Гаспадарчыя заняткі ў жалезным веку на Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Гаспадарчыя заняткі ў жалезным веку на Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by



Земляробства і жывёлагадоўля.
Паляванне і рыбалоўства.
Хатнія заняткі.
Абмен і гандаль.
Земляробства і жывёлагадоўля.

Асновай гаспадаркі насельніцтва Беларусі з пачатку жалезнага веку з'яўляліся вытвараючыя яе галіны - земляробства і жывёлагадоўля. Аб значэнні гэтых заняткаў сведчаць як даныя археалогіі: знаходкі рэшткаў культурных раслін (як асобна, так і адбіткаў на гліняных гаршках), прылады працы (сярпы, косы, зерняцёркі, жорны), кухонныя рэшткі ад жывёлагадоўлі і палявання), так і даныя палеагеаграфіі (паліналагічныя даследаванні). Трэба адзначыць, што на развіццё гаспадаркі вялікі ўплыў аказвалі знешнія ўмовы (рэльеф, клімат), знешнія сувязі і этнаграфічныя асаблівасці. Таму можна сцвярджаць, што ў гаспадарцы носьбітаў канкрэтных культур або нават іх частак (лакальных культурных груп) значэнне земляробства і жывёлагадоўлі было.розным.

Так, у Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі ў гаспадарцы насельніцтва культур днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі значную ролю адыгрывала падсечнае (ляднае) земляробства, асноўнай зерневай культурай у якім была пшаніца. Прычым для падсекі лясоў пры іх выпальванні маглі шырока выкарыстоўвацца і каменныя сякеры. Аднак можна адзначыць і асаблівасці. Так, для заходнядзвінскага варыянта днепра-дзвінскай культуры на раннім этапе пераважала жывёлагадоўля. Але для насельніцтва смаленскага варыянта гэтай культуры большае значэнне мела земляробства (вялікія высечкі і асвоеныя прасторы вакол гарадзішчаў)[1]. Так і для культуры штрыхаванай керамікі пераважае падсечнае земляробства. Прыродныя ўмовы (моцная забалочанасць тэрыторыі) у Палессі таксама мелі вынікам тое, што ў гаспадарцы насельніцтва мілаградскай культуры вялікую ролю адыгрывала жывёлагадоўля[2].

У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да н.э. у сувязі з пагаршэннем кліматычных умоў (пахаладанне, вялікая вільготнасць) на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, пачынаецца заняпад земляробства, што выклікала неабходнасць прыстасавання. Насельніцтва пачало выкарыстоўваць землі на ўзвышшах і водападзелах. Глебы там былі больш урадлівыя, але патрабавалася больш намаганняў для падрыхтоўкі поля для пасеву. Паселішчы пачынаюць канцэнтравацца каля ўчасткаў з урадлівай глебай.

Яшчэ адным са спосабаў выжывання стала інтэнсіфікацыя жывёлагадоўлі, прычым і ў гэтым занятку можна вызначыць рэгіянальныя асаблівасці. Так, можна сцвярджаць, што для ўсіх культур жывёлагадоўля мела прысядзібны характар. У статку носьбітаў мілаградскай, днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур асноўным відам была буйная рагатая жывёла, аднак іншыя віды жывёл мелі рознае значэнне. Так, у мілаградцаў пасля буйной рагатай жывёлы на другім месцы быў конь, потым свіння і дробная рагатая жывёла[3]. Для днепра-дзвінскага насельніцтва значную ролю адыгрывала развядзенне дробнай рагатай жывёлы (авечак і коз), а потым амаль аднолькавымі па значэнні былі свіння і конь. Для плямён культуры штрыхаванай керамікі на другім месцы па значэнні была свіння, потым дробная рагатая жывёла і конь. Але тут мелі месца лакальныя асаблівасці. Так, на гарадзішчы Івань Слуцкага раёна (поўдзень Беларусі, Перадпалессе) большую частку статка хатніх жывёл складалі авечкі і козы (дробная рагатая жывёла - 39%)[4]. Перавага ў статку коз і авечак (як больш непатрабавальных да знешніх умоў) характэрна для часоў пагаршэння клімату (1-е тысячагоддзе да н.э.) ці адзначаецца на помніках, якія размешчаны на перыферыі арэала культуры, дзе існавалі і фактары знешняй пагрозы, неспрыяльных умоў для гаспадаркі.

Трэба адзначыць, што лакальныя групы апошніх дзвюх культур (у Літве і на Смаленшчыне) мелі зусім іншы склад статка (пераважае свіння, потым буйная і дробная рагатая жывёла). Гэтыя асаблівасці маглі скласціся ў выніку як унутранага развіцця насельніцтва, так і пры знешнім уплыве (для мілаградскай культуры з лесастэпу). Можна таксама адзначыць тэндэнцыю для насельніцтва днепра-дзвінскай культуры Беларусі, а потым і насельніцтва гэтай тэрыторыі ў наступны перыяд да павелічэння колькасці свіней у складзе статка на помніках бліжэй к захаду Беларусі (уплыў жыхароў Прыбалтыкі).

На поўдні Беларусі ў апошняй чвэрці 1 -га тысячагоддзя да н.э. з'яўляюцца плямёны зарубінецкай культуры і земляробства з канца 1-га тысячагоддзя да н.э. пачало тут адыгрываць вядучую ролю. Прыродныя ўмовы Палесся (вялікія паплавы, лёгкія для апрацоўкі і адносна ўрадлівыя глебы, асабліва ў Пагарынні і на тэрыторыі Тураўшчыны, мяккі клімат) спрыялі развіццю вытвараючых форм гаспадарання.

Сярпы і іх фрагменты знойдзены на шэрагу паселішчаў 1-га тысячагоддзя н.э. (Лемяшэвічы, Абідня і Тайманава). Глебу апрацоўвалі драўлянымі ворнымі прыладамі, якія ў насельніцтва Усходняй Еўропы былі вядомы яшчэ з эпохі бронзы.Так, крываградзільнае рала знойдзена ў тарфяніку каля в. Капланавічы Нясвіжскага раёна і адносіцца даследчыкамі да мяжы н.э.[5] Апрацоўка зямлі мела экстэнсіўны характар, выкарыстоўваліся пералог, ляднае і ворнае земляробства. Гэтыя сістэмы суіснавалі на працягу ўсяго 1 -га тысячагоддзя н.э. Поле апрацоўвалі і засявалі да таго часу, пакуль глеба радзіла. Затым яно зарастала і адпачывала да аднаўлення сваёй прыроднай урадлівасці. Не зважаючьі на неабходнасць частай змены дзялянак, такі спосаб вядзення гаспадаркі быў досыць прадукцыйным. Вырошчвалі проса, пшаніцу, ячмень, якія добра растуць нават на дрэнна апрацаванай глебе.


Драўлянае рала з крывым дышалем - старажытнейшае ворнае прыстасаванне земляроба. Наваколле в. Капланавічы Клецкага раёна

З гародніны найбольш распаўсюджанай была рэпа, вядомая ў Цэнтральнай Еўропе з 1-га тысячагоддзя да н.э. Адбіткі яе насення знойдзены на зарубінецкім посудзе. Вырошчвалі таксама лён і каноплі[6].

На працягу ўсяго 1-га тысячагоддзя н.э. у насельніцтва Паўднёвай Беларусі пераважала буйная рагатая жывёла і свінні. Валоў выкарыстоўвалі як цяглавую сілу пры ворыўным земляробстве. Менш было дробнай рагатай жывёлы і коней. Такі склад статка сведчыць пра прысядзібны характар жывёлагадоўлі, калі чарада пасвілася на поплаве паблізу селішча. Зімой жывёлу трымалі ў абароненых ад непагоды месцах, падкормлівалі яе сенам.

Такія ж перамены адбываліся з пачатку 1-га тысячагоддзя н.э. і на астатняй частцы Беларусі. На рубяжы эр пачынаецца шырокае распаўсюджванне культуры жыта, якое найбольш прыстасавана да вырошчвання ў лясной паласе Усходняй Еўропы. Сярод прылад шырокае распаўсюджанне атрымліваюць вырабы з жалеза, якія дазвалялі зрабіць працу больш прадукцыйнай. Да таго ж даныя паліналогіі сведчаць, што ў першыя стагоддзі н. э. пачынае шырока распаўсюджвацца лядна-пераложнае і нават ворнае земляробства. Маглі таксама выкарыстоўвацца драўляныя ралы, а ў якасці цяглавых жывёл, верагодна, конь. Інтэнсіўнасць гаспадаркі ўзрастае і павялічваецца колькасць прадуктаў. Так, аб вялікай колькасці зямных пладоў у эсціяў (старажытных балтаў) пішуць антычныя гісторыкі ўжо ў I-II стст. н.э.

У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя н.э. адбываюцца змены ў рассяленні. Асноўным тыпам паселішча становяцца невялікія неўмацаваныя селішчы. Гэта стала вынікам таго, што асобныя невялікія сем'і ўжо маглі паспяхова весці сваю гаспадарку.
[1]Шмидт Е.А. Племена верховьев Днепра до образования Древнерусского государства С.55-61.
[2]Лошенков М.И. Городища милоградской культуры восточной части Белорусского Полесья: Автореф. дис.... канд. ист. наук. Киев, 1990. С.16,17.
[3]Лошенков М.И. Городища милоградской культуры восточной части Белорусского Полесья: Автореф. дис.... канд. ист. наук. С.16.
[4]Егорейченко А А. Древнейшие городища Белорусского Полесья. Мн., 1996. С. 54 (табл. 4).
[5]Поболь Л.Д. Древнее рало из торфяника у дер. Каплановичи // Acta Baltico-Slavica, Bialystok, 1967. С.117-124.
[6]Пачкова С.П. Господарство східно-слов'янскіх племен нарубежи нашоі ери. Киів, 1974.

Паляванне і рыбалоўства.

Здабываючыя галіны гаспадаркі (паляванне і рыбалоўства) на працягу жалезнага веку маюць значную ўдзельную вагу ў гаспадарцы старажытнага насельніцтва Беларусі. Аднак астэалагічныя калекцыі не прадстаўлены з помнікаў усіх культур, што часта звязана як з аб'ёмам даследаванняў на аб'ектах, так і з умовамі захавання костак у культурным пласце (так, на мілаградскім гарадзішчы косткі амаль не захоўваюцца).

Па складзе астэалагічных калекцый з помнікаў розных культур можна бачыць, што колькасць дзікіх жывёл (падлікі па асобінах) складае ад 13,7% (мілаградская культура)[7] да больш паловы на помніках культуры штрыхаванай керамікі Сярэдняй Беларусі[8].

Аб'ектамі палявання былі многія дзікія жывёлы, што вадзіліся ў Беларусі. У калекцыях вызначана да 12 розных відаў. Таму па спецыялізацыі палявання насельніцтва розных культур можна вызначыць два асноўныя напрамкі: з-за мяса (лось, зубр, тур, алень, кабан і мядзведзь) і з-за футра (астатнія віды, перш за ўсё бабёр). Для большасці плямён асноўным было паляванне з гэтай здабычы мяса.


Зерняцёрка з гарадзішча днепра-дзвінскай культуры. Вёска Сцяпанавічы Гарадоцкага раёна

Але розныя плямёны мелі і тут свае асаблівасці. Так, на Гарошкаўскім гарадзішчы (мілаградская культура) пераважае паляванне з мэтай здабычы мяса (асноўныя аб'екты - лось, дзік і толькі потым бабёр). Насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі Сярэдняй Беларусі палявала ў асноўным на аленя (Кімія, Лабеншчына, Навасёлкі), і толькі жыхары Навасёлак больш здабывалі бабра (да 28,56% ад колькасці дзікіх жывёл)[9]. На паселішчах культуры штрыхаванай керамікі Беларускага Панямоння таксама бачна спецыялізацыя па аб'ектах палявання (жыхары Кашчэліч - на аленя, Малышак - на дзіка, Васькаўцаў - на дзіка і лася). Для жыхароў некаторых гарадзішчаў днепра-дзвінскай культуры таксама характэрна перавага палявання з-за мяса (Урагава, Заронава, Кастрыца)[10]. Верагодна, гэта звязана з асаблівасцямі навакольных ландшафтаў вакол помнікаў. Але несумненна, што калі ўлічыць значную вагу жывёл (зубр - 700-900 кг, лось - 400-500 кг, дзік - да 300 кг, алень - 200 кг), то можна сцвярджаць, што доля мяса дзікіх жывёл у харчаванні старажытнага насельніцтва была даволі значнай.

У той жа час была важнай роля палявання на жывёл, футра якіх магло выкарыстоўвацца для менавага гандлю. Так, на здабыванні бабра і лісіцы спецыялізаваліся жыхары гарадзішчаў днепра-дзвінскай культуры (Буракова Верхнядзвінскага, Кублічы Ушацкага раёнаў) на поўначы Беларусі[11]. Паляванне на бабра пераважала і на раннім этапе засялення гарадзішча Кашчэлічы Валожынскага раёна. Акрамя таго, тут неабходна ўлічыць і тую акалічнасць, што часта на паселішча прыносілі толькі шкуру, якую здымалі яшчэ ў лесе, а таксама тое, што косткі невялікіх пушных звяркоў (бабёр, заяц, барсук) маглі выкарыстоўвацца ў ежу і нават з'ядацца сабакамі.

У культурным пласце паселішчаў жалезнага веку амаль не захавалася рэшткаў рыбы, як і рэшткаў большай часткі прылад рыбалоўства з арганічных матэрыялаў (сетак, езаў). Толькі на Чаплінскім гарадзішчы (але ў недакладна датаваных пластах) знойдзены косткі сама, акуня, плоткі, ляшча, ліня[12]. Толькі знаходкі некаторых прылад (кручкі, астрогі) ( Аўгустова і Кастрыца Лепельскага, Кублічы і Загаваліна Ушацкага, Мазурына Міёрскага, Замошша Полацкага раёнаў)[13], а таксама грузіл да сетак на помніках культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай могуць сведчыць аб занятках рыбалоўствам. У той жа час В. Мельнікоўская сцвярджала аб нязначнай яго ролі ў гаспадарцы носьбітаў мілаградскай культуры.

Пэўнае значэнне для чалавека жалезнага веку захоўвала і збіральніцтва, . асабліва грыбоў, ягад, арэхаў, а таксама здабыча мёду і воску лясных пчол.
[7]Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М, 1967. С. 137.
[8]Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII в до н.э. - VIII в. н. э.). Мн., 1978. С. 44.
[9]Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII в до н.э. - VIII в. н. э.). Мн., 1978. С. 44.
[10]Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985. С. 96 (табл. 9).
[11]Там жа.
[12]Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. С. 139. Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. С. 97.
[13]Гурин М.Ф. Древнее железо Белорусского Поднепровья (I тысячелетие н.э.). Мн., 1982.

Хатнія заняткі.

Да ліку найбольш жыццёва важных заняткаў насельніцтва эпохі жалеза адносяцца наступныя віды рамёстваў: чорная металургія і металаапрацоўка, бронзаліцейная справа, лепка посуду, апрацоўка дрэва, каменю, косці, прадзенне і ткацтва. Кожны з пералічаных відаў рамеснай дзейнасці з'яўляўся неад'емнай часткай патрыярхальнага ўкладу жыцця разнастайных плямён на працягу амаль больш як тысячагадовага адрэзку часу. Узровень хатніх рамёстваў у цэлым заставаўся яшчэ прымітыўным.

Цяжка ацаніць усю значнасць укаранення і выкарыстання жалеза для многіх першабытных калектываў. Для насельніцтва таго часу гэты працэс быў доўгім. Ён расцягваўся не на адно стагоддзе. Так, на поўдні рэспублікі людзі сталі выкарыстоўваць жалезныя прылады працы недзе з VII-VI стст да н.а, а ў цэнтральнай і паўночнай яе частках-толькі ў апошнія (II-I) стагоддзі да н.э.

Выключнае значэнне для атрымання жалеза мелі прыродныя ўмовы Беларусі. Вядома, што сыравінай для такой вытворчасці з'яўляецца жалезная (балотная) руда. Шмат балотнай руды было на Палессі і ў іншых мясцінах краю на нізінах узбярэжжаў рэк, азёр і балот. Вокіснае жалеза - бурыя жалезнякі, ліманіты - залягалі блізка да паверхні, што рабіла іх лёгкадаступнымі радовішчамі сыравіны. Звычайна для металургіі жалеза старажытныя майстры рабілі і выкарыстоўвалі спецыяльныя печы-домніцы. Шахту печы загружалі пластамі драўніннага вугалю, сушанай і здробненай балотнай руды, вапнай у якасці флюсу. У ніжняй частцы печы меліся адтуліны для ўдзімання паветра. Паветра ўдзімалі ў домніцу праз гліняныя трубкі - соплы і ў камеры гарэння стваралі тэмпературу да 1200 ° C. Жалеза атрымлівалася з руды шляхам аднаўлення. У выніку хімічных пераўтварэнняў яно ў выглядзе дробных размякчаных зярнят, якія спякаліся паміж сабой, асядала на дно печы. Аднак жалеза не плавілася, таму што тэмпература ў домніцы была ніжэй за тэмпературу плаўлення. Калі печ астывала, яе разбуралі, каб узяць порыстую крыцу чорнага металу на далейшую апрацоўку. Такі спосаб атрымання жалеза некаторыя даследчыкі называюць сырадутным. Рэшткі сырадутных печаў археолагамі зафіксаваны на ўмацаваных паселішчах насельніцтва розных археалагічных культур: днепра-дзвінскай (Кастрыца Лепельскага, Кублічы Ушацкага, Канькі Віцебскагараёнаў), штрыхаванай керамікі (Кісцяні Рагачоўскага, Аздзяцічы, Слабодка Барысаўскага, Свідна Лагойскага, Лабеншчына Мінскага раёнаў), зарубінецкай культуры (Чаплін Лоеўскага раёна). У той жа час насельніцтва мілаградскай культуры на паўднёвай ускраіне Беларусі вытворчасцю жалеза займалася за межамі гарадзішчаў, у мэтах супрацьпажарнай бяспекі.

Старажытныя майстры-металургі з'яўляліся адначасова і кавалямі. Атрыманае крычнае жалеза было яшчэ не прыгоднае, каб з яго рабіць вырабы. Порыстую. крыцу зноў разагравалі, а потым пракоўвалі, каб выдаліць з яе шлакі і зрабіць кавалак жалеза больш шчыЛьным, пераўтварыўшы яго такім чынам у нарыхтоўку. Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што молаты і накавальні ў металургаў-кавалёў былі каменныя. Такія прылады знойдзены на двух гарадзішчах: Буракова Гарадоцкага і Малышкі Вілейскага раёнаў. Мноства разнастайных жалезных вырабаў на археалагічных помніках сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. - сярэдзіны 1-га тысячагоддзя н.э. сведчыць аб параўнаўча высокай тэхніцы апрацоўкі жалеза кавалямі. Яны выраблялі асноўныя прылады працы (сякеры, сярпы, цёслы, нажы), узбраенне (коп'і, дроцікі, наканечнікі стрэл), упрыгожанні (шпількі, бранзалеты, кольцы, фібулы), прадметы побыту (шылы, іголкі). У гэтым асартыменце ёсць не толькі простыя, але і складаныя па тэхніцы выканання прадметы.


Жалезныя прылады працы насельніцтва жалезнага веку Беларусі

Металаграфічнае вывучэне М. Гурыным[14] шасці сярпоў з помнікаў днепра-дзвінскай культуры і больш за 60 прадметаў мілаградскай культуры даюць некаторае ўяўленне аб кавальскім майстэрстве мясцовых майстроў. Устаноўлена, што большасць прадметаў выраблена са звычайнага жалеза, а значная частка металічных вырабаў мілаградцаў - з сырцовай (нізкаякаснай) сталі і невялікая колькасць - з высокавугляродзістай сталі. Больш за 10 мілаградскіх вырабаў мелі даволі складаныя тэхналагічныя схемы: пакеціраванне нарыхтовак, цэментацыю, зварку жалеза са сталлю, загартоўку. Несумненна, што прымяненне складаных тэхналогій значна паляпшала якасць прадметаў. I можна сцвярджаць, што некаторыя старажытныя кавалі добра валодалі складанымі тэхналогіямі вытворчасці дабраякасных прылад. Тым не менш большую частку кавальскай прадукцыі складалі рэчы, зробленыя шляхам свабоднай гарачай коўкі па прасцейшай тэхналогіі.

Жанчыны ў жалезным веку шырока выкарыстоўвалі разнастайныя бронзавыя ўпрыгожанні. Да такіх вырабаў адносяцца бранзалеты, грыўні, завушніцы, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, шпількі, фібулы, трапецападобныя падвескі, каралі і г.д. На кожным даследаваным помніку археолагі заўсёды знаходзяць бронзавыя рэчы. Адказаць жа на пытанне, адкуль да нас трапляла бронза або гатовыя вырабы, складана. Большасць даследчыкаў схіляецца да думкі, што галоўныя пастаўкі ішлі з паўднёва-заходніх і паўднёвых тэрыторый. Гэтай думцы не пярэчыць і хімічны склад некаторых вырабаў насельніцтва мілаградскай і зарубінецкай культур. У той жа час сустракаюцца прадметы, якія прама сведчаць аб мясцовым характары бронзаліцейнай справы. Пацвярджаецца гэта знаходкамі тыгляў - невялікіх керамічных пасудзін для плаўкі металу, льячак-невялікіх гліняных лыжачак для іх разліўкі, абломкамі ліцейных форм. Тым не менш трэба адзначыць, што на тэрыторыі Беларусі няма радовішчаў зыходных кампанентаў для вытворчасці бронзы (медзі, волава, свінца, цынку). Таму хутчэй за ўсё сыравіна трапляла да мясцовага насельніцтва ў выглядзе зліткаў гатовай бронзы або асобных яе састаўных частак: медзі, волава, свінцу. Мясцовыя майстры бронзаліцейнай справы маглі адліваць вырабы і з рэчаў, якія ўжо прыйшлі ў нягоднасць ці зламаліся.

Бронза плавіцца пры невысокай тэмпературы (700- 900 °С). Само ліццё адбывалася некалькімі спосабамі ў залежнасці ад канструкцыі форм. Так, плоскія прадметы адліваліся ў аднастворкавых формах, зробленых з каменю або гліны. Больш складаныя патрабавалі састаўных форм з некалькіх створак, якія трэба было звязваць паміж сабой. I нарэшце, больш распаўсюджаным было ліццё па васковай мадэлі. У апошнім выпадку для атрымання ўпрыгожанняў форму абавязкова разломвалі. Ліцейныя формы па васковых узорах былі толькі аднаразовага карыстання.

Амаль паўсотні бронза-вых і медных прадметаў з помнікаў Паўднёвай Беларусі былі прааналізаваны з дапамогай спектральнага аналізу. Устаноўлена, што пераважная большасць вырабаў складаецца з алавяна-свінцовай, затым з алавяна-свінцова-мыш'яковай і пароўну з алавянай і алавяна-мьш’яковай бронзы.


Упрыгожанні і дэталі вопраткі зарубінцаў: шпількі, бранзалеты, фібула, падвеска і круглая бляшка

Калі з насельніцтвам мілаградскай і зарубінецкай культур сітуацыя з атрыманнем бронзы больш-менш зразумелая, то ў дачыненні да плямён штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культур можна выказваць толькі меркаванні. Відаць, гэта насельніцтва бронзу ці вырабы з яе атрымлівала праз паўночна-заходні (прыбалтыйскі) шлях.

Выраб глінянага посуду займаў значнае месца ў працоўнай дзейнасці старажытнага чалавека. Яго шырокае выкарыстанне пачалося яшчэ ў канцы каменнага веку (у неаліце). Таму такі від рамяства, як лепка посуду, сфарміраваўся яшчэ да жалезнага веку. Нягледзячы на тое што майстэрства ганчароў ужо абапіралася на вопыт папярэднікаў, у эпоху жалеза былі свае адметныя асаблівасці і ў гэтага віду дзейнасці. Вытворчасць посуду ў разглядаемы час, як чорная, так і каляровая металургія ўяўлялі сабой складаны працэс. Ён уключаў шэраг паслядоўных тэхналагічных ступеняў: падрыхтоўку сыравіны, фармоўку вырабаў, апрацоўку паверхняў і абпальванне. Майстры-ганчары карысталіся звычайна радовішчамі тых глін, што знаходзіліся паблізу паселішчаў. Гэта былі пераважна нятлустыя гліны азёрна-алювіяльнага паходжання. Трэба адзначыць, што ўзровень майстэрства ганчароў у насельніцтва розных археалагічных культур быў прыкладна аднолькавы. Яны добра ведалі зыходную сыравіну і ў час прыгатавання цеста дасыпалі ў гліну патрэбную колькасць дамешак, каб зменшыць растрэскванне і дэфармацыю вырабаў у час іх абпалу. Такімі дамешкамі з'яўляліся здробнены валунны камень (жарства), бітая кераміка (шамот), а іншы раз і балотная руда. Безумоўна, што яны дабаўляліся ганчаром у пэўнай прапорцыі. Посуд ляпілі стужкавым метадам. Месца злучэння стужак загладжвалі. Потым апрацоўвалі паверхні гаршкоў, місак, кубкаў. Частка гаршкоў аздаблялася ўзорамі з ямкавых уцісканняў. Некаторая частка посуду пакрывалася штрыхамі. Малая колькасць пасудзін глянцавалася. Абпальвалі майстры-ганчары посуд у адкрытых вогнішчах пры тэмпературы ад 500 да 750 ° С.

Калі сам працэс лепкі быў аднолькавы, то формы пасудзін у розных плямён былі неаднолькавымі. Так, у днепра-дзвінцаў, штрыхавікоў і зарубінцаў увесь посуд быў з плоскім дном, а вось у мілаградцаў - з акруглым. Плямёны зарубінецкай культуры шмат ляпілі глянцаваных місак і гаршкоў. Днепра-дзвінскія плямёны карысталіся пераважна пасудзінамі слоікавай і слабапрафіляванай формы. Менавіта ў формах посуду яскрава адлюстроўвалася ўстойлівасць традыцый керамічнай вытворчасці.

Чалавек пачаў выкарыстоўваць дрэва для сваіх мэт з даўніх часоў. У пясчанай глебе яно дрэнна захоўваецца, таму пры раскопках помнікаў жалезнага веку амаль не сустракаецца. Безумоўна, што з дрэва рабілі рукаяткі для нажоў, сярпоў, шылаў і сякер. Выкарыстоўвалася яно і для стрэл і дрэўкаў колючай зброі. Амаль выключна з дрэва будаваліся жытло і гаспадарчыя памяшканні, узводзіліся абарончыя канструкцыі.

Людзі добра ведалі якасці розных парод дрэва. На будаўнічыя мэты пераважна ішлі сасна і елка. Пасудзіну выразалі з лісцевага дрэва. З яго ж выдзёўбвалі і чоўны-аднадрэўкі. А вось з цэлай дубовай расохі зроблена старажытнейшая на Беларусі ворная прылада працы - крываградзільнае рала.

Пры даследаванні паселішчаў жалезнага веку атрыманы пераканаўчыя доказы, што іх жыхары валодалі даволі разнастайнымі прыёмамі апрацоўкі каменю і асабліва рога, пралі з воўны і раслінных валокнаў ніткі, ткалі тканіны, якія ішлі пераважна на шыццё вопраткі.
[14]Крапоткин В.В. Клады римских монет. М., 1961; Ён жа. Римские импортные изделия. М., 1970.

Абмен і гандаль.

Асаблівасці знешніх сувязяў насельніцтва Беларусі характарызаваліся некаторымі акалічнасцямі. Тут існавала патрэбнасць у сыравіне каляровых металаў з-за адсутнасці мясцовых крыніц, праз Беларусь у гэты час і амаль да VIII-IX стст. н.э. не праходзілі вядомыя старажытныя гандлёвыя шляхі, на Беларусі адсутнічаюць радовішчы якіх-небудзь каштоўнасцей для гандлю, як, напрыклад, бурштын на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Таму паступленне рэчаў з іншых тэрыторый было найперш вынікам міжпляменных кантактаў і можа служыць важным індыкатарам як гандлёвых, так і культурных сувязяў.

Так, на раннім этапе (IX-VII стст. да н.э.) вядомы знаходкі двух скарбаў і некалькіх асобных бронзавых рэчаў, пераважна прылад працы. Значную частку іх складаюць бронзавыя сякеры тыпу Мелар, якія маглі трапляць на Беларусь праз гандлёвы шлях, што звязваў Швецыю, Прыбалтыку і Паволжа па Дзвіне.

На ўсходзе існавала адгалінаванне гэтага шляху, якое звязвала Вёрхняе Падняпроўе (Смаленшчыну) праз басейн Дзясны з Сярэднім Падняпроўем, адкуль паступалі каляровы метал (з Карпацкіх радовішчаў) і ўпрыгожанні - бранзалеты са спіралямі. Некалькі пазней на тэрыторыях, занятых насельніцтвам падгорцаўскай, юхнаўскай і днепра-дзвінскай (Смаленшчына) культур, сустракаюцца ўпрыгожанні, зробленыя ў ажурным стылі. Са Смаленшчыны яны (падвескі, шыйная грыўня) траплялі і на Беларусь.

Пазней, у VII-III стст. да н.э., сустрэта вялікая колькасць рэчаў (14 месцазнаходжанняў) , якія трапілі ад плямён скіфскай культуры. Сярод іх пераважаюць прадметы ўзбраення, перш за ўсё бронзавыя наканечнікі стрэл і рыштунку конніка і баявога каня, прылады працы, сустракаюцца вырабы паўсядзённага ўжытку, нават бронзавыя люстэркі. Асноўная частка знойдзена на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі ў арэале мілаградскай культуры.

Да насельніцтва астатніх культур скіфскія вырабы траплялі ў выніку міжпляменнага абмену (для днепра-дзвінскай культуры Беларусі праз Смаленшчыну, для культуры штрыхаванай керамікі - праз Польшчу). Па распаўсюджванні найбольш масавых знаходак, якімі з'яўляліся наканечнікі стрэл, можна сцвярджаць, што рэчы ад скіфаў траплялі ў два асноўныя перыяды: ранні - VII-VI/V стст. да н.э. і позні - IV-III стст. да н.э. Цікава, што перыяды пранікнення скіфскіх рэчаў на Беларусь супадаюць з перыядамі іх паступлення ў Польшчу. Такое чаргаванне актывізацыі і заняпаду кантактаў сведчыць, што гэтыя сувязі звязаны з перыядамі актыўнасці на поўдні (набегі качэўнікаў на паўночных суседзяў) і не мелі значнага ўплыву на развіццё культур Беларусі.

Са знікненнем скіфскай культуры ў IV-III стст. да н.э. усталёўваюцца сувязі з латэнскім светам (10 месцазнаходжанняў). Першапачаткова трапляюць фібулы ранніх тыпаў (духцаўскага тыпу), а таксама бранзалеты, упрыгожаныя нарэзкамі і выступамі (так званага латэнскага тыпу).. Гэты. ўплыў абмяжоўваецца ў асноўным толькі поўднем і ўсходам Беларусі, дзе жылі плямёны мілаградскай і днепра-дзвінскай культур. Месцазнаходжанні такіх рэчаў дазваляюць гаварыць аб існаванні шляху зносін па р. Сож на поўнач.

VII ст. да н.э. на поўдні Беларусі з'яўляюцца помнікі зарубінецкай культуры. Сярод імпартных рэчаў, што паступалі да яго насельніцтва і потым да суседзяў, варта адзначыць шкляныя пацеркі. Найбольшая іх колькасць вядома з могільніка Чаплін (больш за 1000 пацерак).

У рымскі час (I-V стст. н.э.) інтэнсіўнасць знешніх сувязяў павялічваецца (вядома 67 месцазнаходжанняў), што звязана з вялікім уплывам - Рымскай імперыі на тагачасны варварскі свет. Асноўная частка знаходак (правінцыяльна-рымскія рэчы і рымскія срэбраныя манеты) адносяцца да I-III стст. н.э.1 Знойдзена больш як 30 месцазнаходжанняў рымскіх манет, сярод якіх асабліва вылучаецца скарб з Клімавічаў (1815 манет). У гэты час складваюцца два рэгіёны з рознымі напрамкамі сувязяў. Так, значная колькасць знаходак размяшчаецца ў заходняй і паўночна-заходняй частках Беларусі, у асноўным уздоўж Нёмана. Гэта сведчыць пра заходні і паўднёва-заходні кірунак сувязяў праз адгалінаванні Бурштынавага шляху, які звязваў правінцыі Рымскай імперыі (Норык і Панонію) з Прыбалтыкай (Прусіяй і Заходняй Літвой). У паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі рэчы і манеты маглі трапіць таксама ў выніку міжпляменнага абмену з поўдня, ад гарадоў Паўночнага Прычарнамор'я. Пазней, з сярэдзіны III ст. н.э. колькасць знаходак рэзка скарачаецца з прычыны крызісу Рымскай імперыі.

У больш позні час сустракаюцца толькі асобныя знаходкі залатых рымскіх манет IV-V стст. н.э. на паўночным захадзе Беларусі. Але ў многіх культурах Усходняй Еўропы (таксама сустракаюцца ў Польшчы, нават Фінляндыі і Швецыі) у III-V стст. н.э. распаўсюджваюцца рэчы, упрыгожаныя выемістымі эмалямі. Было некалькі рэгіёнаў скаплення такіх знаходак, дзе магла існаваць і іх вытворчасць (Мазурыя і Усходняя Літва, Сярэдняе Падняпроўе, Эстонія, цэнтральная частка Расіі (па р. Ацэ)). На Беларусі вядома толькі шэсць месцазнаходжанняў рэчаў з эмалямі, сярод якіх вылучаецца скарб з Чырвонага Бору Лагойскага раёна (частка параднай вупражы каня - срэбраныя пласціны і рэчы з эмалямі). Па тэхніцы выканання гэтыя рэчы падобныя на знаходкі з Усходняй Літвы. Астатнія знаходкі на Беларусі прадстаўлены ўпрыгожаннямі (фібулы, падвескі-лунніцы), значная частка якіх знойдзена на помніках кіеўскай культуры Верхняга Падняпроўя. Вядомы тут і знаходкі (фібулы воінскага тыпу IV ст. н.э. і, верагодна, жорны), якія трапілі ад насельніцтва чарняхоўскай культуры з Паўночнага Прычарнамор'я, Такім чынам, і ў III-V стст. н.э. захоўваюцца два асноўныя напрамкі кантактаў насельніцтва Беларусі ( з захаду і паўднёвага ўсходу).

А.Мядведзеў, М.Лашанкоў

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Гаспадарчыя заняткі ў жалезным веку на Беларусі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.