Залаты Век Беларусі: Рэфармацыя і мова

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Залаты Век Беларусі: Рэфармацыя і мова. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2006-10-13
Источник: http://library.by

ВЫСТУПЛЕНИЕ АВТОРА НА КОНФЕРЕНЦИИ

Да Залатога Веку Беларусі ў той ці іншай ступені спрычыніліся праваслаўе, каталіцызм, пратэстантызм і ўніяцтва. Ад пачатку свайго распаўсюджвання ў нашым краі (30-я гады XVI ст.) пратэстантызм вельмі выгодна адрозніваўся ад усіх хрысціянскіх плыняў сваім гуманным станаўленнем да мовы набажэнства. Калі ў ранейшых стагоддзях хрысціянская царква, незалежна ад этнічнага паходжання вернікаў, у якасці літургічнай мовы выкарыстоўвала старажытнаяўрэйскую, грэцкую, лацінскую, стараславянскую, дык пратэстанты лічылі, што такую функцыю павінна выконваць родная мова карэннага насельніцтва той ці іншай мясцовасці. Гэта быў сапраўдны выклік каталіцкай царкве, бо апошняя не дапускала ў набажэнствы касцёла аніякай іншай мовы, акрамя лацінскай, што садзейнічала яе празмернаму распаўсюджанню на ўсе астатнія сферы грамадскага жыцця і, значыцца, перашкаджала пранікненню туды мясцовых моваў, іх развіццю. Перадавыя людзі таго часу не маглі пагадзіцца з падобнай моўнай практыкай каталіцызму і ўсяк імкнуліся змяніць яе з тым, каб наблізіць дзейнасць касцёла да культурна-моўных традыцый прыхаджанаў.

З такой паслядоўнасцю і рашучасцю, як ідэолагі і прыхільнікі Рэфармацыі, ніхто не выступаў за падобныя прагрэсіўныя моўныя перамены ў хрысціянстве. Пры паспяховым ажыццяўленні іх, і сапраўды, царква зрабіла б важны крок для сцвярджэння сябе ў ранзе нацыянальнай, рэальна магла б у пазітыўным плане ўплываць на культурна-моўнае развіццё насельніцтва той тэрыторыі, дзе яна праводзіла сваю дзейнасць. Невядомая дагэтуль павага царквы да мясцовых моваў з'явілася адной з асноўных прычынаў таго, што прагрэсіўныя ідэі Рэфармацыі атрымалі шырокае распаўсюджванне ў краінах Еўропы, што спачатку многія каталіцкія, а затым і праваслаўныя храмы сталі ператварацца ў пратэстанцкія.

Ідэі Рэфармацыі не сустракалі сур'ёзных перашкод на сваім шляху і ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе даволі сур'ёзнае становішча складвалася ў царкоўна-рэлігійным жыцці. У моц розных прычын, і асабліва пад уплывам адпаведнай палітыкі свецкіх і духоўных уладаў Кароны Польскай, яно з аднаканфесійнага (праваслаўнага) ўсё больш і больш пераўтваралася ў двухканфесійнае (праваслаўна-каталіцкае), прычым ні адна з канфесіяў не выкарыстоўвала роднай мовы карэннага насельніцтва ў якасці літургічнай. Гэтую функцыю ў праваслаўных храмах выконвала царкоўнаславянская мова, а ў каталіцкіх - латынь. Але самае страшнае, што, заснаваныя паводле польскага ўзору, каталіцкія касцёлы ніяк не жадалі і ў па-за літургічным набажэнстве выкарыстоўваць старабеларускую мову. Каталіцкае духавенства з зайздроснай упартасцю вяло лінію на ўжыванне дзеля гэтага больш польскай мовы, добра разумеючы, якую гэта важную ролю можа адыграць у адрыве паствы ад яе прыродных этнакультурных традыцый і далучэння да польскага ладу жыцця. Аналагічную моўную палітыку праводзілі і ў каталіцкіх навучальных установах ВКЛ. Словам, да распаўсюджвання ідэі Рэфармацыі на тэрыторыі Княства ўжо было нямала не толькі акаталічаных, але і апалячаных беларусаў, якіх тады часцей за ўсё называлі ліцвінамі. І самая небяспечная з'ява: ад бацькоўскіх культурна-моўных традыцый адыходзілі найбольш адукаваныя і заможныя пласты карэннага насельніцтва, якія былі носьбітамі не толькі жывой, але і старабеларускай літаратурнай мовы. З прычыны выжывання з асяроддзя беларускага народа людзей такіх прэстыжных катэгорыяў, ён страчваў сваю здольнасць супраціўляцца польскай культурна-моўнай асіміляцыі. Таму многія не абыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны людзі маглі з вялікай надзеяй глядзець на Рэфармацыю, разлічваючы, што створаныя пад яе ўплывам пратэстанцкія цэрквы сапраўды стануць нацыянальнымі, з'явяцца сур'ёзнай перашкодай для далейшага распаўсюджвання паланізацыі.

Гэтым светлым спадзяваннем не наканавана было спраўдзіцца. Бясспрэчна, пратэстанцкая царква прыйшла і ў ВКЛ з поўнай павагай да нацыянальнага фактару яго народаў. Але паколькі яна шукала і знаходзіла сабе апору сярод найбольш заможных і адукаваных колаў грамадства, гэта значыць, галоўным чынам сярод ужо спаланізаванага насельніцтва, дык пад уплывам апошняга яна глядзела тут на нацыянальны фактар як на польскую з'яву. Вось найбольш яскравы прыклад, які датычыць канкрэтнай практычнай дзейнасці спаланізаванага прадстаўніка самага магутнага на Беларусі магнацкага роду Радзівілаў -- Мікалая Радзівіла Чорнага -- пратэктара і ідэолага рэфармацыйнага руху ў ВКЛ. Гэта ён заснаваў ў 1553 г. у Бярэсці першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню. Падзея сама па сабе на той час надзвычайная. Друкарні яшчэ толькі пачыналі закладвацца ў краінах Еўропы. Але бяда ў тым, што па волі Мікалая Радзівіла ў Бярэсці выдавалі кнігі на польскай, лацінскай і іншых мовах, але толькі не на беларускай, таму гаварыць пра асаблівы уклад дадзенай друкарні ў нацыянальную культуру Бацькаўшчыны не даводзіцца.

На першым часе магло падацца, што зусім іншым шляхам пойдзе Нясвіжская друкарня, заснаваная ў 1561-1562 гг. рэфармацыйнымі дзеячамі Мацеям Кавячынскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім. Першую кнігу ў ёй -- "Катэхізіс" -- выдалі ў 1562 г. на беларускай мове. У змешчаным у кнізе звароце да маладых Радзівілаў ідэйны кіраўнік гэтай друкарні, рэлігійны рэфарматар Сымон Будны вельмі пахвальна выказаўся пра беларускую мову, заклікаў іх пры ўсіх нагодах карыстацца родным словам сваіх продкаў. Здавалася б, раз з такой пашанай ставішся да беларускай мовы, неадступна ўжывай яе ў друкарскай справе, і няхай кожны, хто толькі пажадае, чытае кнігу на роднай мове. Падобнага ў практычнай дзейнасці тых, хто працаваў у Нясвіжскай друкарні, не назіралася. У іх хапіла жадання і моцы пасля выдання "Катэхізіса" яшчэ толькі на адну беларускамоўную кнігу -- "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам" (восень 1562г.; не захавалася). З наступнага ж года друкарня перайшла на выпуск кніг на польскай і лацінскай мовах і за 1563-1571 гг. выдала 11 назваў. Яшчэ з большым размахам працавала на гэтых мовах арыянская друкарня ў Лоску (тэрыторыя сучаснага Валожынскага раёна), куды было перавезена абсталяванне зліквідаванай Нясвіжскай друкарні. Тут выходзілі творы самых вядомых рэфарматараў Беларусі, але ніхто з іх і не падумаў выкарыстаць дзеля гэтага яе дзяржаўную мову, якая была роднай для дадзенай зямлі.

Мала, вельмі мала для ўзбагачэння беларускамоўнага патэнцыялу кніжнай прадукцыі зрабіў актыўны прыхільнік пратэстантызму Васіль Цяпінскі, хаця і "служыў у падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Астафея Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць на Беларусі і ў Літве."1 Не ведаю, у чым канкрэтна ён дапамог В. Цяпінскаму, але гэты слынны патрыёт Бацькаўшчыны выдаў у сваёй друкарні на старабеларускай мове толькі адно няпоўнае Евангелле (каля 1570 г. ад Мацвея, Марка і часткова ад Лукі). Няпоўнае таму, што зведваў вялікія фінансавыя цяжкасці, сур'ёзнае супраціўленне з боку тых, хто ўжо паспеў вырачыся роднай культуры і мовы, стаў жыць чужымі духоўнымі каштоўнасцямі. Варта адзначыць і такую негатыўную рысу прыхільнікаў Рэфармацыі на Беларусі, як практычна поўнае ігнараванне яе дзяржаўнай мовы пры напісанні твораў розных літаратурных жанраў. Без асаблівых цяжкасцяў можна налічыць некалькі дзесяткаў тых, хто пісаў іх. Але як цяжка адшукаць сярод ідэолагаў рэфармацыйнага руху асобаў, якія ў гэтых мэтах выкарыстоўвалі б беларускую мову. Перавагу аддавалі лацінскай ці польскай. Узяць, скажам, кальвініста Андрэя Волана (Воляна; 1530 - 1610), дык ён на лацінскай мове напісаў ажно каля 30 палемічна-тэалагічных твораў, палітыка-прававых, этычных трактатаў і прамоваў.

Праўда, гісторыі вядомыя факты (і нямала!), калі некаторыя рэфарматары ўсяляк адстойвалі этнакультурныя інтарэсы сваёй Бацькаўшчыны, выступалі ў ролі шчырых змагароў за беларускую мову. Сучасны даследчык праблем Рэфармацыі на Беларусі Сямён Падокшын прыводзіць такі факт: сярод тых, хто настойваў выдаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года не на беларускай, а лацінскай мове, былі найперш іезуіты Пётр Раізій і Аўгусцін Ратундас (Ратондус), а вось кальвініст, пісар вялікакняжацкай канцылярыі Марцін Валадковіч заняў прама працілеглую пазіцыю. Цалкам падзяляў яе і кіраўнік статутовай рэдакцыйнай камісіі кальвініст Астафі Валовіч. Гэта найперш ім мы абавязаны, што Літоўскі Статут 1566 г. быў напісаны і выдадзены на старабеларускай мове. Не ў прыклад сучасным падыходам дзяржаўных органаў, апошняя тады была адзінай у ВКЛ, на якой патрабавалася весці службовую дакументацыю.

Немалая заслуга актыўных дзеячаў Рэфармацыі і ў падрыхтоўцы Літоўскага Статута 1588 г., у якім быў пацверджаны за беларускай мовай статус адзінай дзяржаўнай у ВКЛ, хаця пад той час вельмі істотна змянілася яго палітычнае становішча: ВКЛ стала складовай часткай канфедэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай. Як і папярэдні, Літоўскі Статут 1588 г. рыхтаваўся пад кіраўніцтвам таго ж самага А. Валовіча. Толькі смерць у 1587 г. не дала яму магчымасці ўзяць у рукі ўжо ў гатовым выглядзе гэты выдатны твор беларускай юрыдычнай думкі.

Далёка не ў поўнай ступені адпавядала нацыянальнаму інтарэсу нашай Бацькаўшчыны дзейнасць рэфарматараў у такой важнай сферы, як народная адукацыя. Прагрэсіўнага, з пункту погляду педагагічнай навукі, шмат было ў заснаваных імі кальвінісцкіх, лютэранскіх, арыянскіх школах. Як вядома, у іх выкладалася і старабеларуская мова. Але ж такое практыкавалася і ў езуіцкіх калегіюмах, Віленскай езуіцкай акадэміі. Арганізацыя навучальна-выхаваўчага працэсу не на беларускай мове хутчэй за ўсё тлумачылася, відаць, моцным інтэграваннем настаўнікаў пратэстанскіх школ у лацінскую і польскую культуры. Многае для ўмацавання іх пазіцыяў у адукацыі зрабіў мысляр-гуманіст, пісьменнік, рэктар арыянскай школы ў Іўі Ян Ліцыній Намыслоўскі (пачатак 1560-х - пасля 1635 гг.). Усе свае педагагічныя працы ён выдаваў толькі на лацінскай і польскай мовах, а іншым разам яшчэ і на нямецкай. Стаўленне пратэстанцкіх школ да беларускай мовы не змянілася нават падчас Контррэфармацыі, у цяжкіх выніках якой на Беларусі найбольш за ўсё вінаватыя польскае каталіцкае духавенства і свецкія прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай. Практычна цалкам па-за беларускім нацыянальным інтарэсам ажыццяўляла сваю дзейнасць заснаваная ў 1617 г. Слуцкая кальвінісцкая гімназія. У ёй беларуская мова вывучалася толькі ў якасці звычайнага прадмета. На польскай жа мове вучылі ў малодшых класах, на лацінскай - у старэйшых і вучылі, відаць, на "выдатна", бо інакш не называлі б Слуцкую кальвінісцкую гімназію "Слуцкімі Афінамі". Узгадаванне дзяцей на чужым культурна-моўным матэрыяле можа зрабіць іх высокаадукаванымі людзьмі, але толькі адзінкі будуць у стане штосьці карыснае даць для ўзбагачэння духоўнага патэнцыяла роднага краю, выступаць за яго палітычную незалежнасць. З багатымі тэарытычнымі ведамі пакінуў сцены Слуцкай кальвінісцкай гімназіі Ілля Капіевіч (Капіеўскі 1651-1714). Пасля некалькіх гадоў жыцця ў Галандыі, дзе займаўся кнігавыдавецкай справай, ён пераехаў у Расію і працаваў перакладчыкам у Пасольскім прыказе. Пазіцыя нашага земляка адносна палітычнага развіцця Беларусі ніяк нельга падзяліць: ён выступаў за яе далучэнне да Расіі.

Карацей кажучы, у Залаты Век пратэстанцкая царква не здзейснілася ў якасці нацыянальнай. Напачатку яна працавала ў лаціна-польскім культурна-моўным рэчышчы, а пазней і зараз - у рускім, хаця ў яе заўжды былі і ёсць выдатныя асобы, якія стаялі і стаяць за тое, каб пратэстанцкая царква мела беларускае аблічча. Сярод іх у першую чаргу будзе дарэчы назваць баптысцкага прапаведніка Лукаша Дзёкуць-Малея (1888-1955), які разам з вядомым палітычным і грамадска-культурным дзеячом Бацькаўшчыны Антонам Луцкевічам пераклаў і выдаў у 1931 г. у Гельсінгфорсе на беларускай мове "Новы Запавет і Псальмы", а ў 1942г. у акупаваным немцамі Менску выпусціў на гэтай жа мове малітоўнік. І сёння ў пратэстанцкім асяроддзі краіны ёсць нямала шчырых прыхільнікаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Мне неаднаразова даводзілася чуць, як яны просяць Бога дапамагчы беларускаму народу нарэшце скінуць з сябе абрыдлае ярмо асіміляцыі, захаваць і ўзбагаціць сваю этнакультурную самастойнасць. Цвёрдую нацыянальную пазіцыю выявіў у гэтай высакароднай справе пастар Беларускай царквы евангельскіх хрысціянаў баптыстаў Эрнэст Сабіла, які разам з Саюзам беларускіх баптыстаў выдаў у 1996 г. накладам у 5 тысяч асобнікаў "Беларускі духоўны слоўнік". Шчырая прыхільнасць гэтага рэлігійнага дзеяча сучаснасці да нацыянальнага інтарэсу Бацькаўшчыны так выказана ім: "... сваю задачу мы бачым у тым, каб несці евангельскае вучэнне да нашых людзей на іх роднай мове". А гэта якраз той магістральны напрамак у дзейнасці любой хрысціянскай канфесіі, які дапамог бы ёй стаць сапраўды беларускай, нацыянальнай. На вялікі жаль, гэтай аксіёмы не жадаюць прыняць многія высокія духоўныя асобы Беларусі. Асабліва з ліку праваслаўных. І не жадаюць у значнай ступені відаць таму, што ад майскага рэферэндуму 1995 г. і сама дзяржава з зайздроснай упартасцю праводзіць моўную палітыку, якая цалкам не адпавядае беларускаму нацыянальнаму інтарэсу.

Сёння стартавыя магчымасці стаць на Беларусі нацыянальнай царквой у пратэстанцкай царквы ніколькі не горшыя, чым у праваслаўнай ці каталіцкай, бо першая моцна залежыць ад Масквы, а другая -- ад Варшавы і, значыцца, не могуць у сваёй дзейнасці абапірацца на прыродныя культурна-моўныя традыцыі нашага краю. Несумненна, будучае ў нас толькі за той хрысціянскай канфесіяй, якая павернецца тварам да такіх традыцыяў. Яе абавязкова падтрымаюць шырокія колы нацыянальна з'арыентаванай часткі беларускага грамадства, дапамогуць стаць самай масавай і аўтарытэтнай у краіне царквой.

___________________________________________
1 Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік, Мн., 1995, С.154

2 Тамсама С.66


Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Залаты Век Беларусі: Рэфармацыя і мова

© Леанід Лыч, доктар гістарычных навук () Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.