Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Ліст да сяброў Беларускага нацыянальна-Вызвольнага Руху


ПОЗНЯК


Зянон ПАЗЬНЯК
(Ліст да сяброў Беларускага
Нацыянальна-Вызвольнага Руху)

ПЕРШАЕ, ШТО ТРЭБА ЗРАБІЦЬ,
КАБ ЗАБЯСЬПЕЧЫЦЬ
СПРАВЯДЛІВЫЯ ВЫБАРЫ --
ВЫДАЛІЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСІ ВІКА

Першая рэальная, але няўдалая, спроба легітымізаваць рэжым Лукашэнкі адбылася ў кастрычніку 2000 г. на выбарах у “палату”. Шлях да гэтай падзеі з боку Масквы і нямецкай дыпляматыі быў доўгі, але мэтанакіраваны. Тут выявілася рэакцыя на дэклярацыю V-га Зьезду (1997 г.) Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” аб стварэньні Беларускага Вызвольнага Руху супраць нэакаляніяльнай палітыкі Расеі ў Беларусі.

У сувязі з лістападаўскім пераваротам ў 1996 годзе, “антылукашэнкаўская апазыцыя” мусіла разваліцца. Яна была часовым супрацоўніцтвам розных антылукашэнкаўскіх сілаў (ад фронтаўцаў да прамаскоўскіх “дэмакратаў” і камуністаў), пагрунтаваным на канкрэтнай мэце -- імпічманце Лукашэнкі. Са зьнікненьнем магчымасьці імпічманту разбурыўся грунт для канкрэтнага злучэньня інтарэсаў і апазыцыйнага аб’яднаньня супрацьлеглых поглядаў. Рэальнымі ж засталіся вялікадзяржаўная палітыка Расеі і асноўны каляніяльны канфлікт паміж сіламі расейскага імпэрыялізму і сіламі беларускай незалежнасьці.

Пра гэтае становішча і пэрспэктывы я пісаў у перадзьездаўскім артыкуле “Вызвольны Рух” (газэта “Свабода”, 1997 г.) і казаў на Зьездзе. Неабходна было скарыстаць сітуацыю ўздыму і арганізаваць яе ў вызвольнае адраджэнцкае рушэньне. Дзеля гэтага былі распачатыя акцыі “Грамадзянства БНР”, “Адстаўка”, пазьней -- збор подпісаў “За незалежнасьць”, “Беларуская Салідарнасьць” і інш. Справы паварочваліся так, што расейскія каляніяльныя сілы на Беларусі маглі быць проста зьмеценыя з палітычнай сцэны.

Контрадзеяньні супраць беларусаў былі на гэты раз прадуманымі і канцэптуальнымі. Увосень узьнікла закамуфляваная агентурная ініцыятыва -- “Хартыя-97”, якую рухалі праз журналістаў і дыпляматыю. “Хартыю” плянавалі супроцьставіць Беларускаму Вызвольнаму Руху і Фронту. Гэтая ідэя не была да канца ажыцьцёўленая (па пэўных прычынах) і пазьней “Хартыя” ператварылася ў асяродак “перавалу” рэсурсаў з Захаду і мэтанакіраванай (вырабленай) прапагандысцкай інфармацыі (накіраванай, у істоце сваёй, супраць Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху).

У гэты ж час у якасьці кіраўніка Місіі АБСЭ ў Менск прыязджае былы нямецкі амбасадар у Маскве і потым былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны Ганс-Георг Вік. Вік выступіў ініцыятарам захаваньня старой антылукашэнкаўскай апазыцыі на новай аснове. Ён прапанаваў так званы “перамоўны працэс” з рэжымам улады, ідэю “круглага стала” і ўдзел апазыцыі ў парляманцкіх выбарах на падставе дамоўленасьці (кампрамісу) з Лукашэнкам.

Менавіта Вік спрычыніўся да стварэньня, на падставе гэтых прапановаў, так званай “аб’яднанай апазыцыі” і завёў справу беларускага змаганьня ў сьляпы завулак.

Ганс Вік і іншыя нямецкія “дыпляматы” пераконвалі палітыкаў на Захадзе, што рэжым Лукашэнкі можна “палепшыць”, што яго быццам бы можна “дэмакратызаваць”. Прызнаньне таго, што рэжым Лукашэнкі “палепшыўся”, давала б магчымасьць пэўным заходнім зацікаўленым колам, зьвязаным зь нямецкімі палітычнымі (эканамічнымі, фінансавымі) інтарэсамі, прызнаць гэты рэжым і заплюшчыць вочы на “інтэграцыйную” палітыку Расеі па анэксіі Беларусі.

Нямецкі геапалітычны інтэрас накіраваны, перш за ўсё, на Польшчу. І ў гэтым пляне пэўныя колы нямецкай палітыкі глядзяць на Беларусь як на разьменную манэту ў геапалітычных гешэфтах з Расеяй. Ні для расейскага, ні для нямецкага капіталу (Рургаз з Газпромам і г.д.) непатрэбная незалежная беларуская транзітная тэрыторыя і расходы, зь ёй зьвязаныя. (Ня кажам ужо пра стратэгічныя фактары.) Нямецка-расейскія інтарэсы тут супадаюць, як супадалі сотні гадоў.

Ганс Вік, валодаючы ўплывам на разьмеркаваньне заходніх сродкаў сярод створанай ім “аб’яднанай апазыцыі”, мае дачыненьне да спробы разбурэньня Беларускага Народнага Фронту -- адзінай сілы ў Беларусі, якая здольная супрацьстаяць усёй гэтай нямецка-рускай нэакаляніяльнай палітыцы.

У цэлым, атака на Фронт пацярпела фіяска. Але, тым ня менш, прыхільнікам сорасаўскай дэмакратыі ўдалося адкалоць вялікую групу фронтаўцаў, якая, таксама пад назвай “БНФ” арганізавана ўвайшла ў сістэму “аб’яднанай апазыцыі”.

У кастрычніку 2000 г., у час “выбараў” ў “палату”, вікаўская палітыка легалізацыі рэжыму набывае рэальныя формы. Меркавалася, вядучы двайную гульню, з аднаго боку, падтрымаць няўдзел апазыцыі у выбарах, з другога -- уцягнуць партыі “аб’яднанай апазыцыі” ў выбары, прызнаць іх дэмакратычнымі і легалізаваць “палату”.

З гэтага нічога не атрымалася па некалькіх прычынах. Па-першае, Лукашэнка не пайшоў ні на якія, нават мінімальныя, саступкі. Выбары сапраўды былі па-варварску недэмакратычнымі. Па-другое, двурушныя дзеяньні Віка былі дрэнна падрыхтаванымі на беларускім і міжнародным узроўні. Па-трэцяе, “палітыка” Віка на так званых “перамовах” і “выбарах” пастаянна выкрывалася прадстаўнікамі Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ, якія запатрабавалі няўдзелу партыяў і насельніцтва ў выбарах і ўклалі потым велізарную працу ў рэалізацыю гэтай справы.

Нямецкія паплечнікі Віка, ня гледзячы на непасрэдны подкуп сябраў партыі “Народная Грамада” і іншых апазыцыйных “дэмакратаў”, якім далі грошы за ўдзел у “выбарах” (па пяць тысячаў даляраў на згодніка), нічога ня здолелі перамяніць. Бальшыня беларусаў не галасавала. Выбары праваліліся, але рэжым Лукашэнкі груба сфальсіфікаваў вынікі галасаваньня, і АБСЭ не пайшло на рызыку, каб іх прызнаць. Легалізацыя рэжыму была адкладзеная на выбары прэзыдэнта ў 2001 годзе.

Да гэтага часу Ганс Вік (асабліва пасьля выказваньня ў Беластоку ў верасьні 2000 года пра сваю антыбеларускую палітыку ў рамках АБСЭ) страціў усялякую павагу ў беларусаў. Структуры Беларускага Вызвольнага Руху аб’явілі яго пэрсонай нон-грата і запатрабавалі ад міжнародных арганізацыяў і МЗС Нямеччыны адкліканьня Віка зь Беларусі.

У абарону Віка парадаксальным чынам заўсёды станавілася ўлада Лукашэнкі, арганізоўваючы паказныя пагрозы і быццам бы атаку на Віка (каб заблытаць грамадзкасьць і заглушыць патрабаваньні Вызвольнага Руху). Але рабленьне супольнай прамаскоўскай палітыкі рэжымам Лукашэнкі, Вікам і Масквой -- відавочнае.

Эўрапейскія канфармісты ў міжнародных арганізацыях, “усьвядомленыя” за гэты час Вікам, нямецкай і рускай дыпляматыяй, далі выразна зразумець, што прэзыдэнцкія выбары на Беларусі яны схільныя прызнаць пры любых выніках (хіба што парушэньні заканадаўства будуць вельмі скандальнымі). Ведаючы гэта, упэўнена пачуваецца Вік, дэманструе паказную ўпэўненасьць Лукашэнка, спакойна чуецца Масква, як па нотах, гуляюць сваю брыдкаю партыю пяць намэнклятурных кандыдатаў ад вікавай “аб’яднанай апазыцыі” і іншыя падстаўныя фігуры.

Некаторыя “апазыцыянеры-дэмакраты” зразумелі настрой спонсара і аддана працуюць у “патрэбным накірунку”.

“Как “лукашисты”, так и оппозиционеры, должны четко уяснить, -- піша дэмакратычная спадарыня Т.Процька, -- допустить нелегитимного, с точки зрения мирового сообщества, президента, нельзя.” * (Народная Воля, -- 2001, 20 лютага)

Камэнтары, як кажуць, непатрэбныя.

Апазыцыянер-дэмакрат Сяргей Калякін выказваецца ў рэчышчы палітыкі Віка зусім адкрыта.

“Они (гэта значыць, заходнія міжнародныя арганізацыі -- З.П.) не против сегодня признать Палату представителей. Но они не знают, как это сделать.., идет постепенная смена позиции и, фактически, налаживаются отношения с государственной властью... Западные дипломаты пытаются объяснить власти: мы хотим вас признать, но вы хоть что-то сделайте, чтобы мы могли это сделать.” ** (Белорусский рынок, -- 2001, №21)

Мушу зазначыць, што ўсё выглядае ня гэтак проста. Але такую сітуацыю адносінаў да рэжыму Лукашэнкі вось ужо гадамі стварае Ганс Вік і нямецкая дыпляматыя. Ім прыходзіцца часта выдаваць жаданае за рэальнае. Праўдападобнасьць няпэўнасьці надаюць дэмакратычныя балбатуны.

Тым ня менш, справа сур’ёзная. Устаноўка эўранемцаў зразумелая. Праўда, ня гледзячы на фінансавыя рычагі, наўрад ці здолее Вік і эўрапейскія канфармісты істотна ўплываць на паводзіны кантралёраў і назіральнікаў за галасаваньнем на выбарах. Акрамя таго, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя -- БНФ і Народны Фронт ствараюць сваю сістэму назіральнікаў. Небясьпека, аднак, у тым, што, ня гледзячы на ўсе магчымыя факты парушэньняў выбарчага заканадаўства, прадстаўнікі міжнародных эўрапейскіх арганізацыяў, якіх “праінфармавалі” Ганс Вік і кампанія, могуць праігнараваць парушэньні і прызнаць выбары за законныя і дэмакратычныя.

Каб запабегчы пагаршэньню становішча і ня даць разьвівацца філісьцерскай авантуры эўраканфармістаў, неабходна выдаліць зь Беларусі Віка. Тое, што за гэтую пэрсону нон-грата трымаюцца як пэўныя палітыкі ў эўраструктурах, так і Масква (дзе Вік часта бывае), цяпер надта добра відаць.

Менавіта Беларускаму Нацыянальна-Вызвольнаму Руху зноў прыдзецца ўзяць на сябе важную задачу. Патрабаваньне аб адкліканьні Віка зь Беларусі неабходна будзе ўключыць у зьмест выбарчай барацьбы за справядлівыя дэмакратычныя выбары.

Выдаленьне з краіны асобы, якая пад шапкай міжнароднай праваабарончай арганізацыі займаецца дзейнасьцю, што супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і не сумяшчальная з мэтамі гэтай арганізацыі, зьяўляецца неабходным прававым дзеяньнем. Трэба аздаравіць абставіны на выбарах у Беларусі і, нарэшце, спыніць маніпулятараў з Усходу і Захаду, якія, як бачым, даўно аб’ядналіся.

Калі Беларусь страсе з сябе гэтых “дабрадзеяў”, што апанавалі яе, як камары, тады яна пойдзе хутка наперад, да справядлівага парадку, дабрабыту, спакою і сьветлай сваёй нацыянальнай будучыні.

------------------------------------------------

* “Як “лукашысты”, гэтак і апазыцыянеры, павінны выразна ўсьвядоміць: дапусьціць нелегітымнага, з пункту гледжаньня сусьветнай супольнасьці, прэзыдэнта нельга.” (з рус.)

** “Яны ня супраць сёньня прызнаць Палату прадстаўнікоў. Але яны ня ведаюць, як гэта зрабіць.., адбываецца паступовая зьмена пазыцыі і, фактычна, наладжваюцца адносіны з дзяржаўнай уладай... Заходнія дыпляматы спрабуюць растлумачыць уладзе: мы хочам вас прызнаць, але вы хоць што-небудзь зрабеце, каб мы маглі гэта зрабіць. (з рус.)

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага
Народнага Фронту “Адраджэньне”

16 чэрвеня 2001 г.


© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам