Праваслаўная Рэфармацыя

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Праваслаўная Рэфармацыя. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2006-10-09
Источник: http://belreform.org/marzaluk.php

Праваслаўная Рэфармацыя

Ігар Марзалюк


Рэфармацыя... Звычайна пад гэтым тэрмінам разумеецца рух, што ўзнік у нетрах каталіцкае царквы, а перад вачыма паўстаюць постаці Лютэра і Кальвіна. Але акрамя гэтага, так бы мовіць, «класічнага» варыянту царкоўнае рэформы на беларускіх землях, сярод праваслаўнага гарадскога насельніцтва сустракаемся з надзвычай цікавай, непаўторнай з’явай уласна нашай гісторыі - праваслаўнай Рэфармацыяй.

Пачатак XVI ст. праваслаўная царква Беларусі й Украіны сустрэла ў цяжкім, крызісным становішчы. Некананічныя паводзіны духавенства, маральная разбэшчанасць, п’янства, імкненне да матэрыяльных асалодаў - вось што было характэрна для царкоўнага краявіду таго часу. Хіба адзін Супрасльскі манастыр у выгодны бок розніўся ў пачатку XVI ст. ад іншых установаў такога кшталту. Згодна статуту 1510 г.Супрасльскага манастыра загадвалася «...игумену и братии, в том монастыри живущим, питья пианого, всякого меду и пива и вина горелого не держати и не пити, и в приношении питиа пианого не приимати»1. І гэта, як паказаў у свой час Мітрафан Доўнар-Запольскі, не было пустымі словамі. Менавіта ў Супрасль адпраўлялі на «перавыхаванне» схільных да чараў Бахуса айцоў духоўных. Рабілася гэта з простае прычыны - адсутнасці ў Беларусі іншых манастыроў, дзе б манаства не піло. Але з Супрасля брація разбягалася...

Святары даволі часта блыталі сваё і царкоўнае. Менавіта таму на пачатку XVI ст. праваслаўныя віленскія месцічы пачынаюць браць пад свой кантроль прыходы, пільна сачыць за фінансавай дзейнасцю прыходскага духавенства, прымушаюць папоў клясціся ў тым, што яны будуць паводзіць сябе годна і сумленна, у адпаведнасці з нормамі хрысціянскай маралі. Менавіта праваслаўнае беларускае мяшчанства Вільні, як сведчаць крыніцы, першым пачало кантраляваць прыходскае духавенства ў фінансавых пытаннях, сачыць за захаванасцю царкоўнай уласнасці ды патрабаваць ад мітрапаліта, каб кандыдатуры святароў на прыходы абавязкова ўзгадняліся з імі. Адна з самых ранніх згадак пра такія парадкі ў Вільні знайшла адлюстраванне ў лісце (датаваным 1511 г.) мітрапаліта беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквы Іосіфа Солтана, у якім акрэсліваліся межы ўдзелу віленскага мяшчанства ў справах прыходскіх цэркваў.

Віленскія месцічы патрабавалі, дзеля захавання царкоўнай уласнасці, свайго абавязковага ўдзелу ў штогадовых інвентарных апісаннях прыходскіх цэркваў. «Што ся тычеть церквей Божих пописыванья годового, або коли свещенника которого Бог с того света збереть, ино наместник митрополии церкви Божи пописывает, а мы маем при том быти; он у свой реестр церковныи вси речи церковныи и наклады попишеть, ино мы тыи речи в тоеж слово у книгы наши месткие вписывали для того, абы тот скарб церковный, наш наклад, безвестно не гинул; бо в некоторыи лета того было есмо не осмотряли, ино шкода немалая в церкви бывала, нет ведома от кого; и небожчик Митрополит Макарей не хотел был нас того пописыванья допустити, ино тогды опять гибель в церкви Божей бывала. [...] Нам мещаном с того жадное корысти нет, нижли только того смотрим, штобы наклады церковныи без ведома не гинули». Мітрапаліт дазволіў ім гэта. Са спасылкай на «старыну» віленскія мяшчане прасілі таксама дазволу на зацвярджэнне іх кандыдата на прыход. «...И тебе деи господина отца нашего просим, абы твоя милость нас в той ласце своей мел: за ким коли мы будем просити, а увидится ль твоей милости годный к службеБожей, абы твоя милость тому тую церковь дал». Мітрапаліт пагадзіўся і з гэтым.

Але Іосіф Солтан катэгарычна не згадзіўся, нягледзячы на аргументацыю мяшчанаў на «адбіранне» імі ключоў ад цэркваў. «А теж мовили есмо сами с детми нашими мещаны Виленскими, што они не подлуг уставы светого писма почали чинити на тых летех недавно: коли которого свещенніка Бог с того света збереть и без веданя наместника нашого перед смертью небожчика предка нашого Ионы митрополита Перенесенское церкви и Кузмодемьянское ключ к себе брали. И они все перед нами так мовили: иж бы то они здавна мели и за пръвших митрополитов предков наших, коли который священник умреть и они тую церков пересмотревши и пописавши ключ к собе бирали, и которому попу митрополит тую церков даст, тогды мы сами тому попу ключ церковный дадим. [...] И я так рек: я о тыи ключи мещаном и мовлю, иж они то были вчинили ново и неслушно, без митрополичяго веданя ключи были к собе взяли после поповы смерти, чого перед тым не бывало, абы мещане ключи брали и подавали. [...] Избранье ерейское и подаванье церкве и престолов Божих большаго святителя есть дело. А мирстии людие, велиции и малые, архиереом и ереом мають повиноватися и послушны быти во всем».

У гэтай цытаце надзвычай красамоўна адлюстравана імкненне мяшчанаў да татальнага кантролю над прыходскім духавенствам, да поўнай залежнасці святароў ад міранаў.

Вельмі часта зварот да караля гарадскіх супольнасцяў з патрабаваннем перадачы пад іх патранат гарадскіх цэркваў тлумачыцца вельмі банальнымі прычынамі: крадзяжом ды разрабаваннем цэркваў епіскапатам і прыходскім духавенствам. Вайна за ўласнасць паміж святарствам і прыхаджанамі -звыклы сюжэт актавых крыніцаў сярэдзіны - другой паловы XVI ст. З вялікакняскага дэкрэту 1544 г. даведваемся пра скаргу віленскіх мяшчанаў на незаконнае прыўлашчаванне пратапопам і віленскімі крылашанамі мураванай крамы. Прадстаўнікі духавенства сцвярджалі, што «...иж иі от тых мещан великая кривда и бесправье ся стала: а невинне они о то ку праву поволокают; на первей, им которую клетку мурованую крамную мещнака виленская Марья Григорьевна по души своей на церковь Божью на вечность им записала».

Але мяшчане прыводзілі важкія аргументы на сваю карысць: «...На противку того мещане через прокуратора своего Ларка поведили, иж они о таковом записе або тостаменте, который не водле права их Маитборскаго не врядне есть справен и за которым они тепер тое сумы за оные души по нас не допирають, ничого не ведають, а тое клетки, которую они собе записану быти менують, николи они в том держаньи не мели». Вялікі князь вынес вырак на карысць мяшчанаў, матывуючы тым, што «мяшчанка [...] не слушне а не врядне в том ся справовала; бо кды она под правом местким была, тогды мела з волею и ведомостью права их Маитборскаго то им записывати; ведь жо гды она того не вчинила и оный запис, або тостамент свой кром враду месткого справовала, в чом моцы водле права не мела, тогды мы тыи листы записы оное мещанки, через попов Виленских перед нами положоныи, яко неслушныи, а не водле права их Маитборского справены - на сторону отложили и ни в што их обернули».

Віленскія месцічы, а ўслед за імі й гараджане іншых беларускіх гарадоў зрабілі звыклай практыку падпісання ўгодаў-кантрактаў з прыходскімі святарамі. Апроч таго, што мяшчане самі вызначалі кандыдатуру святара на прыход, дык яны яшчэ й патрабавалі ад яго абавязковай, зацверджанай у магістраце прысягі пра годнае, маральнае жыццё і адмову скарыстоўваць царкоўныя сродкі на сваю карысць. Так у 1566 г. у кантракце-ўгодзе паміж віленскімі месцічамі й святаром-кандыдатам на Мікольскі царкоўны прыход апошні ўрачыста абяцаў: «Я Прокопей Левановичь, из Клецка поп, вызнаваю сам на себе тым своим листом. Бил есми чолом их милости паном бурмистром и радцам месьта Виленского [...] и мне их милость в месте Виленском церковь Светого Николы деревеную рачили дати. [...] Где жь я будучи тое церкви светое маю ся добре и цнотливе справовати, як на стан священнический приналежить, не пияницею, не лакомцою, не звадливым. [...] А за чим мне их милость тую церковь Божью рачили дати, то все маю в целости ховати, ани земли церковное не маю у обчие руки никому заводити: маю в целости ховати, и еще што будеть з ласки православных хрестиян надано к той церкви Божьей, и того не маю таити».

Святар Іван, атрымаўшы ключы з рук віленскіх мяшчанаў на Віленскую праваслаўную царкву, таксама ўрачыста прысягаў: «...я обецую все, яко скарб церковный, так домы и пляцы до живота моего в целости ховати и никому у в обчие руки не задавати, ани заводити»2.

Гэткім чынам сітуацыя выглядала і ў Магілёве. Для кантролю над духавенствам вернікі абіралі двух шафараў, якія праводзілі рэвізіі на прадмет нямэтавага скарыстання царкоўных сродкаў. За сваю ж працу поп атрымліваў фіксаваны, вызначаны прыходам заробак. Прысяга, аналагічная віленскай, у Магілёве ў другой палове XVI ст. стала абавязковай для прыходскіх святароў. У ёй, між іншым, святар абавязваўся «...па корчмах и складах для напитков ходити и николи в них, окром нужное потребы духовное бывати, картами, костками и никакими легкими забавами богумерзкими и от них санови нашему священическому непристойными забавлятисе не маем»3. Спробы непаслушэнства жорстка караліся. Святара, які не жадаў падпарадкоўвацца гэтым правілам гульні, папросту выганялі з займанай ім пасады. І вельмі добра, калі пры гэтым абыходзілся без збіцця, ды дэманстратыўнага здзірання з яго рызы падчас службы4.

Амаралізм і некананічнасць паводзінаў духавенства спрыялі распаўсюджанню, з аднаго боку, рэфармацыйных вучэнняў, з іншага - узнікненню і ўмацаванню праваслаўных брацтваў, якія ёсць своеасаблівай формай праваслаўнай рэфармацыі ў межах праваслаўнае царквы, - рэформы, якая была ініцыяваная міранамі і скіраваная на залежнасць і падкантрольнасць ім «айцоў духоўных». У дзейнасці праваслаўных брацтваў выразна прасочваюцца рэфармацыйныя тэндэнцыі: імкненне сцвердзіць аўтарытэт Святога Пісьма, ачысціць праваслаўны культ ад «прымхаў і «паганскіх» забабонаў», прынцып выбарнасці святароў вернікамі і прынцып «таннай царквы»5.

У беларускіх гарадах у XVI - пачатку XVII ст. складвалася і новая працоўная этыка. Яе ўжо можна назваць уласна гарадской, прасякнутай духам пратэстантызму. Цікава ў сувязі з гэтым прасачыць стаўленне ў гарадскім асяродку да п’янства. Вядома, п’янства разглядаецца як грэх у хрысціянскай дактрыне; п’яніцы «царства Божага не імуць»6. Кірыл Транквіліён параўноўваў п’яніцу з беснаватым7. «Культура піцця» ў яе гарадскім варыянце ў XVI-XVII стст. прынцыпова розніцца ад шляхоцкай. Бясспрэчна, кепскі быў той гаспадар, які не частаваў гасцей да цёмнай ночы і не выпускаў іх на золку, каб яны ішлі, трымаючыся за сцены і хістаючыся8. Аднак гэтак піць можна толькі на святы ды ў гасцях. Штодзённае п’янства выклікала пагарду і агіду. П’яніца быў аб’ектам здзекаў з боку іншых сяброў гарадской супольнасці, бо п’янства адвучвае чалавека працаваць, робіць яго гультаём. Вельмі красамоўна пра гэта сведчаць шматлікія «прызнанні»-прысягі, «заречене пити», якія давалі магістрату схільныя да п’янства месцічы9. У выпадку ж невыканання прысягі магістрат мог пасадзіць п’яніцу ў турму, накласці на яго штраф, «карбачами през цекляров на камени публице покарать»10. Дакументы такога кшталту сустракаюцца ў актавых кнігах Магілёўскага магістрату, пачынаючы з 1577 г.11. Смерць ад «опоя» была сінанімічнай самазабойству з усімі вынікаючымі наступствамі. Нябожчыка хавалі без выканання царкоўнага рытуалу; прычым пахаванне імкнуліся правесці таемна, каб ніхто не ведаў аб гэткім сораме сям’і12.

У XVI ст. адбываюцца надзвычай сімптаматычныя змены і ў стаўленні да жабрацтва гарадскога насельніцтва і часткі шляхты. Яны вельмі розняцца ад уяўленняў, пануючых у тагачаснай Расіі. Наша гарадская традыцыя XVI-XVII стст. зусім не ведае інстытуту «юродивых». У гарадскім асяродку жабрацтва ўжо не разглядаецца як каштоўнасць ды ідэал хрысціянскага жыцця, што было характэрна для сярэднявечнай традыцыі. Яно апраўданае толькі пры страце працаздольнасці ды «ўбогасці». Уплыў пратэстанцкай этыкі тут відавочны. Так, у «Послании многословном» - зборніку тлумачальна-вучыцельных слоў 60-х гадоў XVI ст. са збору Ю. Яворскага - міласціна адмаўлялася як богакарысная справа і абвяшчалася неабходнасць працы для кожнага працаздольнага сябра грамадства13. Паказальна, што менавіта на пачатак XVII ст. прыпадаюць спробы беларускіх магістратаў рэгуляваць колькасць жабракоў у гарадах ды ўсяляк абмяжоўваць колькасны рост гэтай сацыяльнай групы насельніцтва. Прычым назіралася адназначна негатыўнае стаўленне да жабрацтва сярод працаздольнай часткі гараджанаў. У 1621 г. Магілёўскі магістрат выдаў адмысловую пастанову аб наглядзе за жабракамі, што жывуць у шпіталях. «[...] И молодики жонки, дети меские и иншые, дорослые и недорослые, выростки и девки, не маючы в собе жадное хоробы а ни уломности [...] удались непотребно в убоство [...] и иншые, сами будучи здоровы для встыду (!) не выходечы з дому на местцо, сами детей своих здоровых, сиротами называючи, посылали собе в том всем и слушное выживлене а в браню ялмужных ошуканне чынят». У Магілёве быў створаны спецыяльны цэх жабракоў; «калецкі стараста» мусіў аглядаць кожнага жабрака, які прыходзіў у горад, і рэгістраваць яго. Калі «новы» жабрак быў хворы на інфекцыйную хваробу альбо, наадварот, абсалютна здаровы, то яго выганялі з гораду14. Услед за Магілёвам ішла сталічная Вільня. У 1636 г. Уладзіслаў IV зацвердзіў прывілей на стварэнне віленскага цэха жабракоў і цэхавы статут. Тэкст статуту быў распрацаваны ў Віленскім магістраце. Жабракі павінны былі мець дом для цэхавых сходак і «скрынку для складак». За парадкам у цэху, акрамя чатырох «старэйшых», абраных жабракамі, наглядаў мешчанін «права магдэбурскага», які пагаджаўся на скарыстанне для цэхавых сходак свайго дому. Гэты мешчанін з’яўляўся кіраўніком цэха, сядзеў на першым месцы на сходках і мусіў учыняць рэвізіі «ўсіх убогіх і ўломных» у Вільні. Згодна статуту ўсе жабракі падзяляліся на дзве групы: шпітальных і бадзяжных. І тыя, і другія абіралі са свайго асяродку старшыню, бічэўнікаў і пісара. Старшыні заведвалі брацкай касай і сачылі за выкананнем статуту, бічэўнікі праводзілі асвядчэнне на прадмет знаходжання здаровых сярод жабракоў. Калі такія знаходзіліся, іх адразу выганялі за гарадскую браму. Пісар вёў перапіс жабракоў Вільні, запісваў у жабрацкі рэестр імёны новых жабракоў, якія з’яўляліся ў горадзе. Усе грошы, сабраныя жабракамі, ішлі ў брацкую касу. Братчыкі абавязваліся браць удзел у пахаванні сваіх таварышаў. Як сведчыць крыніца, роўнасці сярод іх не было, віленскія жабракі падзяляліся на багатых і бедных! «Упісаны ў рэестр, каторы бы захварэў убогі павінен даць знаць да старшых, каб яму каплана прывялі, споведзь выслухалі, а пасля смерці паводле можнасці онага альбо пры касцёле, альбо ў полі пахаваць». Пад пагрозай штрафу «пол фунта воску» жабракам забаранялася «п’янства, свавольства, распуста па корчмах і ў гасподах». Іх занятак не мусіў парушаць спакой і камфорт добрапрыстойных бюргераў. Таму жабракам катэгарычна забаранялася спяваць раніцой увогуле, а непрыстойныя песні, «песні франтаўскія», у розны час сутак у прыватнасці. Віленскія месцічы не хацелі бачыць на сваіх вуліцах смярдзючых, брудных абадранцаў, дэманструючых сваё калецтва і болькі. Таму тыя, у каго скалечаныя ногі, «уломкі гнілыя маючыя, павінны іх закрываць хустай чыстай», бо «праходзячым брыдка на тое глядзець». Статут таксама рэгламентаваў паводзіны жанчын-жабрачак, якія прасілі міласціну з дзецьмі на вуліцах сталіцы. «Жанчыны няхай не кладуцца з дзецьмі па вуліцах, бо гэта ідзе на пагаршэнне людзям»15.

Разам з тым, захоўваецца магчымасць міласціны жабракам; выдаткаванне грошай на патрэбы «ўбогіх» змяшчае бальшыня тастамэнтаў тае эпохі. Усведамленне аб паратунку душы таго, хто падае, у каталіцкім і праваслаўным асяродку актуальнае і ў XVI-XVII стст. Статуты праваслаўных брацтваў утрымоўваюць абавязковае патрабаванне да сваёй «упісанай браціі» на даванне «ялмужны»16. Аднак сам па сабе факт паказальны: у сістэме каштоўнасцяў гараджаніна жабрацтва не ёсць дабрачыннасцю для здаровага чалавека.

Такім чынам, у XVI - пачатку XVII ст. беларускі, пераважна праваслаўны горад, выразна рабіўся іншым па ментальнасці, па духу. «Этыка пратэстантызму» вызначала гэтыя змены. На жаль, не надоўга...

___________________________________________________________


ЗАЎВАГІ


1. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси… (далей - АСД). Т.9. - Вильна 1870. - С.17.

2. АСД. Т.6. Вильна, 1869.С.6-7, 9, 11, 21, 23, 33, 45.

3. Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящиеся в Центральном архиве в Витебске (далей - ИЮМ). Вып.8. Витебск, 1877. С.377.

4. Марзалюк І. Магілёў у XII - XVIII стст. - Мн., 1998. - С.94 - 95.

5. Исаевич Я. Церковные братства на Украине и в Белоруссии в конце 16-первой половине17 вв. // Славяне и их соседи. Католицизм и православие в средние века. - Москва, 1991. - С.64-60.

6. Сборник XVI в. Арк. 36 адв. // ОР РГБ, ф. 256, №372.

7. Транквиллион К. Евангелие учительное. Могилев, 1697.Арк.56.

8. ИЮМ. Вып.VIII. С.251.

9. НГАБ, ф. 1817, воп.1, адз. зах. 9. Актавая кніга Магілёўскага магістрата. 1624 г. Арк.78.; АСД. Т.I. С.389.

10. АВАК. Т.XXXIX. С.6; АСД. Т.I.С.389; ИЮМ. Вып.VIII. С. 244.

11. ИЮМ. Вып. XXX. Витебск, 1903. С.108.

12. ИЮМ. Вып.IX. С.371-372.

13. Дмитриев М. Православие и реформация. - Москва, 1990. - С.71-72.

14. Белоруссия в эпоху феодализма. Т.1. - Мн., 1959. - С. 328-329.

15. АВАК. Т.X. С.159-162.

16. Собрание древних грамот и актов городов Вильно, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Ч2. - Вильно, 1843. - С.3.


Паводле: Ігар Марзалюк. Праваслаўная Рэфармацыя //Спадчына, 2003, № 1.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Праваслаўная Рэфармацыя

© Ігар Марзалюк () Источник: http://belreform.org/marzaluk.php

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.