НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СІМВАЛЫ: НАРОД I ГІСТОРЫЯ

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


Все свежие публикации



Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт произведений
Скачать бесплатно! Научная работа на тему НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СІМВАЛЫ: НАРОД I ГІСТОРЫЯ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные кнопки

BIBLIOTEKA.BY Крутые видео из Беларуси HIT.BY - сенсации KAHANNE.COM Футбольная биржа FUT.BY Инстаграм Беларуси

Система Orphus

4 за 24 часа
Автор(ы): • Публикатор: • Источник:


Рака народнага жыцця і айчыннай гісторыі бярэ свой пачатак у запаведных глыбінях вякоў. Праз стагоддзі, праз непазбежныя водмелі і перакаты нясе яна сваю даніну ў акіян агульначалавечай гісторыі. А разам з гэтай ракою плыве пад ветразямі Надзеі, Мудрасці, Працы і напоўнены справамі сотняў пакаленняў нашых продкаў карабель народнай памяці, якім кіруе Лёс. Сярод малых і вялікіх караблёў сусветнай сям’і народаў карабель беларусаў ніколі не быў лішні. У шматкалёрнасці сцягоў і сімвалаў гэтай эскадры горда луналі і нацыянальныя гістарычныя сімвалы беларусаў, што апавядалі свету пра наш радавод, пра братоў і пабрацімаў па супольным жыцці на гэтай пакутнай і дарагой нам зямлі.

Карабель нашай гістарычнай памяці ведаў і змрочныя часіны, калі грабежніцкая рука чужынца зрывала з яго флагштокаў нацыянальныя святыні. Няраз кідала яго ў жорсткія штормы еўрапейскай і расійскай гісторыі, няраз на ім гаспадарылі зайздросныя і сквапныя суседзі, рабуючы нашу спадчыну, падымаючы свае сцягі над здратаванымі спадзяваннямі народа.

Рэвалюцыйная віхура абудзіла надзеі беларусаў, падараваўшы ім адраджэнне, волю, роўнасць і будучыню. Але як няпроста склаўся іхні лёс! Сёння, калі перабудова вяртае народам краіны зняважаныя святыні, калі да нас вяртаецца згвалтаваная і ўтрамбаваная ў сталінскія душабойкі, утаптаная ў дрыгву застою Праўда, прыйшла пара на нейкі час прыпыніцца і спакойна абдумаць, асэнсаваць перажытае, паспрабаваць адказаць на шэраг пытанняў, вакол якіх кіпяць страсці. Прычына ці не з самых гарачых — нацыянальныя сімвалы.

Здавалася б, што нам да гэтае сімволікі, калі пустымі паліцамі сустракаюць прадуктовыя крамы, калі існуе і пашыраецца дэфіцыт на тысячы відаў тавараў? Але недарэмна вялікія і мудрыя продкі казалі: «Не адным толькі хлебам жыве чалавек!».

Калі на дварэ час новай рэвалюцыі, што завецца перабудовай, калі, скінуўшы кайданы сталіншчыны, суседзі закасалі рукавы і на ўсю шчырасць узяліся перарабляць свой бацькоўскі дом, ці да гонару нам, беларусам, сядзець склаўшы рукі? Магутная ідэя нацыянальнага адраджэння ламае затаптаны асфальт старых догмаў і ўсеабдымнай хлусні, які дзесяцігоддзі хаваў ад народа праўду пра мінуласць — ад дасвецця нашай савецкай дзяржаўнасці да часоў далёкага сярэднявечча. Як і заўсёды, на зломе гісторыі, у момант нацыянальна-духоўнага ўздыму, перад народам, перад новымі пакаленнямі нацыі паўстае заканамернае пытанне: «Хто мы?» I тады ў думках мы вяртаемся ў глыбіню роднай гісторыі і прыходзім на выратавальны бераг гэтай вялікай невычарпальнай ракі. Тут мы шукаем адказы на свае пакутлівыя пытанні. У тым ліку і на пытанне пра нацыянальную сімволіку беларусаў — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.

У асяроддзі пэўнага кола беларускіх гісторыкаў і тых «аматараў ад гісторыі», што пачалі апошнім часам жывіцца з гэтае тэмы, досыць доўга існавала дый цяпер існуе думка, што гістарычных сімвалаў у беларусаў няма і ніколі не было. Такі вось безаблічны і «негістарычны» народ... Усе размовы пра сімволіку, маўляў, ад нячысціка, а праўдзівей — ад «нацыяналістаў». Больш таго, сёй-той адважна запэўнівае чытачоў, слухачоў і гледачоў у неславянскім характары «Пагоні», намякаючы на яе нібыта чыста літоўскае паходжанне, называючы «гербам літоўскіх феадалаў». Заявы, далікатна кажучы, безадказныя. Такім самым чынам вырашаецца і праблема бел-чырвона-белага сцяга, узнікненне якога наогул датуюць XX стагоддзем.

Найперш адзначым, што большасць тых, хто сёння піша і гаворыць пра нацыянальныя беларускія сімвалы, робяць шэраг недапушчальных памылак. Размову пра герб «Пагоня» яны зазвычай пачынаюць з моманту яго з’яўлення, гэта значыць з XIII стагоддзя, выкрэсліваючы выключна важны і значны перыяд праславянскай гісторыі і гісторыі ўсходнеславянскіх земляў X—XIII стагоддзяў. А менавіта там, у глыбінных пластах гэтай мінуласці, і трэба шукаць вытокі пазней-шай беларускай, украінскай і рускай сімволікі.

Што датычыць нацыянальных колераў, дык пачатак іхняе гісторыі адносіцца да часоў індаеўрапейскай супольнасці, калі большасць плямёнаў найболей шанавалі два колеры — белы і чырвоны. Белы, паводле тагачаснага светаўспрымання, атаясамляўся з колерам матчынага малака, асацыяваўся з зямлёй-карміцелькай, з жыццядайнаю маці-прыродай. Чырвоны колер лічыўся сімвалам агню і вечнага жыцця, бо ў тых суровых жыццёвых умовах агонь сапраўды гарантаваў жыццё. У сувязі з развіццём паганекай рэлігіі і фармаваннем прымітыўнага філасофскага светапогляду з’явілася вера ў замагільнае жыццё. Нябожчыкаў, асабліва дзяцей, жадаючы працягнуць іх жыццё ў іншым свеце, пасыпалі чырвонай мінеральнай фарбаю-вохрай.

Асабліва шанавалі белы і чырвоны колеры славяне. Яны лічылі іх святымі. Гэта былі асноўныя колеры іхняга адзення.

Ужо ў эпоху родаплемяннога ладу і ўзмацнення ваенных сутычак пачалі з’яўляцца розныя сімвалічныя баявыя знакі. Звычайна яны мелі рэлігійны змест і адлюстроўвалі галоўных багоў (або іхнія атрыбуты) нейкага племя ці народа. Гэта былі разнастайныя фігуркі, малюнкі і значкі на доўгіх дзяржальнах — іх нарадзіла практычная неабходнасць адрозніваць у бітве свае атрады ад чужых. Безумоўна, усе яны вельмі істотна адрозніваліся ад баявых сімвалаў нашага часу.

Вядома, што старажытныя славяне карысталіся баявымі знакамі, якія называліся «станіцы» (ад слова «стан» — шацёр, а ў больш шырокім тлумачэнні — паселішча, прыстанак). Назва перайшла пазней на баявыя сцягі, якія разам з іншымі мясцовымі святынямі звычайна захоўвалі ў «стане божым» — у храме. Гэтыя святыні былі пад аховаю найлепшых воінаў, іх асабліва шанавалі і выносілі толькі ў выпадку вайны або святаў. Розныя крыніцы, якія апісваюць славянскія паганскія храмы, паведамляюць, што ўсярэдзіне яны былі абцягнутыя тканінаю чырвонага колеру. Святары насілі белае адзенне з залатым гафтам і чырвоны пас.

Паводле ўяўленняў нашых продкаў, кожны воін, які стаў пад баявы штандар, адразу трапляў пад боскую апеку і пад абарону гэтае святыні, што ў баявым паходзе атаясамлялася з Бацькаўшчынай і родным домам. Вось чаму ў бітве святыню баранілі з асабліваю самаадданасцю, часта аддаючы за яе жыццё.

Старажытнарускія летапісы, славутае «Слова пра паход Ігаравы» паведамляюць нам назвы баявых знакаў усходніх славян — «прапорцы», «стяги». У «Слове» гаворыцца пра белыя сцягі і чырвоныя шчыты. Пра сапраўдныя формы і памеры станіц, прапарцаў, сцягоў і шчытоў мы можам толькі здагадвацца.

Вышэйсказанае адносіцца да ўсіх усходніх славян, у тым ліку і да плямёнаў, што жылі на тэрыторыі Беларусі.

3 абаронаю Айчыны, бацькоўскага дома звязана старажытная ўсходнеславянская традыцыя — пагоня. Вытокі традыцыі — у родаплемянным перыядзе; яна, па сутнасці,— адна з найяскравейшых рысаў тагачаснага жыцця, поўнага войнаў і ўзаемных сутыкненняў. Гэтая традыцыя раскрывае нам самы важны бок арганізацыі жыцця і быту таго няпростага часу, калі кожны адказваў за жыццё свайго супляменніка. I калі падчас раптоўнага нападу ворагі захоплівалі ў палон жыхара паселішча, кожны мужчына, які меў права насіць зброю, павінен быў конна або пеша кінуцца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палонных. Ва ўмозак ваеннай дэмакратыі, у тым ліку і ў эпоху «Кіеўскай Русі», гэты звычай нашыя продкі выконвалі няўхільна.

Вось як апавядае Іпацьеўскі летапіс аб «пагоні» ў Берасці ў 1280 годзе, калі польскі атрад з 200 воінаў «паваяваў» каля горада і па рацэ Кросне дзесяць вёсак і са здабычаю рушыў назад. Берасцейскі ваявода Ціт з 70 жыхарамі горада ўчыніў «пагоню». Як паведамляе летапіс, «берестьяни же собрашася і гнаша по них», не ўважаючы на сваю малалікасць. На чале з ваяводам, які быў «везде славен мужьством на ратех и ловех и тако угонивше их (палякаў.— М. Т.) и бишася с ними. Божиею же милостью победиша Берестьяне Ляхи и убия их 80, а другия поимаша, а полон свой отполониша. И тако придоша во Берестии со честью, славяще Бога и пречистую его Матерь во вся века».
Гэтае летапіснае сведчанне непазбежна змушае нас звярнуцца да двух пластоў айчыннай гісторыі, пра якія трэба сказаць асобна. Гэта, па-першае, хрысціянізацыя беларускіх земляў і, па-другое, іх уваходжанне ў склад будучага Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Вядома, што ўведзенае на Русі ў 988 годзе хрысціянства досыць асцярожна ставілася да векавых традыцый народа. Не займаючыся пералікам, адзначым толькі, што традыцыю вайсковай «пагоні» царква ўспрыняла цалкам і ўсяляк заахвочвала. I да прыняцця хрысціянства і пасля ўсходнія славяне заўсёды шанавалі ваеннае служэнне і разглядалі яго як гатоўнасць аддаць дзеля бліжніх жыццё — самае дарагое і святое, што ёсць у чалавека. У вырашальных бітвах (згадаем Кулікова поле) царква бласлаўляла сваіх інакаў на ратаборства з ворагам навідавоку ва ўсяго воінства. Такім чынам яна набывала ў вернікаў яшчэ болыды аўтарытэт.

У часы цяжкіх для Бацькаўшчыны выпрабаванняў царква заўсёды была з народам, заклікаючы яго ахвярна бараніць веру і родную зямлю. Святары і манахі былі ў складзе дружын, натхнялі воінаў на бітву, адпявалі забітых, перавязвалі і лекавалі параненых, збіралі грошы на іхнія патрэбы. Лёс царквы знітаваўся з лёсам народа і краіны.

XIII стагоддзе ў лёсе ўсходніх славян было адным з самых драматычных. Дзве страшныя сілы абрынуліся на іх: рыцары-крыжакі з захаду і татара-манголы з усходу. Гістарычныя лёсы будучых беларусаў, украінцаў і рускіх разышліея. На долю кожнага народа выпала шмат выпрабаванняў. Землі Беларусі і Украіны ўратаваліся, далучыўшыся да Вялікага княства Літоўскага.
Хацелася б асабліва адзначыць, што гэтыя землі ўвайшлі ў названую дзяржаву на аснове матрыманіяльных, дыпламатычных і палітычных пагадненняў, паводле дамовы — «ряда», галоўным прынцыпам якога было: «не рухать старины, не вводить новины». Меч як сродак аб’яднання адыгрываў тут не галоўнуго ролю. Падкрэсліваем гэта, бо сярод гісторыкаў Беларусі яшчэ бытуе жывучая думка пра нейкае «заваяванне беларускіх земляў літоўцамі». Па-свойму хворыя на гэты «комплекс» і некаторыя даследчыкі Прыбалтыкі. Мы ж павінны казаць пра ўзнікненне унікальнай сярэднявечнай дзяржавы — федэрацыі беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, адной з першых федэрацый у Еўропе. Славянскі элемент меў тут вялікую перавагу. Нелітоўскія землі і нелітоўскае насельніцтва складалі дзевяць дзесятых тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Недарма Ф. Энгельс назваў гэтую дзяржаву «так званае Літоўскае княства». Гэтае аб’яднанне было выгаднае ўсім народам, якія ў яго ўвайшлі. Беларускія землі далі маладой дзяржаве магутны эканамічны падмурак. У XII стагоддзі ў самой Літве гарадоў яшчэ не існавала, а на Беларусі іх было ўжо некалькі дзесяткаў — буйных цэнтраў ідэалагічнага і культурнага жыцця з добра развітымі рамяством і гандлем, з прававымі традыцыямі. Уваходжанне беларускіх земляў у склад так званай Літоўскай дзяржавы не было актам, які ашчаслівіў жабракоў, слабых і ўбогіх ні з таго, ні з другога боку. Вялікае княства Літоўскае вынікла з беларуска-літоўскага грамадскага сінтэзу. Народы, што жылі ў гэтай магутнай сярэднявечнай дзяржаве, супольна прайшлі праз страшныя выпрабаванні лёсу.

Дастаткова сказаць, што з канца XIII стагоддзя і да 1410 года крыжакі, якіх бласлаўляла папская курыя, болын за 140 разоў урываліся ў межы Літвы і Беларусі, рабуючы і дратуючы землі Панямоння і Падзвіння. За няпоўныя сто гадоў беларуска-літоўскія палкі зрабілі каля 60 паходаў у адказ. Сюды трэба дадаць адбіццё набегаў крымскіх татараў, якія з 1477 да 1569 года зрабілі ў межы дзяржавы 75 хіжацкіх рэйдаў. Стан татальнай вайны, у якім знаходзіліся землі Вялікага княства Літоўскага, зрабіў беларусаў і літоўцаў гістарычнымі пабрацімамі якія разам адстойвалі «на крыві» жорсткіх сечаў сваю агульную будучыню. Тут мы павінны асабліва адзначыць заслугі шматлікага беларускага воінства. Вайсковая арганізацыя беларускіх земляў (у тым ліку і традыцыя народнай «пагоні») з моманту іх уваходжання ў склад Літоўскае дзяржавы была ёю ўспрынята і сінтэзавана, а затым выкарыстана дзеля патрэб краіны.

Ужо пасля уніі Польшчы з Вялікім княствам Літоўскім, у 1387 годзе, кароль і вялікі князь Ягайла у грамаце, адрасаванай насельніцтву Полацкай зямлі, Мсціслаўшчыны, Наваградчыны, Гародзеншчыны і іншых рэгіенаў Беларусі пісаў пра «пагоню» так: «Паводле старажытнага звычаю, ваенны паход застаецца абавязкам, які ажыццяўляецца сваім коштам і выдаткамі. У тым жа разе, калі давядзецца гнацца за ворагамі, непрыяцелямі нашымі, дык у гэтае праследаванне, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны выпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, незалежна ад свайго паходжання і багацця, абы ён здольны быў насіць зброю».

Ідэя абароны Айчыны, сфакусаваная ва ўсходнеславянскай традыцыі народнай пагоні, зрабілася для ўсіх жыхароў Вялікага княства Літоўскага той ідэалогіяй, якая цэментавала дзяржаву, давала ўсім перспектыву жыцця і веру ў будучыню. Толькі яна гарантавала суверэннасць, адзінетва і развіццё. Традыцыя народнай пагоні пачала ператварацца ў ідэалагічны знак эпохі, а пад уплывам еўрапейскай геральдыкі неўзабаве ўвасобілася ў графічны сімвал — герб «Пагоня».

Упершыню пра гэты герб беларуска-літоўскім ле-тапісы і хронікі паведамляюць каля 1270 года. Ён узнік як княскі і гарадскі герб у старажытным беларускім горадзе Навагародку (Навагрудку). Паводле летапісаў Рачынскага, Альшэўскага, Румянцаўскага, Яўрэінскага, «Хронікі Быхаўца» і хронікі М. Стрыйкоўскага, спачатку герб выглядаў так: «человек на кони з мечом, а то знаменуючи через той герб пана дорослого лет, хто бы мог боронити мечом Отчизны своее». Для жыхароў Навагародка і ўсёй Навагародскай зямлі з яе «грады многи» — Ваўкавыскам, Слонімам, Гародняй, Турыйскам, Здзітавам, Зэльваю — пагоня была звычайнаю справаю. Толькі за перыяд з 1293 да 1316 года яны адбілі больш за 30 паходаў крыжакоў і самі ўчынілі 14 акцый у адказ. Невыпадкова, што тагачас-ны навагародскі князь Віцень (ёсць звесткі, што імя гэтае — старажытнарускае) каля 1293 года таксама «измысли себе герб и печать: рыцер збройны на коне з мечем еже ныне наричут Погоня».

Старажытнаславянскі сімвал народнай воінскай традыцыі зрабіўся дзяржауным гербам федэрацыі — Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. I таму прынцыпова памылковыя, ненавуковыя і, асмелімся сцвярджаць, непатрыятычныя заявы тых даследчыкаў, якія, не разабраўшыся ў вытоках і радаводзе гэтай бясспрэчна старажытнаславянскай і старажытнабеларускай святыні, спяшаюцца абвясціць, што яна «не мае пад сабою чыста беларускай этнагістарычнай асновы». Даводзіцца толькі выказаць шкадаванне з прычыны пазіцыі рэспубліканскага таварыства «Веды», якое растыражавала гэтую думку ў брашуры Я. Бабосава і А. Матусевіча «Самодеятельные общественные движения» (Мінск, 1989). Аўтары прадублявалі сваё сцверджанне праз газету АН БССР «За передовуго науку». I ў цэнтры рэспубліканскай навукі з яе Інстытутам гісторыі не знайшлося даследчыка, які б аргументавана запярэчыў названаму вышэй творчаму дуэту. Болын таго, супрацоўнікі гэтага інстытута, што ўдзельнічалІ ў пасяджэнні палемічнага клуба газеты «Звязда» на тэму «Сімволіка на Беларусі: учора і сёння» склалі свой дуэт з дактароў гістарычных навук П. Лысенкі і У. Палуяна. Адзін з іх без усякага вагання заявіў, што «Пагоня» — літоўскі герб, які пазней пашырыўся на беларускія землі як прыўнесены» (Лысенка). Паўтараючы напарніка, Палуян таксама сцвярджае: «Пагоня» ўзнікла як герб літоўскі. Падтрымалі гэтую думку і некаторыя іншыя ўдзельнікі названай сустрэчы. Паўстае заканамернае пытанне: ці трэба так паспешліва раздаваць налева і направа нацыянальныя святыні?
«Аддаўшы» нашым суседзям старажытнабеларускі герб «Пагоня», названыя вышэй даследчыкі, самі пра тое не падазраваючы, стварылі немалыя цяжкасці і для рускай геральдыкі. Тут ім, відаць, давядзецца прапанаваць лічыць герб Рускай дзяржавы, што ўзнік у канцы XIV стагоддзя, так званы «Яздзец» — вершнік з дзідай, які забівае змея — запазычаным у Літвы. Але ж гэта — тая самая старажытнаславянская «Пагоня». Толькі ў адрозненне ад герба Вялікага княства Літоўскага, дзе коннік павернуты налева, на захад, адкуль пагражалі крыжакі, рускі «Яздзец» глядзіць направа, на ўсход. Адтуль прыйшоў на землі Русі страігны татара-мангольскі прыгнёт, які паказаны на гербе ў вобразе змея. Праваслаўная рэлігія надала воіну старажытнарускай «Пагоні» аблічча Георгія Пераможцы, але сутнасці герба гэта не мяняе. Яшчэ раней выяву конніка мелі пячаткі Аляксандра Неўскага (памёр у 1262 г.). Выкарыстоўвалі гэты сімвал і смаленскія князі, а на пач. XV ст. — сустракаем яго на пячатцы маскоўскага князя Васілія Дзмітрыевіча. Перад намі відавочны факт: у «Пагоні» і ў рускага герба «Яздзец» адзін радавод, адзін корань, адзін выток, — народная ўсходнеславянская традыцыя.
Відарыс «Пагоні» прайшоў значны шлях развіцця. Вядомы пяць варыянтаў вершніка з мячом: з німбам вакол галавы; без німба; з мячом, але без шчыта; з мячом і са шчытом, на якім герб «Калоны»; з мячом і шчытом, а на ім — шасціканцовы крыж. Апошні варыянт звязаны найперш з імем Ягайлы, які зрабіў такі шчыт для свае дамавіны. Прычым шасціканцовы крыж дакладна адпавядае святыні Полацкай зямлі — славутаму крыжу Ефрасінні Полацкай, зробленаму ювелірам Лазарам Богшам: верхняя папярэчына ка-роткая, а ніжняя — больш доўгая. Выява гэтай полацкай святыні на гербе дзяржавы і на дзяржаўным сцязе найперш выкарыстоўвалася для ідэалагічнага ўздзея ня на праваслаўнае воінства.

Еерагодна, пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года крыж на геральдычным шчыце зрабіўся роўнаканцовым або падвойным. Ён нагадваў старажытна-славянскі знах бога сонца — Ярылы, які сімвалізаваў вечнае жыццё на зямлі і ў замагільным свеце. Сёй-той атаясамляе такі крыж з патрыяршым (гэта магчыма) і нават з бургундскім крыжам.

Герб «Пагоня» быў шырока пашыраны на Беларусі. Паводле Статутаў Вялікага княства Літоўскага 1566 і 1588 гадоў, кожны павет меў пячатку з «Пагоняю». Гэты герб павінен быў абавязкова размяшчацца на вежах магістратаў усіх беларускіх гарадоў. Ім аздаблялі спічакі гарадскіх брам. Напрыклад, у 1660 годзе над Трыумфальнай брамай Магілёва, над яе крытым бляхай купалам лёгка лунаў складаны трох’ярусны флюгер-ветраўнік у выглядзе пазлачонай «Пагоні», сцяжка і пазлачонай зоркі, якая ўвенчвала вежавы спічак.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя і далучэння Беларусі да Расіі ўсе гэтыя гербы былі заменены двухгаловым арлом. Адрадзіўся стары герб толькі ў час паўстання К. Каліноўскага ў 1863 годзе, а затым эпізадычна з’яўляўся ў розныя часы.

Сваёй выяваю «Пагоня» ва ўмоўным і даступным для глядацкага ўспрымання сімвале давала ўяўленне пра краіну, яе гісторыю, народ і грамадскі лад.

Безумоўна, з моманту з'яўлення агульнадзяржаўнага герба ўзнік і дзяржаўны сцяг Вялікага княства Літоўскага. Як сведчаць дакументы, у XVI стагоддзі ён меў выгляд сцяга з пурпуровага або чырвонага ядвабу-кітайкі даўжынёю 60 локцяў. На ім былі вышытыя «Пагоня» і Багародзіца з немаўлём, што мела велізарную ідэалагічную значнасць, бо ўсе ваяры належалі да хрысціянскіх канфесій. Трэба сказаць, што з баявым воклічам «Багародзіца! Памагай!» войска тады хадзіла ў атаку.

Згодна правілаў тагачаснай еўрапейскай геральдыкі і з улікам даўніх народных традыцый, герб і сцяг беларуска-літоўскай дзяржавы мелі вельмі канкрэтныя колеры. Герб меў выгляд пурпуровага шчыта з белай «Пагоняй». Пурпуровы колер уважалі за самы высакародны. Насіць пурпуровае адзенне маглі толькі каралі і вялікія князі. Пурпур таксама сімвалізаваў агонь, адвагу, ваяўнічасць, смеласць, доблесць.

Белы колер, які ў геральдыцы адпавядае срэбру, азначаў у нашых продкаў дабро, ваду, чысціню, незалежнасць.

Яшчэ адзін элемент герба — шасціканцовы крыж на шчыце конніка быў залаты. Золата сімвалізавала святло, а сярод духоўных вартасцяў — высакароднасць, бадзёрасць, надзею, узнёсласць.

Калі пачынаеш аналізаваць колеравую гаму нашай старажытнай нацыянальнай сімволікі, міжволі адчуваеш глыбокую павагу да тых далёкіх продкаў, якія ў сімвалах і колерах абуджалі ў сваіх сучаснікаў самыя лепшыя чалавечыя і грамадзянскія якаоці. Усё гэта адрасавана і нам, у сённяшні дзень.
На пачатку XVI стагоддзя на Беларусі і ў Літве, як і па ўсёй Еўропе, пачалі з’яўляцца сцягі і вымпелы, звязаныя сваімі колерамі з гербам дзяржавы. Упершыню выяву бел-чырвона-белых сцяжкоў шы бачым у кон-ніцы Вялікага княства Літоўскага, якая ўдзельнічала ў бітве пад Оршай у 1514 годзе. (Прысвечаны гэтай падзеі жывапісны твор невядомага мастака захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.)

Паступова пачалі складвацца перадумовы для адмаўлення ад старога сцягу з выяваю «Пагоні» і Багародзіцы і пераходу да двухколернага. У такіх выпадках галоўным быў колер герба, гэта значыць бялюткай «Пагоні». Яе колер зрабіўся асноведдзю (фонам) сцяга, пасярод якога праходзіла гарызантальная пурпуровая палоса — колер геральдычнага шчыта. Узнікла трохпалоснае спалучэнне бел-чырвона-белага колераў. Трохпалосны сцяг паказаў на гравюры 1551 года ў сваёй «Хроніцы» М. Бельскі. У той самы час з’яўляецца і двухпалосны бела-чырвоны польскі сцяг.

Пасля Люблінскай уніі 1569 года ўзнікла федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая, якая аб’яднала Польшчу і Вялікае княства Літоўскае ў федэрацыю з адзіным выбарным каралём (ён жа адначасова і вялікі князь літоўскі). Робяцца першыя спробы аб’яднаць абодва сцягі ў адзін, балазе ў іхняе аснове былі аднолькавыя колеры. I вось у 1605 годзе кароль Жыгімонт Ваза выкарыстаў сцяг трохпалосны: чырвона-бела-чырвоны з гербамі пасярэдзіне. Да таго самага XVII стагоддзя адносіцца і чатырохпалосны сцяг з чаргаваннем белага і чырвонага колераў. Тут перад намі найболыы выразная спроба спалучэння сцягоў дзвюх дзяржаў, што стваралі федэрацыю. Але такі колеравы сімбіёз доўга не пратрываў, і неўзабаве кожная дзяржава вярнулася да свайго сцяга.

Трэба адзначыць, што ў гэты час і да самых падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі карысталіся і сцягамі з выяваю «Пагоні». Пасля адміністрацыйнай рэформы 1564—1566 гадоў, калі ўзніклі ваяводствы, кожнае з іх атрымала з вялікакняжага скарбу сцяг пэўнага колеру з відарысам дзяржаўнага герба. Вядома, што Полацкае ваяводства мела жоўты сцяг («сикоража»), Наваградскае — паласаты («пелистый»), Віцебскае — зялёны. Мінскае — гваздзіковы; на ўсіх гэтых сцягах «Пагоня» была на белым полі. У Берасцейскага ваяводства быў блакітны, а ў Мсціслаўскага — жоўты сцяг з гербам на «чирвоным полю».

Выяву «Пагоні» мелі таксама сцягі паветаў і гарадоў. Вайсковыя сцягі Гродзенскага і Слонімскага паветаў, адзіныя, што захаваліся да нашых дзён, у часы караля Жыгімонта III (1566—1632) былі малінавага («кармазынового») колеру з «Пагоняй».

У XVI—XVIII стагоддзях вайсковаслужылыя татары Вялікага княства, якія жылі ў розныя мясцінах Беларусі і Літвы, карысталіся сваім сімвалам — татарскай «Пагоняй». На ёй вершнік замест мяча трымаў лук, а шчыта не было. Баявы сцяг татарскай конніцы быў бел-чырвона-белага колераў з выяваю зоркі і паўмесяца.

Існавала таксама гэтакзваная малая «Пагоня» — рыцарская рука ў даспехах з мячом. Такі герб меў горад Мсціслаў, некаторыя шляхецкія і магнацкія роды.

Трэба таксама сказаць пра несумненную сувязь з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам сімволікі праваслаўнай царквы на Беларусі і Украіне. Гаворка ідзе пра бел-чырвона-белую стужку, якая ўваходзіла ў адзенне іерархаў. Яна тлумачылася дваяка: як знак патрыяршае ўлады і як сімвал настаўніцкай місіі Ісуса Хрыста, якую ён перадаў сваім вучням. Белай, чыстай лічылася душа верніка, а чырвоны пасак атаясамляўся з вогненнай праўдаю накрэсленага ў гэтай душы слова Божага.
3 канца XVIII стагоддзя і да 1863 года выкарыстанне на беларускіх землях яе старажытных сімвалаў было немагчыма. У 1840 годзе Мікалай I забараніў згадваць само найменне — Беларусь, хоць «Пагоня» (відаць, з тактычных меркаванняў) увайшла ў атрыманыя ад царскіх улад гербы шэрагу беларускіх гарадоў.

Нацыянальныя сімвалы вярнула да жыцця толькі паўстанне 1863 года на чале з К. Каліноўскім. Вядома, што напачатку інсургенты дзейнічалі пад польскім сцягам з двума гербамі — «Арлом» і «Пагоняй». Аднак пасля разрыву з «белымі» ўдзельнікамі паўстання Каліноўскі карыстаецца новай пячаткаю сваёй рэвалюцыйнай арганізацыі — з відарысам толькі «Пагоні». Адначасова ён адмаўляецца і ад польскага сцяга. Мы выказваем меркаванне, што К. Каліноўскі як патрыёт свае зямлі, як высокаадукаваны чалавек не мог не звярнуцца да старажытнага, гэта значыць бел-чырвона-белага сцяга. Дакументы пра гэта пакуль маўчаць, але некаторыя факты ўскосна пацвярджаюць нашую думку. Вядома, што ў 1870 годзе ўзнікла Тэрбацкае студэнцкае брацтва младалатышоў, якое абмяркоўвала будучыню Латвіі і, у прыватнасці, вырашала пытанне пра нацыянальны сцяг. Была прапанова разгледзець і варыянт бел-чырвона-белага сцяга, аднак ад яго хутка адмовіліся, бо «ў такой камбінацыі ён супадаў са сцягам беларусаў». Урэшце младалатышы спыніліся на спалучэнні чырвона-бела-чырвоных колераў. (Цяпер гэты сцяг прызнаны ў Латвіі нацыянальным.) Прыведзены факт даказвае, што водгулле паўстання Каліноўскага ў 70-я гады мінулага стагоддзя яшчэ жыло на суседняй з Беларуссю латышскай зямлі, народ якой зафіксаваў у сваёй гістарычнай памяці выкарыстанне беларусамі бел-чырвона-белага сцяга.

Далейшы лёс нашых нацыянальных сімвалаў даво-лі складаны. Паводле ўспамінаў віднага дзеяча бела-рускага адраджэння пачатку XX стагоддзя Я. Сушынскага, гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам карысталася дэмакратычнае беларускае студэнцтва ў Пецярбурзе, наладжваючы ў 1909—1912 гады культурна-асветніцкія вечары. Удзел у іх браў і малады Янка Купала, які няраз выказваў надзею, што калі-небудзь Беларусь будзе дзяржаваю. Я. Сушынскі прыгадвае, што «Пагоню» і нацыянальны сцяг яшчэ ў канцы XIX стагоддзя выкарыстоўвалі пецярбургскія студэнты — урадзімцы Беларусі і Літвы — удзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху супраць самаўладдзя. Гэтае меркаванне выказаў і беларускі гісторык М. Сташкевіч. Ёсць шматлікія факты прысутнасці нацыянальнай сімволікі ў штодзённым жыцці беларускага насельніцтва ў перадрэвалюцыйныя гады. Вядома, напрыклад, што беларускае Таварыства імя Францішка Скарыны каля 1915 года выдала паштоўку і друкавала афішы з партрэтам славутага першадрукара, аблямаваныя стужкаю з нацыянальных колераў. У 1916 годзе гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам карысталася арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якая ставіла задачу барацьбы за незалежную народную рэспубліку.

Мінскія газеты за 10—13 сакавіка 1917 года паведамлялі, што ў горадзе з поспехам прайшоў «Дзень беларускага значка» з шырокім продажам відарысаў бел-чырвона-белага сцяга. Атрыманыя грошы пайшлі ў фонд беларускай прэсы. Часопіс «Гоман» у інфармацыі, пазначанай 12 кастрычніка 1917 года, надрукаваў інфармацыю пра дзейнасць беларускіх школ і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства ў Пецярбурзе, над будынкам якога лунаў беларускі сцяг.

Беларуская Рада XII дзейнай арміі на сваім пасяджэнні ад 8 снежня 1917 года пастанавіла: салдаты-беларусы павінны ўшыць у другую пятліцу шыняля стужку бел-чырвона-белага колераў. Адначасна было прынятае рашэнне пра стварэнне Беларускага войска.

Змітрок Бядуля ў сваім рэпартажы пра адкрыцце 15 снежня 1917 года Усебеларускага з’езда ў Мінску паведамляе, што зала гарадскога тэатра была аздоблена нацыянальнымі сцягамі. Нядаўна апублікаваныя звесткі Я. Дылы пра чырвона-бела-блакітны сцяг — памылковыя. Іх абвяргае і згаданы ўжо Я. Сушынскі, што быў дэлегатам з’езда.

Падсумоўваючы сказанае вышэй, трэба прызнаць, што задоўга да 25 сакавіка 1918 года, калі абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, нацыянальны герб і сцяг былі ў нацыянальна-вызваленчага руху ў шырокім ужытку. Пазней, у 1918—1920 гады, нацыянальнымі сімваламі карысталіся беларускія вайсковыя фарміраванні ў Польшчы і Літве.

Пасля Рыжскай дамовы (1921 ) паміж Польшчай і савецкай Расіяй лёс Беларусі, лёс яе народа быў жорстка распалавінены. На землях Заходняй Беларусі, уключанай у склад буржуазнай Польскай дзяржавы, нацыянальна-вызваленчы і дэмакратычны рух ішоў пад нацыянальнай сімволікай. Яе выкарыстоўвалі ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах працоўных; яна была на ўзбраенні ў Таварыства беларускай школы, у беларускіх студэнтаў. Навучэнцы Наваградскай беларускай гімназіі ў 1929 годзе ў час трохдзённай забастоўкі ў падтрымку выключаных за «камуністычныя эксцэсы» вучняў Віленскай гімназіі, хадзілі па горадзе з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам. Нацыянальныя сімвалы былі на галаўных уборах беларускіх школьнікаў (аколышкі, цэшкі). У 1939 годзе насельніцтва Заходняй Беларусі і Віленскага краю сустракала часткі Чырвонай Арміі не толькі з чырвонымі сцягамі.

Ікачай склаўся лёс нацыянальнай сімволікі ў БССР. Тут спроба вярнуцца да нацыянальных колераў была зроблена толькі аднойчы — у 1926 годзе, калі старшыня ЦВК рэспублікі Я. Адамовіч прапанаваў выкарыстаць іх пры распрацоўцы сцяга і герба БССР. Але час, відаць, быў ужо не той. Сталіншчына ўбіралася ў сілу. Прапанова не прайшла, а сам Адамовіч неўзабаве апынуўся за межамі рэспублікі ў якасці старшыні Цукартрэста СССР, а потым — і кіраўніком акцыянернага таварыства на Камчатцы, адкуль пайшоў на сталінскую плаху ў крывавым 1937-м. Зразумела, што ва ўмовах рэалій тагачаснага жыцця ніхто ўжо не адважваўся ўголас нагадваць пра гістарычныя сімвалы народа. Сталін увёў адзіны для ўсёй краіны сцяг. Толькі ў 1956 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР зацвердзіў новы сцяг рэспублікі, які існуе і цяпер. Аднак створаны ён быў насуперак агульнапрынятым геральдычным канонам. Традыцыйны для беларусаў белы колер нават не быў улічаны; на палотнішча вынесены нацыянальны арнамент, што супярэчыць законам геральдыкі і чаго мы не сустрэнем ні на якім сцязе іншых краін.

Разам з тым адметныя для ўсіх замежных славян-скіх народаў іх улюбёныя белы і чырвоны колеры ўвайшлі ў сённяшнія дзяржаўныя сцягі НРБ, СФРЮ, ЧССР і ПНР. Былі гэтыя колеры, дарэчы, і на сцязе дарэвалюцыйнай Расіі.

Але пазбавіць увесь народ гістарычнай памяці нельга. Яна жыве разам з людзьмі, нават калі лёс адрывае іх ад Бацькаўшчыны. Уся беларуская працоўная эміграцыя, якая склалася з тых, хто пакінуў Заходнюю Беларусь да 1939 года і жыве цяпер у розных частках свету, карысталася і працягвае захоўваць вернасць беларускай нацыянальнай сімволіцы. Яна ўвасабляе для гэтых людзей маці-Радзіму, дарагую Айчыну, любую сэрцу Беларусь. Як нацыянальная яна жыве І цяпер у асяроддзі беларусаў ПНР. Не лічыцца з гэтым нельга, як нельга не лічыцца і з тым фактам, што сёння ў рэспубліцы склалася ненармальная сітуацыя, калі па волі чыноўнай бюракратыі і некаторых гісторыкаў — «Иванов, не помнящих родства» — робяцца спробы наглуха зачыніць дарогу вяртанню гістарычных нацыянальных сімвалаў на сваю спрадвечную Бацькаўшчыну.
Ворагі нацыянальнай сімволікі падаюць факты выкарыстання яе беларускімі калабарацыяністамі ў мінулай вайне. Але ці вінаватая сімволіка, калі ёю спрабавалі карыстацца ў сваіх антынародных мэтах тыя, у каго на руках была кроў суайчыннікаў? Мы толькі можам і павінны дадаць да іхніх злачынстваў і асудзіць і гэтае — кашчуннае імкненне завалодаць нацыянальнай святыняй, нажыць на ёй свой капітал Іуды. Але чым правінавацілася нацыянальная сімволіка? Хіба здраднікі пыталіся ў народа дазволу здзекавацца з яго нацыянальнай сімволікі?

Адначасова дзеля ісціны і гістарычнай праўды трэба абсалютна адназначна кваліфікаваць як бяздоказныя сцвярджэнні, нібыта «пад нацыянальнымі сімваламі беларускія карныя паліцэйскія батальёны знішчалі мірных жыхароў, жанчын, старых і дзяцей». 3 таго ж разраду і паведамленні, што беларускія паліцэйскія насілі бел-чырвона-белыя нарукаўныя павязкі. Менавіта такія «факты» прапаноўваў сумна вядомы артыкул «Эвалюцыя палітычнага невуцтва», растыражавакы рэспубліканскай прэсай у кастрычніку 1988 года. Падобныя сцвярджэнні былі паўтораныя рэспубліканскімі газетамі ў артыкуле «Шмат шуму з нічога» ў лютым 1989 года.
Дзеля высвятлення гістарычнай праўды аўтар афіцыйна звярнуўся ў Беларускі музей Вялікай Айчыннай вайны з просьбаю пазнаёміцца з матэрыяламі, якія маглі б дакументальна падмацаваць прыведзеныя вышэй заявы. Нягледзячы на калектыўныя пошукі супрацоўнікаў, у музеі такіх дакументаў не выяўлена. На здымках у акупацыйнай «Беларускай газэце» можна ўбачыць з бел-чырвона-белымі павязкамі толькі сяброў Саюза беларускай моладзі. Але, як вядома, СБМ быў арганізацыяй, якая вербавала моладзь пераважна ў працоўныя фармаванні, дзе юнакам і дзяўчатам давалі грамадзянскую спецыяльнасць і адпраўлялі на працу ў Нямеччыну. Там іх выкарыстоўвалі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы як дармавую сілу. Гэтых бядакоў можна з поўным правам залічыць у ахвяры злачыннай дзейнасці тых нешматлікіх здраднікаў, якія дапамагалі фашыстам. Аўтар кнігі «Саўдзельнікі ў злачынствах» (Мінск, 1964) В. Раманоўскі пісаў, што «спробы фашысцкіх халуёў з СБМ справакаваць беларускую моладзь на ўзброеную барацьбу супраць свайго народа праваліліся. Не знайшлося сярод беларускай моладзі «добраахвотнікаў», каб стварыць хоць бы адну роту і адправіць яе на фронт...». Самі юнакі і дзяўчаты расшыфроўвалі СБМ як «смерць беларускай моладзі».

Як выявілася, не меў бел-чырвона-белых павязак і батальён здраднікаў на чале з Б. Рагулем. Сам ён фарсіў і пазіраваў фатографам у нацысцкай павязцы са свастыкай. ПІэраговы склад батальёна насіў звычайную паліцэйскую форму і белую павязку з чорнай лацінскай літарай «Р».

Удзельнікі партызанскага руху ў розных рэгіёнах Беларусі народны пісьменнік Я. Брыль (раён дзеянняў — Мір, Карэлічы, Стоўбцы, Налібоцкая пушча), вучоны-фалькларыст Ф. Янкоўскі (Мінская вобласць), пісьменнікі У. Калеснік (Баранавіцкае партызанскае злучэнне) і А. Карпюк (Беласточчына і Гродзеншчына) адмаўляюць выкарыстанне паліцаямі нацыянальных колераў на павязках. Болыш таго, былы камандзір партызанскага атрада імя Каліноўскага А. Карпюк сцвярджае, што на той тэрыторыі Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Усходняй Прусіі (паўночна-заходнія раёны Брэстчыны, Беластоцкая вобласць з Гродняй і Ваўкавыскам), павязкі былі жаўтаватага колеру з нямецкім гербам (арол трышае ў кіпцюрах свастыку) і чорным надпісам «Hilfspolicei», што азначае «памочнік паліцэйскага». На гэтых землях паліцэйскім мог быць толькі немец па паходжанні, а дамарослым здраднікам-«бобікам» дазвалялася быць адно памагатымі.

У зоне армейскага тылу акупантаў (Віцебская, Магілёўская, большая частка Гомельскай і ўсходнія раёны Мінскай вобласці) паліцаі насілі белыя павязкі з чорным лацінскім «Р». Аналагічная сітуацыя была і ў паўднёвых раёнах Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласцей, уключаных у рэйхкамісарыят «Украіна».

Не пацвярджаюцца выказванні аўтараў артыкула «Эвалюцыя палітычнага невуцтва» М. Дарожкіна, А. Барданава, А. Філімонава, Д. Жмуроўскага, К. Дамарада, што «пад сцягамі гэтага колеру (бел-чырвона-белымі.— М. Т.) дзейнічалі карныя атрады Беларускай краёвай абароны. Аўтар гэтых радкоў звярнуўся да трох аўтараў сусветна вядомай кнігі «Я з вогненнай вескі...» былых партызанаў Я. Брыля, У. Калесніка і А. Адамо-віча з пытаннем, ці не сустракаліся ім падчас працы па зборы матэрыялаў, успамінаў жывых ахвяр фашысцкага генацыду факты выкарыстання карнікамі-паліцаямі ў час акцый супраць мірнага насельніцтва бел-чырвона-белага ецяга і адпаведных нарукаўных павязак. Адказ быў адмоўны. Адзін вядомы даследчык карнай палітыкі і генацыду фашыстаў і іхніх паслугачоў на Беларусі на такое самае пытанне адказаў коратка: «Мастацкі свіст».

Вядома, свіст бывае розны, але надакучлівы газетны свіст усё больш пачынае нагадваць свіст Салаўя-разбойніка, перакананага, што няма на яго калёнай стралы і Іллі Мурамца, які паўтарыў бы падзеі папулярнай рускай быліны.

Нельга не прызнаць абразлівымі для нашага народа сцвярджэнні пра «беларускія паліцэйскія карныя фармаванні», бо сярод тых, хто служыў у паліцыі, беларусы складалі мізэрную меншасць. Большасць жа была своеасаблівым зрэзам нашай шматнацыянальнай дзяржавы. Каго сярод фашысцкіх халуёў было болей — няхай падлічваюць спецыялісты, але бясспрэчна тое, што пераважная колькасць жыхароў Беларусі, якія апынуліся ў акупацыі, пайшла не ў паліцыю, а ў партызаны. Нават такія фармаванні, як Беларуская краёвая абарона, створаная ў студзені 1944 года, узнікалі шляхам прымусовай мабілізацыі пад пагрозаю расстрэлу. Бралі ў БКА сілай — абкружалі вёску і хапалі ўсіх годных. Людзі разбягаліся па лясах, хаваліся ад фашыстаў дзе толькі можна. Заставаліся ў БКА прафесійныя злодзеі, забойцы і жменька здраднікаў. Правалілася задума акупантаў і з Беларускай самааховай, якая існавала з ліпеня 1942-га да красавіка 1943 года, калі яе распусцілі з прычыны таго, што яна не спраўдзіла надзеі гаспадароў.

Складаныя пачуцці выклікаюць часам заявы некаторых ветэранаў вайны — былых партызанаў, якія разам з праўдаю не саромеюцца, далікатна кажучы, «падпусціць туману». Удзельнік мітынгу Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», які адбыўся 19 лютага 1989 года на мінскім стадыёне «Дынама», I. Фёдараў, былы камісар партызанскай брыгады «Штурмавая» выступіў у беларускай прэсе з інтэрв’ю. Ветэран падзяліўся з карэспандэнтам БелТА шкадаваннем з нагоды свайго ўдзелу і выступлення на мітынгу. Ён выклаў перад журналістам сваю не выкарыстаную супраць БНФ і нацыянальнай сімволікі «партызанскую бомбу» — успамін пра зверствы заслаўскай паліцыі. Пададзім яго даслоўна. I. Фёдараў прыгадвае, як паліцаі разнюхалі, што па заданні партызан старэйшыя выхаванцы Сёмкаўскага дзіцячага дома хадзілі ў разведку ў Мінск і Заслаўе. «...Ночью белорусскне полнцан ворвалнсь в дом и избили шомполами до полусмерти многих детей и воспитателей. Затем 20 полуживых тел каратели побросали в грузовик и увезли навсегда в заславскую комендатуру, над которой развевался бело-красно-белый флаг...» 3 таго часу не можа I. Фёдараў спакойна глядзець на гэтае палотнішча, «политое детской кровью» («Много шума из ничего...» — «Знамя юности», 23 февраля 1989 г.).

I мы ў смутку схілім галаву перад памяццю гэтых пакутнікаў — нашай няспраўджанай надзеі, нашай будучыні, якая загінула ад рук нелюдзяў. Схілім і запытаемся ў I. Фёдарава: «Навошта Вам разам з горкай праўдаю вярзці грушы на вярбе? Востра адчулі кан’юнктуру палітычнага моманту? Спадзяецеся, што нельга спраўдзіць факты? Давядзецца расчараваць Вас, а таксама ўсіх тых, хто даверліва прыслухоўваўся да Вашых слоў пра сцяг над камендатурай».

Як сведчаць дакументы і, у прыватнасці, загады Гітлера ад 25 чэрвеня і 17 ліпеня 1941 года, «Камандуючыя войскамі вермахта на акупаваных усходніх тэрыторыях маюць поўную ваенную і адміністрацыйную ўладу» (Преступные цели — преступные средства. М,, 1968. С. 50—51, 56—59). Паводле гэтых загадаў, ва ўсіх абласных і раенных цэнтрах былі створаны камендатуры — нямецкія вайсковыя ўстановы на чале з гітлераўскімі камендантамі — афіцэрамі вермахта. Ім падпарадкоўваліся ўсе вайсковыя фармаванні дадзенага рэгіёна, у тым ліку і паліцэйскія, Камендатура ўвасабляла ўладу рэйха на занятай тэрыторыі, была прадстаўніцтвам нямецкай дзяржавы. Як нагляднае пацвярджэнне гэтага факта над будынкам камендатуры вывешвалі чырвоны фашысцкі сцяг з чорнай свастыкай на белым полі.

Толькі наіўны і маладасведчаны чалавек можа даць веры, што камендант, афіцэр вермахта, здыме з даверанай яму фюрэрам дзяржаўнай установы свой дзяржаўны сцяг і вывесіць сцяг акупаванага народа або калабарацыяністаў. Пагатоў, першы-лепшы нямецкі яфрэйтар мог тады запатрабаваць ад любога паліцэйскага беспярэчнага падпарадкавання. Фашысты не збіраліся дзяліць уладу ні з кім, пакуль пад Мінскам не загрукатала савецкая артылерыя. За тыдзень да вызвалення сталіцы Беларусі 27 чэрвеня 1944 года была разыграна камедыя па скліканні «Усебеларускага кангрэса». Фашысты вырашылі даць Беларусі «дзяржаўную незалежнасць». Але падзеі, якія прыгадвае I. Фёдараў, адбываліся ў 1943 годзе, калі акупанты пачуваліся яшчэ вельмі ўпэўнена.

Што да «белорусскнх полнцейскнх» у Заслаўі, дык сумняваемся, што I. Фёдараў зазіраў у іхнія пашпарты і высвятляў нацыянальнасць. Там маглі быць і не беларусы. Увогуле, паліцыя на нашай акупаванай зямлі менш за ўсё кіравалася беларускай нацыянальнай ідэяй. Гэта былі пераважна прафесійныя крымінальныя элементы, несумленныя людзі, якія нажываліся на народным горы, некаторыя асобы, пацярпелыя ад рэпрэсій сталіншчыны, а таксама мабілізаваныя пад пагрозаю расстрэлу і адпраўкі на фашысцкую катаргу. Рэкрутаваліся ў паліцыю і асобы з ліку ваеннапалонных, Ва ўмовах суровых рэалій вайны сцягі былі паліцыі не ў галаве.

Відаць, дрэнную паслугу зрабіла I. Фёдараву памяць. Балазе і сам ён у інтэрв’ю БелТА прызнаваўся: «Ведаеце, памяць ужо не тая».

Павучаючы «нефармалаў», якія рызыкнулі правесці на мінскім стадыёне «Дынама» свой санкцыянаваны мітынг, I. Фёдараў дзеля эфекту і прыгожага слоўца заявіў, што «с такими «борцами за перестройку» в разведку бы не пошел». А дарма. Думаецца, большасць з іх значна надзейнейшыя за некаторых яго баявых памочнікаў па партызанскай брыгадзе «Штурмавая», дзе I. Фёдараў быў камісарам. (Мы зусім не хочам пакрыўдзіць гераічных партызанаў гэтай брыгады, якія сумленна выконвалі свой абавязак перад Радзімай.) Часопіс ЦК КПБ «Политический собеседник» (№ 5, 1989 г.) у артыкуле Э. Скобелева «У пошуках ісціны» і газета «Мінская праўда» (13—15 чэрвеня 1989 г.) у артыкуле «Міфы і праўда» паведамілі пра дзейнасць баявых таварышаў I. Фёдарава — камбрыга Б. Луніна і начальніка асобага аддзела брыгады I. Беліка.

На сумленні двух гэтых «извергов» (характарыстыка часопіса «Политнческий собеседник».— М. Т.) расстрэл дзвюх груп разведчыкаў галоўнага разведупраўлення Генштаба Чырвонай Арміі і прыцягнутых імі да супрацоўніцтва мірных жыхароў. Усіх восем чалавек яны выдалі за нямецкіх агентаў. Па асабістым згадзе цалкам разбэшчанага ў маральна-бытавых дачыненнях Луніна начальнік асобага аддзела Белік, абвінаваціўшы ў шпіянажы, расстраляў не меней як трох жанчын-сужыцелек свайго камандзіра. У ліку расстраляных член Мінскага падпольнага гаркома ЛКСМБ Вера Верхаводзька і дачка аднаго з членаў урада БССР Валянціна Шырко. Такі самы трагічны лёг напаткаў камандзіра атрада «Грозны» I. Чугуя і камандзіра атрада імя Фрунзе Г. Гурко, якія выступілі супраць самавольства і беззаконняў камбрыга. У 1943 годзе Белік расстраляў сем’і некалькіх жыхароў вёсак Пляшчаны (Мінскі раён) і Дашкі (Лагойскі раён) — агулам 13 чалавек, у тым ліку малыя дзеці і немаўляты. Спіс гэты няпоўны.

Дзе ж быў камісар брыгады I, Фёдараў, які адначасова з’яўляўся і другім сакратаром Заслаўскага падпольнага РК КП(б)Б, прадстаўляючы ў сваёй асобе прысутнасць і волю партыі? Чаму не запярэчыў, не пайшоў супраць усяго, што чынілася ў яго навідавоку? Марна чакаць адказу. Бо тады шаноўнаму ветэрану супрацьстаялі не «нефармалы», а пярэваратні, ваўкі ў чалавечым абліччы, змагацца з якімі мог толькі чалавек, надзелены мужнасцю. Дарэчы, Лунін і Белік, асуджаныя ў 1957 годзе на 7 (!) гадоў пазбаўлення волі, пазбаўленыя ўсіх узнагародаў (першы з іх — і звання Героя Савецкага Саюза) недзе жывуць і ходзяць сярод нас...

Не будзем прыпадабняцца да I. Фёдарава і пытацца, на рахунак якога сцяга запісаць кроў нявінных ахвяр яго баявых паплечнікаў, асабліва дзяцей і немаўлят. Не будзем пытацца, пад якімі сімваламі гэта адбывалася. Не будзем упадаць у крайнасці, ведаючы, што не толькі мярзотнікі Лунін і Белік мелі розныя ўзнагароды ў тым ліку і ордэн Леніна — кат савецкіх народаў Берыя меў іх ажно 8 штук. Нельга патрабаваць з гэтае прычыны адмены ўзнагароды, бо ордэн Леніна не вінаваты, што трапіў у рукі катаў. Гэтаксама як невінаватыя і іншыя сімвалы, пад якімі чыніліся злачынствы.

Сімвалы невінаватыя. А вось ахвота «хадзіць у разведку» з I. Фёдаравым пасля ўсяго, іпто здарылася, знікае нават у «нефармалаў». Такім чынам, усеягоныя сентэнцыі засталіся незапатрабаванымі.
Не, намі кіруе не ганарлівасць і амбітнасць, а святая памяць пра нашых дарагіх братоў, бацькоў і дзядоў, якія не вярнуліся з той Вялікай і праклятай вайны, якія прайшлі і падполле, і ўвесь крывавы ратны шлях Чырвонай Арміі. Для нас, тых, што гадаваліся напалову сіротамі ў паваенных гарадскіх зямлянках і жабрацкіх хацінах, што разам з нашымі маці аралі на сабе поле свайго шматпакутнага лёсу, — для нас яны ўвасабляюць праўду і наш вялікі народ. А народ у тое ваеннае ліхалецце гісторыі захаваў свае адвечныя духоўныя святыні, на ўсю поўніцу выявіў якасці свайго нацыянальнага характару, якія за дзесяць стагоддзяў не змяніліся. Яны для старажытнай Белай Русі і для Савецкай Беларусі былі, есць і назаўсёды застануцца ўвасобленымі ў двух колерах — белым і чырвоным. Белае — гэта знак дабра, крьшічнай вады, чысціні, высакароднага срэбра, знак няскоранасці. Белае — гэта душа беларуса. Чырвонае — гэта знак жыццядайнага агню, сімвал адвагі і ваяўнічасці, мужнасці і праведнай крыві, пралітай за Бацькаўшчыну. Чырвонае — гэта гарачае сэрца беларуса. Паміж нацыянальнай сімволікай і ўлюбёнымі колерамі народа была і ёсць непарыўная гістарычная сувязь. Нацыянальныя колеры — гэта прызнае ўвесь цывілізаваны свет — вызначаюцца не рашэннямі інстытутаў улады; яны прыйшлі з традыцыяй народа, яны жывуць у свядомасці нацыі, і таму яны — неўміручыя. Яны могуць памерці толькі разам са сваім народам.

У крывавыя дзесяцігоддзі сталіншчыны, у гады брэжнеўскага духоўнага ўбоства і застою практычна ўсё нацыянальнае было адкінута і абплявана. Не да нацыянальнай сімволікі было, калі на карту ставіліся лёсы цэлых народау. Велізарныя і страшныя выпрабаванні зведалі ўсе народы СССР, але гістарычная справядлівасць вымагае прызнаць, што беларусам выпала асабліва цяжкая доля. Па нашай зямлі асабліва жорстка пракацілася крывавая калясніца першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Па жывым целе Беларусь распаласавала Рыжская дамова 1921 года. Ля калыскі маладой Савецкай Зеларусі па волі лесу стаялі палітычныя дзеячы (А. Мяснікоў, В. Кнорын і іншыя), якія не лічылі беларусаў за нацыю і не хацелі ўзнікнення іх сацыялістычнай дзяржаўнасці. Толькі мудрасць У. I. Леніна ненадоўга дала беларусам шанц падняцца ў складзе СССР як нацыі. Але ўжо з канца 20-х гадоў усё пакацілася назад — і ва ўсёй краіне, і на Беларусі, дзе фармаванне сацыялістычнай нацыі не завяршылася.

Сякера сталінскіх рэпрэсій пад корань высекла малады квітучы сад беларускай культуры. Паўсюль была гвалтоўна ўзаконена палітыка прынцыповага адмаўлення беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Іх абарона прыраўноўвалася да нацыяналізму і была падставаю для рэпрэсій з боку сталінскага НКУС. На аснове гэ-тага нялюдскага прынцыпу быў сканструяваны такі механізм сацыяльнага ўзыходжання, калі галоўнай умоваю службовага і матэрыяльнага дабрабыту зрабілася абыякавасць або варожае стаўленне да нацыянальных інтарэсаў, да беларускай мовы і гісторыі. У выніку ўсяго гэтага адбыліся фундаментальныя змены ўнутранай структуры грамадства — яго маральнае разлажэнне, штучнае і грубае парушэнне грамадскага жыцця і суадносін здольных і бяздарных, сумленных і тых, у каго няма сумлення. Мы атрымалі катастрафічную дэвальвацыю маральнасці і прафесійнай кваліфікацыі, якая працягваецца і дасюль. Праз гвалтоўнае выключэнне з палітычнага жыцця патрыятычна настроеных прадстаўнікоў беларускага народа, а таксама кайболып высокамаральнай яго часткі адбылося маральнае перараджэнне, разбурэнне нацыі, якая траціць свой інтэлектуальны генафонд, робіцца грамадска пасіўнай. У ранг адзінага клопату ў сацыяльнай сферы было ўзведзена дасягненне матэрыяльнага дабрабыту (вельмі часта — любымі сродкамі). Ці да нацыянальнай сімволікі было ў такой сітуацыі?

Тыя, хто адмаўляе гэтую сімволіку, глыбока абыякавыя да гісторыі народа, лёсу краіны, да яе будучыні. Лагер гэтых «адмаўляльнікаў» надзвычай шматстайны: гэта таемныя і яўныя шавіністы, прыхільнікі «адзінай і непадзельнай Расіі»; разнамасныя спадкаемцы «вялікага і мудрага правадыра ўсіх часін і народаў»; былыя супрацоўнікі вялікай дзяржавы — НКУС, ягоных жудасных вязніц і лагераў, якія цяпер жывуць сярод нас у абліччы не заўсёды ціхіх пенсіянераў; гэта «вожди» мясцовага, абласнога і рэспубліканскага маштабаў і клапатліва ўзгадаванае імі племя дамарослых манкуртаў, што мае адгалінаванне ў выглядзе «звышінтэрнацыяналістаў», якім усё нацыянальнае «да высокага ліхтара». Усе яны адчайна не хочуць, каб да народа вярнулася яго памяць, гісторыя, самасвядомасць. Не хочуць, каб вялікі еўрапейскі народ з тысячагадовай гісторыяй загаварыў на поўны голас, каб беларусы, як пісаў Янка Купала, пачалі «людзьмі звацца». Таму так палохае іх рыцар з мячом на белапенным кані — адвечны абаронца Бацькаўшчыны, гаротных удоў і сірот, заступнік праўды і справядлівасці; таму яны ўзахапы зневажаюць бялютка-пунсовы сцяг нашае Памяці. I таму яшчэ чуюцца «генеральскія» вокрыкі, і так цяжка перабудове на беларускай зямлі.
Але наш народ — працаўнік, воін і пакутнік — ужо даўно сказаў: «Усё мінецца — адна праўда застанецца!»


I гэтую ісціну не дадзена змяніць нікому.

Жнівень 1989 г.

Пераклаў з рускай мовы У. Арлоў



Опубликовано 24 марта 2006 года

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL+ENTER!

© Ткачоў М. • Публикатор (): Тихомиров Александр Валентинович Источник: З гісторыяй на “Вы”: Публіцыстычныя артыкулы / Уклад. У.Арлова. – Мн.: Маст. літ., 1991. С.331–354.

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в вКонтакте, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.