Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Прысьвячэньне Статута 1588 Жыгімонту III


Прысьвячэньне Статута 1588 Жыгімонту III

Леў Сапега

Найясьнейшаму пану Жыгімонту Трэцяму. З Ласкі Божай каралю польскаму, вялікаму князю літоўскаму, рускаму, прускаму, жамойцкаму, мазавецкаму, інфлянцкаму ды іншых [земляў]. З той жа Ласкі Божай гаспадару і каралю дзедзічнаму швэдзкаму, гоцкаму, вандальскаму і вялікаму князю фінляндзкаму. Гаспадару і пану майму літасьціваму.

Былі тыя часы, найясьнейшы літасьцівы гаспадар і кароль, калі ў гэтым згуртаваньні й супольніцтве людзкім, якое мы рэччу паспалітай завём, каралі й гаспадары гэтага сьвету, не законам пісаным або статутам, але толькі сваёй воляю і ласкаю валадарылі над людзьмі. Але паколькі часта ад высакароднага абавязку свайго адступалі, і дзеля свайго толькі спажываньня рэчы назапашвалі, аб супольнай карысьці мала дбаючы, гэта прывяло да таго, што людзі, гідзячыся іх панаваньнем і зьверхнасьцю, не гаспадарамі, а тыранамі іх называючы, у адным толькі статуце і праве пісаным бясьпеку і дабро рэчы паспалітай бачылі.

А пра гэта вялікі і шляхетны філёзаф грэцкі Арыстотэль сказаў, што там бэльлуа, а па-нашаму, дзікі зьвер пануе, дзе чалавек паводле волі сваёй уладу ажыцьцяўляе. А дзе закон або статут верх мае, там сам Бог усім валадарыць. І такая таму ёсьць прычына, што закон, як пра яго іншы вялікі мудрэц сказаў, ёсьць сапраўдным розумам і мудрым бачаньнем развагі людзкой, якім Госпад Бог натуру людзкую аздобіў, і паводле гэтага прыстойнага і мудрага бачаньня жыцьцё чалавека так уладкаваў, каб той імкнуўся да ўсяго добрага, а беззаконнага пазьбягаў. Але паколькі ня ўсе ад нараджэньня больш розумам, чым багацьцямі сваімі і д'ябальскімі страсьцямі кіруюцца, то гэтыя цуглі ці мундштук на нахабнікаў Госпад Бог і права Яго сьвятое наклалі, каб яны за справы свае слушную кару, а годныя [людзі] прыстойную ўзнагароду мелі. І гэта ёсьць мэта і канец усіх законаў у сьвеце, на тым усе дзяржавы і каралеўствы стаяць і жывуць у спакоі, дзе ліхія [людзі] помсту, а добрыя ўзнагароду маюць.

Гэтага заўсёды тыя баяцца, якім свавольле падабаецца, а з розумам яны не сябруюць. Радыя бы тыя цуглі зь сябе скінуць, а законы ўсе, каб імі не кіравацца, радыя былі бы на нішто зьвесьці. Здарылася гэта ў пэўным часе ў каралевічаў і маладзёнаў рымскіх, у той час калі сэнатары разважалі, як цяжар панаваньня каралеўскага або тыранскага зь сябе скінуць, і правам пісаным паслугавацца. Усяляк гэтаму перашкаджалі маладзёны, каб ніякага закону над сабой ня мець, бо казалі, што закон глухі і такі, што ня дасьць сябе ўпрасіць, калі ў чымсьці правініцца [чалавек], не падзяляе беднага і багатага. А ў гаспадара, аднак, ёсьць месца ласцы і прыхільнасьці, ёсьць увага на асобы.

Дык, лепей пад адной [толькі] каралеўскаю ўладай жыць, чым пад такую небясьпеку падпадаць, грунтуючы сваё шчасьце толькі на беззаганнасьці жыцьця ды на выкананьні закону. Такія, кажу, думкі ёсьць і заўжды будуць у людзей свавольных і непакорлівых, для якіх страх закону ёсьць непрыемны, і разбэшшчанай волі іх заўсёды супраціўны.

Што мы ўсе бачачы, найясьнейшы літасьцівы гаспадар, за шчасьлівы народ сябе лічым, якому Госпад Бог такіх гаспадароў і продкаў вашай каралеўскай міласьці даў, што ня толькі паводле волі і ласкі сваёй над намі ўладу ажыцьцяўлялі, але і самі нам прыкладам былі, каб мы закон, як найлепшага вартавога паспалітай вольнасьці трымалі і большай улады й зьверхнасьці гаспадарскай над сабою не дапускалі, а толькі такую якой пэўную мяжу валадараньня над намі законы ўсталявалі і за гэта славу вялікую ў нашай памяці пакінулі.Так пагатоў ваша каралеўская мосьць, наш міласьцівы пан, тым імя сваё слаўнае ў сваім народзе пажадалі ўшанаваць, што статут новы, і ў многіх месцах людзьмі мудрымі і ў законах абазнанымі, з народу нашага дзеля гэтага абранымі, выпраўлены, у гэтыя першыя часіны валадараньня вашага, нам зацьвердзілі, каб ужо ўсе суды ў гэтай слаўнай дзяржаве вашай каралеўскай міласьці слаўным Вялікім Княстве Літоўскім тым [статутам] паслугаваліся, тады я ад імя ўсёй рэчы паспалітай вашай каралеўскай міласьці, свайму міласьціваму пану, пакорна за так міласьцівую ласку дзякую.

А раз я ўжо тую працу на сябе ўзяў, каб гэты статут у друк падаць, то яго вашай міласьці прысьвячаю, як найвышэйшаму абаронцу ўсіх правоў і вольнасьцяў нашых. Госпада Бога просячы, каб ён духам мудрасьці і ўсялякай спраўнасьцяй вашу каралеўскую міласьць абдарыў, каб у нас ваша каралеўская міласьць шчасьліва і доўга валадарыў, і каб слава Госпада Бога ўсемагутнага праз вашу каралеўскую міласьць была памножана і ўся рэч паспалітая ў цэласьці і спакоі была захаваная, і так сьвяталюбнае вашай міласьці над намі валадараньне тут на гэтым сьвеце славай несьмяротную, а па сьмерці жыцьцём вечным было ўзнагароджана. З тым найніжэйшыя службы мае з верным падданствам ласцы вашай каралеўскай міласьці шчыра прыношу.

Пісаны ў Берасьці лета ад Нараджэньня Сына Божага 1588 месяца сьнежня, 1 дня.

Вашай каралеўскай міласьці пана і валадара майго літасьцівага, Найніжэйшы слуга і верны падданы

Леў Сапега, падканцлер Вялікага Княства Літоўскага.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам