкладаў мужнасьці, калі ніякі страх сьмерці ня здолеў запыніць чалавека ў яго змаганьні за свабоду Радзімы? Сіла духу й высакароднасьць такога чалавека выклікаюць у сэрцах іншых людзей вялікае захапленне. I наадварот, жаночая расьпешчанасьць, маладушша пры небясьпецы накладваюць на чалавека ганебнае кляймо, зьневажаюць і няславяць яго імя.

Але ня толькі ў ваенных справах баязьлівасьць і нерашучасьць заслугоўваюць ганьбавання. У грамадзкіх справах, а таксама ў спрэчках, якія даводзіцца весьці ў інтарэсах дзяржавы, патрабуюцца мужнасць і вы-сакароднасьць, каб перашкодзіць намерам каварных людзей. Толькі мужныя й смелыя дадуць рашучы адпор ліхадзеям, што задумалі прычыніць Радзіме зло. Як піша Плутарх, Дэмасфен зусім правільна сказаў, што кіраваць дзяржавай, настойліва змагацца за яе дабрабыт - справа надзвычай нялёгкая. Калі б толькі ён спачатку ведаў аб тых нягодах, якія мусіў сам перанесьці! Прапанавалі б тады яму дзьве пуцявіны, зь якіх адна вядзе на трон, а другая ў магілу, дык ён без усялякіх ваганьняў выбраў бы апошнюю.

Калі пагражае небяспека, то ад дзяржаўнага мужа патрабуюцца хуткае й сьмелае мысьленьне, найвялікшая стойкасьць і вытрымка ў пераадоленьні цяжкасьцяў. Нельга, каб у складаных абставінах ён заставаўся бязьдзейсным і яго волю надламаў страх.

Яму трэба праявіць найвялікшую руплівасьць у забесьпячэньні супольнай свабоды, бо менавіта ён яе галоўны абаронца. Калі ж прынцэпс дазваляе парушаць і падрываць свабоду, то ён дрэнна памятае пра свае абавязкі. У гэтым выпадку яго трэба лічыць амаль што здраднікам сваёй Айчыны. I нават боязь абняслаўленьня з боку якіх-небудзь злосьнікаў не павінна ўтрымліваць яго ад уласных намераў і клопатаў аб айчынным дабрабыце. Сапраўды, чалавек праз любоў да Бацькаўшчыны можа цярпець ня толькі бясчэсьце, але таксама ісьці на сьмерць. Ва ўсіх цяжкіх і складаных сытуацыях дзяржаўцу трэба мець такую непахісную волю, каб і посьехі не маглі вывесьі яго са звычайнага душэўнага стану. Як бы там ні паварочвалася фартуна, у яго заўсёды хай будзе тая ж вытрымка, тое ж аблічча, тое ж чало. А некаторыя людзі аказваюцца настолькі недалёкімі, што дастаткова фартуне аднойчы ўсьміхнуцца ім, як тут жа яны робяцца фанабэрыстымі, пыхлівымі. Пагарджаючы іншымі, такія ганарліўцы лічаць сябе вышэй за ўсіх. Чалавека з моцнай воляй не саб'юць з панталыку ўсялякія зьмены. Ён ня будзе надаваць асаблівага значэньня рэчам, што прыемна казычуць сэрца. Цыцэрон сьцьвярджае, што багацьце любіць пераважна вузкі, абмежаваны розум. Няма нічога больш высакароднага й велічнага, чым ставіцца з пагардай да грошай, калі іх у цябе няма, і скарыстаць іх на дабрадзейства і ўсялякі датак, як толькі яны ў дябе ёсьць.

Вядома, гэтыя дабрачыннасьці праяўляюцца ва ўзьнёслым, велічным розуме. I калі бачна, што чалавек на працягу ўсяго жыцьця робіць дабро, то людзі заўсёды будуць хваліць і славіць яго імя.

То няхай жа пастараецца прынцэпс быць чалавекам, якога нішто не запалохае, не застрашыць. Хай не дазваляе, каб ім авалодаў адчай і роспач у такой меры, што ў смутную гадзіну няшчасьце цалкам забярэ ў яго розум.

Каб лютасьць, узяўшы верх над разважнасьцю, не прывяла дзяржававодцу да беззаконьня, каб ілюзорная мужнасьць не ўвяла дзяржаўнага чалавека ў зман, у яго чыннасьцях не павінна быць саманадзейнага легкадумства, жаданьня сутыкнуцца з небясьпекай, а таксама буйной, няўрымслівай адвагі. Проста дзіва, што вельмі многія людзі, апанаваныя імпэтам непамяркоўнага розуму, кідаюцца ў любую небясьпеку і самі ж губяць сябе. Свавольнікі, адурманеныя хмелем, распачаўшы міжусобіцы і з п'янага глузду рынуўшыся ва ўзаемную разню і кровапраліцьце, ня маюць падставаў належаць да суполкі нармальных людзей. 3 поўным правам іх можна аднесьці да гайні дзікіх зьвяроў.

Плябеі і зламысьнікі, што даходзяць да гэтага шаленства, заслугоўваюць кары і астрога. Дзяржаўца ж павінны усяляк стрымліваць сябе ад неразумнага ліхацтва і зачынаць бітву толькі дзеля сумленнай і высакароднай мэты.

Ёсьць, зразумела, і многія іншыя дабрачыннасьці, што ўпрыгожваюць дзяржаўнага мужа. Аднак і тыя, пра якія тут гаварылася, авеюць імя яго неўміручай славай, і за людзкое шчасьце вячыстая будзе яму хвала.

Пераклаў з лацінскай Уладзімір ШАТОН.

________________________________________________


Паводле: Спадчына 1991, №6 і 1992, №1.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам