Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Беларусы ў Літве: На мяжы стагоддзяў


Беларусы ў Літве: На мяжы стагоддзяў

Пасля выхаду Літвы са складу СССР у верасні 1991 г. становішча беларускай дыяспары на тэрыторыі былой Літоўскай ССР змянілася карэнным чынам. Вельмі хутка адміністрацыйная мяжа, якая існавала паміж савецкімі рэспублікамі, стала пераўтварацца ў паўнавартасную міждзяржаўную мяжу, з увядзеннем памежнага і мытнага кантролю. Такім чынам, магчымасць развіцця сувязей беларусаў Літвы з этнічнай метраполіяй (Рэспублікай Беларусь) абмежавалася.
Першым наступствам стварэння незалежнай Літоўскай дзяржавы стала масавае перамяшчэнне беларускага насельніцтва. Перасяленне беларусаў з Літвы на Беларусь пачалося ўжо ў 1990 г., калі на радзіму вярнулася 3987 чалавек. У наступныя два гады колькасць асоб, што вярнуліся з Літвы ў родныя мясціны, павялічылася: у 1991 г. на Беларусь з Літвы пераехала 4198 чалавек, у 1992 г. – 6254. З 1993 г. іміграцыйная хваля стала памяншацца: у 1993 г. у Рэспубліку Беларусь з Літвы пераехалі 3364 асобы, у 1994 г. – 1540, у 1995 г. – толькі 572. У складзе тых, хто вярнуўся з Літвы, пераважалі асобы, што працавалі на прамысловых прадпрыемствах Літоўскай ССР, і былыя вайскоўцы Савецкай арміі.
Назіраўся і зваротны рух. У 1990 г. з Беларусі ў Літву выехалі 1461 асобы, у 1991 г. – 1258, ў 1992 г. – 814, у 1993 г. – 634, у 1994 г. – 466, у 1995 г. – 330. Зразумела, у першую чаргу ў Літву выязджалі літоўцы, але былі сярод іх і беларусы. Так, беларусы складалі каля 25% ад агульнай колькасці асоб, што пераехалі ў 1995-1997 гг. з Беларусі ў Літву (усяго ў гэты час у Літву выехала 332 беларуса).
У другой палове 1990-х гг. колькасць беларусаў, што выехалі на этнічную радзіму, скарацілася, хаця баланс міграцыйнага абмену паміж Рэспублікай Беларусь і Літвой на працягу мінулага дзесяцігоддзя заставаўся станоўчым. Тое ж назіраецца і ў бягучым дзесяціггодзі: у 2000 г. з Літвы ў Рэспубліку Беларусь прыбылі 384 асобы, а выбыла з Рэспублікі Беларусь у Літву 109 асобаў, у 2001 г. на 503 асобы прыбыўшых прыходзілася 82 выбыўшых, у 2002 г. – на 407 прыбыўшых 82 выбыўшых.
Масавы выезд беларусаў з Літвы прывёў да скарачэння іх колькасці. Па афіцыйных звестках, у 1989 г. у Літве пражывала каля 63 тыс. беларусаў, у канцы 1990-х гг. – каля 55 тыс., у 2003 г. – каля 42 тыс. Разам з тым, беларусы застаюцца адной з найбуйнейшых этнічных груп Літвы, займаючы чацвертую пазіцыю пасля літоўцаў, палякаў і рускіх (1,5% ад агульнай колькасці жыхароў Літвы).
У 1990-х гг. пераважная большасць беларусаў пражывала ў Вільні і Віленскім раёне (больш за палову беларусаў Літвы). Значная колькасць беларусаў пражывала ў Віленскім павеце (Шальчынінкайскі, Тракайскі, Швянчонскі раёны). Таксама беларусы пражывалі ў Каунаскім павеце (Кайшядорскі і Ёнаўскі раёны, курорт Бірштонас), Уцянскім павеце (Уцянскі, Ігналінскі, Зарасайскі раёны, Вісагінас), Шяўляйскім павеце (Шяўляй, Радвілішкскі, Акмянскі, Йонішкскі раёны), Цяльшайскім павеце (Мажэйкяскі раён), Клайпедскім павеце (Клапеда, Нерынга, Паланга), Алітускім павеце (Варэнскі раён, Друскенінкай). Апрача Вільні беларусы пераважалі ў Клайпедзе і паўднёва-усходніх раёнах Літвы, што непасрэдна прылягалі да яе межаў з Рэспублікай Беларусь.
Прадстаўнікі беларускіх арганізацый ў Літве лічуць, што беларусаў у гэтай краіне пражывае больш, чым гэта фіксуе статыстыка (у прыватнасці, называецца лічба ў 100 тыс. чалавек і нават болей), але яны не праяўляюць сябе як нацыя. Напрыклад, беларускае насельніцтва, якое пражывае на землях, што ў 20-х – 30-х гадах ХХ ст. уваходзілі ў склад польскай дзяржавы, вельмі часта праяўляе схільнасць да ідэнтыфікацыі з палякамі, а беларусы, якія пераехалі ў Літву ў савецкія часы, адносяць сябе да рускіх.
Тыя беларусы, якія ў пачатку 1990-х гадоў не захацелі вярнуцца на этнічную радзіму, былі вымушаны адаптавацца да жыцця ў новых палітычных і сацыяльна-эканамічных рэаліях, бо літоўскі ўрад абвясціў шлях на інтэграцыю ў еўрапейскія і еўраатлантычныя структуры і рашуча абарваў эканамічныя і тэхналагічныя сувязі, што склаліся ў савецкія часы. Разрыў старых сувязей прывёў да закрыцця многіх прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавалі беларусы. У Літве пачала расці беспрацоўе, прычым асаблівую вастрыню адпаведная праблема набыла ў тых паветах, дзе пераважалі беларусы (больш спрыяльныя ўмовы для працы існавалі ў Вільні, гэтым тлумачыцца канцэнтрацыя там беларусаў). Негатыўна адбіваліся на становішчы літоўскіх беларусаў рэформы ў галіне сельскай гаспадаркі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, фінансавы крызіс 1995 г. разам з тым, рыначная трансфармацыя мела станоўчыя бакі: людзі атрымалі магчымасць займацца прыватным бізнесам, мець вялікія заробкі, выязджаць у пошуках працы за мяжу.
У прававым і палітычным адносінах беларусы Літвы не мелі істотных праблем. Ужо ў 1989 г. Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў закон “Аб нацменшасцях”. У 1991 г. літоўскі ўрад зрабіў грамадзянамі Літвы ўсіх асоб, што пражывалі на яе тэрыторыі ў момант абвяшчэння незалежнасці. У складзе першага літоўскага ўрада быў створаны дэпартамент, які займаўся справамі нацыянальных меншасцяў. У 1998 г. Літва ратыфікавала Канвенцыю Савета Еўропы аб абароне нацыянальных меншасцяў.
У мінулым дзесяцігоддзі беларусы Літвы былі лаяльнымі ў адносінах да літоўскай дзяржавы. Яны не выступалі супраць незалежнасці Літвы і не патрабавалі аддзялення ад яе якіх-небудзь тэрыторый. Таксама яны не патрабавалі надання раёнам са значнай колькасцю беларусаў тэрытарыяльнай аўтаноміі ў складзе літоўскай дзяржавы.
Літоўскае заканадаўства не перашкаджае беларусам Літвы ўдзельнічаць у фарміраванні цэнтральных і мясцовых органаў улады. І ў мінулым і ў бягучым дзесяцігоддзі беларускае насельніцтва Літвы актыўна выкарыстоўвае гэта права. Сваіх прадстаўнікоў у літоўскі парламент беларусы правесці не змаглі, але на мясцовым узроўні ў органы ўлады трапляюць. Напрыклад, сябра Таварыства беларускай мовы Ю.Гіль у 90-х гадах ХХ ст. двойчы быў абраны ў склад Віленскага раённага самакіравання. Часцей за ўсё на выбарах беларусы падтрымліваюць прадстаўнікоў левацэнтрысцкіх партый, якія абяцаюць узмацніць сацыяльную абарону насельніцтва.
З юрыдычнага пункту гледжання беларусы Літвы мелі магчымасць ствараць свае арганізацыі, удзельнічаць у палітычным жыцці літоўскай дзяржавы, ажыццяўляць мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. У 90-х гадах ХХ ст. працэс стварэння беларускіх арганізацый у Літве паскорыўся, да канца мінулага дзесяцігоддзя іх было больш за 20.
Асноўным цэнтрам дзейнасці беларусаў па зразумелых прычынах заставалася Вільня. Менавіта тут размяшчалася пераважная большасць беларускіх арганізацый Літвы. З сярэдзіны 90-х гадоў ХХ ст. беларускія арганізацыі сталі з’яўляцца і ў іншых месцах Літвы.
У верасні 1996 г. частка беларускіх арганізацый стварыла Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, якое 10 студзеня 1997 г. атрымала рэгістрацыю ў літоўскім міністэрстве юстыцыі. Асноўным напрамкам дзейнасці аб’яднання было абвешчана захаванне беларускай прысутнасці ў Літве, г. зн. адраджэнне ў краіне беларускай грамадскай дзейнасці, захаванне і далейшае развіццё беларускай мовы, культуры, беларускіх звычаяў і традыцый, абуджэнне і выхаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. У 2000 г. у склад Згуртавання ўваходзіла 10 арганізацый і 3 філіі, у 2004 г. колькасць арганізацый у складзе Згуртавання вырасла да 17. Старшынёй Згуртавання з моманту яго стварэння з’яўляецца Л.Мурашка.
Апрача Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве існуюць Таварыства беларускай культуры “Рунь”, Таварыства беларускай школы, Таварыства беларускай мовы Віленскага краю імя Ф.Скарыны, Таварыства беларускага пісьменства, Аб’яднанне беларускай моладзі Віленшчыны, Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных, беларускі клуб “Сябрына”. Усе яны дзейнічаюць у Вільні, але імкнуцца захаваць незалежнасць.
Як адзначалася вышэй, беларускія арганізацыі ёсць і ў іншых месцах Літвы. На мяжы ХХ і XXI стст. у Літве дзейнічалі таварыствы беларускай культуры Тракайскага, Шальчынінкайскага, Швянчонскага раёнаў, аб’яднанне беларусаў Шяуляя, Аб’яднанне беларусаў Каўнаса, Вісагінаскае аб’яднанне беларусаў, Беларускі цэнтр “Крок” у Вісагінасе, таварыства беларускай культуры “Спадчына” у Друскенінкаі, таварыства беларусаў Клайпеды “Крыніца”, аддзяленні клуба “Сябрына” у Пабрадзе і Валчунах. Стварэнне новых суполак працягваецца. Так, у 2003 г. узнікла беларуская суполка ў Панявежысе, у 2004 г. – у вёсцы Дубічай Варэнскага раёна.
Значную ўвагу беларускія арганізацыі надавалі аднаўленню сістэмы беларускай нацыянальнай адукацыі ў Літве. У 1993 г. у Вільні зноў пачала дзейнічаць беларуская сярэдняя школа (пазней яна атрымала імя Ф.Скарыны), у 2004 г. у школе вучылася 165 вучняў і працавала каля 40 настаўнікаў. У 1994 г. былі створаны факультатывы па абучэнні беларускай мове і беларускія пачатковыя класы ў школах Вісагінаса, Шальчынінкая, Друскенінкая. У 1991 г. у Віленскім педагагічным універсітэце была адкрыта кафедра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры, якая ў 1999 г. была перайменавана ў кафедру беларускай філалогіі. Выпускнікі кафедры працуюць настаўнікамі ў Віленскай сярэдняй школе імя Ф.Скарыны, беларускіх пачатковых класах Вісагінаса, у беларускіх праграмах літоўскага радыё і тэлебачання, у школах Беларусі, працягваюць вучобу у магістратуры (напрыклад, да пачатку 2001 г. кафедра выпусціла 39 магістрантаў). З 1998 г. у Віленскім педуніверсітэте сталі вучыцца таксама студэнты з Рэспублікі Беларусь, а выпускнікі беларускай школы імя Ф.Скарыны атрымалі магчымасць вучыцца ў вядучых вузах Беларусі. У 1997 г. беларуская група адкрылася ў віленскім дзіцячым садку №151.
Значны ўклад уносяць беларусы Літвы ў захаванне і развіццё нацыянальнай культуры. У 1991 г. у Вільні пасля працяглага перапынку зноў стала друкавацца газета “Наша ніва”, але ў другой палове 90-х гадоў ХХ ст. яе выпуск у літоўскай сталіцы быў прыпынены. Традыцыі “Нашай нівы” спрабавала працягнуць газета “Рунь”, якую ў 1997 г. заснавала віленскае Таварыства беларускай культуры (у 1998 г. справамі выдання газеты заняўся Віленскі цэнтр грамадскіх ініцыятыў “Дэмакратыя для Беларусі”). У 2001 г. “Рунь” стала выходзіць таксама і ў электроннай версіі. Аднак у 2004 г. выпуск газеты прыпыніўся ў сувязі з узнікненнем шэрагу арганізацыйных пытанняў, якія выдаўцы і беларуская грамадскасць у Літве вырашыць не змаглі.
У 1998 г. Таварыства беларускай культуры “Рунь” стварыла ў Вільні свае выдавецтва, якое дзейнічае і зараз. Выдавецтва выпусціла шэраг кніжак, у тым ліку “Вандроўкі па Вільні” Л.Луцкевіча, “У пошуках зачараваных скарбаў” М.Пецюкевіча, “Каляды на чужыне” Ю.Весялкоўскага, кнігу паэзіі “Плавільшчыкі расы” С.Адамовіча, кнігу У.Арлова і Г.Сагановіча “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”. У серыі “Партрэты віленчукоў” былі выдадзены кніжкі пра Л.Луцкевіча, А.Каўша, З.Верас, А.Уласава, П.Сяргіевіча. Значнай падзеяй стала выданне гістарычнага атласа Р. і В.Астроўскіх “Беларусь у Х – XVI стст.”
Беларусы Літвы маюць нацыянальные перадачы на літоўскім радыё і тэлебачанні (“Беларускае слова” на асноўным канале і “Навіны для беларусаў Літвы” на другім канале беларускага радыё, “Віленскі сшытак” на літоўскім тэлебачанні).
Духоўная сувязь з этнічнай радзімай падтрымліваецца пры дапамозе арганізацыі мастацкіх выставаў, фестывалей беларускай песні. Персанальныя і калектыўныя выставы твораў мастакоў – беларусаў Літвы – А.Аблажэя, А.Балаховіч, К.Балаховіч, У.Голуба, С.Зялёнкі, У.Кузьменкі, Э.Падбярэзскага – неаднаразова дэманстраваліся не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах Балтыі і Рэспубліцы Беларусь. У канцы 90-х гадоў ХХ ст. у Літве дзейнічалі 6 калектываў мастацкай самадзейнасці: хор “Сябрына” у Вільні, беларускі фальклорны ансамбль “Шчара” і ансамбль “Крок” у Вісагінасе, вакальны дзіцячы калектыў “Спадчына” у Друскенінкаі і інш.
З 1996 г. у Літве адбыўся першы фестываль беларускай песні. З гэтага часу яны сталі праводзіцца кожны год. Апошні, дзевяты ад пачатку, фестываль адбыўся ў мінулым годзе ў Шяўляі. У ім прынялі ўдзел пяць беларускіх творчых калектываў з Літвы і адзін з Беларусі (група “Фэст” з Баранавічаў).
Беларусы Літвы ганарацца сваімі славутымі продкамі і ўшаноўваюць іх памяць. Вялікую актыўнасць у гэтых адносінах праяўляе віленскае Таварыства беларускай культуры. Ужо ў першай палове 90-х гадоў ХХ ст. у Вільні былі ўстаноўлены памятныя знакі ў месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Я.Купалы, Р.Шырмы, К.Каліноўскага, Б.Тарашкевіча. У 2001 г., дзякуючы намаганням актывістаў ТБК, была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Ф.Багушэвічу, у вёсцы Савічуны (Віленскі раён), створаны аддзел беларускай кнігі і куток вялікага беларускага паэта ў бібліятэцы мясцовай школы, у 2002 г. мемарыяльны знак, прысвечаны вялікаму беларускаму паэту, быў устаноўлены таксама і на яго “малай” радзіме – у фальварку Свіраны. У 2003 г. у Свіранах адбылося літаратурнае свята, якое было прысвечана дзейнасці Ф.Багушэвіча. У 2002 г. сябры ТБК у Вільні адзначылі 110-ю гадавіну з дня нараджэння З.Верас, у 2003 г. – 100-годдзе з дня нараджэння В.Жук-Грышкевіча і Н.Арсенневай, 120-годдзе з дня нараджэння В.Ластоўскага і Я.Лёсіка. У бягучым годзе Таварыства плануе адкрыць у Вільні мемарыяльную дошку, прысвечаную А.Станкевічу.
Адзначаюць беларусы ў Літве і памятныя даты сваёй гісторыі – 25 сакавіка (Дзень волі), 27 лістапада (Дзень беларускага войска), дзень памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы. Актыўна адзначаюцца і такія традыцыйныя беларускія святы як Каляды, Пасха, Дзень Ефрасінні Полацкай, Купалле.
Беларуская дыяспара ў Літве падтрымлівае тесныя сувязі з суайчыннікамі ў іншых краінах свету – Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Чэхіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі. У 1994, 1998 і 2002 гг. беларусы Літвы бралі ўдзел у канферэнцыях беларусаў краін Балтыі, у 1993, 1997 і 2001 гг. – у з’ездах беларусаў свету.
Беларусы ў Літве імкнуцца падтрымліваць сувязі і са сваёй этнічнай метраполіяй – Рэспублікай Беларусь, хаця часам крытычна ўспрымаюць падзеі, якія там адбываюцца. Вельмі цесна супрацоўнічае з дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый ў Літве. Актывісты Згуртавання запрашаюць супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Літве на свае імпрэзы і мерапрыемствы (напрыклад, беларускі пасол У.Г.Гаркун прысутнічаў на ІІ з’ездзе Згуртавання, які адбыўся ў Вільні ў лютым 2002 г.), атрымлівае з боку беларускіх дыпламатаў дапамогу ў наладжванні розных мерапрыемстваў.
Беларускае пасольства ў Літве аказвае істотную падтрымку беларускім школам у Літве. Дзякуючы намаганням пасольства і адпаведных дзяржаўных структур Рэспублікі Беларусь у віленскай школе імя Ф.Скарыны створана добрая бібліятэка з беларускіх кніжак, маецца неабходная колькасць беларускіх падручнікаў. Беларускае пасольства перадала школе два аўтобуса для перавозкі дзяцей з малодшых класаў з аддаленых раёнаў Вільні, 12 камплектаў для камп’ютарнага класа, абсталяванне для лінгафоннага кабінета, кабінетаў фізікі і хіміі. Штогод школа атрымлівае з Беларусі матэрыялы для рамонту вучэбных памяшканняў.
Увосень 2000 г. беларускі пасол ў Літве з падачы Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве дабіўся захвання беларускіх класаў пры сярэдняй школе “Атэйціс” у Вісагінасе.
Штогод высокакваліфікаваная камісія з Беларусі прымае ў Вільні экзамены ў вучняў школы імя Ф.Скарыны і выпускнікоў – беларусаў з іншых школ. Лепшыя з іх маюць магчымасць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь.
Вялікую дапамогу пасольства аказвае ў арганізацыі паездак вучняў беларускіх школ Літвы ў Рэспубліку Беларусь, дзе яны наведвацюь гістарычныя мясціны, тэатры, музеі. Таксама беларускія дзеці з Літвы маюць магчымасць адпачываць у беларускіх аздараўленчых цэнтрах “Зубраня” і “Маяк”.
У маі 2004 г. прадстаўнікі Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве сустрэліся з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы яны прасілі арганізаваць трансляцыю на Літву праграм беларускага тэлебачання і выказалі жаданне мець двайное грамадзянства, каб у Рэспубліцы Беларусь іх не ўспрымалі як іншаземцаў.
Больш крытычна ставяцца да дзейнасці дзяржаўных ўстаноў Рэспублікі Беларусь актывісты віленскага Таварыства беларускай культуры. Але і яны не маюць істотных перашкод у наладжванні кантактаў з радзімай, хаця перавагу аддаюць супрацоўніцтву з грамадскімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь (у прыватнасці, са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”). Напрыклад, у лістападзе 2003 г. сябры ТБК прынялі ўдзел у свяце, прысвечаным угодкам паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага, якое адбылося ў мястэчку Свіслач Гродзенскай вобласці. Улетку 2004 г. прадстаўнікі Рады ТБК наведалі гістарычныя мясціны Беларусі – Маскоўскія і Кальварыйскія могілкі, Курапаты, хату мастака А.Пушкіна ў Бабры (Мінская вобласць), музей пісьменніка У.Караткевіча ў Оршы, пабывалі ў Віцебску, Полацку, Паставах, Міхалішках.
Такім чынам, можна канстатаваць, што беларусы Літвы эфектыўна выкарысталі магчымасць ажыццяўлення нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ва ўмовах існавання ў незалежнай літоўскай дзяржаве ў канцы мінулага і ў пачатку бягучага дзесяцігоддзя. Пасля таго як у 2004 г. Літва стала членам такіх міжнародных арганізацый як НАТА і Еўрапейскі Саюз, у становішчы беларусаў у гэтай краіне зноў адбыліся грунтоўныя змены, бо яны сталі не толькі грамадзянамі Літвы, але і грамадзянамі ЕС. Зараз беларусы Літвы адаптуюцца да ўмоў жыцця ў аб’яднанай Еўропе, выпрацоўваюць механізмы адстойвання сваіх нацыянальна-культурных інтарэсаў у вядучых еўрапейскіх арганізацыях. Поспех новай місіі беларускай дыяспары ў Літве мае вялікую значнасць і для нашай краіны, бо беларусы, якія сёння захоўваюць у Літве сваю ідэнтычнасць, могуць выступіць у якасці звязуючага звяна ў развіцці дыялогу паміж ЕС і Рэспублікай Беларусь. Разам з тым, далучэнне Літвы да ЕС вымушае дзяржаўныя ўстановы Рэспублікі Беларусь шукаць новыя механізмы ўзаемадзеяння ў суайчыннікамі ў гэтай краіне.



© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам