Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Ці можа Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла стаць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі?


ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2000 ГОД


Адказы на наша пытаньне былі хутчэй пэсымістычнымі, чым аптымістычнымі, што выяўлялася найперш у іх ляканічнасьці. Усё ж, усім дзякуй.

Сяргей Варывоцкі,
(мэдык, асьпірант Інстытуту філязофіі НАН):

Прыгожае імя Івонка. Са старагерманскіх паходзіць. Значыць „той, хто страляе з лука“ або проста „дзеравяны лук“. Прозьвішча проста шыкоўнае. Ад літоўскага Sirvile. „Тая, што спадзяецца абняць/абхапіць/ахінуць“. Ёсьць і іншы варыянт тлумачэньня — „тая, што мае надзею пацягацца/бадзяцца альбо накінуцца/напасьці“. Увогуле... шляхетнае імя, паказвае на субстраты. „Галасуйма за прэзыдэнта Сурвіллу!“ — гучыць эпічна.

Але грамадзтва ў нас, як ні круці, традыцыйнае. І кабету, нават разумную і паважную, на чале дзяржавы ўбачыць ня схоча. (Бацьку ўжо маем, а гэта была б матка, як у казцы.) Нават з улікам, што бальшыня насельніцтва — жанчыны. Гендэрная салідарнасьць стоадсоткава прайграе зайздрасьці ці трывалым прызвычаеньням.

Прэзыдэнтамі самі не становяцца, прэзыдэнтаў становяць тыя, хто мае інтэрас у краіне. Адпаведна і фундуюцца прэзыдэнты (і фінансава, і ідэалягічна) тымі ж зацікаўленымі бакамі. А хто ж Івонку штурхане? Яшчэ дэмаграфічны аргумэнт: прырост насельніцтва ў нас адмоўны, пэнсіянэраў болей як моладзі. Паджылы чалавек цэніць стабільнасьць, раўнавагу, спакой. Хаця б вонкавыя. Ці стане канадзкая місіс Survilla (хоць яна і тутэйшага роду) гарантам упэўненасьці й цішыні? А што лэдзі ведае-разумее пра нашыя праблемы, пражыўшы ці ня ўсё жыцьцё па-за Беларусяй?

Станоўчы адказ на анкетнае пытаньне магчымы, хіба толькі калі стане шаноўная спадарыня жонкай Дж.Сораса ці, скажам, Б.Гейтса.

Зрэшты, імя Галавы Беларусі на наступны тэрмін назваць ня так і цяжка (калі ведаеш папярэдняга). Падобныя ж анкетаваньні з тым самым посьпехам можна было б правесьці і наконт іншых кандыдатаў, напрыклад: „Ці стане Адам Глёбус прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі?“ Хоць значна цікавейшым здаецца пытаньне: „А навошта патрэбны Беларусі прэзыдэнт (калі патрэбны)?“.

Вітаўт Кіпель,
(дырэктар Беларускага інстытуту навукі й мастацтва
ў Нью-Ёрку):

Роля Рады БНР сягоньня — роля сымбалічнага перахаваньня дзяржаўнасьці, і праца БНР пераважна вядзецца вонках Беларусі, у палітычных колах. Дасюль прынцып быў: ні ў якія нутраныя і арганізацыйныя справы ня ўмешвацца, бо ў Беларусі ў самой апазыцыі няма еднасьці, і гэтая еднасьць павінна выйсьці зь мясцовых каранёў. Дзейнасьць Рады БНР павінна заключацца, як і дасюль яна была, у сымбалічным перахаваньні дзяржаўнасьці. Яна мусіць быць таксама каталізатарам праводжаньня незалежніцкай ідэі ў палітычных колах Захаду. І так да часу, пакуль ня будзе створаная вольная Беларуская дзяржава. Ніякай адмысловай аб’яднаўчай фігуры для беларускай апазыцыі не патрэбна, фігура выйдзе сама ў часе працэсу. Што мы фігуры ўсё шукаем, што мы ўсё шукаем манны зь неба? Фігура, што аб’яднае ўсіх, выявіцца ў ходзе працэсу.

Алег Латышонак,
(кіраўнік Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Беластоку,
лідэр Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня):

У асноўным усё магчыма на сьвеце, то можа й Івонка Сурвілла стаць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі, але мусяць быць створаныя адпаведныя ўмовы: дэмакратызацыя краіны, зьмена выбарчага закону, закону аб грамадзянстве, каб яна мела права балятавацца. Калі б гэтыя ўмовы былі выкананыя, то наступны сцэнар вядомы зь Літвы, Латвіі. Безумоўна, лёсы сьвету цяпер рашаюцца перш за ўсё ў Вашынгтоне, і калі хто ня хоча быць у расейскай сфэры ўплыву ці проста ў Расейскай імпэрыі, мае толькі адзін выбар — далучыцца да магутнейшай імпэрыі, калі яна гэтага захоча. У Вашынгтоне цяпер робіцца палітыка. Нейкія палітыкі цяпер нават забываюцца здабываць падтрымку ў сваёй краіне, так стараюцца знайсьці падтрымку ў Вашынгтоне, гэта агульнасусьветны факт. І такая рэальнасьць.

Іншая справа, ці хоча Івонка Сурвілла таго, пра што вы пытаецеся. Калі ня хоча, дык ня хоча, да палітыкі нельга прымушаць. Калі чалавек добра сябе адчувае на пасадзе, на якой ён ёсьць, адказнай, але не настолькі (Старшыня Рады БНР — гэта ўсё ж яшчэ не адказнасьць за краіну), дык ніхто яе не прымусіць.

На маю думку, Івонка Сурвілла ня можа аб’яднаць кагосьці на Беларусі. Дзеля гэтага трэба атрымаць аўтарытэт знутры гэтай палітыкі, звонку такія рэчы ня робяцца. Можа быць сцэнар нейкага гандлю краінаю між імпэрыямі, тады гэты аб’яднальнік можа выступаць звонку, але гэта ня ўласна беларускі фактар быў бы.

Здаецца, няма пакуль такога чалавека, які б сам адзін мог выйграць выбары ў Аляксандра Лукашэнкі, для гэтага трэба калектыў. Каб выйграць у Аляксандра Лукашэнкі, трэба не рабіць прэзыдэнцкіх выбараў.

Адам Мальдзіс,
(літаратуразнаўца, прэзыдэнт Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў):

Беларусь — краіна непрадказальная, тут усё магчыма. Нягледзячы на тое, што мы маем сьвежыя прыклады абраньня на найвышэйшыя пасады эмігрантаў у Літве ды Латвіі, у дачыненьні да Беларусі ніякія аналёгіі не спрацуюць. У гэтым і ёсьць інтрыга нашае сытуацыі.

Аляксандар Прушынскі,
(граф, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі):

Спачатку хацеў бы зазначыць відавочную перавагу Івонкі Сурвіллы — яна жанчына і за яе прагаласавала б добрая частка жаночага насельніцтва, мужчыны таксама б падтрымалі яе. Мінімум адсоткаў 15 на прэзыдэнцкіх выбарах ёй былі б гарантаваныя. Але справа вядзецца не пра тое, магла б прэтэндаваць пані Сурвілла на пасаду прэзыдэнта Беларусі ці не. Калі б пасада гэтая ў рэспубліцы была чыста дэкляратыўнай, тады ня важна, хто стаяў бы на чале дзяржавы. І менавіта Івонка Сурвілла — як інтэлектуал і харызматычная жанчына — магла б стацца тварам краіны, рэпрэзэнтуючы яе на міжнародным узроўні. Аднак, аб’ектыўная рэальнасьць (а яе на ўласнай скуры трэба паспытаць мінімум пяць гадоў) паказвае, што Беларусь знаходзіцца ў тупіку, ёй патрэбная не дэкарацыя, а „парань“, гаспадар, які змог бы вывесьці краіну з крызысу, здабыць крэдытаў (а іх на сёньня нам патрэбна ня менш як 5 мільярдаў даляраў). Беларусі патрэбны чалавек, які, набыўшы стары дабіты „Мэрсэдэс“, змог бы напачатку здабыць для яго саляркі, а з часам перарабіць яго на бліскучы стылёвы „Ролз-Ройз“. Жанчына-эмігрантка магла б стацца ў Беларусі прэзыдэнткай, калі б яна была ня дзеячам-інтэлектуалам, а ўзначальвала ў замежжы, прыкладам, невялікую касмэтычную кампанію зь пяцьцю тысячамі працоўных. Тады б яна мела веды, як кіраваць Беларусяй — краіна, у рэшце рэшт, таксама прадпрыемства, толькі нашмат большых памераў.

Рышард Радзік,
(прафэсар Люблінскага ўнівэрсытэту, сацыёляг, беларусіст):

Я, па-першае, ня ведаю, хто яна такая. Ня думаю, каб… Як Вы кажаце, хто яна?.. Ня думаю, каб Старшыня Рады БНР мела шанцы стаць прэзыдэнтам Беларусі, бо яе ўплыў у Беларусі невялікі, як і беларуская прысутнасьць у сьвеце. Ня думаю, каб цяперашнія ўлады пагадзіліся, каб яна стала прэзыдэнтам Беларусі або кандыдавала на гэтую пасаду. Ня думаю таксама, каб цяперашняе беларускае грамадзтва згадзілася зь яе кандыдатурай на прэзыдэнта ці абрала яе ў выпадку вылучэньня, бо яно мала знаёмае зь ёй. Гэта нерэалістычны праект таксама з увагі на цяперашнюю сьвядомасьць беларусаў.

Вячаслаў Ракіцкі,
(тэатразнаўца, журналіст, галоўны рэдактар часопіса „Спадчына“):

Івонка Сурвілла, безумоўна, мае ўсе падставы для таго, каб прэтэндаваць на прэзыдэнцкае крэсла. Спадарыня Сурвілла, перадусім, — беларуска. Жанчына, якая дбае пра сваю краіну, разумее, дзе мае быць Беларусь. Яна ўсьведамляе дэмакратычныя каштоўнасьці, бачыць Беларусь, арыентаваную на заходнюю цывілізацыю — там нашае месца. Івонка Сурвілла — гэта адукаванасьць, прыстойнасьць і шчырасьць. А яшчэ — сапраўдны нацыяналізм. І таму, калі спадарыня Сурвілла пойдзе на выбары ў якасьці кандыдата, за яе аддадуць галасы толькі нацыяналісты — гэта максымум 10%. Нават больш рэальны палітык — Вінцук Вячорка — мае нікчэмныя шанцы на перамогу ў гэтай краіне, з дадзеным узроўнем сьвядомасьці. Што казаць пра Івонку Сурвіллу?

Міхаіл Чыгір,
(бізнэс-кансультант, былы прэм’ер-міністар Беларусі):

Балтыйскія дзяржавы далі нам цудоўны прыклад удзелу эмігрантаў у палітычным жыцьці сваіх краінаў. Людзі, некалі адарваныя ад сваёй радзімы, цяпер вярнуліся і займаюць найвышэйшыя пасады. Удзел Івонкі Сурвіллы ў прэзыдэнцкіх выбарах, у прынцыпе, магчымы, але мне здаецца, што большасьць беларускага насельніцтва яе не падтрымае, нягледзячы на тое, што яна дастойная гэтае пасады, шмат зрабіла для таго, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай. У мяне былі зь ёю пэўныя стасункі, я вельмі паважаю спадарыню Сурвіллу як чалавека. Але дзеля таго каб народ абраў яе прэзыдэнтам, трэба вельмі моцнае фінансаваньне, моцная прапаганда сярод насельніцтва. Найлепшым варыянтам быў бы той, калі б беларуская выбарная сыстэма набыла рысы празрыстасьці, даючы шанец вылучыцца на пасаду кіраўніка дзяржавы шырокаму спэктру палітычных дзеячаў. І пры такіх умовах я не выключаю магчымасьці выхаду Івонкі Сурвіллы, прынамсі, у другі тур выбараў. Я быў бы толькі рады стацца сьведкам такога.

Але зрабіць гэта, паўтаруся, зусім няпроста. Чалавек ня жыў у нас, ведае нашую рэчаіснасьць выключна з інфармацыйных крыніц, якія не заўсёды бываюць дакладнымі. Калі спадарыня Сурвілла гатовая на вялікую працу дзеля пераадоленьня стэрэатыпаў, калі яна мае адпаведныя грашовыя крыніцы, я магу пажадаць ёй толькі посьпехаў.

Яшчэ адным складаным момантам ёсьць нашая заканадаўчая база, якая не дае эмігрантам магчымасьці ўдзельнічаць у палітычным жыцьці. І тая палатка, што ў нас існуе, на перагляд законаў ня пойдзе, зважаючы на пазыцыю Лукашэнкі.

Разам з усім хацелася б зазначыць, што няведаньне Сурвіллай беларускай рэчаіснасьці можа лічыцца ня толькі мінусам, але і дзейсным плюсам для яе. Ёй невядомае тое дрэннае, што ў нас ёсьць, тыя грамадзкія заганы, ад якіх ня можа пазбавіцца ніводзін з тых людзей, што нарадзіліся і гадаваліся тут. У Латвіі, мяркую, цяперашняя прэзыдэнтка апэлявала менавіта да гэтага. І народ ёй паверыў. Чаму б ня быць такому ў Беларусі?

Станіслаў Шушкевіч,
(старшыня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады,
першы кіраўнік незалежнай Беларусі):

Івонка Сурвілла — чалавек вельмі высокай адукацыі, сапраўдны інтэлектуал. Мы павінны ганарыцца тым, што на чале Беларускай Народнай Рэспублікі стаіць менавіта такая асоба. Аднак нельга забывацца і на тое, што яна прадстаўніца беларускай дыяспары. На маю думку, беларусы ў замежжы, на вялікі жаль, дрэнна арыентуюцца ў сучаснай сытуацыі, што склалася ў нашай краіне, яны, у адрозьненьне ад эмігрантаў многіх іншых нацыянальных супольнасьцяў, моцна адарваныя ад рэчаіснасьці, што ў нас існуе. Безумоўна, варыянт Адамкуса ці Віке-Фрайбэрге для Беларусі ня выключаны, але калі б спадарыня Сурвілла прыехала на Радзіму, ёй спатрэбіўся б перакладчык, ня моўны, а сэнсавы, які б мусіў ёй тлумачыць спэцыфічныя зьявы беларускага палітычнага жыцьця. Я ня думаю, што Івонка Сурвілла пойдзе на такі крок — вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. І магчыма, будзе мець рацыю, ня робячы гэтага. Я ж, у сваю чаргу, ня майстра разважаць над неверагоднымі сытуацыямі. Акрамя таго, мажлівасьць вылучэньня кандыдатуры спадарыні Сурвіллы выключаная нашым заканадаўствам.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам