Жанравы склад беларускай народнай прозы

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Жанравы склад беларускай народнай прозы. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

У складанай сістэме жанраў беларускага фальклору значнае месца займае народная проза. Апавядальныя, або празаічныя, жанры беларускай вуснапаэтычнай творчасці таксама ўяўляюць сабой пэўную, звязаную з агульнай жанравую сістэму, якая ў сваю чаргу падзяляецца на падсістэмы. Яны аб'ядноўваюць самыя разнастайныя па функцыях, паэтыцы, асаблівасцях адлюстравання рэчаіснасці, сістэме вобразаў, ідэйна-тэматычным змесце, часе паходжання і іншых параметрах творы, агульнай вызначальнай рысай якіх з'яўляецца празаічная мова. Проза - тып, форма мастацкага слова, яна ж разумеецца як арганізацыя, будова мовы. У адрозненне ад звычайных (бытавых) тэкстаў, якія ўзнікаюць у штодзённай моўнай практыцы людзей, тэксты фальклорныя вылучаюцца традыцыйнасцю, уключанасцю ў працэс бытавання, шматразовай перадачы з вуснаў у вусны, ад пакалення да пакалення, устойлівасцю формы і зместу. Творы апавядальных жанраў звычайна супрацьпастаўляюцца вершаваным (песенным), ад якіх адрозніваюцца не толькі спецыфічнай формай перадачы думак і пачуццяў. Вершаваныя жанры звычайна звязаны з мелодыямі, у той час як апавядальныя - з моўнай інтанацыяй.
Класіфікацыя народнай прозы

Дыяпазон апавядальных жанраў вельмі шырокі - ад казак пра незвычайныя прыгоды мужных асілкаў і іх чарадзейных памочнікаў да ўспамінаў, апавяданняў аўтабіяграфічнага плана, чутак, якія мяжуюць са звычайнай моўнай практыкай людзей, з якой не заўсёды іх можна дакладна вылучыць. Побач з устойлівымі жанравымі формамі, якія выкрышталізаваліся і трывала замацаваліся традыцыяй, існуюць розныя пераходныя формы. Такая пярэстасць і разнастайнасць матэрыялаў патрабуе іх дакладнай класіфікацыі, вызначэння жанравай прыналежнасці, спецыфікі, жанравых межаў.

Праблема класіфікацыі апавядальных матэрыялаў, як і ўвогуле праблема класіфікацыі і сістэматызацыі ў фалькларыстыцы, набыла агульнатэарэтычны і міжнародны характар. Да яе звярталіся прадстаўнікі розных школ і напрамкаў у сусветнай фалькларыстыцы, у тым ліку А. Аарнэ і С. Томпсан, выдатныя славянскія вучоныя Й. Поліўка, Ю. Кшыжаноўскі, А. Андрэеў, У. Я. Проп, многія сучасныя даследчыкі: В. Я. Гусеў, М. У. Новікаў, С. М. Азбелеў, У. П. Анікін і інш. Шэраг прац праблеме класіфікацыі вуснай народнай прозы прысвяціў К. В. Чыстоў, які асвятліў гісторыю пытання, прааналізаваў найбольш пашыраныя канцэпцыі і, абапіраючыся на працы папярэднікаў, прапанаваў уласныя падыходы[1].

Сістэма апавядальных жанраў у фалькларыстыцы традыцыйна падзяляецца на дзве падсістэмы ў залежнасці ад таго, якая функцыя ў іх з'яўляецца дамінуючай. У адных творах асноўная функцыя - эстэтычная, у іншых - інфарматыўная. Першыя адносяцца да казкавай прозы, другія - да няказкавай. К. В. Чыстоў прапануе яшчэ некалькі крытэрыяў для жанравага размежавання народнай прозы: супрацьпастаўленне па прыкмеце верагоднасць-неверагоднасць, наяўнасць або адсутнасць звышнатуральных вобразаў у творах няказкавай прозы; дыферэнцыяцыя па часе, які адлюстраваны ў творы; па яго лакальнай прымеркаванасці або непрымеркаванасці і інш. Адпаведна ён вылучае тры групы - казкі, няказкавыя жанры і небыліцы, хаця, на нашу думку, апошнія цалкам адпавядаюць крытэрыю неверагоднасці, што дазваляе аднесці іх у адну падсістэму казкавай прозы.

У сваім дакладзе на навуковай канферэнцыі "Прозаические жанры фольклора народов СССР" мы таксама прапанавалі падзяліць беларускі фальклорны празаічны матэрыял на тры асноўныя групы, паміж якімі магчымы і пераходныя з'явы. У першую былі ўключаны творы казкавай прозы - казкі, анекдоты, небыліцы, у другую - творы няказкавай прозы з больш-менш устойлівымі жанравымі межамі - легенды і паданні, а ў трэцюю - розныя віды вуснага народнага апавядання - вусныя сказы, апавяданні аб мінулым, аўтабіяграфічныя апавяданні і інш. Па свайму эстэтычнаму пачатку, па казачнаму характару апавядання да першай групы набліжаюцца былічкі, хаця функцыянальна яны ў многіх выпадках бліжэй да другой[2].
Няказкавая проза

I першая, i другая схемы патрабуюць некаторых удакладненняў і тлумачэнняў, асабліва ў адносінах жанраў няказкавай прозы. Як адзначалася, падсістэма няказкавай прозы ўключае шэраг разнастайных жанраў, межы якіх не заўсёды выразныя, але галоўная функцыя ўсіх гэтых твораў - інфармацыйная - аб'ядноўвае іх, хаця зусім не пазбаўляе адметнасці. Вучоныя бачылі яе ў марфалогіі, асаблівасцях мастацкай формы і іншым, але найбольш істотным, на наш погляд, трэба лічыць асаблівасці ў адлюстраванні рэчаіснасці. Падзяляючы няказкавую прозу на дзве галіны, К. В. Чыстоў галоўную розніцу паміж імі бачыць у тым, што "адна з іх мае ў аснове станоўчыя веды аб паўсядзённым (сапраўдныя або ўяўныя), другая - вераванні і народжаныя імі ўяўленні аб чарадзейным"[3]. Да першай галіны ён адносіць паданні, сказы, да другой - легенды, былічкі. У той ці іншай ступені да гэтых высноў набліжаюцца думкі, выказаныя С. М. Азбелевым і М. Я. Грынблатам у сувязі з размежаваннем паданняў і легенд. Першы з іх сцвярджаў, што "ва ўсіх выпадках паданне, калі яно застаецца такім, не змяшчае ў сваёй аснове цудадзейнага, г. зн. такога, прынцыповую мажлівасць чаго немагчыма дапусціць. У гэтым карэннае адрозненне падання ад легенды"[4].

Прыводзячы гэтую цытату С. М. Азбелева, М. Я. Грынблат тут жа катэгарычна абвяргае яе: "Не можа гэта служыць каранным адрозненнем, бо элементы цудадзейнага не чужыя і некаторай частцы паданняў"[5]. Аднак крыху вышэй, вызначаючы мяжу паміж легендамі і паданнямі, ён, па сутнасці, паўтарыў сваіх папярэднікаў, у тым ліку і С. М. Азбелева. "Тыя вусныя апавяданні, - пісаў М. Я. Грынблат, - у якіх народ прыпісваў паходжанне той або іншай з'явы (звычайна прыроднай) нейкай звышнатуральнай сіле ці Богу, мы адносім да легенд. Тыя ж народныя апавяданні, у якіх узнікненне розных з'яў (звычайна сацыяльных) тлумачылася дзейнасцю людзей, павінны быць аднесены да паданняў"[6].

Як бачым, ва ўсіх выпадках, ва ўсіх канцэпцыях мяжа паміж легендамі і паданнямі, якая падзяляе не толькі гэтыя жанры, але ўсю астатнюю няказкавую прозу, вызначаецца адносінамі да рэчаіснасці: станоўчыя веды (сапраўдныя або ўяўныя) ці вера ў існаванне звышнатуральных сіл ляжаць у аснове твораў. Прымаючы падзел няказкавай прозы на дзве галіны, паспрабуем напоўніць гэту схему рэальным матэрыялам, дастасаваць да беларускага фальклору. Жанры, якія абапіраюцца на станоўчыя (рэальныя або ўяўныя) веды аб з'явах, што пакладзены ў цэнтр апавядання, прадстаўлены галоўным чынам паданнями і разнастайнымі вуснымі апавяданнямі. У сваю чаргу паданні па аб'екту апавядання і зместу падзяляюцца на некалькі груп. Вылучаюць паданні гістарычныя, мясцовыя, тапанімічныя, этнагенетычныя, паданні пра скарбы, этыялагічныя і інш. Некаторыя паданні, напрыклад пра скарбы, набліжаюцца да легенд.
Гістарычныя паданні

У беларускім фальклоры значнае месца займаюць паданні гістарычныя - творы пра падзеі або гістарычных асоб, якія мелі месца ў сапраўднасці, рэальна існавалі. Маючы гістарычную аснову, гэтыя творы ў той ці іншай ступені маглі аддаляцца ад яе, надаваць падзеям своеасаблівую інтэрпрэтацыю. Беларускія гістарычныя паданні ў асноўным звязаны з тымі падзеямі, якія ўвайшлі ў нашу гісторыю, пакінулі след і ў дакументах, і ў памяці народа, - з барацьбой супраць татар, крыжаносцаў, шведаў, французаў і іншых захопнікаў. Да гістарычных паданняў некаторыя даследчыкі адносяць таксама паданні генеалагічныя - аб паходжанні пэўнага роду, этнасу.

Калі размеркаваць увесь гэты матэрыял у храналагічнай паслядоўнасці, атрымаецца цікавы малюнак гістарычнага жыцця нашага народа, у якім пераплятаюцца рэальнасць і выдумка: будаўніцтва асілкамі на тэрыторыі Беларусі паселішчаў, ад якіх зараз засталіся рэшткі старажытных гарадзішчаў ды раскіданыя навокал вялікія камяні, якімі нібыта яны палявалі на звяроў; барацьба з крыжаносцамі, пра што гавораць паданні аб "крыжацкіх могілках"; паданні аб нападах татар і асобных бойках з імі; паданні пра вайну са шведамі, у прыватнасці пра сражэнне пад Лясной; паданні пра Айчынную вайну 1812 года, у тым ліку і паданні пра пагібель генерала Платава на беларускай зямлі як яе мужнага абаронцы, і інш. Варта адзначыць адносную ўстойлівасць мастацкай формы гэтых паданняў, наяўнасць у іх традыцыйных матываў.

З гістарычнымі фактамі могуць быць звязаны і некаторыя мясцовыя паданні, да якіх звычайна адносяць тапанімічныя і гідранімічныя творы, якія тлумачаць паходжанне назваў населеных пунктаў, урочышчаў, іншых геаграфічных аб'ектаў. Шырока вядомы паданні пра паходжанне назваў гарадоў Гомель, Нясвіж, а таксама многіх іншых гарадоў і больш дробных населеных пунктаў. Існуюць мясцовыя паданні пра курганы, гарадзішчы, буйныя камяні.
Вусныя сказы

Калі паданні, як ужо адзначалася, маюць больш-менш устойлівую форму, замацаванае традыцыяй кола матываў і сюжэтаў, што дае магчымасць іх сістэматызаваць, ствараць паказальнікі, вусныя апавяданні, або сказы, якія ўваходзяць у адну з імі падгрупу народнай прозы і выконваюць тую ж дамінантную функцыю, падобнай устойлівай формы не маюць, што ўскладняе іх класіфікацыю. Звычайна вусныя сказы адлюстроўваюць сучаснасць або недалёкае мінулае і знаходзяцца на мяжы бытавой размовы і мастацкага абагульнення. Да іх адносяцца аўтабіяграфічныя апавяданні і ўспаміны аб падзеях, сведкам якіх быў выканаўца (мемараты), розныя чуткі і пагалоскі і інш.

Не маючы ўстойлівай традыцыйнай мастацкай формы, вусныя сказы доўгі час заставаліся па-за ўвагай збіральнікаў і даследчыкаў. Асноўны іх фонд быў запісаны ў другой чвэрці XX ст., хаця асобныя ўзоры - аўтабіяграфічныя апавяданні - былі апублікаваны ў канцы XIX ст. П. В. Шэйнам[7], А. Я. Багдановічам[8], У. М. Дабравольскім[9]. Вялікую пазнавальную каштоўнасць маюць апублікаваныя Шэйнам апавяданні беларускіх сялян аб перажытых імі падзеях Айчыннай вайны 1812 г., пра жыццё ў лясах, дзе яны не толькі хаваліся ад ворага, але і змагаліся з ім. Іншая тэматыка апавяданняў, апублікаваных Багдановічам і Дабравольскім. Тут гаворка ідзе пра паўсядзённае жыццё беларускіх сялян пры прыгоне і пасля яго адмены, адлюстраваны не толькі сацыяльныя супярэчнасці, але і многія асаблівасці быту, народнае звычаёвае права і інш.

Вусныя сказы, запісаныя ў 20-30-х гадах XX ст. - гэта ў значнай сваёй частцы ўспаміны рабочых і сялян аб недалёкім ад іх па часе дарэвалюцыйным жыцці. У творах амаль абавязкова прысутнічае супрацьпастаўленне цяжкага мінулага жыцця рэальным і ўяўным дасягненням тагачаснага, у чым адчуваюцца пэўныя прыкметы заідэалагізаванасці, якая з цягам часу выступае ў фальклорных зборніках усё больш выразна. Вусныя апавяданні закраналі і падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, і тагачаснае жыццё з яго хуткімі зменамі, звязанымі з індустрыялізацыяй і калектывізацыяй, з жорсткай барацьбой супраць рэлігіі і яе служыцеляў. У пераважнай большасці гэта былі "разавыя" творы, якія не ўвайшлі ў традыцыю, не атрымалі шырокага распаўсюджання, хаця аўтары іх часам звярталіся і да здабыткаў фальклорнай паэтыкі.

Новым зместам напоўніліся вусныя сказы ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе. Успаміны, аўтабіяграфічныя апавяданні адлюстравалі нямала важных падзей, якія характарызуюць і подзвігі асобных партызан, і мужнасць усяго нашага народа, і яго бязмерныя пакуты ў фашысцкай няволі. Гэтыя апавяданні з'яўляюцца важнай крыніцай, якая дазваляе глыбей асэнсаваць лес народа ў вогненныя гады, наблізіцца да спасціжэння "праўды вайны". Менавіта праз вусныя апавяданні людзей, якія былі асуджаны акупантамі на смерць, але цудам выратаваліся з палаючых хат, свірнаў ці іншых пабудоў, дзе жывымі былі спалены іх аднавяскоўцы, імкнуліся паказаць пакуты беларусаў і нечалавечую жорсткасць ворагаў беларускія пісьменнікі А. Адамовіч, Я. Брыль і У. Калеснік у кнізе "Я з вогненнай вёскі...", куды ўвайшлі запісаныя на магнітафон і дакладна перададзеныя дзесяткі ўспамінаў пра перажытае.
Легенды і былічкі

Другая галіна няказкавай прозы аб'ядноўвае творы з той жа дамінантнай функцыяй, што і першая, - інфармацыйнай, але абапіраюцца яны ў сваіх тлумачэннях тых або іншых з'яў ці аб'ектаў не на станоўчыя веды, а на розныя вераванні і звязаныя з імі ўяўленні аб існаванні розных звышнатуральных сіл і істот. Сюды ўваходзяць легенды і былічкі.

Адносна жанравых межаў легенд таксама, як і ў дачыненні іншых жанраў народнай прозы, выказваліся розныя погляды. Акрамя праблемы размежавання легенд і паданняў, пра якую было сказана вышэй, не менш вострай аказалася праблема размежавання легенды і казкі. Уведзеныя даследчыкамі тэрміны "легендарная казка", "казка-легенда" толькі падкрэсліваюць вастрыню праблемы, але не вырашаюць яе.

У строгім разуменні тэрміна да легенд адносяцца вусныя апавяданні, звязаныя з хрысціянскім веравучэннем, у якіх створаны вобразы Бога, святых, але з цягам часу ўсё больш адчуваецца тэндэнцыя пашырэння межаў жанру. Паводле тэрміналагічнага слоўніка, тэрмін "легенда" "адносіцца да празаічных твораў, якія фантастычна асэнсоўваюць (на падставе распаўсюджаных у народным асяроддзі рэлігійных, гістарычных, сацыяльна-ўтапічных, этычных поглядаў) падзеі, што адносяцца да з'яў нежывой прыроды або да свету раслін, жывёл, людзей (плямёнаў, народаў, асоб), звышнатуральных істот (Бог, святыя, анёлы, нячыстыя духі)"[10]. У той жа час з усёй сукупнасці разнастайных легенд вылучаюцца творы, якія па асаблівасцях мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, па сатырычнай накіраванасці набліжаюцца да сацыяльна-бытавых казак і аб'ядноўваюцца памянёным вышэй тэрмінам "легендарныя казкі"[11].

У беларускім фальклоры прадстаўлены розныя сюжэтна-тэматычныя групы легенд, значная частка якіх была апублікавана Е. Р. Раманавым у чацвёртым выпуску "Белорусского сборника" (Витебск, 1891). Сярод іх касмаганічныя легенды аб стварэнні сусвету; хрысціянскія (апакрыфічныя) легенды пра Бога і святых, якія нібыта хадзілі па зямлі, пра грэшніка, які спрабуе заслужыць збавенне; зааганічныя легенды пра паходжанне розных жывёл і птушак (мядзведзя, бусла); этнаганічныя і інш. Найбольш поўна яны прадстаўлены ў томе БНТ "Легенды і паданні" (Мн., 1983), дзе ўвесь матэрыял размеркаваны па трох раздзелах: "Пра паходжанне сусвету, зямлі, чалавека, жывёл, раслін", "Пра паходжанне плямён, народаў, класаў і розных сацыяльных з'яў", "Пра Бога, святых, народныя святы і вераванні. Страхі". Як можна меркаваць па гэтых класіфікацыйных рубрыках, беларускія легенды вельмі разнастайныя па тэматыцы, вобразах, ідэйнай накіраванасці.

У беларускіх легендах знайшлі адлюстраванне розныя ўяўленні людзей, якія імкнуліся растлумачыць паходжанне зямлі, чалавека, жывёл, асаблівасці ландшафту і расліннага свету свайго краю, сутнасць розных з'яў прыроды і сацыяльных адносін. Спецыфіка жанру тут якраз праявілася ў тым, што ў аснову гэтых тлумачэнняў былі пакладзены ўяўленні пра Бога як усемагутнай звышнатуральнай сілы, пра барацьбу Бога і д'ябла. Апошняй тлумачыцца паходжанне на Беларусі балот, дрыгвы: д'ябал схаваў ад Бога ў роце частку зямлі, а калі яна пачала ў яго расці, выхаркнуў яе, з чаго і ўзніклі балоты. Легенды апавядаюць аб тым, як Бог стварыў зямлю, сонца, месяц, чалавека, розных жывёл, птушак, рыб, мурашак, як ён рабіў мужыкоў і паноў, замацоўваючы тым самым сацыяльную несправядлівасць ужо з першых дзён стварэння.

Значная колькасць апакрыфічных легенд расказвае аб тым, як Бог і святыя вандравалі па зямлі. У гэтых творах закранаюцца вельмі важныя маральныя і сацыяльныя праблемы, праблемы дабра і зла, праўды і крыўды, сацыяльных адносін і іншыя, у вырашэнні якіх адчуваюцца розныя падыходы. З аднаго боку, пад уплывам царкоўнай ідэалогіі выказваюцца ідэі пакорлівасці, доўгацярпення, надзеі на ўзнагароду пасля смерці, з другога - пратэст, заклік да змагання, апраўданне забойства прыгнятальнікаў. У легендах адлюстравана глыбіня і цвярозасць разважанняў простага селяніна, яго рэалістычны погляд на многія рэчы, які часта не супадае з рэлігійнымі догмамі і нават супярэчыць ім.

Многія творы пра Бога і святых, пра іх вандраванні па зямлі толькі фармальна, па асноўных персанажах набліжаюцца да легенд, а па сутнасці з'яўляюцца сатырычнымі казкамі. Яны поўныя іроніі, пазбаўляюць гэтыя персанажы арэолу святасці, малююць іх несправядлівымі, помслівымі, п'яніцамі ("Ілья і Пятро", "Бог і ўгоднікі", "Аб святым Міколе і Ягор'і", "Як Мікола навучыўся ў чорта водку гнаць", "П'яніца ў рай папаў" і інш.). Міжнародныя паказальнікі казачных сюжэтаў А. Аарнэ, Н. Андрэева, С. Томпсана асобна вылучаюць гэтыя творы ў самастойны раздзел "Легендарныя казкі", які побач з раздзеламі "Чарадзейныя казкі", "Навелістычныя казкі", "Казкі пра абдуранага чорта" адносяцца да "ўласна казак".

Як адзначалася вышэй, да легенд адносяць некаторыя творы аб вядомых гістарычных падзеях ці асобах, якія не звязаны з хрысціянскімі вераваннямі, але маюць тую ж дамінантную інфармацыйную функцыю і змяшчаюць у сабе элементы цудадзейнага, неверагоднага. Так, у некаторых вусных апавяданнях пра герояў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны В. Чапаева і К. Заслонава прысутнічае казачны матыў бессмяротнасці героя, які ўзбуйняе гэтыя вобразы, надае творам эпіка-гераічнае гучанне. З пэўнай доляй умоўнасці падобныя творы можна аднесці да легенд.

Да той жа галіны няказкавай прозы, што і легенды, адносяцца былічкі - вусныя апавяданні пра нібыта меўшыя ў сапраўднасці месца незвычайныя здарэнні, важная роля ў якіх належала персанажам ніжэйшай міфалогіі - лесавікам, палевікам, русалкам, хлеўнікам і іншым наднатуральным істотам. Н. С. Гілевіч замест тэрміна "былічка", які прыйшоў да нас з рускай фалькларыстыкі, прапануе ўжываць тэрмін "прымхліца". Аднак у такім выпадку ўяўная сапраўднасць былічак, якая падкрэсліваецца старым тэрмінам як важная рыса жанру, не адлюстроўваецца. Апавяданне ў былічках звычайна вядзецца ад першай асобы як пра выпадак, які здарыўся з самім апавядальнікам. Падобныя творы адносяцца да мемаратаў.

Аналагічныя па адносінах да рэчаіснасці вусныя апавяданні пра сустрэчы з рознымі нячысцікамі, ваўкалакамі і г. д., якія вядуцца ад трэцяй асобы, нярэдка са спасылкамі на канкрэтных асоб - удзельнікаў або сведак гэтых здарэнняў, адносяцца да бывальшчын і маюць форму фабулатаў. У змесце гэтага тыпу і памянёных вышэй былічак шмат агульнага. Адна з распаўсюджаных тэм і былічак і бывальшчын - штукарствы нячысцікаў, якія рознымі спосабамі збіваюць людзей з дарогі, заманьваюць у балота, асабліва калі тыя на падпітку.

Такім чынам, можна канстатаваць жанравую разнастайнасць беларускай народнай няказкавай прозы, якая прадстаўлена ўсімі асноўнымі відамі і жанрамі, вядомымі ў фальклоры іншых славянскіх народаў. Найбольш устойлівымі ў жанравых адносінах і сюжэтна развітымі можна лічыць легенды і паданні. Развіты сюжэт, шматэпізоднасць уласцівы некаторым вусным сказам. На жаль, мы пакуль што не маем паказальніка сюжэтаў і матываў беларускай няказкавай прозы, што істотна абмяжоўвае магчымасці даследавання іх міжэтнічных і міжжанравых сувязей, але наяўнасць гэтых сувязей не выклікае сумнення.
Казкавая проза

Жанравая сістэма казкавай прозы таксама дастаткова складаная і не мае адзінай агульнапрынятай навуковай класіфікацыі, хаця асобныя пытанні распрацаваны даволі грунтоўна. Існуе рознае разуменне некаторых казказнаўчых тэрмінаў.

Вылучаючы казкавую прозу як асобную падсістэму апавядальных жанраў, даследчыкі акцэнтавалі ўвагу на розных уласцівых ёй асаблівасцях. Падкрэслівалася ў першую чаргу наяўнасць выдумкі (або "установка на вымысел"), эстэтычная функцыя як дамінантная, наўмысная непраўдападобнасць, незвычайнасць падзей і г. д. К. В. Чыстоў вылучыў шэраг асноўных прыкмет казкавай прозы, сярод якіх "безумоўнае дамінаванне эстэтычнай функцыі, замкнёны характар апавядальных структур і выразную адмежаванасць ад моўнай дзейнасці неэстэтычнага характеру"[12]. Прапанаваныя крытэрыі дастаткова поўна характарызуюць сутнасць казкавай прозы як спецыфічнай з'явы ў фальклорнай спадчыне і могуць быць выкарыстаны ў якасці арыенціраў яе жанравай класіфікацыі.

Да фальклорнай казкавай прозы даследчыкі адносяць усе жанравыя разнавіднасці казак, анекдоты, а таксама небыліцы, хаця некаторыя вучоныя (К. В. Чыстоў) вылучаюць апошні жанр асобна, спасылаючыся на наўмысна скажонае, "перавёрнутае" адлюстраванне ў іх рэчаіснасці. Да казкавай прозы адносяць таксама пэўную частку легенд (легендарныя казкі), адны з якіх, як было паказана, набліжаюцца да сацыяльна-бытавых сатырычных казак, другія - да чарадзейных. Сюды ж некаторыя даследчыкі ўключаюць прытчу - вуснае апавяданне з жыцця людзей, якое мае маральна-павучальны змест. Аднак іх апаненты, спасылаючыся на тое, што прытчы маюць агульныя рысы з легендамі, у прыватнасці многія іх сюжэты бяруць пачатак з кананічных і апакрыфічных твораў хрысціянскай кніжнасці, адносяць іх да няказкавай прозы. На наш погляд, прытчы маюць больш кропак судакранання з казкавай прозай, хаця ёсць і выключэнні.
Казкі

Ядро казкавай прозы складаюць казкі. Багацце і разнастайнасць вобразаў гэтых твораў, іх ідэйна-тэматычнага зместу, паэтыкі, марфалогіі, разнастадыяльнасць паходжання і іншыя асаблівасці даўно былі заўважаны даследчыкамі, якія прапанавалі некалькі класіфікацыйных схем сістэматызацыі гэтага разнароднага матэрыялу. Разам са схемамі даследчыкі часам прыўносілі сваю тэрміналогію або выкарыстоўвалі старыя тэрміны, надаючы ім новы сэнс, што прыводзіла да неадэкватнага ўспрыняцця адных і тых жа тэрмінаў. Дыскусійным і сёння застаецца пытанне, што сабой уяўляе казка з пункту гледжання класіфікацыйнай рубрыкацыі: ці гэта асобны жанр, ці сукупнасць розных жанраў. Так, напрыклад, У. Я. Проп, адносячы казку да вобласці народнай прозы як адзін з яе відаў, падзяляе гэты від на жанры: "Гэты від распадаецца на казкі чарадзейныя, кумулятыўныя, пра жывёл, пра людзей і г. д. Гэта - жанры. У якасці далейшага больш вузкага тэрміна можна прапанаваць слова "тып": тыпы распадаюцца на сюжэты, сюжэты - на версіі і варыянты"[13]. Тут жа аўтар удакладняе класіфікацыю казачных жанраў, уключае сюды "казкі чарадзейныя, кумулятыўныя, пра жывёл, аб прадметах і стыхіях, бытавыя казкі пра людзей, небыліцы і дакучныя казкі"[14]. Гэта класіфікацыя ўключае тры асноўныя, традыцыйныя для фалькларыстыкі жанры або жанравыя разнавіднасці - чарадзейныя, пра жывёл, бытавыя - і дапаўняе новымі рубрыкамі, якія, на наш погляд, маюць права на існаванне, але слаба стасуюцца з агульнай схемай. Так, казкі кумулятыўныя, вылучаныя ў асобны жанр з пункту гледжання іх пабудовы, прадстаўлены і ў казках пра жывёл і ў бытавых; тэматычна вылучаныя казкі аб прадметах і стыхіях таксама сустракаюцца ў розных рубрыкацыях. Можна меркаваць, што вучонага не задавальняла і гэта схема, і ён працягваў пошук. У манафафіі "Русская сказка" У. Я. Проп дзеліць увесь матэрыял наступным чынам: чарадзейныя казкі, навелістычныя казкі, кумулятыўныя казкі, казкі пра жывёл[15]. У адпаведнасці з гэтай схемай аўтар вылучае асноўныя главы кнігі, дзе ўпамінаюцца некаторыя іншыя жанравыя разнавіднасці казак, некаторыя сюжэтна-тэматычныя групы. Напрыклад, сярод чарадзейных ён вылучае казкі пра змеяборцаў, пра праўду і крыўду, пра пакрыўджаную падчарку і другія; сярод навелістычных - казкі пра разумных дзяўчат, пра выпрабаванне жон, аб лоўкіх злодзеях, аб разбойніках, аб гаспадары і парабку, аб папах і інш.

Што датычыць пытання, ці з'яўляюцца казкі адзіным жанрам, аб'ядноўваючы некалькі жанравых разнавіднасцей, ці кожная жанравая разнавіднасць уяўляе сабой самастойны жанр, трэба выказаць наступнае меркаванне. Казка - складаны, але адзіны жанр, які характарызуецца дамінантнай эстэтычнай функцыяй, наяўнасцю мастацкай выдумкі, агульнасцю найбольш істотных рыс паэтычнай сістэмы, бытавога прызначэння, форм выканання і, што таксама вельмі важна, успрымаецца народным асяроддзем як нешта цэласнае, адзінае, якое пры ўсёй разнастайнасці зместу і асаблівасцях мастацкай формы мае пэўныя агульныя рысы, адну агульную для ўсіх гэтых твораў назву і заўсёды легка вылучаецца з агульнай масы апавядальных твораў.

Казка мае некалькі жанравых разнавіднасцей, да якіх традыцыйна адносяцца чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл і бытавыя ("навелістычныя" па тэрміналогіі У. Я. Пропа і некаторых іншых даследчыкаў). Прамежкавае становішча, на нашу думку, займаюць спецыфічныя па сваёй пабудове кумулятыўныя казкі, казкі-легенды і некаторыя іншыя творы, якія Проп адносіў да казак пераходнага характару. Кожная з жанравых разнавіднасцей можа мець больш дробны ўнутраны падзел, у аснову якога розныя даследчыкі кладуць розныя прынцыпы. Найбольш пашыраны з іх - сюжэтна-тэматычны.
Чарадзейныя казкі

Чарадзейныя казкі найбольш поўна сканцэнтравалі ў сабе характэрныя рысы гэтага жанру. У. Я. Проп наступным чынам выказаў свае адносіны да чарадзейных казак: "Гэта, бадай што, найбольш прыгожы від народнай мастацкай прозы. Яна прасякнута высокімі ідэаламі, імкненнем да нечага ўзвышанага"[16]. Вучоныя з розных бакоў падыходзілі да вызначэння спецыфікі чарадзейных казак, аналізуючы асаблівасці мастацкай выдумкі, сістэмы вобразаў, сюжэтнага складу, паэтыкі, структуры і іншых яе важнейшых кампанентаў. Падкрэслівалася, што гэта апавядальныя творы з тыповымі для гэтай жанравай разнавіднасці сюжэтамі і матывамі, пабудаваныя па пэўных законах, дзе абавязкова прысутнічае чарадзейства, дзейнічаюць незвычайныя героі і іх незвычайныя памочнікі, дзе казачная фантазія стварае свой непаўторны свет, у якім, як і ў сапраўдным жыцці, змагаюцца сілы дабра і зла, дзе заўсёды перамагае справядлівасць.

Агульныя палажэнні патрабуюць канкрэтызацыі, што будзе зроблена ў адпаведным месцы. Зараз жа неабходна дадаць, што чарадзейныя казкі, як і казкі ўвогуле, разнастайныя па тэмах, сюжэтах, вобразах і маюць сваю ўнутраную класіфікацыю. У міжнародных паказальніках казачных сюжэтаў рубрыкацыя ўлічвае як галоўных дзеючых асоб, так і іншыя моманты і выглядае наступным чынам: дзівосны супраціўнік, дзівосны супруг (супруга або іншы сваяк), дзівосная задача, дзівосны памочнік, дзівосны прадмет, дзівосная сіла ці веды, іншыя цудоўныя моманты. Падобная рубрыкацыя не можа быць паслядоўна вытрымана, таму што ў адным і тым жа творы часам прысутнічаюць і дзівосны супраціўнік, і дзівосны прадмет, і дзівосная задача і г. д. Больш мэтазгодны тут іншы падзел. Ёсць падставы вылучыць казкі пра асілкаў, якія змагаюцца з рознымі пачварамі - шматгаловымі змеямі, Кашчэям Бессмяротным і г. д. Такія казкі са змеяборчымі сюжэтамі некаторыя даследчыкі называюць багатырскімі. Побач з казкамі героіка-фантастычнага зместу значная колькасць чарадзейных казак пабудавана на сямейных калізіях, адносінах паміж рознымі членамі сям'і, асабліва мачахай і яе няроднымі дзецьмі. Трэцюю сюжэтна-тэматычную групу складаюць казкі, у якіх увасоблены народныя ўяўленні пра долю, лёс, шчасце, гора, праўду і іншыя сацыяльна-філасофскія катэгорыі. Усе тры вылучаныя групы характарызуюцца ўнутраным адзінствам, асаблівасцямі сюжэтнага складу, вобразнай сістэмы і ў пэўнай ступені паэтыкі.
Казкі аб жывёлах

Другая жанравая разнавіднасць (жанр) казачнага эпасу - казкі аб жывёлах - вылучаюцца на падставе асаблівасцей вобразнай сістэмы гэтых твораў, у якіх асноўнымі персанажамі з'яўляюцца жывёлы і птушкі, хаця ў некаторых творах разам з імі дзейнічае чалавек. На падставе асаблівасцей вобразнай сістэмы ў міжнародных паказальніках сюжэтаў даецца і ўнутры-жанравая класіфікацыя, якая вылучае казкі пра дзікіх жывёл, свойскіх жывёл і інш. Але прынцыпова творы гэтых рубрык не адрозніваюцца паміж сабой, тым больш што і ў разглядаемай жанравай разнавіднасці, як і ў чарадзейных казках, дзейнічае закон магчымасці пераносу дзеяння з адных персанажаў на іншыя[17]. У той жа час сярод казак пра жывёл прыкметна вылучаецца асаблівасцямі будовы група казак кумулятыўных, якую некаторыя даследчыкі разглядаюць як самастойны жанр ці асобную жанравую разнавіднасць казачнага эпасу[18].

Як пісаў Проп, "асноўны кампазіцыйны прыём кумулятыўных казак заключаецца ў якім-небудзь шматразовым, усё нарастаючым паўтарэнні адных і тых жа дзеянняў, пакуль створаны такім спосабам ланцуг не абрываецца ці не расплятаецца ў адваротным убываючым парадку"[19]. Вучоны звязвае гэтыя творы з раннімі формамі свядомасці, лічыць "нанізванне" эпізодаў не толькі мастацкім прыёмам, але і формай мыслення, якая праявілася і ў фальклоры і ў мове.

Падзяляючы погляд на кумулятыўныя казкі як на з'яву спецыфічную, адметную перш за ўсё сваёй пабудовай, мы тым не менш прытрымліваемся ў даным выпадку традыцыйнай класіфікацыйнай схемы ўнутрыжанравага падзелу казачнага эпасу, паводле якой кумулятыўныя казкі, вобразная сістэма якіх блізкая да казак бытавых (напрыклад, "Мена"), адносяцца намі да жанравай разнавіднасці бытавых. Такі падыход тлумачыцца некалькімі прычынамі. Калі мы вылучаем казкі аб жывёлах, узяўшы за асноўны крытэрый асаблівасці іх вобразнай сістэмы, зусім не лагічна будзе вылучаць, аддзяляць частку гэтага матэрыялу ўжо на падставе іншых крытэрыяў, у нашым выпадку - па асаблівасцях кампазіцыі. Гэты другі крытэрый павінен быць другарадным, дапаможным, неабходным для ўнутрыжанравай класіфікацыі. Іншая справа, калі б асаблівасці будовы былі пакладзены ў аснову класіфікацыі ўсяго казачнага эпасу. У такім выпадку вылучэнне кумулятыўных казак у асобны жанр (жанравую разнавіднасць), нягледзячы на асаблівасці вобразнай сістэмы і іншыя адметныя рысы гэтых твораў, было б цалкам абгрунтавана. Але пры сучасным стане казказнаўства падзел усяго казачнага эпасу па асаблівасцях марфалогіі бачыцца толькі ў перспектыве. Сёння пры вызначэнні жанравай спецыфікі казак у кожным выпадку дзейнічаюць розныя крытэрыі і дабаўляць новыя наўрад ці мэтазгодна. Што датычыць непасрэдна беларускіх казак аб жывёлах, то яны, на думку многіх аўтарытэтных даследчыкаў, багатыя, разнастайныя, вылучаюцца высокім паэтычным майстэрствам і ўпрыгожваюць казачны эпас усходніх славян.
Сацыяльна-бытавыя казкі

Чарадзейным казкам і казкам аб жывёлах у пэўным сэнсе супрацьстаяць казкі бытавыя, і гэта супрацьстаянне бачыцца не толькі ў асаблівасцях вобразнай сістэмы, паэтыкі, зместу і сюжэтнага складу, але перш за ўсё ў прынцыпах мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Мастацкая выдумка гэтых твораў не выходзіць за межы рэальнага або магчымага, яна не звяртаецца да звышнатуральных сіл, не стварае, як у чарадзейных казках, нейкага паралельнага рэальнаму ірэальнага свету. Такое стаўленне да рэчаіснасці дае падставы некаторым даследчыкам адносіць бытавыя казкі да рэалістычных, хаця пры гэтым і адзначаецца, што рэалізм іх своеасаблівы, далёкі ад таго, што мы называем рэалізмам у дачыненні, скажам, да літаратуры. Бытавыя казкі малююць рэальных людзей (селяніна, пана, салдата, купца), якія дзейнічаюць у звычайных абставінах, хаця сітуацыі, у якія яны трапляюць у казках, могуць быць экстрэмальнымі, неверагоднымі.

Бытавыя казкі, калі ўжываць гэты тэрмін як абагульняючы, аб'ядноўваюць розныя па ідэйна-тэматычнаму зместу, асаблівасцях вобразнай сістэмы, сюжэтнага складу і паэтыкі творы. У міжнародных паказальніках казачных сюжэтаў тэрмін "бытавыя казкі" адсутнічае, у нейкай ступені ён замяшчаецца тэрмінам "навелістычныя казкі", які ўключае толькі частку бытавых казак, у асноўным навелістычных, якія тут атрымліваюць адпаведную класіфікацыю. У. Я. Проп хаця і прызнаваў раўназначнасць тэрмінаў "навелістычныя", "рэалістычныя", "бытавыя", раздзел у сваёй кнізе назваў "Навелістычныя казкі", значна пашырыўшы ў параўнанні з міжнароднымі паказальнікамі сюжэтна-тэматычныя межы гэтай жанравай разнавіднасці. Сюды ён уключыў навелістычныя казкі пра разумных дзяўчат, пра выпрабаванні жонак, пра лоўкіх і ўдачлівых адгадчыкаў, пра лоўкіх злодзеяў, а таксама сацыяльна-бытавыя казкі пра гаспадара і работніка, пра паноў і інш.

Некаторыя даследчыкі з казак бытавых (навелістычных) вылучаюць яшчэ казкі авантурныя і авантурна-навелістычныя. Да апошніх У. I. Чычараў адносіў "казкі пра прыгоды і падзеі сямейнага і асабістага жыцця чалавека"[20], аднак недастатковасць, агульнасць падобных крытэрыяў, невыразнасць межаў вылучаемых твораў істотна стрымліваюць іх уключэнне ў агульнапрынятыя схемы класіфікацыі казачнага эпасу.

У беларускім казказнаўстве бытавыя казкі таксама падзяляюцца на некалькі сюжэтна-тэматычных груп. Сярод іх вылучаюцца сацыяльна-бытавыя казкі, у пераважнай большасці сатырычныя творы, аб'ектам сатыры ў якіх з'яўляліся пан, поп, суддзя і іншыя прадстаўнікі пануючых класаў і духавенства. Другая сюжэтна-тэматычная група - уласна бытавыя казкі, у якіх канфлікты, пакладзеныя ў аснову твораў, не набываюць такой сацыяльнай быстрыні, вырашаюцца ў межах сямейных або суседскіх адносін, адносін людзей аднаго сацыяльнага статуса. Тут пераважаюць праблемы маральна-этычнага плана. Яркім прыкладам можа быць апублікаваная Л. К. Сержпутоўскім казка "Кузьма", якая мае эпіграф "Усяго нажывеш і Кузьму бацькам назавеш" і расказвае, як быў пакараны сын за непавагу да свайго бацькі.

Асобную сюжэтна-тэматычную групу бытавых казак, а на думку некаторых даследчыкаў, асобную жанравую разнавіднасць (жанр) казачнага эпасу складаюць навелістычныя казкі, калі разумець гэты тэрмін не ў шырокім, а ў больш-менш дакладным, вузкім значэнні. Сапраўды, навелістычныя казкі адрозніваюцца ад іншых бытавых казак выразным прыгодніцкім характарам, распрацоўкай пэўнага кола сюжэтаў, асаблівасцямі вобразнай сістэмы, у тым ліку выбарам галоўнага персанажа, своеасаблівай стылістыкай, дынамізмам развіцця падзей і маюць сваю ўнутраную класіфікацыю, так што вылучэнне іх асобна цалкам абгрунтавана. Іншая справа, да якой катэгорыі аднесці вылучаныя творы - сюжэтна-тэматычнай групы, жанравай разнавіднасці, жанру - і якое месца ў агульнай класіфікацыі казачнага эпасу яны павінны заняць. Тут можа быць некалькі рашэнняў, некалькі шляхоў, якімі ішлі даследчыкі казкі. Адзін з іх -аднесці ўсе казкі "рэалістычнага" характару да адной жанравай разнавіднасці (жанру), якую адны даследчыкі называюць навелістычнымі, другія - бытавымі і там вылучаюць тры групы: сацыяльна-бытавыя, уласна бытавыя, навелістычныя. Праўда, калі прыняць за агульную назву "казкі навелістычныя", застанецца незразумелым і нелагічным, чаму сярод казак навелістычных зноў трэба вылучаць навелістычныя творы. Ёсць тут і іншыя нязручнасці і нестыкоўкі.

Можна прапанаваць і іншае, відаць, больш апраўданае рашэнне. Навелістычныя казкі варта разглядаць як самастойную жанравую разнавіднасць казачнага эпасу, якая мае адзначаныя вышэй асаблівасці і бытуе паралельна з казкамі бытавымі (сацыяльна-бытавымі і ўласна бытавымі), з якімі іх збліжае характер мастацкай выдумкі, аднолькавыя прынцыпы мастацкага асэнсавання і адлюстравання рэчаіснасці, што спрыяе іх узаемадзеянню і ўзаемапранікненню.

Такім чынам, агульны малюнак класіфікацыі казачнага эпасу можа быць зведзены да наступнай схемы. Казка як агульнае жанравае паняцце аб'ядноўвае чатыры асноўныя жанравыя разнавіднасці: казкі аб жывёлах, чарадзейныя казкі, бытавыя і навелістычныя. Першыя дзве жанравыя разнавіднасці ў адлюстраванні рэчаіснасці абапіраюцца на старажытныя ўяўленні, на веру ў існаванне розных таямнічых звышнатуральных сіл, якія персаніфікуюцца ў казках. Па наяўнасці звышнатуральнага да чарадзейных казак набліжаюцца творы пераходнага тыпу - легендарныя казкі, многія сюжэты і вобразы якіх паўтараюць легенды, але распрацоўваюцца ў тыпова казачным стылі. Праўда, сатырычная накіраванасць асобных казак-легенд больш набліжае іх да сацыяльна-бытавых казак, але дзяліць гэтыя творы, якія маюць агульную вобразную сістэму, трывалае кола сюжэтаў і іншыя кропкі судакранання і з гэтага пункту погляду ўяўляюць адзінае цэлае, немэтазгодна. Другія дзве адзначаныя вышэй жанравыя разнавіднасці - казкі бытавыя і навелістычныя - яшчэ ў большай ступені, чым дзве першыя, аб'ядноўваюць агульныя прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці, якія практычна не пакідаюць месца для старажытных уяўленняў аб існаванні звышнатуральных сіл. Агульнасць светапогляднай асновы бытавых і навелістычных казак часам не дазваляе правесці дакладную мяжу паміж гэтымі творамі, але па многіх іншых параметрах розніцу можна заўважыць.
Анекдоты і небыліцы

Акрамя казак ва ўсёй іх жанравай разнастайнасці да народнай казкавай прозы адносяцца анекдоты і небыліцы, таксама дастаткова поўна прадстаўленыя ў беларускім фальклоры. Анекдоты маюць шмат агульных рыс з сацыяльна-бытавымі казкамі перш за ўсё ў ідэйна-тэматычным змесце і вобразнай сістэме, хаця сцісласць, дынамізм, нечаканая развязка і некаторыя іншыя асаблівасці дазваляюць разглядаць іх як самастойны жанр. У беларускай народнай прозе зафіксаваны ўсе асноўныя сюжэтна-тэматычныя групы анекдотаў, вылучаныя ў міжнародных паказальніках сюжэтаў, хаця варта адзначыць, што значная частка сюжэтаў, аднесеных у паказальніках да анекдотаў, распрацоўваецца ў фальклоры многіх народаў свету, у тым ліку і ў беларускім, як казкі, а таксама часам уключаюцца ў казкі як эпізоды.

Беларускія казкі-небыліцы спецыяльна не збіраліся і не вывучаліся, хаця вершаваныя небыліцы траплялі ў поле зроку збіральнікаў і даследчыкаў народнай творчасці. Гэтыя творы адлюстроўваюць рэчаіснасць з наўмысным парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычын і вынікаў дзеянняў персанажаў, ствараюць нейкую перавёрнутую мадэль сусвету. У якасці прыкладу такога твора можна прывесці апублікаваную П. Шэйнам небыліцу "Як я з дзедам пакутаваў", поўную неверагодных прыгод, здарэнняў і ўчынкаў дзеючых асоб. Як адзначаецца ў "Слоўніку навуковай і народнай тэрміналогіі", небыліца можа быць самастойным апавядальным творам, можа быць уключана ў казку як яе састаўная частка, калі ад героя твора патрабуецца расказаць казку, "каб там не было ні слова праўды". Некаторыя казачныя зачыны і канцоўкі будуюцца па мадэлі небыліц і ўяўляюць "усечаныя" формы гэтага жанру.

У выніку папярэдняга разгляду жанравага складу беларускай народнай прозы, які будзе дэталізаваны пры разглядзе кожнага жанру, выяўлена яе багацце і разнастайнасць, а таксама прынцыпы падзелу гэтага матэрыялу, пакладзеныя ў аснову класіфікацыі. I хаця ў шэрагу выпадкаў дакладна ўстанавіць межы жанраў вельмі цяжка, бо адзін і той жа твор можа мець істотныя прыкметы розных жанраў, агульная схема, якая тут вымалёўваецца, можа быць прынята ў якасці рабочай. Яна выглядае наступным чынам: уся народная проза падзяляецца на дзве часткі, якія па розных параметрах, перш за ўсё функцыянальна, прынцыпова адрозніваюцца адна ад другой - проза народная казкавая і проза народная няказкавая. У межах першай вылучаюцца казкі, анекдоты, небыліцы, у межах другой - легенды, паданні, а таксама розныя па зместу і форме вусныя народныя апавяданні (успаміны, аўтабіяграфічныя апавяданні і інш.).

Пазначаная схема вызначыла і структуру нашага даследавання, хаця па розных прычынах у яе давялося ўнесці некаторыя ўдакладненні, а асобныя пазіцыі апусціць. У казкавай прозе традыцыйна вылучаны казкі пра жывёл, чарадзейныя, сацыяльна-бытавыя, народныя жарты і анекдоты. Вылучаны таксама навелістычныя казкі і казкі легендарныя, якія маюць свае спецыфічныя рысы і, нягледзячы на блізкасць да іншых апавядальных жанраў, патрабуюць асобнага разгляду. У няказкавай прозе разглядаюцца легенды, паданні і сказы.

Аўтар: Кабашнікаў К.П.
Крыніца: Народная проза / К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. В. Цітавец; Навук. рэд. А. С. Ліс. - Мн.: Бел. навука, 2002. - 517 с. - (Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка; Кн. 4).
ISBN 985-08-0512-9

Крыніцы:
[1] Чистов К. В. К вопросу о принципах классификации жанров устной народной прозы. М., 1964; Яго ж. Прозаические жанры в системе фольклора // Прозаические жанры фольклора народов СССР. Мн., 1974. С. 6-31; Яго ж. Проза народная устная //Восточнославянский фольклор. Мн., 1993. С. 287-289.
[2] Прозаические жанры фольклора народов СССР. С. 33.
[3] Чистов К. В. Проза народная устная несказочная // Восточнославянский фольклор. С. 289.
[4] Азбелев С. Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М. 1965 С. 12.
[5] Грынблат М. Я. Легенды і паданні // Легенды і паданні / Рэд. А. С. Фядосік. Мн., 1983. С. 21.
[6] Тамсама.
[7] Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. СПб., 1893. Т. 2. С. 453-461.
[8] Богданович А. Е. Про панщину. Гродно, 1894.
[9] Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. СПб., 1891. Ч. 1. С. 45-67.
[10] Восточнославянский фольклор. Словарь научной и народной терминологии. Мн., 1993. С. 128.
[11] Тамсама. С. 319-320.
[12] Чистов К. В. Прозаические жанры в системе фольклора // Прозаические жанры фольклора народов СССР. С. 26-27.
[13] Пропп В. Я. Фольклор и действительность. М., 1976. С. 50.
[14] Тамсама.
[15] Пропп В. Я. Русская сказка. М., 1984. С. 59.
[16] Пропп В. Я. Русская сказка. С. 173.
[17} Пропп В. Я. Русская сказка. С. 300.
[18] Тамсама. С. 292-298.
[19] Тамсама. С. 293.
[20] Гл.: Сказка авантюрная; Сказка авантюрно-новелистическая // Восточнославянский фольклор. Словарь научной и народной терминологии. С. 312-313.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Жанравы склад беларускай народнай прозы

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.