Паданні і легенды Нясвіжу і Радзівілаў

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Паданні і легенды Нясвіжу і Радзівілаў. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.

Змест:

  • Дуб і сасна
  • Таямніцы нясвіжскіх саркафагаў
  • "Гарбаты" саркафаг
  • Загадкавая бочка
  • Слёзы Марыі
  • Авэ Марыя
  • Нязнойдзены клад
  • Новае ў пошуках Радзівілаўскай скарбніцы
  • Камень-чараўнік
  • Герб роду Радзівілаў

Дуб і сасна

Увагу ўсіх, хто едзе ў горад па старой дарозе Гарадзея-Нясвіж, прыцягвае незвычайны помнік прыроды: дуб і сасна стаяць абняўшыся, ях закаханыя на ўсё жыццё. Вакол помніка - агароджа і надпіс: "Аберагаецца дзяржавай". У нашы дні тут пабудавана арка з заручальнымі пярсцёнкамі. Сюды прыязджаюць маладыя ў дзень рэгістрацыі шлюбу, каб прысягнуць на каханне, і абяцаюць зберагаць адзін аднаго так, як робяць гэта дуб і сасна на працягу стагоддзяў.

Шмат легенд звязана з гэтымі дрэвамі. У іх абавязкова прысутнічаюць закаханыя, якіх разлучылі сілаю. Адна з легенд апавядае пра тыя часы, калі ў Нясвіжы быў створаны прыгонны тэатр.

Падзеі адбываліся ў другой палове XVIII стагоддзя. У Слуцку таксама існаваў у той час прыгонны тэатр. Браты Міхал і Геранім Радзівілы часта пазычалі адзін аднаму артыстаў. На слуцкай сцэне балет развіваўся значна раней, чым у Нясвіжы, дзе спачатку аддавалі перавагу драматычнаму мастацтву. Калі ў Нясвіжы задумалі паставіць некалькі балетных спектакляў, са Слуцка прывезлі артыстаў-танцораў у абмен на таленавітых нясвіжскіх музыкантаў.

Паданне расказвае, што сярод балерын вызначалася талентам і прыгажосцю семнаццацігадовая Гануся. Стройная, з вялікім блакітнымі вачыма, якія ў танцы запальваліся агнём незвычайнага натхнення, яна пакарала сэрцы гледачоў. Не маглі застацца раўнадушнымі да вялікага таленту простай дзяўчыны нават князі і іх шматлікія знакамітыя госці. Некаторыя з гасцей спадзяваліся знайсці спагадлівы адказ на свае заляцанні і былі пакрыўджаны, калі артыстка рэзка і рашуча адмаўляла ўсім, нягледзячы на паходжанне і званні. Гэта абражала фанабэрыстых паклоннікаў, якія нават спрабавалі скардзіцца самому князю і патрабавалі адправіць яе на канюшню. Каб пазбегнуць прызнанняў у каханні, зневажальных падарункаў, танцорка вымушана была пасля спектакля хавацца ў патаемных месцах. Часта для гэтай мэты яна выкарыстоўвала старыя дэкарацыі за сцэнай.

Нясвіжскі мастак, малады прыгажун Язэп, які не аднойчы рыхтаваў дэкарацыі да спектакляў, ведаў, дзе хавалася дзяўчына. У яго сэрцы агонь кахання гарэў яшчэ з таго моманту, калі ён першы раз убачыў Ганусю ў замку. Гануся таксама марыла аб вялікім каханні, якое часта павінна была перадаваць у танцы, але ніколі яшчэ не перажывала ў сапраўдным жыцці. Яна даўно звярнула ўвагу на маладога мастака і чакала прызнання толькі ад яго. Язэп жа лічыў сябе недастойным увагі такой таленавітай балерыны. Дзяўчына здавалася яму недасягальнай зоркай, ідэалам. Больш за ўсё ён баяўся словамі прызнання абразіць, напалохаць каханую і страціць яе давер і прыхільнасць.

Такое становішча цягнулася амаль два гады. Хутка закончваўся тэрмін дагавору, і Гануся павінна была вярнуцца ў Слуцк. Адчай, які перажываў юнак пры думцы аб расставанні, дапамог яму перамагчы нерашучасць і прызнацца любай у сваім вялікім каханні. Доўгачаканыя словы ўсхваляванага хлопца знайшлі водгук у сэрцы дзяўчыны. Шчаслівыя закаханыя вырашылі звярнуцца да князя Міхала за дазволам на шлюб. Нясвіжскі князь даў згоду на вяселле, але патрэбна было ведаць яшчэ, што скажа слуцкі Радзівіл. Тут трэба зазначыць, што слуцкі князь вызначаўся хваравітай жорсткасцю ў адносінах да прыгонных. Для яго найвялікшай асалодай было слухаць енкі паднявольных, якіх сурова каралі за самую нязначную правіннасць. Здарылася самае страшнае: жорсткі князь у вялікім гневе загадаў закаваць дзяўчыну ў кайданы і даставіць яе назад у Слуцк. Пачуўшы гэта рашэнне, закаханыя вырашылі ўцякаць. Але салдаты злавілі ўцекачоў недалёка ад Нясвіжа. Апошні абдымак іх і роспач былі такімі адчайнымі, што нават сэрцы салдатаў не вытрымалі: яны плакалі разам з тымі, каго павінны былі разлучыць. Закаваную ў кайданы Ганусю павезлі ў Слуцк, а праз некалькі дзён у Нясвіжы даведаліся, што дзяўчына загінула. Ніхто дакладна не мог сказаць, што з ёй здарылася: ці яна сама дабравольна пакінула гэты свет, у якім не магла жыць без каханага, ці загінула ў страшэнных пакутах у змрочным падзямеллі.

3 той пары Язэп у любое надвор'е хадзіў на месца іх апошняга расстання і праводзіў там цэлыя гадзіны. Можа гэта ён пасадзіў і выгадаваў у памяць аб сваім адзіным каханні незвычайныя дрэвы. Фактам з'яўляецца тое, што ён адрокся ад свету, пайшоў у манастыр і ўсё жыццё аддаў мастацтву.

Дуб і сасна дажылі да нашых дзён. Расказваюць, што ў час апошняй вайны немцы хацелі вывезці гэты цуд прыроды ў Германію, але не паспелі. Неразлучныя дрэвы неаднойчы прыцягвалі ўвагу мастакоў, паэтаў, музыкантаў. На жаль, сасна ў 1999 годзе загінула.

Таямніцы нясвіжскіх саркафагаў

Вялікую плошчу пад нясвіжскім касцёлам займае царства мёртвых - шматлікія дамавіны з муміямі, якія захаваліся да нашага часу. На працягу некалькіх стагоддзяў тут хавалі гаспадароў Нясвіжскага замка. Першае пахаванне датуецца 1616 годам, апошняе - 1936-м. Саркафагі ўяўляюць сабой дзве труны: металічная ўкладзена ў драўляную. Металічная труна напалову зашклёная. Цяперашнія "насельнікі" дамавін пры жыцці аказвалі ўплыў на лёсы мільёнаў людзей, карысталіся з працы шматлікіх прыгонных, мелі свае сакрэты і загадкавыя асаблівасці, якія яны забралі з сабой у гэтае маўклівае сховішча. Толькі легенды і паданні спрабуюць прыадкрыць іх таямніцы.

Пачнём наша апавяданне з гісторыі пра пакой, у якім пахаваны бацькі і дванаццаць малалетніх дзяцей. Маці ўсіх рана памершых дзяцей была Кацярына, жонка Міхала Радзівіла. У легендзе Кацярына Радзівіл падаецца глыбока няшчаснай жанчынай, якая часта хавала сваіх дзяцей, а потым гадамі хадзіла ў жалобе. Пакуты маці былі такія вялікія, што нават ноччу ў час сну яе душа не ведала супакою. Яна пакідала цела і ляцела да падзямелля, дзе былі пахаваны дзеці. Праз вузенькія краты душа дабіралася да маленькіх дамавін і тут ператваралася ў саву. Па чарзе птушка жудасна галасіла над кожнай дамавінай. У тых, хто выпадкова аказваўся непадалёку ад касцёла і чуў гэтыя крыкі, валасы ўставалі дыбам на галаве, а іншыя нават трацілі прытомнасць.

У некаторых творах літаратуры гэтае хвалюючае паданне мае працяг. Адна з дачок Кацярыны Радзівіл - Караліна дажыла да шаснаццаці гадоў і рыхтавалася выходзіць замуж за каханага хлопца. Маці лічыла, што яна ўжо перайшла тую мяжу, якая пагражала яе жыццю, але на ўсякі выпадак Караліну перавезлі ў іншы замак. Там, спадзявалася жанчына, злы лёс абміне любімую дачку.

Кожную раніцу прыгожая Караліна пачынала з прымеркі шлюбных убораў. Дастаўлялі ёй лепшыя сукенкі з Варшавы, Парыжа, Берліна. Мясцовыя майстрыхі шылі і вышывалі цудоўныя аздобы да вяселля. Пасля прымерак маладая ў белым пеньюары з распушчанымі валасамі любіла чытаць, седзячы за сталом у сваім пакоі, праз высокія вокны якога ўліваліся яркія промні сонца. Аднойчы Кацярына зайшла да дачкі ў такі час і паклікала. Караліна маўчала. Яе галава ляжала на стале на разгорнутай кнізе. Здавалася, што дзяўчына задрамала ад цеплыні сонечных промняў. Маці падышла да стала і ўзяла яе за руку. Рука была, як у нежывой. На крык Кацярыны збегліся слугі, перанеслі Караліну на ложак, але прывесці ў прытомнасць ужо не змаглі. Няўмольны лёс забраў у маці і гэту дачку.

Роспач і гора няшчаснай былі няўцешныя. Яна загадала выліць з воску фігуру дачкі ва ўвесь рост і пасадзіць за стол так, як тая сядзела ў апошнюю раніцу свайго кароткага жыцця. Валасы былі натуральныя, доўгія, хвалістыя, колеру золата. На руках сапраўдныя дарагія пярсцёнкі, якія ўпрыгожвалі пальцы Караліны ў той трагічны момант. Падабенства было такім вялікім, што, здавалася, вось зараз дзяўчына прыпадніме галаву ад кнігі, засмяецца пунсовымі вуснамі і кінецца ў абдымкі маці. У пакоі на ложку, дыванах, на падлозе ляжалі параскіданыя шлюбныя ўборы, цудоўныя светлыя сукенкі, вэлюм, а на ўсім гэтым харастве ляжала празрыстае чорнае пакрывала. Кажуць, што Кацярына да апошняга свайго дня ўжо ніколі не смяялася, часта прыходзіла ў пакой дачкі, малілася, размаўляла з ёю, плакала.

Сяброўкі Караліны павыходзілі замуж і забыліся пра яе, усцешыўся з другой закаханы жаніх, і толькі сэрца маці помніла дачку, крывавыя раны не загойваў нават час. Кацярына не пазбавілася жальбы да самага свайго скону. Перад смерцю яна аддала загад зрабіць васковую фігуру сябе самой на каленях перад ложкам дачкі. Ніхто не меў права заходзіць у жудасныя пакоі пасля смерці маці. Людзі ў замку баяліся нават наблізіцца да гэтага месца.

"Гарбаты" саркафаг

Шмат гісторый звязана з гэтай дамавінаю. У ёй, гаворыцца ў паданнях, пахавана князёўна, якая пакахала простага хлопца і загінула праз гэта. Дзяўчына ўцякла з балю, калі яе збіраліся заручыць з замежным прынцам. Каханы павінен быў чакаць яе з адзеннем і возам, каб разам уцячы з замка. Але пра змову даведаліся. Хлопца злавілі і пасадзілі ў вежу. Князёўна, не ведаючы яшчэ аб гэтым, у балёвым уборы выбегла на люты мароз і ў лёгкіх туфліках па снезе пабегла на дамоўленае месца сустрэчы. Чакаючы на лютым марозе на патаемнай лаўцы, яна замерзла і так скарчанела, што яе не маглі палажыць у звычайную труну і вымушаны былі пахаваць у сядзячым становішчы. Беларускі паэт Юрась Свірка па матывах гэтай гісторыі напісаў верш "Паданне".

Але ў "гарбатым" саркафагу знайшлі не маладзенькую князёўну, а сталую княгіню. Яна мела ўжо дзяцей і ўнукаў. Аб гэтым гавораць вянкі з надпісам "Дарагой бабулі ад дзяцей і ўнукаў", пакладзеныя на металічную дамавіну.

Загадкавая бочка

Наведвальнікам падзямелля ў касцёле абавязкова паказваюць незвычайную бочачку з дрэва, якая размяшчаецца ў металічнай пасудзіне, падобнай на звычайную выварку. У ёй, бочачцы, зберагаюцца астанкі чалавека.

Пра гэтую незвычайную дамавіну існуюць шматлікія паданні. Героем аднаго з іх быў князь, які вельмі любіў паляваць, але к старасці страціў магчымасць хадзіць. Яго вазілі ў калясцы. У такім становішчы ён нават спрабаваў выязджаць на паляванне. Шматлікія служкі гналі да князя загадзя падрыхтаванага мядзведзя. Звычайна звер быў стары і ціхі і лёгка даваў сябе забіць нядужаму паляўнічаму, які лічыўся вельмі трапным. Але аднойчы князь толькі параніў звера, які блізка знаходзіўся ля няўдалага стралка. Імгненна ціхі мядзведзь ператварыўся ў раз'юшаную, страшэнную сваёй дзікай сілай істоту. Ён наваліўся на бездапаможнага чалавека і пакуль апамяталіся слугі, загрыз яго. Тое, што засталося ад князя, гаворыць паданне, і было пакладзена ў маленькую бочачку.

Слёзы Марыі

"Марысін, 1898". Гэты надпіс выбіты на гранітным помніку, які знаходзіцца ў Новым парку сярод вельмі забалочанай мясцовасці і адзічэлай расліннасці. Тут калісьці быў невялікі вадаспад пад назвай "Слёзы Марыі", раўчук, што насіў такую ж назву, і вялікі камень з дзіркай пасярэдзіне, які лічыўся "Пярсцёнкам Марыі". Паводле аднаго з паданняў, на гэтым месцы замерзла князёўна Марыя, паводле другога - пакавалі тут яе маленькую дачушку Марысю, а сама князёўна была пакладзена ў труну жывой, калі яна знаходзілася ў стане летаргічнага сну, і змешчана ў родавым склепе Радзівілаў. Камісія даследчыкаў, што вывучалі стан радзівілаўскіх мумій у 1953 годзе, знайшла труну, дзе ляжала маладая князёўна ў шлюбным адзенні. Рашэнне вучоных было адназначным: маладая князёўна памерла ад разрыву сэрца ў самой труне, калі спрабавала павярнуцца, а палажылі яе жывой. Вось аб гэтым пахаванні жыве ў народзе драматычная легенда.

У сястры аднаго з Радзівілаў была дачка Марыя, дзяцінства якой прайшло ў маёнтку бацькоў паблізу Клецка. Дзяўчынцы дазвалялася свабодна гуляць у парку і ваколіцах, сябраваць з дзецьмі шляхты і дваровымі аднагодкамі.

Сярод дворні звяртаў на сябе ўвагу не толькі вонкавай прыгажосцю, але і вялікімі здольнасцямі да мастацтва хлопчык-сірата. Усе яго клікалі прыгажун Ян. Так ён зваўся і пазней. Дачка магутных магнатаў і сын простага селяніна пасябравалі і яшчэ ў дзіцячыя гады далі клятву не разлучацца ніколі ў жыцці. Але абставіны аказаліся суровымі і жорсткімі да юных закаханых.

Бацькі Марыі памерлі рана і яе ўзялі на выхаванне ў Нясвіжскі замак. Ніякіх вестак пра хлопчыка яна не атрымоўвала. Жыццё ў замку вельмі адрознівалася ад ранейшага. Тут дзейнічалі няўмольныя законы роду Радзівілаў. Сустракацца з ніжэйшымі па паходжанню забаранялася. Ніякай свабоды цяпер Марыя не мела. Яна зрабілася маўклівай, многа чытала і нікому не давярала сваіх сардэчных таямніц. Марыі ўдалося ўпрасіць князя ўзяць для яе пакаёўку з бацькоўскага маёнтка - колішнюю сяброўку дзяцінства. Ёй Марыя магла расказаць самыя свае патаемныя думкі, папрасіць дапамогі і парады. Уладары замка мелі на мэце ажаніць Марыю і свайго хворага сына, яе стрыечнага брата. У гэтым выпадку багаты пасаг Марыі далучаўся да багацця нясвіжскіх Радзівілаў.

У замку ўжо некалькі гадоў працавалі садоўнікі, майстры паркавай архітэктуры. Замежныя спецыялісты не маглі справіцца з вялікай працай, якую задумалі ўладальнікі. Шукалі здольную мясцовую моладзь. Некаторых хлопцаў пасылалі ў іншыя краіны, каб яны знаёміліся з паркавай культурай еўрапейскіх краін. У лік такіх трапіў і прыгажун Ян. Ен прабыў за мяжой чатыры гады, дасканала вывучыў усе асаблівасці пейзажных паркаў Італіі, Францыі, Германіі, пабываў у Пецярбургу. Здольны юнак шмат чытаў, вывучыўся іграць на скрыпцы.

Аднойчы Марыя пачула чароўныя гукі, поўныя пачуцця і гармоніі. Яны даносіліся з паляўнічага доміка, дзе жылі садаводы. Дзяўчына вельмі тонка адчувала музыку і зразумела, што іграў вялікі майстар. На яе запытанне пакаёўка адказала, што іграў Ян, іх добры сябар далёкай пары дзяцінства. Нядаўна ён пасяліўся ў Нясвіжы пасля замежных вандраванняў. Марыя страціла спакой і марыла аб сустрэчы. Каханне яе ўспыхнула з новай сілай. Хутка мары здзейсніліся. Яны сустрэліся ў замкавай бібліятэцы, дзе хлопцу дазволілі браць кнігі па мастацтву. Першы погляд Яна паведаміў князёўне, што ён не забыў іх сустрэч у дзяцінстве і кахае яе так, як і раней.

З дапамогай вернай пакаёўкі сустрэчы зрабіліся частымі. Маладыя людзі задумалі пажаніцца без дазволу сваякоў. Іх тайна зрабілася вядомай гаспадарам замка, калі ў Марыі павінна было нарадзіцца дзіця і яна рашыла больш не таіцца. Але гэта было б чорнай плямай на ўсім родзе знатных магнатаў. Яны абвясцілі Марыю псіхічна хворай і змясцілі ў адну з вежаў. Там Марыя нарадзіла дзяўчынку, якую назвала Марысяй. Але маці, што яшчэ ляжала ў гарачцы, разлучылі з маленькай дачушкай. Слугам было загадана нікога не пускаць да яе, аберагаць ад усялякіх навін.

Некалькі дзён няшчасная нічога не ведала пра лёс Яна і Марысі. Але аднойчы ноччу ў вежу прабралася пакаёўка і паведаміла, што Яна, па чутках, вывезлі ў вёску, дзе забілі, а маленькую Марысю таксама загубілі і пахавалі як няхрышчаную за возерам. Пакаёўка ўзялася правесці Марыю да яе магілкі. Аглушаная горам Марыя ўскочыла з ложка і з распушчанымі валасамі, у белай доўгай кашулі панеслася да возера. Слугі не змаглі яе затрымаць. Як прывід, пранеслася яна па двары і доўгай фэблі і апынулася на месцы, дзе была свежаўскапаная зямля. Пакаёўка пацвердзіла, што іменна туг ляжыць яе дачушка. Бедная маці рвала на сабе валасы, так крычала ад болю і роспачы, што хутка страціла сілы і прытомнасць. Пры двары паведамілі, што яна памерла ў выніку псіхічнага захворвання і як мага хутчэй паклалі яе ў труну.

Так трагічна абарвалася жыццё закаханых. Кажуць, што нясвіжскія салаўі пяюць так цудоўна, бо навучыліся калісьці, слухаючы гукі скрыпкі Яна, а слёзы Марыі ператварыліся ў брыльянты расы на пышным дыване травы ў парку.

Авэ Марыя

Нясвіжскі князь Караль Станіслаў быў даволі ўлюбчывы. Не адна дзяўчына чула ад яго словы "вялікага кахання". Але вось аднойчы ён сустрэў надзвычай прыгожую простую дзяўчыну, якая да таго ж вельмі хораша спявала. Бацька яе быў мастаком пры Нясвіжскім замку. Праз некаторы час князь так моцна пакахаў красуню, што вырашыў лепш адрачыся ад вялікай спадчыны, каб толькі ажаніцца з ёй. Гэта моцна ўстрывожыла княгіню. Яна вырашыла дзейнічаць хітрасцю.

Пры нясвіжскім двары выхоўвалася стрыечная сястра князя, вельмі багатая і высокага звання. Аднойчы, калі ўсе нясвіжскія магнаты гасцявалі ў Вільні, маці папрасіла сына і выхаванку апрануцца па-святочнаму і прыбыць у касцёл на нейкія ўрачыстасці. Так здаралася часта, і асаблівай увагі на запрашэнне малады Радзівіл не звярнуў. Ён выканаў просьбу і прыбыў у вызначаны час у касцёл. Людзей там было мала, гарэлі не ўсе свечкі. Пакуль ён зразумеў, што апынуўся на сваім уласным вяселлі, то маці ўжо паспела злучыць руку сына з рукой сваёй выхаванкі.

Даведаўшыся пра такое каварства, падманутая дзяўчына пайшла ў манастыр. Цудоўны голас так прыцягваў усе сэрцы, што манашку нават лічылі святой, калі яна спявала. Каму давялося хоць раз пачуць гэты спеў, адчуць у ім роспач і сум, ужо ніколі не маглі забыць яго. Анёл апусціўся з неба і ўсяліўся ў душу прыгажуні.

Трагічны лёс маладой манашкі і надзіва вялікія здольнасці да спеваў нарадзілі легенду, што менавіта для яе быў напісаны музычны твор "Авэ Марыя". Але, безумоўна, толькі не Шубертам, як мяркуюць некаторыя, а якім-небудзь іншым кампазітарам, бо да гэтай тэмы звярталіся многія музыканты.

Нязнойдзены клад

Велізарныя багацці былі сабраны ў нясвіжскім замку. Асабліва вялікія памеры набылі яны ў канцы XVIII стагоддзя. Па словах У. Сыракомлі, сяляне плацілі за ўсё: за карыстанне зямлёй, за лес, за пчол, за рыб, а магчыма "і за само паветра".

Нясвіжскія магнаты маглі дазволіць сабе жыць у раскошы, валодаць выдатнымі творамі мастацтва, утрымліваць пышныя дварцовыя капэлы і тэатры, здзіўляць свет эксцэнтрычнымі выхадкамі.

Самай папулярнай легендай, якую расказваюць гасцям старажытнага Нясвіжа, з'яўляецца паданне аб велізарным кладзе, які налічваў 60 пудоў каштоўнасцей. Гэта была родавая скарбніца, якая папаўнялася на працягу многіх стагоддзяў. Уладальнікі не мелі права нічога з яе ні прадаць, ні аддаць у пасаг, ні вывезці з тэрыторыі Нясвіжа. Нават у грозныя гады ваенных нашэсцяў, вялікіх пажараў і нягод каштоўнасці павінны былі заставацца ў якім-небудзь тайніку, пра які ведаў толькі сам князь і яго давераны слуга. Гэтыя патаемныя сховішчы маглі размяшчацца ў адным з падземных хадоў - пра іх так многа гавораць у Нясвіжы. Кажуць, што пераходы ад замка і касцёла ішлі ў бок Міхальскай гары, дзе калісьці ўзвышаліся касцёл святога Міхала і манастыр, да старажытнага парка Альба.

Многія цікавяцца, што ўваходзіла ў гэту велізарную скарбніцу. Ці былі каштоўнасці на самой справе? Хто іх бачыў? Ёсць шмат пісьмовых сведчанняў аб існаванні незлічоных багаццяў нясвіжскіх Радзівілаў. Расійскі пасол князь М. В. Рапнін, які быў у складзе світы караля Станіслава Аўгуста, апошняга манарха Рэчы Паспалітай, пісаў у данясенні імператрыцы Кацярыне II: "Кароль заехаў да К. С. Радзівіла ў Нясвіж. Пасля бліскучага феерверку і абеду на 300 асоб кароль спусціўся ў падзямелле замка і ўбачыў залатыя зліткі, укладзеныя да самай столі. Золата было на сотні пудоў, мноства залатых рэчаў ды 12 апосталаў з гэтага металу і срэбра, усыпаныя каштоўнымі камянямі".

3 захапленнем пісаў аб скарбах Радзівілаў і міністр замежных спраў Расійскай імперыі А. Чартарыскі: "Багаты замак у Нясвіжы. У 18 залах адных толькі ўпрыгожанняў сабралася на 5 альбо 10 мільёнаў дукатаў. Каштоўныя калекцыі зброі, карцін, кніг, брыльянтаў. Але няма нічога даражэйшага, чым калекцыя "12 апосталаў", 5 з іх чыстага золата і ўсыпаныя каштоўнымі камянямі".

У дзевятым томе працы "Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай айчыны", які выдадзены ў Пецярбургу ў 1905 годзе, запісана: "Збераглося, між іншым, паданне, што тут (у Нясвіжы) былі схаваны велізарныя, масіўныя срэбраныя статуі дванаццаці апосталаў, багаты архіў, у якім зберагалася шмат пісьмаў еўрапейскіх манархаў, а таксама важныя дакументы па гісторыі Літвы, Польшчы. Акрамя таго, тут былі дыпломы, прывілеі, граматы, сапраўдны акт уніі і була папы Урбана XII. Куды ўсё гэта падзелася - невядома".

Другое пытанне - адкуль трапілі тыя унікальныя рэчы ў скарбніцу? Гісторыкі лічаць, што каштоўная калекцыя "12 апосталаў" магла прыбыць у Нясвіж з Канстанцінопаля ў пачатку XVII стагоддзя. Сярэбраны набор быў падораны Мікалаю Радзівілу Сіротку рымскім папам. Шмат што перадаў у Нясвіж польскі кароль Ян Сабескі, які атрымаў бліскучую перамогу над туркамі пад Венай і захапіў вялікі абоз з каштоўнасцямі. Многія экзатычныя рэчы з гэтай калекцыі выклікалі захапленне ў тых, каму пашанцавала іх бачыць. Выдзяляўся яшчэ стол на 12 асоб дзівоснай работы майстроў эпохі Адраджэння, паходжанне якога невядомае. Ул. Сыракомля жартаваў, што на ім Радзівілы падлічвалі свае мільённыя прыбыткі.

Рабаўнікі не аднойчы рабілі спробы захапіць скульптуры апосталаў. Гэта стала прычынай таго, што сапраўдныя статуі былі схаваны ў патаемным месцы, а ў Блакітнай зале замка стаялі па-майстэрску зробленыя копіі з воску, упрыгожаныя фальшывымі каштоўнымі камянямі. Неспрактыкаванаму воку цяжка было адрозніць падробку ад сапраўдных твораў мастацтва. Кажуць, што разам з апосталамі ў зале выставілі і васковыя фігуры тых рабаўнікоў, якія спрабавалі іх украсці. Гэта была першая ў свеце калекцыя васковых фігур і існавала яна намнога раней, чым знакамітая лонданская галерэя.

Асаблівай вядомасцю карысталася скарбніца ў другой палове XVIII стагоддзя ў часы Караля Станіслава Радзівіла. У літаратуры сустракаюцца звесткі аб тым, што насуперак катэгарычнай забароне вывозіць статуі з Нясвіжа Караль Станіслаў спрабаваў некаторыя з іх вазіць за сабой па Еўропе і нават іншы раз закладваў святога Луку ці Матвея, калі ў яго было туга з грашыма. Але ён заўсёды выкупаў гэтыя каштоўныя рэчы і ўрэшце рэшт прывёз іх назад у Нясвіж.

Пасля смерці Пане Каханку ўся агромністая спадчына перайшла да яго пляменніка Дамініка Радзівіла. Гэты апошні князь нясвіжскай лініі Радзівілаў быў на службе ў рускага імператара, але ў 1812 годзе ў час Айчыннай вайны з французамі ён перайшоў да Напалеона. Узяўшы з сабой 5000 уланаў, ён рушыў на Маскву. Як і Напалеона, яго чакалі бясслаўныя ўцёкі з палаючай сталіцы.

Пры маланкавым адступленні Дамінік з часткай людзей заехаў у замак толькі на некалькі гадзін. Ён павінен быў дамовіцца аб тайніку для скарбніцы, сакрэт якога ведалі толькі сам князь і ўпраўляючы. Дамінік вымушаны быў паспешліва ўцякаць у бок Вільні. Астатнія свае багацці, акрамя скарбніцы, ён распарадзіўся грузіць на фурманкі і пасылаць яму наўздагон. Але ўпраўляючы не паспеў выканаць апошняга загаду свайго гаспадара. У Нясвіж уступілі рускія войскі пад кіраўніцтвам адмірала Чычагава. Усё нагружанае на фурманкі пачалі адпраўляць у другі бок. Упраўляючы рызыкнуў толькі патаемна адправіць на кані ганца ў бок Вільні з запіскай, дзе паведамлялася, што скарбніца захавана, як і дамовіліся, а ўсё астатняе вывозіць Чычагаў. Ганца злавілі рускія афіцэры каля Міра і расстралялі за сувязь з ворагам, а запіску прывезлі ў Нясвіж. Тут хутка даведаліся, што яе пісаў упраўляючы. Але той не сказаў, дзе была схавана скарбніца, і быў павешаны ў двары замка. Другі знаўца тайны клада, сам князь, праз некаторы час быў смяртэльна паранены і памёр. 3 таго часу рабіліся шматлікія спробы знайсці скарбніцу, але поспеху яны не мелі. Ахвярай пошукаў у першую чаргу стаў цудоўны парк Альба. Ён увесь быў перакапаны.

Не аднойчы рабілі спробы знайсці скарб немцы - і ў першую, і ў другую сусветныя войны. У 1941-1944 гадах спецыяльная сапёрная рота шукала яго. Шмат каштоўных рэчаў было знойдзена і адпраўлена ў Германію, але галоўнай скарбніцы так і не знайшлі.

Трэба яшчэ адзначыць і той факт, што ў Нясвіжы знайшлі некаторую колькасць каштоўнасцей, якія ўваходзілі ў шырока вядомы спіс награбленай Напалеонам маёмасці. Можа, і астатнюю частку хавае нясвіжская зямля?

Новае ў пошуках Радзівілаўскай скарбніцы

Спробы знайсці скарбніцу Радзівілаў не спыніліся і ў наш час. З'яўляюцца новыя сведчанні, гіпотэзы, версіі. Згадаем некаторыя з іх.

Беларускі навуковец Сяргей Рыбчонак выступіў з артыкулам, дзе падае новыя звесткі пра золата Радзівілаў, лёс якога ахутаны таямніцамі, пра страшнае разрабаванне Нясвіжскага замка ў 1812 годзе, падмацоўваючы факты архіўнымі дакументамі.

У 1808 годзе князь Дамінік Радзівіл загадаў правесці рэвізію сваёй скарбніцы. Цікавасць выклікае апісанне цыборыума (месца ў алтары. - Ш.-П.). Срэбныя дзверы да гэтага цыборыума ўпрыгожвалі фігуры пазалочаных апосталаў. Робіцца выснова, што знакамітыя апосталы ў скарбніцы не былі асобнымі скульптурамі, а складаліся ў кампазіцыю на дзвярах.

Заслугоўвае ўвагі апісанне скарбніцы ў 1812 годзе. Вось што сведчаць дакументы. Уланскі палкоўнік Кнорынг захапіў замак і пасадзіў упраўляючага Альберта Бургельскага за краты. Праз некалькі дзён у Нясвіж прыехаў генерал-маёр Тучкоў і ўчыніў арыштаванаму допыт. Спачатку яго ўгаворвалі паказаць месца скарбніцы, а потым забілі на яго вачах некалькі служкаў, пагражаючы зрабіць тое ж самае з ім. Бургельскі спалохаўся і паказаў патаемны лёх. Мураваную сцяну разламалі і ўбачылі велізарнае багацце, якое Тучкоў хацеў прысвоіць сабе. Але адмірал Чычагаў даведаўся аб знойдзеных скарбах і загадаў стварыць камісію з вышэйшых афіцэраў. Чычагаў забраў усё, у тым ліку "...серебро и золото в разных особенных штуках". Ён павёз знойдзенае ў Санкт-Пецярбург імператару Аляксандру I. Каштоўнасці займалі некалькі дзесяткаў брычак.

3 снежня 1812 года корпус Тучкова зноў наведаў Нясвіж. Генерал загадаў пасадзіць Бургельскага за краты і не даваць яму есці, пакуль не пакажа іншыя сховішчы. Тучкоў забраў апошняе, што заставалася ў замку. Гэта яму дорага каштавала. За рабаўніцтва замка генерала вызвалілі ад пасады і завялі на яго крымінальную справу. Следства зацягнулася аж да 1826 года, пакуль не вынеслі такое рашэнне: "Генерал-маёр Сергей Александрович Тучков ни в каких злоупотреблениях или покорыствованиях не доказан..." Пад падазрэннем аказаўся і адмірал Чычагаў, які пасля адстаўкі з'ехаў у Францыю і больш ніколі не прыязджаў на Радзіму.

***

Новая гіпотэза ў дачыненні княжацкай скарбніцы з'явілася амаль праз 170 гадоў у 1992 годзе. Робіцца выснова, што яна магла быць схавана ў Мірскім замку, які належаў у той час Радзівілам. У Міры з даўніх часоў існуе народнае паданне аб нібыта схаваных у падвалах незлічоных багаццях. Іх нібыта ахоўвае мярцвяк-прывід, апрануты ў сабалёвую даху, пад якой знаходзіўся стальны панцыр. Мяркуюць, што ў марозным лістападзе 1812 года адбыўся запланаваны выбух, каб схаваць пад руінамі ўваход у падзямелле. Час і падзеі апошняй вайны яшчэ больш разбурылі замак.

На працяху некалькіх дзесяткаў гадоў у Нясвіжы працавалі аматары-скарбашукальнікі. Яны вялі раскопкі каля Міхальскай гары, патаемна працавалі ў крыпце бенедыкцінскага кляштара, у падзямеллях замка.

У жніўні 2001 года ў газеце "Свободные новости" з'явілася інтэрв'ю журналіста Алега Карповіча з чарговым скарбашукальнікам. Герой рэпартажу А. I. Канойка распрацаваў свой метад, які дапаможа, на яго думку, у пошуках скарбаў Радзівілаў. 3 дапамогай біалакацыйнага метада ён раіць шукаць золата ў адгалінаванні падземнага хода каля Нёмана. У час работы А. I. Канойка знайшоў частку хода даўжынёй у сто метраў, дзе і вырашыў шукаць скарб. З ім была і патрэбная тэхніка. Пачалі бурэнне ва ўказаным месцы. На глыбіні 16 м бур спыніўся і зламаўся. Работы прыпынілі.

Не абмінула таямніцу радзівілаўскіх скарбаў і газета "Звязда". У кастрычніку 2001 года тут быў надрукаваны артыкул Уладзіміра Ксенза "Беларускі трохвугольнік. Залаты?" Аўтар у свой час быў старшым афіцэрам спец-службаў і павінен быў апекаваць і ахоўваць сям'ю вядомага пісьменніка Валянціна Пікуля. У гэтай сям'і захоўваўся агромністы архіў, дзе было шмат матэрыялаў пра род Радзівілаў. Аднойчы пісьменнік паведаміў чэкісту, што яго мясцовасць "тоіць у глыбіні стагоддзяў тайну" і назваў тое месца паміж гарадамі Радунь-Ліда- Іўе. У гэтым трохвугольніку было калісьці схавана, па словах Пікуля, татарскае золата. Гэта было ў час княжання Міндоўга, потым Вітаўта. Пікуль сцвярджаў, што татары часта вярталіся на гэтае месца, але золата не знайшлі. А знайшоў яго Міхал Казімір Радзівіл. Дзякуючы гэтаму золату ён пасля страшэннай Паўночнай вайны (1700-1725) занава адбудаваў Нясвіж.

Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, выконваючы запавет продкаў, выліў 12 залатых апосталаў і ўпрыгожыў іх каштоўнымі камянямі. У 1792 годзе ў час штурму Нясвіжскага замка рускімі войскамі радзівілаўская скарбніца была надзейна схавана.

Уладзімір Ксенз заканчвае артыкул так: "Думаю, што цяпер, калі прыадкрыта завеса гісторыі пра залаты "Беларускі трохвугольнік", чытачы будуць больш уважліва прыглядацца да нашай мясцовасці, можа, некаму і наканавана стаць другім - пасля Радзівілаў".

Пошукі агромністых багаццяў Радзівілаў працягваюцца?

Камень-чараўнік

3 даўніх часоў на беразе рэчкі Ушы ляжыц'ь магутны камень-валун. Ён быў сведкам мноства падзей, ведаў безліч цікавых гісторый і паданняў.

У пачатку XX стагоддзя стары князь-ардынат Нясвіжскага замка Антоній Радзівіл выкарыстаў яго для помніка сваёй каханай жонцы Марыі. Калі работу закончылі, князь сказаў:

- Цяпер усе мае жаданні, усе мае мары ў гэтым жыцці спраўдзіліся. Было гэта ў 1903 годзе, а праз год у 1904 годзе князь Радзівіл памёр. 3 той пары стары замшэлы валун называюць каменем-чараўніком. Кажуць, што калі яго абняць, прылашчыць і прашаптаць патаемнае жаданне, то яно абавязкова будзе выканана.

Камень-чараўнік стагоддзямі прыглядаецца да наваколля, уважліва слухае легенды Нясвіжскага замка. Асабліва яго хвалюе легенда пра Барбару Радзівіл. Як і самі Радзівілы, ён лічыць самотны прывід прыгажуні Барбары Белай Дамай, бо яна заўсёды перад жывымі з'яўляецца ў белым убранні і нікому не робіць зла. Чорная дама таксама жыве ў Нясвіжы, лічыць камень-чараўнік.

У канцы XVII - пачатку XVIII стагоддзя жыла ў замку незвычайная пані-гаспадыня. Гэта была Ганна Кацярына з Сангушкаў Радзівіл. Трагічны лёс напаткаў князёўну пры жыцці. Яе бацькі памерлі рана. Ганна выхоўвалася ў кляштары ў Вільні. Па бабцы яна паходзіла з роду Радзівілаў, таму яе апекунамі прызначылі нясвіжскіх ардынатаў. Яна была вельмі багатая, заможная нявеста. Не пытаючыся згоды, князёўну Ганну выдалі замуж за нясвіжскага князя Караля Станіслава. Маладая гаспадыня Нясвіжскага замка не паспела нацешыцца мядовым месяцам, як выбухнула страшэнная вайна. Давялося Радзівілам з'ехаць з Нясвіжа і шукаць прытулку ў іншых месцах. Там раптоўна памірае муж, а за ім пайшлі з гэтага свету і сямёра маленькіх дзяцей. Усіх іх пахавалі ў родавым склепе-крыпце пад касцёлам у Нясвіжы. Калі смерць забрала апошнюю дачку ў дзень вяселля, маці дала слова хадзіць у чорным адзенні да скону. Кажуць, што ніхто з той пары не бачыў усмешкі на твары маці. Пасля смерці яе здань блукае па замку ў чорным адзенні, наводзячы жах на сустрэчных.

Герб роду Радзівілаў

Закончым паданні пра Нясвіж апісаннем герба Радзівілаў, які ўяўляе сабой тры паляўнічыя трубы - "тромбы", якія праславілі магутны род на ўвесь свет.

Кожная рэч Радзівілаў - ад маленькага пярсцёнка да вялізных замкавых гармат, каштоўнасці скарбніцы, карціны, мэбля памячаліся фамільнымі трубамі.

Аб паходжанні герба расказваюць так. Аднойчы адзін з Радзівілаў паляваў разам з польскім каралём і вельмі таму дагадзіў. Кароль захацеў узнагародзіць сябра і загадаў яму затрубіць у паляўнічы рог. Кароль паабяцаў падарыць Радзівілу столькі зямлі, дзе будзе чуцен голас рога. Радзівіл добра пастараўся і атрымаў ладны кавалак зямлі. 3 той пары паляўнічыя трубы сталі гербам Радзівілаў. Пазней іх пачалі размяшчаць на грудзях грознага арла.

__________

Крыніца: К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.


Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Паданні і легенды Нясвіжу і Радзівілаў

подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.