Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Максім багдановіч і беларускае Адраджэнне


Вялікі грамадзянін і патрыёт Радзімы, ён усё сваё кароткае жыццё аддаў служэнню свайму народу. Адданы сын Беларусі, ён ўжо даўно пераступіў абсягі роднай зямлі. Як свайго, яго прымалі далёка за межамі радзімы.

Нарадзіўся Максiм Багдановіч у 1891 г. у сям’і педагогаў у Мінску. Пад час з’яўлення Максіма на свет ужо сталі добра прыкметнымі рысы нацыянальнага адраджэння беларускакга народа. Нягледзячы на цяжкія вынікі расправы з пастаўннем Кастуся Каліноскага, кінутыя ім у глебу зернейкі не прапалі, пайшлі ў рост.

Бацька паэта, Адам Ягоравіч, быў вядомым беларускім этнографам, фалькларыстам, гісторыкам. Маці, Марыя Апанасаўна, закончыла Санкт-Пецярбургскую земскую настаўніцкую школу, добра ведала літаратуру. Высокая адукаванасць бацькоў, прага да ведаў спрыялі ўсебаковаму развіццю Максіма. Дзяцінства паэта прайшло ў Гродне. Сям’я была шчаслівай, дружнай. Але неўзабаве прыйшло гора. На 28 годзе жыцця памірае маці. У 1896 г. сям’япераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Каля 12 гадом сям’я жыве побач з М. Горкім, які быў сябрам бацькі.

У1902 г. Максім паступае ў першы клас Ніжненаўгародскай мужчынскай гімназіі. У гэты час ён піша свае першыя вершы на беларускай мове.

У 1907 г. бацька пераязджае па службе ў Яраслаўль. Там будучы паэт заканчвае гімназію, потым – юрыдычны ліцэй. У1907 г. у віленскай газеце “Наша ніва” быў змешчаны першы твор М. Багдановіча – алегарычнае апавяданне “Музыка”. У 1909 г. убачылі свет вершы паэта “Над возерам”, “Вадзянік”, “Змяіны цар”, “Зімой”. Чытаеш гэтыя вершы – і перад табою быццам паўстае беларуская зямля са сваім хараством і таямніцамі, старымі барамі, цёмнымі пушчамі.

У 1911 г. Беларусь прыняла свайго сына. Хаця здароўе паэта ў той час давала аб сабе знаць, ён рваўся на радзіму. Некалькі дзён Багдановіч жыве ў Вільні, пасля два месяцы жыве ў фальварку Ракуцёўшчына, недалёка ад Маладзечна. Менавіта ў гэты час нарадзіўся цыкл вершаў “Старая Беларусь”, у які ўвайшлі вершы луцкія ткачыхі”,”Летапісец”.

У 1916 г. М. Багдановіч вярнуўся ў Мінск. Ён шмат працуе, задумаў напісаць хрэстаматыю для пачатковай школы. Але хвароба, якая забрала яго маці і брата, падабралася і да Максіма. Сябры паслалі яго на лячэнне ў Ялту. У Ялце на 25-м годзе жыцця, 25 мая 1917 г. ад сухотаў памёр малады паэт. Ён пакінуў нас маладым, але яго спадчына свеціць людзям і сёння.

Да пачатку 90-х гадоў вучоным удалося рассеяць створаны польскімі і рускімі шавіністамі міф аб спрадвечнай адсталасці беларускага народа, яго няздольнасці да самастойнага нацыянальнага развіцця. Працы па гісторыі і культуры беларускага народа асабліва папулярнымі былі ў моладзі, што вучылася ў вышэйшых навучальных установах Пецярбурга і Масквы з іх багатымі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі традыцыямі. Выкладзеная студэнтамі з Беларусі на старонках падпольнага гектаграфічнага часопіса «Гомон» (выдаваўся ў 1884 годзе ў Пецярбургу) ідэя аб існаванні самабытнага беларускага народа, перспектывах яго захавання і развіцця адыграла велізарную ролю ў нацыянальна-культурным адраджэнні нашага краю. Ад таго часу яна практычна не замірала ў асяроддзі найбольш адукаванай, нацыянальна самасвядомай часткі беларускай нацыі, беражліва перадавалася ад старэйшых да малодшых пакаленняў. Не будзь у нас на рубяжы XIX—XX стагоддзяў такога ажыўлення ў народзе, наўрад ці на беларускай зямлі раскрыўся б яркі пісьменніцкі талент Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, аказалася б рэальным выданне на роднай мове газет і кніг, падручнікаў.

Праўда, у дваццацігадовага Максіма была зусім іншая ацэнка апошніх дзесяцігоддзяў XX стагоддзя. «На вялікі жаль,— пісаў паэт,— гэта былі нудныя 80-я і 90-я гады, калі ўсякая жывая справа зараз жа і заціскалася, калі грамадзянская думка крэпка спала, калі ўсё жыццё якась пашарэла і прынікла. Не трэба і казаць, што ніякага колькі-небудзь прыкметнага беларускага руху тады і ў паміне не было, бо нацыянальная свядомасць не магла развівацца ў народзе без помачы ўласнай інтэлігенцыі, а яна толькі што яшчэ пачынала адслаівацца».

Але можна сказаць, што праз дваццаць гадоў пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў яе сілы не толькі аднавіліся, але і ўзняліся на новы віток. Па гісторыі і культуры, этнаграфіі і фальклору, мове Беларусі з'явілася столькі прац, што для людзей, якія былі знаёмы хоць часткова з імі, ужо не існавала пытання — ёсць ці няма самабытнага беларускага народа. Уступленню яго ў нацыянальны рух садзейнічалі падзеі, што адбываліся тады ў краінах Еўропы, а таксама на суседняй Украіне, якая ў гэтай справе дасягнула значна большага поспеху за Беларусь.

Вяхой, якая адзначае пункт пералому ў гісторыі беларускага адраджэння, Максім Багдановіч справядліва называў 1905 год: «Падзеі, звязаныя з гэтым годам, стварылі ў народных масах імкненне разабрацца ў акаляючым жыцці і выклікалі ліхаманкавы попыт на ідэалагічныя каштоўнасці. Пісаць для гэтага масавага чытача было неабходна перш за ўсё проста і зразумела, так што сама сабой з'явілася думка звярнуцца да беларускай мовы».

Узяўшыся за пяро, адразу ж актыўна пачаў працаваць на карысць нацыянальна-культурнага адраджэння, фарміравання этнічнай самасвядомасці беларускага народа і Максім Багдановіч. У яго няма спецыяльнай манаграфічнай працы па дадзенай праблеме, але калі азнаёміцца з тым, што па ёй напісана ў розных артыкулах, дык прыйдзеш да высновы, што асноўныя, найбольш важныя аспекты яе выдатным беларускім паэтам даволі грунтоўна выкладзены. Таму ёсць усе падставы залічыць Максіма Багдановіча да кагорты самых слынных архітэктараў беларускага нацыянальнага адраджэння. Ён быў не толькі сынам, але і здольным, таленавітым прадаўжальнікам яго, асабліва ў другім дзесяцігоддзі XX стагоддзя, у многіх адносінах надзвычай складаным і супярэчлівым.

КАШТОНАУСЦЬ РОДНАЙ МОВЫ

Максім Багдановіч да канца быў упэўнены, што захавацца, забяспечыць за сабой пачэснае месца сярод цывілізаваных народаў планеты Зямля беларусы змогуць толькі праз сваю родную мову. Невыпадкова яна з'яўляецца лейтматывам для многіх яго паэтычных і публіцыстычных твораў, асялком, якім ён вызначаў стан нацыянальнай самасвядомасці народа. Прыцягненню яго ўвагі да трагізму матчынай мовы Багдановіч прысвяціў адзін са сваіх найбольш пранікнёных вершаў, які ў любым дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя, у тым ліку і сёння, чытаецца як суровае, але справядлівае папярэджанне аўтара:

Народ, Беларускі Народ!

Ты — цёмны, сляпы, нібы крот.

Табою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма

I душу тваю абакралі,—

У ёй нават мовы няма.[1]

Для ўсіх народаў нацыянальная мова — найперш за ўсё гэта форма іх духоўнай культуры, што асабліва добра пацвярджаецца на прыкладзе мастацкай літаратуры. Нездарма Максім Багдановіч так радавауся кожнаму сапраўднаму таленту, як вырастаў на гэтай ніве, садзейнчаў папулярызацыі яго твораў у масах, добра ведаючы, што гэта не толькі дапаможа ім стаць больш адукаванымі і культурнымі, але і заняць актыўную пазіцыю ў справе беларускага адраджэння.



АДМЕТНАСЦЬ КУЛЬТУРЫ

Паставіўшы перад сабой мэту дапамагчы роднаму народу бясследна не растварыцца сярод сваіх блізкароднасных, па гістарычнаму мінуламу, культуры і мове суседзяў, Максім Багдановіч разумеў, што гэтага немагчыма дасягнуць без глыбокага ўсведамлення масамі ўсёй арыгінальнасці, адметнасці ўласнай духоўнай спадчыны, што даволі доўгі час не прызнавалася не толькі афіцыйнай палітыкай Расійскай імперыі, але і многімі прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі. Маладога беларускага паэта не задавальняла такое памылковае стаўленне да культуры роднага краю. Пасля аналізу фактаў, не падлеглых, паводле сваёй агульнапрызнанасці, аспрэчванню, ён прыходзіць да такой не толькі праўдзівай, але і смелай для дарэвалюцыйнага часу высновы: «Беларуская культура зусім не з'яўляецца простым варыянтам культуры велікарускай. Наадварот, у іх асобе перад намі знаходзяцца два самастойныя культурныя комплексы, якія ад самага ж пачатку раслі і развіваліся незалежна адзін ад аднаго…».

У адказ на знявагу роднага краю, што стагоддзямі распаўсюджвалі пэўныя польскія і рускія колы, Багдановіч пісаў, што ў эпоху Адраджэння Беларусь выйшла “на адно з першых месцаў сярод культурнага славянства”, знаходзілася “далёка ўперадзе Маскоўшчыны — тагачаснай славянскай глухамені, якая харчавалася, нібыта чужаядная расліна, духоўнымі сокамі Белай Русі». Толькі дзеля справядлівасці паэт павінен быў бы растлумачыць чытачу, што тагачасная Маскоўшчына не праз сваю віну, а з прычыны цяжкіх вынікаў татара-мангольскага прыгнёту знаходзілася на такім нізкім узроўні культурнага развіцця.

У пагоні за славай многія нашыя кампазітары пісалі і пішуць музыку на вершы рускіх паэтаў, мастакі і архітэктары свядома ўхіляліся выкарыстоўваць у сваіх творах нацыянальныя матывы, тэатральныя калектывы, оперныя і эстрадныя спевакі не займаліся прапагандай нацыянальнага мастацтва, адрывалі беларусаў ад духоўнай спадчыны Бацькаўшчыны. Як і ў час творчай дзейнасці Максіма Багдановіча, мы яшчэ і сёння даём сабе і сусветнай цывілізацыі менш, чым можам, і толькі таму, што ўсур'ёз не клапоцімся пра трываласць нацыянальных асноў духоўнай культуры, марна спадзеючыся, што развіваць яе можна і пры заняпадзе беларускай мовы. Добра, што не так думалі і рабілі нашыя нацыянальна самасвядомыя папярэднікі, дзякуючы чаму і змаглі нават ва ўмовах жорсткага сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту выратаваць беларускі народ ад канчатковай пагібелі. Багдановіч з радасцю адзначаў у ліпені 1914 года такія факты, «як атрыманне гандлёвымі фірмамі карэспандэнцыі на беларускай мове... выданне імі па-беларуску прэйскурантаў, з'яўленне беларускіх каталогаў на саматужнай выстаўцы і да г. п.».

БУДУЧАЕ У ГIСТОРЫI

Не з'яўлялася для М. Багдановіча сакрэтам, як значна ўзрасце нацыянальная самасвядомасць, актывізуецца ўдзел беларусаў у духоўна-культурным адраджэнні, калі яны будуць добра ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. Таму і сам паэт не мог не выказацца па найбольш прынцыпова важных пытаннях мінулага беларускага народа, галоўным чынам па тых, што ўзвышалі нацыянальны гонар. Іх жа паэт-публіцыст багата знаходзіў у самым аддаленым часе, заўсёды імкнучыся правільна разабрацца ў сівой і не простай даўніне. Асабліва цікавіў яго перыяд Вялікага княства Літоўскага. У гэтай дзяржаве, пісаў М. Багдановіч, беларускі народ «развіваўся, як і раней, на старым корані, вытвараючы такім парадкам культуру, незалежную ад культуры велікарускай і з самага ж пачатку адражняўшуюся ад яе. Адным з бакоў гэтага развіцця быў узрост беларускай пісьменнасці, каторая з таго часу патроху становіцца на пэўны грунт».

Каб узняць гістарычную самасвядомасць беларускага; народа да той адзнакі, з якой магчымы яго нацыянальнае ажыўленне, рух да палітычнай незалежнасці, патрэбна было яшчэ давесці масы да правільнага разумення, што практычна дало нам далучэнне да Расійскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя. Паводле Максіма Багдановіча, «у падданстве ў Расіі беларускаму народу не стала лягчэй: памешчыкі былі тыя ж, уціск той жа, а абароны, як і раньш, чакаць было не ад каго». 3 40-х гадоў XIX стагоддзя ўрад Расійскай імперыі адкрыта ўзяўся «за нівеліраванне беларускага народа, за масавую фабрыкацыю з беларусаў велікарусаў», пачалі канфіскаваць і паліць беларускія кнігі, «зусім забаранілі друкаванне новых, забаранілі пропаведзь на беларускай мове, зніштожылі суд па беларускаму праву, ліквідавалі унію». Яшчэ больш узмацнілася «авелікарушванне» беларускага народа пасля задушэння паўстання 1863 года.

Для найлепшага разумення задач беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, авалодвання гэтай высакароднай ідэяй як мага большай колькасцю людзей Багдановіч неаднаразова звяртаў іх увагу на гістарычны вопыт іншых народаў, асабліва тых, хто і пры цяжкіх варунках не загінуў, пераадолеў нацыянальны прыгнёт і стаў на шлях самастойнага развіцця. Шмат цікавага і карыснага даў ён чытачам аб вызваленчай барацьбе ўкраінцаў (русінаў) Галіцкай Русі, Угорскай Русі і Букавіны, якія спаўна зведалі культурна-моўную асіміляцыю з боку палякаў, немцаў і венграў.

Шчырыя прыхільнікі беларускага нацыянальна-культурнага развіцця шмат чаго карыснага маглі ўзяць з гістарычнага вопыту чэхаў, якім Багдановіч прысвяціў сваю невялічкую брашуру «Братья-чехи» (Масква, 1914). У ёй прыводзіліся факты амаль поўнага анямечвання чэхаў, у прыватнасці, адзначалася, што ўсе адукаваныя людзі гаварылі толькі па-нямецку, зніклі чэшскія кнігі, у дзяржаўных установах, навучанні дзяцей, грамадскім жыцці ўжывалася толькі нямецкая мова. I ўсё ж немцам не ўдалося канчаткова адолець чэхаў. «Многія адукаваныя людзі ўспомнілі і ўсвядомілі, што яны — славяне, але толькі анямечаныя; яны зразумелі, што роднай мовай для іх павінна быць мова чэшская... Гэтыя людзі пачалі вучыцца чэшскай мове, вучыць ёй сваіх дзяцей, пісаць на ёй кнігі, друкаваць газеты, дабівацца для яе правоў у дзяржаве і інш.».

Прачытаўшы такое, апантаныя ідэяй беларускага адраджэння людзі не толькі яшчэ больш пераконваліся ў яе рэальнасці, але маглі і штосьці карыснае пачэрпнуць для сябе з чэшскага вопыту.

ЗАУТРА НАРОДА У НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ШКОЛЕ

Нацыянальна-культурнае адраджэнне любога этнасу немагчыма без стварэння і функцыяніравання нацыянальнай школы. Найбольшая трагедыя беларускага народа менавіта і заключалася ў тым, што, калі на ўскраінах Расіі на рубяжы XIX — XX стагоддзяў шырока разгарнулася нацыянальна-вызваленчая барацьба, у яго не было нацыянальнай школы. Iне было вельмі доўгі час, так што не адно пакаленне беларусаў вырасла, сфарміравалася на зусім чужым для іх педагагічным грунце, у адрыве ад гістарычных каранёў і духоўных традыцый Бацькаўшчыны. Існавала нават сур'ёзная небяспека: а ці па,дтрымае з даволі расхістанай этнічнай самасвядомасцю беларускі народ ідэю самай прагрэсіўнай часткі інтэлігенцыі аб стварэнні нацыянальнай школы? Ці не будзе ён імкнуцца навучаць і выхоўваць сваіх дзетак паводле традыцый рускай альбо польскай школ?

Што такая небяспека магла існаваць, у гэтым не сумняваўся і Максім Багдановіч. Таму, нават не будучы педагогам, ён там, дзе гэта было дарэчы, імкнуўся і сам выказаць свае погляды адносна беларускай нацыянальнай школы. Яго ўвага да апошняй асабліва ўзрасла пасля таго, як у адпаведнасці з прынятым у чэрвені 1914 года ў Расійскай імперыі законам сярод усіх нярускіх народаў імкліва пачаў шырыцца рух за стварэнне і развіццё нацыянальных школ.

Каб такой рэальнасцю нацыянальная школа хутчэй стала і на Беларусі, Багдановіч у сваіх публіцыстычных творах неаднаразова напамінаў яе народу, што ў далёкім мінулым тут навучанне і выхаванне маладога пакалення ажыццяўлялася на матчынай мове і пры самым шырокім выкарыстанні мясцовага матэрыялу. Той, хто прайшоў такую школу, усё сваё жыццё любіў родны край, не шкадаваў сілы для яго росквіту.

Ідэя беларускай школы заняла прыстойнае месца ва ўсіх формах нацыянальна-вызваленчага руху ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. Пацверджанне гэтаму Багдановіч бачыў у дзейнасці ўмеранага паводле сваёй накіраванасці «Таварыства беларускай народнай асветы», якое выдавала часопісы-аднадзёнкі «Калядная чытанка» і «Велікодная чытанка».

Усякія, нават малапрыкметныя зрухі ў справе адраджэння нацыянальнай школы шчыра радавалі Багдановіча, нараджалі жаданне зрабіць іх праз друк здабыткам шырокага кола людзей.

Багдановіч пісаў: “Пачынаючы з указа цара Аляксея Міхайлавіча, які прадпісаў паліць кнігі «літоўскага друку», на працягу двух з лішкам стагоддзяў робяцца захады, накіраваныя на задушэнне беларускан культуры».

Да канца ажыццявіць гэтую пачварную задуму не ўдалося сілам рэакцыі. Чаго нельга было зрабіць па выпуску беларускіх кніжак на радзіме, тое выконвалі ў замежных друкарнях ці на падпольных варштатах. Каб абысці закон, такую кніжную прадукцыю даводзілася выдаваць пад назвай на польскай, балгарскай, украінскай мовах. У душах беларусаў так і не патух агонь нацыянальнага адраджэння.

Не застаўся паза ўвагай Багдановіча і такі факт, як стварэнне ў 1916 годзе па ініцыятыве мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны шасцітыднёвых курсаў па садоўніцтву, агародніцтву і пчалярству, бо і тут навучанне таксама вялося па-беларуску.

Багдановіч піша: «Прапаноўваць беларускаму дзіцяці такую кнігу — значыць даваць яму замест хлеба камень і замест рыбы вужаку… Устраняючы беларускую мову са школы, мы вядзем да растраты вынікаў аграмаднай, шматвяковай духоўнай работы цэлага народа, збіваем думку дзіцяці са звыклых псіхалагічных сцяжынак і груба ўрэзваем яго душэўны свет; уводзячы ж мову велікарускую, мы ставім на яго шляху шэраг перашкод, засяляем яго псіхіку вобразамі змярцвелымі, няяснымі і ў многіх выпадках зусім недарэчнымі. Пры такіх варунках карыстацца велікарускай мовай замест беларускай можна толькі на шкоду дзіцяці, што асабліва можна сказаць пра першапачатковыя ступені навучання».

3 РОДНЫМ СЛОВАМ ДА БОГА

Дбаючы пра адраджэнне роднага краю, уступленне яго на шлях самабытнага нацыянальнага развіцця, Максім Багдановіч не мог не паспрабаваць вызначыць і ролі рэлігіі ў гэтых лёсаносных працэсах, тым больш што тады яна мела даволі шырокае распаўсюджанне ў гушчах народа. Сімпатыі паэта былі на баку колішняй уніяцкай царквы за тое, што ў цяжкія гады гісторыі беларускага народа яна надтрымлівала яго культуру, «з'яўлялася ў краі нібыта пацыянальнай беларускай рэлігіяй. Пачынаючы з канца XVIII стагоддзя, уніяцкім духавенствам на беларускай мове прамаўляліся пропаведзі, выдаваліся рэлігійныя песнапенні і да т. п. Апошняй праявай гэтай дзейнасці з'яўляецца выдадзены ў 1837 годзе беларускі катэхізіс; праз два гады адбылося ўз'яднанне уніятаў, катэхізіс спалены, пропаведзь на беларускай мове забаронена». Такім скупым пералікам падзей і фактаў Багдановіч, напэўна, разлічваў абудзіць у чытача павагу да нацыянальнай рэлігіі продкаў, памяць пра якую,аднак, з году ў год слабела ў народзе.

Паэт востра крытыкаваў палітыку Расійскай імперыі і ў адносінах да каталіцкай царквы Беларусі. Вядома, што і гэтая канфесія дзе-нідзе ў дабавачным богаслужэнні выкарыстоўвала беларускую мову, выдавала на ёй рэлігійныя кнігі, і таму, на яго думку, «для наймення каталіцызму польскай верай і нараджаемых адсюль вынікаў не было месца». Iтолькі пасля таго, «калі з боку ўрада пасыпаліся сістэматычныя ўдары, якія мелі мэтай зніштожыць беларусаў як нацыянальнасць», забаранілі выдаваць па-беларуску кнігі, ужываць беларускую мову ў касцёле, і апошні цалкам перайшоў на польскую мову, у выніку чаго касцёл на Беларусі стаў з'явай польскай, і не дзіва, што той з беларусаў, хто наведваў яго, называў сябе палякам. Таму мне здаецца зусім слушным пастаўленае Багдановічам пытанне: «Міжволі пытаеш сябе: хто ж больш зрабіў для апалячвання беларусаў — паланізатары ці русіфікатары?»

Будучы шчырым прыхільнікам самай шырокай талерантнасці ў пытаннях рэлігіі, Багдановіч, вядома ж, ніяк не мог згадзіцца з тым, каб дзейнасць якой-небудзь канфесіі была скіравана на размыванне беларусаў як адзінага этнасу. Глыбокія веды аб ролі рэлігіі ў нацыянальным жыцці беларусаў выявіў Багдановіч у сваёй палеміцы з графам Ігнаццевым, выкарыстаўшы для гэтага ў 1916 годзе магчымасць выступіць у адным з часопісаў Украіны. Каб выратаваць два мільёны беларусаў-католікаў ад паланізацыі, Ігнаццеў, на першы погляд, прапанаваў нібыта правільнае рашэнне: «Увесці ва ўсіх касцёлах, якія задавальняюць рэлігійныя патрэбы беларусаў-католікаў, замест польскай рускую». Але такое прапанаванне правільнае толькі на першы погляд, бо ўвядзенне рускай мовы ў касцёл магло сустрэць моцнае супраціўленне яго паствы з ліку беларусаў-католікаў, разумецца імі як замена каталіцызму праваслаўем. Прымусовае ўкараненне рускай мовы ў гэтую канфесію, слушна пярэчыў Багдановіч Ігнаццеву, прывядзе да таго, што «беларускае каталіцкае асяроддзе, якое і без таго знаходзіцца «ў сферы прыцягнення» польскай культуры, акружыць польскую мову арэолам, вяртанне яе ў касцёл зробіць прадметам сваіх надзей і памкненняў і ўжо, адпаведна з гэтым, у сваім прыватным жыцці адвядзе ёй пачэснае месца, пасадзіць на покуць, пад абразы. Перад намі будуць ужо не аб'екты паланізацыі, а празеліты яе. Створыцца масавы стыхійны зрух у бок Польшчы, як натуральная рэакцыя на высунуты гр. Ігнаццевым праект, і, можа быць, беззваротна вырашыць далейшы нацыянальны лёс гэтага народа».

У 70—80-я гады, у выніку насаджэння рускай мовы ў касцёл даводзілася сустракацца з масавай пераарыентацыяй беларусаў-католікаў на польскую культуру і мову. Да такіх жа вынікаў прывяло і навучанне дзяцей чыста беларускіх мясцовасцей у школах закону божаму замест польскай на рускай мове. Спатрэбілася шмат часу, каб пераканацца ў бесперспектыўнасці, вялікай шкодзе адміністрацыйных метадаў у барацьбе з паланізацыяй, якую праводзіла каталіцкая царква на Беларусі, ад замены ў касцёлах польскай мовы на рускую. Але і з гэтай няўдачы былі атрыманы не тыя, што трэба, урокі. «Справа дайшла да таго,— пісаў Багдановіч,— што ў 1909 годзе на кіеўскім чарнасоценным з'ездзе «патрыёт» г. Кулакоўскі прапанаваў аддаць беларусаў-католікаў у ахвяру паланізацыі, каб з тым большай энергіяй узяцца за фабрыкацыю велікарусаў з беларусаў-праваслаўных».

Паўсюднае прабуджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў упярэдадзень і першае дзесяцігоддзе пасля рэвалюцыі 1905 года і з'явілася ддя Багдановіча галоўнай падставай, каб не згадзіцца з меркаваннем Ігнаццева, што змагацца з паланізацыяй беларусаў трэба толькі праз увядзенне рускай мовы ў каталіцкае богаслужэнне. Выратаваць іх ад паланізацыі, паэт лічыў, можна толькі шляхам пераводу богаслужэння ў касцёле на беларускую мову. На думку паэта, яна павінна была б заняць такое ж месца і ў праваслаўных храмах.

Не выклікае сумненняў, што Багдановіч на працягу ўсяго свайго жыцця быў вялікім прыхільнікам беларускай нацыянальнай царквы, якая, у адрозненне ад рускага праваслаўя і польскага каталіцызму, не размывала, а, наадварот, умацоўвала б этнічныя асновы беларускай нацыі, дапамагала б кожнаму з іх правільна вызначыць сваю нацыянальную прыналежнасць, садзейнічала б захаванню і прымнажэнню духоўнай спадчыны роднай Бацькаўшчыны.

КАШТОУНАСЦЬ IНТЭЛIГЕНЦЫI

Самую вялікую — і зусім справядліва — надзею на нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа Максім Багдановіч ускладаў на яго інтэлігенцыю. Ён моцна перажываў, што нямала таленавітых прадстаўнікоў яе адарвалася ад сваёй Бацькаўшчыны, жыве інтарэсамі іншых народаў, аддае ўсе сілы і здольнасці на карысць чужой культуры і навукі. Патрэбен быў час — і даволі працяглы,— каб інтэлігенты з карэннага насельніцтва нашага краю перасталі лічыць сябе беларусафіламі польскай культуры ці беларусафіламі рускай культуры і пачалі глядзець на сябе як на зусім самастойную групу інтэлігенцыі пэўнага этнасу, аб'явілі сябе змагарамі за яго нацыянальную культуру без усялякага пасрэдніцтва польскай ці рускай культур.

Першымі такімі беларусафіламі, бясспрэчна, можна назваць студэнцкую моладзь Пецярбурга, што групавалася вакол часопіса «Гомон». Пазней нацыянальна свядомыя інтэлігенты раслі як грыбы пасля дажджу.

У літаратуры шмат азначэнняў дэфініцыі «інтэлігенцыя», але разуменне яе Максімам Багдановічам вельмі набліжанае да характару тагачаснага жыцця на Беларусі. «Гэтым іменем,— пісаў ён, — мы адзначаем свядомых людзей, нясушчых сваю свядомасць на карысць простага народа нават і проці ўласнага інтарэсу». Звяртаюць на сябе ўвагу апошнія тры словы, з якіх відаць, што абавязковай умовай заліку ў інтэлігенты Багдановіч прызнаваў гатоўнасць чалавека служыць нацыі, калі гэта нават у чымсьці пагражала ўласнаму жыццю і інтарэсу. А тады ж такія пагрозы для шчырага беларуса-інтэлігента ўзнікалі амаль на кожным кроку.

У справе гуртавання беларускай інтэлігенцыі Багдановіч выдзяляў два важныя фактары: французскую буржуазную рэвалюцыю 1789—1794 гадоў і адкрыццё ў 1803 годзе Віленскага універсітэта. Пад уздзеяннем падзей у Францыі ішоў працэс фарміравання інтэлігенцыі «нават у многіх даўно ўжо замёршых народаў», яна «пачала жывую працу над развіццём іх культур, ці, іншымі словамі, над іх нацыянальным адраджэннем». Багдановіч са шкадаваннем пісаў, што «ў нас пры надзвычайнай слабасці інтэлігенцыі і пры поўнай неразвітасці яе беларускіх нацыянальных пачуванняў... усё абмежылася некалькімі крокамі, ды і тыя былі зроблены толькі дзякуючы дзе-якім асаблівым умовам тагачаснага жыцця».

Сапраўднай кузняй беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі Багдановіч слушна лічыў беларускую газету «Наша ніва», увогуле беларускае друкаванае слова. Калі раней культурны пласт насельніцтва Беларусі складаўся з агульнаімперскіх адходаў, польскіх нацыяналістаў і яўрэйскай буржуазіі, што «былі ў яго масе іншароднымі целамі», дык вакол «Нашай нівы» згуртаваліся асобы, якія «выраслі ў народзе, ад народа не адарваліся, ім вядомы народныя патрэбы і народныя язвы, блізка псіхіка народа; яны ведаюць народ, і народ ведае іх,— ведае і верыць ім». 3 такімі людзьмі можна было весці плённую асветніцка-культурную работу ў масах. Невыпадкова «Наша ніва», пісаў Багдановіч, «прабіла сабе дарогу ў самыя глухія куткі Беларусі, у самыя цёмныя пласты насельніцтва. Для многіх тысяч людзей яна з'явілася першай газетай, прачытанай імі, першай крыніцай ведаў, якая не насіла казённага адбітку, выкладзеная простай і яснай мовай... У беларускім краі, змардаваным нацыянальнай барацьбой, «Наша ніва» нястомна нагадвала пра неабходнасць паважаць правы кожнага народа, шанаваць усялякую культуру і, замацоўваючы свае нацыянальныя асновы, шырока карыстацца набыткамі культуры як польскай, так і велікарускай і ўкраінскай».

Даводзіцца шчыра пазайздросціць багдановіцкаму часу датычна лідэраў беларускай нацыі ці блізкіх да такога высокага рангу людзей. Iгалоўнае, што пераважна ўсе яны былі маладога ўзросту. Больш за сем гадоў мінула, як мы, дзякуючы гарбачоўскай перабудове, перайшлі ад слоў да справы ў галіне нацыянальна-культурнага адраджэння, але так і не выдзелілі са свайго асяроддзя сапраўднага лідэра. Сёй-той набліжаецца да такога рангу, але ці ўзрост замінае яму сцвердзіцца ў гэтым, ці перашкаджаюць канкурэнты альбо праціўнікі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння.

Справядліва робячы галоўную стаўку на інтэлігенцыю ў вырашэнні задач беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, Багдановіч між тым не раз выказваў цвёрдую ўпэўненасць, што ў гэтай справе яна не саступіць з пазіцый сапраўднага інтэрнацыяналізму, таму што аснову яе складаюць пераважна выхадцы з працоўных мас, якім вельмі блізкія ідэі дэмакратызму і гуманізму. «Абараняючы інтарэсы свайго народа і кладучы ў аснову гэтай дзейнасці наяўнасць самастойнай беларускай нацыянальнасці і беларускай культуры, беларуская інтэлігенцыя ніколі не ўпадала ў шавінізм, не імкнулася да прымяншэння правоў суседніх нацыянальнасцей, на ўсю паўнату самастойнага культурнага развіцця. У прыватнасці, яна вітае рост як велікарускай, так і польскай культуры ў краі, дабіваючыся толькі таго, каб гэты рост не меў сваёй асновай дэнацыяналізацыю беларускага народа».

Справядліва звязваючы лёс беларускага адраджэння з інтэлігенцыяй, Багдановіч ніколькі не прыменшваў у гэтым ролі народных мас. Пацвярджаецца такое і зместам яго зусім невялічкага ліста спецыяльна да простых людзей (напісаны ў 1914 ці 1915 годзе) «Хто мы такія?». Каб да нацыянальнага руху схіліць як мага больш такіх людзей незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці, паэт у дадзеным лісце пераканаўча даводзіць, што насельніцтву нашага краю аніяк нельга вызначаць сваю нацыянальнасць толькі паводле рэлігійнай прыкметы. 3 мэтай дапамагчы простым людзям адчуць сябе гаспадаром на зямлі роднай Бацькаўшчыны, Багдановіч знаёміць іх з найбольш адметнымі старонкамі ўласнай гісторыі, але і не ўтойвае, у якіх цяжкіх умовах у яго час даводзіцца адстойваць беларусам сваё права на існаванне: «Жывём мы паміж палякаў і велікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Бо ёсць велікарусы, што намагаюцца, каб мы забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся яго ды звярнуліся ў велікарусаў, гаварылі б і жылі па-іхняму. ёсць і палякі, каторыя таксама хочуць змяніць нас на свой капыл, каб і мы сталіся палякамі.

Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу. I— хто ведае? — быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. Iбудзе скрозь чужое, нязвычнае, а свайго роднага — нічога».

Багдановіч, як вялікі аптыміст беларускага адраджэння, не мог вышэйпрыведзенымі словамі закончыць свой ліст да простых людзей. На ўвесь голас, рашуча заклікаў іх не пакідаць сваёй гаворкі, песень, звычаяў, «шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць... Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, напісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця».

Вельмі шкада, што гэтае прадбачанне паэта не збылося. Мы не толькі не прыйшлі «да светлага жыцця», а калі браць пад увагу з яго толькі наша беларускае нацыянальна-спецыфічнае, дык яно цяпер непараўнальна бяднейшае і ў большай ступені загубленае, чым на момант, калі пісаўся Багдановічам ліст да простых людзей.

Значна меншае месца ў публіцыстычнай спадчыне Максіма Багдановіча адведзена праблеме разумення інтэлігенцыяй ролі барацьбы беларускага народа за дзяржаўную незалежнасць на рубяжы XIX—XX стагоддзяў. У прынцыпе, ён падзяляў патрабаванне аб выдзяленні «Беларусі і Літвы, злітаваных эканамічна, геаграфічна і гістарычна, у абласную самакіруючую адзінку». Калі пад Літвой ім разумеліся Гродзенская і беларускія паветы Віленскай губерняў, што тады даволі часта сустракалася на старонках навуковай літаратуры, у розных афіцыйных выданнях, дык такое аб'яднанне гэтых тэрыторый у адну нацыянальна незалежную адзінку — з'ява зусім нармальная і перспектыўная. Ісці ж на дзяржаўнае аб'яднанне Беларусі з тагачаснай этнічнай Літвой было б справай неперспектыўнай, бо тут адразу маглі б узнікнуць цяжкасці з рэгуляваннем культурна-моўнага развіцця іх народаў, якія ў гэтым пытанні маюць больш адрозненняў, чым падабенства. Інтэграцыя беларусаў і літоўцаў у адну дзяржаву, нягледзячы на тое, што колісь і сапраўды яна ў іх была агульнай, не прынесла б карысці ні першым, ні другім. Гістарычны вопыт краін свету пераканаўча сведчыць, што ў найбольшай ступені свае ідэалы кожны народ можа здзейсніць толькі ў нацыянальнай дзяржаве, у якой на прадстаўнікоў іншых этнасаў прыпадае не больш за 20—25 працэнтаў агульнай колькасці насельніцтва. У адваротным выпадку нярэдка бывае, што цяжка пазбегнуць асіміляцыі нават карэннай нацыі таго ці іншага поліэтнічнага дзяржаўнага фарміравання.

Думаецца, цяпер мала хто верыць, што беларускі народ можа выжыць як самастойны этнас без поўнай, рэальнай, дзяржаўнай суверэннасці, развітай, перадавой нацыянальнай эканомікі. I ўсё ж не менш важна для выжывання і далейшага грамадскага прагрэсу мець беларускаму народу сваю арыгінальную, самабытную нацыянальную культуру, старанна ачышчаную ад празмерных напластаванняў усяго чужога, іншароднага, і родную мову, якія на сваёй гістарычнай тэрыторыі не ведалі б канкурэнцыі, выконвалі б увесь аб'ём функцый па задавальненню духоўных патрэб насельніцтва. Калі беларускай культуры і мове не будзе забяспечана такая прастора, тады, карыстаючыся любімымы выразамі Багдановіча, мы будзем выглядаць як «абсевак у славянскім полі», выступаць у ролі «спажыўнага матэрыялу для суседніх народаў», застанёмся «захудалым славянскім краем».

Для нас сёння вельмі важна мець на ўвазе, што і тады малады пясняр Багдановіч глядзеў на нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа як на з'яву агульнаеўрапейскую, бо цяпер жа нам тым больш неабходна будаваць сваё жыццё з улікам дасягненняў цывілізаваных краін свету і найперш Еўропы. Задумаўшы даць характарыстыку беларускага нацыянальнага руху, Максім Багдановіч палічыў неабходным перш за ўсё вызначыць суадносіны «паміж ім і агульнаеўрапёйскім прагрэсам». Асноўныя лініі яго бачыліся ва ўсё большым драбленні «культур увогуле і літаратур у прыватнасці». «Важнае месца ў гэтым зруху, — пісаў Багдановіч, — займае працэс размежавання роднасных культур. Адны рознаскладовыя культурныя масівы прама распаўзаюцца па шву, прыкладам чаго з'яўляецца адасабленне трох скандынаўскіх культур, якія здаўна зліпліся, але не зліліся ў адно цэлае. Ад іншых адпластоўваюцца больш слабыя, блізкія да іх па паходжанню, але ўсё ж не тоесныя з імі нацыянальна-культурныя адзінкі». Таму зусім лагічнае і адколванне ад рускай культуры ўкраінскай і беларускай. «У асобе гэтай апошняй знаходзіцца не монстр, не рарытэт, не унікум, а глыбока жыццёвая з'ява, якая знаходзіцца ў рэчышчы агульнаеўрапейскага прагрэсу».

Шкада, што зусім не так глядзелі ў нас на культурныя працэсы ў больш позні час. Усякае адасабленне, арыгінальныя шляхі развіцця культуры і мовы разглядаліся як падрыў палітыкі інтэрнацыяналізацыі духоўнага жыцця савецкіх народаў, што нібыта не садзейнічала іх прагрэсу, але ж затое беларусаў, нягледзячы на параўнальна ранні прыход у іх край цывілізацыі, гэта прывяло ледзь не да поўнай асіміляцыі. Каб выкараскацца з яе «яжовых рукавіцаў», патрэбна карэнным чынам перагледзець свае адносіны да нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, пераўтварыць мову беларускага народа ў найважнейшы сродак яго духоўнага жыцця, як гэта рабілася і робіцца ўсімі цывілізаванымі нацыямі. Такім чалавечым стаўленнем да нацыянальных духоуных каштоўнасцей мы выканаем запавет Максіма Багдановіча, не застанёмся ў даўгу перад яго светлаю памяццю.

Закончыць свой рэферат я хацеў бы словамі М. Багдановіча: «Пачынае фармавацца ўсведамленне, што беларуская мова можа па праву ўвайсці ў мясцовы грамадскі абарот... усё гэта паказвае, што ў свядомасці мясцовага грамадства беларускі народ не tabula rasa[2], а самастойная нацыянальная велічыня, беларускі ж рух — жывая культурна-грамадская сіла».

Лiтаратура:

1. Лыч Л., Беларуская мова i нацыя: Літ.-гістарыч. арт. – Мн.: Маст. літ., 1994. – 277 с.

2. Багдановіч М., Зорка Венера: Творы – Мн.: Маст. літ., 1991.- 462 с.

ДАДАТАК:

[1] М. Багдановіч “Народ, Беларускі Народ!..” (1913).

[2] Лацінскі выраз: чыстая, некранутая дошчачка.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам