публикация №1290772973, версия для печати

Гісторыя беларускіх казак


Дата публикации: 26 ноября 2010
Публикатор: S S A (номер депонирования: BY-1290772973)
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ


На календары вечнасці - XXI стагоддзе, эпоха навукова - тэхнічнай рэвалюцыі, эпоха біёнікі і электронікі... Узброены ведамі чалавек ужо абганяе сёння самую смелую казачную фантазію, самыя няўрымслівыя мары. Фантазію казак абганяе, а сама казка, як ні дзіўна, не старэе, у нябыт не адыходзіць. Можна нават сказаць - наадварот, у апошні час попыт на гэты від вуснапаэтычнай народнай творчасці прыкметна ўзрос і працягвае павышыцца. Гэта датычыць, зразумела, і беларускага казачнага эпасу, беларускай казкі.

Жывая цікавасць, якую выклікае беларуская народная казка ў сучаснага чытача, не выпадковая: яна абумоўлена, несумненна, яе высокімі ідэйна - мастацкімі якасцямі і непаўторнай нацыянальнай своеасоблівасцю. Глыбокая народная мудрасць, высокая паэтычнасць вобразаў, нязломная і светлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасці, маральная цнатлівасць і чысціня, непараўнаны, непераймальны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасць зместу, займальнасць апавядання і, нарэшце, сапраўднае моўнае чарадзейства, - вось некаторыя з гэтых вартасцей, якія заўсёды прываблівалі і прывабліваюць да беларускай казкі ўдзячных чытачоў і слухачоў.

Казкамі завуцца такія слоўныя творы народа, у якіх дзейнікамі з’яўляюцца або фантастычныя істоты, або зверы, або людзі, зазвычай уздольненыя асаблівымі якімі-небудзь якасцямі.

Усе беларускія казкі класіфікуюцца звычайна па трох асноўных раздзелах: казкі пра жывёл, чарадзейныя казкі і сацыяльна - бытавыя. Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх ранніх форм першабытнага светапогляду, як анімізм (адушаўленне) і антрапамарфізм (ачалавечванне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму - адной з самых старажытных рэлігій чалавецтва, сутнасць якой складала вера ў татэма - агульнага для данага роду і якой-небудзь жывёлы ці расліны продка. Казкі аб жывёлі складаліся тады, калі даўнаму чалавеку прыходзілася мець справу са звярамі, бараніцца ад іх, забіваць іх на ежу. Чалавек бачыў у звяроў вялікую сілу, хітрасць, жыццё грамадамі, уменне перадаваць свае думкі, нейкую мову без слоў, але з адпаведнымі гукамі. Грозныя звяры выклікалі ў яго страх і пашану, ён прыносіў ім ахвяры як вышэйшым за сябе істотам, як і багам.

Па сваім змесце казкі аб жывёлах выглядаюць злучэннем чалавечага і жывёльнага элемента. Чалавек паказаў асаблівасці жывёл, выходзячы з сваіх уласных асаблівасцей. У нашых казках фігуруюць звяры, жывучыя ў нашых лясах (хітрая лісіца, дурнаваты і злосны воўк, дабрадушны мядзведзь, труслівая зайка), хатняя жывёла (кот, каза ці казёл, баран ці аўца, сабака, бык, конь, свіння), птушкі (пятух і курыцца, гусь, дрозд, сава, варона, верабей, дзяцел), а таксама часам – рак, жаба, муха, шаршэнь, пчала, мурашка і інш.

Чарадзейныя казкі па сваім паходжанні таксама належаць да найбольш старажытных. Галоўнае ў іх зместе - гэта мары і спадзяванні людзей на лепшае жыццё ў будучым, іх імкненні пакараць сабе сілы прыроды і перамагчы сацыяльнае зло, а таксама іх барацьба з чужаземнымі ворагамі - заваёўнікамі. Гэты змест раскрываецца своеасабліва - у вобразах і карцінах фантастычных, звышнатуральных, цудадзейных.

Сярод навелістычных сацыяльна - бытавых казак найбольш каштоўнасць у беларускім фальклоры маюць, несумненна, казкі антыпанскія і антыцаркоўныя, пазначаныя вострай сацыяльнай накіраванасцю. Колькасць і тых і другіх вельмі значная. Прычыну гэтага трэба бачыць у тым, што беларускі селянін цярпеў не толькі жорсткі сацыяльны прыгнёт, увасоблены ў вобразе пана - прыгонніка, але таксама цярпеў і жахлівы ўціск нацыянальны і рэлігійны. Адмоўны персанаж баларускіх антыпрыгонніцкіх казак - амаль заўсёды - пан-чужаземец, які не толькі лупіў тры скруры з мужыка, але яшчэ і таптаўся па ягонай душы, насміхаўся з яго мовы і звычаяў, бесперапынна абражаў яго нацыянальную годнасць.

Гэтак жа бязлітасна, як з панамі, абыходзіцца герой беларускіх казак і са «святымі айцамі» ўсіх масцей : папамі, ксяндзамі, дзякамі. Прадметам сатырычнага адлюстравання ў антыклерыкальных казках часцей за ўсё з’яўляюцца такія тыповыя рысы духоўнікаў, як ханжанства і крывадушнасць, прагавітасць і нахабства, паразітызм і амаральнасць.

Значную частку беларускага казачнага эпасу складаюць творы, у якіх высмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы ў чалавечым характары - такія, скажам, як непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасць, зайздрасць, дурнота, імкненне пажывіцца за чужы кошт і многія іншыя. Гэтыя творы, адлюстроўваючы этычныя погляды народа, яго маральныя прынцыпы, яго разуменне дабра і зла, называюць усе рэчы сваімі імёнамі, недвухсэнсоўна і ясна, не прыбегаючы да алегорый, не карыстаючыся намёкамі. Многія з іх з’яўляюцца ўзорамі сатырычнай і гумарыстычнай творчасці народа.

Лёс розных жанраў беларускага казачнага эпасу склаўся неаднолькава. Сярод сучасных запісаў казак пра жывёл і чарадзейных новых, не вядомых раней сюжетаў, амаль не сустракаюцца. У параўнанні з гэтымі казкамі, жывыя традыцыі якіх відавочна затухаюць, пэўнай жыццястойкасцю і жыццяздольнасцю вылучаюцца казкі сацыяльна - бытавога зместу і рэалістычнага характару. Характэрныя змены назіраюцца ў змесце і паэтыцы тэкстаў, якія бытуюць : прыкметнае парушенне і разбурэнне кананічнай формы, адаптацыя фабулы ў адпаведнасці з сучаснымі ідэйна - эстэтычнымі патрабаваннямі, адчувальныя, з аднаго боку, страты ў апісальнасці, у маляўнічасці, у казачнай абраднасці і , з другога боку, узмацненне прытчавасці, прыспешванне цікавасці і скарачэнне шляху да закладзенага ў творы маральна - філасофскага сэнсу, жыццёвага ўрока, павучання. Тлумачыцца гэта не толькі сучаснымі ўмовамі бытавання казак, але і псіхалогіяй сённяшняга спажыўца фальклору.

За доўгія стагоддзі свайго існавання народная казка ўвабрала ў сябе пачуцці і думкі многіх пакаленняў, абагульніла сацыяльны і мастацкі вопыт тысяч і мільёнаў людзей, і таму набыла такія ідэйна - мастацкія вартасці, такую глыбіню зместу і дасканаласць паэтычнай формы, што і сёння можа служыць адным з магутных сродкаў маральнага, сацыяльнага і эстэтычнага выхавання моладзі.

ЛІТАРАТУРА:

1. “Гісторыя беларускае літаратуры” Максім Гарэцкі. Мінск “Мастацкая літаратура” 1992.

2.«Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» пад рэдакцыяй

Н. С. Гілевіча

3.«Дрэва кахання», складальнік А. І. Гурскі

Опубликовано 26 ноября 2010 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1290772973 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛАРУСЬ Гісторыя беларускіх казак

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network