Зорны час Мікалая Радзівіла

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Зорны час Мікалая Радзівіла. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-21

Вясна 1554 году была нялёгкай для луцкага біскупа Валерыяна Пратасевіча. У Берасьці Літоўскім, важным горадзе луцкага біскупства, ўжо больш за год нейкі Сымон Зак, выхаванец Кракаўскага унівэрсытэту, прапаведуе навуку швайцарскага герэтыка Жана Кальвіна. І мала таго, што прапаведуе. Найгоршае, што яго слухаюць. Ня толькі берасьцейцы, але нават шляхта з ваколіцаў кожную нядзелю зьбіраюцца на замку, дзе спыніўся гэты вераадступнік, каб паслухаць, як яны кажуць, Слова Божае. Усё шукаюць нечага новага, не падабаецца ім вера продкаў. Трэба тэрмінова прымаць меры, а то гэтая зараза распаўзецца па ўсёй Літве, як лютарава герэзія апанавала Нямеччыну.

Біскуп паклікаў пісара і загадаў пісаць позву на біскупскі суд у Янаў Палескі для герэтыкоў, якія перакручваюць праўдзівую навуку хрысьціянскую: Сымона Зака, Гераніма Пякарскага і Альбінуса, у вялікай хрысьціянскай міласэрнасьці даючы ім шанец вырачыся сваіх памылак і вярнуцца ва ўлоньне каталіцкае царквы. У позве загадаў таксама адзначыць, што падсудныя могуць прыехаць на паседжаньне суду толькі ў таварыстве чатырох асобаў, сяброў ці сваякоў. 22 красавіка біскуп Пратасевіч сеў у сваю карэту і паехаў у Янаў. Ужо пад'яжджаючы да мястэчка, заўважыў ён на гасьцінцы вялікі конны аддзел. Гэта Зак і Пякарскі ехалі на біскупскі суд. Праўда, зь імі было не чацьвёра, але трыста чалавек берасьцейскай шляхты, усе на конях, у панцырах, зь дзідамі і шаблямі. Толькі гэтыя вершнікі адрозьніваліся ад тых шляхецкіх загонаў, якія не аднойчы сустракаў луцкі біскуп у сваім жыцьці. Не было чуваць п'яных крыкаў, лаянкі, ніхто ня біў сябе ў грудзі, нешта даводзячы іншым. Коні ішлі нясьпешна, а кожны вершнік трымаў у руцэ разгорнутую Біблію, і ў рытм конскай хады ў неба ўзносіліся словы псальмаў, чытаных гэтым незвычайным войскам.

Што мусіў рабіць у такой сытуацыі кіраўнік луцкага біскупства? Стаць тварам у твар з трыма сотнямі ўзброенных, дасьведчаных у бітвах ваяроў? Што ён ім скажа? Біскуп Пратасевіч вырашыў не рызыкаваць, загадаў павярнуць карэту і завочна прысудзіў Зака і яго таварышаў на выгнаньне і канфіскацыю маёмасьці.

Чаму біскуп, голас якога яшчэ нядаўна шмат значыў для шляхты, які меў шматлікія каралеўскія прывілеі, нічога ня мог зрабіць зь нейкім прапаведнікам? Што адбылося ў Вялікім Княстве, што ідэі Рэфармацыі здабылі так шмат прыхільнікаў? Адказ на гэтае пытаньне зьвязаны зь дзейнасьцю адной з найвыбітнейшых постацяў беларускай Рэфармацыі - князя Мікалая Радзівіла Чорнага, чалавека, які шырока адчыніў дзьверы абнаўленьню хрысьціянства на Беларусі, на працягу некалькіх гадоў зрабіўшы Вялікае Княства краінай Рэфармацыі.

Мікалай Радзівіл Чорны нарадзіўся ў Нясьвіжы 4 лютага 1515 году. Рана застаўшыся бяз бацькі, ён разам з малодшым братам Янам і сястрой Ганнай быў узяты на выхаваньне на каралеўскі двор у Кракаў. У Кракаве малады магнат вучыўся ва ўнівэрсытэце, а таксама набываў веды, неабходныя для дзяржаўнага дзеяча, назіраючы палітычнае жыцьцё польскай сталіцы. Мянушку "Чорны" Мікалай атрымаў крыху пазьней з-за колеру сваёй барады, чым адрозьніваўся ад свайго стрыечнага брата, вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога.

Славуты ў Вялікім Княстве магнацкі род Радзівілаў заўсёды славіўся сваім патрыятызмам. Ня быў выключэньнем і Мікалай Чорны. У гэты час палітычнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага перажывала застой, выкліканы шматгадовай адсутнасьцю вялікага князя Жыгімонта Старога ў дзяржаве, які наведваў Вільню раз на некалькі год, астатні час жывучы ў Кракаве. Мікалай Радзівіл, бачачы, як дзяржава гібее без адпаведнага лідарства, прапанаваў беларускім магнатам зьвярнуцца да Жыгімонта Старога з просьбай аб перадачы рэальнай улады ў Княстве сыну караля, Жыгімонту Аўгусту, які ў 1529 г. быў ужо фармальна абраны і на польскі, і на літоўскі трон. Гэтая прапанова Чорнага патрапіла на добрую глебу, і восеньню 1544 г. на Берасьцейскім сойме Жыгімонт Аўгуст дэ-факта становіцца ўладаром Вялікага Княства Літоўскага. Трыццацігадовы Мікалай Радзівіл стаў галоўным дарадцам і правай рукой вялікага князя, зь якім яго зьвязвалі доўгія гады сяброўства яшчэ з часоў знаходжаньня ў Кракаве пры каралеўскім двары. Гэтая пазыцыя Чорнага была замацаваная пасадаю вялікага маршалка, найважнейшай пасьля канцлера пасадай у Вялікім Княстве, якую надаў свайму сябру Жыгімонт Аўгуст. Да кампэтэнцыі маршалка належала судовая ўлада вышэйшай інстанцыі і пытаньні зьнешняй палітыкі краіны.

Уплыў Мікалая Радзівіла на дзяржаўныя справы яшчэ больш павялічыўся, калі неўзабаве Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл, стрыечную сястру Чорнага. Маладая ўдава троцкага ваяводы жыла тады ў палацы свайго брата, Мікалая Радзівіла Рудога. Вялікі князь часта наведваў яе, і вестка пра гэта разыйшлася па ўсёй краіне. Браты Барбары зьвярнуліся да свайго валадара, просячы, каб сваімі заляцаньнямі да іхняй сястры не прыносіў няславы роду Радзівілаў і не наведваў палац на Лукішках у іх адсутнасьць. Жыгімонт Аўгуст згадзіўся і нейкі час да Барбары не прыходзіў. Аднойчы, пачуўшы, што браты выехалі зь Вільні, вялікі князь парушыў сваё слова і патаемна зьявіўся на Лукішках. Але ўвайшоўшы ў палац, замест каханай Жыгімонт Аўгуст убачыў братоў Мікалая Чорнага і Мікалая Рудога. Вялікі князь ня стаў хітраваць і абвесьціў, што хоча ажаніца на Барбары. "Дай жа Бог", - адказалі браты і адразу паклікалі сьвятара. Шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл быў патаемны, і амаль год пра яго практычна ніхто ня ведаў. Толькі калі ў 1548 г. памёр Жыгімонт Стары і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст атрымаў польскую карону, выявілася, што малады кароль мае жонку-ліцьвінку. Каб падвысіць статус сваёй сястры ў вачох польскага грамадзтва, Мікалай Чорны адмыслова выехаў у 1547 г. з пасольствам у Вену, дзе атрымаў княскі тытул з рук імпэратара Карла V.

На працягу некалькіх наступных гадоў Мікалай Радзівіл Чорны становіцца некаранаваным каралём Літвы. У яго руках засяродзіліся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краіны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялікага Княства, а яшчэ праз год атрымаў віленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве). Сьмерць каралевы не пахіснула даверу Жыгімонта Аўгуста да Мікалая Чорнага. Вялікакняскім прывілеем ён атрымаў права захоўваць у сваім архіве ў Нясьвіжы ўсе паперы і дакуманты, зьвязаныя з унутранай і зьнешняй палітыкай Вялікага Княства, прыраўноўваючы нясьвіскі архіў да дзяржаўнага. Улічваючы, што Жыгімонт Аўгуст большасьць часу знаходзіўся ў Польскім Каралеўстве, фактычная ўлада ў краіне была сканцэнтраваная ў руках Мікалая Радзівіла.

Але ня толькі палітычная кар'ера цікавіла князя Мікалая. Час імклівага ўзвышэньня быў адначасова пэрыядам складаных духоўных пошукаў. Рэфармацыя, якой жыла Эўропа XVI стагодзьдзя, не магла пакінуць абыякавым Мікалая Радзівіла. Упершыню ён сутыкнуўся зь ідэямі аднаўленьня хрысьціянства пад час вучобы, калі выяжджаў у Нямеччыну для завяршэньня сваёй адукацыі. Вярнуўшыся ў Вільню, малады магнат пазнаёміўся зь віленскімі лютаранамі. У гэты час ён блізка сыйшоўся з Абрагамам Кульвай, палымяныя пропаведзі якога выклікалі ў маладога Радзівіла захапленьне ягонай верай і ягонай перакананасьцю. Калі ў 1542 г. Кульва, ратуючыся ад перасьледваньняў, выехаў у Каралявец, дзе стаў прфэсарам у тамтэйшым унівэрсытэце, Мікалай Чорны заапекаваўся хворай маці аднаго зь першых прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вільні.

У той самы час Ян Радзівіл, малодшы брат Чорнага, паехаў на лячэньне ў Італію. Па дарозе ён заехаў у Вітэнбэрг і пазнаёміўся там зь Філіпам Мэлянхтонам, вучнем і наступнікам Марціна Лютара. Пабыўшы некаторы час у сталіцы Рэфармацыі, Ян Радзівіл прыняў эвангельскае вучэньне і стаў гарачым яго вызнаўцам. Наступныя два гады, якія ён правёў у Італіі, толькі ўмацавалі Яна ў слушнасьці зробленага выбару. Вярнуўшыся на радзіму, Ян Радзівіл пачаў прапаведваць вучэньне Лютара сярод усіх сваіх шматлікіх сваякоў. І хоць віленскі біскуп Павал Гальшанскі крывым вокам глядзеў на дзейнасьць маладога рэфарматара, нічога зрабіць яму ня мог. Тым больш, што да Рэфармацыі пачаў схіляцца дзядзька Радзівілаў, найбагацейшы магнат Вялікага Княства, Станіслаў Кежгайла.

Але лявіна падзеяў, актыўным удзельнікам якіх стаў Мікалай Чорны, адцягнула яго ад прыняцьця акрэсьленай духоўнай пазыцыі. Напружаны Берасьцейскі сойм, агітацыя за Жыгімонта Аўгуста, пасада маршалка, пасольствы, паседжаньні паноў рады, патаемны шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, сьмерць Жыгімонта Старога і каранацыя Жыгімонта Аўгуста, каранацыя Барбары, дзеля якой Мікалай Чорны вымушаны быў больш за год пераадольваць супраціў магнатаў Польскага Каралеўства, шлюб з Альжбэтай Шыдлавецкай, атрыманьне тытулу князя, выправа супраць крымскіх татараў на Валынь. Здаецца, што няма часу, каб спыніцца і задумацца.

У 1551 годзе раптоўна памірае стрыечная сястра Мікалая Радзівіла, каралева Барбара. Празь некалькі месяцаў адыходзіць у вечнасьць малодшы брат Ян. Сьмерць блізкіх людзей заўсёды прымушае чалавека думаць аб сэнсе жыцьця… Мікалай Чорны затрымаўся ў сваёй дзейнасьці. "Чалавек - як трава, і ўсякая слава ягоная - як краска травы, засохла трава, і краска апала; але Слова Госпада трывае вечна", -прыйшлі на памяць словы зь Бібліі, якая з новай сілай пачала прыцягваць да сябе князя Мікалая. З далёкага Вітэнбэргу прыйшоў ліст, гэта Філіп Мэлянхтон прыслаў элегію на сьмерць Яна Радзівіла. Канцлер Вялікага Княства зноў і зноў узгадваў словы брата, як той расказваў пра Марціна Лютара, пра апраўданьне верай, пра малітву, пра Біблію. Шукаючы адказу на свае пытаньні, Мікалай Чорны зьвяртаўся да збораў вялікакняскай бібліятэкі, у якой знаходзілася шыкоўная Біблія ў перакладзе Лютара зь яго ўласным прысьвячэньнем Жыгімонту Аўгусту, камэнтар Кальвіна да Пасланьняў апостала Паўла, прысьвечаны вялікаму князю літоўскаму, мноства эвангельскай літаратуры, асабліва той, што друкавалася ў Караляўцы па загаду прускага герцага Альбрэхта. Князя Мікалая глыбока ўзрушыў палымяны "Зварот да хрысьціянскай шляхты нямецкай нацыі" Лютара, прымусілі сур'ёзна задумацца "Хрысьціянскае выхаваньне" Кальвіна, іншыя творы айцоў Рэфармацыі. У кастрычніку 1556 г. у адкрытым лісьце да папскага нунцыя Ліпамана Мікалай Радзівіл напісаў, што ён быў бы рады бачыць у Вялікім Княстве ня толькі Кальвіна, але і Мэлянхтона, і іншых рэфарматараў. Эвангельскае вучэньне захапляла князя Мікалая. Жывая вера, непасрэдныя адносіны з Богам - гэта тое, чаго так прагнула яго душа, гэта тое, што было неабходна яго краіне.

Цёплым жнівеньскім вечарам 1552 году віленскі ваявода ў атачэньне 30 вершнікаў прыехаў у Берасьце, каб правесьці рэвізію інвэнтароў Берасьцейскага староства. Берасцейскі кашталян (камэндант замку), даючы справаздачу князю Мікалаю, сярод пытаньняў, якія неабходна вырашыць, узгадаў пра нейкага Сымона Зака, прапаведніка, якога аб'явілі герэтыком і які шукае прытулку у Берасьці. Віленскі ваявода ўжо чуў пра гэтага чалавека і пра ягоныя пропаведзі, таму неадкладна загадаў паклікаць яго да сябе. Назаўтра ў Берасьцейскім замку пачаўся банкет з нагоды прыезду князя Радзівіла. Шляхта піла віно за здароўе шаноўнага госьця, але сам віленскі ваявода адмаўляўся. Амаль увесь вечар ён размаўляў зь нейкім сьціпла апранутым мужчынам, якога ніхто з запрошаных ня ведаў. Празь некалькі дзён Мікалай Чорны, сабраўшы усіх паважаных людзей староства, урачыста аб'явіў, што ў Берасцейскім замку з гэтага часу будзе арганізаваная эвангельская царква, міністрам (прапаведнікам) у якой будзе Сымон Зак, магістар тэалёгіі Кракаўскага унівэрсытэту. Гледзячы на новага прапаведніка, многія пазналі таго незнаёмца, зь якім доўга размаўляў на банкеце віленскі ваявода.

Вясною 1553 году Мікалай Чорны з пасольствам выправіўся да імпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску Рэфармацыі, віленскі ваявода глядзеў на яе іншымі вачыма. Ён і раней быў у гэтых мясьцінах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мікалай Радзівіл канчаткова акрэсьліў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысьціяніна. Вярнуўшыся ў Вільню, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода князь Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвесьціў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага ідалапаклонства, і што закладае кальвінскую царкву ў сваім палацы на Лукішках, запрашаючы туды ўсіх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую. Віленскага ваяводу глыбока ўзрушылі творы Жана Кальвіна, яго бачаньне хрысьціянскага жыцьця як служэньня ўсемагутнаму Богу, разуменьне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўніць сваё прызначэньне. Князь Мікалай знайшоў у жэнеўскага рэфарматара адказы на шматлікія пытаньні, як асабістыя, так і тыя, што хвалявалі яго як аднаго з кіраўнікоў дзяржавы.

У тым жа годзе Мікалай Чорны выдаў сваім коштам у Берасьці катэхізм хрысьціянскай веры для простага народу. Адначасова ва ўсіх сваіх вялізарных уладаньнях ён адкрывае новыя цэрквы, ці, як іх тады называлі, зборы, дзе зьбіраліся месьцічы і шляхта слухаць пропаведзь Слова Божага. Віленскі ваявода не шкадаваў ні сілаў, ні сродкаў, каб распаўсюдзіць веру ў жывога Бога па ўсім Вялікім Княстве. Яго марай было зрабіць кальвінізм пануючым веравызнаньнем у нашай краіне. Празь некалькі гадоў у прадмове да кнігі "Навучаньне аб сапраўдным і фальшывым пакаяньні", зьвернутай да Мікалая Чорнага, Лаўрын Дыскордыя пісаў: "Бо гэта яўна кожнаму, і ня толькі ў Княстве Літоўскім, што як толькі Госпад Бог у Сваёй міласэрнасьці Сваё слова і праўдзівую навуку перад вачыма гэтага сьвету выявіў і аб'явіў, адразу Вашая княская міласьць раней за іншых Слова Божае і сапраўдную хвалу Ягоную за справай Духа Сьвятога ўзьлюбіў і моцна ўхапіўся, і ня толькі сам, але як сапраўдны апостал або другі Карнэль, прывёў да гэтага многіх. Спачатку наймілейшую жонку, якая на пачатку не згаджалася і доўга працівілася з прычыны некаторых сваіх прыяцеляў, Вашая княская міласьць чыстай сваёй пропаведзьдзю і праз напаміны іншых хрысьціянскіх людзей прывёў да прыняцьця Слова Божага разам зь дзецьмі, слугамі і служанкамі, і падуладнымі сваімі. І цяпер кожны яўна бачыць і чуе, што практычна ўсе знакамітыя дамы ў Княстве Літоўскім, і ў Жамойці, і на Русі, гледзячы на прыклад і напаміны Вашай княскай міласьці, часта слухаючы Слова Божае ад сваіх прапаведнікаў, прыйшлі і сёньня надалей прыходзяць, паводле волі і міласэрнасьці Божай, да пазнаньня Слова Ягонага".

Мікалай Чорны зь вялікім энтузыязмам падтрымліваў кожную ініцыятыву рэформы царквы ў Вялікім Княстве. Аднак задача, якую паставіў сабе віленскі ваявода, не была простай, ня гледзячы на тое, што ён меў вялізарную ўладу і немалыя сродкі. Сутыкаючыся з рознымі праблемамі ў ажыцяўленьні пераўтварэньняў, князь Мікалай вёў сталую перапіску зь нямецкімі і швайцарскімі рэфарматарамі: Кальвінам, Булінгерам, Вольфам, Мэлянхтонам, і раіўся зь імі ў шматлікіх практычных і багаслоўскіх пытаньнях.

Мікалай Радзівіл ня быў адзіным, хто прагнуў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве. Літаральна празь месяц пасьля Мікалая Чорнага аб сваім навярненьні абвясьцілі Геранім Хадкевіч і Станіслаў Кішка. Не прайшло і году, як пасьлядоўнікамі Рэфармацыі сталі Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Войны, Пацы, Зяновічы, Агінскія, Пронскія, Нарушэвічы, Шэметы і іншыя. Шляхта, як католікі, так і праваслаўныя, масава пераходзілі ў кальвінізм, а месьцічы актыўна прымалі вучэньне Лютара. Па-рознаму адбываліся гэтыя навярненьні. У князя Паўла Друцкага-Сакалінскага, цівуна троцкага, жонка пачала хадзіць на кальвінскія набажэнствы. Князь спачатку злаваўся, крычаў, што здрадзіла веры, потым перастаў зьвяртаць увагу. Аднойчы, пад час банкету ў віцебскага судзьдзі гродзкага Ольбрыхта Вільчка, дом якога стаяў па суседзтву, нехта з гасьцей выказаў геніяльную ідэю, што рабіць зь непакорнай жонкаю: узяць кій, і выгнаць яе ад тых кальвінаў, а зборышча іхняе разагнаць. Поўны праведнага гневу на крыўдзіцеляў праваслаўнай веры, князь Друцкі-Сакалінскі разам з узброенымі кіямі слугамі, пайшоў на другі канец Віцебску шукаць кальвінскі збор. Калі, аднак, увайшоў у хату, дзе ішло набажэнства, прапаведнік ня толькі не спужаўся загневанага князя, але, наадварот, прапанаваў яму сесьці на лаўку і паслухаць пропаведзь. Пазьней цівун троцкі ўзгадваў, што яго такі страх і пашана агарнулі, што нават калі б яму месца пад лаўкай паказалі, ён бы і там сеў безь ніякага супраціву. Неўзабаве князь Павал пакаяўся, а празь некалькі гадоў віцебскі судзьдзя гродзкі зацьвярджаў наданьне на віцебскі кальвінскі збор: "Я, князь Павел Друцкій-Соколінскій, маршалок его королевской мілості, тівун і городнічый троцкій, мілуючы правдівое слово Божое у зборе светом евангеліцком проповеданое і для размноженія і розшыренія в нем верных Панскіх, ку вечной чэсті і фале Пана Бога Вшэхмогонцого і Сына Его едынаго Хрыста Пана і Духа Светого, ку збудованню збору светого власным коштом своім надал і на вечность од давного часу запісал пляц і огород свой, лежачый в Замку Ніжнем вітэбском".

У савецкай гістарычнай літаратуры пашырана меркаваньне, што галоўнай прычынай масавага прыняцьця Рэфармацыі беларускімі магнатамі і шляхтай было прагненьне захапіць маёмасьць каталіцкай ці праваслаўнай царквы і жаданьне мець танную, невымагаючую царкву ў сваіх уладаньнях. Аднак нават павярхоўнага позірку на сытуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI стагодзьдзя дастаткова, каб абвергнуць такое цьверджаньне. Зямельныя ўладаньні далёка ня самых заможных беларускіх магнатаў, такіх як Гарнастаі ці Тальвашы, нашмат перавышалі ўладаньні каталіцкіх біскупстваў. Праваслаўная царква жыла пераважна за кошт дапамогі заможных апекуноў і практычна ня мела больш менш сур'ёзнай уласнасьці. У той жа час будаўніцтва новых збораў, распаўсюджваньне ідэяў Рэфармацыі, увогуле стварэньне новага вобразу царквы патрабавала немалых фінансавых выдаткаў. У дадатак рэфармаваныя цэрквы ад сваіх вернікаў патрабавалі без параўнаньня большай пасьвячонасьці, а самае галоўнае - сапраўднай, жывой веры. Калі ж зьвярнуцца да дакумантаў таго часу, то асабістая перапіска беларускай шляхты сьведчыць аб тым, што асноўнымі прычынамі іх падтрымкі Рэфармацыі былі асабістая вера, народжаная слуханьнем Слова Божага, і жаданьне бачыць царкву, адпаведную вобразу царквы, апісанай у Бібліі.

У 1556 годзе ўся Эўропа чытала адказ Мікалая Радзівіла Чорнага на адкрыты ліст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёіза Ліпамана. У студзені гэтага году нунцы ў сваім лісьце абвінаваціў віленскага ваяводу ў спрыяньні вераадступніцтву і скрытыкаваў ягоныя погляды, заклікаючы вярнуцца да каталіцкай царквы. Адказ Мікалая Чорнага, напісаны на лаціне і выданы ў Караляўцы ў кастрычніку таго самага году, стаў сваеасаблівай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыі. Віленскі ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялікага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскіх цэркваў у краіне.

Перш за ўсё Мікалай Чорны абверг канцэпцыю паўсюднасьці ўлады папы рымскага: "Мы цалкам згодныя з тым, што каралеўства Хрыстова мусіць быць, адпаведна са Сьвятым Пісьмом, пашырана па ўсёй зямлі, ад мора і да мора, ад усіх рэк і аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусім не такое, як імпэрыя Кіра ці Аляксандра, ці Цэзара Аўгуста, якія славіліся сваімі незьлічонымі багацьцямі. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасьць людзей, дзе няма багацьцяў. Сам Хрыстос гаварыў: "Каралеўства Маё ня ёсьць падобным да гэтага сьвету"". Далей віленскі ваявода выказаў праграму сваіх дзеяньняў дзеля рэформы царквы: "Закладаючы ў сваіх уладаньнях і там, куды сягае мая улада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртаньня сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскіх прыдумак і ідалапаклонства. Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра, і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі... Пры кожным, у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсьць прапаведніцкая катэдра, зь якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі Скота, Эна, Пігіуса, Віцэліуса і да іх падобных, але сапраўднае Слова Божае... Нашыя прапаведнікі добра ведаюць праўдзівую навуку Хрыстовую і прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнігі, якія сам чытаю і іншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што іх папскі пасол зганіў. Яны адкрываюць людзям праўдзівае Эвангельле. Некаторыя з тых кнігаў я сваім коштам друкаваў і друкаваць буду... Мы, прытрымліваючыся старых канонаў, апостальскіх прыказаньняў і навукі іншых сьвятых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былі разлучаныя з жанчынамі, што і Сьвятое Пісьмо раіць... Найсьвяцейшая і найдастойнейшая сьвятасьць цела і крыві Госпада майго Ісуса Хрыста, якая ўстаноўленая Ім Самім і праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна і для нас сьвяцейшая за ўсе іншыя рэчы і няма ніякага ідалапаклоньніцтва, калі спаўняецца праўдзіва і сваім парадкам. Госпадзе Божа, зрабі так, каб мы, адкінуўшы ўсе недарэчныя прыдумкі, зьвярнуліся ўрэшце да служэньня, што было прынята апосталамі і існавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага і Васіля, а ў лацінскай - у часы Амброзія, Гераніма і Аўгустына". Асобна князь-рэфарматар спыніўся на пытаньні мовы ў царкве: "Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы хвалу, малітвы і падзякі Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павінны рабіць тое з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чыніць, абавязкова ведаў мову і спасьцігаў сэнс сказанага. Калі ж набажэнства адбываецца на лаціне, ці на грэцкай, ці на якой іншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён і рады быў бы шчыра маліцца Госпаду Богу і хваліць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца і розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваіх словаў і сутнасьці ўчынкаў. Менавіта з гэтае прычыны я так лічу: на якой мове кожны народ здольны спасьцігаць таямніцы Слова Божага, на той мове трэба праводзіць сьвятыя царкоўныя набажэнствы". Папскі пасол заявіў, што адной з рысаў прававернасьці каталіцкай царквы ёсьць факт, што яна аб'ядноўвае большасьць хрысьціянаў, дык сумніўна, што ў такім малым зборы, да якога належыць віленскі ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мікалай Чорны не абмінуў увагаю і гэты закід: "Ад пачаткаў сьвету праўдзівая вера, празь якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасьці, уцісканая. Падобна дзеецца і сёньня. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як сьвяты… Я апякуюся добрымі і пачцівымі прапаведнікамі, якія надзвычай дасьведчаныя ў сапраўднай навуцы і добрых звычаях і ведаюць праўдзівае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду і распавядаюць пра вечнага і несьмяротнага Бога і Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзінага Сына Ісуса Хрыста, і перададзеную праз апосталаў".

Дзеля ўкараненьня ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, Мікалай Радзівіл Чорны пачаў паўсюль арганізоўваць эвангельскія цэрквы. Сьледам за Берасьцем і Вільняй кальвінскія зборы паўстаюць у Нясьвіжы, Клецку, Іўі, Койданаве, Воршы. Іншыя магнаты дзейнічалі па прыкладзе віленскага ваяводы. Князі Пронскія заснавалі збор у Іказьні, Кішкі - у Венгрове, Дарагастайскія - у Ашмянах, і так у мностве гарадоў і мястэчак па ўсей Беларусі. Найчасьцей новыя зборы паўставалі ня коштам ужо існуючых касьцёлаў ці праваслаўных цэркваў, але або будуючы свае храмы, або зьбіраючыся ў нейкіх грамадзкіх ці прыватных будынках, як, прыкладам, на замку ў Берасьці ці ў палацы Радзівіла ў Вільні. Да працы ў новапаўсталых зборах запрашаліся пастары і прапаведнікі, ведамыя дзякуючы сваёй адукаванасьці і аратарскім здольнасьцям, часта з-за мяжы, бо ўласных служыцеляў не хапала. Дзейнасьць пастароў не абмяжоўвалася толькі правядзеньнем служэньняў і прапаведваньнем на іх. Мікалай Чорны прагнуў, каб хрысьціяне сталіся авангардам нацыі, таму вялікую ўвагу надаваў адукацыі. Дзякуючы яго намаганьням пры кожным зборы былі адчынены пачатковыя школы, у якіх маладыя людзі вучыліся чытаньню, пісьму, а таксама асновам хрысьціянскай веры. Практычна ўся будучая эліта Вялікага Княства, тыя людзі, якія вызначалі жыцьцё краіны аж да пачатку XVII стагодзьдзя, вучыліся менавіта ў такіх школах. Кальвінскія школы, маючы прынцыпова іншую сыстэму навучаньня, давалі значна лепшую адукацыю, чым каталіцкія школы таго часу, і гэтым таксама спрыялі хуткаму распаўсюджваньню Рэфармацыі. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным адначасова са зборам, у канцы XVI ст. прэтэндавала на ступень акадэміі, але з-за моцнага супрацьдзеяньня каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы гэты праект не атрымалася рэалізаваць.

Адзін з галоўных дзеячоў рэфарматарскага руху ў Вялікім Княстве, князь Мікалай Радзівіл, выдатна разумеў неабходнасьць кнігавыдавецкай дзейнасьці для посьпеху Рэфармацыі ў краіне. Ён бачыў, як менавіта дзякуючы друкаванаму слову ідэі Лютара і Кальвіна сталі вядомымі ўсёй Эўропе і сур'ёзна паўплывалі на жыцьцё народаў. Таму амаль адначасова са зборам на замку ў Берасьці віленскі ваявода заклаў друкарню, у якой сваім коштам друкаваў разнастайную эвангельскую літаратуру: катэхізмы, сьпеўнікі, падручнікі, палемічныя творы, камэнтары да Бібліі. Урэшце у 1563 годзе Мікалай Радзівіл Чорны ажыцявіў грандыёзны выдавецкі праект - пераклад і выданьне Бібліі на польскай мове. Жывая размоўная мова жыхароў Вялікага Княства была ў сваёй лексіцы больш падобнай да польскай мовы, чым да царкоўнаславянскай, таму гэтае выданьне было патрэбнае ня толькі хрысьціянам Польскага Каралеўства, але магло быць выкарыстана і ў шматлікіх зборах у Вялікім Княстве. Віленскі ваявода запрасіў да сябе вядомых вучоных хрысьціянаў, знаўцаў гебрайскай і грэцкай моваў, і даручыў зрабіць ім пераклад усёй Бібліі з моваў-арыгіналаў: Стары Запавет - з гебрайскай, а Новы Запавет - з грэцкай. Да канца 1562 году праца над рукапісам перакладу была скончана, і 4 верасьня 1563 году зь берасьцейскай друкарні Радзівіла Чорнага выйшлі першыя асобнікі шыкоўна выданай Радзівілаўскай, або Берасьцейскай, Бібліі з уласнай прадмовай князя-рэфарматара. На гэтае выданьне Мікалай Чорны ахвяраваў вялізарную суму - 10 тысячаў дукатаў - гадавы даход усіх сваіх уладаньняў.

Аднак віленскі ваявода ніколі не забываўся і пра патрэбы сваёй краіны, і адначасова зь Берасьцейскай Бібліяй, у Нясьвіжскай друкарні князя Радзівіла пабачылі сьвятло два кальвінскія выданьні на старабеларускай мове: "Катэхізіс" і "Аб апраўданьні грэшнага чалавека перад Богам", падрыхтаваныя Сымонам Будным. У звароце да князёў Радзівілаў у прадмове "Катэхізісу" мы чытаем: "Слушная бо речь ест, абы Вашы княжыцкіе мілості того народу язык міловаті рачылі, в котором давные предкі і іх княжецкіе мілості панов отцы Вашіх княжецкіх мілостей славне преднейшые положеньства несуть".

Мікалай Радзівіл Чорны і ягоныя аднадумцы сярод палітычнай эліты Вялікага Княства дзейнічалі зь вялікім пасьвячэньнем і ахвярнасьцю. Сваім коштам яны закладалі эвангельскія цэрквы, будавалі зборы, дзе маглі зьбірацца вернікі, запрашалі пастароў і прапаведнікаў для навучаньня праўдам веры, адчынялі школы, у якіх магла вучыцца моладзь з розных станаў грамадзтва, закладалі друкарні. Дзякуючы іх намаганьням перакладаліся кнігі Сьвятога Пісьма, пісаліся палемічныя і пазнавальныя кнігі, якія пашыралі ў грамадзтве ідэі Рэфармацыі, друкаваліся падручнікі для школаў і катэхізмы эвангельскай веры. Прыклад пачынальнікаў рэфармацыйнага руху натхняў іншых рээфарматараў, і Вялікае Княства Літоўскае літаральна на вачах станавілася эвангельскай краінай. На пачатку ХХ стагодзьдзя дасьледчык Рэфармацыі на Беларусі В.Пліс пісаў: "Трэба прызнаць бясспрэчным той факт, што на пачатку 60-ых гадоў XVI стагодзьдя кальвінскае вызнаньне знаходзілася на ўзроўні пануючага веравызнаньня і пачынала моцна ўкараняцца тут". Дасьледваньні іншых гісторыкаў адназначна падцьвярджаюць гэтыя словы. Г.Мерчынг, аўтар спэцыяльнага дасьледваньня аб колькасьці эвангельскіх храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, налічыў іх каля 200. Іншы дасьледчык, Букоўскі, называе яшчэ большую лічбу - 320, што выглядае больш праўдападобна, улічваючы сьведчаньні сучасьнікаў тых падзеяў. Каталіцкі аўтар сярэдзіны XVII ст., езуіт В.Каяловіч, паведамляе, што калі перад Рэфармацыяй у Вялікім Княстве налічвалася каля 700 каталіцкіх парафіяў, то ў 1576 годзе ва ўсёй Жамойці, каталіцкім рэгіёне Княства, засталося ўсяго 6 каталіцкіх сьвятароў, а ва ўсёй краіне католікі складалі толькі тысячную частку насельніцтва. На Берасьцейскім саборы 1596 году католікі, дакараючы праваслаўных за спробы заключыць саюз з кальвіністамі, гаварылі, што толькі ў Наваградзкім ваяводзтве рэфарматары "спустошылі" 650 праваслаўных цэркваў. У гэтым жа ваяводзтве (сучасная Берасьцейская вобласьць, уключаючы Наваградак, Слонім, Нясьвіж і Слуцак), якая складала асноўную частку епархіі праваслаўнага мітрапаліта, з 600 сем'яў праваслаўнай шляхты толькі 16 ці нават менш не прынялі вучэньня Кальвіна. На вальным сойме 1563 году беларуская шляхта зьвярнулася да вялікага князя з просьбаю: "іж бы прысега шляхетского і посполітого человека не на образ малёваный ані рытый, яко первей была, але на імя Бога в Тройцы едного каждый подлуг веры свое закону хрыстіянского прысегал". У тым жа 1563 годзе магнаты і шляхта на чале зь Мікалаем Чорным "одностайне білі чолом", каб быў адменены параграф Гарадзельскага прывілею 1413 году, які забараняў некатолікам займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Жыгімонт Аўгуст ня меў вялікага выбару і 6 чэрвеня 1563 году падпісаў у Вільні прывілей, згодна якому: "достоінства і преложеньства всякіе, і до рады нашое, і на уряды дворные і земскіе не только подданые костелу рымскому обіраны і прекладаны быті мають, але одінаково і заровно всі рыцерского стану з народу шляхетского, люді веры хрестіянское, яко Літва, так і Русь, каждый водле заслуг і годності своее, от нас, господаря, на месца зацные і преложеньства с ласкі нашое браны быті мають".

У хуткім часе пасьля гэтага ў сэнаце Вялікага Княства Літоўскага засталося толькі два католікі: біскупы віленскі і жамойцкі, прысутнасьць якіх была замацаваная статутам Княства, а ўсе астатнія былі эвангельскімі хрысьціянамі. Сярод іх можна назваць Стэфана Збаражскага, ваяводу троцкага, Станіслава Паца, ваяводу віцебскага, Паўла Сапегу, ваяводу наваградзкага, Васіля Тышкевіча, ваяводу смаленскага, Юрыя Осьціка, ваяводу мсьціслаўскага, Габрыэля Гарнастая, ваяводу менскага, Астафея Валовіча, кашталяна троцкага і падканцлера, Яна Хадкевіча, маршалка земскага, Юрыя Зяновіча, кашталяна полацкага, Яна Гайко, кашталяна берасьцейскага і іншых. Калі дадаць да гэтага сьпісу каталіцкага кіеўскага біскупа Мікалая Паца, які ў 1564 годзе стаў кальвіністам, і жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча, стаўшага лютаранінам, то вобраз рэлігійнай сытуацыі ў Вялікім Княстве будзе даволі адназначны. Шляхта ў Вялікім Княстве Літоўскім, у адрозьненьні ад многіх краінаў Эўропы, а таксама Расеі, складала каля 10% насельніцтва (для параўнаньня: шляхецкі стан у Францыі налічваў недзе 1,5% грамадзтва), і ў пераважнай большасьці яна стала пад сьцягі Рэфармацыі. У яшчэ большай ступені гэта адносіцца да мяшчанства краіны. Мандат вялікага князя Жыгімонта Аўгуста на заснаваньне кальвінскай царквы у Віцебску пачынаецца такімі словамі: "Прыслалі до нас бояре, шляхта, бурмістры, райцы і мешчане тамошніе вітэбскіе, бьючы чолом, абыхмо у тамошнем месте Вітэбском дозволілі ім ку науцэ детем і для хожэнія іх ку слуханю слова Божего дом збудоваті і казнодею ховаті". У Полацку ў той самы час летапісец адзначае, што "не только мірстіі люді, но і ігумены і чернцы, і попы, і діаконы Греческого закона" актыўна ўдзельнічаюць у стварэньні і разьвіцьці эвангельскіх цэркваў. Сярод 22 сэньёраў (назіральнікаў за царкоўным жыцьцём у зборах, якія абіраліся з найбольш паважаных членаў збору), прысутных на сынодзе ў Вільні, 11 чалавек былі шляхецкага стану, а другія 11 - месьцічы. Гэты сынод прыняў пастанову, каб у кальвінскую школу ў Вільні хадзілі "деткі шляхецкіх і мейскіх станов". Калі ў 1563 годзе маскоўскія войскі захапілі Полацак, "сафейскі протопоп і со священніцы з братіей і все градскіе і посадцкіе священніцы благодарственне іспущающе гласы, ізбавлышеся і свободішеся от Люторского насілованія, что те Люторы отпалі святые православные веры, церкві разорылі і іконам не поклоняліся, і поруганіе чынілі велікое".

Такі ўздым рэфармацыйнага руху, асабліва ўлічваючы масавыя навярненьні шляхты, ня мог не закрануць і сялян. І хоць гэты працэс ішоў значна павальней, што і ня дзіўна, калі ўзгадаць зьнікомы ўзровень разуменьня сутнасьці хрысьціянства і поўную непісьменнасьць беларускага сялянства, зь цягам часу сытуацыя пачала мяняцца. Захаваліся дакуманты, якія сьведчаць пра тое, што ў некаторых уладаньнях кальвінскіх магнатаў сяляне таксама вызнавалі эвангельскую веру. Адзін з правінцыйных сынодаў пастанавіў, каб шляхта не прымушала сялян прымаць кальвінізм, але раіць сэньёрам збораў, каб яны сваіх падданых прыцягвалі да слуханьня Слова Божага, самі зьяўляючыся для іх прыкладам.

Імклівае разьвіцьцё Рэфармацыі ў Вялікім Княстве дазволіла ўжо ў 1557 годзе правесьці пад старшынствам Мікалая Радзівіла Чорнага першы сынод (сход сэньёраў і магістраў збораў) эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня, як называлі сябе вызнаўцы кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. На гэтым сынодзе быў абраны першы супэрінтэндант (адказны) беларускіх збораў - Сымон Зак. Неўзабаве далейшы рост колькасьці эвангельскіх цэркваў у краіне прымусіў эвангельска-рэфармаванае Задзіночаньне падзяліцца на два, а пазьней на шэсьць дыстрыктаў (рэгіёнаў), на чале кожнага зь якіх стаяў свой супэрінтэндант. Штогод дэлегаты ад кожнага дыстрыкту зьязджаліся ў Вільню на агульны сынод. Эвангельскія цэрквы ў гарадах Вялікага Княства, нават задоўга да свайго юрыдычнага афармленьня, вылучаліся немалой місыянэрскай актыўнасьцю. Прымаючы веру Хрыстовую, купцы і рамесьнікі сур'ёзна прымалі словы Госпада: "Ідзіце і зрабіце вучнямі ўсе народы". Гарады паўночна-усходняй Беларусі мелі даўнія гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам Вялікім, Цьвер'ю і Масквою, і разам з купецкімі абозамі на ўсход ішлі ідэі Рэфармацыі. Як вынік гэтага ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя ў Маскоўскай дзяржаве пачало распаўсюджвацца эвангельскае вучэньне. Адзін зь лідараў гэтага руху, Мацьвей Башкін казаў, што яго настаўнікамі былі "літвянін аптекарь Матфей і другой літвянін Андрей Хотеев". Калі маскоўскія духоўныя і дзяржаўныя ўлады жорсткімі рэпрэсіямі стлумілі рэфармацыйны рух у Маскоўскім царстве, частка вернікаў уцяклі "ў Літву", або "ў Немцы", дзе "свабодна гучала Слова Божае".

У гэты час Вялікае Княства Літоўскае перажывала ўздым ня толькі ў духоўным жыцьці, але таксама ў эканоміцы і культуры. І менавіта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэньне Кальвіна, якое вялікую ўвагу надавала характару чалавека і рэалізацыі кожным свайго прызначэньня, асабліва падкрэсьлівала важнасьць якаснага выкананьня кожным сваіх абавязкаў, пры гэтым ніколі не задавальняючыся дасягнутым. Такі біблійны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнікненьня рынкавай гаспадаркі. Падобныя працэсы адбываліся і на Беларусі. Асабліва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, літаральна зьмяніўшая аблічча Беларусі на працягу XVI стагодзьдзя. Ідэя рэформы, якая б дазволіла кожнаму селяніну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялікага князя Жыгімонта Старога. Актыўна падтрымліваў каралеву ў яе пачынаньнях ейны духоўнік Лісманіні, адзін з прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, які лічыў, што прызначэньне чалавека найбольш поўна рэалізуецца тады, калі ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежаваліся толькі ейнымі ўладаньнямі ў Гарадзенскім і Кобрынскім староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мікалай Радзівіл Чорны, які лічыў Лісманіні адным са сваіх настаўнікаў, зацікавіўся пераўтварэньнямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыў эфэктыўнасьць праведзеных рэформаў, якія разьвівалі ініцыятыву і актыўнсьць сялянства і рабілі сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камісія па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале зь віленскім ваяводам. Разам зь ім працавалі пісар Вялікага Княства Астафей Валовіч і адзін зь непасрэдных выканаўцаў пераўтварэньняў ва ўладаньнях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала так званую "Уставу на валокі", абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восеньню 1557 году, якая на доўгія гады вызначыла гаспадараваньне зямлёй ў Вялікім Княстве. Сутнасьцю гэтай рэформы было мераньне зямлі і яе клясыфікацыя паводле вартасьці, апрацаванасьці і ўраджайнасьці. Абмераныя землі падзяляліся на стандартныя часткі - валокі (21,37 гектара). Зямля ў карыстаньні сялянаў пераразьмяркоўвалася так, каб кожная сям'я атрымала адну валоку, такім чынам ліквідуючы церазпалосіцу і спрашчаючы падаткаабкладаньне сялянскай гаспадаркі. Такая арганізацыя землекарыстаньня дазваляла асвойваць новыя землі і павялічыць таварнасьць паасобных гаспадарак, дзякуючы вялікім памерам участка і магчымасьці выкарыстоўваць новую, трохпольную сыстэму земляробства. Адначасова ствараліся фальваркі - вялікія панскія гаспадаркі, якія павінны былі апрацоўвацца цяглымі сялянамі (так званая паншчына). Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалі вялікаму князю, але пасьля яе падхапіла шляхта, праводзячы памеру ў сваіх маёнтках.

Валочная памера зьмяніла нават зьнешні выгляд вёсак па ўсёй Беларусі. Яны сталі больш буйнымі, з характэрнай забудовай у адну вуліцу. І гэты іх выгляд прынцыпова не зьмяніўся да сёньняшняга дня. Яшчэ больш важным вынікам рэформы сталася павелічэньне грашовага абарачэньня, бо большасьць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, і таму мусіла зьвязвацца з рынкам. Акрамя таго была ліквідаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлівалі ў спадчыну ў сваё карыстаньне валокі і выконвалі грашовыя і іншыя павіннасьці паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былі праведзеныя ў Расейскай імпэрыі толькі на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-міністрам Пятром Сталыпіным, які меў маёнтак каля Горадні і на ўласныя вочы бачыў вынікі рэалізацыі "Уставы на валокі". Сама валока аказалася настолькі трывалай гаспадарчай адзінкай, што нават у XX стагодзьдзі беларускія сяляне, набываючы зямлю, вымяралі яе валокамі.

Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялічыць ураджаі збожжа, так што жыта і ячмень пачалі вывозіць на продаж за мяжу. Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла разьвіваць разнастайную вытворчасьць, асабліва зьвязаную зь перапрацоўкай драўніны, бо частка сялянаў замест працы на зямлі пачала займацца рамяством. Зьявіліся цэлыя паселішчы смаляроў, катляроў, грабароў, шаўцоў, кавалёў. Усё гэта спрыяла росту мясцовага рынку і эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Адной з прыкметаў гэтага стала стварэньне ў Вялікім Княстве аднароднай грашовай сыстэмы. На пачатку XVI стагодзьдзя на Полаччыне ў абарачэньні былі галоўным чынам рыскія шылінгі, у Панямоньні - праскія грошы, а на Палесьсі - залатаардынскія дзірхемы. Але ў сярэдзіне XVI стагодзьдя асноўнай манэтай ва ўсім Княстве становіцца літоўскі паўгрош віленскай вытворчасьці.

Яшчэ адной характэрнай рысай XVI стагодзьдзя стаў хуткі рост на Беларусі гарадоў і мястэчак. Калі на пачатку стагодзьдзя іх было толькі 48, то ўжо ў 1567 годзе іх налічвалася больш за 280. Гэтая ўрбанізацыя Вялікага Княства непасрэдна зьвязаная зь імкненьнем магнатаў закладаць гарады і мястэчкі ў сваіх уладаньнях. Радзівілы, Кішкі, Пацы, Сапегі запрашалі разнастайных рамесьнікаў, перш за ўсё веручых, і надавалі новым паселішчам магдэбурскае права (права самакіраваньня). Дзеячы Рэфармацыі ставілі сабе за мэту клапаціцца пра пашырэньне кола людзей, якія займаюцца нейкім рамяством. Сымон Будны ў сваім "Катэхізісе" зьвяртаў увагу бацькоў, што "повінны родітелі научаті сынов своіх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелі". Ён ставіў майстра ў адзін шэраг з настаўнікам, пастарам і ўладамі.

Сярэдзіна XVI стагодзьдзя - гэта таксама імклівы культурны ўздым Вялікага Княства. Тут варта ўзгадаць хаця б тыя некалькі сотняў школаў, адкрытых пры эвангельскіх цэрквах на працягу няпоўных дзесяці гадоў, якія далі магчымасьць тысячам маладых людзей атрымаць прынамсі пачатковую адукацыю. Або сотні кнігаў, якія выходзілі вялікімі накладамі і пашыралі веды сярод жыхароў краіны. У рэфармацыйных друкарнях выдавалася ня толькі рэлігійная літаратура, але таксама кнігі па гісторыі, геаграфіі, матэматыцы, філязофіі, паэтычныя і празаічныя творы розных аўтараў, пераклады з замежных моваў. Князь Мікалай Радзівіл Чорны стаў распачынальнікам мэцэнацтва ў Вялікім Княстве. Пры яго двары стваралі музыку Кіпрыян Базылік і Вацлаў з Шаматулаў, пісалі вершы Мікалай Рэй і Андрэй Трыцесскі. Нямецкія мастакі, якія працавалі дзякуючы падтрымцы віленскага ваяводы, увялі ў побыт шляхты Княства партрэтны жывапіс. Мікалай Чорны стаяў таксама ля вытокаў славутых радзівілаўскіх мастацкіх збораў, першай мастацкай калекцыі на Беларусі.

Шматгранная дзейнасьць віленскага ваяводы выяўлялася і ў палітычным жыцьці краіны. Пачынаючы з 1556 году Мікалай Радзівіл Чорны шмат увагі ўдзяляў сітуацыі ў Прыбалтыцы, вядучы перамовы аб далучэньні Лівоніі да Вялікага Княства і сумеснай абароне супраць маскоўскай агрэсіі. У 1558 годзе войскі Івана Жахлівага ўварваліся ў Лівонію, пакідаючы за сабою спаленую зямлю. Лівонія зьвярнулася да Вільні па дапамогу, становячыся пратэктаратам Вялікага Княства. Вайна з Масквою стала непазьбежнай. Зімою 1563 году 200-тысячная маскоўская армія на чале зь Іванам Жахлівым увайшла ў межы Княства і аблажыла Полацак. Вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды кінуўся тэрмінова зьбіраць беларускае войска і закрыў дарогу на Вільню, але дапамагчы Полацку аніяк ня змог. У лютым 1563 году Полацак быў захоплены. Па загаду цара Івана ўсе, хто не хрысьціўся па-праваслаўнаму, былі пасечаныя шаблямі або ўтопленыя ў Дзьвіне, мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці. Усіх пазасталых палачанаў захопнікі аб'явілі палоннымі і пагналі на ўсход. У родны горад зь іх ніхто не вярнуўся, а сам Полацак быў заселены перасяленцамі з-за Масквы. Калі праз 16 гадоў войскі Стэфана Баторыя вызвалілі Полаччыну, гэтая некалі самая заселеная зямля ў Вялікім Княстве ўяўляла сабою зарослую маладым лесам пустыню безь людзей і без жывёлы. Да сёньняшняга дня гэты край самы бязьлюдны на Беларусі.

Такое разьвіцьцё падзеяў нарадзіла паніку сярод беларускай шляхты. На палявым сойме пад Віцебскам было прынятае рашэньне аб далучэньні Вялікага Княства да Польскага Каралеўства. Але гэтым плянам інтэграцыі рашуча супрацьстаў Мікалай Радзівіл Чорны. На Варшаўскім сойме ў студзені 1564 году, калі польскія дэлегаты і Жыгімонт Аўгуст узамен за дапамогу ў вайне патрабавалі ліквідацыі Вялікага Княства і ўваходжаньня яго ў склад Польшчы, віленскі ваявода заняў адназначную пазыцыю ў пытаньні незалежнасьці сваёй краіны, не згаджаючыся ні на якія саступкі. У гэты час Мікалай Радзівіл Руды на рацэ Ула, маючы 4 тысячы вершнікаў, разграміў 30-ці тысячнае маскоўскае войска. Пытаньне пра інтэграцыю было закрытае. Аднак незалежніцкая пазыцыя віленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносінаў з каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Некаторыя сучасьнікі гаварылі, што Мікалай Радзівіл Чорны прымерваў для сябе вялікакняскую карону, разьлічваючы на тое, што Жыгімонт Аўгуст ня мае нашчадкаў, і таму быў такі непрыхільны да ўсялякіх саюзаў. Мы ня ведаем, ці былі ў віленскага ваяводы такія пляны, хутчэй за ўсё гэта прыдумкі недабразычліўцаў. У лісьце да сына ен пісаў: "Кароль вельмі неахвотна ад мяне гэта прыймае, але Рэч Паспалітая для мяне больш значыць, чым прыхільнасьць гаспадара, таму мала мяне гэта хвалюе". Віленскі ваявода называе тут Рэччу Паспалітаю, г.зн. супольнаю справаю ўсіх грамадзянай краіны, Вялікае Княства Літоўскае. Такая зацятасьць Мікалая Чорнага не была дарэмнай. Гісторыкі аднадушна сьцьвярджаюць, што пастава віленскага ваяводы адносна уніі з Польшчай надавала сілу беларускай дэлегацыі ў Любліне ў 1569 годзе, і хоць Мікалай Чорны памёр чатыры гады раней, бясспрэчна яго заслуга ў тым, што Вялікае Княства ня стала часткаю Польскага Каралеўства і захавала сваю самастойнасьць.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Зорны час Мікалая Радзівіла


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.